Тэма Гульня “Разумнікі і разумніцы” па творах М. Гарэцкага “На імперыялістычнай вайне” і Э. М. Рэмарка “На Заходнім фронце без пераменаў” Мэта



Дата канвертавання15.05.2016
Памер102.35 Kb.


Тэма
Гульня “Разумнікі і разумніцы” па творах М.Гарэцкага “На імперыялістычнай вайне” і Э.М. Рэмарка “На Заходнім фронце без пераменаў”
Мэта

  1. Развіваць уменне працаваць па некалькіх літаратурных і гістарычных крыніцах, робячы пры гэтым уласную выснову з прачытанага матэрыялу, адказваць на праблемныя пытанні.

  2. Разумець тоеснасць пачуццяў, уяўленняў, поглядаў расійскага і нямецкага жаўнераў. Бачыць падабенства жыццёвых сітуацый герояў.

  3. Выхоўваць пачуццё павагі да чалавечай асобы, цаніць каштоўнасць чалавечага жыцця і ўнутранага свету чалавека.


Абсталяванне

  1. Дарожкі (чырвоная, зялёная, жоўтая).

  2. Сцяжкі (нямецкі, расійскі, беларускі (бел-чырвона-белы) ці таблічкі: “Паўль Боймер”, “Лявон Задума”, “Максім Гарэцкі”

  3. Ордэны для “тэарэтыкаў”.

  4. Гадзіннік.


Эпіграф да ўрока

Нашто ж на зямлі

Сваркі і звадкі, боль і горыч,

Калі ўсе мы разам ляцім

Да зор?

Максім Багдановіч
Ход урока


  1. Увядзенне ў праблему

Гучыць верш Максіма Багдановіча “Я хацеў бы спаткацца з вамі на вуліцы…”


Настаўнік.

Верш напісаны ў 1914 годзе. Адкуль такі элегічны настрой паэта? Якой падзеі прысвяціў свой верш Максім Багдановіч?

Свет успрыняў падзеі першай сусветнай вайны вельмі трагічна. Яна была нечакана жорсткай і крывавай. Яна стала выпрабаваннем для многіх.

Шматлікія пісьменнікі ХХ стагоддзя прымалі асабісты ўдзел у 1-й Сусветнай вайне. Гэта не магло не адбіцца на іх творчасці. Максім Гарэцкі, Эрых Марыя Рэмарк…



Пытанне для “тэарэтыкаў”. Назавіце Імёны іншых пісьменнікаў розных нацыянальнасцей, якія так ці іначай хоць некалькі старонак прысвяцілі гэтай трагічнай тэме.
Адказ.

Э.Хэмінгуэй “Бывай, зброя”(амерыканец), Анры Барбюс “Агонь” (француз), Аляксей Талстой “Блуканне па пакутах” (расіянін), Міхаіл Шолахаў “Ціхі Дон” (расіянін), Яраслаў Гашэк “Прыгоды бравага салдата Швейка” (чэх)


  1. Гульня


Настаўнік.

Далёка адышоўшы ад падзей першай сусветнай вайны, давайце ўявім сябе хоць на час яе ўдзельнікамі і непасрэднымі сведкамі падзей. Больш таго – нашы сённяшнія героі яшчэ і былыя ворагі – Лявон Задума, салдат расійскага войска, і Паўль Боймер, нямецкі жаўнер.


Настаўнік абвяшчае ўмовы гульні.
У гульні ўдзельнічаюць тры гульцы. Паміж імі размяркоўваюцца ролі Максіма Гарэцкага, Лявона Задумы, Паўля Боймера.
Акрамя іх, балы могуць набіраць “тэарэтыкі”, якія за правільны адказ на пытанне маюць права на ордэн.
Прадстаўляецца вядучы і члены журы.


  1. Паслухаем нашых удзельнікаў.

Гульцы павінны прэзентаваць мініяцюру “Вайна”.

Журы размяркоўвае 1, 2 і 3 месцы. Гульцы выбіраюць дарожкі (1-е месца – выбар з усіх, 2-е з дзвюх, 3-е – што застанецца).

Тлумачэнне дарожак:

чырвоная – 2 крокі, памылкі недапушчальныя,

жоўтая – 3 крокі, можна зрабіць 1 памылку,

зялёная – 4 крокі, ёсць права на 2 памылкі.
1 этап гульні
Максім Гарэцкі

“Чатыры гады жыцця прапала…”



Пра які перыяд свайго жыцця так кажа пісьменнік?

Адказ.

За ўсю сваю вайну з 1914 па 1917 гады прабыў на пазіцыі месяцаў 10, а то ўсё то лячыўся, ці ў тыле бадзяўся… Але чатыры гады жыцця прапала”.


Паўль Боймер

“Канторэк, строгі маленькі чалавек у шэрым сурдуце, з вострым, як мышыная пысачка, тварыкам, быў у нас класным кіраўіком. Да справы: як гэта ні дзіўна, але ж разнастайныя беды і няшчасці на гэтым свеце вельмі часта сыхозяць ад людзей маленькага росту; у іх значна боьш энергічны і нялюдскі характар, чым у людзей высокіх. На ўроках гімнастыкі Канторэк выступаў перад намі і ўрэшце дабіўся…”



Чаго дабіўся Кнторэк? Як у сувязі з гэтым Паўль Боймер мяркуе пра старэйшае пакаленне?

Адказ.

Канторэк дабіўся таго, каб наш клас, строем, пад ягонай камандай, накіраваўся ў акружное ваеннае ўпраўленне. Дзе мы запісаліся дабравольцамі.

Яны павінны былі б дапамагчы нам, васемнаццацігадовым. Увайсці ў час сталасці, у свет працы. Абавязку, культуры і прагрэсу, стаць пасрэднікам між імі і будучняй…

прызнаючы іхні аўтарытэт. Мы ў думках звязвалі з гэтым паняццем жыццёвы вопыт і дальнабачнасць…

Іх пакаленне не такое чэснае, як наша; іх перавага была толькі ў тым, што яны ўмелі прыгожа гаварыць і валодалі пэўнай спрытнасцю”.

Паўль абвінавачвае настаўнікаў ў падмане, забойстве цэлага пакалення.
Лявон Задума

“Сорамна і гідка: гэта шакал”.



Каго і за што лічыць Лявон Задума шакалам у час вайны?

Адказ.

Пайшоў я з пазіцыі… ў пусты дом пагрэцца трошку. Дзверы расчынены, пуста, але чую: у задняй цёмнай каморцы нешта робіцца…

мізэрны пехацінец, з цыфрай 106 на пагонах, капаецца лапатачкай у зямлі. Цягне адтуль бярэма рознага рыззя. Завязанага ў посцілку, і поркаецца ў ім. …аж улятае аграмадны чорны бусайла (таксама 106) і клапатліва практычна басуе на парозе: “А шчо, нэма часом хусточкы?” Паскудства.”

Лявон Задума асуджае марадзёрства.

2 этап гульні



Максім Гарэцкі

“Цікава было б прасачыць у сусветнай гісторыі літаратуры. Як, наогул, уплывае на літаратурную творчасць вайна, рэвалюцыя і ўсякая іншая катастрофа ў жыцці людзей. Каб толькі з большага ўзяць усе лепш вядомыя прыклады ад Дантэ і да нашых дзён, дык можна сказаць, што творчасць пісьменніка ў часе катастрофы залежыць ад таго…”



Ад чаго залежыць творчасць пісьменніка ў час вайны ці іншай катастрофы?

Адказ.

“…залежыць ад таго, у якой меры катастрофа зачапіла яго асабістае, класавае і нацыянальнае жыццё”.


Паўль Боймер

“Я раскрываю яго салдацкую кніжачку і павольна чытаю: Жырар Дзюваль, друкар”.



Раскажыце, якія абставіны вымусілі Паўля запомніць гэта французскае імя? Чаму гэты чалавек застаўся яму ў памяці? Як адбылося “знаёмства?

Адказ.

Паўль Боймер забіў француза. Калі той выпадкова ў скочыў у варонку, занятую Паўлем.

Таварыш, я не хацеў забіваць цябе. Калі б ты заскочыў сюды шчэ раз, я не зрабіў бы таго, што зрабіў, – канечне, калі б і ты паводзіў сябе з розумам. Але раней ты быў для мяне ўсяго адцягненеым паняццем, камбінацыяй ідэй, што жыла ў маім мазгу і падказала мне маё рашэнне. Вось гэту камбінацыю я і забіў. Зараз толькі бачу, што ты такі самы чалавек, як і я. Я памятаў толькі пра тое, што ў цябе ёсць зброя: гранаты, штык. Я вось ужо я гляджу на твой твар, думаю аб тваёй жонцы і бачу тое агульнае, што ў нас ёсць”.



Пакуты Паўля заканамерныя, таму што да вышэйпрыведзенага выпадку яму не даводзілася забіваць чалавека, гледзячы яму ў вочы.
Лявон Задума

“Вёрст пяць па шашы, то астаючыся, то пераганяючы, беглі пры батарэі двое старых: грубы, тучны немец і яго сухапарая жонка.

Ува ўсіх нас са слязьмі пыталіся сваім незразумелым жаргонам і заглядалі ў садацкія вочы па-сабаччу”.

Чаго хацела нямецкая пара ад расійскіх салдат?

Адказ.

Яны шукалі начальства, якое забрала іхняга сына, хлапчука гадоў 15. Забралі хлопца за тое, што нібыта нашта дрэнае сказаў аб расійскім войску”.


Гульня з “тэарэтыкамі”


  1. Э.М.Рэмарк сцвяржае: Адзінае добрае, што парадзіла вайна…”

Адказ.

Таварыства, сяброўства.

  1. Хто з герояў М.Гарэцкага загінуў у першыя ж дні вайны? Апошнім пытаннем гэтага чалавека былі словы: “За што?”

Адказ.

Аповесць “Ціхая плынь”, селянін Хомка

  1. Э.М.Рэмарк. “Калі б сярод атакуючых быў твой бацька…”

Адказ.

“…ты б, не вагаючыся, кінуў бы гранату”.



  1. Дыялог пазнанаскага немца і Лявона Задумы ў аповесці М.Гарэцкага.

Лявон:

- Ваш кайзер абвясціў вайну.

Палонны немец:




Адказ.

  • Не, ваш цар.

  1. Э.М.Рэмарк. Пра каго піша?

“У іх былі добрыя сялянскія твары, вялікія лбы, вялікія насы, вялікія губы, вялікія рукі, мяккія валасы. Іх бы выкарыстоўваць у вёсцы – на сяўбе. Касьбе, пад час збору яблыкаў”.

Адказ.

Рускія ваеннапалонныя.

  1. Э.М.Рэмарк. Пра што піша?

“Колькі ўсё ж гора і нуды змяшчаецца ў дзвюх такіх маленькіх плямачках, якія можна прыкрыць адным пальцам.

Адказ.

У чалавечых вачах.

  1. М.Гарэцкі. “Крыжы на полі, на краях лесу, ля дарогі за канаваю. Змывае дождж слабыя карандашныя напісы…” Хто пахаваны?

Адказ.

“…Тут пакояцца рускія воіны”… Відаць, у адной магіле пахаваны і немцы, бо на адной з іх стаіць другі крыж з надпісам: “Тутака пакояцца германскія воіны…” Яшчэ колькі сігоў, і дошка: “Магіла воінаў-яўрэяў”.



  1. Што агульнага паміж Лявонам Задумам і Максімам Гарэцкім?

Адказ.

Вобраз Лявона аўтабіяграфічны: Гарэцкі таксама з сялянскай сям’і, удзельнік 1-й сусветнай вайны, падтрымлівае нацыянальныя ідэі і інш.

  1. Э.М.Рэмарк. “Нібы мне ўжо і кветак нельга прынесці, – хмурна прамовіў Дэтэрынг і, памаўчаўшы хвіліну, дадаў: – Дома ў мяне вялікі сад з вішнямі. Як зацвітуць, дык зверху, з сенавалу, здаецца, што пасцелю заслалі, – усё белае…”

Як паўплываў букет з кветак вішні на лёс Дэтэрынга?

Адказ.

Дэтэрынг стаў дэзерцірам, трапіў пад трыбунал.



  1. М.Гарэцкі: аб’ява пра пачатак вайны. “Вось дык навіна! А што рабілася ў сэрцы кожнага?”

А што рабілася ў сэрцы Лявона?

Адказ.

Сорамна прызнацца, але мне хацелася, каб прыйшла нейкая перамена”



  1. Э.М.Рэмарк. “Хаця падмацаванне нам абсалютна неабходнае, ад іх толку мала. З іх прыходам у нас нават дабавілася работы”.

Чаму?

Адказ.

Да адпраўкі на фронт навабранцы не прайшлі амаль ніякай падрыхтоўкі. Ім паспелі даць толькі трохі тэорыі. Трапіўшы ў гэту зону баёў, яны адчуваюць сябе бездапаможнымі і гінуць як мухі”,



  1. М.Гарэцкі. Салдаты якіх нацыянальнасцяў ваявалі ў аповесці “На імперыялістычнай вайне”?

Адказ.

Кісель і Задума – беларусы, Пашын – рускі, Яхімчук – украінец, Саксон – немец з саратаўскай губерні, палякі.
3 этап гульні
Максім Гарэцкі

“Тэрмін службы для вальнапісаных пачынаўся ў рускім войску 1 ліпеня. Дык у самым канцы чэрвеня 1914 г. ехаў я ў бязлюдным вагоне трэцяга класа па знямелых ад спякоты і пылу і такіх убогіх жмудскіх палях у N-скую артылерыйскую брыгаду, што кватаравала ў глухім і невядомым мястэчку недалёка ад нямецкае граніцы…”



Вызначце жанр твора “На імперыялістычнай вайне”.

Адказ.

Дзённік, дакументальныя, мемуарныя запіскі.

Паўль Боймер

“Ніколі я болей не бачыў, каб хто-небудзь развітваўся з жыццём так цяжка, з такім несупынным адчаем”.



Хто з сяброў Паўля адчайна плакаў перад смерцю? Раскажыце пра лёс іншых аднакласнікаў Боймера.

Адказ.

Так паміраў Франц Кемерых у шпіталі ад гангрэны.

Ах, калі б ён адкрыў рот і закрычаў! Але ён толькі плача, павярнуўшыся да сценкі. Ён не кажа пра маці, братоў, сясцёр, ён увогуле нічога не кажа, гэта для яго, відаць, ужо засталося ззаду; зараз ён застаўся сам-насам са сваім кароценькім дзевятнаццацігадовым жыццём і плача, таму што яно ідзе ад яго.”

Сем чалавек з дваццаці забітыя, чацвёра параненыя. Адзін у доме для душэўнахворых. Значыць, нас набралася б у лепшым выпадку дванаццаць чалавек”.

Восень. Нас, старых, засталося ўжо нямнога. З маіх аднакласнікаў, - а іх было сямёра, - я тут апошні”.


Лявон Задума

  • Барзджэй, барзджэй. А то вораг уцячэць… не паспееце даць яму ў патыліцу гранатай, - галосяць з наглядальнага пункту.

  • Агонь!!

…Б’ём аж на 6 вёрст.

…Мінут праз 20 пасля пальбы прыбягае, высалапіўшы язык, увапрэлы ардынарац 2-га дывізіёну: камандзір просіць нас не страляць”.



Чаму? Што стала прычынай запісу ў дзённіку Лявона фраы: “Будзь проклята вайна”?

Адказ.

“…паражаем сваю пяхоту”.

Усяго выпусціла наша батарэя ўчора, па маіх запісах каманды, – 1012 патронаў. “Спачатку крылі ўфімцаў, потым перанеслі на ўральцаў,” – жартуюць салдаты. Сваіх пабілі…”
4 этап гульні
Максім Гарэцкі

Чаму на некалькі дзесяцігоддзяў імя М.Гарэцкага было “забыта” і выключана з падручнікаў па беларускай літаратуры і гісторыі?

Адказ.


М.Гарэцкі быў рэпрэсіраваны ў 30-х гадах за контррэвалюцыйную агітацыю. Рэабілітаваны ў 1957 г.
Паўль Боймер

“Вось мая маці, вось мая сястра, вось скрыня з матылямі, вось піяніна чырвонага дрэва, а сам я нібы яшчэ і не тут. Паміж намі нейкая завеса, штосьці такое, што яшчэ трэба пераступіць”.



Чаму вяртанне дадому не стала радасцю дя Паўля?

Адказ.

Я ўжо не знаходжу сабе месца тут. Гэта нейкі чужы свет.



Тут жывуць другія людзі, людзі, каторых я не зусім разумею, да каторых адчуваю зайдрасць і пагарду.

Я згубіў дарогу да мінулага, стаў выгнаннікам”.

Паўль змяніўся фізічна і псіхалагічна. У яго сілком адабралі ідэалы мірнага жыцця, але не мае ён і новых жыццёвых прынцыпаў. Нашто яны, калі яго могуць забіць кожную мінуту? Таму сваякі і знаёмыя здаюцца яму прымітыўнымі і чужымі.
Лявон Задума

“Зірнуў на апаскуджаную такім учынкам руку і пайшоў накладаць ношку”.



Лявон Задума прыехаў дадому на папраўку. Які дзіўны ўчынак робіць ён аднойчы дома? Як вы думаеце, чаму Лявон здольны зрабіць такую жорсткую і бессэнсоўную выхадку?

Адказ.

Пур! Пур! Пур! – як людзі перад страхам, замяталіся, пакінулі найлепшую яду і ў смяротнай тузе кінуліся пад вароты, біліся крылкамі, каб вылецець.



Шубнуў лапатаю ў самы руд – і ўбачыў аднаго з паломаным, абвіслым крылкам. Схапіў яго і сударжна сціснуў у руцэ. Адчуў, як б‘ецца сэрца і ў галуба, і ў самога.

Размахнуўся і з дзікім імпэтам трахнуў яго аб саху галоўкаю, як толькі ножкі яму не адарваліся. І брыдліва кінуў, як напханую апілкамі і пакромсаную дзяціную ляльку.”

Лявон Задума нечакана для самога сабе без усялякай прычыны, жорстка забіў голуба.

Так, відаць, М.Гарэцкі дэманструе бессэнсоўную жорсткасць, якую выхавалі ў Лявоне на фронце.
Падвядзенне вынікаў урока. Узнагароды пераможцаў.


  1. Рэфлексія

Настаўнік

Давайце звернемся яшчэ раз да запавету людзей, якія жылі да нас, паміралі на вайне, ненавідзелі яе і задавалі сабе і нам пытанне (перачытванне эпіграфа).



А што вы думаеце пра першую сусветную вайну і яе ахвяры? Што дапамог зразумець вам урок? (Экспрэс-выказванні вучняў)


  1. Дамашняе заданне

Распрацаваць макет помніка жаўнерам першай сусветнай вайны і прыдумаць надпіс на помніку.



База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка