Тэма: Каб любіць Беларусь нашу мілую… Форма: літаратурна-музычная кампазіцыя Мэта



Дата канвертавання03.12.2016
Памер116.8 Kb.
Дзяржаўная ўстанова адукацыі

“Гнезнаўскі навучальна-педагагічны комплекс дзіцячы сад-сярэдняя школа”



СЦЭНАРЫЙ

ЛІТАРАТУРНА-МУЗЫЧНАЙ КАМПАЗІЦЫІ

Класны кіраўнік

Баранава І.В.

Тэма: Каб любіць Беларусь нашу мілую…

Форма: літаратурна-музычная кампазіцыя

Мэта: засяродзіць увагу вучняў на гістарычным лёсе Беларусі, абуджаць іх цікавасць да мінулага краіны і нацыянальнай спадчыны, фарміраваць паважлівыя адносіны да сваёй Айчыны, выхоўваць пачуццё любові да зямлі бацькоў, беларускага краю

Афармленне: Магнітафон і дыск з запісамі песень”Музыкальные шедевры Беларуси”, DVD-прайгравальнік, слайды: пейзажныя замалёўкі на тэму "Падарожжа па Беларусі", “Славутыя імёны Бацькаўшчыны”,”Мая вёска”, выстава кніг пра Беларусь, выказванняў мастакоў слова пра Радзіму:

Мой чароўны беларускі край,

Бацькаўшчына светлая мая!

Уладзімір Караткевіч

Радзіма ў нас - бязмежная,

спякотная і снежная.

Радзіма ў нас - цудоўная,

Багаццяў розных поўная.

Артур Вольскі

Ад прадзедаў спакон вякоў нам засталася спадчына…

Янка Купала

Шануйце родны край - Айчыну,

Тых, хто яе абараняў,

Хто ў бітвах з ворагам загінуў,

Хто перамогу атрымаў.

Аляксандр Гладкіх


Эпіграф:

Мяжуе з Польшчай, Украінай,Расіяй, Латвіяй, Літвой.

Твой родны край, твая Айчына –

Жыццё тваё і гонар твой.

І ты яе запомні імя,

Як неба, сонца і зару.

Твая зямля, твая радзіма

Названа светла -Беларусь.

Юрась Свірка

Ход урока

Гучыць песня "Мой родны кут" (19)(словыЯкуба Коласа, музыка Ігара Лучанка). На экране змяняюцца слайды з пейзажнымі замалёўкамі.

Уступнае слова настаўніка

1.( Настаўнік зачытвае эпіграф урока, потым працягвае):

- Любоў да Радзімы - гэта не абстрактнае, а рэальнае пачуццё, якое кожны чалавек можа выказаць у штодзённым жыцці шчырымі словамі, карыснымі справамі, светлымі думкамі. Свой родны куточак мы любім як часцінку нашай Бацькаўшчыны. А кожная часцінка - своеасаблівы духоўны скарб, які неабходна зберагаць і павялічваць, каб і наступныя пакаленні маглі сказаць: "Зямля бацькоў - мая зямля".



2.Кожны чалавек павінен ганарыцца той мясцінай, дзе нарадзіўся і жыве: павінен мець пачуццё нацыянальнай годнасці. А гонар, у сваю чаргу, мацнее ад назапашвання ведаў пра самыя цікавыя і адметныя звесткі з гісторыі роднага краю. І толькі так узнікае неабдымная любоў да Радзімы, вялікі гонар за яе дасягненні, імкненне зрабіць свой уклад у агульную справу.

Першы чытальнік (выконвае верш Змітрака Марозава “Мне Богам дадзена Радзіма”).

Мне Богам дадзена Радзіма.

І адабраць яе ў мяне

Пад страхам смерці немагчыма

Тым, хто жыруе на мане.

Мне Богам дадзена Радзіма.

І я заручаны душой

З яе азёрнымі вачыма,

З яе жытнёвай цішынёй.

Мне Богам дадзена Радзіма…

Зноў, як замову паўтару:

“Мне без яе жыць немагчыма,

Без Беларусі я памру”.

Другі вядучы. Бацькаўшчына. Радзіма. Айчына. Родны край. Родная старонка… Такімі шчырымі, лагоднымі словамі называем мы родную зямлю, дзе нарадзіліся, выраслі, грамадзянамі якой сталі!

Другі чытальнік ( выконвае верш Кастуся Кірэенкі “Радзіма”)

Заўжды такая: шырыня і далі,

З сінечай неба сонечнай без дна.

Заўжды ў легендах, што вякі складалі,

заўжды – як спеў юнацтва, як вясна.

Заўжды – што заклік: пуцявінай роднай

Ляці па шчасце, крыўду адгані!..

А ёсць і гэткая: трымціць пяшчотна

Уся ў маленькай цёплай далані.

Кранецца воч, ціхутка песціць скроні,

цяплом крывінкі ўспыхне ля шчакі.

Уся зямная ўцеха ў той далоні,

У ласцы найдарожшай той рукі.

Жальбу знімае, гнеў раптоўна цішыць,

І боль у ёй спатоліцца спаўна…

Але няхай не думае хто іншы,

што ў ласцы гэтай кволая яна.

Не ! Праз вякі няма ані пачатку,

Ані канца вялікасці яе.

Хай толькі кіне час пра буру згадку –

Яна прад светам грознаю ўстае.

У самай светлай і святой лагодзе

Сурова гоніць слабасць яна прэч.

І за народа праўду - пры народзе

Ў тваю руку ўкладзе адплаты меч…
Першы вядучы. Бацькаўшчына – гэта ўвесь наш народ, гэта кожны з нас. Спадчына памнажаецца новым пакаленнем. Даўгі нашы вялікія перад усім тым, што завём мы бацькаўшчынай. Тут і родная мова , і культура, і гісторыя наша. Чалавек жыве не хлебам адзіным.

Другі вядучы. Стагоддзі выпішуць наш партрэт не з праблем , а з недахопаў. Мы будзем паўставаць перад наступнымі пакаленнямі як нацыя. Як еднасць людзей на зямлі, названай нашымі продкамі Беларуссю.
Гучыць песня "Спадчына"(18) (словы Янкі Купалы, музыка Ігара Лучанка)
Першы вядучы. Усім нам хочацца ведаць нашу гісторыю, арыентавацца ў стагоддзях, шанаваць імёны і подзвігі продкаў, разумець мастацкае слова, якое здольна данесці ў сённяшні дзень подых вякоў, перадаць дух барацьбы і змагання слаўных сыноў за народнае шчасце. Зямля бацькоў – радзіма асветнікаў і гуманістаў, змагароў і герояў. Усім вам вядомы імёны: Еўфрасіння Полацкая, Кірыла Тураўскі, Мікалай Гусоўскі, Францыск Скарына, Францішак Багушэвіч, Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч, Янка Купала, Якуб Колас і інш. (слайд з партрэтамі знакамітых людзей)
На фоне музыкі ( 1) гучыць верш Навума Гальпяровіча “Веі замружу, і ўбачыцца вечар…”

Трэці чытальнік.

Веі замружу, і ўбачыцца вечар –

Белая цэркаўка тоненькай свечкай.

Гнёзды шпачыныя над Палатой.

Цені дубоў над халоднай вадой.

А за стагоддзямі ў прыцемку сінім

Вочы зямлячкі маёй, Еўфрасінні.

Цьмяна бялее на кнізе рука.

Б’ецца аб шыбу агонь матылька.

Полацк драўляны. Малінавы звон…

Хто ты? Ці мроя, ці ява, ці сон?

Можа твой майстар на холад муроў

Выплеснуць здолеў гарачую кроў,

Позірк пламенны, дыханне надзей,

Каб засталося святло для людзей?

Што ты хацела на роднай зямлі?

Ды цішыні. І стагоддзі прайшлі.

Толькі вось цэркаўкі белы пажар.

Толькі аблокаў павольных цяжар.

Толькі прымроіцца ў прыцемку сінім

Позірк зямлячкі маёй, Еўфрасінні.

1вучань. Дык якая ж яна, наша зямля?

2 вучань. “Гэта ў мінулым гераічная і шматпакутная зямля. Безліч разоў, з пачатку дзён, грукаталі па ёй калясніцы вайны. Але мы, дзеці Беларусі, ганарымся тым, што ў гэтых войнах яна ніколі не была агрэсарам. Іншая справа, што яна заўсёды мужна і да канца бараніла свой ачаг, сваю праўду і веру”. Так пісаў пра сваю радзіму Уладзімір Караткевіч у нарысе “Зямля пад белымі крыламі”.

3 вучань. Якая яна, наша зямля?

4 вучань. Гэта залатыя палі збажыны з сінімі вочкамі васількоў, светлыя ад бяроз гаі, што аглухлі ад птушынага звону, пушчы, дзе блукаюць зубры-волаты і горда нясуць свае кароны алені.

5 вучань. Гэта амаль адзінаццаць тысяч азёр,чыстых, як усмешка дзіцяці.
Гучыць песня “Беларусь мая”(20) (А.Ціхановіч, Я.Паплаўская – В. Салаўёва)

6 вучань. Наша зямля – гэта старадаўнія гарадзішчы і курганы, пад якімі спяць яе абаронцы, у барвовых, быццам ад крыві, мурах замкаў.

7 вучань .Гэта палеткі, дзе працавіты плуг часам выворвае каменную сякеру, меч або гільзы часоў апошняй вайны.

8 вучань. Гэта жальнікі, на якіх гарэў калісьці агонь перад курганамі мудрых продкаў.

9 вучань. Гэта вечныя агні перад помнікамі салдатам, якіх мы яшчэ памятаем жывымі.

10 вучань.Наша зямля – гэта людзі і іх вечная, неўміручая праца.
Другі вядучы. Араць палі, біць студні, расціць сады. Плесці з каменя і дрэва карункі дзівосных будынкаў, спяваць песні, нібы на адным дыханні, так, што, здаецца, спяваюць самі нівы і лясы. Складаць вершы, у якіх пяшчота пацалунка і суравасць удару мяча.

Першы вядучы. Няма такой сілы, каб годна апець рукі тыя, што ствараюць памяць у рэчах: наша чароўнае шкло і кераміку. Тканіны і кафлі, рэчы з металу і скуры. Непаўторныя старадаўнія жывапіс і скульптуру.
На фоне музыкі (2) чытаецца верш Еўдакіі Лось “Продкі”

Чацвёрты чытальнік.

Мая радзіма – жытні колас.

Сінь мурагу, язміну цвет.

Яна – пілы гарачы голас,

Калёс цяжкіх глыбокі след…

Мая радзіма –

Дзе з-за бору ўзыходзіць месяц уначы.

Дзе ў братнім ладзе, у дружным зборы

Жылі калісьці крывічы…

Валілі лес. Аралі ляды,

Сушылі гуртам нераты

І да туманных даляглядаў

Ганялі спраўныя плыты.

Дзяцей бацькі вучылі строга

Любіць саху, пчалу, зямлю

І аднаму маліцца богу –

Нялёгкай працы мазалю.

Таму і праўнуку і ўнуку

Было няміла нішчыць, біць;

Ён вывучаў адну навуку, адно евангелле: рабіць…

Рабіў ён зрубы залатыя, нарогі, гонкія чаўны

І сцены белыя Сафіі

Над плынню быстраю Дзвіны.

Умеў мой продак човен ладзіць,

Паліць ікластыя карчы.

Таму, хто ў ропачы, - дарадзіць, таму, хто ў горы, - памагчы…


Другі вядучы. Наша зямля – гэта і кожны трэці жыхар Беларусі, які загінуў у гады Вялікай Айчыннай вайны.А колькі на беларускай зямлі брацкіх магіл! Падчас вайны была зруйнавана амаль уся тэрыторыя нашай краіны. Было разбурана і спалена 209 гадоў, 9200 вёсак.

Першы вядучы.Першай прыняла яна ўдары ворага і гераічна змагалася з ім, пакуль знішчальны каток вайны не перакаціўся назад, за мяжу.

Другі вядучы. Канцлагеры, дзе кожную хвіліну для кагосьці навекі згасаў свет, і шыбеніцы, і растрэлы.

Першы вядучы. І ў лясах амаль чатырыста тысяч чалавек пад ружжом, якія да канца, часам цаною жыцця адстойвалі ад ворага чысты водар Радзімы.
Пяты чытальнік. ( чытае верш Уладзіслава Нядзведзкага “Я помню ўсё”)

Я помню ўсё…

Я стаў дарослым рана –

У дваццаць год на скронях сівізна.

Зноў у грудзях занылі моцна раны,

І праклінаю я цябе, вайна!

Я помню ўсё…

Магілы на ўзорку, дзе плача вечна ссохлая сасна

І лезе ў вочы дым пажараў горкі:

Праклён табе, пачварная вайна!

Я помню ўсё…

Стаяў я побач з тымі,

Хто на змаганне родны край узняў.

Гудзе няўмольна перазвон Хатыні:

Праклён табе, праклён табе, вайна!

Я помню ўсё…

Я чую голас маці, якую перад смерцю не абняў.

Ты нас прымусіла растацца –

Праклён табе, праклён табе, вайна!

Я помню ўсё…

Як вывадак звярыны

Жывых дзяцей у яму заганяў.

Я помню крыж фашысцкі на машыне…

Праклён табе, праклён табе, вайна!

Я помню ўсё…

І як гарэлі людзі…

Ліпучы снег, што кроўю набрыняў.

Мне крык памершых раздзірае грудзі:

Праклён табе, праклён табе, вайна!
Другі вядучы. І жонка была гатовая аддаць мужа, а матка паслаць сына ў полымя. І пайсці за імі.

Першы вядучы. Дзеля таго, каб зберагчы волю, веру, спрадвечны лад жыцця. Бацькашчыну.

Другі вядучы. Каб спустошаная вайной краіна ажывілася працаю тых, хто выжыў і перамог, заззяла радасцю і святлом, заквітнела садамі і здзіўляла цудоўнымі будынкамі. Зашумела нівамі, зазвінела адвечнай і неўміручай нашай песняй.
Гучыць песня “Люблю цябе, Белая Русь”(17) (Юрый Семяняка – Уладзімір Карызна)
Першы вядучы. Чым далей адыходзіць маленства, тым усё даражэйшым і даражэйшым робіцца той край, дзе ты нарадзіўся, дзе некалі ўпершыню пачуў птушыныя песні, убачыў кветкі, дзе вымавіў першыя словы і самастойна зрабіў першы крок, дзе першы раз засмяяўся ад радасці ці заплакаў ад крыўды.

Другі вядучы. Мы жывём з вамі ў вёсцы Гнезна, якая з гадамі ўсё болей прыгажэе і набірае сілы. Многія з вас тут нарадзіліся. Гэта наша маленькая радзіма.
На фоне музыкі (3) вучань чытае верш Васіля Жуковіча “Радзіма”,на экране змяняюцца слайды з фотаздымкамі Гнезна.

Шосты чытальнік

Малая радзіма... Правал паміж слоў,

хоць нехта ў іх сплаў і паверыў;

назваў нехта раптам святыню малой,

аднёс яе ў шэраг памераў.

Існуе малы пералесак, лясок,

і рэчка малая, і поле...

Куток, дзе ступіў ты найпершы свой крок,

малым не бывае ніколі.

Існуе малая трава і лаза, крыніцы вузенькае ложа.

Куток, дзе ты першае слова сказаў,

малым называцца не можа.

Радзіма... У ей да сканання вякоў

Прастору душа набывае.

Магчыма, бывае малая любоў,

святыні малой не бывае.


Першы вядучы. Кожнаму пакаленню застаецца ў спадчыну тое, што стварылі талент і працавітасць яго бацькоў і продкаў, што выяўляе нацыянальнае аблічча народа.

Другі вядучы. Кожны народ павінен ведаць сваю гісторыю, але не для таго, каб яе паўтарыць, бо паўтарэнне гісторыі, нават самай бліскучай,азначае тое, што народ гэты не мае ўжо сваіх ідэалаў у будучым, што ён бачыць іх толькі ў мінулым, а гэта раўназначна яго пагібелі.

Першы вядучы. Хаця гісторыя па сваім змесце заўсёды звернута ў мінулае,але яна даследуецца і вывучаецца дзеля будучыні.

Другі вядучы. Як чалавек, што, страціўшы памяць, становіцца бяздумным, абыякавым і,па сутнасці, перастае быць чалавекам. Так і народ, які забываецца пра сваё мінулае,робіцца бездапаможным і перастае быць народам!

Першы вядучы. Пямяць народа – гэта самае вялікае багацце. Якое і называецца спадчынай. Род і народ яднаюцца адным дарагім словам – Радзіма. Гэта родныя і блізкія табе людзі, твая сям’я, твае продкі, памяць пра іх добрыя справы.

Другі вядучы. У кожным з нас павінна жыць памяць аб іх светлых вобразах. Не павінна забыцца, сцерціся з памяці і бацькоўская вера,матчына мова, народныя звычаі, традыцыі.

Першы вядучы. Без ведання гістарычнага мінулага не можа быць ні сучаснасці, ні будучыні.

Другі вядучы. Мінулае – гэта карані нашага тысячагадовага радаводнага дрэва. Не будзе каранёў – загіне дрэва, не застанецца ў будучым і памяці пра нас.

Першы вядучы. І таму трэба захоўваць, берагчы не толькі радаводнае дрэва, але і кожную яго галіну, якая, тоячы ў сабе памяць далёкіх продкаў, павінна вечна шумець сакавітым лісцем.

Другі вядучы. І мы ганарымся, што сярод нас ужо ёсць галінкі, хоць і маладзенькія, - тыя, каму не абыякавы лёс сваёй Бацькаўшчыны, хто свеціць праменьчыкам надзеі на будучае.
Заключнае слова настаўніка

1. Сённяшні ўрок даў нам магчымасць яшчэ раз зразумець, што мы жывём у цудоўнай і непаўторнай, багатай на гістарычныя падзеі краіне. І дзе б мы ні апынуліся, куды б ні закінуў нас лёс, у нашай душы, у нашым сэрцы заўсёды будзе з намі адчуванне моцнай повязі з родным краем, зямлёй нашых бацькоў. Пакуль мы паважаем сваіх продкаў, не забываемся сваіх каранёў, мы паважаем Радзіму, мы існуем як народ, як нацыя.

2.Любіце свой край. Кожны дзень адкрывайце для сябе няўлоўную прыгажосць роднага куточка. Прыслухоўвайцеся да нашай пявучай мовы. Заўважайце дабрыню, адкрытасць, таленавітасць нашага народа. І вы адчуеце ў душы вялікі гонар за сваю Радзіму.

(гучыць запіс песні "Белая Русь" (23)Васіль Раінчык –Леанід Пранчак)


База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка