Тэма: Максім Багдановіч “Маёвая песня” ( “Па-над белым пухам вішняў…”) Мэта ўрока



Дата канвертавання22.07.2016
Памер83.55 Kb.
Тэма: Максім Багдановіч “Маёвая песня” ( “Па-над белым пухам вішняў…”)

Мэта ўрока: Выпрацоўваць навыкі аналізу пейзажных твораў, пашырыць уяўленні вучняў аб паэзіі за кошт увядзення ў іх чытацкую свядомасць верша “Маёвая песня”, вызначыць ролю вобразна-выяўленчых сродкаў у вершы, развіваць навыкі выразнага чытання; выхоўваць мастацкі густ і творчую самастойнасць падлеткаў.
Эпіграф: Паэзія – няўлоўны сакрэт, які не будзе нікім рассакрэчаны. (П.Панчанка)

Музыка перш за ўсё. (Поль Верлен)

Ход урока

І. Арганізацыйны момант.

ІІ. Падрыхтоўка да ўспрымання новага матэрыялу.
Слова настаўніка:
Сёння на ўроку мы працягнем вандроўку ў дзівосны свет і непаўторны свет паэзіі. Мы пазнаёмімся з вершам тонкага знаўцы прыроды і чалавечай душы М. Багдановіча “Маёвая песня”, будзем працягваць вучыцца аналізаваць паэтычныя творы, вызначым вобразна-выяўленчыя сродкі, з дапамогай якіх аўтар перадае настрой лірычнага героя, прыгажосць навакольнага свету. (Слайд 1, 2) Якія ў вас асацыяцыі з матыльком? ( вясна, лёгкі, сінякрылы, сімвал вясны)

Нягледзячы на тое што за акном і на календары зіма, я прапаную вам уявіць не бязмежнае мора снегу, а белую квецень садоў. Дапамажыце мне, калі ласка, стварыць вясновую карціну прыроды. Давайце разгледзім вашы малюнкі, што пастараліся вы на іх адлюстраваць? (Слайд 3)


Які дамінуючы колер вы абралі і чаму?

Які настрой пераважае на вашых малюнках?

Успомніце, а якія гукі напаўняюць вясновы сад, вуліцу, лес…?

ІІІ. Знаёмства з новым матэрыялам.

Мы ўявілі свой вобраз вясны. А ці хацелася б вам даведацца, якой бачыць вясну паэт Максім Багдановіч?



(Слайд 4) Звярніце ўвагу на словы П.Панчанкі, якія з’яўляюцца эпіграфам да сённяшняга ўрока. Растлумачце сэнс выказвання.
Верш “Па-над белым пухам вішняў” ( а яшчэ яго называюць “Маёвая песня”) ўвайшоў у адзіны прыжыццёвы зборнік М.Багдановіча “Вянок”, які выдадзены быў у 1913 годзе ў Вільні ў друкарні Марціна Кухты. Паслухайце гэты верш, параўнайце карціны, колеры і гукі вясны, створанай намі і паэтам.

ІY. Выразнае чытанне верша. (Чытае падрыхтаваны вучань)

Y. Гутарка:

  • Тлумачэнне незразумелых слоў: зёлкі, чарот, зыкі (пры неабходнасці вучні звяртаюцца да тлумачальных слоўнікаў).
    Зёлкі – травы, кветкі (пераважна лекавыя)
    Чарот – высокая балотная травяністая расліна сямейства асаковых.
    Зыкі – гукі.

  • Якія карціны вы ўявілі, слухаючы верш?
    Якія колеры пераважаюць на гэтых карцінах? Ці падобныя колеры і малюнкі нашаму ўяўленню аб вясне?

  • А якія незвычайныя гукі пачулі, ці прыслухоўваемся мы да іх у паўсядзённым жыцці?

  • Цэнтральным сімвалам у вершы з’яўляецца матылёк, а што ён сімвалізуе? (абуджэнне прыроды).

Паведамленне пра матылька.
Матылёк – ва ўяўленнi ўсходнiх славян звязаны з iншым, «тым» светам, таму i стаў атаясамлiвацца з душамi памерлых продкаў.
У шматлiкiх культурах матыль разумеўся, з аднаго боку, як здольнасць да пераўтварэння, зменаў, як найвышэйшая прыгажосць, з другога боку – як хуткацечнасць i смерць. У вобразе матыля паядналася сiмволiка жыцця, смерцi i, нарэшце, бессмяротнасцi. Матылёк стаў сiмвалiзаваць душу, якая пакiдае цела ў момант смерцi. Хрыстос, якi трымае матыля на далонях, сiмвалiзуе ўваскрашэнне.
Паўсюдна iснавала строгая забарона забiваць матылёў. Пры гэтым сталыя людзi казалi: « Не забiвай матыля: ён цябе не троне, а можа, гэта твой памерлы дзядуля цi бацька». Цi так: «Чыясь душа прыляцела».

  • Якія дзеясловы ўжывае паэт замест слова лётае? /б’ецца, уецца/

  • Якую песню выконвае матылёк? /песню – гімн/

  • На чым іграе матылёк, як ён стварае мелодыю песні – гімна вясне?

/Дрыжачымі крыльцамі ледзь чутна звоніць па сонечных праменнях/

  • Аб чым трошкі шкадуе паэт?/што пачуць песню матыльковых крыльцаў можа толькі паэт/

У вершы праглядваецца мастацкі штрых: абвостранасць паэтычнага слыху – матылёк быццам ледзь чутна звоніць дрыжачымі ад палёту крыламі ў сонечныя промні – струны. І тады ліецца песня.

  • Што можна сказаць пра чалавека, які так тонка адчувае прыгажосць прыроды? ( Чалавек-паэт, чалавек чуйны да прыгожага, таленавіты, незвычайны, добры, ён знітаваны з прыродай, звязаны з ёй струнамі свайго сэрца, ён адчувае тое, што нябачна вокам, ён у гармоніі з навакольным светам.)

  • Якім настроем прасякнуты верш? ( Сумам).

  • А чаму так адбылося? Мы высветлілі, што вясна – час абуджэння, радасці, а тут гучыць пэўны сум? Якія ў вас версіі?

Паведамленне вучня “Жыццёвы і творчы шлях М. Багдановіча”
Нарадзіўся 9 снежня 1891 г. у Мінску ў сям'і настаўнікаў.  У 1892 г., амаль адразу пасля нараджэння Максіма, сям'я пераехала ў Гродна, а ў 1896 г., пасля смерці ад туберкулёзу маці Марыі Апанасаўны, Багдановічы змянілі месца жыхарства на Ніжні Ноўгарад.
         Трэба адзначыць, што ў сям'і Багдановічаў размаўлялі па-руску, але лад жыцця, звычкі, густы, настрой думак у сваёй аснове былі беларускія. Тут дзеці чулі беларускія казкі, песні, прымаўкі. Бацька ўдзяляў шмат увагі сваім сынам, ён прывіў ім любоў да літаратуры. І, відавочна, гэтыя абставіны паспрыялі таму, што ўжо ў дзесяцігадовым узросце Максім пачаў спрабаваць пісаць мастацкія творы па-беларуску.
         З 1902 па 1907 г. Максім Багдановіч вучыўся ў Ніжагародскай мужчынскай гімназіі. 1907 г. лічыцца пачаткам літаратурнай дзейнасці Максіма Багдановіча. Яго першым значным мастацкім творам было беларускамоўнае празаічнае апавяданне "Музыка”.
        З 1908 г. Багдановічы жылі ў Яраслаўлі, тут Максім працягваў навучанне ў гімназіі. У гэты перыяд юнак сутыкнуўся з цяжкімі выпрабаваннямі. У 1908 г. ад туберкулёзу лёгкіх памёр старэйшы брат Максіма - Вадзім. А вясной 1909 г. захварэў на туберкулёз і Максім. Бацька адвёз яго ў Крым на лячэнне, што добра паўплывала на стан яго здароў'я, ён захапіўся паўднёвым краем, з'явілася новае кола знаёмых, закаханасць.
         У 1908 г. Максім Багдановіч напісаў першыя лірычныя вершы: "Над магілай", "Прыйдзе вясна", "На чужыне".
        1911 г. з'явіўся ў значнай меры пераломным у жыцці Максіма Багдановіча. Пасля заканчэння вучобы ў гімназіі ён наведаў Вільню, дзе пазнаёміўся са славутымі дзеячамі беларускага нацыянальна-вызваленчага руху братамі І. і А. Луцкевічамі, беларускім пісьменнікам, гісторыкам, філолагам, літаратуразнаўцам В. Ластоўскім. Па запрашэнні Луцкевічаў Максім Багдановіч амаль усё лета жыў у фальварку Ракуцёўшчына каля Маладзечна. Да гэтага часу ён меў толькі кніжнае ўяўленне аб Беларусі, але тут, у 20-гадовым узросце змог зблізку ўбачыць беларускую прыроду, жыццё і побыт беларусаў.
             Атрымаўшы атэстат сталасці, Максім Багдановіч меў намер паступіць у Пецярбургскі універсітэт на філалагічны факультэт, але з-за адсутнасці сродкаў, а таксама з-за таго, што сыры клімат сталіцы не падыходзіў для чалавека са слабым здароўем, не здолеў здзейсніць свой намер і, вярнуўшыся з Беларусі ў Яраслаўль, паступіў у Дзямідаўскі юрыдычны ліцэй. Пры гэтым Максім вельмі настойліва займаўся самаадукацыяй. Ён таксама шмат увагі аддаваў замежным мовам: вывучаў грэчаскую, лацінскую, італьянскую, польскую, французскую і нямецкую.
        У 1912 г. газета "Наша ніва" надрукавала шэраг вершаў паэта, прысвечаных гісторыі Беларусі. А ў Вільні, у друкарні Марціна Кухты, выдадзены адзіны прыжыццёвы зборнік твораў Максіма Багдановіча "Вянок" . У зборніку каля 100 вершаў.
Восенню 1916 г., скончыўшы ў Яраслаўлі юрыдычны ліцэй, Максім Багдановіч пераехаў у Мінск.   У  Максіма Багдановіча было шмат творчых планаў, ён хацеў выдаць шэраг паэтычных зборнікаў .Але здзейсніць гэтыя намеры не змог. У канцы лютага 1917 г. з-за абвастрэння хваробы пакінуў Мінск і зноў накіраваўся ў Крым. Аднак лячэнне не дапамагло, і 25 мая 1917 г. у двадцаціпяцігадовым ўзросце Максім Багдановіч памёр. Пахаваны ў Ялце на гарадскіх могілках.
Максім Багдановіч пражыў вельмі кароткае, але надзвычай плённае ў творчых адносінах жыццё. Ён дасягнуў шырокага прызнання сучаснікаў і нашчадкаў. Імя Максіма Багдановіча стаіць побач з такімі класікамі беларускай і сусветнай літаратуры, як Янка Купала і Якуб Колас.
Прэзентацыя “Па старонках сямейнага альбома
М. Багдановіча” (
Слайды 5 - 19)
Настаўнік: Я хачу вас пазнаёміць з алегарычнай казкай пра паэта.
Даўно гэта было, калі чалавек толькі пачаў сеяць жыта. На шэрай, патрэсканай зямлі яно расло невялікае. Сумна было каласкам гайдацца пад ветрам на спякотным сонцы. Надышла ноч. Яна прынесла расу і прахалоду, напаіла каласкі расою. Выпрасталісяяны, паднялі галоўкі і ўбачылі ў небе мноства зорак. Залюбаваліся каласкі зоркамі.
“Ідзіце да нас”, - паклікалі каласкі.
І раптам зоркі пачалі з неба падаць на зямлю. Раніцай яны сталі ярка-сінімі і разам з каласкамі ціха гайдаліся пад ветрам. Хутка зоркі гэтыя ператварыліся ў кветкі, і людзі пачалі называць іх васількамі.
Больш за сто гадоў таму пасяліўся ў жыце Васілёк. Быў ён нядужы, слабенькі, і аднойчы моцны вецер вырваў яго з карэннем і панёс далёка ад сваёй нівы, у чужы край. Засумаваў Васілёк па Радзіме, пытаў у вятроў, ці красуюць яшчэ каласкі на палях, прасіў сонца, каб часцей на Радзіму яго заглядвала, цяплей зямельку сагравала. А сам, трацячы апошнія сілы, сплятаў вянок з красак, каласкоў і зорак. Памяць аб сабе хацеў на Радзіму паслаць.
Прайшло шмат часу. Не стала Васілька, толькі вяночак застаўся. І хто дакранецца да яго, той становіцца моцным і дужым, а зоркі з вяночка асвятляюць яму шлях у цемры…
- Пра якога Васілька ідзе размова ў казцы?
А зараз вы зможаце адказаць на маё пытанне: чаму верш прасякнуты сумам?

  • Знайдзіце ў вершы адказ на гэта пытанне? (Сум яшчэ і таму, што герой верша разумее, што не ўсе бачаць прыгажосць і непаўторнасць кожнай хвіліны жыцця. Людзі закружыліся ў сваіх штодзённых праблемах. Якая ім справа да нейкага матылька?)

  • Інструмент мастака – фарбы, музыканта – гукі, а паэта?

Спадзяюся, што ў вашым класе няма раўнадушных вучняў да прыгажосці? Давайце паспрабуем адчуць паэтычнае слова!

- Знайдзіце ў вершы эпітэты і вызначыць іх ролю. Знадзіце параўнанне, ацаніце яго вартасць. А з чым ці з кім можна параўнаць вецер? ( З музыкам, музыкантам, бо ён звонкі. Эпітэты дапамагаюць стварыць вобраз матылька, шматколернасць вясновага дня: белы пух, сінякрылы матылёк.)


-Палічыце, колькі дзеясловаў у вершы. Навошта іх такая колькасць? (19 дзеясловаў; вясною ўсё ў прыродзе рухаецца)
-Знайдзіце гукі, якія паўтараюцца. Якое ўражанне складваецца ад іх частага ўжывання? ( ц, в, с звонкасць паветра; н, л, м, й - мяккасць музыкі, ціхую, спакойную плынь)

-Вызначце памер верша.

Раздзяліце 2 першыя радкі на склады, прастаўце націск, аддзяліце стопы і вызначце памер па схеме ( на дошцы прадставіць вынік работы групы) Націск падае на першы склад двухскладовай стапы. Значыць гэта –харэй.

Даведка: ХАРЭЙ ( ад грэч. танцавальны) – адзін з памераў антычнай і сілаба-танічнай сістэм вершаскладання, заснаваны на раўнамерным чаргаванні ў вершаваных радках націскных або ненаціскных складоў з націскам на першым складзе.

Як вы лічыце, чаму М.Багдановіч да свайго верша ўзяў эпіграфам словы П.Верлена “Музыка перш за ўсё”. ( Слайд 20) Што адчулі падчас аналізу верша?
Эпіграф – гэта выслоўе або цытата, якая стаіць перад творам ці яго часткай і заключае дарагую для аўтара думку, на якую ён хацеў бы звярнуць увагу чытача.
Як вынікае з эпіграфа, для Максіма Багдановіча важным была музычнасць твора. Невыпадкова верш быў пакладзены на музыку Ігарам Паліводам. Песня на гэтыя словы Максіма Багдановіча ўпершыню прагучала на Першым нацыянальным песенным фестывалі ў Маладзечна ў выкананні Алены Саўленайтэ, якая атрымала Гран-пры.
Хвілінка адпачынку.
Гучыць песня на словы М. Багдановіча.(Слайд 21)

А зараз давайце выразна прачытаем верш, стараючыся перадаць гукі ветру, чароту, колер сонца, палёт сінякрылага матылька, гімн вясне, ціхі сум.


( Слайд 22) Чытанне верша пад музыку “Гукі прыроды”.
YІ. Абагульненне ўрока.

  • А як вы думаеце, для чаго напісаў М.Багдановіч гэты верш?

Кожны чалавек можа спасцігнуць прыгажосць прыроднай красы, але для гэтага трэба быць чуйным, адкрытым сэрцам, назіральным, каб не атрымалася так, што ўсю гэту прыгажосць адчуе “можа, толькі сам паэт”.

М. Багдановіч вучыць нас бачыць прыгожае ў самым звычайным: палёце матылька, цвіценні вішняў, сонечным вясновым дні, шапаценні ветру ў сухіх зёлках. Пісаць вершы дадзена не кожнаму, бо, паводле выказвання М. Багдановіча: “душа ў паэта, калі спараджае ён дзіўныя вершы, нябесным агнём абагрэта, і ў той час між люду ён – першы…” Але навучыцца разумець вершы, адчуваць прыгажосць прыроды і самога жыцця можна. Гэтаму і вучыць нас паэзія.


YІІ. Рэфлексія.
Складанне сінквейнаў са словам матылёк, вецер. (Слайд23)
Матылёк Вецер
Шпаркі, лёгкі Звонкі, ціхі
Б’ецца, уецца, радуе Шапаціць, шуміць, іграе
Матылёк стварае гімн вясне Вецер іграе ў зёлках
Сімвал Музыкант

VІІІ. Дамашняе заданне: вывучыць верш М.Багдановіча “Маёвая песня” на памяць.



: ozerany -> library
library -> Тэма: Складанне І адніманне лікаў ў межах 100. У свеце падводнага царства
library -> Трыганаметрычныя выразы Асноўныя азначэнні Сінусам вугла
library -> Урок матэматыкі ў 1 класе Настаўнік : Капран Ганна Аляксееўна Мэта
library -> Урок Памяці «Дзеці вайны» Мэта: нагадаць падрастаючаму пакаленню аб гераічным змаганні беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны
library -> Тэма: паэтычныя галасы роднай тураўшчыны
library -> Тэма: Здыманне мерак
library -> 11клас Тэма: Сказы з пабочнымі і ўстаўнымі словамі, словазлучэннямі і сказамі. Функцыя пабочных слоў. Мэта
library -> Урок матэматыкі ў 10 классе дапаможнай школы 1 адзяленне. Тэма: Перыметр і плошча прамавугольніка, лініі ў крузе. Мэты
library -> Віктарына "Барацьба за Беларусь"




База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка