Тэма Узнікненне гістарычных ведаў І іх развіццё ў Беларусі



Дата канвертавання30.06.2016
Памер77.57 Kb.
Тэма 2. Узнікненне гістарычных ведаў і іх развіццё ў Беларусі (са старажытных часоў да канца ХVII ст.)

1. Гісторыя Беларусі ў старажытнарускіх летапісах.

2. Беларуска-літоўскае летапісанне.

3. Мясцовыя летапісы і хронікі.

4. Мацей Стрыйкоўскі і яго «Хроніка польская, літоўская, жамойская і ўсёй Русі».
1. Гісторыя Беларусі ў старажытнарускіх летапісах.

Пачатковая гістарыяграфія ўсходніх славян звязана з Кіевам і Ноўгарадам. Першыя звесткі размешчаны ў Кіеўскім летапісным зводзе «Аповесць мінулых гадоў». У найбольш поўнай рэдакцыі «Аповесць мінулых гадоў» дайшла да нас у Іпацьеўскім і Лаўрэнцьеўскім спісах. Іпацьеўскі спіс (канец ХІІІ ст.) складаецца з «Аповесці мінулых гадоў», Кіеўскага і Галіцка-Валынскага летапісаў, а Лаўрэнцьеўскі спіс (XIV ст.) – з «Аповесці мінулых гадоў» (самы дасканалы тэкст), летапісных запісаў аб гісторыі Паўночна-Усходняй Русі па 1305 г., «Павучэння Уладзіміра Манамаха», падання пра Рагнеду і полацкіх Усяславічаў, Жыція Аляксандра Неўскага.

Найбольшую цікавасць выклікае Кіеўскі летапіс, які быў складзены ў Выдубіцкім манастыры на падставе мясцовых летапісаў і асобных пагадовых запісаў. У адрозненне ад «Аповесці мінулых гадоў» ён прысвечаны пераважна мясцовым падзеям (гісторыі Кіева) з 1118 г. да 1200 г. мае больш свецкі характар. Летапісец асуджае княжацкія ўсобіцы, апісывае барацьбу ўсходніх славян з полаўцамі. Пад 1159 г. у творы размешчаны расказ аб падзеях у Полацкай зямлі, у прыватнасці, аб дзейнасці веча Полацка і Друцка, узаемаадносінах веча і князёў. Таксама аўтар акцентуе ўвагу на Тураве, Пінску, Бярэсці. На думку С.М.Салаўёва, У.Ц.Пашуты, Л.В.Аляксеева ў Кіеўскім летапісе ёсць урыўкі з Полацкага летапіса.

Даследчыкі неаднаразова выказывалі меркаванні аб існаванні летапісання ў Полацку і Смаленску. Доказам можа быць расказ пад 1159 г. пра вяртанне выгнанага палачанамі князя Рагвалода Барысавіча, які напісаны відавочцам з яркімі дэталямі. Другім доказам з’яўляецца фрагмент пад 1180 г. з Іпацьеўскага спіса пра паход кіеўскіх, чарнігаўскіх і полацкіх князёў сумесна з наўгародцамі супраць смаленскага князя Давыда, заняўшага Друцк. Дакладная дата падзеі, падрабязны пералік князёў – усё сведчыць аб мясцовым полацкім запісе.

Аб існаванні летапісання ў Полацку нам таксама засведчыў рускі гісторык XVIII ст. В.М.Тацішчаў. У сваёй працы «Гісторыя Расійская» ён упамінаў аб спісе, які належаў пецярбургскаму архітэктару П.Яропкіну. Дзесяць разоў Тацішчаў спасылаўся на змест гэтага летапіса, але да нашых дзён рукапіс не дайшоў.

Галіцка-Валынскі летапіс змяшчае ўнікальныя звесткі па гісторыі Наваградка, Бярэсця, Гародні, Ваўкавыска і інш. заходнебеларускіх гарадоў, пра асобныя помнікі беларускай культуры (Лаўрышаўскі манастыр, Камянецкая вежа), пра жыццё і дзейнасць князёў ВКЛ Міндоўга, Войшалка, Тройдзеня. Гісторыкі У.Ц. Пашута і М.І. Ермаловіч выказалі гіпотэзу, што інфармацыя аб літоўскіх князях запазычана з Наваградскага летапіса, магчыма складзенага ў Лаўрышаўскім манастыры. Фактычна гэта адзіны помнік, які шырока асвятляе пачатковы этап і працэс утварэння ВКЛ. Падзеі пададзены з пазіцыі галіцка-валынскіх князёў, якія прэтэндавалі на Панямонне. Часам яны тэндэнцыйныя, але ў цэлым адпавядаюць гістарычнай праўдзе.


2. Беларуска-літоўскае летапісанне.

Беларуска-літоўскімі лічацца летапісы, у якіх выкладаецца гісторыя ВКЛ і якія былі складзены на тэрыторыі гэтай дзяржавы. Агульнадзяржаўнае галоўным чынам па сваёй тэматыцы і канцэпцыях летапісанне ў ВКЛ у ХIV – ХVІ ст. насіла пераважна прыватна-арыстакратычны або царкоўны характар і вельмі адрознівалася ад больш централізаванага рускага летапісання.

Тэрмін «беларуска-літоўскія летапісы» быў уведзены ў навуковы зварот ў 1969 г. М.М.Улашчыкам і В.А.Чамярыцкім.

Згодна класіфікацыі, прапанаванай А.А.Семянчук, беларуска-літоўскае летапісанне падзяляецца на падставе асноўных летапісных зводаў на тры этапы: Беларуска-літоўскі летапіс 1446 г., Хроніка Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага, Хроніка Быхаўца.

Беларуска-літоўскі летапіс 1446 г. лічыцца першым агульнадзяржаўным летапісным зводам ВКЛ. Ён заснаваны на летапісы, складзеным на рубяжы 20 – 30-х гг. ХІV ст. у Смаленску, магчыма, пры двары мітрапаліта Герасіма, які з’яўляўся прыхільнікам палітыкі князя Вітаўта.

Беларуска-літоўскі летапіс 1446 г. раскрывае гістарычныя падзеі з ІХ ст. да 1446 г. Звесткі запазычаны са старажытнарускіх летапісаў і твораў, напісаных у Кіеве, Смаленску, Маскве, Вільні. Неад’емнай часткай звода з’яўляецца «Летапісец вялікіх князёў літоўскіх» і «Пахвала Вітаўту».

У «Летапісцы…» раскрываеца палітычная гісторыя ВКЛ амаль за стагоддзе: ад смерці Гедзіміна па смерць Вітаўта. У форме суцельнага апавядання прадстаўлены змова Альгерда і Кейстута супраць Яўнуція, дынастычная вайна паміж Вітаўтам і Ягайлам, грамадзянская вайна паміж Свідрыгайлам Альгердавічам і Жыгімонтам Кейстутавічам. Але па-сваёй структуры летапісны звод не мае цэласнага характару. У заключнай частцы твора падзеі пераносяцца на Падолію (ад бітвы на р. Сінія Воды па паход Вітаўта ў гэты рэгіён).

У Беларуска-літоўскім летапісу 1446 г. абгрунтоўваецца заканамернасць палітычнага аб’яднання літоўскіх, беларускіх і украінскіх зямель у складзе ВКЛ і цэнтралізатарская палітыка літоўскіх князёў, выяўляецца імкненне перадавых колаў тагачаснага грамадства асэнсаваць гістарычную ролю ВКЛ ва Усходняй Еўропе. Адчуваецца ўплыў канцэпцыі правідэнцыялізму: аўтар адбіраў для пераказу толькі тыя факты і падзеі, якія адлюстроўвалі дзейнасць князёў, ваенаначальнікаў, вышэйшага духавенства. Але ў параўнанні са старажытнарускім летапісаннем прасочваецца больш свецкі характар.

Змена культурна-палітычнай сітуацыі ў ВКЛ на пачатку ХVI ст. прывяла да таго, што беларуска-літоўскі звод ужо не задавальняў грамадскасць краіны. З’яўленне «Хронікі Вялікага княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага» было выклікана новымі грамадска-палітычнымі тэндэнцыямі, патрэбай умацавання міжнароднага становішча ВКЛ, гістарычнага абгрунтавання яго права на беларускія і украінскія землі, імкненнем даказаць высокароднае паходжанне кіруючай княжацкай дынастыі.

У аснову летапіса пакладзена легенда пра паходжанне літоўскіх князёў ад рымскіх арыстакратаў. У І-м ст. н. э . 500 сем’яў рымскай знаці, ратуючыся ад жорсткасцяў імператара Нерона, уцяклі марскім шляхам у Жмудзь. На чале эмігрантаў стаяў Палемон або Публій Лібон. Яго сын Кунас заклаў дынастыю літоўскіх князёў, прадстаўніком якой быў заснавальнік ВКЛ Міндоўг. Нават слова «Літва» выводзіцца ад лацінскага «lituus» - труба, сігнальны ваенны ражок.

Вядома, што легенды служылі канкрэтным палітычным мэтам. Да таго ж гэты міф сведчыў аб патрэбе этнічнага самаакрэслення літоўцаў. Рымскія продкі ўзносілі літоўцаў над інш. народамі, цешылі іх нацыянальны гонар. Згодна легендзе, літоўцы вялі свой радавод ад каталіцкага Захаду і не мелі нічога супольнага з Усходам (Руссю).

Трэцім этапам у развіцці агульнадзяржаўнага летапісання лічыцца «Хроніка Быхаўца». Яна была складзена ў сярэдзіне ХVI ст. і дайшла ў адзіным спісе канца ХVII – пачатку XVIII ст. Пэўны час крыніца лічылася фальсіфікатам, які прыпісывалі гісторыку Тэадору Нарбуту (1784 – 1864 гг.).

«Хроніка…» пачынаецца з апісання бегства «рымлян», праўда, Палямон называецца Апалонам, а завяршаецца разгромам крымскіх татар пад Клецкам (1506 г.). Дамінуючая тэма твора – ваенна-патрыятычная, таму аўтар падкрэсліў факты тэрытарыяльнага росту ВКЛ, усхваляў знешнюю палітыку Вітаўта, яго ролю ў Грунвальдскай бітве. Адчувальна антыпольская накіраванасць выкладаемых падзей. Заходняя суседка ВКЛ падаецца галоўным ворагам яго незалежнасці. Паколькі «Хроніка Быхаўца» стваралася ў перадлюблінскі перыяд, то аўтар высока ацэньваў ролю беларуска-літоўскай шляхты ў гісторыі краіны, выказываў заклапочанасць яе лёсам.
3. Мясцовыя летапісы і хронікі.

Унікальныя звесткі аб мінулым Беларусі змяшчаюць мясцовыя летапісы і хронікі. Сярод іх Баркулабаўская хроніка або Баркулабаўскі летапіс. Гэты твор быў складзены ў м. Баркулабава (Быхаўскі раён) у пачатку ХVII ст. Аўтарам, магчыма, з’яўляецца мясцовы праваслаўны святар Фёдар Філіпавіч Магілёвец.

Летапіс пачынаецца са звестак пра сойм 1545 г. у Брэсце, пабудову ў 1526 г. Магілёўскага замка. Затым назіраецца адзінаццацігадовы перапынак. Больш сістэматызавана выкладзены падзеі з 1563 г. (захоп Іванам IV Полацка) да 1608 г. У канцы летапіса ёсць пазнейшы допіс невядомага аўтара аб паходзе караля Уладзіслава IV Вазы на Смаленск у вайне 1632 – 1634 гг.

Помнікам гарадскога летапісання ХVІІІ ст. з’яўляецца Віцебскі летапіс. Гэты твор быў складзены ў 1768 г. на польскай мове жыхаром Віцебска Стэфанам Гаўрылавічам Аверкам на аснове летапісу Міхала Пбнцырнага (звесткі датаваны 896 – 1709 гг.), кароткіх гістарычных запісаў Яна Чарноўскага (1601 – 1633 гг.) і Гаўрылы Аверкі (1733 – 1757 гг.), а таксама аўтарскіх матэрыялаў.

Летапіс носіць кампіляцыйны характар, складаецца пераважна з кароткіх сухіх паведамленняў, месцамі нелагічна размешчаных. Звесткі аб гістарычных падзеях запазычаны з польскіх хронік. Найбольшую каштоўнасць уяўляе арыгінальная інфармацыя па айчыннай гісторыі, асабліва тая, якая датычыцца ваенна-палітычных падзей канца ХVІІ – пачатку ХVІІІ ст.

Апошнім мясцовым беларуска-літоўскім зводам з’яўляецца Магілёўская хроніка. Яна была складзена ў Магілёве на працягу ХІІІ – ХІХ ст. купецкім старастам і лаўнікам Трафімам Раманавічам Суртам і рэгентам канцылярыі Юрыем Трубніцкім, прадоўжана яго сынам Аляксандрам і ўнукам Міхаілам.

Найбольшую навуковую і гістарычна-літаратурную каштоўнасць мае частка, напісаная першымі дзвума храністамі. Крыніцамі паслужылі запісы і ўспаміны сучаснікаў, матэрыялы магілёўскага архіва, хронікі А. Гваньіні і М. Стрыйкоўскага, Кіеўскі сінопсіс, асабістыя назіранні аўтараў.
4. Мацей Стрыйкоўскі і яго «Хроніка польская, літоўская, жамойская і ўсёй Русі».

У 20 – 90-я гг. ХVІ ст. на гістарычнае развіццё ВКЛ і Рэчы Паспалітай значны ўплыў аказалі Адраджэнне і Рэфармацыя. Яны прадвызначылі ўключэнне беларускіх зямель у сферу ўплыву заходнееўрапейскай культурнай традыцыі. Прафесар Д.У.Караў назваў гэты працэс «вестэрнізацыяй» беларускай культуры». На яго думку, новая тэндэнцыя ў духоўным жыцці беларускага грамадства суправаджалася этнакультурнай дэзінтэграцыяй, кардынальнай зменай релігійнай і моўнай сітуацыі, што прывяло да з'яўлення публіцыстыкі (творы П.Скаргі, І.Пацея, М.Літвіна і інш.).

Інтэнсіўная палеміка паміж прыхільнікамі «традыцыйнай» і «заходняй» арыентацыі садзейнічала росту грамадскай цікавасці да гісторыі як асобнай галіны ведаў. Таму ў гістарыяграфіі зацвярджаецца жанр хранографаў, які звязваў гісторыю беларускага народа з сусветнай. Першай працай падобнага тыпу ў ВКЛ стала «Хроніка польская, літоўская, жамойцкая і ўсяе Русі» Мацея Стрыйкоўскага, якая ўключыла гісторыю ВКЛ у арбіту заходнееўрапейскай гістарыяграфічнай традыцыі.

Мацей Стрыйкоўскі (1547 – 1590 (1593) гг.) нарадзіўся ў м. Стрыйкаў каля Лэнчыц (сучаснае Лодзінскае ваяводства Польшчы) у сям’і судовага вознага.

«Хроніка польская, літоўская, жамойцкая і ўсяе Русі» была выдадзена ў Круляўцы (сучасны г. Калінінград) у 1582 г. на польскай мове. Хроніка прысвечана каралю Стэфану Баторыю, віленскаму біскупу Радзівілу, сынам Юрыя Алелькавіча. Гэта першая друкаваная гісторыя ВКЛ. Твор складаецца з пяці частак: рыфмаванай аўтабіяграфіі Стрыйкоўскага, прадмовы са зваротам да шляхты, самой Хронікі (25 кніг, падзеленых на главы), спіса апечатак, рэестра ўласных імён.

Стрыйкоўскі паўстае ў хроніцы не ў якасці сярэдневяковага кампілятара, а як даследчык. Гэта відавочна ў шырокім выкарыстанні аўтарам гістарычных крыніц (працы Герадота, Ціта Лівія, Клаўдзія Пталамея, Страбона, Я.Длугаша, Мехавіты, М.Кромэра, П.Дусбурга, «Аповесць мінулых гадоў», беларуска-літоўскія летапісы і інш.).



Вельмі падрабязна ён раскрыў гісторыю ВКЛ ад Палямона да Стэфана Баторыя. Характарызуючы вялікіх князёў літоўскіх, Стрыйкоўскі не згадзіўся з польскімі храністамі аб «нізкім» паходжанні Гедзіміна (конюх Віценя).
: DocLib5 -> %D0%98%D1%81%D1%82%D0%BE%D1%80%D0%B8%D1%8F%20(%D0%BE%D1%82%D0%B5%D1%87%D0%B5%D1%81%D1%82%D0%B2%D0%B5%D0%BD%D0%BD%D0%B0%D1%8F%20%D0%B8%20%D0%B2%D1%81%D0%B5%D0%BE%D0%B1%D1%89%D0%B0%D1%8F) -> %D0%9A%D0%B0%D1%84%D0%B5%D0%B4%D1%80%D0%B0%20%D0%B8%D1%81%D1%82%D0%BE%D1%80%D0%B8%D0%B8%20%D0%91%D0%B5%D0%BB%D0%B0%D1%80%D1%83%D1%81%D0%B8 -> %D0%98%D1%81%D1%82%D0%BE%D1%80%D0%B8%D0%BE%D0%B3%D1%80%D0%B0%D1%84%D0%B8%D1%8F%20%D0%B8%D1%81%D1%82%D0%BE%D1%80%D0%B8%D0%B8%20%D0%91%D0%B5%D0%BB%D0%B0%D1%80%D1%83%D1%81%D0%B8 -> %D0%A2%D0%B5%D0%BA%D1%81%D1%82%D1%8B%20%D0%BB%D0%B5%D0%BA%D1%86%D0%B8%D0%B9
%D0%9A%D0%B0%D1%84%D0%B5%D0%B4%D1%80%D0%B0%20%D0%B8%D1%81%D1%82%D0%BE%D1%80%D0%B8%D0%B8%20%D0%91%D0%B5%D0%BB%D0%B0%D1%80%D1%83%D1%81%D0%B8 -> Асаблівасці летапісання XVII – хviiiст у Беларусі. Баркулабаўскі летапіс. Магілёўская хроніка Т. Сурты І Трубніцкіх
%D0%9A%D0%B0%D1%84%D0%B5%D0%B4%D1%80%D0%B0%20%D0%B8%D1%81%D1%82%D0%BE%D1%80%D0%B8%D0%B8%20%D0%91%D0%B5%D0%BB%D0%B0%D1%80%D1%83%D1%81%D0%B8 -> Гістарычная крыніца. Аб’ект і прадмет крыніцазнаўства. Класіфікацыя і сістэматызацыя крыніц. Асноўныя этапы крыніцазнаўчага аналіза
%D0%A2%D0%B5%D0%BA%D1%81%D1%82%D1%8B%20%D0%BB%D0%B5%D0%BA%D1%86%D0%B8%D0%B9 -> Тэма Беларуская гістарыяграфія ў савецкі час
%D0%A2%D0%B5%D0%BA%D1%81%D1%82%D1%8B%20%D0%BB%D0%B5%D0%BA%D1%86%D0%B8%D0%B9 -> Тэма Гістарыяграфія гісторыі Беларусі ў ХVIII – першай палове ХIХ ст
%D0%A2%D0%B5%D0%BA%D1%81%D1%82%D1%8B%20%D0%BB%D0%B5%D0%BA%D1%86%D0%B8%D0%B9 -> Тэма Историография советского периода истории Беларуси
%D0%A2%D0%B5%D0%BA%D1%81%D1%82%D1%8B%20%D0%BB%D0%B5%D0%BA%D1%86%D0%B8%D0%B9 -> Тэма Гісторыя гістарычнай навукі ў Беларусі ў другой палове ХIХ ст
%D0%A2%D0%B5%D0%BA%D1%81%D1%82%D1%8B%20%D0%BB%D0%B5%D0%BA%D1%86%D0%B8%D0%B9 -> Тэма Гістарыяграфія гісторыі Беларусі ў канцы ХІХ – пачатку ХХ ст
%D0%A2%D0%B5%D0%BA%D1%81%D1%82%D1%8B%20%D0%BB%D0%B5%D0%BA%D1%86%D0%B8%D0%B9 -> Тэма Гістарыяграфія як гісторыя гістарычнай навукі
%D0%A2%D0%B5%D0%BA%D1%81%D1%82%D1%8B%20%D0%BB%D0%B5%D0%BA%D1%86%D0%B8%D0%B9 -> Тэма Гістарыяграфія гісторыі Беларусі ў даследваннях пачатку ХХІ ст




База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка