Тэма: Заваяванне незалежнасці Індыяй.



Дата канвертавання01.07.2016
Памер77.96 Kb.
Тэма: Заваяванне незалежнасці Індыяй. «Курс Неру».
1. Набыццё Індыяй незалежнасці

2. Курс Дж. Неру.


1. У адпаведнасці з планам Маўтбетана Iндыя 15 жніўня 1947 г. стала незалежнай дзяржавай. Пры гэтым былая брытанская калонія была падзелена на дзве часткi: Iндыйскі Саюз i Пакiстан. Раздзел краіны суправаджаўся масавымі сутыкненнямі на рэлiгiйна-нацыянальнай глебе. Па розных ацэнках пры гэтым загінула ад 500 тыс. да некалькiх мільёнаў чалавек. Каля 15 млн вымушаны былi пакiнуць свае дамы. Так што мірная рэвалюцыя, якая вялася М. Гандзі з мэтай дасягнення незалежнасцi, завяршылася велiзарнай трагедыяй для народаў Iндыi. Ахвярай сутыкненняў стаў i сам Гандзi, забiты iндусам-фанатыкам 30 студзеня 1948 г. Раздзел краiны прывёў да вайны 1948–1949 гг. памiж Iндыяй i Пакiстанам. Iндыйскiм княствам план Маўтбетана даваў права самiм выбраць у склад якой з дзвюх утвараемых дзяржаў увайсцi. У многiх княствах правiцелi i асноўная маса насельнiцтва належалi да розных рэлiгiй. Так, у княстве Джаму i Кашмiр махараджа быў iндусам, а большасць насельнiцтва мусульманамі. На тэрыторыю княства ўступiлi пакістанскія і індыйскія войскі. У выніку гэтае княства аказалася раздзеленым, што выклікала працяглы канфлікт паміж Індыяй і Пакістанам.

Далейшае станаўленне індыйскай дзяржаўнасці звязана з прыняццем канстытуцыі Індыйскай Рэспублікі. Цэнтральнай праблемай пры яе падрыхтоўцы былі ўзаемаадносіны з Брытанскай садружнасцю нацый. На імперскай канфэрэнцыі ў Лондане ў красавіку 1949 г. была выпрацавана формула, па якой Індыя прызнавала фармальную ўладу англійскай кароны як сімвала Брытанскай садружнасці нацый. Пасля гэтага Устаноўчы сход Індыі прыняў канстытуцыю, якая ўступіла ў сілу 26 студзеня 1950 г. Яна абвяшчала Індыю суверэннай рэспублікай на чале з прэзідэнтам. Ён з’яўляецца галоўнакамандуючым узброенымі сіламі, прызначае прэм’ер-міністра, можа прыпыняць дзеянне канстытуцыі. Прэзідэнт мае права накладаць адтэрміноўваючае вета на законы, прымаемыя парламентам. Рэальная выканаўчая ўлада сканцэнтравана ў руках прэм’ер-міністра, які фактычна і вызначае напрамак унутранай знешняй палітыкі краіны. Пасаду прэм’ер-міністра займае, як правіла, лідэр партыі, якая перамагла на парламенцкіх выбарах. Вышэйшым органам заканадаўчай улады з’яўляецца Цэнтральны парламент, які складаецца з дзвюх палат: народнай палаты і савета штатаў. Яны выбіраюцца на 5 год, народная палата – усеагульным галасаваннем, прадстаўнікоў у савет штатаў выбіраюць заканадаўчыя сходы штатаў. Урад адказны перад цэнтральным парламентам. Прэзідэнт выбіраецца калегіяй, якую ўтвараюць дэпутаты Цэнтральнай палаты і заканадаўчых сходаў штатаў. Штаты маюць даволі шырокую аўтаномію, але, з другога боку, канстытуцыя дазваляе цэнтральным уладам умешвацца ў справы штатаў. Так, прэзідэнт можа распусціць органы ўлады таго ці іншага штата і ўвесці прамое праўленне. Канстытуцыя абвяшчае агульнапрызнаныя дэмакратычныя правы і свабоды. Яна гарантуе абарону прыватнай уласнасці, але ёй прадугледжана магчымасць нацыяналізацыі з выплатай кампенсацыі, калі гэта патрабуюць інтарэсы грамадства.

2. Пасля прыняцця канстытуцыі разгарнулася падрыхтоўка да першых усеагульных выбараў у Індыі. Індыйскі Нацыянальны Кангрэс (ІНК) меў яўную перавагу па папулярнасці над іншымі палітычнымі партыямі. Фактычна ён выступаў не як палітычная партыя, а як масавы палітычны рух, які імкнуўся гаварыць ад імя ўсяго народа. Справа ў ІНК асноўнымі сапернікамі былі партыі Джан санг (Народны саюз) і Хінду маха сабха (Вялікі саюз індусаў). Яны шукалі падтрымкі ў буйной індускай буржуазіі і шавіністычна настроеных сярэдніх слаёў грамадства. Злева галоўным праціўнікам была Сацыялістычная партыя, якая стаяла на пазіцыях заходняй сацыял-дэмакратыі. Асаблівасць партыйна-палітычнай сістэмы Індыі заключалася ў тым, што многія партыі дзейнічалі ў межах штата ці нават асобных раёнаў унутры штата. Вялікую ролю ў фарміраванні партый адыгрывалі рэлігійны і каставы фактары. ІНК заваяваў 74,3% месцаў у Цэнтральным парламенце і 65,7% у заканадаўчых сходах штатаў. Вынікі выбараў далі ІНК магчымасць сфарміраваць аднапартыйны цэнтральны ўрад і ўрады ўсіх штатаў. Прэм’ер-міністрам застаўся Дж. Нэру. Ён лічыў, што ў аснове сацыяльна-эканамічнай палітыкі ІНК павінны ляжаць меры, накіраваныя на ўдасканаленне сістэмы сацыяльнай справядлівасці шляхам паступовага пераходу да абагульнення і да сістэмы падаткаабкладання, заснаванай на прынцыпе пераразмеркавання. Ужо ў першых праграмных дакументах у галіне эканамічнай палітыкі (Дэкларацыя аб прамысловай палітыцы ІНК 1948 г., Рэзалюцыя аб эканамічнай палітыцы з’езду ІНК у 1950 г.), а таксама ў канстытуцыі 1950 г. падкрэслівалася рашаючая роля дзяржавы ў эканамічным будаўніцтве. Такі падыход да вырашэння эканамічных праблем тлумачыўся індыйскай цывілізацыйнай традыцыяй, якая не спрыяе развіццю прадпрымальніцтва. Да таго ж, кангрэсісты лічылі, што толькі дзяржаўная эканоміка дазволіць Індыі хутка пераадолець эканамічную адсталасць.

Першы 5-гадовы план прадугледжваў прыярытэтнае развіццё дзяржаўнага сектара ў прамысловасці і інфраструктуры, дзяржава брала пад свой кантроль фінансавыя патокі. Такім чынам, будавалася змешаная шматукладная эканоміка, у якой галоўную ролю іграў дзяржаўны сектар. Таксама ажыццяўлялася імклівая індустрыялізацыя праз фарсіраванае развіццё цяжкай прамысловасці, прымаліся меры па абмежаванні дзейнасці ў краіне замежнага капіталу. У той жа час урад аказваў падтрымку дробнаму нацыянальнаму бізнесу. На гэтых прынцыпах будавалася сацыяльна-эканамічная палітыка, якая ўвайшла ў гісторыю як “курс Нэру”.

Ідэалагічным абгрунтаваннем “курса Нэру” стала канцэпцыя “кангрэсісцкага сацыялізму”, прынятая на з’ездзе ІНК у Авадзі ў 1955 г. Яна з’яўлялася індыйскім варыянтам “дэмакратычнага сацыялізму”. Тэорыя “кангрэсісцкага сацыялізму” спалучала ідэі гандзізму, еўрапейскай сацыял-дэмакратыі і савецкі вопыт аўтарытарнага сацыялізму. “Кангрэсісцкі сацыялізм” меў на ўвазе развіццё краіны ва ўмовах парламенцкай дэмакратыі. У ходзе ажыццяўлення “курса Нэру” найважнейшыя галіны эканомікі сканцэнтраваліся ў руках дзяржавы: чыгункі, авіялініі, ваенная вытворчасць, энергетыка, цяжкая прамысловасць. У 1961‒1966 гг. 60% капіталаўкладанняў былі накіраваны ў дзяржаўны сектар. Для дзейнасці замежных фірм ствараліся неспрыяльныя ўмовы. З-за гэтага з 1947 па 1954 г. згарнулі сваю дзейнасць у Індыі 98 замежных кампаній. Але, з другога боку, фарсіраванае стварэнне цяжкай індустрыі патрабавала вялікіх капіталаў. Тых, што меліся ў індыйскіх прадпрымальнікаў і дзяржавы, не хапала. Савецкая дапамога толькі часткова вырашала праблему. Урад Нэру вымушаны быў пайсці на прыцягненне ў краіну заходніх фірм, але пры гэтым было ўстаноўлена, што замежнаму ўласніку не павінна належаць больш за 49% акцый. Індыйскі ўрад ставіў замежных інвестараў у такія ўмовы, каб яны накіроўвалі свае капіталы ў цяжкую прамысловасць. Урад Нэру аказваў падтрымку нацыянальнаму дробнаму і сярэдняму прадпрымальніцтву. Былі ўсталяваны пратэкцыянісцкія тарыфы, ільготнае падаткаабкладанне, створана сетка дзяржаўных і паўдзяржаўных інвестыцыйных інстытутаў, якія займаліся яго крэдытаваннем: Прамыслова-фінансавая карпарацыя, Нацыянальная карпарацыя прамысловага развіцця. Дзяржаўныя ограны займаліся кантролем над імпартна-экспартнымі аперацыямі, кантралявалі цэны, рэгламентавалі стварэннне новых кампаній. У сельскай гаспадарцы пачалося стварэнне кааператываў. Ажыццяўленне “курса Нэру” прывяло да стварэння ў Індыі эканомікі з жорсткай дзяржаўнай рэгламентацыяй і рэгуляванннем, вядучую ролю ў якой адыгрываў дзяржаўны сектар. Аб’ём прамысловай вытворчасці за 1948–1964 гг. вырас больш чым у два разы. Была створана цяжкая прамысловасць, і ў сярэдзіне 1960-х гг. доля сродкаў вытворчасці ў ВУП перавысіла долю спажывецкіх тавараў. Але многія буйныя прадпрыемствы дзяржаўнага сектару вызначаліся нізкай эфектыўнасцю. Крайне адсталай заставалася сельская гаспадарка.

Цэнтральнай праблемай палітычнага жыцця Індыі, побач з развіццём дэмакратычнай сістэмы, з’яўлялася праблема пераадолення рэлігійна-абшчынных супярэчнасцей і ўмацавання нацыянальнага адзінства. Нэру адзначаў, што індус пазбаўлены цярпімасці і начынены забабонамі. На думку Нэру, ад таго, удасца ці не пераадолець гэтыя адмоўныя рысы ў свядомасці індусаў, у рашаючай ступені залежала магчымасць прагрэсіўнага развіцця Індыі. Нэру гаварыў, што стаўленне індусаў да нацыянальных меншасцей такое, што тыя адчуваюць сябе ў Індыі грамадзянамі іншай краіны. Мусульманскі светапогляд Нэру лічыў яшчэ горшым, але адзначаў, што ён не аказвае істотнага ўплыву на лёс Індыі. Уплыў рэлігійна-абшчынных элементаў сярод насельніцтва і на палітычнае жыццё быў надзвычай вялікі.

Акрамя рэлігійна-абшчынных, у Індыі існавалі і вострыя этнічна-лінгвістычныя супярэчнасці. Згодна канстытуцыі 1950 г. Індыя ўключала 28 штатаў. Гэтае дзяленне адлюстроўвала адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел каланіяльных часоў. Ужо ў пачатку 1950-х гг. набірае сілу рух за стварэнне штатаў на этнічна-лінгвістычнай аснове. У такіх абставінах урад пайшоў на прыняцце закону аб новым адміністратыўным ладзе Індыі, які ўступіў у сілу 1 кастрычніка 1956 г. У адпаведнасці з ім Індыя дзялілася на 14 штатаў і 6 тэрыторый, кіруемых цэнтральным урадам. Як правіла, штаты былі аднанацыянальныя. Аднак засталося некалькі штатаў са шматнацыянальным насельніцтвам: Пенджаб, Асам, Бамбей. Бамбей быў раздзелены ў 1960 г. на два нацыянальныя штаты. У Пенджабе нацыянальнае пытанне было непарыўна звязана з рэлігійным: тут два народы – хіндустанцы і пенджабцы, дзве рэлігійныя абшчыны – індусы і сінгхі. Пенджабцы разгарнулі барацьбу за стварэнне самастойнага нацыянальнага штата. У 1964 г. з Пенджаба быў вылучаны штат Харыяна, дзе перавагу мела хіндзімоўнае насельніцтва.

Другім аспектам барацьбы па нацыянальным пытанні была праблема нацыянальнай мовы. Яшчэ ў 1949 г. канстытуцыйная асамблея пастанавіла, што дзяржаўнай мовай Індыі будзе хіндзі, але да 1965 г. другой дзяржаўнай мовай павінна была заставацца англійская. Паўночная Індыя падтрымала ператварэнне хіндзі ў адзіную дзяржаўную мову. Тут пераважаюць хіндзімоўныя раёны. На поўдні шырокія пласты грамадства выказаліся супраць надання хіндзі статуса адзінай дзяржаўнай мовы. Тут мова хіндзі была слаба распаўсюджана. Жыхары поўдня былі занепакоены, што свабодна валодаўшыя хіндзі жыхары поўначы атрымаюць перавагу пры заняцці адміністрацыйных пасадаў, што наступленне хіндзі нанясе ўдар па іншых мовах, па нацыянальных культурах. У 1965 г. выступленні супраць хіндзі на поўдні перараслі ў масавыя беспарадкі. Пытанне аб дзяржаўнай мове было адкладзена.



Нягледзячы на ўсю складанасць рэлігійна-абшчынных і нацыянальных праблем, развіццё Індыі працягвалася ва ўмовах парламенцкай дэмакратыі. Вясной 1957 г. прайшлі другія ўсеагульныя выбары. Яны пацвердзілі пануючае становішча ІНК у палітычным жыцці краіны. Ён зноў атрымаў абсалютную большасць месцаў як у цэнтральным парламенце, так і ў парламентах амаль усіх штатаў. Выбары прадэманстравалі аслабленне пазіцый рэлігійна-нацыяналістычных партый, такіх, як Джан санг (Народны саюз). У той жа час прыкметна ўмацавала свае пазіцыі Камуністычная партыя Індыі (КПІ). Да гэтага моманту яна ўжо адмовілася ад актыўнай барацьбы з урадам Нэру як з “марыянеткай імперыялізму”. У выніку выбараў 1957 г. камуністы сфарміравалі ўрад штата Карэла. Рэформы, якія праводзілі ўлады штата, сустрэлі моцнае супраціўленне з боку апазіцыйных партый і абшчынна-рэлігійных лідэраў, пачаліся масавыя выступленні пратэсту. Для навядзення парадку ў штаце было ўведзена прэзідэнцкае праўленне, а мясцовы ўрад распушчаны.

Вострая барацьба ішла ўнутры ІНК. Палітыка Нэру больш адлюстроўвала пазіцыі левага крыла кангрэса. Частка правых лідэраў выйшла з ІНК і ў 1959 г. стварыла партыю Сватантра (Незалежная). Новая партыя ў першую чаргу крытыкавала курс Нэру на стварэнне дзяржаўнай эканомікі і ўкараненне калектывісцкіх форм у сельскай гаспадарцы. Выбары 1962 г. прадэманстравалі тэндэнцыю да некаторага зніжэння ўплыву ІНК. Ён страціў 6 млн галасоў. Адносная няўдача ІНК на выбарах 1962 г. садзейнічала росту супярэчнасцей унутры яго. Супраць палітыкі Нэру ўсё больш актыўна выступае правае крыло на чале з Дэсаі. З другога боку, левыя кангрэсісты дамагаліся больш актыўнага руху па шляху дэмакратычнага сацыялізму. Ва ўмовах вострых рознагалоссяў унутры ІНК і нарастання эканамічных цяжкасцей у краіне 27 мая 1964 г. памёр Нэру. “Курс Нэру” не прывёў да пераадолення сацыяльна-эканамічнай адсталасці Індыі і не вырашыў многія палітычныя праблемы.




База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка