Тэрміналагічная, ці прафесійная лексіка псіхолага



Дата канвертавання18.06.2016
Памер138.95 Kb.
ТЭРМІНАЛАГІЧНАЯ, ЦІ ПРАФЕСІЙНАЯ ЛЕКСІКА ПСІХОЛАГА



  1. Паходжанне псіхалагічных тэрмінаў.

  2. Утварэнне псіхалагічных тэрмінаў.

  3. Лексіка-граматычная характарыстыка псіхалагічных тэрмінаў.



    1. ПАХОДЖАННЕ ПСІХАЛАГІЧНЫХ ТЭРМІНАЎ

Словы агульнай лексiкi засвойваюцца людзьмi па меры авалодвання мовай. Тэрмiны ж патрабуюць спецыяльнай падрыхтоўкi ў пэўнай галiне навукi, тэхнiкi, культуры, яны зразумелыя толькi тым, хто вывучае, займаецца, працуе ў гэтай сферы. Вось чаму прафесiйная падрыхтоўка патрабуе авалодвання тэрмiнамi. Так, цяжка ўявiць псіхолага, якi не ведае сутнасцi, напрыклад, такіх тэрмінаў як адаптацыя, фрустрацыя, трэнінг, фрэйдызм і інш.

Тэрміналагічная псіхалагічная лексіка, як і наогул тэрміналагічная лексіка беларускай мовы, паводле паходжання неаднародная і складаецца з розных пластоў уласных і іншамоўных слоў. Большасць псіхалагічных тэрмінаў з’яўляецца запазычаннем, і ў першую чаргу з лацінскай і грэчаскай моў, а таксама з англійскай, нямецкай, французскай і іншых моў.

Лацінскімі з’яўляюцца, напрыклад, наступныя тэрміны: аберацыя, аб’ектывацыя, адаптацыя, актуальны, алексія, амбіцыя, аперцэпцыя, афект, галюцынацыі, гаспіталізм, дэбіл, дэдукцыя, ідыёт, кагніцыя, канкурэнцыя, кансультант, карэкцыя, менталітэт, натура, рэміністэнцыя, рэфлекс, сангвінік, сацыяметрыя, суб’ект, ступар, флегматык, фрустрацыя, эксперымент, эмоцыі;

грэчаскімі: агарафобія, абулія, агнозія, аўтаматызм, аўтызм, аўра, геданізм, генатып, герантапсіхалогія, драмаманія, дысфарыя, іпахондрыя, катафонія, катарсіс, клептаманія, ксенафобія, назафобія, наркалепсія, ніктафобія, манія, маразм, меланхолік, меланхолія, орган, псіхадрама, рэйтынг, сацыяфобія, ступар, флегматык, фобія, фрустрацыя, характар, цыклафрэнія, шызафрэнія, эратызм;

з англійскай мовы паходзяць наступныя тэрміны: аттыцюд, афіліяцыя, біхевіярызм, еўгеніка, інсайт, лідэр, оруэлізм, стрэс, трэнінг, тэст, фрэйдызм;

з нямецкай аўтарытэт, гештальт, фрэйдызм, цыклатылія, цэнтрацыя;

з французскай абсанс, алармізм, альтруізм, анкета, валанцёр, гіпноз, жэст, кантроль, крыз, крытэрый, маніпулятар, маньяк, мараль, сентыментальны;

з польскайамбiцыя, вар’ят, далікатны.

Пры запазычванні слоў-тэрмінаў з іншых моў адбываецца частковае падпарадкаванне іх законам беларускай мовы, і перш за ўсё фанетычным, напрыклад: гукі [ж], [ш], [дж], [ч],[ [р], [ц] вымаўляюцца цвёрда (аперцэпцыя, жэст, рэляксацыя, рэмiнiстэнцыя, шызафрэнiя); гук [г] фрыкатыўны (гаспіталізм, галюцынацыя, гіпнапедыя; генатып); адбываецца аканне (руск. мораль — бел. мараль).

Тым не менш, не ўсе іншамоўныя тэрміны асвойваюцца ў беларускай мове, напрыклад, у большасці слоў не адбываюцца фанетычныя працэсы дзéканне (дыдактагенiя, дэбiльнасць) і цéканне (аўтызм, афектыўны), áканне (у тэрміне оруэлізм о не пад націскам не пераходзіць ў а; а ў тэрміне еўгеніка ў першым складзе перад націскам захоўваецца літара е).

Уласныя псіхалагічныя тэрміны складаюць значна меньшую колькасць, напрыклад: боязь, брэд, пачуцці, узрост, розум, дзейнасць, рухі, час, запамінанне, асоба, захворванне, задача, гульня, цікавасць, зрок, адарванасць.

2.УТВАРЭННЕ ПСІХАЛАГІЧНЫХ ТЭРМІНАЎ
У залежнасці ад спосабу ўтварэння ўсе тэрміны, як і звычайныя словы беларускай літаратурнай мовы, можна падзяліць на некалькі груп, да якіх адносім утвораныя суфіксальным, прэфіксальным, прэфіксальна-суфіксальным, аснова- і словаскладаннем, абрэвіяцыяй, сінтаксічным і семантычным спосабам.

У сістэме псіхалагічных тэрмінаў надзвычай пашыраным з’яўляецца суфіксальны спосаб. Тэрмінаадзінкі ўтварыліся пры дапамозе суфіксаў:

-ізм (-ызм): антрапалагізм, асацыятызм, аўтызм, біхевіярызм валюнтарызм, геданізм, гуманізм, канфармізм, крэцінізм, нактамбулізм, практызм, экстрэмізм (а таксама ад уласных імён оруэлізм, фрэйдызм); -цы(я): аберацыя, аб’ектывізацыя, аперцэпцыя, атыпацыя, галюцынацыя, кансультацыя, рацыяналізацыя, сублімацыя, фрустрацыя, экстраверцыя; -анс: абсанс; -оід: крэціноід; -альн: суіцыдальны, унікальны, эксперыментальны; -ык(-ік): іпахондрык, меланхолік, сангвінік, халерык, флегматык; -асць: імбецыльнасць, канстантнасць і інш.

Прэфіксальны спосаб у псіхалагічнай тэрміналогіі, як і ў літаратурнай мове, характарызуецца далучэннем прэфікса да цэлага слова, прычым часта ўтвараюцца антанімічныя пары: з прэфіксамі а-: маральны амаральны, перцэпцыя — аперцэпцыя, рэфлексія арэфлексія, сацыяльны асацыяльны; анты-: стрэсавы — антыстрэсавы, а таксама самастойна існуючыя тэрміны: апатыя, антыпатыя. Прэфіксы ультра-, звыш-, экстра- маюць адно і тое ж значэнне, але, па заўвазе даследчыкаў беларускай тэрміналогіі, “іншамоўны прэфікс ультра- “адрозніваецца значна большай прадуктыўнасцю ў тэрміналогіі”. Тым не менш, у псіхалагічнай тэрміналогіі больш лексем з прыстаўкамі звыш-: звышадоранасць, звышусведамленне, звыш-Я і экстра-: экстраардынарны, экставерт, экстраверсія, экстрасэнсорыка і амаль не сустракаюцца з прыстаўкай ультра-. Ва ўтварэнні гэтай групы тэрмінаў удзельнічаюць і іншыя прэфіксы, прычым сярод іх большасць іншамоўных (контр-: контрсугесцыя; неа-: неафрэйдызм; супер-: суперэга).

Асабліва значнае месца ва ўтварэнні псіхалагічных тэрмінаў займае аснова- і словаскладанне. Тэрміны ўтвараюцца ў выніку спалучэння як уласных, так і іншамоўных частак. Само найменне навукі псіхалогія з’яўляецца складаным утварэннем (ад грэч. psyche = ‘душа’ + logos = ‘слова’, ‘вучэнне’). Першая частка псіха- з’яўляецца кампанентам многіх адзінак, напрыклад: псіхагігіена, псіхадрама, псіхасэксуальны, псіхааналіз, псіхааналітычны, псіхахірургія. Складаны тэрмін псіхалогія ўваходзіць у назвы раздзелаў гэтай навукі: алігафрэнапсіхалогія (ад гр. oligos = ‘нешматлікі, нязначны’ + phren = ‘розум’-+-‘псіхалогія’) — ‘які вывучае псіхічнае развіццё і магчымасць яго карэкцыі ў дзяцей з інтэлектуальнымі недахопамі’), антапсіхалогія, гештальтпсіхалогія, заапсіхалогія, нейрапсіхалогія, патапсіхалогія, парапсіхалогія, эгапсіхалогія, этнапсіхалогія).



Тэрміны з інтэрнацыянальнымі часткамі наогул з’яўляюцца пашыранымі ў розных галінах навукі, у тым ліку псіхалогіі, напрыклад: пры дапамозе часткі аўта- (ад грэч.autos = ‘сам’, што адпавядае паняццям ‘аўтаматычны’, ‘свой’, ‘сама’) утварыліся лексемы аўтабіяграфія, аўтагіпноз, аўтаматызм, аўтарытэт, аўтасугестыя (ад аўта-+-сугестыя) — ‘самаўплыў на псiхiку’, ‘самаўнушэнне’); другой часткі -фобія (ад грэч. phobos = ‘боязь’, ‘нецярпімасць’,): агарафобія (ад гр. agora= ‘плошча’+-фобія) — паталагічны страх перад прастораю; антрапафобiя (ад антрапа-+-фобiя) — хваравiта-псiхiчны стан, якi характарызуецца страхам перад людзьмi; дысмарфафабiя (ад дыс-+марфа-+-фобiя) — назойлiвы неўратычны страх, звязаны з рэальнай або ўяўнай фiзiчнай заганай(у адрозненне ад дысмарфаманii звычайна без цяжкiх псiхiчных расстройстваў); канцэрафобiя (ад канцэр-+-фобiя) — назойлiвы страх захварэць ракам, кардыяфобія (гр. kardia = сэрца; ад кардыя-+-фобія) — назойлівы страх хваробы сэрца; манафобія (ад мана-+-фобія) — псіхічны стан, пры якім чалавек баіцца застацца адзін; назафобія (ад гр. nosos=хвароба+-фобія) — неадчэпны страх перад смяртэльнай хваробай, сімптом псіхічнага разладу; некрафобія (лац. necrophobia, ад гр. nekros = мёртвы + phobos = страх) — неадольная боязь трупаў і пахавальных рэчаў; ніктафобія (ад гр. nuks, -ktos = ноч-+-фобія) — неадольная боязь цемры, сімптомы псіхічнага расстройства; танатафобія (ад гр. thanatos = смерць + фобія) — псіхічны разлад, які заключаецца ў тым, што чалавек паталагічна баіцца смерці; фотафобiя (ад фота- i -фобiя) павышаная адчувальнасць вока да асвятлення; светлабоязь і інш.; другой часткай -фрэнiя (ад гр. phren = розум), напрыклад, цыклафрэнiя — псiхiчнае захворванне (псiхоз), якое характарызуецца перыядычным разладжаннем настрою прыступамi ўзбуджэння i дэпрэсii, што змяняюць адно аднаго; манiякальна-дэпрэсiўны псiхоз); шызафрэнiя (ад гр. schizo = раздзяляю, расшчапляю + phren = розум) псiхiчнае захворванне, якое характарызуецца паступовым знiжэннем разумовай дзейнасцi i парушэннем звязнасцi псiхiчных працэсаў; другой часткай -манія (ад грэч. mania = шаленства, захапленне, цяга): клептаманія (ад гр. klepto = краду + -манія) — неадольнае хваравітае імкненне да крадзяжу, якое выклікаецца некаторымі псіхічнымі захворваннямі; манаманія (мана- + -манія) — памяшанне на якой-небудзь адной ідэі, як адзін з відаў псіхічнага захворвання; мегаламанія (ад мегала- + -манія) — манія вялікасці; наркаманія (лац. narco- mania, ад гр. narke = аняменне + mania = вар’яцтва) — хваравітая цяга да наркотыкаў.

Такім чынам, адзін з прадуктыўных сродкаў утварэння псіхалагічных тэрмінаў складанне іншамоўных слоў і асноў (андрагінія, крыптамнезія, мезантроп, парасімпатычны, сацыяграма, сацыяметрыя), зрэдку з выкарыстаннем аднаго з кампанетаў уласнага слова: самааналіз, самаацэнка, самагіпноз, самакантроль, славесна-лагічны, я-канцэпцыя.

Псіхалагічныя тэрміны ўтвараюцца і абрэвіятурным спосабам, найчасцей складаннем назваў першых літар напрыклад: ВНД (вышэйшая нервовая дзейнасць), ВПФ (вышэйшыя псіхічныя функцыі), МДП (маніякальна дэпрэсіўны псіхоз), ММД (мінімальная мазгавая дысфункцыя), ЦНС (цэнтральная нервовая сістэма) або першых гукаў некалькіх слоў, напрыклад: ТАТ (тэматычны аперцэптыўны тэст), ФАМ (функцыянальная асіметрыя мозга), ШТУР (школьны тэст разумовага развіцця).

Самы прадуктыўны — сінтаксічны спосаб — спосаб утварэння тэрмінаў шляхам рознага тыпу спалучэнняў. Найбольшая колькасць псіхалагічных тэрмінаадзінак гэтага спосабу ўтворана па мадэлі “прыметнік + назоўнік”, напрыклад: аб’ектыўныя фактары, абіятычныя фактары, амаральныя паводзіны, асобасны статус, атрыбутыўная тэрапія, індывідуальны падыход, кагнітыўны дысананс, камунікатыўны бок, канфліктны выпадак, камформныя паводзіны, карэляцыйны аналіз, крэатыўныя здольнасці, каузуальная атрыбуцыя, псіхалагічная дапамога, сарціравальны тэст, сацыяльна-псіхалагічны клімат, траксакцыйны характар, умоўны рэфлекс, функцыянальная асіметрыя.

Пэўная частка сінтаксічных тэрмінаў утворана па мадэлі «назоўнік + назоўнік», напрыклад: аб’ект вывучэння, адаптацыя арганізма, вобраз суб’екта, гісторыя захворвання, метад анкеціравання, метад апытання, метад інтраспекцыі, метад паглыблення, рэфлексалогія Бехцерава, склад характара, спекацыфікацыя тэста, стан афекта, тэст Шмішэка, узровень інтэлекта, фотафобія вачэй, цяжкасці зносін ці, радзей, “назоўнік + прыназоўнік + назоўнік”: здольнасць да адчування, здольнасць да навучання, матывацыя да дасягненняў, патрэбнасць у процівадзеянні, патрэбнасць у поспеху, патрэбнасць у самаактуалізацыі, спецыяліст па псіхіятрыі, тэст на агрэсіўнасць, тэсціраванне на наяўнасць.

Досыць значная колькасць тэрмінаў-словазлучэнняў складаецца з трох і болыш кампанентаў, але гэта датычыць перш за ўсё менш распрацаваных тэрмінасістэм ці, дакладней, ужывання на беларускай мове пэўных галін навукі і тэхнікі. Так, у псіхалагічных слоўніках адзначаны такія мадэлі, поруч з аднаслоўнымі і двухслоўнымі, як «назоўнік+прыметнік+назоўнік»: захворванне эмацыянальнага тыпу, здольнасць маральнага суджэння, каэфіцыент разумовага развіцця, метад групавой ацэнкі, метад мазгавога штурму, псіхалогія палавых адрозненняў, спосабы канкрэтных аперацый, стадыі псіхасексуальнага развіцця, стадыя сэнсаматорнага інтэлекта, тэорыя сацыяльнага навучання. Апорным словам, аднак, у сінтаксічных тэрмінах-словазлучэннях заўсёды з’яўляецца назоўнік.



3.ЛЕКСІКА-ГРАМАТЫЧНАЯ ХАРАКТАРЫСТЫКА

ПСІХАЛАГІЧНЫХ ТЭРМІНАЎ
Як вядома, тэрміны паводле будовы суадносяцца са словамі ці спалучэннямі слоў, часцей за ўсё са словазлучэннямі. Словы-тэрміны не могуць існаваць па-за межамі часцін мовы, але ў якасці слоў-тэрмінаў выкарыстоўваюцца толькі назоўнікі, прыметнікі, дзеясловы, прыслоўі.

Асноўную колькасць слоў-тэрмінаў складаюць н а з о ў н і к і, як правіла, агульныя. У слоўніках тэрмінаў па псіхалогіі большасць назоўнікавых слоў-тэрмінаў: амбіцыя, аўтызм, аграфія, абулія, рэакталогія, рэфлекс, характар, флюід, эксперымент, эмоцыі, эмпатыя і іншыя.

У якасці аднаслоўных тэрмінаў досыць часта выкарыстоўваюцца ўласныя імёны, якія, перайшоўшы ў разрад тэрмінаў, сталі агульнымі назоўнікамі. Да іх можна аднесці тэрміны, названыя у гонар іх адкрывальнікаў паводле прозвішча, напрыклад: фрэйдызм (ад ням. Freud прозвiшча аўстралійскага ўрача i псiхолага [1856-1939]) фiласофская i псiхалагiчная канцэпцыя, якая тлумачыць з’явы культуры i сацыяльнага жыцця праяўленнем бессвядомых (асаблiва пала-вых) iнстынктаў, неафрэйдызм — кірунак у сучаснай філасофіі і псіхалогіі, які заснаваны на вучэнні З. Фрэйда, але ў адрозненне ад біялагізму апошняга ўлічвае ролю сацыяльнага асяроддзя ў фарміраванні асобы, садызм (ад фр. D. de Sade = прозвішча фр. пісьменіка, які апісаў у сваіх раманах гэту з’яву) — 1) палавая ненармальнасць, якая праяўляецца ў жаданні мучыць асобу другога полу, каб задаволіць сваё палавое пачуццё; 2) ненармальная схільнасць да жорсткасці, катаванняў, задавальненне ад чужых пакут.

П р ы м е т н і к і ў якасці слоў-тэрмінаў ужываюцца даволі рэдка, паколькі прыметнік, як правіла, спалучаецца з назоўнікам, утвараючы словазлучэнне. Але і асобна прыметнікі выкарыстоўваюцца ў многіх галінах навукі і тэхнікі, у тым ліку ў псіхалогіі, напрыклад: абулічны, адаптыўны, амаральны, арбітральны, асацыятыўны, афектыўны, вербальны, генетычны, дэбільны, імбецыльны, ідэаматорны, істэрычны, кагнітыўны, кангруэнтны, крэатыўны, лабільны, негатыўны, маніякальны, ментальны, маральны, рэфлектыўны, пасіўны, постнатальны, псіхічны, псіхалагічны, свядомы, сенсітыўны, суб’ектыўны, суіцыдальны, сэнсорны, трывожны, унікальны, флегматычны, харызматычны, экзістанцыянальны.

У слоўніках тэрмінаў па псіхалогіі адзначаюцца адзінкавыя д з е я с л о в ы -тэрміны тыпу: абстрагаваць, анкеціраваць, арэфлексаваць, асіміляваць, канфліктаваць, канстатаваць, кантактаваць, карэкціраваць, маніпуляваць, матываваць, матэрыялізаваць, тэсціраваць, субліміраваць, саперыжываць разам з якімі ўжываюцца адзеяслоўныя назоўнікі, напрыклад: абстрагаванне, анкеціраванне, асіміляцыя, тэсціраванне. Праўда, у большасці выпадкаў гэта зусім не тоесныя тэрміны, паколькі заўважаецца, што дзясловы называюць працэсы, дзеянні, а аддзеяслоўныя назоўнікі называюць вынік гэтых працэсаў, сродкі дзеяння.



П р ы с л о ў я ў у ролі слоў-тэрмінаў паводле колькасці іх няшмат; ужываюцца яны для абазначэння характару выканання: адэкватна, аб’ектыўна, агрэсіўна, актыўна, амаральна, афектыўна, вербальна, кагнітыўна, канстантна, канфортна, матывавана, пасіўна, спецыфічна, стэрыятыпна, стандартна, суб’ектыўна, сумленна, практычна, інтэнсіўна, флегматычна, унікальна, эмацыянальна.

Надзвычай шырока прадстаўлены тэрміны-словазлучэнні, большасць якіх свабодныя, г.зн. кожны кампанент па-за тэрмінам можа ўступаць у сувязь з іншымі словамі. Напрыклад у тэрміне псіхалагічны бар’ер два падзельных словы бар’ер, які можа быць сэнсавы, камунікатыўны і тэрмін псіхалагічны, які спалучаецца са словамі: тэст, матыў, тып, псіхалагічнае поле, псіхалагічнае-Я; у тэрміне псіхічная хвароба два свабодных словы, адно з іх псіхічны (ая), якое можна спалучацца са словамі: фрагментацыя, эпідэмія, рост, здароўе, развіццё, расстройства; вербальнымі могуць быць не толькі паводзіны, але і кадзіраванне, памяць, магчымасці, інтэлект, рэакцыя, мысленне. Свабоднымі з’яўляюцца таксама словы ў тэрмінах-словазлучэннях: геаграфічная псіхалогія, генетычны метад, натуральны эксперымент, латэнтны перыяд, псіхічнае расстройства, сацыяльная актыўнасць, творчае мысленне, унутраны канфлікт.

У словазлучэннях-тэрмінах нярэдкія выпадкі спалучэння назоўніка з назоўнікам (апорнае і залежнае слова), напрыклад: аб’ект вывучэння, адаптацыя арганізма, вобраз суб’екта, гісторыя захворвання, метад анкеціравання, метад апытання, метад інтраспекцыі, метад паглыблення, склад характара, спекацыфікацыя тэста, стан афекта, узровень інтэлекта, фотафобія вачэй, цяжкасці зносін. Сюды таксама можна аднесці тэрміны-найменні раздзелаў псіхалогіі: псіхалогія: бізнеса, груп, жывёл, маркетынга, паводзін, развіцця, рэкламы, рэлігіі, рынку, магчымасцей, стымулаў-рэакцый, злачынства, немаўля і інш.

У якасці кампанента тэрмінаў-словазлучэнняў з апорным агульным назоўнікам у тэрміналогіі выступаюць уласныя назоўнікі. Як правіла, гэта прозвішчы вучоных, даследчыкаў, адкры-вальнікаў, напрыклад, у слоўніку псіхіятрыі дзіцяга і падлеткавага ўзросту фіксуюцца: біяэнергетыка Лоуэна, сімптом Паўлава, сіндром Ленокса — Гасто, сіндром Леша — Ніхана, сіндром Вільямса, сіндром Лаурэнса — Муна — Бардэ — Бідля, гіперінсулінізм Дауна, хвароба Іцэнка — Кушынга, у слоўніку тэрмінаў па агульнай псіхалогіі — тэст Шмішэка, рэфлексалогія Бехцерава.

У складзе такіх тэрмінаў вылучаюцца і тэрміны з кампанетам-імем антычных багоў: комлекс Электры, Эдзіпаў комплекс і нават літаратурных герояў з рускай класічнай літаратуры: сімптом Плюшкіна.

Даволі шмат сустракаецца спалучэнняў назоўнікаў з прыназоўнікам пры іх, напрыклад: здольнасць да адчування (да навучання), матывацыя да дасягненняў, патрэбнасць у процівадзеянні, патрэбнасць у поспеху, патрэбнасць у самаактуалізацыі, спецыяліст па псіхіятрыі, тэст на агрэсіўнасць, тэсціраванне на наяўнасць, патрэбнасць у аўтаноміі (у агрэсіі, у дзейнасці, у процівадзеянні, у выніку, у самаабароне, статусе, у поспеху) і інш.

Тэрміны-словазлучэнні надзвычай шырока прадстаўлены спалучэннем прыметніка з назоўнікам, дзе прыметнік, выступаючы ў ролі азначэння, усё ж выконвае не якасную характарыстыку, а ўдакладняльную, абмежавальную, класіфікацыйную: аб’ектыўныя фактары, абіятычныя фактары, амаральныя паводзіны, асобасны статус, атрыбутыўная тэрапія, індывідуальны падыход, кагнітыўны дысананс, камунікатыўны бок, канфліктны выпадак, камформныя паводзіны, карэляцыйны ана-ліз, крэатыўныя здольнасці, каузуальная атрыбуцыя, псіхалагічная дапамога, сарціравальны тэст, сацыяльна-псіхалагічны клімат, траксакцыйны характар, умоўны рэфлекс, функцыянальная асіметрыя. Шмат такіх тэрмінаў з назоўнікам псіхалогія, якія з’яўляюцца назвамі раздзелаў псіхалогіі: асацыятыўная псіхалогія, ваенная п., медыцынская п., інжынерная п., геаграфічная п., кабінетная п., камунальная п., агульная п., спартыўная п.і інш.

Досыць значная колькасць тэрмінаў-словазлучэнняў складаецца з трох і больш кампанентаў, але гэта датычыць перш за ўсё менш распрацаваных тэрмінасістэм ці, дакладней, ужывання на беларускай мове пэўных галін навукі і тэхнікі. Так, у псіхалагічных слоўніках адзначаны такія мадэлі, поруч з аднаслоўнымі і двухслоўнымі, як «назоўнік + прыметнік + назоўнік»: захворванне эмацыянальнага тыпу, здольнасць маральнага суджэння, каэфіцыент разумовага развіцця, метад групавой ацэнкі, метад мазгавога штурму, псіхалогія палавых адрозненняў, спосабы канкрэтных аперацый, стадыі псіхасексуальнага развіцця, стадыя сэнсаматорнага інтэлекта, тэорыя сацыяльнага навучання. Сюды таксама можна аднесці тэрміны-найменні раздзелаў псіхалогіі: псіхалогія падлеткавага ўзросту, псіхалогія міжкультурных адрозненняў.

Сустракаюцца словазлучэнні з кампанентам-дзеясловам: патрэбнасць дамініраваць, патрэбнасць пазбягаць асуджэння (знявагі, ушчэрба) і інш.

У шматслоўных тэрмінах апорным (асноўным) выступае назоўнік, напрыклад: навучанне шляхам проб і памылак. У слоўніку па псіхалогіі і псіхіатрыі дзіцяга і падлеткавага ўзросту выдзяляем чатырох- і больш слоўныя тэрміны, напрыклад: расстройства з перавагай з’яў псіхічнай слабасці і неглыбокай затрымкай псіхічнага развіцця.



Менавіта трохслоўныя і больш словазлучэнні ў якасці тэрмінаў з’яўляюцца адметнасцю сучаснай навуковай тэрміналогіі беларускай мовы. Відавочна, што гэта звязана з удакладненнем, дапаўненнем галоўнага кампанента, каб больш дэталёва, поўна і канкрэтна выразіць абазначанае паняцце, каб адлюстраваць наибольшую колькасць прыкмет паняцця, а магчыма і з тым, што адсутнічаюць аднаслоўныя тэрміны, так як пры наяўнасці такога (пры яго з’яўленні) адпадае неабходнасць у расшырэнні зместу апорнага слова, напрыклад: сінестэзія — склейванне адчуванняў. Састаўныя тэрміны падобныя да простых перш за ўсё тым, што яны абазначаюць адно цэласнае паняцце. Без ніякай шкоды для зместу тэрміна яго састаўную форму можна замяніць простай, хоць, праўда, на практыцы гэта не заўсёды можна зрабіць, бо, калі можна было б, то не было складаных, шматслоўных тэрмінаў.
: DocLib7 -> %D0%A3%D1%87%D0%B5%D0%B1%D0%BD%D1%8B%D0%B9%20%D0%BF%D1%80%D0%BE%D1%86%D0%B5%D1%81%D1%81 -> 1-03%2004%2002%2002%20%D0%A1%D0%9E%D0%A6%D0%98%D0%90%D0%9B%D0%AC%D0%9D%D0%90%D0%AF%20%D0%9F%D0%95%D0%94%D0%90%D0%93%D0%9E%D0%93%D0%98%D0%9A%D0%90.%20%D0%9F%D0%A0%D0%90%D0%9A%D0%A2%D0%98%D0%A7%D0%95%D0%A1%D0%9A%D0%90%D0%AF%20%D0%9F%D0%A1%D0%98%D0%A5%D0%9E%D0%9B%D0%9E%D0%93%D0%98%D0%AF -> 1%20%D0%9A%D0%A3%D0%A0%D0%A1 -> %D0%91%D0%B5%D0%BB%D0%BE%D1%80%D1%83%D1%81%D1%81%D0%BA%D0%B8%D0%B9%20%D1%8F%D0%B7%D1%8B%D0%BA.%20%D0%9F%D1%80%D0%BE%D1%84%D0%B5%D1%81%D1%81%D0%B8%D0%BE%D0%BD%D0%B0%D0%BB%D1%8C%D0%BD%D0%B0%D1%8F%20%D0%BB%D0%B5%D0%BA%D1%81%D0%B8%D0%BA%D0%B0 -> %D0%9C%D0%B0%D1%82%D1%8D%D1%80%D1%8B%D1%8F%D0%BB%D1%8B%20%D0%B4%D0%BB%D1%8F%20%D0%9F%D0%97%20(%D0%A7%D0%B0%D0%B9%D0%BA%D0%BE%D0%B2%D0%B0%20%D0%A1.%D0%92.)
%D0%9C%D0%B0%D1%82%D1%8D%D1%80%D1%8B%D1%8F%D0%BB%D1%8B%20%D0%B4%D0%BB%D1%8F%20%D0%9F%D0%97%20(%D0%A7%D0%B0%D0%B9%D0%BA%D0%BE%D0%B2%D0%B0%20%D0%A1.%D0%92.) -> Слоўнік-мінімум псiхалагічных тэрмінаў а аберацыя
%D0%9C%D0%B0%D1%82%D1%8D%D1%80%D1%8B%D1%8F%D0%BB%D1%8B%20%D0%B4%D0%BB%D1%8F%20%D0%9F%D0%97%20(%D0%A7%D0%B0%D0%B9%D0%BA%D0%BE%D0%B2%D0%B0%20%D0%A1.%D0%92.) -> Утварэнне псіхалагічных тэрмінаў
%D0%91%D0%B5%D0%BB%D0%BE%D1%80%D1%83%D1%81%D1%81%D0%BA%D0%B8%D0%B9%20%D1%8F%D0%B7%D1%8B%D0%BA.%20%D0%9F%D1%80%D0%BE%D1%84%D0%B5%D1%81%D1%81%D0%B8%D0%BE%D0%BD%D0%B0%D0%BB%D1%8C%D0%BD%D0%B0%D1%8F%20%D0%BB%D0%B5%D0%BA%D1%81%D0%B8%D0%BA%D0%B0 -> Установа адукацыі «Гомельскі дзяржаўны універсітэт імя Францыска Скарыны» зацвярджаю
%D0%91%D0%B5%D0%BB%D0%BE%D1%80%D1%83%D1%81%D1%81%D0%BA%D0%B8%D0%B9%20%D1%8F%D0%B7%D1%8B%D0%BA.%20%D0%9F%D1%80%D0%BE%D1%84%D0%B5%D1%81%D1%81%D0%B8%D0%BE%D0%BD%D0%B0%D0%BB%D1%8C%D0%BD%D0%B0%D1%8F%20%D0%BB%D0%B5%D0%BA%D1%81%D0%B8%D0%BA%D0%B0 -> Рэкамендуемая літаратура
1-03%2004%2002%2002%20%D0%A1%D0%9E%D0%A6%D0%98%D0%90%D0%9B%D0%AC%D0%9D%D0%90%D0%AF%20%D0%9F%D0%95%D0%94%D0%90%D0%93%D0%9E%D0%93%D0%98%D0%9A%D0%90.%20%D0%9F%D0%A0%D0%90%D0%9A%D0%A2%D0%98%D0%A7%D0%95%D0%A1%D0%9A%D0%90%D0%AF%20%D0%9F%D0%A1%D0%98%D0%A5%D0%9E%D0%9B%D0%9E%D0%93%D0%98%D0%AF -> Паходжанне псіхалагічных тэрмінаў




База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка