Толькі больш працаваць I вучыцца



Дата канвертавання15.05.2016
Памер89.39 Kb.
"ТОЛЬКІ БОЛЬШ ПРАЦАВАЦЬ I ВУЧЫЦЦА"

АНДРЭЙ МАКАЁНАК I АДУКАЦЫЯ



Сцяпан Лаўшук
Андрэя Макаёнка даследчыцкае супольніцтва любіла. Любіла не ў тым сэнсе, што прызнавала бездакорным усё ім напісанае, і не ў тым, што цалкам падзяляла яго грамадзянскія пазіцыі. Проста чалавекам ён быў неардынарным, а пісьменнікам — сатырычнага складу; такая фігура звычайна выступае добрым раздражняльнікам, здольным прымусіць узяцца за пяро як сваіх прыхільнікаў, так і апанентаў. Таму і не дзіўна, што пісалася пра яго ў свой час шмат, дзякуючы чаму сённяшняе макаёнказнаўства — гэта тры "персанальныя" манаграфіі: "Комедия на орбите" I. Вішнеўскай (М., 1979), "На пульсе жыцця: Андрэй Макаёнак і беларускі тэатр" Ю. Сохара (Мн, 1979), "Андрэй Макаёнак. Нарыс жыцця і творчасці" Я. Усікава (Мн., 1984); манаграфічныя раздзелы ў выданнях па гісторыі беларускай літаратуры і тэатра; сотні артыкулаў, эсэ, інтэрв'ю і г. д., змешчаных у айчыннай і замежнай перыёдыцы. 3 гэтых публікацый дастаткова выразна вымалёўваецца воблік Макаёнка-мастака, акрэсліваецца яго ўклад у развіццё беларускай драматургіі і тэатра. I ўсё ж, аддаючы належнае зробленаму, трэба адзначыць, што ў творчай біяграфіі пісьменніка застаецца шмат аспектаў, якім даследчыкі аддалі мала ўвагі. I адзін з такіх аспектаў — Андрэй Макаёнак і адукацыя.

Сам драматург нявесела жартаваў, што яго адукацыя адбывалася не як у людзей. I падставы для такой высновы былі, бо і сапраўды на шляху ў так званую краіну ведаў яму давялося сутыкнуцца з шэрагам непрадбачаных перашкод. Кур'ёзным аказаўся сам пачатак вучобы. У 1927 г. вёска Борхаў упершыню за сваю гісторыю займела пачатковую школу. Здавалася, сам лёс рабіў падарунак сямігадоваму Андрэю — не трэба хадзіць па навуку ў чужы свет. Аднак сямігоддзе ў хлапчука на 1 верасня аказалася "шчарбатым" — нарадзіўся ён 12 лістапада 1920 г., і дні "недастачы" зачынілі перад ім дзверы ў школу. Крыўдна і горка! Горыч узрастала яшчэ і ад таго, што ўсе сябры-аднагодкі сядзелі за партамі і здзекліва ківалі стрыжанымі галовамі ў бок акна, да якога дзень у дзень прыліпаў няшчасны хлапчук. Настаўніца і ўшчувала яго, і ўпрошвала дачакацца сваёй пары, але, калі пачаліся халады, злітавалася і ўпусціла ў клас з умовай: будзеш спраўляцца з праграмай — застанешся, а не... Настойлівы хлапчук прыжыўся ў класе, старанна грыз граніт навукі дзеля яе самой і... каб не выгналі.

На гэтым кур'ёзы не закончыліся. У "Аўтабіяграфіі" пісьменнік згадваў: "У пяты клас хадзіць было далекавата — за 8 кіламетраў. I калі праз год адкрылася сямігодка ў вё'сцы Шапчыцы бліжэй на 5 кіламетраў, бацькі рашылі: лепей 2 гады пахадзіць у 5 клас, але бліжэй, чым бегаць за навукай далёка. На лапцях эканомія".

I гэта не ўсё. Ягору Сяргеевічу Макаёнку, бацьку будучага драматурга, собіла стаць старшынёй мясцовага калгаса, у якім сярод іншага існавала свінаферма, а калі дакладней — некалькі дзесяткаў згаладала-ненаедных лычастых звяроў. Іх "пастырамі" давялося стаць сынам, "бо ніхто не хацеў за так ганяць іх у поле. Яны ж не свінні былі, а злыя ганчакі. Такія рухавыя і прадпрымальныя, што нават доўгая пуга была толькі сімвалам улады. А ўладай быў голад. Ён і гнаў іх у шкоду. За дзень, бывала, так выбегаешся, што засынаў, не даходзячы да пасцелі. А прачынаўся, здаецца, тут жа, так хутка пралятала ноч. Маці хоць і шкадавала будзіць, але абавязак прымушаў шкадаваць да пары, У школу хадзілі з братам праз дзень. Дзень я пасу — ён у школе, а назаўтра мяняемся. Я ў школе, а ён пасе".

Бунтаваць малодшыя Макаёнкі нават не спрабавалі. Раз трэба — дык трэба! Не ўхіляліся яны і ад працы на асабістым падворку. Само сабою зразумела, што часу на падрыхтоўку ўрокаў заўсёды не хапала. А самалюбіваму ад прыроды Андрэю вельмі не падабалася роля вучня-серадняка, таму ўсімі сіламі бараніўся-змагаўся за магчымасць нармальна падрыхтавацца да заняткаў. Самавукам асвоіў тэхніку разьбы па дрэве і асновы жывапісу; выразаў аднойчы так званую камбінацыю з трох пальцаў (фігу з макам), якую клаў каля сябе на стол, калі трэба было папрацаваць над кнігамі. Сямейнікі з разуменнем успрымалі такі троху хуліганісты знак, не чапалі Андрэя.

У 1938 г. Андрэй Макаёнак скончыў Журавіцкую сярэднюю школу. I не абы-як, а сярод лепшых выпускнікоў. Праблему далейшай вучобы вырашыў на першы погляд нечакана: юнак з ярка выяўленымі літаратурнымі, мастакоўскімі, акцёрскімі здольнасцямі падаўся ў ваеннае вучылішча. Савецкія сродкі масавай інфармацыі добра-такі папрацавалі ("Камсамол — на самалёт!" "Если завтра война, если завтра в поход..." "...Красная Армия всех сильней"), каб стварыць вакол узброеных сіл арэол рамантычнасці, таму рэдкі выпускнік сярэдняй школы не марыў пра афіцэрскія пятліцы. Праўда, у А. Макаёнка флёр захаплення войскам развеяўся вельмі хутка. Яму, вольналюбіваму, незалежнаму ў меркаваннях, казарменная дысцыпліна была яўна не па нутры. Канфлікт з памкамузвода пагражаў трыбуналам, але начальнік вучылішча пашкадаваў хлопца, які яшчэ не прысягаў: адпусціў дадому без пакарання.

Больш узважаным было рашэнне паступаць у наступным годзе ва Усесаюзны дзяржаўны інстытут кінематаграфіі, хоць і тут відавочная даніна юнацкаму рамантызму. Элітарная ВНУ і хлопец з глыбокай беларускай правінцыі... Ён толькі на экзаменах даведаўся, што такое сцэнічны эцюд. Праўда, не разгубіўся. Гэта з таго экзамену: "Мыш перашкаджае чытаць. Выцягнуў гумку з трусоў. Зрабіў рагатку. 'Замест стралы — ручка з пяром. Забіў. Падняў, як на кап'і...

І ўсё? Няма фіналу! Эфектнага канца...



Ітады я кінуў гэту мыш таму члену журы, якому не хапала эфектнага канца”.

Неардынарна здаваў Андрэй іспыты па сцэнічнай мове, танцы. Але... Адзінае, чаго ён дасягнуў, дык толькі таго, што, вяртаючы дакументы, запрасілі паступаць на наступны год. Хто ведае, магчыма, другая спроба была б больш паспяховай, аднак выйшаў урадавы ўказ аб прызыве ў Чырвоную Армію юнакоў з сярэдняй адукацыяй на год раней. I пачалася для А. Макаёнка пяцігадовая вучоба ў армейска-вайскова-ваенным універсітэце. У кастрычніку 1939 г. яго ад борхаўскай роўнядзі палёў прывезлі на скалісты Каўказ, дзе малодшыя камандзіры дапамаглі даволі хутка авалодаць азбукай ваеннага рамяства. Вучыўся сам, вучыў іншых: яго, ініцыятыўнага ды палітычна падкаванага, неўзабаве прызначылі па-мочнікам палітрука роты. Было вельмі нялёгка. Баявая падрыхтоўка часам нагадвала муштру: частыя начныя баявыя трывогі, пераходы, акопванні ў праклятым скалістым грунце — усё было максімальна набліжана да баявых абставін. Памочніку палітрука даводзілася на ўсю моц цягнуць салдацкую ношку, а ў дадатак — выпускаць баявыя лісткі, чытаць байцам свежыя газеты, займацца выхаваўчай працай. I нічога — уцягнуўся, служыў бездакорна, бо ў руцінную хаду падзей здолеў унесці творчы элемент. Камусьці выпуск баявых лісткоў уяўляўся вялікай праблемай, а для А. Макаёнка, якога ў аднолькавай ступені слухаліся пэндзаль і пяро, гэта было адхланнем, магчымасцю акунуцца ў блізкую яму стыхію. Пазней драматург жартаваў, што перасоленасць гумару яго п'ес адтуль, ад салдацкай "сме-хавай культуры".

Ваенныя універсітэты Андрэя Макаёнка — тэма для спецыяльнай гаворкі. "Курс навучання", а старшынёй віртуальнай экзаменацыйнай камісіі выступала сама смерць, ён прайшоў метадам практычнага ўдзелу. Цудам застаўся жывы, цудам выратаваў ад ампутацыі ссечаныя асколкамі міны ногі...

Вярнуўшыся зімой 1944 г. на радзіму, працаваў спачатку ў Журавіцкай СШ, сакратаром райкама камсамола, зусім нядоўга — суддзёй. Нарэшце быў зроблены і выбар — на карысць літаратуры. Пісаў шмат, узахлёб, не спяшаючыся пасылаць напісанае ў рэдакцыі. Аддаючы свае творы на прачытанне сябрам (Пятру Васілеўскаму, пазней Аляксею Кулакоўскаму і інш.), настойліва прасіў не дужа цырымоніцца пры выказванні крытычных заўваг. Але найбольш суровым крытыкам уласных твораў заўсёды быў ён сам. Чытачы ўспрымаюць твор аб'ектывізавана. Што ёсць — тое ёсць. Аўтар жа бачыць не толькі тое, што атрымалася, але і задуму, мару пра свой твор. I чым большая дыстанцыя пралягала паміж задумай і здзяйсненнем, паміж ідэалам і яго рэалізацыяй, тым у большы адчай упадаў А. Макаёнак. Вучыцца! Гэта жаданне было такое моцнае, што не звяртаў увагі ні на службовую кар'еру (а ў сярэдзіне 40-х гг. перспектывы былі выключныя), ні на асабістае жыццё (жанчынам ён падабаўся, і не адна з іх раскідвала на яго сеткі Гіменея). Для Андрэя існавалі толькі дзве жанчыны — Адукацыя і Асвета. Першая з іх была заклікана ўмацаваць яго розум ведамі, другая — узброіць здабыткамі сусветнай духоўнай цывілізацыі. Дастаткова зазірнуць у 2-3 тагачасныя лісты, каб зразумець, якім моцным было яго жаданне вырвацца на вучобу.



"Ты гаворыш, — пісаў ён П. Васілеўскаму, — што я шчаслівы. Якога чорта шчаслівы. Я недарасль! Невук! Мякіш недалепленага хлеба. Мне трэба вучыцца, а я не магу. Сёння сабраўся было ехаць у Мінск, накіроўваюць на вучобу ў партыйную школу пры ЦК КП(б) Беларусі. 1 год вучобы. Але, ці бачыш, маці лічыць, што не здолее сябе забяспечыць дрывамі і Андрэй не павінен ехаць. Я не скажу, што гэта школа — мара, не, канечне. Але, Пецька, гэта ж Мінск, а не Журавічы, і, па-другое, яна, вядома, многа чаго дасць у гэтай школе праграма комвуза... Эх, Пецька, Пецька! Вучыцца, вучыцца мне трэба. Азбуцы. І не ведаю, што рабіць ".

Яму ўрэшце ўдалося вырвацца ў Мінск. I адразу змянілася танальнасць яго лістоў. "Так, — паведамляў ён таму самаму П. Васілеўскаму, — ты, магчыма, яшчэ і не ведаеш, — я ж вучуся ў школе прапагандыстаў пры ЦККП(б)Б, галоўнае тое, што я вучуся і маю магчымасць працаваць над сабой. У праграме сацыяльныя навукі. Ёсць літаратура. Выкладчыкі — прафесары. Звыш праграмы — лекцыі па мастацтву. Можна ўзяць многае".

I ён браў. Знаёміўся з літаратурнымі равеснікамі, прагледзеў увесь рэпертуар мінскіх тэатраў, наведваў выстаўкі... Кожную вольную хвіліну праводзіў у бібліятэцы. Адкрыў для сябе "непраграмнага" Льва Талстога, які ўразіў энцыклапедычнасцю ведаў і праніклівай глыбінёй разумення мастацкага стварэння.

Ды нядоўга, як кажуць, музыка іграла: давучыцца Андрэю Макаёнку не далі. Кадраў катастрафічна не хапала, і давялося яму ехаць у Гродна на пасаду другога сакратара гаркама камсамола. Працы — патрэбнай і не вельмі — хапала пад завязку. Нешта ўдавалася напісаць, сеё-тое прачытаць. I ўсё — урыўкамі, адрываючы час ад сну. Невядома, чым бы ўсё закончылася, але трагічныя падзеі (самагубства сястры Моці, смерць яе мужа) вымусілі шукаць працы бліжэй да дому, каб дапамагчы маці, на руках у якой застаўся зусім маленькі ўнучак-сіраціна. Пакуль не вызвалілася месца памочніка сакратара райкама партыі ўЖуравічах, працаваў у Магілёве. Шмат пісаў. Аднаактовую п'есу "Добра, калі добра канчаецца" адзначылі прэміяй на рэспубліканскім конкурсе. Шматактовыя п'есы "Ворагі", "Узыходы шчасця" і "Выйгрыш", цалкам завершаныя, чакалі свайго часу, бо не ва ўсім задавальнялі аўтара. Ён не адчуваў — ведаў, што здольны на большае. Ведаў і тое, што пісаць за некага даклады, складаць розныя даведкі ды цыдулкі — занятак не для яго. Вось чаму за магчымасць вырвацца на вучобу распачаў сапраўдны штурм. Заявы, пісьмы, вусныя звароты... Былі падключаны ўсе знаёмыя, ад якіх хоць у яечым залежала станоўчае вырашэнне праблемы. Такі парыў настойлівасці ўтрымаць не магло нішто: дзеля А. Макаёнка пайшлі на пэўнае парушэнне — ён быў залічаны ў Рэспубліканскую партыйную школу пры ЦК КП(б)Б звыш ліміту і пачаў наведваць заняткі крыху пазней за сваіх аднакурснікаў (сітуацыя шмат у чым нагадвала па-ступленне ў пачатковую школу). Прыжыўся Андрэй і ў гэтай школе, з навучальнай праграмай спраўляўся надзвычай лёгка, меў нямала часу на самаадукацыю і творчасць. Залічылі яго на аддзяленне журналістыкі, дык і мара пра літінстытут часткова збылася.

Навучанне прафесійнаму валоданню словам прыносіла вялікую радасць і задавальненне, але пераезд у Мінск даў Андрэю Макаёнку нешта большае — літаратурны асяродак. Узначаліўшы пасля завяршэння вучобы аддзел прозы ў часопісе "Вожык", ён атрымаў магчымасць кантактаваць з былым рэдактарам выдання К. Крапівой, супрацоўнікамі Я. Брылём, П. Панчанкам, М. Танкам, I. Шамякіным, П. Кавалёвым, У. Корбанам і інш. Разам з тым на практыцы здзяйсняў свой дэвіз: "Толькі больш працаваць і вучыцца". А вучыўся, адукоўваўся Андрэй Макаёнак усё жыццё. Яго прага ведаў проста ўражвала. Ён мог гадамі "паляваць" на рэдкую кнігу, на тую ці іншую публікацыю ў замежнай перыёдыцы. Асаблівай крыніцай папаўнення ўласнай "інфармацыйнай базы" былі сустрэчы з цікавымі людзьмі. У яго любілі бываць не толькі пісьменнікі і артысты, але і буйныя вучоныя, мастакі, дзяржаўныя дзеячы, ваенныя. Пры тым для драматурга было абсалютна няважна, які чын, пасаду мае госць. Важна, каб ён аказаўся асобай, змястоўным, цікавым чалавекам з неардынарным жыццёвым лёсам. Прагнасць, з якой драматург шукаў сустрэч з рознымі людзьмі, была праявай усё той жа непазбыўнай юнацкай прагі адукацыі. Ён зразумеў, што навучанне адбываецца не толькі ў школьных класах ды універсітэцкіх аўдыторыях, што без уласнага вопыту працы ў раённых кіраўніцкіх арганізацыях яму не ўдалося б напісаць ні сатырычнай камедыі "Выбачайце, калі ласка!" (мы пачынаем забываць, што гэты твор па праву лічыўся адным з самых выдатных ва ўсёй савецкай літаратуры і не толькі), ні "Лявоніхі на арбіце" з "Трыбуналам", ні "Кашмару" з "Пагарэльцамі". Паводде літаратурнага вопыту ім напісаны хіба што трагікамедыі" Зацюканы апостал” і "Дыхайце эканомна".

Як бы там ні было, а ў сваіх п'есах Андрэй Макаёнак з вялікай цеплынёй выводзіў вобразы сейбітаў "разумнага, добрага, вечнага". Як правіла, у гэтай ролі выступалі сельскія настаўніцы: Наташа ("Выбачайце, калі ласка!"), Лідзія Сямёнаўна ("Таблетку пад язык").



...У сваю апошнюю кватэру А. Макаёнак усяліўся літаральна за тыдзень да смерці. Кнігі з уласнай бібліятэкі (і гэта з бітымі-перабітымі нагамі!) ён пераносіў, упарадкоўваў на новым месцы сам...
Жыццё не толькі нясе нам радасці, яно дае і засмучэнні. І калі адсутнічае вострае пачуццё, уменне чымсьці захапіцца, чымсьці абурыцца, тады не будзе жадання што-небудзь змяніць у лепшы бок, перайначыць, выправіць у свеце, дзе жывеш, тады не будзе творчасці , тады і не з'явіцца твор, які б запаліў у сэрцах і душах людзей агонь стваральнага імпэту. І вось менавіта стварэнне другараднага агню – удзячная задача любога пісьменніка, асабліва драматурга.

Андрэй Макаёнак
: files
files -> Конкурс журналісцкіх матэрыялаў "твой стыль"
files -> Кроніка грамадскага жыцця Гарадзеншчыны ад грамадскага аб’яднання “Цэнтр “Трэці сектар”
files -> Праграма Artes liberales 2013 (12–28. 02)
files -> Культурная праграма Першага нацыянальнага форуму “Музеі Беларусі”
files -> Штомесячны агляд эканомікі беларусі
files -> Пазакласны занятак па музыцы. Калейдаскоп дзіцячых фальклорных гульняў
files -> Паводле лірычных твораў А. С. Пушкіна мы іграем пушкіна
files -> 18 кастрычніка 2012 г. 1522 Аб узнагароджанні Ганаровай
files -> Клубы і аматарскія аб’яднанні Назва бібліятэкі




База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка