Трафімчук Дзмітрый Уладзіміравіч Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, Мінск



Дата канвертавання15.05.2016
Памер77.5 Kb.
Трафімчук Дзмітрый Уладзіміравіч

Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, Мінск


ПАХАВАЛЬНЫ АБРАД У ЛЯХАВІЦКІМ РАЁНЕ БРЭСЦКАЙ ВОБЛАСЦІ: ГІСТАРЫЧНАЯ РЭТРАСПЕКТЫВА
Пахавальны абрад – гэта традыцыйны абрад. Паколькі традыцыя з’яўляецца найбольш устойлівай і менш схільнай да трансфармацыі плыняй у народным жыцці, то і традыцыйныя абрады менш за ўсё паддаваліся пэўным новаўвядзенням ці змяненням. Пра гэта гаворыць у сваім артыкуле “Структурны аналіз пахавальнага абраду: аналіз рытуальных і вербальных кампанентаў” Сысоў У.М [1, 277], вядомы даследчык беларускага пахавальнага абраду. З гэтым не магчыма не пагадзіцца, калі мы гаворым пра варыянт абраду яшчэ некалькі дзесяткаў гадоў таму. Аналізуючы сучасны пахавальны абрад, мы можам назіраць пэўныя элементы колішняй пахавальнай традыцыі. Структура абраду захавалася, але форма спрасцілася. У прыведзеным дакладзе мы прасочым падабенства традыцый сярэдзіны ХХ стагоддзя з відазмяненнем абрада ў пачатку ХХІ стагоддзя.

Галоўным інфармантам была Пабягайла Уладзіслава Станіславаўна. Яна нарадзілася ў 1945 годзе ў вёсцы Малое Падлессе Ляхавіцкага раёна, каталічка.

Уладзіслава Станіславаўна распавяла пра пахаванне свайго аднавяскоўца Вінцука. Намі зроблена спроба структурнага аналізу пахавальнага абраду Ляхавіцкага раёна. Аналіз выкананы паводле схемы, прапанаванай даследчыкам У. М. Сысовым [1, 344].
Смерць чалавека і рытуальныя дзеянні ў першую пасмяротную гадзіну.

Калі стан чалавека казаў за яго пра хуткую смерць, а суседзі ці аднавяскоўцы ведалі пра гэта, то абавязкова прыходзілі да яго праведаць.

Кажуць Вінцук памрэ і мы з мамаю пайшлі, бо тата сказаў, пайдзеце, гаварылі, што яму кепска” – казала Уладзіслава. Каля чалавека, які памірае, кладуць грамнічную свечку, але не запальваюць яе, паколькі чалавек яшчэ жывы. Памірае чалавек наступным чынам: тры разы глыбока ўздыхае і пасля трэцяга разу выпускае дух. “Трэці ўздох як пайшоў і жонка Ганька кажа, трэба свечку даваць, яе запалілі і адзін раз абняслі Вінцуся” – распавядала Уладзіслава. Свечку паміраючаму даюць ў рукі. Трохі трэба патрымаць, дапамагчы паміраючаму добра ўзяцца за яе. У Сысова напісана, што хворага беларуса ў гэты момант акружалі ўсе сваякі і родзічы [1, 282]. Уладзіслава ж кажа пра тое, што побач былі толькі самыя блізкія. Цяжарных жанчын не дапускалі да нябожчыка.

Як чалавек памёр і свечка некалькі хвілін пагарэла ў яго руках (пакуль усе жагналіся і коратка памаліліся), свечку ставяць на стол побач і яна будзе гарэць на працягу ўсіх трох дзён падрыхтокі да пахавання.

Абавязкова накрываюць просцінай якой ці дзярушкамі. Якія там просціны тады ў сяле ў каго былі?! Некалі просцінаў не было, дзярушкамі накрывалі. І вочы зацягваюць, калі сам не заплюшчыў” – працягвала Уладзіслава.

Сысоў У.М, цытуючы Шпілеўскага, піша пра тое, што беларусы ў часе смерці расчынялі ўсе дзверы ў хаце і вароты ў хляве [1, 285]. У 50-х гадах такога рытуалу ў Ляхавіцкім раёне не рабілі. Але праца ў хаце сапраўды сцішалася, і калі налілася ў печы, то яе тушылі.


Падрыхтоўка нябожчыка да пахавання: рытуалы абмывання і пераапранання памерлага

Накрыты просцінамі ці дзярушкамі нябожчык ляжыць дзве гадзіны. Адначасова з гэтым зноў напальвалі ў печы і ставілі шмат чыгуноў. Рыхтаваліся да абмывання памерлага. Хто-небудзь ідзе клікаць трох-чатырох бабак; самі людзі некалі не мылі. Зараз, сцвярджае Уладзіслава Станіславаўна, гэтая традыцыя не захоўваецца. Пасля таго, як памыюць нябожчыка, яго апраналі ў бялізну. Апранутага чалавека клалі на лаву – слонак. У кожнай хаце некалі быў слонак. Побач з ім ставілі на стале свечку, ваду, соль і хлеб пасвечаныя. Калі не было ў што апрануць, то ішлі па швачку, якая шыла ўбор. Разам з гэтым у хаце рабілі чыстату. На лаву клалі, каб цела выраўноўвалася, не згіналася. Са слоў інфарманта стала вядома, што нават існуе адпаведны праклён “Каб ты на лаву лёг!”. “Так заведзена было. Зараз так не робяць. Бо і труну не трэба майстраваць і адзенне ўсё купляюць адразу. Помню і мужчын і жанчын – хавалі ў панчохах, у абуўцы не хавалі. Шкарпэткі мужыкам можа куплялі.”

Традыцыю прыхавання люстэркаў Уладзіслава Станіславаўна пракаментавала наступным чынам: “Люстэркі закрываліся, але якія тады люстэркі былі ў сяле?! Можа якое малое на кухні было… На сценах зеркалоў не было, ні шафаў. І ўвогуле ў любога добрага гаспадара ў хаце стаяў стол, дзве краваці, і лавы па ўсёй хаце, а яшчэ куфар і палавікі саматканыя”.
Выраб труны і перанос у яе памерлага

Адначасова з арганізацыяй абмывання памерлага “бягуць людзям наказваюць, трэба ж труну рабіць. А некалі ў кожнага добрага гаспадара заўсёды былі дошкі. Мужчыны прыходзяць выбіраюць дошкі і пачынаюць рабіць труну” – распавядала Уладзілава. Сысоў У.М. у сваім артыкуле піша пра тое, што ў кожнай вёсцы былі свае майстры, якія ўмелі зрабіць труну [1, 297]. Са словаў Уладзіславы Станіславаўны зразумела, што вызначаных майстроў не было, труну маглі змайстраваць усе мужчыны вёскі. “З новых дошак труна была жоўценькая. Ніхто лямпамі не абпальваў, гэта было ўжо сорак гадоў пазней. У сярэдзіну клалі стружку, якая засталася ад габлявання труны. Цяпер жа не сцелюць. Ён (гроб) быў мяккенькі як пярына, гэтымі ж апілкамі набівалі падушку. Труна аббівалася белым мацерыялам – палатном”. Таксама Уладзіслава адзначыла, што “бабы аздаблялі труну, выразалі нейкія беражкі, усё рукамі рабілі”. Адразу ж клалі чалавека і рабілі крыж.


Наведванне роднымі і суседзямі памерлага ў яго хаце адбывалася на працягу ўсіх трох дзён. Хавалі толькі на трэці дзень. “Бывала, дзе з арміі каго чакалі, то маглі пахаваць і на чацвёрты дзень”. Гэтая традыцыя звязаная ў першую чаргу з біблейскай гісторыяй смерці і ўваскрасення Хрыста. Увесь час прыбыцця нябожчыка ў хаце каля яго дзяжурылі і над ім маліліся. Працягваючы аповед, Уладзіслава Станіславаўна адзначыла, што ўся сям’я займалася арганізацыяй вячэры: “бегалі гарэлку шукалі, пеўчых. Некалі ж бабы ўсе ў сяле ўмелі маліцца. Усіх баб склікалі і ўжо маліліся, доўга маліліся, у праваслаўных па-другому, але так было ў каталікоў”. Адзначана таксама, што чужыя людзі на ноч сыходзілі, а свечкі гарэлі ўсе тры дні - і днём і ноччу.

Пахаваць чалавека гэта былі вялікія турботы (такую адзнаку дала інфармант). Гаворачы пра тое, што некалі ксяндзоў не было, Уладзіслава мела на ўвазе, што іх адразу не запрашалі ў хату. Святар прыходзіў толькі на магілу. На месцы пахавання адпраўлялася імша і непасрэдна пахавальная малітва.

Наконт галашэнняў на працягу пахавання Уладзіслава паведаміла, што плакалі з большага свае: “Я то не любіла як нехта галасіў. Мяне смех браў як галосяць. Кажуць, ой ну і галасілі, ну і шкадавалі! Былі людзі са стараны, іх ніхто не наймаў, самі прыходзілі. Былі бабкі, - працягвае Уладзіслава, - якія любілі выпіць, яны за гэта і жылі. І ўжо як пачнуць прыгаворваць, дык там усе плачуць. Але іх затым выганялі. Яны ў хату адно зойдуць, адразу перажагнаюцца, і пачынаюць галасіць, і ўсе таксама плачуць”.
Вынас труны з нябожчыкам з хаты

Вынасу труны з хаты папярэднічалі пэўныя прыгатаванні. Па-першае, усе маладыя дзяўчыны ад дзевяці гадоў, калі пахаванне адбывалася вясною ці летам, ішлі па вёсцы, заходзілі на двор да гаспадыні. Звяртаючыся з навіною пра смерць аднавяскоўца, прасілі выразаць кветак з агародчыка на вянок. Вёска была вялікая, таму кветак было таксама шмат. Вянок рабілі толькі адзін, але вялікі. Як сцвярджае інфармант, вянок быў даўжынёю ў чатыры-шэсць метраў, каб пакрыць усю магілу. Адначасова з дзяўчатамі, хлопцы ішлі ў лес, каб прынесці елак для працэсіі.

Вынас труны з хаты асабліва нічым не вызначаўся. Працэсія выглядала наступным чынам: спачатку неслі крыж, затым харонгі (спецыяльныя сцягі з касцёла, харугвы), за імі дзяўчыны неслі вянок, далей крышка з-пад труны, сама труна, падвода (запрэжаны конь) і следам ішлі людзі. “Такая вераніца была”, - кажа Уладзіслава.
Шэсце пахавальнай працэсіі на могілкі

Працэсія ішла праз усю вёску ў тым парадку, які быў зладжаны перад хатай. Усе людзі, што былі ў хатах выходзілі на двор, каб правесці аднавяскоўца. Звычайна вяскоўцы далучаліся да працэсіі. Гэта быў вялікі грэх, каб нехта спаў ці яшчэ нешта рабіў, у той час як “мерцвяца” неслі па вёсцы. Калі выходзілі за сяло – спыняліся. Сын, брат ці зяць запрашаў усіх прысутных развітацца з нябожчыкам.

На працягу ўсёй працэсіі адбывалася малітва на ружанцы, яго адгаворвалі цалкам. Амаль усе вясковыя жанчыны ўмелі добра спяваць, таму малітвы перамяжоўваліся выкананнем пахавальных спеваў.
Падрыхтоўка магілы і пахаванне

Магіла рыхтавалася загаддзя, капалася ў першай палове дня. Яму капалі ў два метры. Яе глыбіня апраўдана практычным разуменнем, каб які-небудзь воўк ці сабака не раскапаў свежую магілу.

Пахаванне адбывалася ў другой палове дня, пасля палудня. У часе прыходу працэсіі на могілкі, там ужо знаходзіўся святар. Яго запрашалі з Баранавіч, бо мясцовы святар быў сасланы, а ў Ляхавічах не было. Часам так здаралася, што хавалі і без святара. На могілках адбывалася малітва над памерлым і апошняе развітанне. “Труну спускалі ў яму на вяроўках. На ручніках тады не апускалі ў нашым сяле” – паведаміла Уладзіслава. На магіле ставілі крыж і клалі доўгі вянок. Перад сыходам з могілак, гаспадары запрашалі ўсіх прысутных на памінальную вячэру.
Памінальны стол у дзень пахавання

Для гаспадароў, якія ладзілі пахаванне, было важным, каб у першую чаргу на вячэру прыйшлі тыя, хто спрычыніўся да пахавання: хто дапамагаў памыць, апрануць нябожчыка, тыя, хто рабілі вянок, маліліся, капалі магілу, неслі труну.

Як зайшлі ў хату, то спачатку маліліся. Пасля малітвы тушылі свечкі і тады пачыналася сама вячэра. Зараз свечкі могуць гарэць на працягу ўсёй вячэры. Выпівалі толькі па тры чаркі. Шмат не пілі. Раней каша заўсёды падавалася ў канцы вячэры, а зараз наадварот (“Пасля пашы няма кашы”). Таксама варылі кіслую капусту.
Такім чынам, яшчэ Сысовым У. М. беларускі пахавальны абрад быў структурна падзелены на восем частак. кожнай з якой адпавядае пэўная ступень завершанасці [1, 344]. Аповед Пабягайла У.С. быў таксама падзелены паводле прапанаванай структуры з мэтай прасачыць адрозненні варыянту пахавальнага абраду ў Ляхавіцкім раёне ў сярэдзіне ХХ стагоддзя з сучасным варыянтам пахавання.

Сучасны пахавальны абрад выглядае больш проста ў параўнанні з сярэдзінай мінулага стагоддзя. Са слоў інфарманта Пабягайла У. С., зараз няма вялікай розніцы, хто займаецца абмываннем нябожчыка. Адзежа і труна з’яўляецца прадметам клопату спецыяльных рытуальных службаў. Падрыхтоўка вячэры палягае толькі ў тым, каб вызначыцца з месцам правядзення. Пры магчымасці нябожчыка могуць пахаваць і на другі дзень пасля смерці. Вянок не адзін і вялікі, стварэнне якога было таксама важным працэсам кансалідацыі і спачування аднавяскоўцаў. У наш час усе наведвальнікі хаты нябожчыка нясуць уласны вянок, набыты таксама ў рытуальных крамах. Працэсія ідзе толькі блізка ля дома нябожчыка. Далей труна ўскладаецца ў спецыяльны аўтобус ці машыну і вязецца на могілкі. Свечкі на вячэры могуць гарэць на працягу ўсіх памінак. Госці п’юць гарэлкі столькі, колькі ёсць. Маўляў, чым больш выпіта, тым лепей памянулі памерлага.

Нельга не адзначыць, што структурна абрад захоўвае свой выгляд і зменаў асаблівых не пацярпеў. Форма засталася тая самая. У сваю чаргу насычэнне абраду стала дасціпней, прасцей. Сваякі і блізкія клапоцяцца як мага хутчэй пахаваць нябожчыка. Усе працэсы пахавання адбываюцца даволі аператыўна і зладжана.

Аналізуючы пахавальны абрад у вёсцы Малое Падлессе і навакольных вёсках Ляхавіцкіга раёна сярэдзіны ХХ стагоддзя можна сцвярджаць, што ў сваёй значнай ступені абрад мае шэраг агульных рыс з пахавальнай традыцыяй іншых рэгіёнаў Беларусі. Адначасова з гэтым, некаторыя асаблівасці дазваляюць асобна вылучаць пахавальны абрад у Ляхавіцкім раёне Брэсцкай вобласці.


Спіс выкарыстанай літаратуры:

  1. Казакова І. В. Этнічныя традыцыі ў духоўнай культуры беларусаў. М., 1995.

  2. Сысоў У. М. З крыніц спрадвечных. М., 1997.

  3. Фядосік А. С. Пахаванні, памінкі, галашэнні. М., 1986.

  4. Фядосік А. С. Беларускі фальклор. Жанры, віды, паэтыка. Кніга другая. НАН РБ, Інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя Кандрата Крапівы. М., 2001.

Інфармант:



  1. Пабягайла Уладзіслава Станіславаўна, 10.06.1945 г.н.


База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка