Творчы шлях і літаратурная спадчына пісьменніка Ігнація Ходзькі



Дата канвертавання15.05.2016
Памер231.12 Kb.
Творчы шлях

і літаратурная спадчына

пісьменніка

Ігнація Ходзькі

У маёнтку Дзевятні, непадалёку ад мястэчка Нарач, у невялікім шляхецкім доме, акружаным старым паркам, на беразе рачулкі Зусты - прытоку Спягліцы - з 1814 года і да апошніх дзён свайго жыцця (да жніўня 1861 года) гаспадарыў і тварыў пісьменнік Ігнацій Ходзька. Гэты куток маляўнічай і спакойнай беларускай прыроды напаўняў яго сілай і натхненнем, садзейнічаў раскрыццю на поўніцу пісьменніцкага таленту ў паэтычнай творчасці, гуманістычных апавяданнях, гістарычных аповесцях. Пісаў і выдаваў свае творы Ігнацій Ходзька на польскай мове. Амаль усе дзеючыя асобы яго аповесцей і апавяданняў жылі ці вандравалі ў паўночна-заходніх мясцінах тагачаснай Літвы, сённяшняй Беларусі, але, не зважаючы на гэта, праз пэўны час ён быў прызнаны класікам польскай літаратуры, творы яшчэ пры жыцці аўтара сталі хрэстаматыйнымі, выкладаліся ў школе ў нашых мясцінах да 1939 года.

Нарадзіўся будучы пісьменнік у маёнтку Заблошчына ў толькі што створаным (пасля апошняга падзелу Рэчы Паспалітай) Вілейскім павеце 17 верасня 1795 года, што пацверджана запісам у метрычнай кнізе Касцяневіцкага касцёла. Пасля першапачатковай дамашняй адукацыі, якая ў будучым аказала вялікі ўплыў на творчасць пісьменніка, яго ў дзесяцігадовым узросце аддалі на вучобу ў Базыльянскую школу для шляхецкіх дзяцей у Барунах Ашмянскага павета. Мястэчка знаходзілася ў ціхім кутку павета, аддаленым ад гаманлівых гарадоў, што спрыяла грунтоўнаму авалоданню навукамі і не адрывала вучняў, дзяцей вясковай шляхты, ад сямейных традыцый, ад знаёмых ім з маленства краявідаў.

Скончыўшы школу ў Барунах, Іганцій Ходзька ў 1810 годзе ў пятнаццацігадовым узросце паступіў у Віленскі універсітэт на факультэт літаратуры і вольных мастацтваў. Там ён вывучаў антычную, рымскую і польскую літаратуры; археалогію, філасофію тэалогію; грэчаскую, італьянскую, французскую, нямецкую і рускую мовы; мастацтва гравюры, скульптуру і жывапіс. Літаратура выкладалася ў той час ва універсітэце ў класічным стылі. Па заканчэнні вучобы дзевятнаццацігадовы Ігнацій Ходзька атрымаў ступень кандыдата філасофіі. Гады вучобы надоўга аддалілі ад паданняў і гісторый, пачутых у дзяцінстве, ператварылі іх у байкі, каторыя апавядалі малым дзецям.

Першыя літаратурныя спробы адбыліся ў 1817 годзе ў таварыстве шубраўцаў, куды яго ўвёў Ян Ходзька – апякун пасля страты бацькоў. У “Ведамасцях бруковых”, органе таварыства, Ігнацій Ходзька друкаваў свае першыя вершы ў класічным стылі, гумарыстычна-сатырычныя артыкулы і вёў палеміку з прыхільнікамі рамантызму ў літаратуры. У той жа час яго вершы і пераклады з французскай мовы друкаваў часопіс “Віленскі дзённік”.

Асеўшы стала ў Дзевятнях, спадчыне па дзеду, Ігнацій Ходзька працяглы час займаецца грамадскімі справамі і абавязкамі: удзельнічае ў камісіях, сесіях, эксдывізійных судах, займае розныя павятовыя пасады. Толькі ў 1829 годзе ў альманаху “Мелітэле” (багіня вясны), выдаваным Адынцом у Варшаве, была надрукавана аповесць “Падданы”. Аповесць не засталася незаўважанай. Першая спроба ў прозе была падтрымана Адамам Міцкевічам і сябрамі-літаратарамі. Хайя напісана была ў класічным стылі. Праз восем год, у 1837 годзе ў альманаху “Біруля”, выдаваным Іосіфам Крачкоўскім, было надрукавана гумарыстычнае апавяданне “Самавар”, затым аповесць “Дамок майго дзядулі” і “Ранак перад шлюбам”. У гэтых творах адбылося вяртанне аўтара да паданняў з дзяцінства, да дамашняга быту і звычаяў ліцвінаў, да прыгажосці роднай прыроды. Магчыма, адбыўся такі паварот у творчасці пад уплывам твораў Яна Ходзікі і ўжо шырокавядомых паэм Адама Міцкевіча “Пан Тадэвуш” і “Гражына”, прасякнутых цікавасцю і любоўю да гісторыі сваёй Бацькаўшчыны.

З 1840 года аповесці Ігнація Ходзькі пачалі выходзіць серыямі ў друкарні і на кошт Іосіфа Завадскага пад агульнай назвай “Ліцвінскія малюнкі”, затым “Ліцвінскія паданні” аб яшчэ больш далёкім мінулым нашага краю.

Першая серыя. 1840 год, у 2-х тамах, аповесці “Дамок майго дзядулі”, “Баруны”, “Смерць майго дзядулі”, “Апошняя сесія эксдывізіі”, “Самавар”, “Вяртанне дзедзіча”.

эксдывізія – падзел маёмасці паміж крэдыторамі пры банкруцтве ўладальніка,

дзедзіч – спадкаемца па дзеду.

Другая серыя. 1842 год, у 3-х тамах, аповесць “Берагі Віліі.” У склад увайшла раней выдадзеная аповесць “Ранак перад шлюбам”.

Трэцяя серыя. 1844 год, у 3-х тамах, аповесць “Дзённікі квестара”

квестар – зборшчык ахвяраванняў, від паслушэнства ў манастырах.

Чацвёртая серыя. 1849 год, аповесці “Юбілей”, “Дух апякунчы”, “Аўтар сватам”, “Панна на ўтрыманні” (нахлебніца).

Пятая серыя. 1850 год, аповесць “Дворыкі на Антаколі”.

Шостая серыя. 1862 год, аповсесць “Новыя дзённікі квестара”, выйшла з друку пасля смерці пісьменніка.

Пасля выхаду пятай серыі “Ліцвінскіх малюнкаў” пачалі выходзіць таксама серыямі “Ліцвінскія паданні”.

Першая серыя. 1852 год, аповесці “Пракляты”, “Камень у Альгенянах”.

Другая серыя. 1854 год, у 2-х тамах, аповесць “Жэгота з Міланова Міланоўскі”.

Жэгота – імя героя аповесці.

Трэцяя серыя. 1858 год – І том, 1860 год – ІІ том, аповесць “Пустэльнік у Пранюнах”, другая назва ІІ тома “Вотум няўдалы”.

У 1857 годзе самастойнай кніжкай выйшлі з друку дзве аповесці “Размовы шляхецкія” і “Размовы юнацкія” пад агульнай назвай “Дзве размовы з мінулага”. Пасля смерці пісьменніка былі сабраны першыя юнацкія творы, якія друкаваліся ў “Ведамасцях бруковых,” огране таварыства шубраўцаў і “Віленскім дзённіку”, выдадзены самастойнай кніжкай пад назвай “Спробы новага Дзікцыянера”.

З 1829 па 1861 год пісьменнікам Ігнаціем Ходзькам было напісана і выдадзена звыш дваццаці аповесцей аб мінулым нашага краю, яго складанай гісторыі, аб легендах і паданнях, вёсках, мястэчках і, наогул, цікавых мясцінах. У паказе краявідаў пяро пісьменніка параўноўвалі з пэндзлем мастака-жывапісца. У аповесцях літаратуразнаўцы налічылі 84 мужчынскія тыпы і 15 жаночых, намаляваных яскрава, з жыццёвай праўдай. Крытыка (польская, Расію не цікавіла апісанне “Северо-западного края”) да творчасці пісьменніка спачатку аднеслася вельмі прыхільна, але пазней вінаваціла аўтара ў прастаце сюжэтаў, у недасканаласці польскай мовы (многа беларускіх слоў і выразаў). У нежаданні пісаць аб сучаснасці, прызнавала пры гэтым вялікі талент і рэалістычнасць апісання жыцця свайго краю ў ХVІІІ і пачатку ХІХ стагоддзяў. Свядомага ліцвіна Ігнація Ходзьку прызналі таленавітым польскім пісьменнікам, крыху прынізіўшы яго творчасць, артыкулы з яго біяграфіяй і творчым шляхам уключылі ва Усеагульную Вялікую Энцыклапедыю (том ХІІ. стар. 762), у Гісторыю Літаратуры Польскай (том V. стар. 258), у Альбом заслужаных палякаў і полек і другія выданні.

Час, калі жыў аўтар малюнкаў і паданняў, быў канцом доўгай эпохі феадалізму. Капіталізм нястрымана ўваходзіў у жыццё ўсіх слаёў насельніцтва. Вялікія эпахальныя падзеі можна ўбачыць і асэнсаваць толькі здалёку, праз пэўны час. Нядзіўна, што пісьменнік звярнуўся ў сваёй творчасці да гісторыі, да жыцця дзядоў і прадзедаў, каторае аддалялася і на вачах знікала, жадаючы захаваць яго для нашчадкаў. Чытаючы творы нашага знакамітага пісьменніка, мы бачым, што жаданні свае яму пашчасціла ў поўнай меры рэалізаваць.

Сёння аповесці Ігнація Ходзькі для нас, жыхароў Беларусі, не толькі цікавая і забаўляльная літаратура, але і крыніца ведаў пра нашу далёкую гісторыю, пра жыццё і быт нашых продкаў: вясковай шляхты, сялян, жыхароў мястэчак, аб багацці і харастве нашай прыроды і многа аб чым іншым.

Даўно ўжо надышла пара перакладаць аповесці і выдаваць на беларускай мове, пара вяртаць аўтара на Радзіму!

Анатоль Капцюг, Вілейка

Самавар
...Твая фартунка няхай і хатка,

Ды будзе добра здавацца,

Калі сто злотых будуць дадаткам,

А з іх дзесяць хоць – заставацца.

Але калі маеш вяльможнасць на мэце,

Схочаш жыць гучна, гучна прыняць госця,

– Як ягамосцем стаў ты з вашэці,

Так зноў вашэцем станеш з ягамосця.

Хто ж у Літве не ведае старога Мухіна? Хіба ж знойдзеш дом, дзе б ён ні гасцяваў прынамсі раз на год? У каго ж аддаленыя ад гарадоў жыхары дастаюць адборную ці пасрэдную – на якую не шкада грошай – гарбату? Хто ж даставіць напярэдадні зімы цёплы кажух? На пост – смачнай ікры? Для панічаў і паненак – салодкіх варэнняў, на якія яны цэлы год збіраюць свае малыя даходы? Ён ужо паўсюль ведае па імю кожнага, кожнага называе даўнім прыяцелем, для кожнага ў яго ёсць што прыпомніць, многім ён прывозіць здалёк паклоны і звесткі аб здароўі ад сваякоў ці сяброў – словам, ён мае тут, у Літве, пэўна больш знаёмых і прыязных да яго, чым у сваёй роднай старонцы.

Дык вось гэты Мухін марозным студзеньскім ранкам у вігілію Трох Каралёў пад’ехаў да шырока пабудаванага фальварковага дому, дзедзіч якога, аддаючы належнае легкадумнай маладосці, нарэшце збанкрутаваў; і, пакінуўшы старасвецкае гняздо сваіх прадзедаў, рынуўся ў свет за фартунай, якая ўцякла з ягонага ўласнага дому.

Мухін ведае, каму чаго трэба: пасля сардэчнага прывітання з гаспадаром, калі яму загадвалі прынесці тавары, даставаў кажухі з беззаганных маціц* для ягамосці, бламы* зайцоў і вэнджаную заечыну для яемосці, а ручнікі, рыпс і не найлепшыя паркалікі – для паненак. Але гэтым разам Мухін ашукаўся, бо пан Балтазар Сулярскі за год, што прайшоў з апошняга з’яўлення тут купца, з аканома стаў уладальнікам часткі маёнтку, падзеленага паміж крэдыторамі разоранага дзедзіча, пазычаючы якому ягоныя ж даходы як свае, налічыў сабе належнае і з ім усталяваўся вечным ды воўчым правам у фальварку, дзе раней займаў аканомскую гасподу.

Яшчэ ў мінулым годзе Мухін, не ўгандляваўшы ўжо нічога ў палацы, затое шмат – у фальварку, зразумеў, куды хіляцца справы, і прадказаў дзедзічу дрэнны канец, і таму цяпер ужо заехаў проста да фальварку. Унёсшы ў хату тавары, заўважыў у ёй некаторыя перамены: была нанова выбеленая, на месцы ўслону стаяла канапа,якую ён некалі бачыў у пакоях дзедзіча; перад ёй столік з карэльскае бярозы, некалькі крэслаў каля століка; на сценах на месцы пабожных абразкоў – чатыры пары года,«Венера»Тыцыяна і «Гісторыя блуднага сына». «Ха! – падумаў стары ліс, – тут давядзецца паказаць штосьці іншае». 3 абурэннем адшпурнулі яемосць і паненкі ўсё, што прынёс, а ягамосць рассеяў неўразуменне Мухіна, выкрыкваючы самазадаволена: «Я тут ужо пан! Пане Мухін, я пан! Д’яблы ўзялі майго пана падкаморыча, а цяпер я тут пан!» – «Ну, поздравляем, поздравляем, – казаў Мухін, – вып’ем водочка за панскае здароўе! Гэта добра! Гэта выдатна! Я этому очень рад! І яемосць каханенька! 1 паненкі теперь барышни! Это хорошо! Это очень хорошо!» Тым часам шапнуў некалькі незразумелых слоў таварышу, а пакуль той забіраў усе тавары і выносіў, Мухін пералічваў доўгі спіс і ншых, называючы вартасці кожнага і прозвішчы пакупнікоў. Як успомніў чай і самавары – панна Саламея, старэйшая дачка іхмосцяў гаспадароў, падскочыла гарэзліва, быццам старога Мухіна пацалаваць хацела! «Ах! Самавары, папуню, самавар і чай: гэта ж паўсюль п’юць гарбату з ранку і ўвечары нават, а мы адны толькі ліпавым цветам і дзіваннай* душыцца мусім. Папа, далібог мусіш купіць самавар. Ці Пан Бог папе не даў цяпер, хвала Богу, і маёнтку? Ці няма за што?» – «Гэй! Што там вярзеш? – прыкрыкнуў ягамосць. – Пайшла прэч з гэтым сваім самаварам! Вось нап’ёмся з шаноўным Мухіным жытняй «гарбаты» – гэта лепей будзе. Да васпана, пане Мухін».

Саламея, бачачы, што, ідучы напралом, не трапіць да мэты, пацягнула паціху маму за сукенку, выйшла ў бакоўку, за ёй і маці. Там з плачам выклала мамулі, што ніколі замуж не выйдзе, калі, казала, жыць будзем так, як дасюль: «Бо ніхто не бывае ў нас, дый хто на нас гляне? А хоць бы хто і прыехаў, хіба мы яго па-людску прымем? Вось пан асэсар, можа, і сапраўды мае пачуцці да мяне, бо не раз паўтараў, што мяне кахае. Але што ж з таго? Калі часам сюды прыедзе, дык ягамосць вітае яго першымі словамі: «Я падаткі заплаціў!» Частуе потым простай гарэлкай, а коням не дае корму. Дый ці мала хто б завітаў...» – «Ну дык што? – перапыніла маці, жадаючы дапамагчы лёсу дачушкі. – Чаго ж трэба?» – «Трэба маме купіць самавар і гарбату, мець чым прыняць і пачаставаць гасцей! Ці мама не патрапіць, як і іншыя гаспадыні,усесціся прыгожа за столікам, наліваць гарбату і весці размову? Ці мама не бачыла людзей і свету?..» – «Так, гэта праўда, ці мала дзе я бывала і ці мала чаго бачыла!!!»

Саламея, такім чынам узрушыўшы ў маміным сэрцы і любоў да дзіцяці, і самалюбства, стаяла на сваім: «Няхай жа мама ідзе, – дадала, цалуючы ёй руку, – і няхай ягамосць купіць самавар». – «Ды купіць, пэўна, купіць», – сказала маці,і абедзве выйшлі з бакоўкі.

Пан Сулярскі тым часам, тройчы зірнуўшы ў бутэльку, вытаргаваў у Мухіна кажух і, зараз жа ўлезшы ў яго, праходжваўся задаволена па хаце, падымаючы яго ля пояса абедзвюма рукамі ўверх, бо быў занадта доўгім на нізкай і каржакаватай фігуры ягамосця:

– А што, душка? Бачыш, у якім я кажуху? Абшыю яго сукном і дадам каўнер са старога мядзвежага футра нябожчыка падкаморага, якое я купіў на аўкцыёне падчас эксдывізіі*, вось буду мець і мядзведзя!

– Ды што твой мядзведзь! Вось, вашаць ягамосць (бо пані Сулярская, для якой і праз 30 гадоў мужычок быў вашэцям, з цяжкасцю магла прывыкнуць да ягамосця і найчасцей спалучала разам цырыманіяльны і звычны звароты да мужа), вось, вашаць ягамосць, купі лепей самавар і гарбату.

–Ці зноў з самаварам? Навошта табе, душка, ён патрэбны? Я п’ю зранку гарэлку, і ты часам мне дапамагаеш. Ды і кавы згатуеш,калі які мосці пан прывалачэцца. Дочкі няхай п’юць малако, няхай сабе і дзіванну з мёдам…

– Вось, вашаць, баламуціш, – перабіла яемосць, і ўсё тут. – Хочаш, каб цябе людзі ведалі, хочаш дачок замуж павыдаваць, а жыць па-людску не хочаш!

– Папа ж казаў пазаўчора, – адгукнулася пакорліва Саламея, – што хоча стаць памежным суддзёй.

– Але, суддзёй! А хіба гэты самавар зробіць мяне суддзёй?

Мухін усім сваім красамоўствам падтрымаў жаданне яемосці і паненкі. Яшчэ разы з тры яемосць частавала яго гарэлачкай, і з кожным разам Мухін павышаў цану самавара, апасаючыся, каб, набраўшыся, не забыўся і не страціў на зацягнутым торгу. Нарэшце, ягамосць volens nolens* паддаўся загадам жонкі, просьбам дачкі і парадам Мухіна, які,узяўшы за самавар падвоены кошт, аднёс яго з важнай і дабратворнай мінай на столік у куце, быццам наўмысна падрыхтаваны прыняць дастойнага і бліскучага госця. Фунт гарбаты дапоўніў рэшту куплі – і пан Сулярскі з Мухіным вылілі з бутлі апошнюю кроплю. Пасля таго як купец некалькі разоў запэўніў, што ніколі не абміне такіх честных гаспадароў, яны развіталіся, задаволеныя адно адным.

Не магла нацешыцца панна Саламея з новага посуду! Перастаўляла яго так і гэтак на століку, прыглядалася да яго з сёстрамі і брацікам Мацеюшкам і здалёк, і зблізку; разбірала яго на часткі, трыбушыла нутро, але штораз мусіла шчыра прызнаць, што ані сама, аніхто ў доме не ведаў, што ж зрабіць, каб прыгатаваць гарбату ў самавары. Раптам ёй трапіла важная думка: «Заўтра імяніны папы!!! Заўтра!..» Ізноў падскочыла жвава, і зноў пацягнула маму за сукенку ў бакоўку.

– Ведаеш што, мама?

– Ну дык што?

– Заўтра імяніны ягамосця, свята Трох Каралёў: Каспера, Мельхіёра і Балтазара!

– Ага! Ну дык што?

– Зробім, мама, сюрпрыз!

– Што гэта за сюрпрыз? Ці гэта печанае, ці гатаванае? Можа, трэба шмат яек і масла, а тут няма? А можа, яшчэ чагосьці і з крамаў?

– Ды не, мама! Не!

– Вашаць Саламею дарэмна ў пані суддзінай навучылася панскім дурыкам! Мы шляхта, навошта нам гэта патрэбна?! Дык пакінь у спакоі тых сыр... сур... як там балбочаш?

– Але, мама, гэта не страва, гэта штосьці іншае!

– Ну дык што ж?

– Гэта значыць, што ўпотай ад ягамосця запросім на заўтра гасцей, выдадзім гарбату з самавара і справім імяніны папы. Сюрпрыз – гэта значыць, што ягамосць гэтага не чакае і ведаць пра гэта не павінен.

– Ну дык што? Дык трэба паведаміць ягамосцю?

Дачушка страціла цярплівасць ад такога мамінага неразумення, але што з яемосцю зробіш? І пачала падрабязней і як мага найясней тлумачыць свае планы,а паколькі ўрэшце маці не паўтарыла свайго: «Ну дык што?», палічыўшы маўчанне за згоду і разуменне, выйшла з бакоўкі панна Саламея і ўзялася за далейшыя рыхтаванні да заўтрашняй гулянкі.

***


У апусцелым гмаху, які застаўся дзедзічу ад раздзеленых вялікіх вёсак, быццам на магільны помнік ягонай датуль заможнай фартуне, жылі яшчэ двое ягоных слуг. Стары Міхал, кухар яшчэ дзедаў,душой і сэрцам прывязаны да фаміліі паноў сваіх, тром яе пакаленням верна служыў. Плакаў ён штодня над збядненнем апошняга свайго пана, якога на руках выпеставаў, пільнаваў сцены палаца і зазіраў калі-нікалі на кухню, разважаючы сам-насам пра будучыню з такім пачуццём, з якім стары ваяр паглядае на поле, што калісьці было пляцам ягоных трыумфаў. Ненавідзеў ён Сулярскіх, бо ведаў, што яны паскорылі разарэнне паніча, і падзяляў гэтую нянавісць са сваім сужыхаром Юзафам, калісьці лёкаем, камердынерам і фаварытам паніча. Апошні, бадзяючыся з панам па гарадах, дварах і мястэчках, пераняў звычаі і манеры, уласцівыя слугам вялікіх паноў, а менавіта: грубіянства і пыхлівасць з ніжэйшымі, а ўслужлівасць і хітрунства – з вышэйшымі станамі. Не пераносіў таксама Сулярскіх, бо, калі даўней, перадаючы ім часта панскія загады, вылаяў аканома, знёс ён гэта цярпліва, і яшчэ не раз яемосць пана Юзафа на смятану запрасіла; а цяпер Сулярскі, помсцячы за свае [крыўды], неаднойчы франта Юзафа хамам назваць адважыўся і, сотняй бізуноў пагражаючы, дадаваў: «Адкажу пану твайму і заплачу яму, бо такі ён галыш, як і ты». Абодва слугі так чакалі вяртання свайго пана, як ізраільцяне Месію. Адразу пасля эксдывізіі паехаў ён да багатага і бяздзетнага стрыя свайго, адзіным дзедзічам якога быў, з надзеяй на ягоную шчодрую падтрымку і вяртанне ў свае ўладанні з грошамі, а ў выніку – з магчымасцю выгнаць з іх новых гаспадароў.

Вечарам у той дзень, калі Мухін пабываў у адным з пакояў палаца, стары Міхал, седзячы моўчкі, вязаў сетку, хутчэй паводле звычкі, чымсьці з патрэбы, бо стаў, поўны рыб, належаў пану Сулярскаму. Пры гэтым часта ўжываў тытунь, ківаў галавой і ўздыхаў калі-нікалі. Юзаф, у рэштках некалі саетавага* сурдута, папраўляў качаргой агонь у печцы, паліў люльку з доўгага панскага цыбука і, паварочваючыся на ложку, малоў Міхалу лухту пра дасціпныя штукі,якія вытвараў у Варшаве, у Вільні і паўсюль, дзе бываў. Пасля кожнай ягонай новай ілжы Міхал ківаў галавой і ўжываў тытунь – і тут да іх увайшла панна Саламея.

– Добры вечар, Міхале! Добры вечар, Юзэфе!

Міхал, не адказваючы на прывітанне, а заўсёды проста цікавячыся сутнасцю справы, спытаў:

– А чаго, васпанна, хочаш?

– Прыйшла, мой каханы Міхале, прасіць у вас адну рэч!

–Якую рэч? Мы з ласкі васпанства ўжо ніводнай рэчы не маем: сталы, табурэты, крэслы і канапы – усё-ўсё вы забралі, сядзіце, ядзіце, спіце на нашых рэчах!!! Няхай вам Пан Бог... – запнуўся стары, падумаў, грэх праклінаць,таму дакончыў, замяніўшы праклён на пажаданне, не зусім, аднак жа, зычлівае, – няхай вам Пан Бог па справядлівасці дапаможа! Чаго ж, васпанна, хочаш?

Панна Саламея пачырванела пунсова на гэтую старэчую тыраду, аднак знесла цярпліва:

– Не пра тое размова,каханы Міхале, – казала, – я нічога браць у вас не хачу, але прыйшла прасіць, каб вы мяне навучылі адной рэчы.

Юзаф, больш ветлівы за Міхала, устаў з ложка і запытаў:

– Чаму ж такому хоча паненка навучыцца ад нас?

– Мой папа купіў сёння ў Мухіна самавар!

– Эгэ! Ужо і самавар ад Мухіна, лепш бы купіў гаршчкоў у Лаўрына, – буркнуў з’едлівы Юзаф.

Прыгожы тварык Саламеі зноў зайшоўся румянцам, але, зрабіўшы выгляд, быццам бы не чула горкага кпіну, скончыла:

– Я зусім гэтага не хацела, бо навошта ён нам патрэбны, але што ж? Бацька заўпарціўся і купіў. Дык вось прашу, каханы пане Юзэфе, навучы мяне, як гатаваць гарбату ў самавары.

– Гарбату ў самавары? – паўтарыў нядбайна пан Юзаф, зноў варушачы качаргой у печы. – Гэта вялікі клопат!

– Здаецца, не такі ўжо і вялікі, вось жа тут ёсць агонь і жар, я загадаю прынесці самавар, а ты, будзь так добры, пакажы мне, як што зрабіць. Пастараюся адслужыць гэтую ласку пану Юзафу.

– А навошта ж абавязкова сёння? Ужо позна, вуглі не выгаралі, будзе чад, забаляць у нас галовы – і нічога болей. Няхай у які там іншы дзень, дык паглядзім.

– Але бо, мой Юзэфе, але бо бачыш...

Панна Саламея не хацела паведаміць прычыну спешкі, аднак не было іншага спосабу ўпрасіць, і нарэшце яна адважылася:

– Бо бачыш, мой каханы Юзэфе, заўтра свята Трох Каралёў.

– Ага! Заўтра свята Трох Каралёў, – адгукнуўся Міхал, – вялікае свята! Нябожчык стары пан, няхай Бог свеціць над ягонай душой, заўсёды ў вігілію Трох Каралёў пісаў сам сваёй рукой крэйдай нейкія святыя літары на кожных дзвярах; і прыгаворваў, што тады бяда не ўвойдзе. І хвала Богу,у ягоныя часы не ўвайшла; але пасля яго ніхто літар не пісаў і... Тут ужыў моцна тытуню, паківаў галавой, уздыхнуў глыбока – і зноў стаў спакойна вязаць сетку.

Кемлівая Саламея адразу хапілася за вугаль і, узрадаваная, што падладзіцца пад старога, сказала:

– Я, каханы Міхале, зараз жа хоць вугалем натшу на вашых дзвярах гэтыя тры літары: уласна толькі што бацька напісаў тое ж самае і ў нас, а заўтра прыйду з крэйдай і перапішу.

Узяўшы вугольчык нябрыдкай ручкай далікатна, каб не вымазацца, Саламея напісала на дзвярах вялікія С. М. В.

Міхал, трымаючы шаршатку ў недавязаным вочку сеткі, глядзеў, як яна піша.

– Чакай, васпанна, яшчэ не ўсё, – мовіў, – ягамосць нябожчык ставіў крыжыкі паміж літарамі.

Саламея падняла вугольчык і паставіла крыжыкі.

+К +М. +В.

– Ну, цяпер добра, дай Божа васпанне здароўя, і мужа дасць Пан Бог, калі нос угару задзіраць не будзеце, як пачынаеце.

Цярплівая паненка зноў звярнулася да Юзафа, разумеючы, што забыў, з чаго пачалася размова:

– Дык што, каханы Юзэфе, навучыш мяне зараз, аб чым цябе прашу?

Але ён хацеў дазнацца пра ўсе матывы і намеры панны аканомаўны, бо дадумаўся да чагосьці надзвычайнага і вырашыў альбо добра скарыстаць зручны выпадак, альбо адплаціць выдатным жартам за нягжэчныя пагрозы Сулярскага.

– А што ж, паненка, пачала мовіць пра заўтрашніх Трох Каралёў і не скончыш? Навошта ж, урэшце, заўтра спатрэбіцца гарбата з самавара? Ці будуць якія госці?

– Вось жа, бачыш, каханы Юзэфе, заўтра імяніны папы.

– Якой папы? – адгукнуўся зноў Міхал. – Папа – гэта хлеб, а калі ж гэта імяніны хлеба?

– Не, Міхале, гэта імяніны нашага бацькі, ведаеш, што яго завуць Балтазар; а цяпер гэта бацьку дзеці звычайна называюць папай!

– Даўней, – адказаў Міхал, – дзеці хлеб называлі папай, а бацьку – татулем, але гэта ўсё адно, заўсёды ж бацька дзяцей сваіх хлебам корміць, дык і той папа, і гэты папа.

Пасля гэтай маральнай заўвагі Міхал працягнуў вязаць сетку.

– Дык вось жа, мой каханы Юзэфе, можа, заўтра хтось завітае да нас, вось бацька быў 6ы рады, калі 6 падаць гарбату з купленага самавара.

– А хто ж можа завітаць? Хіба запросіце каго-кольвек самі?

– Мама, здаецца, хоча запрасіць з касцёла на падвячорак і на гарбату пані суддзіну з дочкамі; здаецца,будзе пан асэсар і яшчэ там хто-кольвек, мабыць.

– А гэта іншая справа, гэта будуць гучныя імяніны пана Сулярскага! О! Гэта правільна, трэба падаць гарбату з самавара.

– Значыцца, Юзэфе, я пабягу па самавар.

– Навошта гэта патрэбна! Заўтра, як збяруцца госці, паненка, дай мне знаць, я прыйду ў пякарню і там усё як належыць спраўлю.

– Але ж, мой каханы Юзэфе, як раптам заўтра дома не будзеце, а мы назапрашаем гасцей?!

– Калі я паненцы даю слова, што нікуды не адлучуся і буду чакаць тут на месцы, будзь, паненка,спакойна!

– Злітуйся, каханы Юзэфе! 1 сам гарбаты нап’ешся, і падвячоркам пачастуем, і яшчэ пастараюся хустачку якую на шыю для Юзафа.

– Ну, добра, добра, ідзі, васпанна, спаць, а заўтра ўсё пойдзе як з маслам.

–Не давяраючы круцельскай усмешцы пана Юзафа, панна Саламея, яшчэ яму паўтарыўшы просьбу раз і другі, рэверансы зрабіла, нарэшце, пасля ўрачыстых запэўніванняў, пайшла дадому, пакінуўшы Міхала ўжо ў дрымоце, а Юзафа – у роздуме над выбарам, як яму заўтра зрабіць. Узважваў ён, з аднаго боку, выгоды свае: падвячорак! гарбата! хустачка! 3 другога – смех, сорам і злосць для Сулярскіх. Узважваў, разважаў, меркаваў – і, як гэта найчасцей бывае на свеце ў вышэйшых і ніжэйшых саслоўях, зло пераважыла, і заснуў, выбіраючы толькі спосабы сваёй помсты.

***

Накрылі прыгожа столік, і сазваныя многія госці расселіся вакол яго; імянінкі Сулярскага святкаваліся выдатна. Пані суддзіна, прымадонна гэтай пагулянкі, з трыма дачушкамі, аднагодкамі трох паненак Сулярскіх, была ў добрым гуморы! Пан асэсар, заляцаючыся папераменна то да старэйшай панны суддзянкі, то да старэйшай панны былой аканомаўны, знаёмай нам панны Саламеі, быў у добрым гуморы. Ягоны сакратар, чалавек з тлустымі шчокамі і багатымі вусамі, паглядаючы з раскошай на ладны графін з чырвонай вадкасцю, які стаяў у запасе на каміне, прадчуваючы ў хуткім часе яе смакавіты ўжытак, быў у добрым гуморы. Пан каморнік, які праводзіў тут эксдывізію, прыбыў па рэшту налічаных купцам саляр’юмаў* і, адабраўшы іх у пана Сулярскага з лішкам, быў у добрым гуморы. Сам ягамосць дабрадзей гаспадар і віноўнік урачыстасці быў апрануты ў новую чорную венгерку, багата аблямаваную тасьмамі, на шыю павязаў шырокую ядвабную зялёную хустку, доўгія канцы якой нядбайна спадалі яму на грудзі і дакраналіся да ланцужка ад гадзінніка, запхнутага за пазуху. Такім чынам, груба-плоская фігура ягамосця падзялялася ўздоўж валошкава-залацістай паласой на дзве шырокія паловы. Гжэчныя госці, не ведаючы з пэўнасцю ягонага тытулу, называлі яго без розніцы то скарбнікам, то ротмістрам – выстраены і ўтытулаваны пан Сулярскі быў у добрым гуморы. Яемосць, нарэшце, паглядаючы з задавальненнем на свае тры ўцехі, відавочна прыгажэйшыя за трох паненак суддзянак, падыходзіла да ягамосця і, шэпчучы яму на вуха гэтую справядлівую прычыну сваёй радасці, гладзіла яго па падбародку і з асаблівым замілаваннем пытала мужычка, які пабуркваў: «Ну дык што ж, душка? Ну дык што?»– а гэта выразна сведчыла, што была ў добрым гуморы! І так уся сабраная грамада ў найлепшым настроі расселася вакол століка, як я гэта апісаў.



Тым часам Юзаф, стрымліваючы ўчарашнюю абяцанку, пасля дадзенага яму знаку прымасціўся насупраць і ўжо з паўгадзіны працаваў малатком каля самавара, даказваючы панне Саламеі, што купілі сапсаваны самавар, што мусіць яго закліноўваць і выпраўляць. Самавар быў выдатны і цэлы; але на што гэтая нікчэмнасць аказалася здатнай, тое выявілася пазней! Аднак не будзем забягаць наперад, распавядаючы пра ланцуг важных выпадкаў таго дня!!!

Напоўнены двума супрацьлеглымі элементамі – вадой і агнём, – Юзаф падняў самавар абедзвюма рукамі, паслухмяны просьбе панны Саламеі, задраўшы свой нос як мага вышэй угару, зрабіў ласку ўнесці ў пакой і паставіць пасярод гасцей на столік гэты цяжарны няшчасцем посуд. Зараз жа Салюня з невыказнай грацыяй паставіла прыгожай сваёй ручкай чайник на верхавіну коміна, з якога курыўся дым.

О дзяўчо! Чаму ж ты ведаеш пра сілу пары столькі, колькі сто гадоў таму ведалі найвялікія філосафы! Чаму ж не ведаеш, што яна сёння гоніць караблі праз мора, гоніць гарэлку ў броварах! Што вось-вось будзе разрыў! Але дзяўчына сядзіць найспакойна ля пана асэсара і, пакуль у чайніку настойваецца гарбата, слухае з мілай усмешкай ягоныя кампліменты.

Кіпіць вар, сычыць, нецярпліва мацуючыся пад шчыльнай накрыўкай. «Час наліваць гарбату»,– азвалася пані суддзіна. Панна Саламея ўстае і хоча зняць чайнік; пан сакратар бярэцца за бутэльку чырвонай вадкасці... і ў гэты момант... зрываецца накрыўка самавара і, узлятаючы дагары, перакульвае імбрычак, які падае на галаву каханага пестуна Мацеюшка і аблівае ягоны твар і вушы гарачай гарбатай. Вечка, падаючы, трапляе на лысіну папуні, чый енк: «Ой! Ой! Ой!» – далучыўся да віску дзіцяці. Тым часам раптоўна вызвалены вар, пырснуўшы рэзка на вочы, твары, насы і бюсты зброду мужчынскага, жаночага і ніякага роду, што панасеў быў вакол і заціх, разліўся гарачымі патокамі, як лава з кратэра. У дадатак да ўсяго, ва ўсеагульных збянтэжанасці і ляманце хтосьці неасцярожна зачапіў модны столік на адной ножцы – самавар пераварочваецца і раптам паўвядром вару аблівае пані суддзіну і пана каморніка, якія павярнуліся спінай да століка, а пану асэсару, што якраз абцірае чаравічак на апаранай ножцы панны Саламеі, засыпае ў густую чупрыну гарачага попелу з жарам. Тут перапалох і крыкі пераўзышлі ўяўленне – усе ў адзіным парыве ўскочылі ў бакоўку, уцякаючы ад пякельнага смока, які вывяргаў агонь і вар. Але асэсар, чыя чупрына дымілася, вылецеў у сені і крыкнуў: «Гарым!» Ад гэтага слова перапуджаныя ў бакоўцы кідаюцца на злом галавы да акна, яно, вокамгненна выдушанае з вушакоў і разбітае, адкрыла вольную прастору, праз якую, ціснучыся адно праз аднаго, уся кампанія нарэшце засела ў высокай гурбе снегу тут жа пад сцяной! Няхай мне даруе найшаноўнае спадарства, увязлае ў снезе, калі скажу, што не стагнала, не крычала, але накшталт зграі ваўкоў, што каля Грамніц* сабраліся, рознымі галасамі выла. А што найгорш, як амаль заўсёды і паўсюль у злой долі, нязгода пачынаецца паміж нешчаслівымі, так і тут пані суддзіна пачала лаяць паню Сулярскую, па некалькі разоў называючы яе праклятай аканомавай. Можна было дараваць так балюча аблітай суддзінай, і пані Сулярская схільна была прапусціць знявагу міма вушэй, бо толькі ўсклікнула: «Ну дык што? Што аканомава! Ну дык што?»

Але панна Саламея, седзячы ў гурбе ля маткі, зусім бесцырымонным чынам помсціла за маму, выкрыкваючы: «Ах! Васпані суддзіна! Адметнасць! Суддзіна! Адметнасць!» – і далёка б зашло, але выбегла чэлядзь, а паперадзе яе – асэсар з залітым пажарам на галаве і ягоны сакратар з бутэлькай чырвонай вадкасці ў руцэ, якую надсвядома ўратаваў з агульнага разбурэння. Выцягнулі некаторых, некаторыя самі вылезлі і вярнуліся ў пакой. Ніхто не абышоўся без шкоды, кожны апараны ці апалены зласловіў і праклінаў; іхмасцянкі, папіскваючы і плачучы з болю, усё пыталіся адна ў адной, ці зліняюць аблітыя сукенкі – вось і давярай тут лёсу! Хвіліну таму ўсё было весела!

Сам ягамосць злавіў Юзафа, які хаваўся за пякарняй, і, усю віну на яго зваліўшы, хацеў панабіваць яму гузоў. Рэціруючыся, Юзаф абвінаваціў панну Саламею: «Я паненку навучыў упраўляцца з самаварам, у чым жа я вінаваты?» Апраўданы Юзаф уцёк, а ягамосць, уварваўшыся з акрываўленай лысінай у сені, з аднаго замаху закаціў дзве хво-сткія аплявухі па прыгожым тварыку Саламеі. Ледзь другую закончыў, балючы ўдар кулака ў спіну даў яму адчуць, што дачка мае мсцівіцу ў мамуні. Хацеў таксама і жонцы «апладзіраваць» ашалелы Сулярскі, але пан каморнік стаў на абарону.

Вось жа, насуперак амаль усім аповесцям, якія звычайна завяршаюцца вяселлем, мая скончыцца невясяллем – бо такая катастрофа знявечыла ўсякія надзеі панны Саламеі, што вынікалі з прапановаў пана асэсара і якія хацела ўмацаваць пышным святкаваннем імянінаў папы і выхадам за звыклыя аканомскія межы. Хоць пасля найхутчэйшага ад’езду разгневанай суддзінай і астатняй кампаніі пан асэсар з сакратаром і каморнікам засталіся з нагоды ўратаванай чырвонай вадкасці і з улагодненым гаспадаром высушылі яе да апошняй кроплі, аднак панна Саламея, прыгнечаная такім грандыёзным канфузам, не паказалася болей. «Ну дык што? Што бацька цябе стукнуў! Ну дык што ж? Таму гэта нічога! Вось толькі ўстань і выйдзі зараз», – казала ёй матка ў бакоўцы. На гэтую разумную параду Саламея толькі адвярнулася да сцяны і пачала мацней усхліпваць. А тым часам і пан асэсар выехаў, забраўшы з сабою самавар, які яму пан Сулярскі, як прычыну ўсіх клопатаў, з задавальненнем падарыў.

– Дзе ж арыгіналы, – запытаеш ты, чытач, – якім бы гэтая баечка магла служыць духоўным пажыткам? Каму ж 6ы яе прысвяціць, так бы мовіць,прыпісаць належала? – Ах, чытач, завітай у некалі вялікія графствы нашы, сёння параздзеленыя праз эксдывізію на малюпасенькія часткі, завітай да гэтых панкоў, што маюць некалькі хатак, а прагнуць пнуцца за ўладальнікамі некалькіх дзесяткаў – колькі ж там Сулярскіх! Колькі ж паненак Саламеек знойдзеш! Вось ім я і прысвячаю маю баечку, з беспамылковым прадказаннем ва ўступным вершы і з маральным сэнсам у такім эпілогу:

Раз цябе лёс змясціў у нізкім стане,

Багаццем не слаўся нягожым –

Лепей быць добрым, маспане,

Чымсьці смешным «вяльможам».



Пераклад з польскае моеы

Святланы ІШЧАНКІ
Бламы – пласціны футра, у якія сшываюцца шкуры.

Маціца – авечае футра.

Дзіванна – травяністая расліна, уздзейнічае злёгку расслабляюча.

Эксдывізія – падзел земскага ма-ёнтку на часткі паміж пазыкадаўцамі.

Volens nolens (лац.) – хочкі ня хочкі, воляй-няволяй.

Саетавы – зроблены з саеты (саі), дарагой тонкай лёгкай тканіны з шоўкам або воўнай, італьянскай ці азіяцкай вытворчасці.

Саляр’юм – тут: зямельны чынш.

Грамніцы – свята Маці Божай Грамнічнай, Ачышчэння Найсвяцейшай Панны Марыі. Адзначаецца ў сярэдзіне зімы.

ЗОСЯ

ДЗЯЎЧЬІНА-

СВАВОЛЬНІЦА

Анакрэантычны верш
Голас шчыры і шчымлівы,

Ружаў пах, як сон, прыемны,

Промні ўсмешкі зіхатлівай,

Чары варажбы таемнай.

Лёгкі, быццам дух дзянніцы,

Што суквеццяў пах разносіць,

Позірк гэтай чараўніцы

Вільгаць слёз падманных росіць.

Ах, свавольніца дзяўчына!

На шаснаццатым гадочку

Самастойна, дабрачынна

Сустракалася ў садочку.

Сведкі? 3-за яе міжволі

Адракаліся ад волі

I не чулі голас з неба:

“Сустракацца з ёй не трэба!” Асцярожна! Тым, хто волі

Рад, як сонцу, мая рада:

Вы не верце ёй ніколі —

Вас пазбавіць волі здрада.

Лепш не верце ўсмешцы гэтай

I кахайцеся з кабетай.

А калі вам уздыхнецца,

Не глядзіце так маркотна,

I няхай вам не здаецца,

Што глядзіць яна пяшчотна.

Божа, думаеш, — кахае!

І адразу ўсё даруеш,

I жыццё ёй ахвяруеш,

Як убачыш, што ўздыхае,

I — бывай спакой твой вечны!

Загудзе агонь сардэчны!

Зрэагуе ўвачавідкі,

Што папаў ты з ходу ў нерат—

Ні назад і ні наперад!

Абярэ цябе да ніткі:

Не ўгаворыш, не замовіш,

Пырхне матыльком — не зловіш!

А як сеткі расстаўляе,

Бога ў сведкі запрашае!

Ох, бяда таму, хто верыць,

Мала жыць яму на волі:

Розум дзеўчыны не змерыць,

Больш кляцьбы — ахвяраў болен.

А гняўлівасць без прычыны,

А суровасць... Бляск жалеза!

I баяцца ўсе дзяўчыны:

Вось заўзятая, гарэза!

Слова мовіць не жадае.

Возьмеш ручкі — вырывае.

Не памогуць прабачэнні,

Хоць саб’еш ушчэнт калені

I ў імгненне — слодыч мары!—

Нібы сонейка з-за хмары,

Блісне ўсмешкаю вясёлай,

Мовіць голасам анёла.

Што з дзяўчынай адбылося?


На чале ўжо німб лагоды.
Весела смяецца Зося,

Прыгажуня, як заўсёды.

Той, хто быць нягодным мусіць,
Спакушае ўсіх і хлусіць,
Мае схільнасць і жаданне
Да забойства, катавання,
Той, хто панам сэрцаў прагне
Стаць і ўсіх Багоў дасягне—
Неабходны ў нашым лёсе
I падобны ён... да Зосі.
Зося чараваць умее,
Чараў мае дастаткова:
Боскай велічы аснова—
Любасць, вера і надзея.
Кіферэін улюбёнчык—
Родны сын з прыемнай мінай.
Што я бачу? Купідончык!
Дзеля Бога, вось навіны!
Гэта — ён! Спытаў бы: “Хто ты?”,
Каб не ведаў ад кагосьці
Ці не чуў наогул штосьці
I пра лук і пра залёты.
Лук яго — пазалачоны,
Стрэлы вострыя ў калчане.
Як жа носіць іх, натхнёны,
Ён за снежнымі плячамі!
Прэч адгэтуль! Небяспека:
Там, дзе пройдзеш ты паволі,
Не хацеў бы я ніколі

Пад тваёю быць апекай.

Ты як глянеш атупела —

Жалю ў сэрцы не знаходзіш.

Не душы маёй збалелай

Ты вярнуць спакой прыходзіш?

“Не, — смяецца неспадзеўна

(Так; як толькі Зося ўмее),

Як пагодзімся, напэўна,

Будзе і ў цябе надзея.

Ды ў страле, з жалеза кутай,

Ёсць і роспачы атрута.

Я пакуль што не караю,

А падумаць добра раю:

Кім — круцелькай ці анёлам —

Лепш назваць дзяўчыну будзе,

Каб надзея промнем кволым

I твае сагрэла грудзі?

Зосю ты не абгаворвай,

Не разнось па свеце плёткі.

Уяві: Купід і... цноткі.

Адыдзі! Не стой над прорвай.

Плёткі, ведаеш,— не жарты.

Дык чаго яны ўсе варты?

Абражаць яе наважыш —

Ты ж мяне найперш зняважыш...

Досыць, я кажу з запалам,

Буду жыць адной надзеяй.

Час канчаць з пісаннем, шалам:

Ад пяра рука дранцвее.

Што хлапец тут вырабляе!

3 рук пяро ён вырывае,

Ломіць, топчучы нагамі:

“Вось і згода паміж намі”.

Што ж, кажу, хай будзе згода,

Ды пяра свайго мне шкода.

Дай ты мне за абяцанне

Не пісаць стралу ў калчане.

“Лепш перапрасі дзяўчыну,

Ну а я знайду прычыну,

Чаму вобраз мой з ахвотай

Ты счарніў і перайначыў,

Хоць мяне раней не бачыў?

Каб паздзекавацца ўпотай?”

Лепш пакінь ты свой занятак:

Я скажу, ты скажаш слова —

I пачнецца ўсё нанова.

“Хай, каб не шукаць пачатак,

Зося будзе нам суддзёю”.

Потым “ха-ха-ха” — і ходу!

Што рабіць? Да нас ён зроду

Будзе ставіцца варожа.

Хто яму адпомсціць зможа?

Ах, няўдзячны, ах, нягодны,

Небяспечны, прагны, шкодны!

Крыўда, гнеў — усё праходзіць.



Як жа Зосю мне ўлагодзіць?
: download -> tvory -> chodzka
download -> АЎтарскі курс лекцый “славянская міфалогія” Электронная версія
download -> Тэкст, набраны дробным шрыфтам, да вывучэння не абавязковы Усяго 72 пытанні
download -> Пакінуць след на зямлі
download -> Літаратурная Гомельшчына. Гомельскае абласное аддзяленне грамадскага аб’яднання
download -> Вучэбная праграма для агульнаадукацыйных устаноў з беларускай І рускай мовамі навучання
chodzka -> Твая фартунка няхай і хатка, Ды будзе добра здавацца




База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка