У дзясяты раз бацькі і педагогі сабраліся разам на традыцыйны штогадовы бацькоўскі сход, каб абмеркаваць пытанні выхавання дзяцей. Галоўнай тэмай размовы стала праблема небяспечных паводзін дзяцей і прафілактыка крызіснага стану падлеткаў



Дата канвертавання01.07.2016
Памер32.96 Kb.
У дзясяты раз бацькі і педагогі сабраліся разам на традыцыйны штогадовы бацькоўскі сход, каб абмеркаваць пытанні выхавання дзяцей. Галоўнай тэмай размовы стала праблема небяспечных паводзін дзяцей і прафілактыка крызіснага стану падлеткаў.

Дапамагла ўсім настроіцца на сур’ёзную размову – а ў кінаканцэртную залу “Астравец” у мінулую суботу прыйшло больш як 300 бацькоў – агітбрыгада валанцёраў Гервяцкай школы. Школьнікі расказалі дарослым, як засцерагчыся ад пажараў і не трапіць у пастку наркотыкаў.



Распачала гутарку начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Наталля Іосіфаўна Станкевіч. Асноўную ўвагу яна звярнула на грамадзянска-патрыятычнае і духоўна-маральнае выхаванне, расказала пра ўдзел школьнікаў у валанцёрскім руху, іх дасягненні ў шматлікіх абласных і рэспубліканскіх конкурсах, работу педагогаў з бацькамі.

На працягу 10 гадоў мы праводзілі раённыя бацькоўскія сходы ў розных фарматах. Адкрыты дыялог з бацькамі дазволіў выявіць недахопы выхавання нашых дзяцей і прыняць рашэнні па ўдасканаленні работы, – падкрэсліла начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму. – Неабходна прызнаць, што сёння многім дзецям не хапае бацькоўскай увагі, і мы заклікаем вас, паважаныя бацькі, пачуць нас і падтрымаць, бо школа і сям’я – гэта два складнікі, якія з’яўляюцца адказнымі і зацікаўленымі ў лёсе маладога чалавека. Таму мы прапаноўваем 2016 год аб’явіць годам бацькоўска-педагагічнага руху пад дэвізам “Школа і сям’я – фігуры роўнаадказныя і роўназацікаўленыя ў лёсе дзіцяці”.



Тэму сацыяльна-прававой абароны дзяцей ад насілля ў сям’і ўзняла ў сваім выступленні намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх Тарэса Мар’янаўна Драган. Яе выступленні не пакідаюць у зале раўнадушных – так было і на гэты раз. Прыклады з жыцця, якія прывяла Тарэса Мар’янаўна, многіх прымусілі задумацца.
– Часта можна пачуць:“Каб ведаў, дзе ўпадзеш, то саломкі б падаслаў”. Толькі, на жаль, мы часцей за ўсё не ведаем, дзе, як і калі яе падаслаць. Ці ёсць у зале хаця б адна сям’я, у якой ні разу не ўзнікала сварак? – задала рытарычнае пытанне Тарэса Мар’янаўна.– Але калі б ведалі, як пакутуюць дзеці, калі дарослыя, не звяртаючы на іх увагі, высвятляюць адносіны!
Намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх расказала некалькі гісторый, трапіць у якія і потым зламаць сваё жыццё, вельмі лёгка. І, на жаль, многія вучацца не на чужых, а на ўласных памылках.


Тое, як дзеці лёгка могуць трапіць у складаную сітуацыю, прадэманстравалі гімназісты: іх сцэнка ўздымала праблему ўзаемаадносін сярод школьнікаў і падлеткаў, калі “героем” становіцца той, хто мае дарагую рэч – напрыклад, сучасны мабільны тэлефон, які лёгка можа справакаваць дзяцей на проціпраўныя ўчынкі.

Праблему наркаманіі і нарказалежнасці падняла ў сваім выступленні ўрач-псіхіятр Астравецкай цэнтральнай раённай бальніцы Юлія Славаміраўна Карагода.

- Вам знаёмая сітуацыя, калі бацькі і старэйшыя браты-сёстры занятыя сваімі справамі і не заўважаюць самага маленькага члена сям’і? Напэўна ж… Але часам трэба паглядзець на рэчы і з’явы чужымі вачыма, каб убачыць іх сутнасць, – гэта дапамаглі зрабіць удзельнікам бацькоўскага сходу педагогі і выхаванцы Дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці №1.
У студзені бягучага года ў нашай вобласці адбылося пяць суіцыдаў: добраахвотна развіталіся з жыццём двое непаўналетніх і трое маладых людзей. Каб не здарылася непапраўнае, важна заўважыць крызісную сітуацыю, у якую трапіла дзіця, падлетак, малады чалавек, і папярэдзіць бяду.

Дзіця павінна ведаць, што ўсе праблемы, якімі б яны ні былі, можна вырашыць, – упэўнена метадыст вучэбна-метадычнага кабінета Юлія Альбінаўна Ражко. – У школах раёна многае робіцца для вырашэння праблем дзяцей і дарослых. Па выніках абследаванняў сфарміраваны банк даных дзяцей, якія трапілі ў крызісную сітуацыю, – такіх у нас 17. Але псіхолагі працуюць не толькі з імі. Падчас усіх школьных мерапрыемстваў мы стараемся стварыць для дзяцей атмасферу шчасця і даверу.



Пра работу валанцёрскага атрада “Анёлы” Міхалішкаўскай школы, які працуе па прынцыпу “Роўны навучае роўнага”, расказала намеснік дырэктара гэтай установы Святлана Іванаўна Саўко. Вынікам работы гэтага атрада сталі не толькі выступленні і перамогі на абласным і рэспубліканскім ўзроўнях, але і стварэнне блога “Анёлы РОР (роўны навучае роўнага)”, дзе вучні дапамагаюць адзін аднаму ў вырашэнні складаных сітуацый.

Закончылася мерапрыемства ўручэннем Падзячных пісьмаў аддзела адукацыі, спорту і турызму лепшым бацькам – іх атрымалі больш як дваццаць сем’яў.

Падчас бацькоўскага сходу былі агучаны і вынікі раённага конкурсу на лепшую кармушку – пераможцы і прызёры атрымалі Граматы і прэміі ад Астравецкага лясгаса.

А выхаванцы дашкольных устаноў горада і Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі – Валерыя Даўляш і непаўторны “Нон-стоп” – падарылі бацькам і педагогам добры настрой цудоўнымі канцэртнымі нумарамі.




База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка