У максіма Танка ёсць усё



Дата канвертавання15.05.2016
Памер64.99 Kb.
У Максіма Танка ёсць усё
У Максіма Танка ёсць усё: ёсць і таму, што было, і таму, што ёсць, — ёсць і будзе — для роднай літаратуры і Паэзіі, дзеля сцвярджэння і ўзнясення нацыянальнай паэзіі, нацыянальнага гонару і дзеля розгаласу яе, нашай паэзіі, у самым шырокім свеце. Вялікі Нацыянальны паэт, паэт еўрапейскага, усечалавечага маштабу. Прызнаны, гларыфікаваны: прызнаваны, як у былой Заходняй Беларусі, так і ў сённяшняй суверэннай, плынямі грамадска-палітычнымі самымі рознымі; гларыфікаваны ледзь не кананічна ва ўмовах распасцірання сваіх крылаў над намі сацрэалізмам як спараджэннем таталітарызму, дагматызму. I ён, Максім Танк, не мог не быць не прызнаваны, не мог не быць не гларыфікаваны, як і не можа не быць не вылучаны і не падзіўляны і сёння, і заўтра, і заўжды, бо ў Максіма Танка ёсць усё.

Жыццё, гісторыя, перыпетыі развіцця XX стагоддзя і асабліва паяднанасць лёсу Паэта з лёсам снайго краю, свайго народа далі Паэту тое ўсё, пра якое гаворка. Toe ўсё было і ёсць розным, разнаякім і разнастайным, як само жыццё ў сваіх складніках, сама гісторыя ў сваіх перыпетыях разгортвання. 3 розпых пунктаў гледжання можна акідаць здабытак Паэта, такі шматцераспалосны і шматфарбмы, шматтэмны і шматнастраёвы. Але так, як дасюль, а больш канкрэтна — да перабудовачных гадоў, сярэдзіны 80 -х гадоў у ацэнцы напісанага Паэтам развівалася яго даследаванне, даваліся яго ацэнкі пераважна толькі з аднаго пункту гледжання, то цяпер самая надзённая задача беларускага, ды не толькі беларускага літаратуразнаўства зірнуць на Паэта і па-новаму — з выбарам самых розных пунктаў назіраішя і доследу, пры несумненнай неабходнасці і пераасэнсавання дасюдных ацэнак Паэта, дасюднага агульнага бачання і разумения яго ў рэчышчах развіцця нацыянальнай і ў цэлым сусветнай паэзіі. Задача з нялёгкіх, прычым, можа, і не з пастаноўкі яе трэба было б пачынаць юбілейны артыкул пра Паэта. Але ж ніхто, здаецца, дасюль аб неабходнасці ці новага адкрыцця нашага наймагутнейшага Паэта не гаварыў, а калі пра гэта не гаварыць, то гэтым як бы само цераз сябе пацвярджаецца не лепшая выснова, што нібыта Паэт застаецца ў былым і толькі ў былым, як які-небудзь рыцар на гадзіну, ілюстратар, трубадур, рупар ідэй. Каго, чаго ілюстратар, трубадур і рупар, тлумачыць няма ніякай неабходнасці. I што Максім Танк, як і ўся беларуская паэзія доўгага часу, уся шматнацыянальная савецкая паэзія былі і трубадурнымі, і ілюстратарскімі, і рупарнымі таксама неаспрэчна. Але пры гэтым і ў цэлым наша беларуская нацыянальная паэзія ва ўсе тыя часы была шырэй таго, што ад яе патрабавалі догмы і адміністрацыйна-камандная сістэма і асабліва шырэй іх была наша паэзія ў яе найпершых прадстаўніках — у Паэтаў самых шырокіх гарызонтаў.

Кажуць, маланка не ў пні б'е, а ў вершалінныя дрэвы. Абпальваны маланкамі быў і Максім Танк. Мілаваны то мілаваны, але мілаваннем тым колькі разоў і тут, і там, і тады, і сяды склапочаны, стурбочаны, — і не за сябе ж — у цэлым за пісьменніцкую арганізацыю, за лёс кожнага з тадышніх яе сяброў, за лес роднай паэзіі і роднай мовы. А паэты ж, пісьменнікі не ўсе ж па адной струнцы хадзілі, не ўсе ж у струнку перад высокім начальствам цягнуліся, бо сярод іх былі і тыя, каго ўжо нямашака — Іван Мележ, Уладзімір Караткевіч, Аляксей Карпюк, Еўдакія Лось, Антон Бялевіч, Міхась Стральцоў, і тыя, хто сёння поплеч з Максімам Танкам — Янка Брыль, Рыгор Барадулін, Генадзь Бураўкін, Іван Пташнікаў, Іван Чыгрынаў, Вячаслаў Адамчык, усе людзі непакладзістыя, не з ціхамірных, не з утаймоўных. I, паверце, не раз гэта было, калі бегучы і філфака, што так доўга размяшчаўся на Чырвонаармейокай вуліцы каля вялізнага дома, я не, не ды перастраваў Яугена Іванавіча – нешматмоўнага ў тыя хвіліны, не, як звычайна, paдаснага табе, гучнагалосага ў вітанні, усміхнутага ўсёй душой, ашчадраўшага цябе, а нейкага, як сам не свой: з цяжкім кіўком у бок вялікага дома, з коратка выдыхнутым: "Зноў!.. Змоў!.." Больш нічога не гаварылася — не гаварылася, але шмат разумелася. Свой сэнс укладваў у тыя "Зноў!.. Зноў!.." Яўген Іванавіч, свой, вядома, я — можа, не такі разгорнуты, не цалкам адэкватны, але цалкам паразумеўчы: калі сонца было над намі не ў зеніце, то поруч былі і мы ля вялікага дома і нашы цені...

Яўген Іванавіч любіць успамінаць свае сустрэчы з Янкам Купалам. I нават голасам ён мастак удаваць тон, інтанацыі Купалы: "Ну як, вызвалены браце?!" Гэта было пасля Верасня 1939 года. На "як?" не адказваў ні "вызвалены брат", ні той, хто пытаўся: "Як?.." Дык як жа, аднак, адзін ужо даўно Народны, а другі — будучы Народны сапраўды разумелі тады сітуацыю? Іронія ці што іншае хавалася тады за купалаўскім пытальным "як"?..

Сам родам, як і Максім Танк, з былой Заходняй Беларусі, васьмігадовым хлапчанём я памятаю Верасень 1939 года і памятаю, як мой бацька перажываў тое ўтрапенне, якое прынеслі на заходне-беларускія землі першыя Саветы, як той перыяд цяпер на Слонімшчыне называюць. "На крылах ляцеў бы!.." — усё казаў мой бацька ў хаце да 1939 года, як на апастыленае глядзеў на свае жыццё ў панскай Польшчы, марачы, каб як хутчэй "пад Саветы". Горкім аказалася ўтрапенне бацькі майго! А ўтрапенне былога вязня Лукішак, найпершага заходне-беларускага паэта-камсамольца, камуніста-рэвалюцыянера? Было яно, ці не было яго?.. Я пра тое ж у сённяшняга Паэта не пытаюся, не інтэрв'ю бяру. Я пытаюся пра гэта ў самога сябе, як пытаўся пра тое ж, па сутнасці, у самога сябе і тады, калі першы раз адважыўся пра Максіма Танка напісаць.

А пытанне ў мяне да самога сябе было калісьці, больш пятнаццаці ўжо гадоў таму назад, такое: калі паэт — рэвалюцыянер, то дакуль ён рэвалюцыянер, да таго часу, калі яго палітычная платформа застаецца не здзейсненай ці і ў тых сацыяльна-палітычных абставінах, за якія ён, паэт, змагаўся? У падручніках па літаратуры, у хрэстаматыях скрозь стаяла: паэт-рэвалюцыянер. Міф гэта сёння ці дакладная дэфініцыя? Ці, можа, мы маем справу з драмай лёсу Паэта, што выражае і драму лёсу ўсяго народа, усёй Заходняй Беларусі, спакушанай верай і падзеяй у Саветы і так жорстка падманутай рэальнасцю? Народны паэт падзяліў лес народны, хоць уласна ў матывах паэзіі Максіма Танка ні даваеннага, ні ваеннага і пасляваеннага часу пра тое, пра што ў нас гаворка, ні слова няма, незаўважна. Пісалася пра ўсё іншае, але не пра гэта пісалася на сацыяльны заказ, тым усё і тым, хто камандаваў музыкай. Значыць, штось аказалася замоўчаным, —замоўчаным і спанявераным, ды вось выплывае, як асэнсаванне, можа, найпершай драмы Паэта і Народа...

Рэвалюцыянеру ў камандзе нерэвалюцыянераў, перараджэнцаў, перахрышчэнцаў, дэмагогаў, камандзіраў не было мёду, ды і не стала ўжо і самога рэвалюцыянера. I, думаецца, хопіць ужо сёння пра тую рэвалюцыйнасць. Ці не лепш успомніць Адама Міцкевіча. Як у кожнага вялікага паэта, маладосць, зазвычай, яна — "gorna i durna" — у Вашым перакладзе Яўген Іванавіч: "...Юнацтва час... шумны, неразумны". Паверым вялікаму паэту з Наваградскай зямлі; не ў заслугу ці незаслугу Паэту будзем ставіць яго партыйную дзейнасць, бо іншыя крытэрыі першасныя для Паэзіі — уласна эстэтычныя, звязаныя з магутнасцю дару, сілай вычування, валодання словам, пранікнення ў дух і душу народа, цераз свае, запаветнае, нікім не раскрытае выказанае...

У паэзіі Максіма Танка сапраўды ёсць усё. Няма паэта без біяграфіі, — у Максіма Танка ёсць біяграфія. Няма паэта без Божага дару, — у Максіма Танка ўсеабдымны Божы дар. Няма паэта без фанатычнай думкі, — у Максіма Танка скразная фанатычная думка любові да роднага. I ён жа Максім Танк — паэт і традыцыйны і мадэрнісцкі, і класічна-ямбічны і верлібравы, і сантыментальна-пачуццёвы і рацыяналістычна-інтэлектуальны (рацыяналістычны ў сэнсе "сухаваты"). Песенна-народныя інтанацыі ў яго суседнічаюць з гекзаметрамі, формы японскай паэзіі з формамі польскай фрашкі, а ўжо разгалінаванасць тэм і матываў, яна проста неймаверная ў сваім ахопе жыцця, гісторыі, ды не толькі свайго народа, культуры, духу, зноў жа не толькі свайго народа, не толькі народаў Еўропы, але і няблізкіх перш за ўсё народаў Азіі, Блізкага Усходу, кантыненту Лацінскай Амерыкі.

Асобна хочацца сказаць яшчэ аб адным — аб польскай літаратуры, праз якую, як бы праз акно, у самы шырокі свет яшчэ са сваёй паэтычнай віленскай маладосці пачаў глядзець Паэт. Паэтам высокай культуры еўрапейскага маштабу, на мой погляд, Максім Танк стаў праз сваю далучанасць да польскай паэзіі XX стагоддзя, праз сваю любоў да яе і запрыязненасць з яе творцамі. Хто ў нас першым сотнямі перакладаў паэтаў іншых нацыянальнасцяў, падаючы прыклад іншым? Максім Танк. Хто ў нас здзіўляе абачнасцю ў сусветнай паэзіі, не баючыся, як Максім Багдановіч, эпіграфамі з яе перанасыціць сваю творчасць? Максім Танк. I хто ў любы час не дазваляў сабе проста адпісацца ад чагосьці, прамямліць нешта з паперкі з той ці іншай нагоды, а заўжды насычаў свае прамоўніцкае, публіцыстычнае слова новым абагульненнем, мудрай цытатай сабратоў па пяры ці з класікаў літаратуры? Максім Танк...

Гэта праўда, што ў Максіма Танка як паэта ёсць усё, — як праўда разам з тым і тое, што таго-сяго ў Танка-паэта і няма: няма, на-прыклад, літаратурных ворагаў. I я не ведаў і не ведаю чалавека, каторы меў бы на Танка крыўду, і каб нехта яму зайздросціў. Hi крыўдавальнікаў, ні зайздроснікаў у Максіма Танка няма і пра тое ўсім заўсёды сведчылі так шматлікія ў свой час у Саюзе пісьменнікаў Беларусі галасаванні, заўсёды для Максіма Танка аднагалосныя. Бо такі ўжо ён і Паэт, і Чалавек — Максім Танк.

Усё ёсць у Максіма Танка, а цяпер у яго ёсць ужо і свае 80. Пяцьдзесят, помніцца, паэт адзначыў у "Полымі" нізкай пяцідзесяці вершаў, шэсцьдзесят — шасцюдзесяццю вершамі. Чакаю вераснёвы нумар сёлетняга "Полымя"...

Не любіць паэзіі Максіма Танка нельга. Не быць удзячным яму за веліч яго духу і натхнення нельга. Нізкі паклон Вам і ў добры час моўленыя пажаданні здароўя і памыснасці, дарагі Яўген Іванавіч!



Лойка, А. У Максіма Танка ёсць усё / Алег Лойка // Лойка, А. Галгофа : кніга лёсаў / Алег Лойка. – Слонім, 2001 . – С. 157 – 160.




База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка