Уа “Язненская дзяржаўная агульнаадукацыйная сярэдняя школа” Складальнік: Кухцінская І. З



Дата канвертавання18.06.2016
Памер192.07 Kb.


УА “Язненская дзяржаўная агульнаадукацыйная сярэдняя школа”







Складальнік: Кухцінская І.З.

2012 г.

Тлумачальная запіска

Люблю жыццё. Таму і не гадаю,

Што мне наканавана на вяку.

Я даўніну ў памяці люляю

І ў светлы дзень працягваю руку.

Змітрок Марозаў


У апошні час у агульнаадукацыйным працэсе усё часцей выкарыстоўваецца адна з форм работы па духоўна-маральнаму, грамадзянска-патрыятычнаму выхаванню школьнікаў - музейная педагогіка. Яе мэта - зацікавіць вучняў гісторыяй роднага краю, гэта значыць выхоўваць беражлівыя адносіны да свайго мінулага, зацікавіць у набыцці гістарычных, краязнаўчых, этнаграфічных ведаў.

Выхаванне патрыятызму, ціхага, ледзь прыкметнага, заключаецца ў плённай працы на карысць Радзіме, у захапленні роднай прыродай, яе прыгажосцю, у шанаванні традыцый нашай краіны, гонару за шматвекавую гісторыю.

Распрацаваны цыкл лекцый-экскурсій аднаго экспаната народнага побыту беларусаў - сярпа, ступы, хлебнай лапаты, верацяна, калаўрота, кроснаў, ручнікоў - дазваляе гадаваць беларусаў сёння. Гадуючы беларусаў сёння, мы атрымаем тых, хто будзе ганарыцца, што ім у спадчыну дасталася пачэснае прызванне - быць беларусамі.



Серп

Прылада для ўборкі збожжавых культур (жыта, ячменю,пшаніцы, проса, аўса і інш.). Вядомы з глыбокай старажытнасці (каменны, бронзавы век). Да канца ХІХ ст. сярпы рабілі з жалеза, якое выплаўлялі ў руднях з мясцовай балотнай руды, рэжучую частку зазубрывалі. На Беларусі паўсюдна бытавалі сярпы паўкруглыя (сферычныя) і падоўжаныя (авальныя). Сярпы вырабляліся на заводах, шмат іх прывозілі на Беларусь з Цвярской губерніі. Мясцовыя кавалі таксама рабілі сярпы са старых кос. Перад жнівом сярпы зазубрывалі, тачылі іх рэжучую частку. Звычайна ў гаспадарцы кожная жняя мела свой серп. Захоўвалі іх да пачатку жніва ў сухім месцы, пры гэтым рэжучую частку абкручвалі сухой анучай. Сярпамі жалі яшчэ ў 1950 - 60-х г. У наш час у калгасах і саўгасах збожжавыя культуры ўбіраюць камбайнамі і інш. машынамі; сярпом нажынаюць першы ці апошні сноп (зажынкі, дажынкі).

  Акрамя свайго непасрэднага прызначэння - быць сельскагаспадарчай прыладай працы, серп быў абавязковым атрыбутам некаторых абрадаў. Напрыклад, у час абрада сватаўства, калі сваты “ударалі па руках” (тым самым вяселле станавілася вырашанай справай), у пакой запрашалі нявесту. А самая старэйшая жанчына ў сям’і “абжынала” ім з усіх бакоў талію нявесты, каб тая, калі стане маці, захавала стройную фігуру.

З даўніх часоў уборка збажыны з палёў была адной з важнейшых падзей для селяніна, калі не самай важнай, і суправаджалася многімі даволі складанымі абрадамі. Ад ураджаю залежыла жыццё сялянскай сям’і на працягу ўсяго года. Асноўнай збожжавай культурай на палях было жыта. А жыта - гэта хлеб. Нездарма людзі, пытаючыся даўней адзін ў аднаго пра жыццё, цікавіліся, як урадзіла жыта, бо ёсць хлеб - будзе і жыццё.

У нашым паўночна-заходнім рэгіёне жыта паспявала ў ліпені, і ў кожнай гаспадарцы імкнуліся пачаць жніво, каб яно не пераспела. Пачыналі жаць нават крыху зеленаватае жыта, думалі, што з такога будзе бялейшая мука. Казалі, няхай лепей жыта даспее ў снапах, чым пераспее ў каласах.

Жалі звычайна жанчыны і дзяўчаты, таму ў жніўных абрадах удзельнічалі выключна яны.

Працэс жніва выдатна раскрываецца ў вершы Ларысы Геніюш.

Жняя

Белая кашуля

і сярпок праз плечы.

Тканая спадніца,

хвартушок квяцісты.

Вось ідзе дзяўчына

і пяе, і шчабеча

з ніваю даспелай,

з раннем залацістым.
Ды на постаць стане,

загарне калоссе,

зубленым сярпочкам сабярэ ў далоні.
Золата цяжкое,

каб не растраслося,

лёгенька і спрытна

да зямлі наклоніць.


Ды ўздыме жменьку

Йзноў над галавою.

Ды калоссем спелым,

бы праменнем ясным,

з лёгкасцю птушынай

ускалыхне з любоўю

І паложыць жменю ўніз на перавясла.
Адарвецца часам,

сноп высокі звяжа.

За сабой паставіць ветру на забаву.

І стаяць снапочкі залатою стражай

ля мяжы зялёнай з чубам кучаравым.
Кончыцца дзянёчак,

дык на ржышчы гладкім

зжатаю дарогай у сутонні шэрым

стройныя снапочкі сыдуцца ў дзесяткі.


А дзяўчына пойдзе

Ў хату на вячэру.





Ступа

Ступа - традыцыйная прылада для апрацоўкі зерня на крупы.

Ступу рабілі з кавалка тоўстага ствала дуба, граба, часам таполі або ліпы. У ствале выдзёўбвалі ці выпальвалі конусападобную выемку. Зерне ў ступе таўклі таўкачом.

Ступа была ў кожным доме. Яна была незаменнай з восені (да мяса) і да вясны (калі мяса ўжо скончылася).

Даўно ўжо няма ступы ў абіходзе. Але пад такім найменнем існуюць ступкі, у якіх што-небудзь змяльчаюць ці расціраюць дома, у аптэцы. Таксама таўкачыкам.

Сёння ёсць ступы ландшафтныя, архітэктурныя, псіхалагічныя, экзатэрычныя, рэлігійныя і камп’ютарныя. У ваенных ступай называецца лятальны апарат. У славянскай міфалогіі ступа - гэта від транспарту памерлых, гэта значыць, як бы неіснуючых… істот. Баба Яга - якраз з такіх.

Іншы раз можна пачуць:”Не таўчы ваду ў ступе”. З усіх прызначэнняў прадмета - гэта, бадай, самае адмоўнае. Крылаты выраз “ваду ў ступе таўчы” раскрывае, пэўна, самы бесталковы ў свеце занятак. Гэта адна з самых дакладных характарыстак бяссэнсоўнага, пустога баўлення часу.

Хоць ёсць яшчэ адно, нават абразлівае: ступай называюць непаваротлівага чалавека, часцей жанчыну.

Ступа падрыхтоўкі да работы не патрабавала, бо пасля чарговага выкарыстання яе ставілі ўверх дном, і ніякага смецця, ніякага пылу туды не трапляла. Таўкач ставіўся акуратна ў вугал. Паводле падання, таўкач у ступе пакідаць нельга: чэрці ў ёй будуць таўчы - магчыма хваробу якую - а пасля - рассяваць яе людзям.

Зерне перад апрацоўкай спачатку сушылі, а ў працэсе таўчэння для таго, каб лепш аддзялялася шалупінне, крыху змочвалі вадой. Пачынаць таўчы ў ступе трэба было вельмі асцярожна: набрацца цярпення і даволі доўга апускаць таўкач лёгка, нават беражліва. Калі зерне крыху скінула сваю вопратку, можна ўдараць таўкачом смялей. Часта таўклі ў два таўкачы. Але ўсё роўна трэба было сачыць за тым, каб засталося з чаго кашу зварыць, бо можна было раздробіць крупы ў муку. Стоўчаныя крупы прасявалі на рэшаце і ачышчалі пры дапамозе апалушак. Кашу, прыгатаваную на малаку ў печы, елі з асалодай.

Дамашняя ступа лічылася не толькі гаспадарчай прыладай. Ёй прыпісваліся лячэбныя якасці: у спупе спрабавалі стаўчы хваробу як у дарослых і дзяцей, так і дамашняй жывёлы, пад ёй “марылі” ліхарадку.

Выкарыстоўвалася ступа і ў вясельным абрадзе. Каб у будучай сям’і былі і сыны, і дочкі, нявеста павінна была прысесці па чарзе і на ступу, і на таўкач.


(Паводле Любові Дубінкінай)



Хлебная лапата

Шчодрым дамашнім Богам

Ляжыць на стале маім бохан –

Па зярнятку з вякоў назапашаны,

У дзяжы ліхалеццяў заквашаны,

Замяшаны на мудрасці, поце,

І апалены духам на подзе жыцця.

Лусту хлеба кладу

На настольніцу,

Запарашаю ўсіх:

Бярыце, ешце на поўніцу.

Калі выпадзе з рук - абдзьмухніце,

Не кідайцеся ім, не тапчыце, кожную крошку яго беражыце.

Каб ён вечна вам пах родным полем,

Баравінай, зялёнай лагчынай

І рукамі матулі…

Айчынай!

Раней хлеб у магазіне не куплялі. Яго выпякалі ў кожнай хаце.

Таму пры печы кожная гаспадыня мела драўляную лапату з доўнім чаранком. Як вседчаць народныя казкі, хлебная лапата была нават у Бабы Ягі ў хатцы на курыных ножках. Менавіта на такой Іванка адправіў дачку ведзьмы ў пылаючую печ.

Хлебную лапату рабілі з цэлага кавалка ліпавага, асінавага ці альховага дрэва, таўшчыня якога складала не менш 25 см. Складанасць вырабу лапаты складалася ў тым, што не так проста адшукаць ствол такой таўшчыні з прамаслойнай драўнінай і мінімальнай колькасцю сучкоў. Калі ж больш-менш падыходзячы ствол удавалася знайсці, з яго здымалі кару і з дапамогай кліноў з трывалай драўніны (дуба, бярозы, клёна) расколвалі папалам, атрымліваючы дзве плахі. З кожнай плахі выцёсвалі па адной дошцы. Дошку гладка стругалі і чарцілі на ёй контуры будучай лапаты. Прычым, контуры стараліся размясціць так, каб сучкаватыя ўчасткі драўніны пры наступнай апрацоўцы ўбраць. Затым з дошкі, строга прытрымліваючыся контураў, выцёсвалі чарнавую загатоўку лапаты. На наступным этапе работы скруглялі па ўсёй даўжыні чаранок і сцёсвалі да намечанай таўшчыні палатно лапаты. Каб цеста лягчэй ссоўвалася на чарэнь, краі лапаты рабілі танчэйшымі. Завяршалі работу чыставой апрацоўкай усёй паверхні.

У славян было прынята, каб бохан хлеба пастаянна ляжаў на стале ў чырвоным куце. Хлеб на стале сімвалізаваў дастак дома, пастаянную гатоўнасць да прыёму гасцей, а таксама быў знакам божага пакравіцельства і абярэгам ад варожых сіл. Людзі клалі хлеб перад іконамі, і як бы сведчылі тым самым вернасць Госпаду, але і Бог, у сваю чаргу, клаў хлеб на стол перад людзьмі: нездарма хлеб - “дар Божы”, а стол - “Божая далонь”.

Разразанне хлеба і размеркаванне яго паміж едакамі было абавязкам мужчыны, а заквашванне цеста і выпечка хлеба - спецыфічным жаночым абавязкам. Усе дзеянні рэгламентаваліся мноствам правілаў і забаронаў.

Перш, чым мясіць цеста (расчыняць хлеб), жанчына павінна была чыста памыцца і перахрысціцца, прызваўшы ў сведкі Бога, каб хлеб удаўся і добра падыйшоў. Не раілася расчыняць хлеб у кепскім настроі, бо гэта, паводле павер’яў, уплывала на яго якасць (“цеста будзе вадзяное, і хлеб у печы расплывецца”). Перад тым, як саджаць цеста ў печ, гаспадыня пакрывала лапату хрэнавым, кляновым ці дубовым лісцем, аерам і пасыпала зверху мукой. Саджалі хлеб у печ моўчкі. Пры яго пасадцы непажадана было каму-небудзь знаходзіцца на печы. Калі хлеб выпякаўся, не дазвалялася ў гэты час гучна размаўляць, спрачацца, прымаць у доме выпадковых людзей , месці падлогу (“хлеб можа патрэскацца”). Пакуль печ адкрытая, ніхто не павінен выходзіць з дому. На працягу ўсяго працэсу прыгатавання хлеба, неаднаразова хрэсцяцца самі і крэсцяць муку, цеста ў дзяжы, бохан перад выпечкай і пасля яе. З такой жа сакральнай далікатнасцю і пашанай адносіліся і да начыння, якім карысталіся для прыгатавання хлеба, асабліва дзяжы. Апошнюю трымалі ў пэўным месцы на падсцілцы (падкладзеным пад яе ручніку, кажуху ці саломцы), заўсёды накрытай зверху. Яе не дазвалялі пазычаць у другі дом: па павер’ю, яна магла за гэта пакрыўдзіцца і перастаць даваць добры хлеб.

Хлеб пяклі 1-2 разы ў тыдзень. Забаранялася пячы хлеб у нядзелю, святочныя дні. Звычайна за адзін раз выпякалі 5-8 боханаў.

Хлеб шырока выкарыстоўвалі ў якасці абярэга: клалі ў люльку немаўляці, бралі з сабой, адпраўляючыся ў дарогу, каб ён абараняў на працягу ўсяго шляху.

Як дзядулі ў дарогу

выпраўлялі бацькоў,

кожны з торбачкай, з богам

з роднай хаты пайшоў.
А ў той торбе ў паперы -

цёплай бондачкі круг,

хлеб, прапахлы аерам,

з любых матчыных рук…

Ларыса Геніюш “Торбачка”
Хлеб клалі на тое месца, дзе ляжаў нябожчык, каб хлеб перамог смерць, і памерлы не забраў з сабой пладароддзе, вынасілі на вуліцу пры набліжэнні грому, хмары з градам разам з другімі рэчамі, якія выкарыстоўваліся пры гатаванні хлеба (дзяжой і хлебнай лапатай), каб засцерагчы пасевы, абыходзілі з хлебам будынкі, якія загарэліся ў час пажару ці кідалі яго ў агонь, каб прыпыніць распаўсюджанне пажару.

Хлеб шырока выкарыстоўвалі ў якасці абрадавага дару: бралі яго з сабой, адпраўляючыся ў сваты, хлебам і соллю віталі госця, маладых, калі тыя вярталіся з царквы пасля вянчання, збожжам абсыпалі шлях маладым, вязлі хлеб разам з пасагам нявесты.

Хлеб, забыты ў печы, надзяляўся асаблівымі якасцямі: яго давалі чалавеку, які сумаваў па памерламу ці па каханай асобе, каб ён забыў іх, выкарыстоўвалі як лячэбны сродак.

У ліку першых прадметаў, якія параносілі ў новы дом, вельмі часта ўпамінаюць дзяжу, качаргу, вілкі і хлебную лапату.

Хлеб фігуруе ў шматлікіх прыказках, прымаўках, крылатых выразах:

Хто сее хлеб, той сее праўду;

Хлеб плача, калі яго дарэмна ядуць;

Лепш уласны хлеб, чым пазычаная булка;

Дзе добры хлеб, там мая і айчына.



Верацяно
Мама

Мама мая ціхая

Ведала адно:

Цэлы век круцілася

Як верацяно.
Пралася, не рвалася

Не збягала ў сон

Нітка суравая

Шэра-белых дзён.


Шчасця не чакала

З горам заадно.

Ткала мама, ткала

Долі палатно.


Шэранькае вельмі,

Бачыла, ткучы,

І слязьмі адбельвала

Палатно ўначы.

На крыжы магільным

Ветрае яно

Ручніком пахілым

Долі палатно.

Мікола Маляўка
Іншы раз можна пачуць ад дарослых : “Не круціся як верацяно”. А што такое верацяно і чаму яно круціцца, ведаюць не ўсе.

Верацяно - прылада для ручнога прадзення лёну, воўны, пянькі. У старажытныя часы верацяном служыла драўляная, крыху завостраная палачка, пазней-конусападобная палачка, даўжынёй 20-30 см, з завостраным верхам, патоўшчаным нізам, на які для павелічэння вагі надзявалі прасліца, і вострай пяткай, верацяно выстругвалі нажом або выточвалі з бярозы, ясеню, грушы.

Пралі пры дапамозе верацяна ці каалаўрота на працягу ўсяго тыдня за выключэннем святочных дзён і нядзелі. Затым пражу рыхтавалі да ткання: бялілі або фарбавалі, снавалі.

Начынне для прадзення археолагі знаходзілі ў курганах ІХ-Х стагоддзяў.

З верацяном звязана шмат магічных прыёмаў і ўяўленняў. Так, забаранялася дакранацца да дзіцяці верацяном, бо яно перастане расці - стане падобным да верацяна, якое круціцца, расце ў шырыню, а па вышыні не змяняецца. Верацяно таксама ўваходзіць у шэраг вострых колючых прадметаў, што абумовіла яго выкарыстанне ў якасці абярэгу і сродку супрацьдзеяння нячыстай сіле. Тры верацяны клалі пад калыску, праз іх пералівалі ваду ад сурокаў.

Падабенства рухаў кручэння верацяна і змяі сталі грунтам іх актыўнага збліжэння ў народных уяўленнях. На святы Каляд і Благавешчання верацяно хавалі што далей, бо іх знаходжанне навідавоку абяцала сустрэчу змей улетку (“верацёны пойдуць вужамі ў лес”).

Паколькі верацяно было толькі жаночай прыладай працы, то на верацяне адразалі пупавіну дзяўчынцы, каб тая стала добрай пралляй.

Укол верацяном таксама набываў адметныя рысы. Можна ўзгадаць казачны матыў пра царэўну, якая засынае, укалоўшыся верацяном. У беларусаў “укалоцца верацяном - да кахання”. Існавала яшчэ адна прыкмета: калі ў дзяўчыны, якая прадзе, часта падала верацяно, гэта азначала, што сяброўка адбівае яе каханага.



Калаўрот


У сёлах даўно не прадуць
Воўны белай пасмачкі кволыя

з хмар-кудзелі вятры прадуць,

не на кужаль, што ткалі ў сёлах.

Па сёлах даўно не прадуць.


Не снуюць вечарамі, не мараць

Ды не ладзяць забытых красён.

Калі ўбачаць старое прыладдзе,

даўніну ўспамінаюць, як сон.


З ціхай сцежкі жыццё саступіла,

шэрых досвіткаў болей няма.

Не майструе грабель і цапільнаў,

на таку не малоціць зіма.


Не патрэбны ні свірны, ні гумны.

Малацьба без цапоў і грабель.

Толькі сэрцу даўнейшаму сумна.

Часам сніцца кужэльная бель.

Ларыса Геніюш

Калаўрот - самапрадка, прылада для механізаванага прадзення лёну і воўны ў хатніх умовах. На Беларусі вядомы 2 тыпы калаўроту – стаяк (больш характэрны для заходніх раёнаў) і ляжак (пераважаў ва усходніх і паўночна-усходніх раёнах). Абодва тыпы мелі аднолькавыя рабочыя часткі: кола, педаль (шатун, ківач), якой кола прыводзілася ў рух, і прадзільны апарат. Апошні складаўся са стрыжня і размешчанай на ім шпулькі для намотвання пражы і маленькіх калёсікаў, злучаных пры дапамозе шнуроў з вялікім колам. У калаўроце-стаяку кола знаходзілася паміж дзвюма вертыкальнымі стойкамі пад прадзільным апаратам, у калаўроце -лежаку – збоку ад прадзільнага апарата.


Што там сьніцца калаўроту,

Калі сьпіць кудзелі дзея?..

Зоркі ў хмарах, пошук броду,

Змрок і вечная надзея…

Ужо цяпер ня надта ёмка

Словы пафасныя траціць –

Беларусь, як незнаёмка,

На парозе ў роднай хаце.

Ірына Багадновіч.



Кросны

Адкуль з’явіліся

Рамёствы?

З патрэб людзей,

З патрэб жыцця,

Станок надзвычай просты -

Кросны,

А фабрыка -



Яго працяг.

Авер’ян Дзеружынскі

Раней у кожнай сялянскай хаце на самым пачэсным месцы стаялі кросны. І на іх ткалі дзеля штодзённых патрэб. Цяпер іх можна ўбачыць хіба што ў музеі ці майстэрнях мастакоў. А сапраўдных ткачых, якія дасканала валодаюць сакрэтамі старадаўняга рамяства, засталіся, бадай, лічаныя адзінкі.

Кросны - ткацкі станок з навітай асновай для ткання. Найбольш важныя часткі і прыстасаванні пашыраных на Беларусі гарызантальных кроснаў: ставы (апорны каркас), на якіх мацаваліся навоі (для асновы і тканіны); ніты, у якія накідалася аснова; бёрды з набіліцамі для прыбівання ўтку; панажы, кацёлкі для прывядзення ў рух нітоў і ўтварэння зева пры тканні. Пачыналі наладку кроснаў з навівання падрыхтаванай асновы. Расплятаючы аснову, яе пастаянна часалі драўляным грэбнем (для раўнамернага размеркавання), і, нацягваючы, накручвалі на навой. Для ўтварэння зева ў аснову прапускалі дзве вузкія (2-3 см) “чыноўныя” дошчачкі, якія перасоўвалі па меры накручвання асновы.

Наступны этап - накіданне асновы ў ніты. Парадак прапускання асновы ў ніты і іх колькасць залежалі ад узору будучай тканіны (колькасць нітоў вагалася ад 2 да 16 і больш). Аснову прапускалі ў бёрда, звязвалі па некалькі нітак разам, прадзявалі пруточак і замацоўвалі яго на навоі. Ніты злучалі з панажамі. Наладка кроснаў і тканнне лічылася жаночай справай. На кроснах выраблялі разнастайныя тканіны: ад 2-нітовага палатна да шматнітовых і перабіраных узарыстых ручнікоў, абрусаў, посцілак.

Спачатку ткацтва развівалася як хатняе рамятсво, калі рэчы вырабляліся на патрэбы сямейнай гаспадаркі. Рамесныя навыкі перадаваліся шляхам натуральнай пераемнасці. Паступова з сельскага асяродку выдзяляліся больш кваліфікаваныя майстры, так рамяство становіцца прафесіяй.

Важную ролю ў арганізацыі цэнтраў ткацкага рамяства з XVIII ст. адыгралі ткацкія мануфактуры. Тут вырабляліся шматнітовыя тканіны, тэхналогія вырабу якіх была прынесена на беларускія землі заходнееўрапейскімі ткачамі. Тканіны, якія выпрацоўваліся ў гэтых майстэрнях, вывозіліся на продаж за межы краіны: ў Польшчу, Германію, Аўстра-Венгрыю, Францыю.

У савецкія часы рабіліся спробы вывесці ткацкае рамяство на новы ўзровень. Быў створаны шэраг арцеляў, сярод якіх былі і ткацкія. У 1945-1947 гг. на Беларусі існавала каля 20 арцеляў.


Беларускія ткачыхі

Ад родных ніў, ад роднай хаты…

М.Багдановіч
З калгасных вёсак, з роднай хаты,

Парой юнацкае красы,

Не ў панскі двор прыйшлі дзяўчаты,

А ў завадскія карпусы;

Не для магнатаў-ваяводаў,

Не тыя ў нас цяпер часы,

Прыйшлі для простага народа

Ткаць залатыя паясы.


Агнём вясёлым ззяюць вочы,

Не гнуць за кроснамі спіны,

Не пра гаротны лёс дзявочы

Пяюць, працуючы, яны;

Ад гаспадарскай, працавітай,

Ад іх умелае рукі -

Сукно, і шоўк, і аксаміты

Ніткуюць ткацкія станкі.


А за сцяной - не замак пана -

Палац культуры… пышны сад.

Як стайкі птушак, ля фантана

Шчабечуць стайкі дашкалят.

Работа спорыцца. І нітка

Звініць, як тонкая струна,

Прасторны цэх святлом заліты,

І на душы ў дзяўчат вясна.

Іх праца ў славе працвітае.

Да іх, пазбыўшыся ярма,

З Еўропы едуць і з Кітая

Сакрэт майстэрства пераймаць,

Каб на савецкі лад багаты

Ткаць у рэспубліцы сваёй,

Як беларускія дзяўчаты,

Узоры радасці людской.


1956 г. Андрэй Александровіч
У 60-х гг ХХ ст. арцелі былі рэарганізаваны ў фабрыкі мастацкіх вырабаў. Адзін з буйнейшых у рэспубліцы ткацкіх цэхаў знаходзіцца ў Слуцку. Ручнікі, абрусы, сурвэткі і посцілкі слуцкіх умеліц заўсёды адрознівае адданасць нацыянальным традыцыям.

Аднак, на сённяшні дзень, рэдкія вырабы знаходзяць прымяненне ў побыце як жыхароў Беларусі, так і гасцей, што з’яўляецца моцнай перашкодай для развіцця мастацкага тэкстылю. Ніводнай тэкстыльнай рэчы са створаных фабрыкамі не давялося стаць брэндам на рынку сувенірнай прадукцыі, такім як, напрыклад, сталі вырабы з саломкі.


Дыван

Пад старасць дзён,

калі так ломіць змора

ўсяго жыцця,

што засталася ў снах.

прыгадваю дзівосныя ўзоры

у ромбікі

на матчаных краснах.


Узор пяе на лоне пражы белай,

шнурок з квадратаў роўненька бяжыць.

Як вылічыць, як аснаваць сумела

дыван свой,

каб аж так заваражыць?
Так далікатна, анідзе памылкі.

на бель асновы колерам лягло,

так ад калыскі да самой магілкі

жыццё людское выткана было:


Квадраты дзён,

запоўненыя працай,

між імі - сонца залаты прасвет.

Так роўненька,

так нельга памыляцца,

каб спраўным быў дыван жыцця

як след.

Ларыса Геніюш






Ручнікі

Наш беларускі ручнік
З каласоў жытнёвых ён сатканы,

Наш ручнік, наш беларускі ўзор,

Васільком, пралескай вышываны,

Хвалямі блакітнымі азёр.


Наш ручнік, як золата, свіціцца,

Кветкамі вясновымі цвіце.

І ў прасторных хатах, і ў святліцах

На вяселлях радуе гасцей.


Быццам веюць ветрыкам дубровы

І прыемнай свежасцю сады

А пад лёгкі шолах ручніковы

Песні, пацалункі маладых.


Зіхаціць ручнік наш саматканы,

Родны беларускі наш узор,

І глядзіш, глядзіш зачараваны

На дзівосны, казачны ўзор.

Авер’ян Дзеружынскі
Сярод ільняных вырабаў традыцыйнага беларускага ткацтва ручнік варты асаблівай увагі. Ручнікі ўжываліся для штодзённага і святочнага дэкаратыўнага ўпрыгожвання жылля і абразоў - набожнікі. Цікавасць да гэтай рэчы абумоўлена не толькі прыгажосцю, яго эстэтычнай функцыяй - упрыгожання інтэр’ера хаты, але і яго роляй у беларускіх абрадах.

Ручнік шырока выкарыстоўваўся ў вясельным абрадзе. Падрыхтаваныя ў якасці падарункаў ручнікі мелі прэстыжнае значэнне, паколькі з’яўляліся лепшым доказам здольнасці нявесты ткаць, а ў будучым - апранаць сям’ю. Дарэнне ручнікоў суправаджалася пэўнымі рэтуаламі, песнямі. Але ручнікі дарылі не ўсім родзічам маладога, а пераважна мужчынам: маладому, яго бацьку, свату і яго памочніку, дружыне маладога, іншым вясельным чынам.

Тыповым было выкарыcтанне ручніка ў якасці падножніка, на які станавіліся маладыя ў час вянчання. Адыходзячы ад аналоя, нявеста старалася цягнуць за сабой і ручнік. Гэта рабілася для таго, каб сяброўкі цягнуліся за ёй - выходзілі замуж. Ручніком карысталіся і іншыя моманты вясельнага абраду: у час звязвання нявесты і жаніха на вянчанні, у час пераезду да жаніха, што сімвалізавала адзінства маладых.

Выкарыcтоўваўся ручнік і для абгортвання рук. Маладых урачыста абводзілі вакол стала, заводзілі за стол. Такім жа чынам маладога і нявесту ўводзілі ў царкву. Кульмінацыйным момантам вяселля быў прыезд павянчаных да хаты маладога, які суправаджаўся агледзінамі пасагу нявесты: ручнікоў, абрусаў, пасцілак - ствараўся яркі і святочны інтэр’ер. Прысутныя прыдзірліва ацэньвалі колькасць і якасць рэчаў, багацце ўзораў.

Ручнік шырока выкарыстоўваўся і ў жалобнай абраднасці. Адзін з такіх старажытных звычаяў - вывешванне ручнікоў з вокнаў. На Віцебшчыне, напрыклад, калі цела нябожчыка ўжо ляжала ў труне на кутнім месцы, за акно, пры якім стаяла труна, вывешваўся ручнік. І ў знак жалобы, і ў для “патрэб” нябожчыка, які, паводле павер’я, можа вярнуцца ў пакінутую хату. Ручнікамі здаўна на Палессі абвязваюць надмагільныя крыжы, бо гэта з’яўляецца найбольш выразным, даступным і зручным упрыгажэннем магілы. Без ручніка не абыходзілася і ўшанаванне духаў продкаў на Дзяды. Пасля вячэры на канец стала клалі ручнік, кавалак мыла, ставілі кубак з вадой. На стале пакідалі поўную чарку і вячэру. Людзі верылі, што дзяды прыйдуць уначы на вячэру і будуць мыць рукі. Рытуалы з ручніком адрозніваюцца паводле формы, але іх аб’ядноўвае сутнасць самога абраду - ушанаванне продкаў. Ручнік, такім чынам, паўстае перад намі як сімвалічны пасрэднік паміж светам жывым і светам нябачным.

Узорысты ручнік - адзін з прадметаў, які найчасцей ахвяравалі ў дар у касцёл, царкву, капліцу, на крыжы, што стаялі на расстайных дарогах. На Вадохрышча ручнікі часам упрыгожвалі ледзяны крыж, на Сёмуху іх ахвяроўвалі бярозе як духу расліннасці, на Купалле разам з вянкамі жывых кветак развешвалі на прыдарожныя крыжы. На Зажынках першы сноп абвязвалі стужкамі, прадзівам ці ручніком, ім жа ахіналі гэты сноп у куце.


Пад небам бусліным
Саматканыя ручнікі:

Радасць, смутак, бясонне вёсак.

Размаўляюць са мной вякі,

Пакаленні людскія, лёсы.

Неба весняга жаўрукі

І валошкавая прахалода…

Саматканыя ручнікі -

Твор крынічнай душы народа.


Змітрок Марозаў


Літаратура

  1. Цітоў В.С. Этнагарафічная спадчына. Беларусь. Традыцыйна-бытавая культура. Мн. 1997.

  2. Крук Я. Сімволіка беларускай народнай культуры. Мн., 2003.

  3. Каспяровіч В. Сімвалы беларускага вяселля // Роднае слова. 2005, №4 .С 98-102.

  4. Міцкевіч У. Побыт сям’і палясоўшчыка. Этнаграфічная абмалёўка лясной каморы // Роднае слова. 1995. №7. С.142-152.

  5. Мяжэвіч в. “Ой, лянок, лянок мой чысты, валакністы, залацісты. Літаратурна-этнагарафічная гасцёўня. // Беларуская мова і літаратура. 2006 , №4 ,С.50-62.

  6. Садоўская Л. “Адамаўская святліца запрашае” на літаратурна-музычную вечарыну // Бібліятэка прапануе. 2009, №4. С.20-21.

Паэтычныя зборнікі

  1. Александровіч А. Мн.,1970

  2. Геніюш Л. На чабары настоена: Лірыка. Мн., 1982.

  3. Маляўка М. Покуць. Мн., 2001

  4. Марозаў Зм. Пад небам бусліным: Вершы. – Мн., 1982.



  1. Рэсурсы Інтэрнета.







База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка