Уільям Шэкспір Санэты 1



старонка1/4
Дата канвертавання17.06.2016
Памер493.93 Kb.
  1   2   3   4
Уільям Шэкспір

Санэты

1

Краса ніколі не памрэ на свеце, -


Тварэнні дзіўныя прыносяць плён.
Пялёсткі вянуць на ружовым цвеце,
Ды аднаўляе памяць іх бутон.

Зіхценнем воч сваіх зачараваны,


Ты паліш сам сябе сваім агнём.
Ты катуеш сябе не горш тырана,
Набыткі ўсе развеяўшы суздром.

Для свету лепшая акраса сёння,


Вястун вясенняй зыркай пекнаты,
Сок жыватворчы тоячы ў бутоне, -
І марнатраўца ты, і скнара ты.

Шкадуй наш свет, не кінь таго ў магілу,


Што новае жыццё ускаласіла б.

2

Як пройдзе сорак зім па-над табой,


Чало збароздзяць, быццам поле плугам,
Згадае хто убор квяцісты твой,
Пабачыўшы старэцкую дзяругу?

На запытанне: «Дзе ўся прыгажосць,


Дзе скарбы дзён юнацтва залатога?» -
Пакажаш, што ў запаўшых вочах ёсць?
Красы ў іх мала, але здзеку многа!

Наколькі прыгажэй сказаць бы так:


«Усё найлепшае маё у сыне!
Яго прыняў, як спадчыну, юнак,
Мяне яна таксама не пакіне».

Калі пачне у жылах стынуць кроў,


Яна праз сына запалае зноў.

3

У люстра глянь на вобраз дзіўны свой,


Скажы яму стварыць такі ж, як гэты.
Абразіш свет, спазніўшыся сяўбой,
Благаславіць не здолеўшы кабеты.

Якой красуні люба не было б,


Каб ты ўзараў нявораныя гоні?
Які б дзівак на звод павёў свой род,
Любоў ва ўласным пахаваўшы лоне?

Ты адлюстровак матчыным вачам,


Яе прадвесні успамін дзівосны.
Ты ўцеху знойдзеш некалі і сам,
Праз вокны старасці пабачыш вёсны.

Як не пакінеш памяці такой,


Ты сам памрэш і вобраз твой з табой.

4

О марнатраўца! Спадчыну, багацце,


Якія нам прырода ў доўг дае,
Ты безрахубна толькі можаш траціць
На асалоды ўласныя свае.

Цудоўны скнара! Для цябе пазыкі,


Дабро чужое - як уласны дар.
Калі ліхвяр хавае скарб вялікі,
Які прыбытак будзе мець ліхвяр?

Гандлюючы цяпер з самім сабою,


Сябе самога ашукаць ты рад.
А што ж, як лёс прызначанай парою
Запатрабуе справаздачу страт?!

З табою ляжа і краса таксама,


Якая б накш твой здзейсніла тастамант.

5

Мастак цудоўны, незраўнаны час,


Нам творыць дзівы дзіўныя няспынна.
І ён жа ўсё, што захапляла нас,
Нібы тыран, знішчае ў міг адзіны.

Пазбыўшы лета, ён зіму вядзе


Ў наш засмучоны свет, такі знямелы,
Дзе ані кветкі, ні лістка нідзе,
Адзін прасцяг сцюдзёны, снежна-белы.

І каб не кветак хараство за шклом,


Зачыненых у ільдзяной вязніцы,
На цуды, створаныя мастаком,
Маглі б напэўна мы ураз забыцца.

Зіхценне кветкі страцілі зімой,


Але душа іх з той жа пекнатой.

6

Пільнуй, каб лета і твайго прыход


Бязлітасна зіма не зруйнавала,
Пакуль дасі красе ў скарбніцу плод
І не напоўніш слодыччу фіяла.

Ты не ліхвяр, калі за ўласны дар


Бярэш аддзяку шчыра, без умовы.
Ты сам свайму багаццю гаспадар,
Сябе паўторыш дзесяціразова.

Калі ўсе новыя ўдзесяцярых


Разоў па дзесяць вобраз твой адновяць, -
І смерць не страшна ў твой апошні міг,
Тваё патомства - вось твая адповедзь!

Занадта ты прыгожы, дасканалы,


Каб гэта ўсё здабыткам смерці стала.

7

Калі ў агні ўрачыстых, ясных шат


Ідзе з начы магутнае свяціла,
Ўзнімае ўсё жывое свой пагляд,
Вітае прамяністасць дзіўнай сілы.

Калі яно у залатых агнях


Ідзе па небу да свайго узвышша,
Тады ўсе з захапленнем у вачах
Глядзяць, нібы юнак чароўны выйшаў.

Калі ж яно на небакрай зірне,


Стамлёна ў дол пакоціць калясніцу,
Тады ўсе вочы недзе ў старане,
Пакуль яму да захаду хіліцца.

І ты без следу ў свеце знікнеш так,


Калі не застанецца сын-юнак.

8

У музыцы твая ўся асалода.


Чаму ж яе ты слухаеш з тугой?
Калі яна табе не даспадобы,
Чаму не развітаешся ты з ёй?

І хоць акорды жалем горкім поўны,


У іх сугучнасці табе дакор:
Хто без гармоніі жыве чароўнай,
Самотны той на ўвесь зямны прастор.

Ты чуў калі, як струны ў дружным ладзе


У перазвон гудзяць адна другой?
Так бацька з сынам, разам з імі маці
Шчаслівы спеў пяюць адной сям'ёй.

І сведчаць гукі шчырыя усім:


Самотны - як і не жывы зусім.

9

Каб не пакінуць любую ўдавой,


Дагэтуль ты ні з кім не заручоны.
Калі ж бы смерць устала над табой,
Апанаваў бы светам смутак чорны.

Свет плакаў бы, як удава, па тым,


Што вобраз твой загінуў беззваротна.
Сын адлюстроўкам мог бы быць тваім,
Праз сына ты і быў бы бессмяротным.

Калі растраціць скарбы хто усе, -


Другія спажывуцца іхнім коштам,
А калі знікнуць суджана красе,
Яна ў нябыт адыдзе занівошта.

Хто сам сабе гатоў прынесці шкоду,


Таму нікога на зямлі не шкода.

10

Якая ганьба! Жыць і не любіць


Людзей спагадных і сябе самога,
Любоў да свету цэлага згубіць,
Набыўшы ў сэрца пачуццё благога!..

Уласным ворагам сваім ты стаў,


Супроць сябе самога паўстаеш ты,
І дом цудоўны, ў спадчыну што ўзяў,
Не аднаўляеш, бурыш ты дарэшты.

Змяніся ты, і я змяню настрой,


Краса каханню быць павінна домам.
Як з выгляду, будзь ветлы і душой,
Не будзь ты ворагам сабе самому.

Краса твая зусім са свету згіне,


Як не пакінеш нам яе ты ў сыне.

11

Не звянеш ты, бо закрасуеш зноў


Цераз дзяцей сваіх і з іх красою.
Сваёй ты назавеш нашчадкаў кроў,
Якую даў часінай маладою.

Ёсць мудрасць, прыгажосць у думцы той.


Без іх жа радасці і шчасця мала:
Калі б згадзіўся свет увесь з табой,
Дык праз капу гадоў жыцця б не стала.

Няхай пачвары, вырадкі усе


На свеце нашым згінуць без расплоду.
А ты, за ўсе дары тваёй красе,
Павінен шчыра дзякаваць прыроду.

Ты, як пячаць, што выразаў разьбяр,


Павінен шмат разоў вярнуць свой дар.

12

Калі гадзіннік адбівае час нам,


А дзень вясёлы нікне ў шэры змрок,
Ці сівізну на чорных бачу пасмах,
Фіялкі кволае паніклы зрок,

Калі пабачу дрэвы пры дарозе -


Ўсе без лістоў, без засені густой,
Або пласты сухой травы на возе,
Нядаўна што была жывой травой, -

Тады цябе міжвольна я згадаю:


Тваёй красы не вечны такжа цвет.
Адно жыве, другое памірае,
А трэцяе ў жыццё цярэбіць след.

Як стане смерць па-над табой з касой, -


Змагацца з ёй пачне нашчадак твой.

13

Каб мог ты вечна быць самім сабою!


Але жывеш на свеце да пары.
Пакуль це стане смерць перад табою,
Сабе падобны вобраз ты ствары.

Краса табе аддадзена на раты,


Але і вечнай можа стаць, калі
Твой вобраз будзе новым пераняты
І будзе красаваць з ім на зямлі.

Хто дасць, каб дом цудоўны быў зруйнован


Ці сцюжай смерці, ці ліхой зімой?
Гаспадаром руплівым апільнован,
Устоіць ён перад навалай злой.

Ты бацьку меў. Дазволь другому, мілы,


Сказаць такое ж ля тваёй магілы.

14

Ніколі я не варажыў на зорках,


Хоць разумею іх спрадвечны шлях.
Не папярэджу аб часінах горкіх,
Што нам прыносяць голад, войны, жах;

Не ведаю, ці навальніца будзе,


Ці будзе неба яснае без хмар,
Ці будуць жыць шчасліва ў свеце людзі,
Ці шчаслівейшым будзе уладар, -

Але ў тваіх вачах чытаю ясна,


У гэтых зорках вечнай чысціні, -
Што праўда з хараством тады не згасне,
Калі потомкі ўдоўжаць твае дні.

Калі ж стварыць ты гэтага не ў сіле,


Краса і праўда згінуць у магіле.

15

Калі падумаю, што ўсё жывое


Красуе на зямлі кароткі міг,
Што свет - тэатр, а мы, яго героі,
Ад зор залежым на шляхах сваіх,

Калі падумаю, што людзі, як расліны,


Жывуць і гінуць з ласкі неба ўсе,
Што поўны сіл юнацкія часіны,
А сталасць адцвітанне нам нясе, -

Тады згадаю я аб тым міжвольна,


Як бродзіць нашай маладосці сок
І як знішчальны час ідзе павольна,
Каб дзень змяніць на шэры, хмуры змрок.

Я за цябе іду на час вайною,


Каб аднавіць прышчэпкаю сваёю.

16

Чаму на час вайною сам не йдзеш ты


І не змагаешся з тыранам сам?
Мой верш слабая абарона, зрэшты,
А што ж мацнейшае ад рыфмы дам?

Ты дасягнуў цяпер свайго узвышша,


І колькі з радасцю далі б табе,
Каб ты сады іх апрацоўваць выйшаў,
Прыняў удзел у веснавой сяўбе.

Закрасавалі б там жывыя кветы


І да цябе былі б падобны лепш,
Чым самых лепшых мастакоў партрэты,
Чым выдатнейшага паэта верш.

Сваім мастацтвам створыш ты такое,


Што будзе жыць і без цябе - табою.

17

Паверыць хто ў наступным часе мне,


Калі цябе ў сваім праслаўлю вершы?
Само жыццё схавана у труне,
А верш ці можа за жыццё быць лепшым?

Каб я спрамог малюнак даць красы,


Даць вобраз твой з усёю пекнатою,
Наступны век сказаў бы: «Во хлусы!
На небе можа толькі быць такое!»

І як смяяліся б тады яны


З мяне і з аркуша рудой паперы.
Для іх старыя ўсе - балбатуны,
Якія хлусяць без ніякай меры.

Але каб сын твой быў дасюль жывым,


Ты б двойчы жыў: у вершы раз і ў ім.

18

Я з летнім днём цябе не параўнаю,


Мілей, вышэй ты хараством сваім.
Суровы вецер крышыць кветкі мая,
І лета борзда коціцца за ім.

То з неба Вока паліць нас зацята,


То знікне так, што не відаць нідзе.
Прыгожага бывае малавата,
Дзе выпадковасць нашы дні вядзе.

Тваё ж не зменіцца ніколі лета,


І смерць не зможа пахваліцца тым,
Што ты забраны назусім са свету:
Знайшоў бяссмерце ў вершы ты маім.

Ты будзеш жыць, аж покуль будуць людзі,


І будуць вочы бачыць, дыхаць грудзі.

19

О час! Льву - прытупі ты кіпцюры,


У тыгра злога - з пашчы іклы рві,
Прымусь зямлю глытаць свае дары
І фенікса спалі ў яго крыві;

Тасуй наш год, рабі што хочаш з ім,


Круці наш свет, як здумаеш калі, -
Адзін злачын забараню пры тым,
Злачын страшнейшы самы на зямлі.

Ты не чапай любімага чала,


Яго пяром старэцкім не крані,
Каб, як узор, краса яго жыла
На ўсе наступныя часы і дні.

Але калі ты ўсё ж ткі закранеш,


Яго красу мой абароніць верш!

20

Жаночы твар дала табе прырода,


З больш дасканалай нават пекнатой.
Мяне прывабіла твая урода, -
Ты пан і пані для душы маёй.

Пяшчотны погляд, шчыры і прыгожы,


У пазлацістасць апранае след.
Мужчын ён вабіць сілаю вяльможнай,
Сардэчнасцю чаруе ён кабет.

Цябе прырода ладзіла жанчынай,


Пасля адну драбнічку дадала,
Што не патрэбна мне ніякім чынам,
А для жанчын прывабнаю была.

Калі такая справа - мне любоў,


А ім - як можна больш яе пладоў.

21

Натхнення я не маю ад красы,


Якая звонку ўся нафарбавана,
Хоць многія раўнуюць галасы
Яе да неба, сонца, акіяна.

Успомніць можна перлы ўсёй зямлі


Ці параўнаць да месяца, да зорак.
І кветкі, што з-пад снегу расцвілі,
Да вершаваных прыплясці гаворак.

Але не ў гэтым праўда прадвякоў,


І хараство не толькі ў зорнай шаце, -
Мая каханая, мая любоў
Прыгожа так, як роджаны ад маці.

Лепш пра любоў сказаць бы я не мог,


Мая любоў - для сэрца, не на торг.

22

Не давядзе мне люстра, што стары я,


Пакуль тваё юнацтва не міне.
Калі цябе час зморшчкамі ускрые,
Тады скажу: «Пара памерці мне!»

Краса твая мне апранае сэрца,


Яно жыве ў тваіх грудзях даўно.
І кожнае з падвойнай сілай б'ецца,
Яны хоць паасобна - як адно.

Мая любоў! Так многа ў свеце злога,


Высцерагайся ж пільна ты бяды!
Як маці сына пестуе малога,
Цябе я буду даглядаць заўжды.

Два сэрцы нашы маюць лёс адзіны:


Жыццё і смерць іх да адной хвіліны.

23

Як той акцёр, збянтэжыўшыся, стане,


Згубіўшы ролі вызубранай ніць,
Ці безразважны, ў раззлаваным стане,
Знямее, сіл не меўшы гаварыць, -

Так я замоўк, бо словаў больш не маю,


Якімі надарае нас любоў.
Але ж яна, магутная такая,
Мяне навучыць гаварыць без слоў.

Няхай тлумачыць кніга мову сэрца,


Як абаронца красамоўны мой.
Хай у радочку кожным адгукнецца,
Што варты ўзнагароды я тваёй!

Пачуем пра любоў з нямых радкоў?


Вачыма слухаць вучыць нас любоў!

24

Твой вобраз, на здзіўленне мастакам,


У сэрцы вока мне маё стварыла.
Жывая рама для яго - я сам.
У ім - выдатная мастацтва сіла.

Каб асалоду мець ад пекнаты,


Спыніцца трэба позіркам на раме.
А вокны ўсе ў маёй майстэрні ты
Зашкліла чараўнічымі вачамі.

Сябруюць нашы вочы між сабой:


Мае цябе нарысавалі ў сэрцы,
А сонца ходзіць праз твае за мной,
Каб на красу тваю лепш наглядзецца.

На жаль, мае рысуюць толькі тое,


Што бачаць, сэрца ж ім пакуль чужое.

25

Хто з-пад шчаслівай зоркі мае лёс,


Той ганарыцца тытуламі можа.
А мне любоў для шчасця ён прынёс,
З ёй самы большы ў свеце я вяльможа.

Нібыта кветкі ў сонечным святле,


Ля ўладара красуюць фаварыты.
А згасне сонца ў вечаровай мгле,
Нахмурыцца ўладар - і ўсе забыты.

Меў ваявода мноства перамог,


Яго імя гучала, як малітва.
Калі ж апошняй дасягнуць не мог -
Забыты ён са славаю ўсіх бітваў.

Маіх заслуг ніхто ніяк не здыме:


Любіў, люблю і буду век любімы.

26

Майго кахання пан! Як твой васал,


Бязмежна вартасцям тваім адданы,
Пісьмовае пасольства я паслаў,
Хоць без дасціпнасці, але з пашанай.

На жаль, прыдатных слоў я не знайшоў,


Каб выканаць пачуцці-летуценні.
Прымі ж маіх гаротнікаў паслоў
І апрані душы сваёй адзеннем.

Магчыма, зоркі, што кіруюць мной,


Вядуць мяне у край нязнаны свету,
Сваёю прамяністаю красой
Маю адзначаць і аздобяць мэту.

Тады і я прызнаюся у тым,


Як шчыра мной ты заўсягды любім.

27

У цяжкай стоме я шукаю ложак,


Каб супачыць і целам і душой.
Ды і адтуль імкнуцца ў падарожжа,
Як пілігрымы, думкі за табой.

У дальні край, пад засцілаю ночы,


Цябе шукаючы, лятуць яны.
Хоць бачу тое, што сляпога вочы,
Але мяне мае мінаюць сны.

Да дарагога ўсюды ёсць дарога,


Рысуе мне замілавання зрок
Твой дзіўны вобраз хараства такога,
Перад якім зіхціць вясёлкай змрок.

Не маю я спакою праз каханне,


Хоць прыйдзе ноч, хоць раніца устане.

28

Ды як жа мне сваёй пазбыцца стомы,


Калі няма патолі мне нідзе?
За мною скруха сцежкаю знаёмай
Праз ноч у дзень, праз дзень у ноч ідзе.

Між днём і ноччу непрыязні многа,


Але і дружбы ў іх бывае шмат,
Калі нясуць мне смутак, і трывогу,
І успаміны незваротных страт.

Каб ублагаць і улагодзіць золак,


Кажу, што ты зіхціш яго красой.
Калі няма у ночы ясных зорак,
Кажу, што ты святліш яе сабой.

Але штодня цяжэй мая пакута,


Але штоночна мой гарчэе смутак.

29

Зняслаўлены людской няпраўдай, лёсам,


У неба шлю я смутак горкі мой.
Але мой лямант не скране нябёсы
З іх абыякасцю, да слёз глухой.

Бывае зайздрасць горш самога ката,


На ўласны скарб забыцца з ёй гатоў.
Зайздрошчу ўсім, надзеямі багатым,
На таленты шчаслівым, на сяброў.

Калі ж цябе, у той хвіліне самай,


Згадаю я, дык стану ўраз другім.
Нібы жаўрук перад нябеснай брамай,
Мая душа табе спявае гімн.

За успаміны пра тваю любоў


Не ўзяў бы я багацці каралёў.

30

Калі на суд маўклівых, горных дум


Я выклікаю дзён мінулых дзеі,
Мяне пякельны агартае сум
Па ўсім, што страцілі мае надзеі.

З маіх вачэй бягуць патокі слёз


За ўсіх, аддадзеных сырой магіле.
Шукаю тых, што ўзяў дачасна лёс,
Што я любіў і што мяне любілі.

Рахунак праглядаючы даўгі,


Жахаюся над ім ад кожнай страты.
І зноў плачу, нібыта за даўгі,
За тое ўсё, за што даваў я плату.

Цябе ж згадаўшы, думаю: «Ізноў


Утраты ўсе ў табе адной знайшоў!»

31

А сэрцы тых, забраны што нябытам,


Я чую ў сэрцы і ў грудзях тваіх.
Тваё аблічча дзіўнае спавіта
Святлом вачэй і водзіркамі іх.

Я горка плакаў на магільных плітах


Па тых усіх, чый дзень дачасна згас.
Цяпер яны прыйшлі ізноў, нібыта
На час кароткі пакідалі нас.

Як бы на схоў яны табою ўзяты,


Для сэрца мілыя, любімыя усе.
І кожны з іх, замілавання варты,
Майго кахання частачку нясе.

Як адлюстровак мною ўсіх любімых,


Ты нада мной пануеш разам з імі.

32

Калі навекі лягу я ў труне,


А смерць мае засыпле прахам косці,
Згадаеш ты як-небудзь пра мяне
І пачытаеш з кнігі гэтай штосьці.

Паэтаў новых, здольных прыйдзе шмат,


Званчэй іх рыфмы будуць незраўнана.
А ўсё ж тваёй я буду ўвагі варт, -
Цябе любіў сардэчна і аддана.

Скажы ўсім ім: «Калі б мой друг не згас


І за жыццём пазнаў бы ліха меней,
Не горш бы ён тварыў за многіх вас,
Не горшым быў бы ў вашым пакаленні.

Шаную вас за гучнасць вашых слоў,


Яго люблю за шчырую любоў».

33

Я неаднойчы бачыў, як світанне,


Пацалаваўшы верхавіны гор,
Шле пазлацістае сваё вітанне
Лугам зялёным, на блакіт азёр.

Я і такое бачыў, як раптоўна,


Аддаўшыся самохаць волі хмар,
Ішоў на захад уладар чароўны,
Схаваўшы сплямлены, як катам, твар.

Так і маё ўзыходзіла свяціла,


Пазалаціўшы мой шчаслівы час.
Так і маё нядоўга мне свяціла,
З ім час шчаслівага кахання згас.

Калі на небе сонца мае плямы,


Чаму ж не быць ім у зямных таксама?

34

Ты мне цудоўны дзень дакляравала,


Каб без плашча ў дарогу я пайшоў.
І ты ж дазволіла, каб хмар навала
Мяне дагнала, твой зацьміўшы схоў.

І што з таго, што дождж утаймаваны,


Табой абсушан збіты бурай твар?
Ці ж то бальзам, што звонку гоіць раны,
А ў асяродку не спыняе жар?

Твая спагада не ўтаймуе сэрца,


Ад смутку зелля мне не прынясе.
Ўсё той жа крыж пакуты застанецца,
А ў сэрцы крыўды застануцца ўсе.

Але ты плачаш. Перлы шчырых слёз


На выкуп крыўд усіх мне лёс прынёс.

35

Ты не сумуй! Усюды хібы ёсць:


На ружах дзіды, твань на дне крыніцы,
Чарвяк нікчэмны блоціць прыгажосць,
А сонца ценем месяца зацьміцца.

Ўсе памыляюцца. І я не мепш,


Даруючы табе грахі цяжкія.
Я грэшны сам, і грэшны гэты верш,
Калі не бачыць хібы ён такія.

Цябе я вінавачу на судзе


І на судзе ж цябе абараняю.
Куды любоў і ненавісць вядзе:
Я сам з сабой вайну распачынаю!

Ты абакраў мяне, цудоўны злодзей,


А я цяпер прашу цябе аб згодзе!

36

Хоць мы ўдваіх з табой дасюль былі,


Адна істота мы ў сваім каханні.
Калі дакор нам выслізне калі, -
Няхай да аднаго мяне прыстане.

Такая доля суджана для нас:


Бягуць асобна нашы каляіны.
Нас пазбаўляе асалоды час,
Крадзе ў кахання светлыя хвіліны.

Не разумею, ў чым мая віна,


Чаму любоў хаваць я мушу ў сэрцы?
І ты, каб ганьбу не пазнаць да дна,
Са мной не можаш пры людзях сустрэцца.

Хай так і будзе! Гонар чысты твой,


Як і любоў, - ён разам з тым і мой!

37

Старым бацькам уцеху сын дае,


Упэўненасць дае ў юнацкай сіле.
Так і мяне ўсе вартасці твае
На схіле дзён нібы уваскрасілі.

Твой розум ясны, слава, прыгажосць,


Здароўе, род славуты старадаўні -
Усё найлепшае, ў табе што ёсць,
Перадаецца мне з замілаваннем.

Больш не кульгавы, не самотны я,


З тваіх дарункаў моц ізноў я чую,
А прамяністасць чыстая твая
Маленькай частачкай мяне сілкуе.

Чаго б табе ні пажадаў цяпер, -


Усё найлепшае ёсць у цябе!

38

Што можа быць для музы цікавейшым.


Калі натхнення столькі ты даеш?
Твой вобраз варты, каб пяром найлепшым
Яму у гонар быў напісан верш.

Калі сустрэнеш добрае што ў творы,


Сабе самому і падзякуй ты,
Бо толькі той, хто змалку не гаворыць,
Тваёй не будзе славіць пекнаты.

Дзесятай музай будзь, разоў у дзесяць


За тыя лепш, што любяць рыфмачы,
Каб твой паклоннік мог такое здзейсніць,
Што памагло б нябыт перамагчы.

Наступны час па праву дасць нам славу:


За працу мне, табе за ўзлёт яскравы.

39

Як я праслаўлю вартасці твае,


Калі адна істота мы з табою,
І пахвала для часткі аднае
Прыдацца можа самапахвальбою?

Нам паасобна трэба жыць затым,


Не называць адзінствам дружбу нашу.
Тады, ў разлуцы, будзе ўсё тваім,
Што пра цябе мая любоў ні скажа.

Гарчэй за ўсё, разлука, ты ў жыцці!


Але даюць лятункі нам збавенне,
Каб асалоду мы маглі знайсці
І ашукаць самотныя імгненні.

Разлука надвая нам дзеліць сэрца,


Каб лепш хваліць таго, хто застаецца.

40

Вазьмі любоў, любімы мой, вазьмі!


Ці будзеш толькі, ўзяўшы, багацей?
Любоў, мой любы, знаная людзьмі,
Твая і так уся была раней.

Калі любоў, любімы, ўся твая,


Ці вінавачу я цябе на тым?
Дакор адзін, мой любы, маю я,
Што пагардзіў каханнем ты маім.

Цудоўны злодзей! Грэх дарую твой,


І нават той, што скрыўдзіў жабрака.
Але любові крыўды, любы мой,
Для нас цяжэй, чым ворага рука.

Любоў маю прашу я аб адным:


- Забі, ды ворагам не будзь маім!

41

Калі мне ў сэрцы месца не стае,


А захапленне змусту прынясе, -
І маладосць і прыгажосць твае
Даруюць дробныя пахібы ўсе.

Спакуса ходзіць за табою ўслед,


За пекнатой прываблівай тваёй.
А перад ласкай змуслівых кабет
Устоіць сын кабеціны якой?

Але, на жаль, юнацкі твой запал,


Але, на жаль, юнацкі твой імпэт
Прыязні нашай літасці не даў,
А двойчы пакрышыў яе ушчэнт:

Запляміў здрадаю душу сваю


І спадабанку спакусіў маю.

42

Мой жаль не ў тым, што ты уладаеш ёй, -


Хоць я, прызнацца, сам люблю яе, -
А што яна ўладарыць над табой,
Разбіўшы нас, вось гэта жаль дае!

Я ўсё ж, гарэзнікі, прабачу вас:


Яе ты любіш, бо любіў мяне,
Яна ж, праводзячы з табою час,
Выказвае замілаванне мне.

Яе губляю - ты знаходцы рад,


Цябе - дарунак для яе такі ж.
А сам, пасля маіх падвойных страт,
Я змушаны падняць нялёгкі крыж.

Ёсць тут і радасць: ты - адно са мной,


Дык толькі я любімы ёй самой.

43

Прыемна мне, калі заплюшчу вочы,


Бо што б удзень пабачылі яны?
Цудоўны вобраз твой скрозь цемру ночы
Мне зіхатлівыя прыносяць сны.

Калі твой сцень і ноч перамагае,


Святлом барвовым разганяе змрок, -
Дык як жа ўдзень краса свяціла б тая,
Твой яснавейны, прамяністы зрок?

Якім бы дзень прыгожым стаў раптоўна,


Каб ты з'явілася ў сваёй красе,
Калі адзін твой толькі сцень цудоўны
Такую слодыч для мяне нясе!

Мне без цябе і дзень - як ноч глухая,


З табою ж ноч - як ясны дзень бывае.
  1   2   3   4


База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка