Уладзімір Конан філасофская крытыка на зыходзе ХХ стагоддзя



Дата канвертавання26.06.2016
Памер48.82 Kb.
http://knihi.com/frahmenty/7konan.htm


Уладзімір Конан


ФІЛАСОФСКАЯ КРЫТЫКА
НА ЗЫХОДЗЕ ХХ СТАГОДДЗЯ

 

1.

Мяне зацікавіла сама акцэнтацыя “крытычнай функцыі філасофіі” рэдакцыяй часопіса “Фрагмэнты”. Вопыт гісторыі філасофіі засведчыў: у спакойныя, “традыцыйныя” эпохі яна акцэнтуе ўвагу на тлумачэнні сутнасці быцця і культуры; у драматычныя, пераходныя эпохі, на стыку стагоддзяў і тысячагоддзяў, філасофія становіцца крытычнай, бо вызначае момант перарыву традыцыяў, станаўленне новых філасофскіх парадыгмаў. Найбольш яскравыя прыклады крытычнай філасофіі — творчасць І. Канта напярэдадні ХІХ ст. і Фр. Ніцшэ напярэдадні ХХ ст. Аснова філасофіі Канта — тры крытыкі: крытыка чыстага мыслення, крытыка практычнага мыслення і крытыка здольнасці суджэння. Гэтым кенігзбергскі мудрэц на прафесійным узроўні канчаткова аддзяліў філасофію ад тэалогіі, вызначыў яе функцыі і межы яе пазнавальных прэтэнзіяў.

Татальная пераацэнка гуманістычных каштоўнасцяў ХІХ ст., якую на “скандальным” узроўні геніяльна ажыццявіў Фр. Ніцшэ, была фактычна адкрытым паўстаннем лідэра інтэлектуальнай эліты супроць прывідаў ліберальнай палітыкі, сацыялізму, камунізму, паўстання масаў і, урэшце, масавай культуры, — супраць усяго таго, што набыло дамінаванне ў ХХ стагоддзі. Фр. Ніцшэ дэманстратыўна крытыкаваў і хрысціянства, але не асобу Хрыста і ягоных апосталаў (хрысціянства заўсёды было і засталося духоўнай элітай), а толькі “лібералізм”, “дэмакратызм” і “гуманізм” хрысціянства. Таму што якраз гэты філосаф убачыў у хрысціянстве вытокі палітычнага лібералізму і сацыялізму, якія ён аднолькава не цярпеў і праклінаў як параджэнне “паўстання масаў”. Адсюль ягоны “Антыхрысціянін: вопыт крытыкі хрысціянства”.

Такім чынам, Фр. Ніцшэ быў філосафам-прарокам: прадбачыў крызіс класічнай культуры ў ХХ ст., упадак арыстакратычнай улады, паўстанне “сусветнага хама”, праклінаў гэтыя “відмы” ХХ стагоддзя і захацеў “пераскочыць” гэты гістарычны этап дэмакратыі, каб патрапіць адразу ў новае царства ўлады духоўнай эліты, імперыю Духа, увасобленую ім у вобразе Звышчалавека. Гэтую крытыку закончыў (але вельмі па-свойму) філосаф пачатку ХХ ст. Освальд Шпенглер.

 

2.

Сёння мы напярэдадні новага стагоддзя і новага тысячагоддзя апынуліся ў аналагічнай сітуацыі. Як на маю думку, універсальная (не рэгіянальная і не нацыянальная) функцыя філасоф-
скай крытыкі цяпер заключаецца ў тым, каб гістарычна “закончыць” (“падвесці рысу”) усе асноўныя філасофскія школы і плыні ХХ стагоддзя (пазітывізм, марксізм, прагматызм, неапазітывізм, экзістэнцыялізм etc.), выявіць іх вытокі, сутнасць, пачатак і канец. Урэшце, здаць іх у жывы “архіў гісторыі”, каб пасля карыстацца імі як інструментамі новай філасофіі ХХІ стагоддзя. Задача гэтай філасофіі будзе найперш у тым, каб татальна крытыкаваць усе сацыяльныя і палітычныя інстытуты ХХ стагоддзя — сацыялізм, ліберальны капіталізм, а найперш грамадства масавага спажывання і “татальнай інфармацыі” (хачацца сказаць: дэзынфармацыі), ліберальную дэмакратыю і люмпенпралетарскую дэмагагічную дыктатуру, ліцэмерную дэмагогію, роўнасць ўсяго і ўсіх etc. Свет выратуе ў ХХІ ст. толькі ўлада духоўнай эліты, дысцыпліна духу, думкі, творчасці, майстэрства, урэшце, рамяства. Не ліберальная “экзістэнцыя”, а дух творчага парыву.

Адпаведна і функцыі філасофіі будуць пераарыентаваны: ад чалавека эмпірычнага, сацыяльнага — да чалавека творчага, духоўнага; ад сусвету наогул да яго эканамічнай раўнавагі і эканамічнага выратавання; ад масавага спажывання да масавай творчасці і татальнай эканоміі прыродных і людскіх рэсурсаў. Першачарговае значэнне набудуць, па-першае, філасофская прагматыка, набліжаная да мастацкага і рэлігійнага прароцтва; па-другое, герменэўтыка — увядзенне ўніверсальнай і нацыянальнай культурнай традыцыі ў актуальны кантэкст сучаснага творчага жыцця. Важнейшая, “перманентная” падзея першай паловы ХХІ ст. — канец эпохі тэрытарыяльных і фінансавых імперыяў і наступленне ўніверсальнага адраджэння нацыяў і народнасцяў. Яна і будзе ў эпіцэнтры ўвагі практычнай філасофіі-сацыялогіі, сацыяльнай этыкі, эстэтыкі, філасофскай публіцыстыкі.

 

3.

Спецыфічна беларуская нацыянальная філасофія выявілася галоўным чынам не ў адэкватных філасофіі жанрах, а ў тэалогіі і хрысціянскім асветніцтве (эпоха Сярэднявечча, Х-ХV стст.), асветніцкім тлумачэнні Бібліі і хрысціянскай традыцыі, сінкрэтычнай літаратуры красамоўніцкіх і палемічных жанраў (эпоха Рэнесансу, ХVІ - перш. пал. ХVІІ стст.), у мастацкай літаратуры і публіцыстыцы эпохі нацыянальнага Адраджэння (ХІХ - ХХ стст.). Уласна філасофскі дыскурс прывіўся на Беларусі ў другой палове ХVІІ - ХVІІІ стст. Гэта была пераважна еўрапейская неасхаластыка (натурфіласофія, логіка, гнасеалогія, сінкрэтычная навука рыторыка) і асветніцкая філасофія канца ХVІІІ - перш. трэці ХІХ стст.), якая канчаткова не “развялася” з тэалогіяй.

Беларуская філасофія (у шырокім сэнсе гэтага паняцця як спецыфічна нацыянальнай школы культуры і светапогляду) у ХХ ст. выявілася ў мастацкіх і публіцыстычных жанрах класічнай літаратуры.

Як тэарэтычнае і маральна-эстэтычнае падагульненне — у філасофскіх эсэ літаратараў Ігната Канчэўскага “Адвечным шляхам: дасьледзіны беларускага сьветапогляду” (Вільня, 1921) і Ула-


дзіміра Самойлы “Гэтым пераможам! Нарыс крытычнага антымізму” (Вільня, 1924). Калі б Беларусь была БНР, а не БССР, дык на гэтай аснове (маю на ўвазе наогул заходнебеларускую філасофію) магла б стварыцца нацыянальная школа беларускай філасофіі. У БССР афіцыйна спавядалі марксісцкую філасофію і прадстаўлялі яе ў нас нават не этнічныя беларусы, а рускія (Уладзімір Іваноўскі, 1867-1931 гг.), яўрэі (Сямён Вальфсон, 1894-1941; Бернард Быхоўскі, 1898 - ?). З 30-х гадоў адзінай легальнай філасофіяй у БССР была марксісцка-ленінская ідэалогія. Спробы “дапасаваць” яе да кантэксту беларускай нацыянальнай культуры (Цішка Гартны, Усевалад Ігнатоўскі, іншыя “нацыянал-камуністы”, узвышанец Адам Бабарэка) падаўлены яшчэ ў пачатку 30-х гадоў, пазней ужо “мірным тэрорам” падаўляліся “рэцыдывы” (адным з апошніх “нацыянал-камуністаў” быў атакаваны бальшавіцкай наменклатурай у чарнобыльскі 1986 год аспірант Алег Бембель).

Сёння ўзніклі магчымасці (галоўным чынам на недзяржаўным узроўні) адаптацыі на беларускай глебе посткаланіялізму, постмарксізму, постмадэрнізму, розных крытычных канцэпцыяў. Паводле майго глыбокага пераканання, гэтая адаптацыя павінна набыць прагматычны, інструментальны характар. Самыя па сабе постмадэрнізм, наогул усякая татальная крытыка эмпірычнай рэальнасці і культурнай традыцыі мае сэнс толькі для развітання з дрэнным мінулым. Яны не здольныя стаць філасофіяй вяртання да жыцця, уваскрошання, універсальнага Адраджэння. Бо яны толькі крытыкуюць, высмейваюць, “гратэскнічаюць”, але не здольныя прапанаваць новыя ідэалы і праграму стабілізацыі мабільнай “экзістэнцыі”, нацыі, усечалавецтва. Функцыю “жывой вады”, што ўваскрашае і абнаўляе, здольныя выканаць такія філасофскія (мастацкія, этычныя, практычныя) сістэмы, якія грунтуюцца на Абсалютным Дабры, прапанаваным хрысціянскім вучэннем.



Ідэалы Адраджэння асабліва актуальныя для нашай Бацькаўшчыны. Але ж яны выратавалі іншыя, старадаўнія (яўрэі, персы) і сучасныя (немцы, японцы) народы пасля іх расцярушання, разгрому, падзелу на часткі, пасля усялякіх іншых дэфармацыяў. З гэтай пазіцыі і варта ацэньваць практычны, палітычны, этычны, мастацкі, філасофскі і ўсякі іншы вопыт “старой” Еўропы. Патрэбныя для нас грутноўныя штудыі ў гэтым кірунку, глыбокае вывучэнне гэтага вопыту. Але не для эпігонства, а для новай творчасці, якая грунтуецца на традыцыях класічнай хрысціянскай культуры.

 


: media -> library
library -> Жанчына як “іншае” ў дыскурсе беларускай дэмакратыі
library -> Вал. Акудовіч Улада і мова
library -> Ігнат Абдзіраловіч
library -> Democracy and the ethical life
library -> Традыцыяналісцкі пагляд на традыцыю: „прэзумпцыя аўтахтоннасьці”
library -> Аляксандр К’ёсэў
library -> Тацяна Чыжова. Статус суб’екта сацыяльна-гістарычнага працэса ў філасофіі К. Маркса
library -> Валянцін Акудовіч мяне няма: роздумы на руінах чалавека
library -> «Беларусь – краіна, выклятая геаграфіяй ды гісторыяй» The New York Times, 31 жніўня 1996, стар. А19
library -> Праблематыка і парадак дня савецкай эліты канца 1980х — пачатку 1990х гадоў




База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка