Уладзімір содаль фотаздымак на вякі



Дата канвертавання15.05.2016
Памер80.15 Kb.
Уладзімір СОДАЛЬ

ФОТАЗДЫМАК НА ВЯКІ
З ГІСТОРЫІ АДНАГО ЗДЫМКА ВІНЦЭНТА ДУНІНА-МАРЦІНКЕВІЧА
Фатаграфічная спадчына Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча невялікая, калі не сказаць зусім невялікая. Да нас дайшло ўсяго два фотаздымкі з выяваю беларускага песняра. На адным з іх В. Дунін-Марцінкевіч зняты ў фатаграфічным павільёне-майстэрні пры разьбяным століку-аднаножцы. Гэты здымак даўно стаў хрэстаматыйным. Ён вандруе з выдання ў выданне, усе мы яго ведаем, зрокава памятаем, але наўрад ці калі прыглядаліся пільна. А між тым варта затрымаць на ім позірк - і ўзнікне шэраг самых нечаканых пытанняў. Калі здымаўся пісьменнік, з якой нагоды? Вядома, што сфатаграфавацца ў той час было не так ужо проста: і каштавала дорага, і працэс фатаграфавання быў марудны. Фатаграфаванне тады лічылася тонкім мастацтвам ад фатографа партабавалася вялікае майстэрства. Таму здымалася людзі рэдка, звычайна ў гонар якой-небудзь урачыстасці ці з нейкай нагоды.

Мы бачым Марцінкевіча ў тыповым для таго часу фатаграфічным павільёне. Зняты на поўны рост. Сядзіць наякімсь зэдлі ці стылізаваным крэсле. Сядзіць у годнай позе. Спакойны, засяроджаны. Адкрыты добры твар. На пісьменніку па-хатняму расхінуты кунтуш. Адна яго рука на калене. Другая на стальнічцы з разьбянай ножкай.

Самая цікавая дэталь на здымку - паперы (ці, можа, нават стос папераў), якія В. Дунін-Марцінкевіч дэманстратыўна трымае ў левай руцэ: маўляў, я ёсць пісьменнік і гэта сведчу, гэтым ганаруся. Дэманстратыўнасць гэтая, думаецца, не паказная. Яна нібы выклік, сугучны са строфамі верша «Хіба я стары?»

Ваш суд мне не страшны, хай злосна скавыча

У будцы сабака, увагі на пса не звярну я.

Як раіць пясняр Сыракомля, пішу я

Цяпер, як заусёды, на мове мужычай.

Калі меркаваць па знешнасці, адбітай на здымку, В. Дуніну-Марцінкевічу можна даць гадоў сорак-сорак пяць. Ва ўсякім разе не больш за пяцьдзесят. Можна меркаваць, што здымак зроблены дзесьці ў пачатку ці ў сярэдзіне пяцідзесятых гадоў. Гэта была для В. Дуніна-Марцінкевіча пара творчых парыванняў і пошукаў. Жыццё яго яшчэ нічым асабліва не было азмрочана. Яго моцна захапіў тэатр. На мінскай сцэне прайшла аперэта «Рэкруцкі жыдоўскі набор», пастаноўка якой нават была засведчана ў афіцыйным друкаваным органе «Минские губернские ведомости».

У 1852 г. яму ўдалося паставіць на мінскай сцэне оперу «Сялянка». Тады ж, мабыць, В. Дунін-Марцінкевіч, акрылены поспехам, і сфатаграфаваўся. Можна меркаваць, што ў руках яго ці тэкст оперы «Сялянка», ці яе партытура.

Захавалася і калектыўнае фота тэатральнага гуртка В. Дуніна-Марцінкевіча. На ім мы бачым пісьменніка ў першым радзе, у цэнтры, побач з дачкой Камілай. Драматург у чорным гарнітуры, але ўсё ў той самай, што і на першым здымку, клятчастай камізэльцы, пры тым самым гальштуку, які гэтак жа крыху збіўся набок, як і на першым фота. Праз плячо ў яго перакінуты той самы раменьчык, на якім, магчыма, пісьменнік насіў гадзіннік ці кісет.

Гэта наводзіць на думку, што абодва здымкі зроблены прыблізна ў адзін час. У пазнейшую пару В. Дуніну-Марцінкевічу было не да фатаграфавання. У 1859 г. ён перажывае вялікія ўзрушэнні ў сувязі з забаронай «Пана Тадэвуша» на беларускай мове; у 1861 г. за ім, як за палітычна ненадзейным, пачынаецца паліцэйскае віжаванне. Затым паўстанне 1863 г., арышт, астрог. Пасля астрогу зноў паліцэйскі нагляд - на гэты раз пажыццёвы. Дарэчы, у 1863 г. была арыштавана і зняволена ў мінскі астрог і пісьменнікава дачка Каміла. У тым самым 1863 г. яе выслалі ў Салікамск. Вярнулася на радзіму яна толькі ў 1880 г.

Як жа захаваўся партрэтны здымак В. Дуніна-Марцінкевіча? Як ён дайшоў да нас? Яшчэ пры жыцці пісьменніка многія яго матэрыялы - рукапісы, фотаздымкі -трапілі да вядомага збіральніка помнікаў беларускага прыгожага пісьменства Аляксандра Ельскага. Быў у яго зборах, як сведчыць Браніслаў Эпімах-Шыпіла, і адзін здымак В. Дуніна-Марцінкевіча. На ім, між іншым, меўся такі надпіс: «Сябрам на цярністай дарозе ў пілігрымстве жыцця, у довад братэрства ахвяруе Навум». З гэтага здымка Б. Эпімах-Шыпіла ў 1893 г. зрабіў для сваёй «Хрэстаматыі копію». Вельмі магчыма, што адсюль Марцінкевічаў здымак і распаўсюдзіўся. Ва ўсякім разе сёння гэтага здымка ў «Хрэстаматыі» Б. Эпімаха-Шыпілы няма. Пэўна, у 1910 г., калі адзначалася 25-годдзе з дня смерці пісьменніка, здымак быў узяты для публікацыі. На жаль, такой публікацыі ў беларускіх выданнях той пары мы нідзе не знаходзім, але ёсць шмат слядоў, якія сведчаць, што партрэт гэты хадзіў па руках супрацоўнікаў рэдакцыі «Нашай Нівы». У 1910 г. газета змясціла ў 48-м нумары перамалёўку мастачкі А. Пятровай з агульнавядомага сёння здымка. У тым самым 1910 годзе выдавецкая суполка «Загляне сонца і ў наша ваконца» ў серыі «Беларускія песняры» выдала кніжку вершаваных аповесцяў В. Дуніна-Марцінкевіча «Шчароўскія дажынкі».

Як сведчыў сістэматызаваны каталог колішняй Дзяржаўнай бібліятэкі БССР імя У. I. Леніна (цяпер - Нацыянальнай бібліятэкі Рэспублікі Беларусь), гэтая кніжка пісьменніка была выдадзена з партрэтам. Аднак, як ні дзіўна, ні ў адным з сямі наяўных у Ленінскай бібліятэцы экземпляраў другога (1910 года) выдання «Шчароўскіх дажынак» партрэта В. Дуніна-Марцінкевіча не аказалася. Ніякіх прыкмет нават, што ён там быў. Але і не верыць сістэматызаванаму каталогу Ленінскай бібліятэкі не выпадае. Картка, якая нам паведаміла, што Марцінкевічаў партрэт быў змешчаны ў «Шчароўскіх дажынках», - старая, даваенная, друкаваная яшчэ лацінкаю. Ды і некаторым з нашых даследчыкаў, прыкладам Сцяпану Майхровічу, з яго слоў, даводзілася на свае вочы бачыць у гэтым выданні пісьменнікаў партрэт. Але дзе ж ён?

У 1910 г. было падвойнае выданне «Шчароўскіх дажынак» - таннае, ў папяровай вокладцы, і даражэйшае - у пераплёце, на белай паперы, у маляўнічай вокладцы з беларускімі ўзорамі. Менавіта ў дарагім выданні і быў змешчаны партрэт. Але гэта не самая ранняя публікацыя. Як сведчыць Сцяпан Александровіч у кнізе «Пуцявіны роднага слова», у 1906 г. выдавецкая суполка «Загляне сонца і ў наша ваконца» распачала выпуск беларускіх паштовак з пейзажамі і партрэтамі беларускіх пісьменнікаў. Адна з іх прысвячалася Марцінкевічу.

Першая спроба апублікаваць Марцінкевічаў здымак была яшчэ ў 1889 г. I меўся гэта зрабіць прыхільнік таленту пісьменніка вядомы этнограф і фалькларыст Мітрафан Доўнар-Запольскі. Вось як пра гэта сказана ў перапісцы начальніка Галоўнага упраўлення па справах друку з віленскім генерал-губернатарам аб магчымасці апублікавання біяграфіі і твораў В. Дуніна-Марцінкевіча ў «Календаре Северо-Западного края» ад 12-31 жніўня 1889 года: «Выдавец «Календаря Северо-Западного края» падаў на папярэдні цэнзурны разгляд у ліку іншых артыкулаў, маючых увайсці ў склад календара, біяграфію В. Дуніна-Марцінкевіча з партрэтам яго і яшчэ не выдадзеныя творы пад загалоўкам «Пінская шляхта». Фарс-вадэвіль на пінскай гаворцы»...

Начальнік упраўлення па справах друку пытаўся ў віленскага генерал-губернатара, ці можна апублікаваць названыя вышэй матэрыялы. Адказ, як і трэба было чакаць, быў суровы: «Забараніць!».

З тае пары міне яшчэ не адно дзесяцігоддзе, пакуль матэрыялы, падрыхтаваныя да друку М. Доўнарам-Запольскім, убачаць свет і будзе апублікавана Марцінкевічава фота, лес якога вельмі нагадвае лес самога пісьменніка і яго твораў.

Можа, хто спытаецца, чаму да нас дайшло гэтак мала фотаздымкаў з выявай Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча? А рэч у тым, што фотасправа ў Марцінкевічавы часы ў Менску толькі наладжвалася і тэхналогія яе была досыць складаная. Каб, скажам, зрабіць адзін фотанегатыў, трэба было сядзець перад фотакамерай нерухома, нават вокам не міргнуць, не менш як паўгадзіны. От чаму Дунін-Марцінкевіч не мог нават гальштук свой паправіць, хоць, пэўна, адчуваў, што той збіўся ў яго набок. Гэта раз. Другое. Усе тагачасныя фотамайстэрні былі пад паліцэйскім ці жандарскім наглядам.

Фатаграфічная майстэрня пана Прушынскага, у якой зроблены гістарычны фотаздымак В. Дуніна-Марцінкевіча, месцілася калісь на Францішканскай вуліцы. Няцяжка ўявіць, як рыхтаваўся наш Дудар Беларускі да той здымкі. Вельмі добра гэта ўявіў Генадзь Кісялёў у артыкуле «Імгненне і вечнасць». Найперш папярэдне ўсё абгаварыў з маэстрам Прушынскім: як і што апранаць. Было дамоўлена: апране клятчастую камізэльку, павяжа гальштук-караватку... Усе гэтыя падрабязнасці, нават дыхтоўныя, добра наваксаваныя боты, суконныя штаны навыпуск, зафіксуе для гісторыі аб’ектыў фотакамеры пана Прушынскага. Гэты здымак некаторыя даследчыкі, прынамсі той самы Генадзь Кісялёў, называюць здымкам-сімвалам, сімвалам далучэння да перадавых ідэй сваёй эпохі.

Шмат хто датуе згаданы Марцінкевічаў здымак 1863 годам. Аднак - пра гэта ўжо згадвалася - ці ў 1863 годзе Марцінкевічу было да фатаграфавання?! Але ж нехта скажа: на Марцінкевічу паўстанцкая чамарка! Ну і што. Так, чамарка - сімвал паўстанцкага духу. Мяркуецца, Марцінкевічу яе прапанаваў маэстра Антон Прушынскі. Меў ён яе пры сваёй фотамайстэрні. Мабыць, і не адну. Між іншым, на гуртавым здымку, які мы называем тэатральным гуртком В. Дуніна-Марцінкевіча, шмат хто ў такіх чамарках, у якой зняўся і наш Беларускі Дудар. Не ішоў жа ён у 1863 г. да Прушынскага ў майстэрню ў паўстанцкай чамарцы праз усе вуліцы!



Шмат разоў славуты Марцінкевічаў здымак узнаўляўся па рэпрадукцыях Я. Карскага і Ю. Галомбека. Арыгінал здымка лічыўся страчаным. Але аднойчы адбыўся цуд: нечакана ў фондах Дзяржаўнага музея БССР - цяпер гэта Нацыянальны музей гісторыі і культуры Беларусі - знайшоўся арыгінал славутага гістарычнага здымка. Знаёмства з ім дало магчымасць нашым даследчыкам удакладніць шмат якія тэхналагічныя дэталі. Прынамсі, пад папяровай наклейкай на адвароце было расчытана прозвішча аўтара здымка. Яно яшчэ раз пацвердзіла, што аўтар - фатограф Антон Прушынскі з Мінска-Літоўскага.
Крыніца:

Содаль, У. Фотаздымак на вякі : з гісторыі аднаго фотаздымка Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча / Уладзімір Содаль // Роднае слова. — 2008. — № 1. — С. 24—25.




База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка