Уратуйце нашы душы



Дата канвертавання24.12.2016
Памер298.71 Kb.



Анатоль Кашэвіч

Уратуйце нашы душы

Нарадзіўся я 28 чэрвеня 1937 года ў вёсцы Крушнікі Мазырскага раёна.

Да вайны бацька Станіслаў быў калгасным кавалём, а маці Людміла Мікалаеўна працавала пры школьнай гаспадарцы.

З першых дзён вайны бацька на фронце. З вайны не вярнуўся.

Маці з дзедам Міколікам як маглі ратавалі чатырох малалетніх дзяцей у часы фашысцкай акупацыі. Самую маленькую з сястрычак, якая нарадзілася ў пачатку вайны, і калі цяжка захварэла, уратаваць не ўдалося, бо жылі ўвесь час на куранях сярод балотных нетраў у холадзе і голадзе, а медычнай дапамогі ніякай.

Пасля вайны скончыў мясцовую сямігодку, затым Асавецкую сярэднюю школу. Адразу ж быў прызваны на службу ваенна-марскога флоту ў горад Севастопаль, дзе праслужыў на караблях чатыры гады.

Скончыў Мазырскі, а потым Мінскі педагагічны інстытут. Больш за сорак гадоў працаваў настаўнікам, больш паловы з іх – дырэктарам школы. Выдатнік Асветы СССР і БССР, маю шэраг іншых узнагарод, сярод якіх і медаль Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 2 ліпеня 1987 года “За спасение утопающих”.

Сёння на пенсіі, жыву ў вёсцы Чырвонабярэжжа Лельчыцкага раёна.

Летам 1956 года, пасля прызыву ў армію, трапіў я ў вучэбны атрад ваенна-марскога флоту, дзе рыхтавалі нас для далейшай службы на караблях па спецыяльнасці радыётэлеграфістаў. Вялікую ўвагу надавалі такім прадметам, як “барацьба за жывучасць”, вязанне марскіх вузлоў, уменне весці сябе пры хімічных і радыёактыўных выпраменьваннях і г.д. Асноўным жа прадметам у вучэбным атрадзе лічылася падрыхтоўка па спецыяльнасці радыётэлеграфістаў. Штодзённа ў вучэбных класах займаліся мы марзянкаю: прымалі яе на слых ад “зумераў”, самі выстуквалі яе на тэлеграфных ключах. На кожным кроку нараспеў завучвалі літары і лікі марзянкі, падбіралі словазлучэнні да іх гукаў, як вучылі нас настаўнікі. Напрыклад, “я на горку йшла” – гэта “2”, камандзір палка” – “4”, “каша не кіпіць” – “5” і гэтак далей. Кожная з гэтых мелодый азначала літару або гук, якія нам патрэбна было запомніць, прымяніць на практыцы. І мы старанна вывучалі ўсё гэта.

За зусім нязначны час удалося засвоіць гэткую навуку, прыйшлі навыкі як прыёму, так і перадачы марзянкі. Папарна пачалі займацца ў вучэбных класах, перадавалі і прымалі на тэлеграфных ключах марзянку, размаўляючы між сабой гэтай мала каму вядомай мовай…

З вялікай цікавасцю пачаў адносіцца я і да заняткаў па іншых карабельных марскіх спецыяльнасцях, асабліва пасля таго, як мічман Мельнікаў расказаў нам пра выпадкі, з якімі можам сутыкнуцца, калі будзем служыць на караблях. Ды і не толькі на караблях, а наогул у сваім жыцці – на вадзе альбо на сушы. Гэта былі тэарэтычныя і практычныя заняткі па выратаванні людзей, якія нечакана трапілі ў ваду, або ў цяжкім стане аказаліся на сушы. У гэтым кірунку многія заняткі праводзілі з намі медыцынскія спецыялісты, якія даводзілі да нашай свядомасці не толькі пытанні аказання дапамогі пацярпелым, але і пытанні аб вірусных захворваннях, што існавалі ў той час, і як іх пазбегнуць. За гэта я быў ім вельмі ўдзячны.

Асаблівую ўвагу звярталі нашы настаўнікі на аказанне першай дапамогі тапельцам. І мы старанна рыхтавалі сябе да гэтага – спецыяльныя макеты дрыжэлі ад нашых маладых учэпістых рук. Мы імкнуліся пры гэтым абавязкова знаходзіць пульсаванне цела, каб патрапіць у яго рух і далей ужо актыўна змагацца за жыццё тапельца, вяртаючы яго да жыцця.

Мы смяяліся, калі маладыя хлопцы, робячы ротам удых і выдых, прыліпалі губамі да муляжоў, пэўна ўспаміналі сваіх пакінутых на вёсках дзяўчат. Я імкнуўся як мага больш зразумець зусім, здавалася, нескладаную навуку па выратаванні тапельцаў, вяртаць іх да ранейшага жыцця. Лічыў, што любую навуку за плячыма не насіць, ведаў, што ў жыцці можа многае здарыцца, можа многае спатрэбіцца з таго, чаму вучаць нас у гэтым вучэбным атрадзе. Пасля школы гэта была для мяне другая навучальная ўстанова, дзе давалі патрэбныя жыццёвыя веды. І я імкнуўся да таго, каб усё больш і больш спазнаць іх сакрэты, спалучыць свае тэарэтычныя веды пры магчымасці з практычнымі.

І ў хуткім часе мне з маім сябрам Мішам давялося сустрэцца з такой непрадбачанай сітуацыяй. Калі мы ішлі ў час нашага звальнення па набярэжнай невялічкага гарадка, пачулі крыкі хлапчукоў, якія валаводзіліся каля рэчкі. Мы кінуліся да іх і да дзяўчат, якія клікалі нас на дапамогу. На беразе ракі, на рачным пяску, ляжала ў непрытомнасці збялелая дзяўчынка гадоў пятнаццаці, якая не падавала прызнакаў жыцця. Яе хлапчукі на хуткую руку выцягнулі з вады, але вось што рабіць далей, не ведалі.

Успамінаючы свае тэарэтычныя веды, мы з Мішам узяліся за справу выратавання. Без усялякіх цяжкасцяў адшукалі ў дзяўчынкі пульс і ў яго такт пачалі рабіць штучнае дыханне, выпіхваючы раз-пораз ваду з яе рота. Праз колькі хвілінаў твар дзяўчынкі пачаў святлець. Яшчэ некалькі ўдыхаў-выдыхаў – і на ім пачала з’яўляцца ружовасць. Дзяўчына ачнулася, адкрыла свае вачаняты і здзіўлена пазірала на нас, на ўсіх прысутных. Тое, што гаварылі ёй хлопцы і дзяўчаты, яна не чула. Здзіўленне не пакідала яе твар, яна старалася зразумець, што ад яе хочуць, што патрабуюць. І калі мы з Мішам зразумелі, што тапельца мы выратавалі, вярнулі яго да жыцця, апрануўшы свае белыя форменкі і бесказыркі, пайшлі ад рачулкі ў горад. Дзяўчаты і хлопцы вельмі дзякавалі, усё махалі і махалі нам рукамі. Здалёк мы бачылі – нашы парады яны выконвалі: нейкі час яшчэ не турбавалі пацярпелую. Пэўна, як мы ім раілі, хуткую дапамогу не выклікалі, каб не нашкодзіць, не даць дзяўчынцы непатрэбны ёй ўкол, не спыніць яе яшчэ не зусім узмоцненае сэрца, якое пакрысе выбівала, пульсуючы па ўсім целе, свой звыклы рытмічны рух…

На наступны дзень у вучэбным атрадзе адшукалі нас з Мішам бацькі дзяўчынкі Ірыны, каб аддзякаваць за выратаванне сваёй дачкі. Дзяўчына, яе бацькі і сяброўкі стаялі ля ўваходу КП, чакалі нас. На пляцы сабралася шмат матросаў і нашых камандзіраў. Сярод іх быў і мічман Мельнікаў, які ўсхвалявана назіраў за намі, радаваўся за нас, за сваю штодзённую работу, якая дала практычную карысць людям. Разам з камандзірам палка, капітанам першага рангу, павіншаваў нас і наш мічман Мельнікаў. Больш за ўсіх, выціраючы на твары слёзы, нас абдымалі бацькі дзяўчынкі, якія і далі нам у падарунак поўны кошык цудоўных цукерак і пачкі цыгарэт. Ад іх мы з Мішам адразу ж адмовіліся – мы не былі курцамі.

А калі потым праходзілі практычныя заняткі па выратаванні тапельцаў, мне і Мішы мічман Мельнікаў, не задаючы нават пытанняў, паставіў у заліковыя кніжкі “выдатна”. На сваіх занятках перад матросамі ён ставіў нас у прыклад іншым, гаварыў аб нашай сціпласці ў адносінах да таварышаў, калі мы пароўну падзялілі цукеркі сярод матросаў. Праўда, змоўчваў, што не абышлі і яго, нашага чароўнага настаўніка, які так старанна перадаваў нам свае веды…

Заняткі ў вучэбным атрадзе працягваліся яшчэ з месяц, а потым, пасля здачы ўсіх экзаменаў і залікаў, нам выдалі пасведчанні аб заканчэнні марскога вучэбнага атрада з адпаведнай заўвагаю, што мы з’яўляемся камандзірамі аддзяленняў па службе на караблях. Нас накіравалі для службы на караблі Чарнаморскага флоту ў горад Севастопаль.
…Працягваў я службу ў Севастопалі на СКРы «Безукоризненный». У часовым звальненні іншы раз мне даводзілася бываць у розных мясцінах Севастопаля, наведваць Малахаў курган, Панараму і Дыяраму на ім, бываць на магілах славутых марскіх палкаводцаў Ушакова і Істоміна, ля помніка загінулых караблёў.

Пабывалі мы таксама на мысе Херсанэс. Хадзілі па вуліцах горада, што існаваў яшчэ у чацвёртым стагоддзі да нашай эры, любаваліся прыгажосцю чырвоных макаў, якія пакрылі амаль увесь паўвостраў; слухалі экскурсаводаў, якія апавядалі пра тыя жорсткія баі, што ішлі тут паміж немцамі і нашымі ў часы Вялікай Айчыннай вайны, уявілі, колькі загінула тут, на гэтым канцы зямлі херсанэскага мыса, які ўразаецца ў мора, нашых воінаў і ворагаў. Бо на гэтым кавалку зямлі, на яе чыстай роўнядзі, якая амываецца амаль з усіх бакоў морам, нельга было ўратавацца ні немцам, ні нашым, кулямётныя чэргі касілі салдат з аднаго і другога бакоў.

Як заўважае экскурсавод, гэтая зямля амаль уся перапалена агнём, шчодра паліта чалавечай крывёю. Можа, таму так урад-ліва вось ужо які год пасля вайны раслі на гэтым святым кавалку зямлі прыгожыя чырвоныя макі, якія стваралі вакол вялікі дывановае плато. І сапраўды, я не раз любаваўся гэтым чырвоным дываном з боку мора, калі наш славуты СКР праходзіў непадалёку ад гэтых мясцінаў, а таксама тады, калі быў у звальненні і наведваў гэтую гістарычную мясціну, дакранаўся рукамі і душой да гэтай чароўна-трагічнай прыгажосці.

Любуючыся херсанэскімі краявідамі, мы з маім сябруком – матросам Валодзем Алейнікам – зайшлі далёка за мясціны музея, спусціліся да паўднёвай часткі мыса, дзе стаяў на беразе канца зямлі вялізны маяк Севастопаля. Ён ўдзень і ноччу дасылаў нам у мора свае няхітрыя пазыўныя марзянкай светавой “СВ”, па якой мы іншы раз у дрэннае надвор’е альбо цёмнай ноччу праразалі свой вадзяны марскі шлях, каб патрапіць у севастопальскую бухту, на нашае пастаялае месца.

Не заўважылі мы з Валодзем, як зайшлі далёка, любуючыся хараством прыроды Херсанэса, хараством прыбярэжных марскіх камяністых валуноў, якія ў цёплыя сонечныя дні абмываліся з усіх бакоў лагоднымі марскімі хвалямі. А вось у непагодлівыя дні, калі з мора коцяцца вялізныя вадзяныя глыбы, валуны прымаюць на сябе ўзмоцненыя націскі вады, скідваюць яе са сваіх плячэй…

Калі мы з Валодзем завярнулі за вялікі камяністы валун, што ляжаў у вадзе і паказваў напрамак у бок Балаклавы, здалёк пачулі ўсхваляваныя крыкі хлапчукоў і дзяўчат, яны, пэўна, заўважылі нас, клікалі на дапамогу. Мы кінуліся да іх. Хлопцы і дзяўчаты, перакрыкваючы адно аднаго, паказвалі месца, куда марскою хваляю знесла іх таварыша. Мы знялі з сябе матроскую форму, кінуліся ў ваду. Адплыўшы крыху ад берага, заўважылі тапельца, якога чарговая марская хваля перавярнула і перамясціла бліжэй да нас. Мы выцягнулі яго на бераг і паклалі на марскую гальку. Адразу ж пачалі рабіць яму штучнае дыханне, шукаць пульсаванне на ягонай руцэ, выліваць ваду з яго сярэдзіны. І паколькі твар яго быў не пасінелым, існавала надзея на яго выратаванне. І яшчэ спрытней я пачаў рабіць усё магчымае, каб выратаваць хлапчука. Валодзя няўмела рабіў тое, што я яму раіў, разгублена пазіраў на мяне, сачыў за маімі рухамі. І я зразумеў, што ў вучэбным атрадзе, дзе ён праходзіў падрыхтоўку ў горадзе Мікалаеве, не было мічмана Мельнікава, не вучылі іх там гэтай няхітрай справе…

Твар хлопчыка пасвятлеў, калі некалькі разоў запар удалося мне адпампаваць з яго ваду, намацаць пульс і ўпэўнена рабіць штучнае дыханне. Ён адкрыў вочы, пры гэтым цела яго ўздрыгнула, скура пасвятлела. Ён здзіўлена пазіраў на ўсіх нас, не разумеў, што з ім здарылася, чаго ён тут знаходзіцца. Я, злёгку паляпваючы даланёй па твары, прыводзіў да свядомасці. Хлапчукі расказалі, што завуць нашага тапельца Міколкам і што прыйшлі яны сюды з Камышовай Бухты. А Міколка прыехаў да іх з вёскі, і мора ён ніколі ў сваім жыцці не бачыў. Таму з ім і здарылася такое.

– Чаму ж вы яго не выратавалі? – задаў я пытанне хлапчукам

Яны сумеліся, пераглянуліся між сабою і сказалі ў апраўданне, што гэтаму іх ніхто не вучыў, і таму яны не ведаюць, што рабіць у такіх выпадках.
Калі Міколка прыйшоў у сябе, падняўся на ногі і, хістаючыся, пашыбаваў з хлопцамі ў бок пасёлка, мы з Валодзем акунуліся ў прыбярэжных марскіх хвалях, каб змыць з сябе стому, потым накіраваліся на прыпынак, да якога павінен быў падысці аўтобус…

На караблі пра свой учынак мы маўчалі. Ніякіх папрокаў Валодзю я не рабіў, ведаў з яго размовы, што іх у вучэбным атрадзе ўсяму гэтаму не вучылі, як я падумаў тады падумаў пра нашага мічмана Мельнікава…


На апошнім, чацвёртым годзе маёй службы на флоце, мяне накіравалі ў Еўпаторыю. За тры гады службы на сваім СКРы “Безукоризненный” стаў я класным спецыялістам-радыётэлеграфістам першага класа, няблага разбіраўся ў радыётэхніцы. Змайстраваў нават для сябе з карабельных зіпаўскіх радыёдэталяў невялічкую радыёлу, якую назваў “Сябар”. Першая радыёстанцыя, якую злавіў я на сваім радыёпрыёмніку, была радыёстанцыя Сімферопаля. Падмотваючы пакрысе абмотак да радыёкатушкі, я знаходзіў адну радыёстанцыю за другой. Апрача Сімферопаля, далучыліся хвалі Кіева, Кішынёва, Мінска і Масквы. Я з задавальненнем лавіў хвалі Мінска, слухаў на роднай мове навіны са сваёй радзімы, па якой так сумаваў вось ужо які год.

Апрача хваляў радыёстанцый, на маёй радыёле можна было прайграваць грампласцінкі. І мы часта выкарыстоўвалі яе, арганізоўвалі свае танцы на караблі, танцавалі матрос з матросам, як гэта і было раней, на Севастопальскай гарадской танцпляцоўцы, калі горад быў закрытым і дзяўчат было няшмат – танцавалі матрос з матросам. І ўжо крыху пазней, калі падводныя лодкі з Севастопаля перагналі ў Балаклаву і адкрылі далей шлях у горад, – нахлынула шмат моладзі ў Севастопаль не толькі з вёсак Крымскага паўвострава, але і з гарадоў Украіны, Малдовы, Беларусі і іншых рэспублік вялікай дзяржавы…

Камандзір карабля капітан першага рангу Бацішчаў аднойчы паклікаў мяне і прапанаваў працягваць службу ў Еўпаторыі. Маўляў, там яго сябру дзяцінства мічману Мельнікаву патрэбен на тарпедалоў класны спецыяліст на пасаду камандзіра групы радыётэлеграфістаў. Я адразу ж пагадзіўся, хоць са СКРом, з сябрамі-аднагодкамі і цяжка было развітацца, цяжка было пакінуць іх.

І вось у сярэдзіне жніўня пяцьдзесят дзевятага года я на караблі ў горадзе Еўпаторыі. Тарпедалоў не СКР, але ж на ім я больш прывольней пачаў сябе адчуваць, неяк спакайней праходзіць тут жыццё. Сярод маіх падначаленых радыётэлеграфістаў было і некалькі маіх “гадкоў”. На флоце лічылі “гадкамі” тых, хто служыў ужо апошні, чацвёрты ў маім выпадку год. А калі толькі прыйшоў служыць на флот, то служылі тады ажно пяць гадоў і больш. У дадатак да ўсяго гэтага мяне, як кандыдата ў члены КПСС, на камсамольскім справаздачным сходзе аднагалосна выбралі сакратаром камітэта камсамола.

І я з поўнай аддачаю ахінуўся ў сваю непасрэдную работу групы радыётэлеграфістаў і дадатковую работу – сакратара камітэта камсамола. І першае ж маё выпрабаванне – абмеркаванне на паседжанні камсамола паводзін старшыны сігнальшчыкаў Васіля Чупрыны. Ён адмаўляўся ад жаніцьбы на дзяўчыне, якая прынесла на карабель ягонае дзіцё. Спрэчкі былі не на жарт.. Але ў сваёй большасці мы вырашылі пытанне станоўча не на карысць старшыны і далі сваё рашэнне камандаванню, якое прымусіла ўсё ж Васіля Чупрыну ажаніцца з дзяўчынаю. А нам усім гэта стала падказкай на будучыню…

Сам горад Еўпаторыя мне вельмі спадабаўся. Пасля Севастопаля адчуваў сябе тут больш прывольна. У горадзе не было вя-лікай мітусні, патанаў ён в зеляніне і рознакаляровых кветках, віднелася па-над морам шмат курортных пабудоў, якія цягнуліся ўздоўж усяго паўднёвага пясчанага пляжа. Па асноўных вуліцах горада павольна рухаліся трамваі, аўтобусы, шмат знаходзілася ўсемагчымых крамаў, прыстасаваных харчовых пабудоў, прызначаных у большай сваёй колькасці для адпачываючых. У цэнтры горада, бліжэй да ўзбярэжжа мора, мясцілася неблагая гарадская танцпляцоўка, якая ў вячэрні час прыцягвала да сябе моладзь. На гэтай танцпляцоўцы і пазнаёміла мяне дзяўчына майго сябра Лёні Перапяліцы Жана са сваёю сяброўкаю, цыбатай дзяўчынкаю Ірынай, якая толькі што скончыла дзесяцігодку. Русавалосае, кучаравае дзяўчо мне чымсьці нагадала маю каханую дзяўчыну Ганульку, якая апошнім часам перастала дасылаць мне свае лісты, перастала адказваць на мае. Не аднойчы я думаў, што яна змагла за гэты час знайсці сабе каго, рыхтавацца да вяселля. У сваіх лістах да маці я не хацеў пытацца пра гэта, закранаць тэму, што тычыліся мяне і Ганулькі.

І аднойчы, блукаючы па горадзе, я завітаў у месца, дзе вёўся запіс грампласцінак, і вырашыў зрабіць падарунак Ганульцы, якая, магчыма, і не стане маёю жонкаю. У пачатку запісу я прывітаўся з ёю, пажадаў поспехаў у яе жыцці, і далей, пасля маіх поўных крыўды слоў, пачала гучаць песня: “Здравствуй, чужая милая! Та, что была моей. Как бы тебя любил бы я до самых последних дней…”

Думаў, што калі каханка мая перастала дасылаць лісты, пэўна, рыхтуецца да вяселля. Калі стрэну яе пасля сваёй службы, у падарунак аддам гэты запіс, дзе плаксівы голас Лёвы Лешчанкі перадае мае выразныя пачуці…

Вольны час мы праводзілі разам з нашымі дзяўчатамі. Жана, якая ўжо вучылася ў Сімферопальскім педінстытуце, пачала дапамагаць мне і Леаніду ў матэматыцы, рускай мове і літаратуры, вучыла нас многаму таму, што мы паспелі забыць за чатыры гады службы на флоце. Праводзіла з намі дыктанты, кантрольныя па матэматыцы, задавала дамашнія заданні і кантралявала іх выкананне. І мы старанна імкнуліся да авалодання ведамі, паколькі я і Лёня рыхтавалі сябе да паступлення ў ВНУ. Іншы раз у гэтым дапамагала нам і Ірына, якая на гэты час ужо закончыла дзеся-цігодку, працавала ў адным з санаторыяў бібліятэкарам. Яна і прыносіла нам патрэбныя падручнікі, іншы раз за Жану правярала дамашнія заданні…

Час няўмольна ляцеў. Неаднойчы мы прагульваліся па гора-дзе, летнімі сонечнымі днямі любілі пахадзіць па шумлівым еўпатарыйскім пляжы, у больш прывольным ціхім месцы асвяжыць сябе ў марскіх хвалях, паляжаць на пясчаным насыпу, схаваўшы твар ад пякучага пяўднёвага сонца, або адысці далёка ад шум-лівага пляжа на паўднёвы захад горада, каб адчуць сябе вальней, у спакойных абставінах штосьці абмеркаваць, памарыць пра сваё асабістае..

Іншы раз дзяўчаты ў вуснай форме стараліся экзаменаваць нас па рускай мове і літаратуры, весці гаворку аб літаратурных героях, аб правапісе тых ці іншых часцін мовы, дзе яшчэ многа мы з Лёнем рабілі памылак. І мы не аднекваліся, штодзённа ўсё больш і больш прывівалі сабе навыкі ў пазнанні літаратуры і матэматыкі. Бачылі па выразах твараў нашых настаўніц, што яны нашымі ведамі, пэўна, і намі, задаволены.

І вось аднойчы, калі мы ўжо зашмат далёка адышлі ад пляжа, каб спакайней правесці час, з боку марской бухты, якая тулілася да заходніх межаў горада, здалёк пачулі ўзбуджаныя галасы, клікалі, убачыўшы нас здалёк, на дапамогу. Не раздумваючы, кінуліся да жанчын, якія раз-пораз махалі рукамі і штосьці крычалі нам. Калі мы падбеглі, яны паведамілі, что мужчына, відаць, муж адной з іх, знік пад вадою. Другі ж мужчына, які сядзеў ля белага абруса, дзе размясціліся шклянкі, бутэлькі і прысмакі, спрабаваў сябе падняць, але яму гэта не ўдавалася. Усё стала зразумелым – п’яны чалавек у вадзе. Мы з Лёнем хуценька знялі з сябе форму і кінуліся ў ваду, каб адшукаць тапельца. Пасля шматлікіх намаганняў нам удалося знайсці яго і выцягнуць на бераг. Чалавек быў у непрытомнасці, з пасінелым тварам і пасінелымі нагамі. І мы з сябрам узяліся за працу. Пасля некалькіх прыёмаў штучнага дыхання мне ўдалося выліць з яго сярэдзіны значную колькасць вады, ад якой шыбанула гарэлачным смуродам. На яго руцэ я адшукаў пульсаванне і пачаў яшчэ больш старанна праводзіць штучнае дыханне. Твар тапельца пасвятлеў, паступова на ім пачала з’яўляцца ружовасць, пасінеласць знікла з ягоных ног. У час гэтай, ужо звычайнай для мяне працэдуры, я назіраў, з якім хваляваннем і здзіўленнем сачылі за ўсім гэтым нашыя дзяўчаты.

Пасля такіх старанных намаганняў чалавечае цела ўздрыгнула, твар яго значна пасвятлеў і ён расплюшчыў вочы. Глядзеў на ўсіх нас разгублена, быццам штосьці хацеў успомніць, уявіць, што з ім здарылася, чаму вакол яго людзі, але пакуль яму ўсё гэта не ўдавалася. Я заўважыў, з якой удзячнасцю пазіралі на мяне жанчыны. Не менш усхвалявана глядзелі і нашы дзяўчаты, якія стаялі непадалёку і ўважліва сачылі за маімі рухамі. Нават Лявон неяк з зайздрасцю назіраў за маімі дзеяннямі, пэўна, шкадаваў, што ў яго такіх навыкаў няма.

Толькі пасля таго, як чалавек прыйшоў у сябе, з’явілася медыцынская дапамога. Дактары адразу ўзяліся за выратаванага чалавека, спрабавалі ўвесці яму штосьці ў вену, але я катэгарычна забараніў рабіць тое. Спасылаючыся на тое, што сэрца яго ў такім стане можа не вытрымаць. Калі жанчыны пачулі гэта, рушылі на абарону пацярпелага. К гэтаму часу ўжо змог падняцца ад абруса і ягоны сябрук, які пачаў выразна ўжываць ненарматыўную лексіку, каб абараніць сваіх. І медыкі здаліся, хуткая дапамога ад’ехала.

Мы з Лёнем апранулі свае матроскія форменкі, узялі з рук дзяўчат бесказыркі і ўжо хацелі пакінуць зніякавелую грамаду. Але жанчыны спахапіліся і пачалі абдымаць нас, дзякаваць за выратаванне. Нашы дзяўчаты ў гэты момант адышлі ад натоўпу. Адна з жанчын, пэўна, жонка пацярпелага, працягнула мне сто рублёў. Я адмовіўся. А мой сябар не ўпусціў такі момант – грошы былі ў ягонай кішэні.

Дзяўчат дагналі мы хутка, бо яны не вельмі спяшаліся пакінуць нас. Калі па дарозе зайшла гаворка аб тым, дзе я так налаўчыўся гэтай справе, я пачаў падрабязна расказваць, як нас рыхтавалі ў вучэбным атрадзе. Расказаў пра майго настаўніка мічмана Мельнікава, пра тыя здарэнні, дзе мне ўжо давялось выратоўваць тапельцаў. Мае спадарожнікі ўважліва слухалі, не перапынялі, не ўдакладнялі нічога, як мне падалося, з павагаю глядзелі на мяне. Лявон таксама маўчаў, не вінаваты ён быў у тым, што гэтай справе ў вучэбным атрадзе горада Мікалаева яго не навучылі. Затое іншую школу ў сваім жыцці ён прайшоў паспяхова, бо вырас на адэскай Дэрыбасаўскай.


І калі праз некаторы час падышлі мы да гаманкога гарадскога пляжа, Перапяліца нечакана пакінуў нас, знік сярод адпачываючых. А калі вярнуўся, то трымаў у руках шмат розных наручных гадзіннікаў – як мужчынскіх, так і жаночых. Мы спрабавалі раіць яму, каб аднёс іх назад, але ён толькі ухмыляўся, гаварыў, што ўсяму гэтаму яго навучыла само жыццё. Паказаў дзяўчатам і грошы, ад якіх я надоечы адмовіўся, не забыў выказаць мне дакор. Мы пераглянуліся і моўчкі пакрочылі па сыпучым пляжным пяску ў бок горада, да карабельнай прыстані… Не разумелі мы Перапяліцу, не ўкладвался ў нашых галовах яго паводзіны і дзеянні...

Вялізны чырвоны круг сонца ўжо чапляўся за марскі гарызонт, калі мы падыходзілі да прыстані. Я прапанаваў сваім спадарожнікам, каб яны спыніліся і паглядзелі на той край мора, куды праз некалькі хвілін схаваецца сонца, і дадаў:

– Уважліва глядзіце на той момант, калі сонца будзе хаваць у моры свае апошнія промні.

Усе з цікаўнасцю паглядзелі на мяне, але з маёй прапановай згадзіліся і пачалі ўглядацца туды, дзе плыў, здавалася, вялізны воненны шар, распіхваючы ў розныя бакі хвалі мора, каб знайсці прыдатнае месца для начоўкі, сачылі за апошнімі ягонымі промнямі, што хаваліся ў яго бездані. І вось ён – гэты момант!

Над морам, у тым месцы, дзе сонца згубіла свой апошні прамень, з’явіўся рознакаляровы, з вясёлкавым адценнем, сполах, які толькі на імгненне асвяціў наваколле, – і з такой жа хуткасцю знік, згас. Усе здзіўлена пераглянуліся, паглядзелі на мяне. А Жана ўсклікнула:

– Вось гэта дзівосы! Чаму мы раней не бачылі гэтага? Ля мора ж нарадзіліся і выраслі, а такога цуда не назіралі. Ты нас здзівіў, старшына першага рангу, не толькі сонечнымі промнямі, а і нязвыклым для нас выратаваннем тапельца, які, пэўна, пасля чарговага падпітку зноўку палез ў марскія хвалі…

Размаўляючы, падышлі да кафэ “Марожанае”, дзе Лявон ласкава пачаў запрашаць усіх нас на смакотны пачастунак.

Падчас гутаркі Лёня з Жанай не забыліся папракнуць мяне і Ірыну ў тым, што некалі ў вячэрні час, пасля танцпляцоўкі мы з ёю вырашылі даплыць да марскога буйка, які знаходзіўся за вярсту ад берага. Калі б не марскі пагранічны кацер, назад бы мы не прыплылі, а кармілі б рыбак, і не сядзелі тут цяпер за адным сталом з нашымі сябрамі. І ў гэтым нас справядліва папракала Жана. З ёю нельга было не пагадзіцца. Я маўчаў. А вось Ірына, надзьмуўшы свае ружовые вусны, пачала пярэчыць сяброўцы, спасылалася на сваё майстэрства па плаванні, на свой юнацкі разрад. Але Жана была крыху старэйшай за сваю сяброўку, з якой разам выраслі і ўпэўнена даказавала, што выратаваннем для нас у той час быў марскі пагранічны кацер. У гэтай спрэчцы мы і не заўважылі, як Лявону ўдалося адлучыцца і прынесці бутэльку партвейну. Ён прапанаваў адзначыць такі насычаны не вельмі прыемнымі падзеямі сённяшні дзень, і каб такога больш не паўтарылася. Мы з Лёнем крыху пакаштавалі гэты напітак, а вось дзяўчаты амаль не дакрануліся да сваіх кілішкаў. Хачу заўважыць, што ў той час моладзь не піла так, як цяпер. На танцпляцоўцы амаль ніколі не было падпітых хлопцаў ці дзяўчат, не бачылі іх і з цыгарэтамі…

Ужо змяркалася, калі мы з Лёнем вярнуліся на свой карабель. Камандзір зрабіў нам заўвагу за спазненне, загадаў пракантраляваць вахтавых радыётэлеграфістаў і сігнальшчыка. А сам спусціўся па трапе і рушыў у горад. Ужо лежачы ў сваім падвясным ложку, я пачаў пракручваць эпізоды сённяшнягя дня. Перад вачыма мільгацелі твары незнаёмых мне людзей, чамусьці ўспомніўся вучэбны атрад, першыя дні службы, калі старшына роты адправіў мяне ў кубрык, каб я заправіў “банкі”. Я пахадзіў па кубрыку і не заўважыў ні адной банкі. Стаў у строй і далажыў яму аб гэтым. Ён за руку завёў мяне ў кубрык і паказаў на звычайныя табурэткі. Я здзівіўся, чаму старшына называе табурэткі банкамі.

Шмат чаго яшчэ прыйшлося ў вучэбным атрадзе пазнаваць. Напрыклад, сталовую называць камбузам, просты венік – галяком, туалет – гальюном, простую тумбачку – рундуком і г.д. А колькі было ўсемагчымых назваў марской справы, калі ўпершыню ступіў на карабель праз перакідны трап. Цяпер з усмешкаю ўспамінаю, як чатыры гады назад “гадкі” глуміліся над намі, “салагамі”, калі мы толькі прыйшлі служыць на карабель, як нас, “жаўтароцікаў”, у марской робе кідалі за борт карабля, прымушалі есці напалову з соллю кашу, глытаць марскую ваду і г.д. Я схамянуўся ад гэтых успамінаў, утаропіў позірк на свой рундук, што стаяў прымацаваным да палубы, быццам з ім развітваўся, развітваўся з усім, такім звыклым за чатыры гады. Прадчуванні мае былі не дарэмнымі, бо раніцою пачулі мы па радыё, што Хрушчоў даў загад кансерваваць усе малыя караблі. Як пазней высветлілася, не застаўся ў баку і наш тарпедалоў. Праз колькі дзён мы развітваліся са сваім караблём, збіраліся на Севастопаль.

На марской базе тарпедных кацераў, куды я трапіў, да “гадкоў” асабліва не чапляліся, ведалі – хутка ў іх дэмабілізацыя. Выкарыстоўваючы пякучыя сонечныя дні, штодзённа на пляцы базы я лавіў промні паўднёвага чэрвеньскага сонца, чарнеў ад загару ўсё больш і больш. З Пятром Гардыенкам, сваім даўнім сябруком па СКРы, мы чакалі выклік з Харкаўскага авіяцыйнага інстытута.

І вось мы з Пятром у Харкаўскім авіяцыйным інстытуце на падрыхтоўчых курсах. Ведалі, што нас, як класных радыётэлеграфістаў, возьмуць у навучальную ўстанову без асаблівых намаганняў з нашага боку, але матэрыяльных магчымасцяў заставацца ў інстытуце ў нас не было. І мы вырашылі адпрасіцца ў прафесара Юнькова, каб адпусціў нас дадому. Але ж ён катэгарычна адмовіў нам у гэтым. І пацягнуліся для нас з Пятром сумнаватыя дні. Штодня думалі мы аб тым, як забраць свае паперы і рушыць дадому. Пятро – у Сталінград, а я – у Гомель, каб адшукаць сабе навучальныя ўстановы недалёка ад месца жыхарства. І наша жаданне здзейснілася.


…Спыняюся на некалькі дзён ў Мазыры, у свайго дзядзькі Казіміра, баўлю час, назіраю за вольным бесклапотным жыццём моладзі, што мітусіцца на танцпляцоўцы каля Прыпяці; з вялікай асалодаю смакую вольнае паветра, якое зусім не падобна на тое, якім дыхаў чатыры гады падчас матроскай служб. Заўважаю, якія позіркі ў мой бок кідаюць прыгожыя дзяўчаты, адчуваю іх жаданне пазнаёміцца бліжэй. Але на іх я не звяртаю ўвагі, – чакаю той момант, калі сустрэнуся са сваёю Ганулькаю-Ганнай, хоць пакуль нічога і не ведаю пра яе.

У такім роздуме ішоў я па набярэжнай Прыпяці ў бок пасёлка будаўнічых матэрыялаў, дзе жыў мой дзядзька Казімір. Падыходзячы да невялікай прыпяцкай затокі, я пачуў пранізлівыя крыкі. Не раздумваючы, кінуўся туды. Калі падбег бліжэй на людскога натоўпу, заўважыў пасінелую дзяўчыну, што ляжала на пясчаным жвіры ў непрытомнасці, не падаючы прыкметаў жыцця. Непадалёку ад натоўпу стаяў ладны дзяцюк, які, пэўна, на хуткую руку выцягнуў дзяўчо з вады і не ведаў, што рабіць далей. Я адразу ж пачаў рабіць дзяўчыне штучнае дыханне, спрабаваў знайсці пульс. Знаходзіў, але ж ён неяк хутка губляўся, што мяне вельмі насцярожыла. Калі некалькі разоў удалося з яе выліць ваду, твар дзяўчыны пачаў святлець, на ім з’явілася ружовасць. Заўважыўшы гэта, пачаў яшчэ мацней рабіць штучнае дыханне. Дзяўчына ўздрыгнула, паступова адкрыла вочы, неяк страпянулася ўся. Пазірала няўцямна на прысутных. Ажывіліся яе сяброўкі, радасна загаманілі, дапамаглі мне яе падняць і пасадзіць пад лазняк, дзе не так пякуча паліла сонца.

Дзяўчына пакрысе прыходзіла ў сябе. Твар ружавеў, разгубленая ўсмешка з’явілася на ім, вярнулася ўсведамлення таго, што здарылася. Яна нават паспрабавала падняцца, але я ёй гэта забараніў рабіць. Дзяўчына, пэўна, зразумела, што я і ёсць яе ратаўнік, паслухалася майго загаду. Дзяўчаты радаваліся за сваю сяброўку, з цікавасцю паглядалі на мяне, калі я апранаў сваю форменку. Ажывілася і мая хрышчэніца. Яна паціху паднялася і падышла да дзяўчат. У гэты момант непадалёку спынілася хуткая дапамога, адкуль выйшлі дзве жанчыны. На хаду яны рыхтавалі свае лекі, каб увесці іх дзяўчыне. Я спрабаваў катэгарычна забараніць рабіць ім укол, але яны мянене слухалі. Дзяўчынка, якую звалі Мальвінаю, таксама ўпарцілася, калі пачула маё пярэчанне, але медыкі сілай пасадзілі дзяўчыну з яе сяброўкамі ў машыну і паехалі ў гарадскую бальніцу.

А на другі дзень я даведаўся, што дзяўчына не вытрымала ўколаў, якія ёй увялі. Сэрца спынілася, спынілася ад нечаканай для яе рытмічнай напружанасці, пра што я так настойліва папярэджваў медработнікаў. Але яны не паслухаліся. У выніку – смерць дзяўчыны... Я даў другое жыццё, а медыкі адабралі.


…Жывучы ўжо ў вёсцы Чырвонабярэжжа, што размешчана каля самай ракі Убарці, дзе непадалёку ад яе берага пабудаваў я свой дом, многае чуў ад жыхароў аб розных здарэннях, напрыклад, аб тым, што амаль штогод, асабліва ў часы паводкі, Убарць забірае да сябе жыцці людзей. Шмат прыводзілі прыкладаў аб тапельцах, якіх даставалі з вады і рэдка каго з іх удавалася выратаваць, – хіба толькі тых, каго адразу ж выцягвалі на бераг, не даючы страціць прытомнасць. Ды і сам я, жывучы які ўжо год у гэтай вёсцы, не раз чуў такія дрэнныя навіны, калі рака забірала жыцці людзей, калі тыя пагарджалі правіламі бяспекі.

Вясною рака рабілася вельмі бурліваю. З вялікай хуткасцю несла яна свае ўскаламучаныя воды да Прыпяці, пенілася, зрывала на сваім шляху дрэвы, лазнякі... Сваёй бурлівай плынню вымывала глыбокія ямы, выкідваючы пры гэтым тоны сыпучага пяску на бераг, утвараючы купальныя пляжы. У летні час Убарць мялее, праз пясчаныя выспы нясе свае празрыстыя воды, да краёў запаўняючы глыбокія выемкі, якія і становяцца небяспечнымі для людзей, асабліва для дзяцей. Яны ў такі час губляюць усялякую асцярожнасць; з разбегу кідаюцца ў глыбокі вір ракі, яшчэ – майструюць з дошак розныя прыстасаванні, каб вышэй узляцець, а потым з усяго ўзмаху паляцець галавою ўніз, у бурлівую ваду Убарці, не думаючы аб небяспецы.

У адзін з такіх сонечных дзянькоў, калі чэрвеньскае сонца паліла ўсё наўкол, не было як перавесці дых, я накіраваўся да Убарці, каб зняць стому, падыхаць прахалодаю, якая трымаецца ля вады. Бераг усыпаны дзятвою, дарослыя трымаліся далей ад рэчкі. Ля засланага абруса пад лазняком я заўважыў свайго адналетку Міхаіла Мішкова, які са сваёю кампаніяй смакавалі напоі. На іх запрашэнне я адмовіўся. З ім сядзелі незнаёмыя мне людзі, сярод іх туліўся юнак, як пазней я даведаўся, сын Флёркі Міхаіла, якія жылі ў Піцеры. Не паспеў я зрабіць у вадзе некалькіх узмахаў, як пачуў голас Мішы, які клікаў на дапамогу. Я кінуўся да іх. Сярод прысутных я не заўважыў Валодзю. Мне паказалі месца, куды ён знік. Не марнуючы час, я пайшоў на дно вымытай ямы. Адразу ж удалося намацаць яго цела і выцягнуць на бераг. На дапамогу ніхто не прыходзіў, усе разгублена паглядалі на мяне. Я хуценька палажыў хлопца на сваё калена і выліў з яго цела ваду. Пасля некалькі практыкаванняў Валодзя расплюшчыў вочы, твар яго пасвятлеў. Я паляпаў яго па твары, каб ачомаўся. Трохі счакаўшы, падаўся ён да Мішавай кампаніі. Перастаўляючы няўпэўнена ногі, пакрочыў да сваіх, якія ад радасці пачалі зноў наліваць свае келіхі – ужо за выратаваннеў хлапца.

А я, зноў адмовіўшыся ад іх запрашэння, рушыў у напрамку сваёй хаты.


…У тую сонечную раніцу чэрвеньскага лета восемдзесят першага года мы нікуды не спяшаліся – была нядзеля. Ды і куды можна спяшацца ў вёсцы ў такі час, калі на сенакосным лузе поўная паводка. Калі хто і накасіў да гэтага нейкія копны сена, дык і тыя ўжо плавалі па вадзе, як нейкія прывіды.

Ужо многія гады запар прырода здзеквалася над чалавекам: калі настае час сенакосу, з неба, нібы з вядра, льюць цёмныя хмары ваду, запаўняюць рэкі, нізіны, выемкі, не звяртаючы ўвагі на цяжкую працу селяніна ў нарыхтоўцы сена для сваёй жывё-ліны, часта пакрывалі прысядзібныя кавалкі зямлі, што зусім блізка туліліся да ракі.

У гэты дзень пякучае чэрвеньскае сонца ўжо пераваліла за поўдзень, сваімі пранізлівымі промнямі паліла ўсё наваколле: пясчаны бераг, вербалознае кустоўе, што распаўзлося па ўсяму берагу Убарці, целы адпачываючых, якія варочаліся на пясчаным жвіры, нібы ўюны на гарачай патэльні.

У гэты дзень мы з Валерам, маім сынам-студэнтам, корпаліся ля свайго “Масквіча-412”, каб прывесці яго ў адпаведны стан, калі да нас ад ракі прыбегла сямігадовая наша Галюнька і праз плач паведаміла, што ўтапілася цётка Маруся, а дзеці яе там плачуць. Мы кінуліся да ракі, дзе на пагорку стаялі дзеці Марыі – сямігадовая Люба і пяцігадовы Сяргей. Заліваючыся слязьмі, яны паказвалі на месца ў рацэ, дзе ўтапілася іх маці, калі спяшалася выратаваць Любу, якую на надзьмутай камеры панесла па цячэнні.

Любу прыбіла да берага, а вось Марыя трапіла ў самы той глыбокі вір ракі, дзе яна моцна пенілася і бурліла.

Што сказаць у такім выпадку – людзі самі вінаваты, не асцерагаліся, ведаючы нораў ракі.



Я, Ганна Пятроўна і нашы дзеці”.
Пасля некаторых беспаспяховых пошукаў мы з Валерам вы-браліся на бераг і пачалі ўзірацца ўдалячынь ракі, спадзеючыся заўважыць цела тапельцы, якое магла вынесці бурлівая вада на сваю паверхню. У гэты момант па рацэ на вялікай хуткасці праляцела каля нас маторная лодка, на якой сядзелі хлопцы з геалагічнай экспедыцыі, што стаяла ля вёскі. На нашы крыкі яны не рэагавалі – паімчаліся далей. Але у лодачных хвалях, што з шумам каціліся да берага, мы заўважылі далёка ад месца здарэння рыжыя пасмы валасоў. Мы з сынам пераглянуліся і кінуліся плысці да тапельцы. Валера даплыў да Марыі першым, схапіў яе за валасы і пачаў цягнуць у мой бок.

Цягнуць цела, ды яшчэ супраць плыні, было амаль немагчымым. Пераадольваючы вялікія цяжкасці, нам удалося выцягнуць Марыю на бераг. Зусім пасінелае цела яе не выдавала ніякіх прызнакаў жыцця. Але мы пачалі актыўна змагацца за яе выратаванне, робячы раз за разам штучнае дыханне, выліваючы з яе ваду. Нейкае пульсаванне, каб патрапіць у яго сваімі рухамі, адшукаць было немагчыма. Даводзілася рабіць усё наўзгад.

З дапамогаю сына я зноў паспрабаваў пазбавіць яе вады, што наглыталася, палажыўшы жанчыну жыватом на калена. Гэта ўдалося зрабіць, калі з вялікай цяжкасцю адкрылі яе моцна сціснутыя зубы. Пасля нейкіх нашых намаганняў твар яе – о, Божа! –пачаў святлець, і адразу адшукаў слабае пульсаванне.

Састарэлыя жанчыны, якія абступілі нас, раілі пакласці яе на коўдру і махаць ёю ў розныя бакі. Але іх прапанову я адразу ж адхіліў, успомніўшы словы мічмана Мельнікава, які гаварыў, што тапельца можна выратаваць толькі сваёй упартасцю ў правядзенні штучнага дыхання, выратаваць нават тады, калі цела знаходзілася ў вадзе шмат часу. І я яшчэ больш упарта і настойліва пачаў рабіць сваю справу, дапамагаў мне ў гэтым і сын, які ўжо пачаў губляць надзею на выратаванне жанчыны.

І тут мы заўважылі, як твар яе стаў мяняцца, з’явіліся асобныя пасвятленні на ўсім целе, знікла пасінеласць з ног. І з яшчэ большым намаганнем пачалі рабіць ёй штучнае дыханне, ужо выразна адчуваючы пульсавы рух, раз-пораз вылівалі ваду з яе цела. Жанчына ўздрыгнула, паспрабавала падняць непаслухмяныя павекі. Але ёй гэта пакуль не ўдавалася. Я зразумеў – жанчына будзе жыць. Яе званітавала, і з рота вырвалася брудная вадкасць.

Яшчэ некалькі нашых практыкаванняў, і Марыя ўжо адкрыла вочы.Глядзела на нас, хмурылася. Мусіць, не чула нас, мусіць, яшчэ не прыйшла ў сябе. Пачала рабіць нейкія рухі, ласкава гля-дзела на сваіх дзяцей, што туліліся побач, абдымалі спалохана яе, спрабавала іх пагладзіць. Яна яшчэ маўчала, глыбока ўздыхала, не ведаючы, чаго над ёю схіліліся людзі.

А калі падбегла да яе маці, Марыя моцна наўзрыд заплакала, абдымаючы яе і сваіх дзяцей. Яна не чула папрокі, якія сыпаліся з усіх бакоў. Не разумелі людзі, як гэта яна магла так неабачліва апынуцца ў вадзе, ратуючы Любку, што плыла на гумавай камеры. Але словы ўдзячнасці і падзякі не шкадавалі ў мой з сынам бок. Мы ж не звярталі ўвагі на іх словы.

Стомленыя, вярталіся мы да сваёй хаты, што стаяла непадалёку ад Убарці. Праводзілі нас ад ракі да сядзібы ўжо не зусім палахлівая і ўсхваляваная Галюнька, крыху большая за яе дачка Ірынка і Ганна Пятроўна, наша карміцелька і дарадчыца. Любоў Данілаўна, маці Марыі, яе дзеці і іх суседзі крочылі непадалёку ад нас у напрамку да сваёй хаты, дзе наша пацярпелая марыла адпачыць у поўным спакоі, аддыхацца ад усяго перажытага. Як пазней сказалі мне, праспала Марыя ў матулінай хаце амаль паўсутак, да поўнай свядомасці прыйшла толькі праз некалькі дзён. Бацька яе, Андрэй Радыёнавіч, не аднойчы за гэты час падыходзіў да мяне, распытваў пра ўсе падрабязнасці, цяжка дыхаючы, дзякаваў за выратаванне сваёй дачкі.

Пазней стрэў я Марыю ў сельскім клубе, у якім яна працавала загадчыцай. Неяк сарамліва глядзела на мяне, мала размаўляла, увесь час адводзіла позірк. Я адчуваў, з якою павагаю адносіцца яна да мяне, як удзячна мне за выратаванне. А я ў сваю чаргу імкнуўся таксама не ўспамінаць пра тое здарэнне.

Пазней Марыя са сваёй сям’ёй пераехала на новабудоўлю на Ударнае, дзе пачала працаваць у дзіцячым садку. Выгадавала дзяцей, мае ўнукаў, сёння – на заслужаным адпачынку…


Бадай адным з самых цяжкіх выпрабаванняў у маім жыцці па выратаванні тапельцаў быў летні червеньскі дзень восемдзесят шостага года, года Чарнобыльскага вубуху. Тады паўсюдна з неба сыпаўся на нашыя галовы цэзій і стронцый, а з імі і яшчэ шмат якой трасцы, ад чаго шмат было пакалечана чалавечых жыццяў…

У той чэрвеньскі спякотаю дзень ля Убарці не чуліся галасы дзяцей – усе яны разам з настаўнікамі былі вывезены на Белгародчыну, у глыбіню Расіі, каб быць далей ад усяго гэтага. Дарослыя ж займаліся паўсядзённаю справаю: насілі і зграбалі ў копы сена на лузе, увіхаліся на сядзібных кавалках зямлі, дзе ўвачавідкі падымалася на градах зеляніна, цыбуля і агуркі, – усё тое без усялякай засцярогі ўжывалася ў ежу. Хадзілі чуткі, што гэта небяспечна, бо чарнобыльскі попел пасыпаў усё наваколле, і таму ад ужывання гэтай ежы могуць быць цяжкія вынікі. Але то былі толькі чуткі, а мо і плёткі, хто тады што ведаў? Людзі ж па старай звычцы ўжывалі ўсё тое, што і заўсёды. У той час у гэтым напрамку не вялася ніякая асветніцкая работа. Нават у тыя першыя майскія дні, калі над нашымі галовамі гулі самалёты, якія разбівалі радыяцыйныя хмары, каб не трапілі яны на Маскву, ніхто нас не папярэджваў аб небяспецы – стронцый, цэзій і іншае паскудства сыпалася нам на галавы, на палі і сенакосы, на нашыя прысядзібныя надзелы зямлі, дзе ўсё буяла і прыгажэла.

У той дзень я таксама, як і ўсе вяскоўцы, збіраўся на луг, каб на сваім кавалку сенакосу падвярнуць падвяленае сена, проста пасядзець ля рэчкі, паназіраць за чароўнай прыродаю, пачуць пранізлівы пошчык салаўёў, закінуць у раку свае няхітрыя рыбацкія прылады. Заўважыў, як з суседскага двара на вуліцу высыпалі дзяўчаты і хлопцы, што гулялі на вяселлі Валі Гулевіч, якая прыехала з Гародні. Яна там вучылася ткацкай справе, пазнаёмілася з тутэйшым хлопцам, прыехала з ім да сваіх бацькоў, каб згуляць вяселле.

З ёю разам прыехалі і некалькі яе сябровак і бацькі маладога. Усхваляваныя ад выпітага, госці з шумам накіраваліся ў бок ракі. А праз некалькі хвілін адтуль пачуліся роспачныя крыкі.

Я кінуўся да Убарці. Там, дзе бурліў рачны вір, ныралі ў ваду хлопцы. Сярод іх быў і мой сын Валеры. Шукалі сяброўку Валі, якая жыла ў Гародні. Пасінелую тапельцу выцягнулі з вады і палажылі на беразе. Не раздумваючы, я кінуўся да яе. Маючы ўжо нейкі вопыт па выратаванні тапельцкаў, мой сын актыўна пачаў дапамагаць мне ў выратаванні дзяўчыны. Але нашы старанні былі дарэмнымі – дзяўчына заставалася нерухомай, не падавала прыкметаў жыцця.

Пасля таго, як з яе сярэдзіны вылілася крыху вады, твар яе змяніўся, але яна была безжыццёвая. І мы яшчэ з большым стараннем пачалі рабіць штучнае дыханне, выліваць з яе ваду, шукаць пульс. Пасля такіх намаганняў твар дзяўчыны нечакана пачаў святлець, слаба прабіваўся пульс.

Я быў ужо упэўнены, што жыццё ёй можна вярнуць, і мы стараліся з усіх сілаў. Праз некалькі хвілін яна ўздрыгнула, пачала падаваць прызнакі жыцця, з’явілася ружовасць на твары. Але як толькі мы спынялі рабіць штучнае дыханне, цела яе адразу ж сінела, рабілася нерухомым. Ваду з яе цела адпампоўваць мы ўжо не маглі – яна больш не выцякала.

Я быў у роспачы. Раней, калі даводзілася ратаваць тапельцаў, такога не адбывалася. Тады я загадаў сыну, каб ён падагнаў да ракі легкавік і паведаміў аб здарэніі медыкам хуткай дапамогі.

Там часам з апошніх сілаў працягваў рабіць дзяўчыне штучнае дыханне. Ніхто з прысутных не прыходзіў на дапамогу. І я падумаў з горыччу: недасведчанымі ў гэтай справе з’яўляюцца як маладыя, так і састарэлыя людзі, а людзі павінны ўмець ратаваць тых, хто трапіў у небяспеку. Чаму ж гэтаму не вучаць ні ў школе, ні ў ВНУ, увогуле сярод людзей не надаецца гэтаму ніякай увагі... А шкада.

... На поўнай хуткасці імчым мы да Лельчыцкай раённай баль-ніцы. Праз нейкі час спыніліся ля хуткай дапамогі. Медыцынская сястра пачала рыхтаваць штосьці для ўколаў, але я ёй забараніў тое рабіць, бо ведаў: такі ўкол можа моцна нашкодзіць, як было ўжо раней у маёй практыцы выратавання. І я на вялікай хуткасці рушыў да бальніцы. Дзяўчына ў машыне крычала, вада булькатала ў ёй, твар змяніўся, зноўку пасінеў. Сын не даваў ёй магчымасці згубіць дыханне.

Дзяжурны урач Пётр Дзянісавіч Васіленка, якога я добра ведаў, агледзеў дзяўчыну і развёў рукамі – маўляў, ужо нічога нельга зрабіць, бо лёгкія запоўнены вадою. Я закрычаў на яго, стараючыся даказаць, з якой цяжкасцю мне ўдалося прывесці дзяўчыну ў адпаведны стан, даказваў, што ваду можна выцягнуць шпрыцам з лёгкіх. І ён пагадзіўся. За жыццё дзяўчыны пачалі змагацца ўпарта і настойліва. Усё безвынікова – яна не прыходзіла ў сябе амаль цэлы тыдзень.

Мы з Ганнай Пятроўнай, маёю жонкаю, амаль штодня наведвалі дзяўчыну ў бальніцы, асабліва тады, калі да яе вярнулася свядомасць і яна нам паведаміла, што прозвішча яе Шпакоўская, завуць Ірынай Васільеўнай, што яна сірата і жыве са сваёю бабуляю. Мы з Ганнай Пятроўнай спачувалі ёй, адначасова віншавалі з другім днём нараджэння.

А праз месяц забралі мы Ірынку да сябе. Як яна і прасіла, бабулі яе не паведамлялі пра тое, што здарылася, – хварэла на сэрца. Яшчэ доўгі час дзяўчо жыло ў нашым доме. І калі пасля поўнага выздараўлення адважылася ехаць на Гарадзеншчыну, мы не пярэчылі. Але адчулі, што без яе нам будзе сумна – за кароткі час прывыклі да яе, прызналі за сваю.

Праз нейкі час Ірына выйшла замуж, нарадзіла двух сыноў, пераехала з сям’ёй жыць у Светлагорск. Часта дасылае нам лісты, віншуе са святамі, зычыць нам з жонкаю добрага здароўя і доўгіх гадоў жыцця. І мы ўдзячны ёй за гэта…


Ад аўтара

У сваёй дакументальнай аповесці я вылучыў не ўсе выпадкі і эпізоды, калі давялося мне ўдзельнічаць або быць сведкай пры выратаванні тапельцаў. І я лічу, што аб гэтым няварта паведамляць і весці пра тое гаворку, У многіх выпадках людзі, трапляючы раптоўна ў ваду, на кароткі час гублялі прытомнасць, і іх з вялікімі цяжкасцямі ўдавалася вяртаць да жыцця. І ім, ведаю, сёння балюча ўспамінаць пра тыя трагічныя хвіліны...

У тым жа восемдзесят шостым годзе, калі ўсе дзеці Лельчыцкага раёна пасля Чарнобыльскай бяды знаходзіліся на Белгародчыне, здарылася тое. Мяне прызначылі ад раёна адказным за арганізацыію дзіцячага адпачынку. Дык вось, непадалёк ад паўднёвых лагераў у вялізным кар’еры мне ўдалося, як кажуць, на хуткую руку ўратаваць жыццё мясцоваму хлапчуку. Праўда, ён яшчэ не паспеў як след наглытацца вады, тое і ўратавала яго. Мне ўдалося хутка выціснуць з яго ваду і прывесці ў належны стан. Вельмі спалохаўся ў той час, бо падалося, што хлапчук з нашага піянерскага лагера. Але аказалася, што ён мясцовы, с аднавяскоўцамі прыйшоў пакупацца.

Другім нязначным такім выпадкам па аказанні дапамогі бедаку адбыўся выпадак у горадзе Днепрапятроўску летам шэсцьдзесят трэцяга года, калі я працаваў на металургічным заводзе імя Пятроўскага.

Калі аднойчы ліпеньскай раніцай я спусціўся з гарыстай мясцовасці да вялізнага кар’ера, які да краёў быў запоўнены вадою, пачуў крыкі хлапчукоў, якія мітусіліся ля вады і клікалі на дапамогу. Калі падбег да іх, заўважыў ляжачага хлопчыка, цела якога ўздрыгвала, пачынала губляць натуральны выгляд. Ніхто з яго сябрукоў нічога не рабіў, стаялі яны ўсхваляваныя, пазіралі з надзеяй у мой бок. Я хуценька вызваліў страўнік ад вады, паспрабаваў зрабіць яму штучнае дыханне, якое амаль не спатрэбілася. Ён уздрыгнуў і адразу ж паспрабаваў падняцца. Але я забараніў яму тое рабіць, сілай нахіліў да зямлі. Ён здзіўлена пазіраў на мяне, не разумеў, чаму я праяўляю такую настойлівасць. Праз колькі хвілін хлапчукі дапамаглі яму падняцца, і разам яны пакрочылі ў бок пасёлка.

Апаласнуўшыся ў празрыстай кар’ернай вадзе, я ўладкаваўся побач на пясчанай выспе. Доўга думаў аб тым, колькі мы не дапрацоўваем яшчэ ў падрыхтоўцы і выхаванні моладзі, не прывучаем яе да практычнай жыццёвай дзейнасці, асабліва што тычыцца выратавання людзей, якіх напаткала небяспека...

Пазней ужо, калі працаваў я доўгі час дырэктарам школы, на іншых пасадах, не аднойчы на нарадах ставіў, так бы мовіць, рубам гэтую праблему на агульнае абмеркаванне. Актуальна яно гучала, калі ў канцы васьмідзесятых быў непасрэдна звязаны з Лельчыцкай арганізацыяй выратавання на вадзе.

Менавіта ў гэты час ад імя Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР, па рашэнні выканкама Гомельскага Савета народных дэпутатаў ад 2 ліпеня 1987 года я быў узнагароджаны медалём “За спасение утопающих”.

Гэтую ўзнагароду я лічу не такой ужо і важнай у маім жыцці. Галоўнае, што я змог выратаваць жыцці людзей. І радуюся, калі атрымліваю лісты ад Марыі Андрэеўны Неваднічэнка, якая жыве і працуе ва Ўдарным, ад Ірыны Шпакоўскай са Светлагорска, ад таго ж Валодзі Флёркі, што жыве ў Пецярбурзе...
Многія лісты дасылаюць мне і мае вучні, якіх я вучыў тэарэтычнай і практычнай дзейнасці па выратаванні людзей з розных жыццёвых абставінаў, дзеляцца сваімі навінамі, раяцца са мною па розных жыццёвых пытаннях… І – галоўнае: расказваюць з радасцю пра тое, як яны, кіруючыся маёй навукай, змаглі выратаваць некаму жыццё. І тое мяне радуе – значыць, справа выратавання і выбаўлення людзей з бяды не перарываецца, а набывае лагічны працяг. Значыць, дарэмна я хваляваўся, што ў мяне няма паслядоўнікаў. Яны ёсць, яны будуць, і перададуць свае навыкі і ўменне тым, хто прыдзе пасля іх, якія, у сваю чаргу, навучацца чуць трывожны покліч “SOS” і адразу кінуцца на дапамогу.

Памажы ім, Божа, у іх справе!

Гэтую ўзнагароду я лічу не такой ужо і важнай у маім жыцці. Галоўнае, што я здолеў выратаваць жыцці іншых. І радуюся, калі сустракаю на вуліцы Марыю Андрэеўну Неваднічэнка, якая некаторы час пасля таго здарэння працавала загадчыцай сельскага клуба ў вёсцы, а потым з сям’ёю пераехала ва Ударнае, дзе пачала працаваць пры дзіцячым садку.

Шмат падзяк і віншаванняў атрымаў я ад Ірыны Васільеўны Шпакоўскай, якая цяпер са сваёю сям’ёю пражывае ў горадзе Светлагорску, працуе на мясцовым прадпрыемстве.



Іншы раз перадае мне прывітанне і Валодзя Флёрка, які жыве ў Пецярбурзе.

Многія лісты дасылаюць мне мае і вучні, якіх я вучыў тэарэтычнай і практычнай дзейнасці па выратаванню жыццяў людзей, дзеляцца сваімі навінамі, раяцца са мною па розных пытаннях…
: files
files -> Конкурс журналісцкіх матэрыялаў "твой стыль"
files -> Кроніка грамадскага жыцця Гарадзеншчыны ад грамадскага аб’яднання “Цэнтр “Трэці сектар”
files -> Праграма Artes liberales 2013 (12–28. 02)
files -> Культурная праграма Першага нацыянальнага форуму “Музеі Беларусі”
files -> Штомесячны агляд эканомікі беларусі
files -> Пазакласны занятак па музыцы. Калейдаскоп дзіцячых фальклорных гульняў
files -> Паводле лірычных твораў А. С. Пушкіна мы іграем пушкіна
files -> 18 кастрычніка 2012 г. 1522 Аб узнагароджанні Ганаровай
files -> Клубы і аматарскія аб’яднанні Назва бібліятэкі




База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка