Урывак з аповесці «Паляванне на Апошняга Жураўля»



Дата канвертавання02.07.2016
Памер54.34 Kb.
СТАРЫ БАБЁР

(Урывак з аповесці «Паляванне на Апошняга Жураўля»)

Стары бабёр выправіўся ў дарогу цёмначы. Толькі недзе далёка на ўсходзе крыху абазначылася светласць на небе, але была яшчэ ноч, кароткая, летняя. Над вадою слаўся туманок, рэдкі, празрысты, які знікне адразу, як толькі прагляне сонца. Стары бабёр ціха, не плюскануў, выйшаў з-пад вады недалёка ад свае хаты, доўга прыслухоўваўся, паволі падгрэбваючы да невялікага астраўка. Вылез на яго, сядзеў, прыслухоўваўся і прыглядаўся.

Недалёка сонна крыкнула вадзяная курка, зашалпаталася ў траве, ціха, як незадаволена, адазвалася на яе крык за трыснягом крыжанка, і зноў усё супакоілася.

Стары бабёр яшчэ раз азірнуўся на хатку, сышоў з астраўка і паплыў, нячутна, толькі лёгка разыходзілася па вадзе хваля.

Плыў да самага берага, дзе пачыналася тупкае і куды яны, бабры, не любілі выходзіць. У іхняй калоніі былі накапаны норы, было забалочана, і туды ніхто не мог дабрацца. Тут быў чысты бераг, палоска адкрытае, не захінутае нічым вады.

Стары бабёр доўга стаяў на месцы, прыслухоўваўся, потым усё ж быццам пераступіў мяжу, вылез на бераг, прысеў.

Тут віўся маленькі ручаёк. Выцякаў ён з крыніц за кіламетры два адсюль, з-пад двух вялікіх, як горы, узгоркаў. На адным з іх стаяў стары панскі будынак. Цяпер яго было цяжка пазнаваць. Ен даўно перароблены пад школу. Некалі ў лагу ляжалі вялікія сажалкі. Цяпер яны зараслі трыснягом, чаротам, але з іх выцякала вада, бегла ручаём, які пакрысе большаў і які заставілі плацінаю невялічкага заводзіка, дзе рабілі газіраваную ваду. Нявычышчанае азерца густа зарасло трыснягом, толькі перад самаю плацінаю, на глыбейшым, быў плёс. А далей, дзе ручаёк рабіў завоіны, у балотнай лагчыне, парослай алешнікам, яшчэ адну плаціну даўным-даўно паставілі бабры. Там, дзе яны забалоцілі сабе месца, і жыла іх невялікая калонія. 3 аднаго боку ад рэчачкі стаяў на ўзгорку бор, пад ім хат з пяць маленькае вёсачкі. I гэты заводзік. Сюдою мала хто хадзіў, мала хто ездзіў, і яны жылі тут спакойна, без клопату. Хапала на іх і лазы, і карэньчыкаў, і травы. Тут была іх маленькая радзіма.

Але стары бабёр ведаў, што сюды яны прыйшлі. Прыйшлі з вялікае, прасторнае рэчкі, не раўня гэтаму раўчуку, які праз пяць кіламетраў прападае ў чыстым полі.

Сюды паўз лес, па глыбокай лагчыне, якою ўвесну, як на рацэ, шумела расталая вада, была дарога да вялікае рэчкі, там, дзе жылі спрадвеку вольна і неабсяжна бабры. Стары бабёр памятаў і ведаў гэта. Цяпер ён сабраўся пайсці туды. Ен шукаў дарогу да свайго прасторнага спрадвечнага пасялення.

Ісці трэба было цяпер. Стары бабёр адчуваў, што трэба ісці не пазней, чым гэтым летам. Бо пазней невядома ці астанецца ў яго сілы, каб прывесці туды маладую сваю сям'ю, пабудавацца і пакінуць іх там, на спрадвечным месцы. А зрабіць гэта можа толькі ён адзін, бо ён памятае пра тое, што яму расказвалі старыя бабры, яго бацькі, і толькі ён адзін можа знайсці дарогу.

Дарогу гэту яму трэба цяпер пазнаць, пазнаць тое месца, пра якое яму расказвалі старыя бабры, дзе было гэтак прасторна і адкуль іх выгналі вялікія машыны, якія не пакінулі на рацэ ні прысадаў, ні травы, ні самое глыбокае ракі. Тады яны пакінулі сваю радзіму. I ўвесь час яны расказвалі пра яе. I стары бабёр памятаў іх расказы. Стары бабёр хацеў вярнуцца назад, туды, дзе было гэтак вольна і шчасліва. А там, дзе вольна, здавалася, што і сіла будзе другая, і другое будзе здароўе, і там ён будзе жыць вечна.

Стары бабёр ішоў павольна, сапраўды старэчаю хадою, бо хадзіць бабры не любяць і не ўмеюць. Ідуць толькі тады, калі іншая рада не служыць.

Стары бабёр выйшаў нарэшце з поплаву, укуп'елага невысокімі купінамі, якія парастоптвалі чароды кароў, што каторы год пасвіліся тут. За поплавам пачыналася ворная зямля. Поле. Пераступаючы палявую мяжу, стары бабёр азірнуўся — ён быццам пераступаў у новы свет, чужы, з якога невядома ці можна будзе вярнуцца. За ўсё жыццё стары бабёр нікуды далёка не хадзіў, тым больш не выходзіў у чыстае поле, з аднаго боку якога стаяў пахмуры ранішні лес. Яго аднолькава палохаў і лес сваёй дрымучасцю і непрыступнасцю, невядомасцю таго, што хавалася там, у яго прыцемненых шатах. Палохала і поле — сваёй адкрытасцю, раўнатою, на якой нідзе няма вады, і таму схавацца яму, калі што, не будзе дзе.

Поле, на якое выйшаў стары бабёр, было засеяна лубінам. Густы, як дрот, калючы зялёнымі струкамі, ён як знарок заблытваў падарожніка, калоўся. I тое, што спачатку нырнуў у лубін, як у ваду, цяпер не цешыла бабра. Цяпер ён зразумеў, што ў яго не стане сілы прабівацца скрозь гэты зараснік. Трэба было выходзіць з лагчыны да лесу, на горку. Але ён ведаў, што выходзіць туды небяспечна. Трэба ісці сюдою, логам. I ён ішоў, пакуль неспадзявана не спатыкнуўся ў вымыты дажджавою вадою раўчук. Вада некалі прайшла тут нахабна, злажыла па дарозе лубін, намыла на яго пяску і пакінула пасярод поля, па лагчыне, пакручастую дарогу-прамыіну, над якою сыходзілася зялёнае поле.

Стары бабёр з палёгкаю ўздыхнуў — след вады не абмане, прывядзе да вады. Даўным-даўно, мабыць, тут, дзе гэта лагчына, цякла вялікая рэчка, да яшчэ большая... Але гэта так даўно было, што памятае пра той час, мабыць, адна толькі зямля, больш ніхто не памятае...

У зялёным лубянішчы бабру здалося, што ён плыве ў зялёнай вадзе тае даўняе рэчкі і што яна прывядзе да вольнага спрадвечнага месца. Ен ішоў, упарта, цвёрда.

3-за цёмнага лесу пырснула першым променем ранняе летняе сонца...

...Стары бабёр з палёгкаю нырнуў пад густыя шаты алешніку, адкуль чутна была вада, знаёмы пах вільгаці. Тут, у зарасніку травы, крапівы і на макрэйшых месцах сітнягу, пачыналі сачыцца крыніцы. Бабёр ішоў паволі — дарога была закідана ламаччам, гразкая, і па тым тоненькім ручайку, які пракладвалі сабе крыніцы, нельга было яшчэ плысці. Але адыходзіць ад вады ён не мог — стары бабёр чуў, што побач вёска.

Неўзабаве алешнік парадзеў, сталі пападацца на дарозе сухія алешыны, і стары бабёр разумеў, што тут часта стаіць высокая вада. I зусім нечакана, яшчэ ў алешніку, перад ім пачалася вузкая, метры на паўтары, палоска чыстае вады, над якой нахілялася асака.

Стары бабёр амаль подбегам кінуўся да вады, ад радасці забыўшыся пра асцярогу, нырнуў, быццам не верыў, што скончылася яго сухая дарога. Амаль з цэлую хвіліну ён плюхаўся, даваў нырца, нават фыркаў, так, што адплыліся далей ад канавы ў зараснік травы і вастралісту са сваім вывадкам качкі.

Толькі калі нацешыўся, стары бабёр спахапіўся і ціха, так, што нават не аставалася на вадзе следу, паплыў на агледзіны возера.

Яно было невялікае. Стары бабёр спачатку абплыў, агледзеў азерца — адзіны таемны выхад з яго быў толькі ў крыніцу, па той канаве, з якое ён увайшоў у возера. Толькі адтуль і можна было сплавіць крыху дрэў.

Пасля агляду стары бабёр ужо ведаў, што ў возеры нямала жыве андатры.

Стары бабёр пакарміўся карэннем рагозу, травы, перачакаў, пакуль доўга — аж за абед пераваліла — купалася чародка хлапчукоў і купала прыведзенага з імі белага сабачку, які баяўся вады і адчайна, колькі ставала сілы, звінеў брэхам. Потым прыехаў на матацыкле чалавек і доўга хадзіў па грэблі, шлёгаў спінінгам па вадзе.

Гэты плёскат, шум, брэх, якія так моцна ішлі па вадзе, былі чутны з вёскі, турбавалі старога бабра, не давалі яму супакоіцца. Хаця і пакарміўся, выплаваўся ў вадзе, крыху адпачыў, ён адчуваў сябе тут усё ж няўтульна ў гэтым шумным суседстве.

Пасля абеду стары бабёр перайшоў грэблю і падаўся далей па крыніцы. Яна была яшчэ шырэйшая, пахла халодным, крынічным, жалезнаю рудою. Потым павузела, пацякла новаю вузкаватаю канаваю, над якой раслі роўныя і стройныя алешыны. Тут было далей ад вёскі, ціха, з аднаго боку ішло поле, з другога была пасеяна трава.

Стары бабёр спяшаўся ўслед за вадою. Яна нечакана вывела яго да лагчыны, парослай кустамі лазняку. У гэтай лагчыне і канчалася крыніца. За лагчынаю яна ручайком упадала ў роўна выкапаную, ужо старую, парослую па берагах лебядою і высокім, аж чырванаватым, драсёнам канаву.

Над самаю вадою ў канаве густа сышлася трава. Стары бабёр пайшоў услед і за гэтаю вадою. Па дарозе ён спалохаў чародку курапатак, якія карміліся ў зарасніках лебяды, крапівы і драсёну.

Па гэтай канаве стары бабёр дайшоў да большае, з зарослымі травою берагамі. Трава на берагах была акуратна скошана. Канава была крышку шырэйшая, у ёй можна было і плысці, таму стары бабёр апусціўся ў ваду і паплыў насустрач халоднай плыні.



Выйшаў ён з канавы на бераг там, дзе агледзеў купчастыя зараснікі лазняку. Там ён знайшоў на запруджанай паводкаю канаве многа трыснягу, рагозніку і травы. Непадалёку дзічалі некалішнія кар'еры, у якіх капалі торф.

На гэтай канаве і пераначаваў стары бабёр. Назаўтра ён яшчэ раз абышоў і абгледзеў усё навокал, пасля гэтага сабраўся і тою ж самаю дарогаю пайшоў назад... Вярнуўся дадому і прывёў сюды маладых баброў.




База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка