Урок беларускай мовы 5 класс Настаўнік – Гірнік Т. В



Дата канвертавання22.07.2016
Памер66.86 Kb.
ТыпУрок
Урок беларускай мовы

5 класс

Настаўнік – Гірнік Т.В.

Тэма: Хвіліна памяці. Правапіс у, ў
Мэта: узнавіць і пашырыць веды пра напісанне у, ў, удасканальваць навыкі вымаўлення і засваення правапісу ў, развіваць уменні і навыкі перакладу з рускай мовы на беларускую, садзейнічаць пашырэнню лексічнага запасу школьнікаў; спрыяць фарміраванню цікавасці да гістарычных падзей Вялікай Айчыннай вайны, павагі да ўдзельнікаў тых падзей
Абсталяванне: Вайсюковіч Л.С. і інш. Беларуская мова: падручнік для 4-га кл. – Мн.: Навук. Метад. цэнтр вучэб. кн. і сродкаў навучання, 2002.

Карткі-заданні. Тэкст “Хвіліна памяці”. Музычны цэнтр. Запіс песні “Тучи в голубом”. Апорная схема “Правапіс ў (нескладовага)”. Мультымедыйны праектар.


Ход урока
І. Арганізацыйны момант
ІІ. Актуалізацыя ведаў
1. Настаўнік: Праслухайце тэкст “Хвіліна памяці”(у кожнага вучня на стале таксама ляжыць экземпляр), звярніце ўвагу на фотаздымкі, што дэманструюцца на мультымедыапраектары
Хвіліна памяці
Хвіліна памяці. У гэту хвіліну ўспамінаюць пра тых, хто ваяваў, каго ўжо няма. Людзі ідуць з кветкамі да помнікаў героям, ушаноўваюць іх памяць.

Ветэраны ў гэту хвіліну ўспамінаюць перажытае. Перад іх вачамі ўсплывае той далёкі першы бой, атакі, твары таварышаў. Тых, хто, не шкадуючы ўласнага жыцця, ратаваў нашу Айчыну.

Хвіліна маўчання. Цішыня. Хвіліна памяці. Кожны з вас, відаць, таксама думае. Ці ўсё зрабілі, каб акружыць ветэранаў увагай? Як дапамагаеце ім? Што ведаеце пра баявыя ўзнагароды?

(Паводле Т. Курылы)


Настаўнік: Звярніце ўвагу на тэму сённяшняга ўрока. Як вы лічыце, пра што пойдзе гаворка на ўроку, чаму?

  • Калі праходзіць хвіліна памяці, хвіліна маўчання ў нашай краіне?

  • Пра каго ўспамінаюць ў гэты момант?

  • Як вы разумееце выраз: перад вачамі ўсплывае першы бой?

  • Вызначце тэму і асноўную думку.

2. Індывідуальная работа па картках
Картка 1


  1. Устаўце прапушчаныя літары:

Літ...ратура, д...таль, г...луб, маэстр..., н...жніцы, узг...рак, задр...маць, д...легат, с...кратар, шч...бятаць, ч...рнавік, ч...мпіён, ш...сцёра, бл...ха, кр...ві.

2. З любым словам складзіце сказ, ускладнены аднароднымі азначэннямі
Картка 2


  1. Устаўце прапушчаныя літары:

Бр...зент, лод...р, поч...рк, ж...тон, л...жка, ш...вяліцца, ч...снок, сагр...ваць, сч...рсцвець, ябл...ня, майст...р, гл...ток, пр...дпрыемства, ...пітэт, ц...на, ж...мчужына.

  1. З трыма любымі словамі складзіце словазлучэнні


Картка 3


  1. Устаўце прапушчаныя літары:

Перапі...чык, мые...ся, на пе...цы, ...часце, пя...чота. пя...чаны, прабе...чыся. рэкар...смен, лё...ка, мя...ка, надвор...е, двух...ярусны, кал...е, с...цяг, ледз...ве.

2. З любым словам складзіце сказ, ускладнены аднароднымі выказнікамі
Картка 4

( Моцнаму вучню або вучню, які рыхтуецца да алімпіяды)



Затранскрыбіруйце першы абзац тэкста “Хвіліна памяці”, знайдзіце і падкрэсліце несупадзенні ў вымаўленні і напісанні
3. Калектыўная работа

Настаўнік: Выпішыце з 1 абзаца словы, у якіх літары е, ё, ю, я, і абазначаюць 2гукі. Калі яшчэ гэтыя галосныя абазначаюць 2 гукі?


  1. Тэарэтычная хвіліна

Настаўнік: растлумачце паняцці, запісаныя на дошцы, і прывядзіце прыклады на гэтыя правілы

АКАННЕ, ЯКАННЕ, ДЗЕКАННЕ, ЦЕКАННЕ, РАЗДЗЯЛЯЛЬНЫ МЯККІ ЗНАК, ЗМЯКЧАЛЬНЫ МЯККІ ЗНАК, АПОСТРАФ, СУСЕДНЯЯ МЯККАСЦЬ

ІІІ. Работа па тэме ўрока
1. Настаўнік: Звярніце ўвагу на словы, якія запісаны на дошцы і вызначце, што іх аб’ядноўвае.
У, хвіліну, ваяваў, ушаноўваць, таварышаў
Настаўнік: Сёння нам небходна ўспомніць усё, што мы ведаем пра правапіс у, ў, а таксама паглыбіць гэтыя веды.

  • Чым адрозніваецца у і ў? (У – галосны, ў – зычны)

  • Калі пішацца у,ў?

  • Растлумачце правапіс у, ў у 1 сказе 2 абзаца.


2. ФІЗКУЛЬТХВІЛІНКА

Вучні ўстаюць і, пляскаючы ў далоні і тупаючы ў такт нагамі,

спяваюць:

Мы любім Радзіму Беларусь –

Гэта цудоўны, чароўны край!

Гасцінная, шчырая Белая Русь!

Мы любім цябе, тут сапраўдны рай!

Мы ўсе БЕ-ЛА-РУ-СЫ!

Мы ўсе БЕ-ЛА-РУ-СЫ!
3. Настаўнік: Самастойна пазнаёмцеся з артыкулам падручніка на стар. 208 і вусна растлумачце правапіс у, ў у сказах, запісаных на дошцы
На (У,Ў)краіне ішлі цяжкія баі. З па(у)днёва-(у,ў)сходняй граніцы наступалі немцы. Але нашы са(ў,л)даты-(у,ў)дальцы не адступалі. Іх гучнае “(ў,у)ра” страсянула паветра, і байцы кінуліся наперад.
Настаўнік: Якія словы, на вашу думку, не будуць падпарадкоўвацца агульнаму правілу напісання ў,у?

Прачытайце артыкул падручніка на ст.209, звяртаючы ўвагу на правапіс у,ў у запазычаных словах.




  1. Работа са слоўнікам

Настаўнік: Запішыце ў слоўнік (вядзе кожны вучань) словы-выключэнні
НАКАЎТ, ПАЛКОЎНІК, САЛДАТ, БАЛКОН, БАЛТЫКА
5. Настаўнік: Разгледзьце апорную схему (у кожнага вучня ляжыць на стале) і зрабіце вывады з усяго, што мы сказалі.


IV. Замацаванне


  1. Калектыўная работа

Настаўнік: Змяніце словы так, каб замест в, л, у пісалася ў:

З увагай –

Трава –

Спявала –



  • Запішыце фанетычную транскрыпцыю слова спявала, назавіце несупадзенне ў напісанні і вымаўленні.




  1. Работа ў парах.

Настаўнік: Выканайце заданні міні-тэста, адказы запішыце ў сшытак (глядзі дадатак). Пасля таго, як выканаеце заданне, праверце сябе (адказы знходзяцца ў канвертах)


  1. Музычная паўза (гімнастыка для вачэй)

Настаўнік: Якія песні пра вайну вы ведаеце? Праслухайце песню “Тучи в голубом” у выкананні Хрысціны Арбакайтэ

  • Перакладзіце на беларускую мову ўрывак з песні, растлумачце правапіс у, ў.


А в гимнастёрке на снимке ты обнимаешь меня. – А ў гімнасцёрцы на здымку ты абдымаеш мяне.
V. Слоўнікавая хвіліна
Настаўнік: Запішыце словы пад дыктоўку, растлумачце іх правапіс, з апошнім словам вусна складзіце сказ.
Вакуум, ва універсаме, доўгі, за Уралам, маўзалей, натарыус, чыталі газету “Звязда” ўслых, радасна-ўзнёслы.
VІ. Падвядзенне вынікаў урока

Настаўнік аналізуе і ацэньвае работу вучняў на ўроку


VІІ. Рэфлексія

Настаўнік: Яшчэ раз успомніце пра радасна-ўзнёслы дзень для нашай краіны, калі ўшаноўваецца памяць тых, хто змагаўся за Радзіму ў часы Вялікай Айчыннай вайны. (Вучні расказваюць пра сваіх родных, чытаюць вершы і сачыненні, прысвечаныя прадзедам, якія прымалі ўдзел у вайне)
VІІІ. Дамашняе заданне

&46, работа з тэкстам “Хвіліна памяці”: зрабіць сінтаксічны разбор сказа, фанетычны разбор слова, растлумачыць правапіс у, ў у 2, 3 абзацах.


Месца правядзення: 5 клас

Тып урока:вывучэнне новага матэрыялу

Аб’ект працы: правапіс у, ў

Тэма: Хвіліна памяці. Правапіс у, ў
Дадзеная тэма ўваходзіць у раздзел “Фанетыка і арфаэпія. Графіка і арфаграфія”. Гэты ўрок будзе спрыяць не толькі развіццю арфаграфічных навыкаў вучняў, але і садзейнічаць фарміраванню іх патрыятычных пачуццяў.

Выбар мэт абумоўлены праграмным зместам прадмета, узроўнем падрыхтаванасці вучняў, перспектыўнасцю іх асобаснага развіцця. Мэты ўрока ўключаюць:



  • Узнаўленне і пашырэнневедаў пра напісанне у, ў;

  • Удасканальванне навыкаў вымаўлення і засваення правапісу ў;

  • Развіццё ўменняў і навыкаў перакладу з рускай мовы на беларускую;

  • садзеянне пашырэнню лексічнага запасу школьнікаў;

  • спрыянне фарміраванню цікавасці да гістарычных падзей Вялікай Айчыннай вайны, павагі да ўдзельнікаў тых падзей.

Дасягненне пастаўленых мэт магчыма пры рэалізацыі ў змесце ўрока ідэй, якія вызначаюць стратэгічныя арыенціры на ўвесь перыяд вывучэння прадмета.

Камбінаваная форма правядзення ўрока намі абрана невыпадкова. Калектыўная і індывідуальная праца, работа ў парах – усё гэта дапаможа вучню асэнсавана ўспрыняць вучэбны матэрыял, які яму спатрэбіцца пры здачы выпускных экзаменаў і ЦТ.

Работа з тэкстам “Хвіліна памяці” ў пачатку ўрока дапаможа вучням узнавіць тэарэтычныя веды па літаратуры пра тэму і ідэю.

Акрамя таго, на ўроку шмат выхаваўчых момантаў: змест тэксту “Хвіліна памяці”, фотаздымкі і падабраныя сказы на тэму Вялікай Айчыннай вайны, творчыя работы дзяцей, прысвечаныя прадзедам, якія прымалі ўдзел у вайне. Гэта дапамагае развіваць вучняў рознабакова, што з’яўляецца адным з асноўных прынцыпаў адукацыі.

Неабходны для засваення матэрыял падаецца ў лагічнай паслядоўнасці і замацоўваецца практычнымі заданнямі.

Структура ўрока падпарадкавана асноўным мэтам і зместу ўрока. Яна ўключае:



  • этап арганізацыі пачатку заняткаў;

  • этап арганізацыі суб’ектыўнага вопыту вучняў;

  • асноўны этап;

  • этап падвядзення вынікаў;

  • этап рэфлексіі;

  • этап дамашняга задання.





База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка