Урок другі: правапіс літары ё



Дата канвертавання14.06.2016
Памер27.33 Kb.
За што літара Ё ўганаравана помнікам, ці Урок другі: правапіс літары ё

18.04.2009



Літара ё ў беларускай мове мае вызначанае месца ў алфавіце і паслядоўныя правілы напісання.
Калі параўнаць выкарыстанне яе ў іншых мовах, то адкрыецца шмат цікавых фактаў. Напрыклад, у рускай мове, з якой ё прыйшло ў беларускую азбуку, разнабой у напісанні яе прывёў да некаторых казусаў. Гэтаму віной з’явілася даволі маруднае і да канца не прынятае ўключэнне ў правапісную рускамоўную практыку літары ё. Лічыцца, што яна не зусім прыдатная да скорапісу: пісаць без адрыву пяра ад паперы. Існавалі і тэхнічныя цяжкасці ў дакамп’ютарным друку. Традыцыйная неабавязковасць напісання спарадзіла шмат памылковых прачытанняў уласных і агульных імёнаў. Калі б было трывалае правіла, то на сёння мы маглі б мець іншае напісанне і прачытанне вядомых прозвішчаў. Напрыклад, кардынала Рышэльё (рус. Ришельё, фр. Richelieu), філосафа і пісьменніка Мантэскьё ( рус. Монтескьё, фр. Montesquieu), фізіка Ронтгена (рус. Рёнтгена, нем. Wilhelm Conrad Rontgen), мікрабіёлага і хіміка Луі Пастора (рус. Пастёра, фр. Pasteur), мастака і філосафа М. Рорыха (рус. Н. Рёриха, у перакладзе са старажытнаскандынаўскай: славай (Ro) багаты (Rich), англійскага палітыка Чорчыля (рус. Чёрчилля, англ. Churchill), аўстрыйскага фізіка Шродынгера (рус. Шрёдингера, нем. Schrodinger) і інш. Часам неадназначнасць прыводзіць да таго, што літару ё выкарыстоўваюць у словах, у якіх яе не павінна быць: афёра замест афера, грэнадзёр замест грэнадзер, у рускай мове — “бытиё” замест “бытие”, “опёка” замест “опека”.
Такая сітуацыя не магла не раздражняць розных людзей у розныя часы. Вядома, што да ўпарадкавання напісання літары ё прыклаў руку І.В.Сталін, і да канца яго жыцця пазначэнне ё больш менш вытрымлівалася. 24 снежня 1942 года загадам народнага камісара асветы ўведзена абавязковае выкарыстанне літары ё. Ужо ў наш час 3 мая 2007 года выйшла пастанова Міністэрства адукацыі РФ, якая прадпісвае абавязкова выкарыстоўваць літару ё ў імёнах уласных.
Можна было б не праводзіць аналогіі з рускім правапісам, каб не адна акалічнасць. Шматлікія імёны ўласныя засвойваюцца намі ва ўмовах білінгвізму. Гэта, хочаш не хочаш, накладае пэўны адбітак на напісанне і беларускіх слоў. Відавочна толькі адно: у адрозненне ад рускай у беларускай мове ё заўсёды пазначаецца. І калі рускія настаўнікі пазначэнне ё ў не акрэсленых правіламі 1956 года выпадках не лічаць за памылку, то для нашых вучняў будзе лічыцца памылкай, калі яны не пазначаць ё.
Чаму рускія так абыякава ставяцца да лёсу гэтай пакутнай літары? Адказ можна знайсці, калі ўзгадаць, што распаўсюджанню літары ё яшчэ ў XVIII—XIX стагоддзях перашкаджала стаўленне да “ёкаючага” вымаўлення як да мяшчанскага, маўлення “подлай чэрні”, тады як “царкоўнае”, “екаючае” вымаўленне лічылася культурным, прыстойным і  інтэлігентным. Гэта становіцца зразумелым, калі ўзгадаць пра дамінуючую кніжна-пісьмовую традыцыю фарміравання рускай літаратурнай мовы. Нават у нашы дні яна ў своеасаблівым выгнанні: у гэтым пераконваемся, калі глянем на камп’ютарную клавіятуру IBM/Windows. Па сёння існуе думка пра нікчэмнасць у рускай азбуцы гэтай літары. Аднак гісторыя ўзнікнення самой літары даволі цікавая, і нездарма 4 верасня 2005 года ў гонар 160-годдзя ўстаноўкі манумента Мікалаю Карамзіну адбылося адкрыццё помніка літары ё. Дарэчы, 29 лістапада з’яўляецца Днём літары ё.
У новай рэдакцыі “Правіл беларускай арфаграфіі і пунктуацыі” напісанне літары ё амаль не памянялася: літара ё пішацца пад націскам: лёс, вёска, сёстры, цёмны, цёплы. Заўважым, што ў адрозненне ад правіла напісання о апушчана слова “толькі”: літара о пішацца толькі пад націскам. Параўнаем запіс 1959 года: літары о, ё пішуцца, як правіла, толькі пад націскам. Бачым, што сэнсавая нагрузка прыпадае на пабочнае словазлучэнне як правіла, што, аднак, не зусім суадносіцца са значэннем слова толькі. Можам меркаваць: такім чынам распрацоўшчыкі хацелі знайсці выйсце з даволі пікантнай сітуацыі, калі значэнне часціцы толькі ў сэнсе ‘абмежавальнае выдзяленне з мноства’, ‘выключна’ не зусім спалучаецца з як правіла.
У новай рэдакцыі правапіс літар о і ё размеркаваны па розных пунктах. У напісанні літары о ў простых словах выключэнне ліквідавана, а пры напісанні літары ё яно захоўваецца: Літара ё пішацца не пад націскам у словах з коранем ёд- і ёт-: ёдапірын, ётацыя, ётаванне. Працягнем гэты невялікі пералік: ёдзісты, ёдзінол, ёданат, ёдны, ёдаформ, ёда- (дэфіцыт, прафілактыка і інш.), ёдзіраваны, ёдаформны, калія ёдзід, ёдапірон, ёдызм, ёдыпамід, ёціраваць, ётаваны. Ёсць яшчэ слова, якое падлягае выключэнню: ёркшырскі.
: doc -> pravapis
pravapis -> Каламутны Ліверпуль, ці Правапіс суфіксаў у розных часцінах мовы
pravapis -> Дырэктар школы В. Ф. Чорба " " 2010г
pravapis -> Ці ёсць ніобій у Эфіопіі?
pravapis -> Урок трэці: правапіс радыё- і радые-/я- ў складаных словах
pravapis -> Чакае ралля насення, ці Падоўжаныя і падвоеныя зычныя
pravapis -> То ў стане, то ў працэсе, ці Правапіс літары й перад суфіксам -ва
pravapis -> Імчаць, ірдзець, ільсніцца
pravapis -> Не зыходзь з дэзы, сыходзь з ганка, ці Правапіс прыставак на з-, с
pravapis -> Дінамо”?! ці Правапіс Д, т І дз, Ц
pravapis -> Мэлс, рэм І фэд, ці Правапіс абрэвіятур 10. 10. 2009




База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка