Урок-казка па тэме "Даданыя члены сказа: дапаўненне, азначэнне, акалічнасць"



Дата канвертавання17.05.2016
Памер386.71 Kb.
ТыпУрок
Раздзел 2. Нетрадыцыйныя формы ўрокаў
2.1. Урок-казка па тэме “Даданыя члены сказа: дапаўненне, азначэнне,

акалічнасць” у 5-ым класе з прымяненнем тэхналогіі блокавай падачы

новага матэрыялу

Мэта. Паглыбіць веды вучняў аб даданых членах сказа. Даць паняцце аб дапаўненні, азначэнні i акалічнасці. Выпрацоўваць уменне вызначаць i адрозніваць галоўныя i даданыя члены сказа. (На першым уроку не акцэнтаваць увагу вучняў на вызначэнне часцін мовы, якімі выражаюцца даданыя члены.) Прывіваць цікавасць да чытання лінгвістычных казак. Выхоўваць моўны этыкет у школьнікаў пры знаёмстве i гутарцы.

Абсталяванне да ўрока. Лялька, апорныя схемы-партрэты казачных герояў, карткі з запісанымі сказамі, падручнік.

Змест урока

1. Запісаць на дошцы i ў сшытках дату i тэму ўрока. Правесці сціслы аналіз тэмы.

2. Прыкладны аповед настаўнікам лінгвістычнай казкі "Сон у руку, або Падарожжа хлопчыка Алеся па чароўным касмічным горадзе Сінтаксісу i Пунктуацыі".

Настаўнік. Мне думаецца, што няма на зямлі такога хлопчыка ці дзяўчынкі, якія не любілі б слухаць ці чытаць казкі. А вы, дзеці, напэўна, таксама любіце казкі?

Вучні. Так. Любім.

Настаўнік. Сённяшнюю тэму "Даданыя члены сказа" дапаможа вам зразумець... казка. Так, казка "Сон у руку, або Падарожжа хлопчыка Алеся па чароўным касмічным горадзе Сінтаксісу i Пунктуацыі". Сядайце больш зручна i слухайце ўважліва:

Жыў- быў на свеце звычайны хлопчык Алесь. (Настаўнік паказвае вучням хлопчыка-ляльку.) Слухаў i паважаў ён старэйшых, ніколі не крыўдзіў малодшых. Вучыўся Алесь, як i вы, у пятым класе. І, трэба сказаць, што вучыўся ён толькі на "дзевяць" i "дзесяць". А ўрокі беларускай мовы i літаратуры сталі яго самымі любімымі школьнымі прадметамі. Як i ўсе хлопчыкі, Алесь марыў стаць касманаўтам, такім, як Юрый Гагарын цi Пётр Клімук. Адным словам, добры, працавіты быў хлопчык.

Аднойчы Алесю не пашанцавала. Захварэў ён i чатыры дні запар не хадзіў у школу. Вядома, i тлумачэнне новых тэм, якія вывучаліся на ўроках, прапусцiў. Няёмка было хлопчыку ў першы дзень пасля хваробы сядзець у класе. На ўроку беларускай мовы ўжо замацоўвалі тэму "Даданыя члены сказа", а бедны Алесь ніяк не мог зразумець: што такое дапаўненне, азначэнне, акалічнасць? Чым яны адрозніваюцца адзін ад аднаго i ад галоўных членаў сказа? Як ix трэба падкрэсліваць?

Прыйшоу хлопчык дамоў. Вырашыў самастойна разабрацца ў гэтых незразумелых даданых членах сказа. Тым больш, што i дамашняе практыкаванне было, дзе патрэбна падкрэсліць граматычную аснову, дапаўненне, азначэнне i акалічнасць. Алесь доўга карпеў над заданнем, але ўсё дарэмна -- нічога не зразумеў нават тады, калі прачытаў у падручніку правіла. Так i заснуў за сталом.

...Сніцца Алесю дзіўны сон. Быццам адарваўся ён ад зямлі i паляцеў у касмічныя прасторы. Доўга ляцеў цi коратка, але нарэшце трaпiў у чароўны горад Ciнтaксicy i Пунктуацыі. (Настаўнік паказвае загадзя прымацаваны на дошцы малюнак чароўнага касмічнага горада.) Апусціўся хлопчык на блакітную духмяную траву, прайшоў трошкі i ўбачыў прыгожыя маленькія домікі, замкі, вуліцы i... pyжовыя дрэвы... На вуліцах чароўнага горада весела гулялі ўжо добра знаёмыя Алесю асобы -- тонкія коскі, напышчаныя кропкі, задуменныя пытальнікі, словазлучэнні, у маленькіх празрыстых талерках ляталі ганарлівыя клічнікi, a тpoxi воддаль, у невялікай жоўтай рэчцы, купаліся працяжнікі.

Павольна ідзе Алесь далей, хаця ногі i не вельмі слухаюцца яго -- нейкія цяжкія, быццам свінцом налітыя. Падышоў хлопчык бліжэй да прыгожых будынкаў. Бачыць -- на кожным доміку, над дзвярамі, прымацаваны невялікія шыльдачкі -- i, што дзіўна, напісаныя па-беларуску: "Словазлучэнне", "Апавядальны Сказ", "Пытальны Сказ", “Галоўныя члены Сказа", "Сказы з аднароднымі членамі", "Зваротак", "Складаны Сказ"...

Ідзе так дапытлівы зямлянін, усё разглядвае, усяму незвычайнаму дзівіцца, а ногі быццам нехта падганяе. Бачыць Алесь -- тpoxi ўправа ад сцежкі яшчэ адзін прыгожанькі домік, а над дзвярыма зноў шыльдачка "Даданыя члены Сказа".

"Вось, - думае хлопчык, - мне якраз сюды i трэба зайсці пазнаёміцца з жыхарамі гэтага казачнага доміка".

Асцярожна адчыніў дзверы, зайшоў у прыгожы ізумрудны калідор. Там яшчэ трое чорных бліскучых дзвярэй. I на ўcix прымацаваны такія ж маленькія шыльдачкі, на якіх напісана: "Дапаўненне", "Азначэнне" i "Акалічнасць". (Настаўнік паказвае малюнак калідора.) Нясмела пастукаў Алесь у першыя дзверы, нават сэрца затухкала ад хвалявання.

- Хто там сту-ка-е? За-ходзь-це, калі лас-ка! - пачуўся з-за дзвярэй незямны голас, а неўзабаве выйшаў i сам невялічкі зорны гаспадар. (Настаўнік паказвае схему-партрэт казачнага Дапаўнення.)




На галаве ў чалавечка Алесь убачыў нейкія дзіўныя антэны. Апрануты ён у звышмодную кашулю з загадкавымі літарамі, словамі i з вышытымі лініямі ў выглядзе рысак.

- Добры дзень, паважанае Дапаўненне!

- Доб-ры дзень, хлоп-чык!

- Прабачце, калі ласка, што турбую, але я прыйшоў пазнаёміцца з Вамі.

- Доб-ра. Зна-ё-міц-ца з вет-лі-вы-мі зям-ля-на-мi я люблю.

Алесь коратка расказаў пра сябе, пра свае школьныя справы i, безумоўна, пра нядаўнія не-прыемнасці. А потым загаварыў, нібыта робат, і сам зорны чалавечак Дапаўненне.

- Завуць мяне, дарагі дружа, сапраўды, Дапаўненне. У свайго бацькі Сказа я старэйшы сярод сыноў -- даданых членаў. Заўсёды дапамагаю свайму бацьку паясняць галоўныя або іншыя даданыя члены. Абазначаю прадмет i адказваю на пытанні ўскосных склонаў.

- Ведаю, ведаю я гэтыя пытанні! - усклікнуў Алесь.



Настаўнік. А вы, дзеці, ведаеце пытанні ўскосных склонаў? Успомніце i назавіце ix. (Потым увага вучняў звяртаецца на надпісы на кашулі Дапаўнення.)

Вось так пазнаёміўся Алесь з дапаўненнем. Затым хлопчыкі пачалі гуляць у гульню "Жмуркі". Зорны чалавечак Дапаўненне лёгка ператварыўся ў словы i хаваўся ў розныя сказы, а Алесь старанна яго шукаў.



Настаўнік. Давайце, сябры, i мы дапаможам Алесю адшукаць Дапаўненне. Вазьміце, калі ласка, картку № 1, якая ляжыць на вашых сталах. (У першым сказе з каментарыем, а ў астатніх самастойна вучні вызначаюць i падкрэсліваюць граматычную аснову i дапаўненні).

Прыкладны змест карткі

1. Зоры асвятлялі дом, двор, сад за агароджай (М.Лужанін).

2. Полем, лесам, пералескамі, па зямлі, вясной абуджанай, красавік ідзе з пралескамі па праталінах i лужынках (С.Шушкевіч).

3. Вясёлае веснавое сонейка прасвечвалася праз галінкі дрэў i цешыла i расліну, i птушку, i ваду... (Я.Маўр).

Цёпла развітаўся Алесь з цікавым суразмоўнікам Дапаўненнем i падышоў да дзвярэй другога пакоя, каб пазнаёміцца з Азначэннем.

Чорныя дзверы былі прыадчынены, i хлопчык з хваляваннем зазірнуў у пакой. Сярод светлага пакоя стаяў невялікі чалавечак, які, відаць, любаваўся толькі што закончаным малюнкам. (Настаўнік паказвае схему-партрэт казачнага Азначэння.)



Дзіўны чалавечак знешне нічым не адрозніваўся ад Дапаўнення, толькі на галаве былі антэны іншай канструкцыі, ды i звышмодная кашуля таксама выглядала інакш.



Настаўнік. А якія яшчэ вы бачыце адрозненні? (Устанаўліваецца, што на кашулі Азначэння напісаны іншыя пытанні, на якія яно адказвае; на гэты раз вышыты хвалістыя лініі.)

- Добры дзень, паважанае Азначэнне! - першым парушыў цішыню Алесь.

- Доб-ры дзень, хлоп-чык! - крыху здзіўлена адказаў зорны чалавечак.

- Цi можна з Baмi, Азначэнне, пазнаёміцца?

- Так. Мож-на. Я люб-лю зна-ё-міц-ца з та-кi-мi вет-лі-вы-мі хлоп-чы-ка-мі".

Спачатку Алесь паведаў пра сябе, свае непрыемнасці i пра знаёмства з цікавым Дапаўненнем. А потым пачало расказваць i Азначэнне:

- Я сярэдні сын бацькі Сказа. Абазначаю прымету прадмета i адказваю на пытанні які? чый? Напрыклад, малюнак які? Прыгожы, акуратны. Малюнак чый? Азначэннеў, Алесеў. -- 3 прыветнай усмешкай працягнула Азначэнне зямляніну свой малюнак. - А яшчэ я ўмею лёгка ператварацца, як i ўсе мае браты, у словы. Вось, здаецца, i ўсё. Цi запомніў ты, Алесь?

- Так. Запомніў, - упэўнена адказвае хлопчык.

- А зараз пагуляем у цікавую i займальную гульню, - прапанавала Азначэнне. - Я буду называць словы-прадметы, а ты падбіраць да ix словы-азначэнні.

3 радасцю згадзіўся Алесь на гэтую прапанову.



Настаўнік. Давайце i мы, сябры, таксама пагуляем у гэтую гульню. Падбярэм да слоў-прадметаў як мага больш азначэнняў.

Настаўнік звяртае ўвагу вучняў на загадзя напісаную на дошцы табліцу. Выглядае яна прык-ладна так:



Словы-прадметы Які? Чый? (чыя? чыё?)

Партфель


Мяч

Maцi


Песня

Кіно


Метро

Развітаўся Алесь з Азначэннем, як з сябрам. Не паспеў хлопчык адысці ад дзвярэй, як на нешта наткнуўся.

- Ой-ё-ёй!

- Прабачце, паважаны!?

- А-ка-ліч-насцю мя-не за-вуць!

- Прабачце, кaлi ласка, паважаны чалавечак Акалічнасць.

(Настаўнік дэманструе схему-партрэт Акалічнасці).

На яго галаве таксама, як ў Дапаўнення i Азначэння, дзіўныя антэны, надзета звышмодная кашуля. Праўда, на ёй напісаны ўжо іншыя словы-пытанні, не такая была i вышыўка - пункцірныя лініі.

- Хто ты та-кi? Што po-біш у нашым до-мi-кy? -задзірліва запытала Акалічнасць.

Алесь адказаў на пытанні зорнага чалавечка. А потым Акалічнасць таксама расказала пра сябе:

- Я ў бацькі Сказа самы малодшы. У любы момант дапамагаю яму паясняць галоўныя, а то i cвaix старэйшых братоў даданых членаў. Люблю абазначаць у Сказе месца, час, спосаб дзеяння i адказваю на пытанні дзе? куды? адкуль? калі?

Потым Акалічнасць таксама прапанавала Алесю пагуляць у займальную гульню -- пры дапамозе дадзеных пытанняў уставіць у сказах замест кропак акалічнасці.



Настаўнік. Мы таксама пагуляем у гэтую гульню. (Вучні бяруць картку № 2 i дапісваюць акалічнасці).

Прыкладны змест карткі

1. (Адкуль?) ........ (як?) ......... прабіваўся тужлівы бляск месяца.

2. Туман высцілаўся (дзе?)........(як?)........

3. Ляцяць (куды?).............журавы над пожняй.

Сумна стала Алесю i Акалічнасці гуляць удваіх. Вырашылі сябры паклікаць на вуліцу яшчэ Дапаўненне, Азначэнне, Дзейнік i Выказнік.

Пачалася цікавая гульня ў жмуркі. Першым давялося жмурыць Алесю. Усе галоўныя i даданыя члены хуценька ператвараліся ў словы i складалі самыя розныя сказы.

Нечакана нешта зарыпела, замяўкала. Алесь расплюшчыў вочы. На стале сядзеў xaтнi шэранькі каток Васька i старанна мыўся. Хлопчык усміхнуўся яму, а потым смела пачаў выконваць дамашняе практыкаванне.

На другі дзень Алесь атрымаў на ўроку 10 балаў, i дапамог яму ў гэтым фантастычны, дзіўны сон.



Настаўнік. Адгорнем i мы падручнік i выканаем часткова гэтае практыкаванне. (Пажадана з каментарыем вучняў.)
2.2. Урок – КВіЗ (Клуб вясёлых і знаходлівых) па тэме “Фразеалагізмы”

ў 5-ым класе. Абагульняльныя заняткі

Важнейшай задачай для настаўніка-славесніка з'яўляецца выхаванне ў школьнікаў любові i цікавасці да моўнага багацця свайго народа. У гэтай справе шмат шляхоў. Аднак для прыкладу прывядзём адзін з урокаў. Мэта яго -- замацаваць i паглыбіць веды вучняў па тэме «Фразеалагізмы», удасканальваць уменне заўважаць i вылучаць устойлівыя спалучэнні слоў у кантэксце, тлумачыць лексічнае значэнне, рабіць супастаўляльны пераклад беларускіх i рускіх фразеалагічных зваротаў, падбіраць да слоў i словазлучэнняў сінанімічныя i антанімічныя фразеалагізмы. Пажадана не выпускаць з поля зроку i паходжанне некаторых устойлівых спалучэнняў слоў. Выхоўваць у школьнікаў калектыўны пошук трапнага адказу, кемлівасць, знаходлівасць, гумар i артыстызм.



Эпіграфам да ўрока можна ўзяць такія цудоўныя словы:

Iльняная i жытнёвая. Сялянская.

Баравая ў казачнай красе.

Старажытная. I самая славянская,

Светлая, як травы ў расе.

Вобразная, вольная, пявучая.

Мова беларуская мая!

П. Панчанка

Урок прапануем пачаць з чытання на памяць верша Пімена Панчанкі «Беларуская мова» або Петруся Бpoўкi «Багата, родная ты мова» на фоне беларускай народнай мелодыі (на выбар настаўніка), якая гучыць у запісу.

Затым настаўнік скажа, што пісьменнікі, фалькларысты, лінгвісты слушна называюць фразеалагізмы самародкамі i самацветамі роднай мовы, залацінкамі народнай мудрасці. А таму ix трэба ўжываць у мове ўмела i дарэчы. Для таго, каб пераканацца, што мы правільна выкарыстоўваем моўнае багацце, правядзем урок-КВі3.

Пасля арганізацыйнага моманту (выбары капітанаў каманд, членаў журы) прапануем вучням конкурс-размінку «Ці ведаеце вы?». Кожная каманда павінна растлумачыць значэнне пяці фразеалагізмаў:

адкрыць Амерыку (сказацъ пра даўно ўciм вядомае);

белая варона (чалавек, які выдзяляецца паводзінамі ці знешнасцю сярод іншых людзей);

матаць на вус (брацъ пад увагу, прыкмячацъ, запамінацъ што-небудзь);

не спускаць вока (пільна сачыць за чым-небудзъ);

на сёмым небе (бязмерна шчаслівы, вельмі задаволены чымсьці);

настройваць лыжы (ісці, ехацъ, накіроўвацца кудысьці);

віламі па вадзе пісана (невядома яшчэ, ці ажыццявіцца штосъці; пра няпэўнае);

на шыі сядзець (жыцъ за кошт каго-небудзь);

макам сыпаць (выказваць асаблівую прыхілънасцъ, увагу, хваліць каго-небудзъ);

шпільку падпускаць (гаварыцъ колка, намякацъ на штосъці непрыемнае).

Зразумела, што пасля кожнага конкурсу журы падводзіць вынікі.



Настаўнік. Вы з папярэдніх урокаў ведаеце, што многія спалучэнні слоў могуць быць устойлівымі i вольнымі. Напрыклад, у сказе: «Васілёк свайму таварышу падаў руку» ўсе словы ў словазлучэнні падаў руку мы разумеем: Васілёк павітаўся пры сустрэчы. 3yciм іншае назіраем у сказе: «Да лесу было рукой падаць». Кожны здагадаўся, што тут ідзе гаворка не пра прывітанне, а пра адлегласць.

Я буду называць спалучэнні слоў. Першая каманда прыдумвае сказ так, каб гэтае спалучэнне было ўжыта ў прамым сэнсе, другая — у ролі фразеалагізма. Пасля пяці прыкладаў каманды мяняюцца заданнямі:

1. Закінуць вуды,

стаяць на шляху,

вырваць з коранем,

прыкусіў язык,

доўгая песня.
2. Па галоўцы гладзіць,

падняўся на ногі,

вады не замуціць,

пусціць слязу,

на руках насіць.
Наступнае заданне. Да фразеалагізмаў рускай мовы падбярыце адпаведныя фразеалагізмы, прымаўкі, прыказкі беларускай мовы (адпаведнікі запісаны праз коску на дошцы):

два сапога пара — абое рабое;

олух царя небесного — асёл маляваны;

иметь зуб — вока мець;

из уст в уста — з вуха на вуха;

нашли дурака — няма дурных;

баклуши бить — лынды біць;

беречь как зеницу ока — глядзецъ як вока;

обломать рога — рогі пазбівацъ;

изо всех сил — на ўсю моц (з усяе моцы);

не боги горшки обжигают — не святыя гаршкі лепяцъ.
У беларускай мове ўжываюцца фразеалагізмы, запазычаныя з іншых моў. Ёсць група фразеалагізмаў-інтэрнацыяналізмаў, г. зн. такіх, што вядомы ў большасці моў свету. Напрыклад: дамоклаў меч, ахілесава пята, праметэеў агонь, агнём i мячом i інш. Такія ўстойлівыя спалучэнні слоў паходзяць звычайна з антычных i стараславянскай моў.

А цяпер паслухайце невялікае паведамленне «3 гісторыі фразеалагізмаў», падрыхтаванае вашым таварышам. Выступленне аднакласніка мае на мэце расказаць пра паходжанне вышэй пералічаных фразеалагічных зваротаў. (Для паведамлення можна выкарыстаць адпаведныя артыкулы з «Этымалагічнага слоўніка фразеалагізмаў» I. Лепешава; Мн., 1981.)

Гучыць у грамзапісе беларуская народная песня або вучні спяваюць caмi (на выбар вучняў).

Настаўнік. Наступны конкурс — конкурс капітанаў. Праверым, наколькі трывала капітан кожнай каманды валодае ведамі па фразеалогіі.

Заданне: у дадзеных урыўках з мастацкіх твораў беларускіх пісьменнікаў знайсці ўстойлівыя спалучэнні слоў.

Капітанам даецца па пяць картак з запісаным тэкстам. Па чарзе кожны чытае ўрывак i адразу называе фразеалагізмы.

Тэксты для картак:

Вырас ён (хлопчык) ужо, у гады ўвайшоў, а ўсё толькі з дзецъмі гуляе, як маленькі. І празвалі яго людзi Іванкам Прастачком.

Казка «Цудоўная дудка»
Амаль сем тыдняў пракачаўся пан, чуць чорту душу не аддаў.

Казка «Пану навука»

Глядзeлi ўтрох на гэты сшытак

I ўсё разгледзелі да нітак.

I хлопцы тут пасябравалі,

Язык i Яську развязалі...

Ён толькі летась скончыў школку

I веды меў у адну столку,

Ды й тых патраціў з палавіну,

У поле гонячы скаціну.

А хлопцы нават паўставалі,

У чыгунчык вочы пaўcтaўлялі,

Глядзяцъ, не моргнуцъ яны вокам:

Эх, мусіць смачны клёцкі з сокам!

А хлопцы проста збілісъ з тропу

I ў нейкім страсе i ў захопу

На дзядзьку-кухара глядзелі,

Як бы яны аслупянелі.

Якуб Колас. Новая зямля
— Чаго ты крычыш? — абазвалася пакрыўджаная буфетчыца.— Я старая жанчына. Бач, які герой знайшоўся. Сам кату па пяту, а распараджаецца.

Кузьма Чорны. Насцечка


І цяпер усе на вёсцы, абы размова зайшла пра Ганъчынага бацьку, кажуць, што ён сабакам сена косіць.

А. Васілевіч. Расці, Ганька


І калі пaльнyлi пры iм з вінтоўкi, Мішка як дуж кінуўся з ycix ног наўцёкі i зашыўся ў стог саломы, што стаяў каля дарогі.

М. Лынькоў. Пра смелага ваяку Мішку i яго слаўных таварышаў


Ляжыцъ Міколка нi жывы нi мёртвы i толькі чуе, як моцна б'ецца ды вырываецца з грудзей яго маленькае сэрца.

М. Лынькоў. Міколка-паравоз


Заданне: закончыць фразеалагізмы. Улічваецца i тое, як хутка будзе дадзены правільны адказ (адпаведнікі таксама загадзя запісаны на дошцы).

Як гром... (з яснага неба).

Як дзве... (кроплі вады).

Навучыць,... (дзе ўюны (ракі) зімуюць).

Надзьмуўся як... (мыш на крупы).

Мядзведзь наступіў... (на вуха).

Кідаць словы... (на вецер).

Камень на камені... (не пакінуць).

Хоць кол... (на галаве чашы).

3 вялікага грому... (малы дождж).

Hi слыху... (нi дыху).
Апошняе заданне патрабуе ад капітанаў не толькі ведаў па фразеалогіі, але i кемлівасці, артыстычных здольнасцей. Па чарзе кожны капітан выцягвае невялікую картку з запісаным фразеалагічным зваротам. Значэнне гэтага фразеалагізма трэба перадаць пры дапамозе пантамімы (жэстаў i мiмікі). Пры гэтым можна карыстацца прадметамі на стале, якія загадзя падрыхтаваны. А каманды павінны назваць запісаны фразеалагізм.

Словазлучэнні для картак: кішэнь трэсці, закасаўшы рукавы, падпілаваць pori, у бубен біць, з нari на нагу, з кута ў кут, намыліць галаву (шыю), абводзіць вакол пальца, вадзіць за нос, язык прыкусіць, звязаць pyкi, брацца за жывот i інш..

I зноў гучыць беларуская народная песня.



Настаўнік. А цяпер заданне камандам: да слоў i словазлучэнняў, якія запісаны на дошцы, падбярыце фразеалагізмы - сінонімы з ліку дадзеных. (На экран праецыруюцца праз графапраектар (кадаскоп) фразеалагізмы.) Для таго, каб сэканоміць час на выкананне гэтага задання, можна насупраць кожнага слова i словазлучэння запісаць толькі адпаведныя нумары фразеалагізмаў:

1) блізка — 4; 7;

2) добра працаваць — 8; 13; 16; 17;

3) нечакана, раптоўна — 6; 11; 15; 19;

4) усе без выключэння — 1; 9;

5) хлусіць, гаварыць абы-што — 2; 12; 18; 20;

6) хутка бегчы — 3; 5; 10; 14 (16; 17).

(Для даведак: 1. Усе як адзін. 2. Наверзці сем карабоў. 3. Высалапіўшы язык. 4. Рукой падаць. 5. Аж пяткі блішчаць. 6. Як гром з яснага неба. 7. Пад бокам. 8. Да сёмага поту. 9. У адзін голас. 10. Зямлі не чуць пад сабой. 11. Як з-пад зямлі вырас. 12. Намалоць глупства. 13. Закасаўшы рукавы. 14. Як з прывязі сарваўся. 15. Як з неба зваліцца. 16. На ўсю моц. 17. Штосілы. 18.

Плесі лухту. 19. Як снег на галаву. 20. Дурыць галаву.)
Наступнае заданне: да ўстойлівых словазлучэнняў падбярыце антанімічныя фразеалагізмы (адпаведнікі таксама пажадана змясціць на дошцы ці экране).

Хоць вока выкалі (хоць іголкі збірай);

трымаць язык за зубамі (распускаць язык);

лёгкі на нагу (цяжкі на нагу);

нi свет нi зара (на шапачны разбор);

апусціць галаву (задраць галаву);

за вочы (у вочы);

рукой падаць (блізкі свет);

востры на язык (цяляты язык аджавалі);

жыць cвaiм розумам (жыцъ чужым розумам);

аж пяткі блішчаць (як мокрае гарыцъ).
Настаўнік. А цяпер праверым, як нашы каманды справіліся з дамашнім заданнем.

Удзельнікам патрэбна было да ўpoкa-KBi3a як мага больш запісаць фразеалагізмаў сваёй мясцовасці. Перамагае тая каманда, якая назаве найбольшую колькасць гэтых устойлівых словазлучэнняў.

Значэнне фразеалагічных зваротаў можна перадаць не толькі пантамімай, але i з дапамогай гумарыстычных малюнкаў. Да сённяшняга ўрока мастакам нашых каманд патрэбна было намаляваць па 5-7 малюнкаў да любых фразеалагізмаў i падпісаць ix. Давайце пазнаёмімся з падрыхтаванымі працамі i ацэнім, наколькі ўдала атрымаліся яны (школьнікі дэманструюць зробленае).

Пакуль журы падводзіць вынікі, для школьнікаў прапануецца выступленне ix таварыша па тэме «Моўныя самацветы ў слоўніках i кнігах».

Адначасова вучні знаёмяцца з выставай слоўнікаў i кніг па фразеалогіі: Гаўрош Н.В. , Лепешаў I.Я., Янкоўскі Ф. М. Фразеалагічны слоўнік (Мн., 1973); Клышка М. Слоўнік сінонімаў i блізказначных слоў (Мн., 1976); Лепешаў I. Я. Этымалагічны слоўнік фразеалагізмаў. Пад. рэд. Ф. Янкоўскага (Мн., 1981), Моўныя самацветы (Мн., 1985), 3 народнай фразеалогіі. Дыферэнцыяльны слоўнік (Мн., 1981); Мяцельская Е.С., Камароўскі Я.М. Слоўнік беларускай народнай фразеалогіі (Мн., 1972); Юрчанка Г. Ф. I коціцца i валіцца (Мн., 1971), I сячэ i паліць (Мн., 1974), Слова за словам (Мн., 1977); Шкраба I., Шкраба Р. Крынічнае слова (Мн., 1987); Янкоўскі Ф.М. Беларуская фразеалогія (Мн., 1981) і інш.

Журы падводзіць вынікі.

2.3. Урок - конкурс «У паэтычным садзе Максіма Багдановіча» ў 10-ым класе. Заключныя заняткі
Мэта: праверыць i абагульніць веды вучняў па біяграфіі i творчай спадчыне Максіма Багдановіча, пазнаёміць з некаторымі новымі для вучняў аспектамі яго творчасці.

Удасканальваць уменне выразна чытаць уголас мастацкія творы паэта i беларускіх пісьменнікаў.

На прыкладзе асобы Максіма Багдановіча, на яго вершах выхоўваць у вучняў пачуццё прыгожага, любоў да радзімы; зацікавіць ix творчасцю песняра.

Абсталяванне: партрэт паэта, пад iм словы:

Беларусь, твой народ дачакаецца

Залацістага, яснага дня.
Плакаты з выказваннямі вядомых пісьменнікаў пра Багдановіча i яго творчасць:

Максім Багдановіч па праву заняў пачэснае месца ў нашай маладой паэзіі як высокаталенавіты паэт i майстра паэтычнай формы. Сярод беларускіх паэтаў Максім Багдановіч вылучаўся глыбокай i шырокай адукацыяй, тонкім разуменнем i пачуццём паэзіі.

Якуб Колас
Ёсцъ паэты, якія пішуць творы, каб потым з ix выдаць выбранае, але ёсць i паэты, што пішуць толькі выбранае. Да такіх i належыць Максім Багдановіч.

Максім Танк

...Унутраны агонъ паэзіі Максіма Багдановіча з цягам часу не згасне... i ў будучым мы ў яго паэзіі знойдзем сябе, таму што «ўсе разам ляцім да зор».

Эмілія Легутэ (літоўская пісьменніца)


Кніжная выстаўка твораў Багдановіча i літаратурных прац аб iм; выстаўка вучнёўскіх ілюстрацый да вершаў паэта. На стале — букет васількоў.

Э п i г р а ф:

Вечна светлы i вечна дужы,

Вечна юны, як наша зямля.

Мы табой ганарымся — і плачам,

Мы нясём цябе ў сэрцы праз дым.

Нізка голаў схіляю, юнача,

Перад вечным глаголам тваім.

У. Караткевіч. «Багдановічу»
Магнітафонны запіс песні «Магдалена» (верш М. Багдановіча, муз. У. Мулявіна).

Уступнае слова настаўніка: Кветкамi зямлі хочацца назваць многія вершы беларускіх паэтаў. Кветкі суправаджаюць нас усё жыццё: сустракаюць пры нараджэнні, цешаць у святы, суцяшаюць у старасці. Яны патрэбны нам заўсёды, таму што без хараства чалавек не можа жыць.

Кветкамі зямлі па праву можна назваць i вершы пісьменніка-дэмакрата, песняра народнай долі, палымянага грамадзяніна i патрыёта сінявокай Беларусі Максіма Багдановіча.

На сённяшнім уроку мы прынясём сваё незвычайнае вязьмо таленавітаму паэту — букет ведаў па яго біяграфіі i творчай спадчыне; пазнаёмімся з некаторымі новымі аспектамі творчасці Багдановіча.

Каб наш букет стаў вялікім i рознакаляровым, калі ласка, прыбаўляйце да яго свае краскі- адказы. Кожны конкурс патрабуе спаборніцтва. Як i дамаўляліся загадзя да ўрока, давайце падзелімся на дзве (тры) каманды (кожны рад — каманда), работу якіх будзе ацэньваць журы. (У якасці членаў журы можна запрасіць на ўрок вучняў-старшакласнікаў, настаўнікаў-славеснікаў, бацькоў.)



1 - ш ы конкурс — на лепшага знаўца творчай біяграфіі Максіма Багдановіча.

Настаўнік. На наш урок-конкурс з беларускіх палёў прыйшла цудоўная, любімая i апетая паэтам кветачка — васілёк. Кветачка незвычайная: на яе пялёстках пытанні. Любому члену кожнай каманды даецца мажлівасць выцягнуць пялёстак i адказаць на пытанне.

1. Раскажыце пра бацьку паэта. 3 якім вялікім рускім пісьменнікам ён сябраваў, а потым нават стаў сваяком?

(Вядомы беларускі этнограф, фалькларыст i лінгвіст. 3 М.Горкім.)

2. Назавіце першы твор Багдановіча. Калі i ў якой газеце быў надрукаваны ён?

(«Музыка». У газеце «Наша Ніва» ў 1907 г.)

3. Багдановіч вядомы i як таленавіты перакладчык. 3 якіх моў ён перакладаў?

(3 рускай, украінскай, французскай, іспанскай, нямецкай i інш.)

4. Назавіце прозвішча беларускага пісьменніка, з якім Багдановіч сябраваў апошнія гады жыцця? Як назваў пісьменнік свае ўспаміны пра Багдановіча?

(Змітрок Бядуля; «Страцім-лебедзь».)

5. У якіх гарадах жыў М.Багдановіч?

(У Мінску, Гродне, Ніжнім Ноўгарадзе, Яраслаўлі, Ялце.)

6. Як называецца апошні верш паэта?

(«У краіне светлай, дзе я ўмiраю...»)

7. Вядома, што паэт пахаваны ў Ялце. На яго магіле пастаўлены помнік. Хто яго аўтар? 3 якога твора Максіма Багдановіча ўзяты словы, што напісаны на помніку паэту? Прачытайце ix.

(3aip Азгур. 3 санета «Паміж пяскоў Егіпецкай зямлі»:

Хоцъ зернейкі засохшымі былі,

Усё ж такі жыццёвая ix сіла

Збудзілася i буйна ўскаласіла

Парой вясенняй збожжа на раллі.)

8. Многія пісьменнікі наведалі мясціны, звязаныя з жыццём Багдановіча. У якіх творах яны апісалі свае ўражанні ад паездкі?

(С.Александровіч. «Пуцявіны паэта»; А. Бачыла. «Дарогамі Максіма Багдановіча»;

М.Стральцоў. «Загадка Багдановіча»; Л. Зубараў. «Макciм Багдановіч» i інш.)

9. Хто сказаў пра М.Багдановіча: «Шчасце свайго народа ён бачыў у выхадзе яго на шырокую арэну агульначалавечай гісторыі. Як роўны з роўнымі, беларускі народ мысліўся iм сярод іншых народаў, i ў гэтым галоўныя матывы яго творчасці»?

(Кузьма Чорны.)

10. Творчасці якіх вялікіх славянскix паэтаў прысвяціў свае крытычныя артыкулы Максім Багдановіч?

(А.Пушкіна i Т.Шаўчэнкі)

11. Якую казку для дзяцей напісаў Багдановіч?

(«Мушка-зелянушка i камарык-насаты тварык».)

12. Якую беларускую народную песню любіў паэт? (“Не кувай ты, шэрая зязюля...”)


Настаўнік. Наш урок-конкурс называецца “У паэтычным садзе Максіма Багдановіча”. На жаль, сапраўднага фруктовага саду малады паэт не паспеў пасадзіць, бо кароткі быў яго жыццёвы век. Але такі сад, звязаны з імем Максіма Багдановіча, ёсць. Дзе ён знаходзіцца? Хто яго задумаў і пасадзіў? Мы даведаемся з невялікага паведамлення “Максімаў сад”, падрыхтаванага вашым аднакласнікам. (Для паведамлення выкарыстоўваецца артыкул “Максімаў сад” з кнігі Алеся Бачылы “Дарогамі Максіма Багдановіча”. – Мн., 1983. – с. 100-104.)

Журы падводзіць вынікі конкурсу.


2-гі конкурс – на лепшага чытальніка твораў М.Багдановіча

Настаўнік. Максім Багдановіч быў строга патрабавальным да самога сябе, да сваёй творчасці. Ён шмат працаваў над удасканаленнем мастацкай формы сваіх твораў, клапаціўся аб павышэнні паэтычнага майстэрства. За ўзоры беларускай лірыкі Багдановіч быў высока ацэнены сучаснікамі і нашчадкамі. (Настаўнік звяртаецца да плакатаў з выказваннямі Я.Коласа, М.Танка, Э.Легутэ пра М.Багдановіча, яго творчасць і выразна чытае іх.)

А цяпер пачытаем яшчэ раз творы паэта. (Ад кожнай каманды выступаюць 4-5 вучняў з выразным чытаннем вершаў на выбар.)

Настаўнік. Вершы Максіма Багдановіча лаканічныя па форме, але напоўненыя глыбінёй думак і пачуццяў. Яны так і просяцца на музыку. Многія з іх натхнілі кампазітараў Беларусі на стварэнне музычных твораў.

Давайце паслухаем невялікае паведамленне “Паэзія М.Багдановіча ў музыцы” (рэферат вучня, напісаны паводле артыкула В.Васільевай “Максім Багдановіч і музыка”//Народная асвета. 1976. №3).

Гучыць магнітафонны запіс песні “Магдалена”.

Зноў слова журы.

3-ці конкурс – на лепшага знаўца зместу твораў М.Багдановіча

1. У якіх вершах паэт...

а) ...гаворыць, што знойдзеныя зернейкі з’яўляюцца сімвалам вечнага жыцця, бессмяротнасці народнага духу?

(Санет “Паміж пяскоў Егіпецкай зямлі...”)

б) ...звяртаецца да народа са словамі:

«Браця! Цi зможам грамадскае гора?

Браця! Ці хваце нам сілы?!»

(«Краю мой родны! Як выкляты богам…»)

2. Хто апісаны ў наступных радках? З якіх твораў гэтыя героі?

а) Душой стаміўшыся ў жыццёвых цяжкіх бурах,

Свой век канчае ён ў манастырскіх мурах.

Тут ціша, тут спакой,— ні шуму, нi клапот.

Ён пільна летапіс чацвёрты піша год.

(Летапісец з аднайменнага твора.)

б) ...горды, моцны птах.

Яго звычаі — арліныя,

Яго ўцехі — сакаліныя;

Пер’і-пер’ечкі бялеюцца

Ды на золаку агнявеюцца.

(Страцім-лебедзь з аднайменнага твора)

в) Не умее...

Працаваць,

Толькі ўмее з хлопцамі

Жартаваць;

Анi выткаць кросенкі,

Aні шыць,

Aнi стравы хораша

Наварыць.

(Мушка-зелянушка з паэмы-казкі “Мушка-зелянушка i камарык — насаты тварык”.)

3. У якіх творах М. Багдановіча ёсць наступныя пейзажныя замалёўкі?

а) Вечар на захадзе ў попеле

тушыцъ


Кучу чырвоных кавалкаў вугля;

Ціха ўсё; вецер лістка не

зварушыць;

Не скалыхнуцца нi траўкай

паля.

(«Вечар на захадзе ў попеле тушыць…»)



б) Уюцца змейкай срабрыстай

дарожкі,


Брызгi золата ў небе блішчацъ,

I маркотныя месяца рожкі

Праз марозную мглу зіхацяць.

(«Зімовая дарога».)

в) Як мары, белыя бярозы

Пад сінявой начной стаяць,

У небе зоркі ад марозу

Пахаладзеўшыя дрыжацъ.

(“Зімой”)

4. 3 якіх твораў наступныя радкі?

а) І прад высокаю красою,

Увесь зачараваны ёй,

Скланіўся я душой маёй,

Натхнёнай, радаснай такою,

А ў сэрцы хораша было,

Там запалілася цяпло.

(«Вераніка».)

б) Ад родных ніў, ад роднай хаты

У панскі двор дзеля красы

Яны, бяздольныя, узяты

Ткаць залатыя паясы.

(«Слуцкія ткачыхі».)


Настаўнік. Глыбокая любоў i павага да паэзіі Максіма Багдановіча, да яго самога жывуць у народзе. Іх выказваюцъ у cвaix творах многія мастакі i скульптары.

Давайце зноў паслухаем невялікае паведамленне «У жывапісе, графіцы, скульптуры». (Дакладчык спалучае выступленне з дэманстрацыяй твораў мастацтва. Варта выкарыстаць артыкул А. Марачкіна «Заміж персідскага ўзора цвяток радзімы васілька» // Беларуская мова i літаратура ў школе. 1988. № 5.)

Падводзяцца вынікі 3-га конкурсу.
4-ты конкурс — на лепшага ілюстратара твораў Багдановіча.

Адзін з членаў журы на дадзеным этапе ўрока сцісла аналізуе вучнёўскія ілюстрацыі, паведамляе камандам агульную колькасць балаў за гэты конкурс.



5-ты конкурс — на лепшага чытальніка вершаў беларускіх паэтаў, прысвечаных

М. Багдановічу.

Настаўнік. Пра таленавітага песняра сінявокай Беларусі напісана шмат паэтычных твораў. Давайце паслухаем некаторыя з іх.

Педагог чытае на памяць верш У. Караткевіча «Багдановічу». Далей ад кожнай каманды выступаюць 2 - 3 чытальнікі з выразным чытаннем твораў пра Максіма Багдановіча.

На ўроку могуць прагучаць наступныя вершы беларускіх сучасных паэтаў: Рыгора Барадуліна «...Сплывала хмара ў беспрытульнасць сноў»; Уладзіміра Караткевіча «На роднай магіле»; Ніла Гілевіча «Апошняе спатканне з Веранікай»; Станіслава Шушкевіча «Спяваў салоўка песню маю»; Максіма Лужаніна «Васілёк»; Максіма Танка «Над магілай М. Багдановіча»; Віктара Гардзея «Максіму Багдановічу»; Міхася Пазнякова «У Максімавым садзе»; Яўгеніі Янішчыц «Ялта — 1917»; Алеся Салаўя «Максіму Багдановічу» i інш.

Bынікі ўрока падводзяць члены журы.


2.4. Напісанне рэцэнзіі на кінафільм (спектакль) паводле

мастацкіх твораў, вывучаных на ўроках літаратуры
Паводле дадзеных сацыялагічных даследаванняў, найбольш актыўнымі кінагледачамі сёння з'яўляюцца школьнікі. Панаванне тэлебачання i аўдыёвізуальных сродкаў, на жаль, патроху адсунула кнігу на другі план, але дзякуючы ўрокам літаратуры, майстэрству настаўнікаў-філолагаў "камп'ютэрнае пакаленне" яшчэ любіць i чытае мастацкае слова.

Настаўнікам літаратуры неабходна перагледзець педагагічныя i метадычныя аспекты навучання сённяшніх вучняў i аптымальна скарыстаць набыты падлеткамі вопыт тэлегледачоў, асабліва на ўроках па развіцці вуснай i пісьмовай мовы.

Гаворка пра напісанне ў школе рэцэнзіі на кінафільм або спектакль узнікла не без падставаў. У апошні час багацце літаратуразнаўчых артыкулаў па пэўным вывучаным мастацкім творы i шматлікія дапаможнікі абітурыентам па нaпicaннi сачыненняў негатыўна паўплывалі на правядзенне ўрокаў развіцця звязнай мовы вучняў, асабліва ў старэйшых класах. Сачыненні з невялікімі пераробкамі спісваюцца з адпаведных крыніц, а гэта ніяк не развівае самастойнасці думкі.

Напісанне рэцэнзіі на кінафільм, спектакль у нейкай ступені дапаможа настаўнікам мовы i літаратуры пазбегнуць праблемы спісвання i адпаведна разнастаіць віды ўрокаў па развіцці звязнай мовы вучняў. Вядома, што рэцэнзію не спішаш, бо гэта плён уласных назіранняў i ўяўленняў.

У выніку аналізу праграмнага cпicy твораў для абавязковага вывучэння i рэкамендацыйнага пераліку кніг для ўрокаў пазакласнага чытання ў 8 - 11 класах склалася наступная табліца мастацкіх фільмаў, тэлеспектакляў і спектакляў, знятых паводле твораў беларускіх пісьменнікаў:





Аўтар і назва

Фільм (тэлефільм,

Клас

мастацкага твора

тэлеспектакль),







год стварэння i рэжысёр

8

Іван Шамякін.







Аповесць

Фільм. 1978. Сяргей Самсонаў




"Гандлярка i паэт"







Васіль Быкаў.







Аповесць "Абеліск"

Фільм. 1977. Рычард Віктараў




"Жураўліны крык"

Тэлефільм "Доўгія вёрсты вай-







ны". 1-я серыя. 1975. Аляксандр



"Дажыць


Карпаў

Тэлеспектакль. 1976. Яўген Ша-






да світання"

бан

9

Уладзімір Караткевіч.







Аповесць

Фільм. 1990. Барыс Парэмба




"Сівая легенда"







"Дзікае паляванне

Фільм. 1979. Валеры Рубінчык




караля Стаха"







Аляксей Дудараў.

П'еса "Вечар"



Фільм "Восеньскія сны". 1987.

Ігар Дабралюбаў















Віктар Казько.







Аповесць "Суд

Фільм "Сведка". 1985. Валеры




у Слабадзе"

Рыбараў







Мікалай Матукоўскі.







Камедыя

Тэлефільм "Траянскі конь".




"Амністыя"

1980. Віктар Панамароў




"Мудрамер"

Тэлефільм. 1988. Віктар Панамароў

10

Янка Купала.







П'есы "Паўлінка"

Фільм "Пасля кірмашу". 1972.







Юры Цвяткоў




"Раскіданае гняздо"

Фільм. 1981. Барыс Луцэнка




Якуб Колас

Трылогія



Фільм "Першыя выпрабаванні"




"На ростанях"

1960-1961.







Уладзімір Корш-Саблін




Кандрат Крапіва.







Камедыя "Хто

Фільм. 1954. Уладзімір Корш-




смяецца апошнім"

Саблін




Уладзімір Караткевіч.







Раман

Фільм. 1989. Уладзімір Бычкоў




"Хрыстос прызям-







ліўся ў Гародні"







Іван Чыгрынаў.







Раман

Тэлефільм. 1990.




"Плач перапёлкі"

Ігар Дабралюбаў

11

Іван Мележ.







Раман

Фільм. 1981 - 1985.




"Людзі на балоце"

Віктар Тураў




Васіль Быкаў.







Аповесці "Знак бяды”

Фільм. 1986. Міхаіл Пташук




"Сотнікаў"

Фільм "Узыходжанне". 1977.







Ларыса Шапіцька




"Альпійская балада"

Фільм. 1965. Барыс Сцяпанаў




"Трэцяя ракета"

Фільм. 1963. Рычард Віктараў




"Воўчая зграя"

Фільм. 1975. Барыс Сцяпанаў




Іван Пташнікаў.







Аповесць "Тартак"

Тэлефільм. 1974. Віктар Карпілаў




Іван Чыгрынаў.

Раманы "Апраўданне

крыві”, “Свае і чужыя”

Тэлефільм. 1990. Irap Дабралю-

баў























Уладзімір Караткевіч.







Аповесць

Фільм. 1987. Алег Белавусаў




"Ладдзя Роспачы"







П'еса "Маці ўрагану'

Фільм. 1990. Юры Марухін




Вячаслау Адамчык.







Раман "Чужая

Фільм. 1982. Валеры Рыбараў




бацькаўшчына"







Алесь Адамовіч.







"Хатынская аповесць”

Фільм "Ідзі i глядзі". 1985.







Элем Клімаў

Прагляд кінастужак пажадана арганізоўваць пасля вывучэння мастацкага твора (гэта можна зрабіць праз мясцовыя кінасеткі). Згадаем, што на Беларускім тэлебачанні час ад часу дэманструюцца кінафільмы, тэлеспектаклі паводле мастацкіх твораў беларускіх пісьменнікаў. Педагог можа зрабіць перазапic стужак на касеты, што паслужыць стварэнню сваёй відэатэкі. Прагляд спектакляў можна арганізаваць праз культпаходы ў тэатр.

Вобразы-персанажы, што ўзнікаюць ва ўяўленні вучняў у час чытання i аналізу мастацкага твора i пры сустрэчы з экраннымі i сцэнічнымі героямі ў адным выпадку могуць падмацоўваць уяўленне, а ў другім, наадварот, не прымаюцца падлеткамі. У такой сітуацыі звычайна распачынаецца дыскусія.

Супастаўленне мастацкага твора i яго экранізацыі або пастаноўкі на тэатральнай сцэне фарміруе ў падлеткаў крытычнае мысленне, развівае маналагічную мову, выхоўвае моўную культуру i культуру слухача.

Для таго, каб вучні паспяхова справіліся з напісаннем рэцэнзіі на кінафільм цi спектакль, трэба паэтапна правесці падрыхтоўчую працу. На некалькix уроках мовы, літаратуры i сусветнай мастацкай культуры настаўнік можа прапанаваць сваім выхаванцам розныя заданні i практыкаванні, якія не абавязкова павінны быць звязаны з тэмай урока.

Мэты такіх заняткаў:

1) папоўніць лексікон школьнікаў словамі-тэрмінамі (афіша, гама, дыялог, кадр, кінафільм, кінематаграфіст, маналог, мантаж, мастацтвазнаўства, пракат, ракурс, сцэнар, фінал, экранізацыя i інш.);

2) даць паняцце аб прафесіях кінематаграфіста, сцэнарыста, рэжысёра, аператара, мастака-пастаноўшчыка, грымёра, дэкаратара, кампазітара, артыста, статыста;

3) навучыць уменню падбіраць сінонімы (фільм — кінафільм, тэлефільм, карціна, кінастужка,

тэлестужка;

рэжысёр — кінарэжысёр, кінематаграфіст, аўтар фільма; экранізацыя — кінатрактоўка, экраннае ўвасабленне, інтэрпрэтацыя, пастаноўка; артыст — акцёр, выканаўца);


  1. звярнуць увагу падлеткаў на віды кіно (мастацкае або ігравое, дакументальнае,

навукова-папулярнае; апошнім часам ствараецца рэкламнае кіно) i жанры (кінааповесць, драма, меладрама, кінаэпапея, камедыя, фільм-спектакль, прыгодніцкі фільм, гістарычны, дэтэктыў i інш.).

На заключным этапе падрыхтоўчай працы выкладчык ужо можа сарыентавацца, ці засвоілі вучні мінімум спецыяльнай лексікі (тэрміны i выразы). Праз эпідыяскоп варта спраецыраваць змест наступнага практыкавання:

Сфармуляваць пытанні. Уставіць замест шматкроп'я неабходныя словы.

Гэты фільм мастацкі ці ... (дакументальны)?

Кінакамедыя ці ... (драма, трылер, фантастыка, дэтэкгыў i інш.)?

Калі ён ... (выйшаў, з'явіўся) на экранах?

Хто з'яўляецца ... (стваральнікам, аўтарам, рэжысёрам) фільма?

Хто ... (напісаў, стварыў) музыку да фільма?

Якія акцёры ... (заняты, здымаліся, выконваюць ролі) ў фільме?

Хто выконвае ... (галоўныя, вядучыя) ролі?

Можна прапанаваць школьнікам падабраць азначэнні (эпітэты) да слоў фільм, спектакль (выдатны, вясёлы, добры, захапляльны, няўдалы, павучальны, расцягнуты, смешны i г. д.).

Пасля падрыхтоўкі да напісання рэцэнзіі варта арганізаваць наступную працу:

1. Перад праглядам кінафільма ці спектакля правесці ўступную гутарку, у якой трэба расказаць вучням пра гісторыю стварэння пастаноўкі (дапаможны матэрыял выкладчык можа знайсці ў часопісах "На экранах Беларусі', "Мастацтва", "Роднае слова" i ў іншых перыядычных выданнях).

2. Прагляд пажадана зрабіць у пазаўрочны час (вельмі важная прысутнасць самога

настаўніка-філолага).

3. Правесці сціслую гутарку (арыенціровачныя заняткі) з мэтай вывучэння ўражанняў дзяцей пасля прагляду. Пытанні i заданні могуць быць наступныя:

— Калі i дзе адбываюцца падзеі ў кінафільме (спектаклі)?

— Хто з'яўляецца галоўным героем твора?

— Што вы даведаліся пра яго?

— Якія эпiзoды вам запомніліся асабліва i чаму? Што не спадабалася?

— Растлумачце сэнс назвы пастаноўкі. Якую б назву далі вы i чаму?

— Падзяліце прагледжаны фільм (спектакль) на сэнсавыя часткі (пажадана вызначыць самыя важныя кадры i падабраць да ix загалоўкі, якія стануць своеасаблівым планам пастаноўкі).

Напісанне рэцэнзіі — гэта плён асабістых назіранняў, працы душы i розуму, але, як паказвае практыка, i тут патрэбная значная дапамога, нават у моцным класе.

Школьнікам можна прапанаваць прыкладны план-алгарытм напісання рэцэнзіі ў выглядзе табліцы:




№ п/п

Часткі

рэцэнзіі


Тэмы

Асноўныя пытанні

1.

2.

3.



Уступ

Асноўная частка


Заключная частка



Гісторыя стварэння фільма (спектакля)
Адлюстраван-не эпохі, часу i месца падзей

Праца


артыстаў

Мова кіно (спектакля)


Музыка i

песні
Сюжэт, жанр, ідэйны змест

Роздум i

ўражанні


Назавіце аўтараў пастаноўкі.

Што вы даведаліся пра ix? На якой кінастудыі, у якім тэатры i калі пастаўлены твор? Што натхніла аўтараў звярнуцца да гэтай экранізацыі (пастаноўкi)?

Ці ўдалося рэжысёру, аператару, мастаку, дэкаратару адлюстраваць час i месца падзей, якія апісаны ў мастацкім творы? Дайце ацэнку масавых сцэн, падачы планаў, пейзажных карцін.

Назавіце артыстаў, якія выконвалі галоўныя ролі. Якія ролі найбольш удалыя? Што, на вашу думку, не атрымалася? 3 дапамогай якіх прыёмаў раскрыты характары герояў? Цi ёсць у фільме (спектаклі) персанаж, праз які выказана аўтарская ідэя?

Ці захоўваюць артысты моўныя нормы? Чым адметная мова персанажаў? Цi апраўданы асобныя моўныя адступленні ад зместу?

Цi ўдала перадаюць настрой пастаноўкі музыка, песні? Як музычнае афармленне дапамагае ўспрыманню зместу пастаноўкі?

Ці ёсць канфлікт у фільме (спектаклі)? У чым яго сутнасць? У якім жанры зроблена пастаноўка? 3 дапамогай якіх прыёмаў раскрыта асноўная ідэя?

Ці ўдалося рэжысёру перадаць агульны дух, маральную накіраванасць мастацкага твора? Што даў вам фільм (спектакль)? Ці патрэбны ён маладому пакаленню? Ці варта было экранізаваць гэты літаратурны твор?


Перад напісаннем рэцэнзіі можна прапанаваць вучням паслухаць узор падобнай працы. На нашу думку, гэта пажадана рабіць толькі для слабападрыхтаваных школьнікаў.



Вучням 10-11 класаў можна прапанаваць напісаць рэцэнзію i на дакументальны, навучальны кінафільм.
: files
files -> Конкурс журналісцкіх матэрыялаў "твой стыль"
files -> Кроніка грамадскага жыцця Гарадзеншчыны ад грамадскага аб’яднання “Цэнтр “Трэці сектар”
files -> Праграма Artes liberales 2013 (12–28. 02)
files -> Культурная праграма Першага нацыянальнага форуму “Музеі Беларусі”
files -> Штомесячны агляд эканомікі беларусі
files -> Пазакласны занятак па музыцы. Калейдаскоп дзіцячых фальклорных гульняў
files -> Паводле лірычных твораў А. С. Пушкіна мы іграем пушкіна
files -> 18 кастрычніка 2012 г. 1522 Аб узнагароджанні Ганаровай
files -> Клубы і аматарскія аб’яднанні Назва бібліятэкі




База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка