Урок пазакласнага чытання па кнізе В. Вольскага "Падарожжа па краіне беларусаў"



Дата канвертавання04.07.2016
Памер91.62 Kb.
Тэма:Урок пазакласнага чытання па кнізе В.Вольскага “Падарожжа па краіне беларусаў”(Слайд 1)

Мэта: Пашырыць веды вучняў пра мінулае і сучаснае нашай краіны; стварыць умовы для выяўлення ўласных грамадзянскіх і патрыятычных пачуццяў; выхоўваць цікавасць да гісторыі роднага краю, пачуццё асабістай адказнасці за прыродныя багацці краіны, гонару за беларускі народ.(Слайд2)

ХОД УРОКА

Слова настаўніка

Добры дзень! Паслухайце, калі ласка, словы Ф. Скарыны ў інтэрпрытацыі сучаснага паэта, Якія стануць эпіграфам да ўрока, і скажыце пра што пойдзе наша з вамі гутарка.(Слайд3)

Ад нараджэння звяры,

што ў чашчобах блукаюць,-

Ведаюць ямы свае;

Птушкі, паветра свідруючы,-

гнёзды свае не губляюць;

Рыбы ў морах бурлівых-

чуюць свій вір без памылкі;

Пчолы і іншая жыўнасць-

вуллі бароняць заўжды.

Гэтак і людзі: дзе нарадзіла іх маці,

на шчасце ўскарміўшы,-

Ласку да месца таго

берагуць заўсягды!

(Размова пойдзе пра нашу Радзіму)



Настаўнік Так, мы будзем весці гаворку пра Беларусь. А дапаможа нам у гэтым кніга Віталя Вольскага “Падарожжа па краіне беларусаў”.

I. Iндуктар

Гучыць песня «Белая Русь ты мая» (сл. У. Скарынкiна, муз.Мулявiна) у выкананнi ансабля «Песняры».


Якiмi пачуццямi прасякнута песня? (Гонарам за Радзiму, цеплынёй i пяшчотай.)


II. Самаканструкцыя.

- У сшытках па лiтаратуры занатуйце пачуццi, якiя ўзнiклi ў вас пры чытаннi нарысаў В.Вольскага «Падарожжа па краiне беларусаў».( Здзiўленне, захапленне, радасць, павага, гонар, любоў , замiлаванне.)

III. Сацыяканструкцыя.

Настаўнік. А цяпер абмяркуйце гэтае пытанне ў групах i дапоўнiце вашы асацыятыўныя рады.

IV. Сацыялiзацыя.

- Перачытайце рад i падклэслiце слова або некалькi слоў , якiя, на вашу думку, будуць галоўнымi. (Вучнi выбралi cловы гонар i любоў .)

- Прыгадайце эпiзоды з кнiгi, якiя выклiкалi ў вас гэтыя пачуццi.

(1. Чытаючы радкi пра гiстарычнае мiнулае маей краiны, я адчуў гонар за сваiх продкаў ; 2. А я люблю родныя краявiды. Гэтае ж пачуццё ўвасоблена ў творы В.Вольскага.)



V.Разрыў.

Настаўнік. (Слайд4) Віталь Вольскі-(1901- 1988)-нарадзіўся будучы пісьменнік у Пецярбузе, але воляю лёсу ён трапляе на Беларусь, дзе змагаецца супраць белапалякаў. Менавіта ў гэты час яму палюбіўся беларускі народ і прырода Беларусі.Ён на ўсё жыццё застаецца ў нашым краі. Тут ён становіцца вядомым пісьменнікам.

В.Вольскі шмат падарожнічаў. Ён даследаваў прыроду Белавежскай пушчы, Бярэзінскага запаведніка, Палесся.Па напісаных ім сцэнарыях пастаўлены навукова- папулярныя фільмы “Белавежская пушча”, “Бярэзінскі запаведнік”.

Віталь Вольскі паказвае ў сваіх кнігах, што наша зямля, нашы птушкі і звяры, лясы і балоты такія ж незвычайныя, чым іншыя.

VI. Самаканструкцыя. Сацыяканструкцыя. Сацыялiзацыя.

Вучнi працуюць у групах.

Спачатку праводзiцца абарона выкананых заданняў . Пасля абароны праекта кожная група атрымлiвае дадатковыя пытаннi.

1 група. « Даследчыкi-географы »

Ахарактарызуйце геаграфiчнае становiшча краiны, клiмат, рэльеф, прыроду. Прааналiзуйце iх уплыў на развiццё краiны.



Прыкладны адказ

Беларусь-месца, дзе сустракаюцца памiж сабою Усход і Захад, Поўнач і Поўдзень. Яна – цэнтр Еўропы. Да ледавiка клiмат тут быў вельмi цёплы. Цяпер ён памяркоўны. Зiма - не вельмi халодная, лета- не вельмi гарачае. Паветра- свежае, у меру вiльготнае. Адчуваецца ўплыў Балтыйскага мора- яно не так ужо i далёка. Рэльеф мясцовасцi хвалiсты: лясiстыя ўзгоркi і нiзiны з палямi і лугамi, шматлiкiя рэчкi і азёры і балаты, векавыя пушчы. Клiмат і раслiннасць,уласцiвыя сённяшняй Беларусi , устанавiлася тут каля дваццацi тысяч гадоў назад. Разнастайны жывёльны свет краiны. Некалi тут у вялiкай колькасцi жылi маманты, дзiкiя конi, насарогi, зубры.Змена клiмату і паляванне на iх першабытных людзей прывяло да знiшчэння гэтых жывел. Зуброў засталося вельмi мала. У нашы днi яны жывуць пад аховай чалавека, у запаведнiку. Распаўсюджаны аленi, ласi, ваўкi. Сустракаюцца мядзведзi, рысi, бабры. Многа ў Беларусi птушак: гусi, качкi, кнiгаўкi, кулiкi, вароны, буслы i iнш. Прыродныя ўмовы тут спрыяльныя для развiцця малочна-мясной жывелагадоўлi i вырошчвання хатняй птушкi, рыбнай гаспадаркi. Выдатна родзяць у нас бульба i лён-даўгунец. Развiта дрэваапрацоўчая вытворчасць.



Дадатковыя пытаннi

1. Якiмi прыроднымi рэсурсамi багата наша краiна? (Прыроднымi багаццямi нашай краiны з`яўляюцца торф, калiйныя солi, каменныя солi, мармур, гранiт, нафта, лес, вада, зямля.)

2. Назавiце раслiны i жывёл, якiя занесены ў Чырвоную кнiгу Беларусi. (Слайд 5) (Зубр, чорны бусел, венерын чаравiчак, белы гарлачык i iнш.)

3. Якiмi сучаснымi дасягненнямi ганарыцца краiна? ( Вiзiтнай карткай Беларусi на мiжнароднай арэне з‘яўляюцца калiйныя ўгнаеннi, трактары, велiкагрузныя аўтамабiлi МАЗы, БЕЛАЗы, тралейбусы, вырабы электронiкi, радыётэхнiкi. У Брэсце створана першая ў Беларусi свабодная эканамiчная зона.) (Слайд 6)



2 група. « Даследчыкi-мовазнаўцы »

Стварыце сiнанiмiчны рад назваў нашай краiны. Абгрунтуйце свае адказы.



Прыкладны адказ

Сiнанiмiчны рад: Беларусь, Белая Русь, Радзiма, Бацькаўшчына, Айчына, Спадчына, родны край.

Ёсць некалькi варыянтаў паходжання назвы «Беларусь». Першы: белыя адзеннi даўнiх вясковых людзей, белыя iхнiя валасы, белы колер скуры.(Слайд 7) Другi: калi на старажытныя славянскiя землi прыйшлi татара-манголы – здолелi адбiцца ад iх амаль адны толькi мы. Мы адбiлiся. I менавiта таму мы «белая», «чыстая ад нашэсця татараў» Русь. У «Падарожжы па краiне беларусаў» В. Вольскi тлумачыць значэнне гэтага слова як `вольная` .

Радзiма, родны край – бо тут мы нарадзiлiся. Тут жывуць родныя нам людзi: бацькi, браты, сёстры, бабулi, дзядулi. Тут жылi нашы продкi. Гэта наш род. Род i народ яднаюцца ў адным дарагiм слове- Радзiма.

Бацькаўшчына – бо яна дасталася нам ад бацькоў нашых. А iм ад iх бацькоў – нашых дзядоў. А далей – ад прадзедаў, ад прапрадзедаў… I так аж да самых далёкiх продкаў.

Айчына – краiна, у якой нарадзiўся чалавек i грамадзянiнам якой ён з`яўляецца (паводле тлумачальнага слоўнiка).

Спадчына – 1. Маёмасць, якая пасля смерцi яе ўладальнiка пераходзiць да новай асобы. 2. З`явы культуры, быту, якiя засталiся ад папярэднiх эпох, дзеячаў (паводле тлумачальнага слоўнiка).

Дадатковыя пытаннi

1. Як вы лiчыце, чвму В.Вольскi выкарыстаў у назве сваёй кнiгi выраз «краiна беларусаў »? (Бо яна ўсебакова адлюстроўвае змест твора. У «Падарожжы…» В.Вольскi апiсаў мiнулае i сучаснасць нашай краiны, знакамiтых людзей i родныя краявiды, стварэнне рэспублiкi i яе станаўленне).

2. Якое значэнне назве «Беларусь» надаецца ў наш час? (Вольная, суверэнная, незалежная краiна.)

3. Што патрабуецца ад народа, краiна якога носiць такое высакароднае iмя? (Мы павiнны валодаць вялiкай адказнасцю i ўменнем жыць у згодзе з многiмi народамi.)

3 група. « Даследчыкi – археолагi »

Правядзiце даследаванне паселiшчаў усходнеславянскiх плямён, з якiх у працэсе гiстарычнага развiцця склаўся беларускi народ. Пакажыце на карце прыблiзнае рассяленне плямён.



Прыкладны адказ

(Слайд 8) Дрыгавiчы – гэта людзi, якiя жывуць на дрыгве. Ад балоцiстай мясцовасцi яны i атрымалi сваё iмя. Сярод дзiкiх лясоў па берагах Прыпяцi, а таксама Бярэзiны i iншых рэчак раскiнулiся мiж глыбокiх азёр i дрыгвяных балот аж да вытокаў Нёмана паселiшчы племенi дрыгавiчоў. Дрыгавiчы мелi такiя гарады, як Пiнск, Мазыр, Брэст, Слуцк, Рэчыца, Рагачоў. Галоўны ж над усiмi дрыгавiцкiмi гарадамi – Тураў, цэнтр княства Тураўскага.

Па берагах Сожа жыло племя радзiмiчаў. Паводле старажытных паданняў, назва племенi паходзiць ад родапачынальнiка Радзiма. Племя радзiмiчаў значна меншае за племя дрыгавiчоў . Свайго ўласнага княства яно не мела. Сярод дрымучых лясоў размясцiлiся невялiкiя вёскi. Цяпер гэта гарады Гомель, Чэрыкаў, Чачэрск, Слаўгарад. Па некаторых паданнях, цэнтрам радзiмiчаў было мястэчка Радомля.



Крывiчы – самае магутнае i шматлiкае з усходнеславянскiх плямён. Назва паходзiць, мабыць, ад слова «кроў ». Крывiчы – сваякi па крывi. Паселiшчы крывiчоў раскiданы ў прыгожай i маляўнiчай мясцовасцi па ўзвышаных берагах Заходняй Дзвiны i па верхнiм цячэннi Дняпра. Зямля тут не такая вiльготная i балоцiстая, як на Палессi, i таму заселена больш густа. Жылося крывiчам лягчэй, чым дрыгавiчам i радзiмiчам. Галоўны цэнтр крывiчоў – вялiкi i слаўны горад Полацк. Таму i княства сваё яны называлi палачанамi, бо першыя iх паселiшчы ўзнiклi на рацэ Палаце, прытоку Дзвiны. Шмат гарадоў у Полацкiм княстве: Вiцебск, Барысаў , Лагойск, Орша. (Паведамленне суправаджаецца паказам мясцiн на карце).

Дадатковыя пытанні

  1. Якія народы складаюць насельніцтва Беларусі ў наш час? (Па апошніх звестках насельніцтва Беларусі складае каля 10 мільёнаў чалавек. З іх 80℅ - беларусы, астатнія – рускія, украінцы, палякі і інш.)

  2. Этнографы вызначаюць наступныя рысы характару нашага народа: працавітасць, вынослівасць, міралюбівасць, цярплівасць, любоў да прыроды, любоў да Радзімы. Што вы можаце да гэтага дадаць? (Гасціннасць, мужнасць, памяркоўнасць). (Слайд 9)

  3. Якую найважнейшую рысу вы лічыце абавязкам захаваць і перадаць сваім дзецям? (Любоў да Радзімы). (Слайд 10)

  1. Група “Даследчыкі - гісторыкі”

  1. УСЯСЛАЎ ЧАРАДЗЕЙ- (Слайд 11 )

У 1067 г. Мінск належаў полацкаму князю Усяславу Чарадзею. Вялікай славай карыстаўся гэты князь сярод сваіх сучаснмкаў.Жыццё Усяслава поўнае прыгод і подзвігаў. Розум, энергія і знаходлівасць, з якімі ён абараняў сваё княства, яго уменне знайсці выхад з самых цяжкіх і складаных абставін здзіўляюць людзей, робяць моцнае ўражанне на ворагаў. Поспехі Усяслава, яго спрытнасць і рашучасць людзі лічаць чараўніцтвам.У народзе хадзілі чуткі, быццам князь Усяслаў мог абярнуцца ў рысь ці ваўка і блукаць уначы па дарогах.

ГРУНВАЛЬДСКАЯ БІТВА. (Слайд 12 ) У 1409 г. пачалася так званая “Всемирная война” паміж Польшчай і ВКЛ з аднаго боку і Тэўтонскім ордэнам – з другога. Каля сяла Грунвальд(што ў Польшчы) 15 ліпеня 1410 г. адбылася рашучая бітва, у якой крыжаносцы былі ўшчэнт разбіты. Бой пачаўся залпам ордэнскіх гармат. З гучнымі баявымі крыкамі кінуліся воіны на ворага. Шэрагі сутыкнуліся. Ламаліся коп’і, грымелі даспехі.Забітыя не падалі на зямлю. Сціснутыя з усіх бакоў, яны рухаліся разам з жывымі. Коні тапталі людзей. Атрады Вітаўта злучыліся з польскімі атрадамі, акружылі крыжаносцаў і знішчылі іх.

Дадатковыя пытанні

  1. Назавіце імёны знакамітых людзей мінулага і сучаснасці. (Слайд 13-17 ) (Е. Полацкая, Ф. Скарына, М.Гусоўскі, Кастусь Каліноўскі, Ігнат Дамейка, Я. Купала, Я. Колас, М. Багдановіч, Пётр Клімук, Ул. Кавалёнак).

  2. Кім ганарыцеся вы? (Ксенія Сітнік, Руслан Алехно, Дз. Калдун, браты Багдановічы). (Слайд 18-20 )

  3. Фарбы якога колеру вам спатрэбіліся, калі зрабіць зарысоўкі да нарысаў В.Вольскага? (Зялёны – колер жыцця і прыроды; белы- колер чысціні, незалежнасці; жоўты- колер сонца, хлеба; блакітны – колер кветак ільну, рэк і азёр; чырвоны – колер беларскага арнаменту, крыві; чорны – колер чарнобыльскай катастрофы). (Вучні паказваюць свае малюнкі і тлумачаць).

V III. Творчасць.

Настаўнік. В. Вольскі закончыў свой твор такімі словамі:”Калі б мы з вамі надумалі праз некалькі гадоў пусціцца зноў у падарожжа па знаёмых мясцінах, то шмат чаго, напэўна, і не пазналі б…” Давайце і мы паглядзім, як змянілмся некаторыя гарады і мястэчкі. (Слайд 21-27). Адкажыце,дзякуючы каму цяпер горад Асіповічы стаў вядомы? (Слайд 28)

Напішыце міні – сачыненне на тэму “Якім я ў’яўляю будучае маёй краіны”.



IХ . Афішаванне.

Вучні па жаданні зачытваюць свае сачыненні.



Х. Рэфлексія.

Настаўнік. У пачатку ўрока мы вызначылі галоўныя словы – любоў, гонар. Дапоўніце іншым словам. (будучыня).

Закончыце сказ: “Я сёння на ўроку даведаўся…”(Слайд 29)



ХI. Выстаўленне адзнак (Слайд 30)


База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка