Урока беларускай мовы "Правапіс састаўных колькасных лічэбнікаў, лічэбнікаў нуль тысяча, мільён, мільярд"



Дата канвертавання09.07.2016
Памер60.52 Kb.
ТыпУрок
План-канспект урока беларускай мовы “Правапіс састаўных колькасных лічэбнікаў, лічэбнікаў нуль тысяча, мільён, мільярд”, або “Знаёмства з паэзіяй Аркадзя Куляшова”

6 клас, 2013-2014 навучальны год

  1. этап. Вітанне, вызначэнне мэтаў урока. (7 хвілін)

Настаўнік зачытвае верш-вітанне.

Вітанне

Вас сёння рады зноў убачыць я,

Ізноў у нас адбудзецца вандроўка,

Трымацца будзем разам, як сям’я,

Адной камандай будзем зноўку!

Юнацкі ваш запал не згасне,

Вы пераможаце, калі на ўсё

Адказы знойдзеце і самы лепшы

Самім сабе настрой дасцё!

Настаўнік: “Чаму я пачаў урок з верша?” Бо сёння матэрыял у нас незвычайны – вершы, з дапамогай якіх мы будзем працягваць вывучэнне лічэбніка”.

Настаўнік зачытвае тэму і прапануе вучням вызначыць мэты ўрока, дапісаўшы фразы: я даведаюся…, я навучуся…, я буду ведаць…

Прыкладныя мэты ўрока, вызначаныя вучнямі з дапамогай настаўніка (запісваюцца на дошцы, вучні прапісваюць іх у сшыткі):


  • даведаюся, што такое састаўны колькасны лічэбнік;

  • навучуся скланяць састаўныя колькасныя лічэбнікі;

  • буду ведаць, чым адрозніваюцца ад іншых лічэбнікаў словы нуль, тысяча, мільён, мільярд.

Пасля вызначэння мэтаў урока настаўнік прапаноўвае вучням крытэрыі ацэнкі – НаШтоБуЗУ (на што будзем звяртаць увагу):

  1. выпішу з вершаў састаўныя колькасныя лічэбнікі;

  2. правільна праскланяю састаўныя колькасныя лічэбнікі:

  3. дам граматычную характарыстыку словам нуль, тысяча, мільён, мільярд.

  1. этап урока. Актуалізацыя ведаў. (8 хвілін – 15 агулам)

Настаўнік: “Але перад тым, як прыступіць да вывучэння новай тэмы і працы з вершамі, давайце згадаем, што мы ведаем пра лічэбнік як часціну мовы. Для гэтага я прапаную Вам выканаць невялікі тэст” (гл. дадатак 1).

Вучні выконваюць тэст, а потым даюць суседзям на праверку. Вынікі працы дзеці паказваюць з дапамогай методнікаў.

Настаўнік адказвае на пытанні дзяцей, удакладняе незразумелыя моманты.
3 этап. Аперацыйна-пазнавальны (15 хвілін – 30 агулам)

Пачнём вывучэнне новага матэрыялу. І вывучаць яго мы будзем з дапамогай вершаў і біяграфіі народнага паэта Беларусі Аркадзя Куляшова. Чаму менавіта вершы А.Куляшова я ўзяў для працы на гэтым уроку?



Вучні адказваюць, што сёлета адзначаецца 100-годдзе з дня нараджэння паэта.

І вось гэтыя радкі з верша народнага паэта, дзе ён гаворыць пра сябе:

Мне кожны год, нібы жыццём другім,

Жыць у дваццаты век наш давялося...

Я — акіяну жытняга калоссе:

Мільёны лёсаў змешчаны ў маім,

Яшчэ да дна не вычарпаным,

лёсе.

Настаўнік: “Знайдзіце тут колькасны лічэбнік. Правільна, мільёны, а ў якім ліку стаіць гэтае слова? Ці мае лічэбнік катэгорыю ліку? А таму паспрабуйце адказаць на наступнае пытанне: Ці з’яўляюцца словы нуль, тысяча, мільён, мільярд лічэбнікамі? (прыём “Ключавое пытанне”). Прапаную Вам варыянты адказаў:

А) гэта лічэбнікі;

Б) гэта назоўнікі;

В) гэтыя словы могуць быць і лічэбнікамі, і назоўнікамі;

Г) ваш адказ”.

Вучні працуюць у парах, потым прапаноўваюць свае версіі адказу на дадзенае пытанне з дапамогай методнікаў.



Настаўнік: “Правільны адказ – В, паколькі гэтыя словы могуць быць як лічэбнікамі, так і назоўнікамі, бо яны таксама маюць катэгорыю ліку і роду. Хачу звярнуць Вашу ўвагу на скланенне састаўных колькасных лічэбнікаў (настаўнік гаворыць пра асаблівасці скланення падобных лічэбнікаў, скіроўвае вучняў да старонак падручніка з адпаведным правілам). Зараз я хачу прапанаваць Вам прачытаць урыўкі з вершаў А. Куляшова (гл. дадатак 2), знайсці ў іх колькасныя лічэбнікі, вызначыць сярод апошніх складаныя колькасныя лічэбнікі і праскланяць іх”. Два чалавекі працуюць за дошкай, потым вучні з настаўнікам правяраюць правільнасць напісанага.

  1. этап. Праверка разумення і карэкцыя ведаў. (8 хвілін – 38 агулам)

Настаўнік: А цяпер прачытайце словы дачкі паэта Валянціны Куляшовай, свазаныя ёй пра творчасць свайго бацькі.

Бацька пачаў друкавацца ў дванаццаць год і да такой ступені выкарыстаў шэсцьдзясят чатыры гады жыцця, што стан творчасці стаў для яго адзіным арганічным існаваннем. У вершы “Бывай”, шырокавядомым дзякуючы песняроўскай “Алесі”, Куляшоў апяяў першае каханне - дзяўчыну з роднай вёскі. Пачуццё было юнацкім, аднак пасля пяцідзесяці год расстання яны зноў пачалі ліставацца”.



Настаўнік: “Мы ведаем, што лічэбнікі змяняюцца па склонах, а пры скланенні састаўных колькасных лічэбнікаў у іх змяняюцца ўсе словы. Для таго, каб праверыць, наколькі добра Вы засвоілі правапіс лічэбнікаў, прапаную Вам выпісаць з гэтай цытаты састаўны лічэбнік і праскланяць яго, а ў ніжэйпрыведзеным урыўку з верша А. Куляшова знайсці слова, якое з’яўляецца лічэбнікам, але мае прыметы назоўніка, выпісаць яго, назваўшы прыметы, якія збліжаюць дадзенае слова з назоўнікам”.

Пазбавіўшы ад грознага відовішча

Свет, не дазволю я, каб дым і пыл

Зямлю ператварылі ў бамбасховішча,



Мільярд прапісак – у маўклівы прысак,

Мільярд калысак – у мільярд магіл.

Настаўнік раздае вучням правільныя адказы і прапаноўвае з дапамогай методнікаў ацаніць ступень дасягнення вучнямі пастаўленых мэтаў: “Цяпер прапаную Вам зверыцца з правільнымі адказамі і ацаніць эфектыўнасць сваёй працы на ўроку”.



5. Рэфлексія і дамашняе заданне (7 хвілін – 45 агулам)

Настаўнік дзякуе вучням за працу, дае кароткую характарыстыку іх працы і гаворыць: “А цяпер, каб мы маглі падсумаваць зробленае Вамі на гэтым уроку, я прапаную Вам дапісаць сказы:



Сёння я даведаўся, што…

На гэтым уроку я навучыўся…

Пасля гэтага ўрока я адчуваю…”

Вучні дапісваюць сказы, пасля выбарачна зачытваюць іх.

Настаўнік: “А скончыць наш урок мне хацелася б таксама вершам Куляшова, які стаў візітнай карткай паэта і быў пакладзены на музыку знакамітым ансамблем “Песняры”.

Вучні слухаюць песню “Алеся” на словы А. Куляшова.

Дамашняе заданне: падлічыць, колькі радкоў і слоў у вершы, запісаць атрыманыя лічэбнікі і праскланяць іх, а таксама скласці з гэтамі лічэбнікамі сказы або верш (чатырохрадкоўе).

Дадатак 1 Тэст па тэме “Лічэбнік як часціна мовы”

1. Лічэбнік — часціна мовы, якая абазначае...

а) прадмет;

б) дзеянне прадмета;

в) колькасць прадметаў, лік, парадак прадметаў пры лічэнні.

2. Лічэбнік адказвае на пытанні...

а) хто? што?

б) што рабіць? што зрабіць?

в) колькі? які? (каторы?)

3. Вызначце разрады лічэбнікаў паводле складу: просты (1), складаны (2), састаўны (3). Пастаўце ў дужках адпаведную лічбу.

а) дванаццаць ( ); г) пяцьдзясят ( );

б) дванаццаты ( ); д) сорак сёмы ( ).

в) семсот ( );

4. Пазначце лічэбнікі.

а) дзвесце; г) другі;

б) двойка; д) падвоіць;

в) двайны;

5. Якія лічэбнікі абазначаюць лік або колькасць прадметаў і адказваюць на пытанне колькі?

а) колькасныя;

б) зборныя;

в) парадкавыя.

Правільныя адказы: 1) В; 2) В; 3) а1, б1, в2, г2, д3; 4) А, Г; 5) А.
Дадатак 2: “Знаёмства з паэзіяй Куляшова”

***


Праз дзесяць год ты з'явішся з-за хмары,

Закончыўшы касмічны свой палёт,

А на зямлі, па вылічэнню мары,

Гадоў міне не менш як васемсот.

***

Хто ты? Абраннік лёсу выпадковага?



Ці, можа, ты — пад лічбай шэсцьдзясят,

Ад пакалення нашага вайсковага

На пік стагоддзя кінуты дэсант?

***


Маёй рукой пасаджанай бярозе

Гадоў якіх праз сорак, сорак пяць



Не пры глухой дарозе красаваць,

А ў будучага веку на парозе.
: wp-content -> uploads -> 2014
2014 -> Н о в ы й з а в е т перевод на западнополесский говор
2014 -> І. І. Паўлоўскі беларускае красамоўства
2014 -> Намеснік Міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь
2014 -> Каб стварыць новы артыкул, можна пайсці па чырвонай спасылцы
2014 -> Міхал Амельянчук
2014 -> Касацыйная скарга
2014 -> Хадайніцтва №1 Просім суд далучыць да справы: апошняе Рашэньне кпч аан «Палякоў супраць Беларусі»
2014 -> Информация о контактных телефонах (в рабочие и выходные дни) некоторых загранучреждений Республики Беларусь для оперативного решения вопросов




База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка