Установа адукацыі «Беларускі дзяржаўны эканамічны універсітэт»



Дата канвертавання24.12.2016
Памер287.04 Kb.


Установа адукацыі «Беларускі дзяржаўны эканамічны універсітэт»




ЗАЦВЯРДЖАЮ

Рэктар Установы адукацыі «Беларускі дзяржаўны эканамічны універсітэт»

________________ У. М. Шымаў

«______» _____________ 2014 г.

Рэгістрацыйны № УД________/баз.


ПОМНІКІ ГІСТОРЫІ І КУЛЬТУРЫ

Вучэбная праграма ўстановы вышэйшай адукацыі па вучэбнай дысцыплине

для спецыяльнасці
1-25 01 13 «Эканоміка і кіраванне турыстычнай індустрыяй»

2014


СКЛАДАЛЬНІК:

Самусік А.Ф., дацэнт кафедры эканамічнай гісторыі Установы адукацыі «Беларускі дзяржаўны эканамічны універсітэт», кандыдат гістарычных навук, дацэнт.
РЭЦЭНЗЕНТЫ:

Ерашэвіч А.У., дацэнт кафедры паліталогіі Установы адукацыі «Беларускі дзяржаўны эканамічны універсітэт», кандыдат гістарычных навук, дацэнт.

Доўнар А.Б., загадчык аддзела крыніцазнаўства і археаграфіі Дзяржаўнай навуковай установы «Інстытут гісторыі» Нацыянальнай Акадэміі Навук Беларусі, кандыдат гістарычных навук.

РЭКАМЕНДАВАНА ДА ЗАЦВЯРДЖЭННЯ:
Кафедрай эканамічнай гісторыі Установы адукацыі «Беларускі дзяржаўны эканамічны універсітэт»

(пратакол № 8 ад 8 красавіка 2014 г.);


Навукова-метадычным саветам Установы адукацыі «Беларускі дзяржаўны эканамічны універсітэт»

Пратакол № __ ад __________ 2014 г.


Адказны за рэдакцыю: Самусик А.Ф.


Адказны за выпуск: Самусік А.Ф.

ТЛУМАЧАЛЬНАЯ ЗАПІСКА
Прадметам вывучэння дысцыпліны “Помнiкi гiсторыi i культуры” з`яўляецца сукупнасць матэрыяльных i духоўных каштоўнасцяў створаных беларускiм народам за ўсю сваю шматвекавую гiсторыю. Ён скіраваны на паглыбленне ведаў студэнтаў аб гісторыі і культуры сваёй Радзімы, разуменне яе важнага месца ў рамках еўрапейскай цывілізацыі, развіццё ў іх пачуцця патрыятызма і гонару за слаўнае мінулае Беларусі.

Мэта выкладання вучэбнай дысцыплiны вызначана ў трывалым вывучэнні ўсяго комплекса айчынных матэрыяльных і духоўных каштоўнасцей, вызначэння іх сутнасці і спецыфікі, а таксама шляхоў выкарыстання ў турысцкай справе.

Задача вывучэння вучэбнай дысцыплiны заключаецца ў дасягненні ў студэнтаў дакладнага разумення сутнасці і спецыфікі айчыннай гісторыка-культурнай спадчыны праз параўнальна-гістарычны аналіз працэса яе фармавання ў кантэксце эвалюцыі агульнаеўрапейскай цывілізацыйнай прасторы.

У выніку вывучэння дысцыпліны студэнты павінны:

ВЕДАЦЬ:


    • перыядызацыю развіцця айчыннага дойлідства і мастацтва;

    • характэрныя рысы асобных стыляў;

    • адметнасці айчыннай гісторыка-культурнай спадчыны;

    • сучасны стан помнікаў.

УМЕЦЬ:

  • самастойна ахарактарызаваць найбольш важныя асаблівасці асобных шэдэўраў архітэктуры і мастацтва;

  • згрупіраваць іх па стылявых,тыпавых адметнасцях і гісторыка-геаграфічных прызнаках;

  • прааналізаваць адметнасці эвалюцыі ў Беларусі асобных культурных традыцый;

  • абгрунтаваць свае высновы па тых ці іншых аспектах працэса фарміравання айчыннай гісторыка-культурнай спадчыны.

МЕЦЬ НАВЫКІ:

  • самастойнага вывучэння асобных помнікаў гісторыі і культуры з вызначэннем іх значэння і перспектыў;

  • аналізу гістарыяграфіі па тэме курса;

Дысцыпліна “Помнiкi гiсторыi i культуры” прадугледжвае ўсяго гадзін – 134, з іх аўдыторных гадзін – 52 (лекцыі – 26, практычныя заняткі – 26). Рэкамендаваная форма кантроля – экзамен.

ПРЫКЛАДНЫ ТЭМАТЫЧНЫ ПЛАН




Назва тэмы

Аўдыторныя заняткi


Усяго

Лекцыi

Семiнары


1.

Агульная характарыстыка курса «Помнікі гісторыі і культуры”

2

2

-


2.

Дакументальныя помнiкi Беларусі

2

2

-


3.

Этнаграфiчныя помнiкi Беларусі

4

2

2


4.

Помнiкi першабытнага ладу на тэрыторыi сучаснай Беларусi

2

-

2


5.

Помнікі дойлiдства i мастацтва Беларусi

IX - XIII ст.



4

2

2


6.

Раманскi стыль у помнiках Беларусi

4

2

2


7.

Помнiкi готыкi ў Беларусi

4

2

2


8.

Помнікі перыяду Адраджэння (Рэнесанса) у Беларусi

4

2

2


9.

Барока і ракако ў помніках Беларусi

4

2

2


10.

Помнікі класiцызму ў Беларусi канца

4

2

2


11.

Помнікі рамантызму ў Беларусі

4

2

2


12.

Эклектыка і мадэрн у айчынных помніках


13.

Развіццё айчыннай архiтэктуры i мастацтва ў міжваенны перыяд

4

2

2


14.

Вялiкая Айчынная вайна у помнiках i мемарыялах

2

-

2


15.

Помнiкi архітэктуры i мастацтва Беларусi пасляваеннага перыяду

4

2

2


16.

Мемарыялы і памятныя мясціны, звязаныя з гістарычным мінулым Беларусі

4

2

2

Усяго

52

26

26


ЗМЕСТ ДЫСЦЫПЛІНЫ
Тэма 1. АГУЛЬНАЯ ХАРАКТАРЫСТЫКА КУРСА

«ПОМНІКІ ГІСТОРЫІ І КУЛЬТУРЫ”
Прадмет курса “Помнiкi гiсторыi i культуры”. Мэта i задачы вучэбнай дысцыплiны. Месца курса ў сiстэме гуманiтарных навук i яго роля ў фармiраваннi прафесiйнай культуры будучых эканамiстаў-прадпрымальнiкаў у сферы гасцiнiчнага бiзнэса i турызма.

Гісторыка-культурная спадчына як элемент дзяржаўнай ідэалогіі і патрыятычнага выхавання у Рэспубліке Беларусь. Фактары, аказваючыя ўплыў на станаўленне “патрыятычных ідэалаў”. Сутнасць выхавання сапраўднага грамадзяніна на сучасным этапе.

Перыядызацыя i структура курса. Агульная характарыстыка крынiц i лiтаратуры па тэме. Класiфiкацыя помнiкаў гiсторыi i культуры Беларусi. Мiнулае айчыннага краязнаўства. Вывучэнне гiстарычнай спадчыны як кiрунак адраджэння айчыннай культуры.

Фармiраванне юрыдычна-прававой базы па выяўленню, ахове, рэстаўрацыi i выкарыстанню помнiкаў гiсторыi i культуры Беларусi. Закон Рэспублiкi Беларусь “Аб ахове гiсторыка-культурнай спадчыны” ад 13 лiстапада 1992 г. (з дапаўненнямі 1995 і 1998 гг.). Айчынныя помнікі ў Спісе сусветнай спадчыны ЮНЭСКА і Нацыянальнай праграме развіцця турызма на 2006-2010 гг.


Тэма 2. ДАКУМЕНТАЛЬНЫЯ ПОМНІКІ БЕЛАРУСІ
Першыя упамiнаннi пра насельнiцтва старажытнай Беларусi. Герадотавы андрафагi, неўры і будзіны. “Дзеяння данаў” Саксана Граматыка. “Аб кіраванні імперыяй” Канстанціна Барвянароднага.

Умовы з`яўлення мясцовых рукапiсных дакументальных помнiкаў у 11-12 ст. Тэхнiка i тыпы пiсьма. Мiнiяцюры i iнiцыялы. Уплыў Вiзантыi i Заходняй Еўропы. Кiрылiца i глаголiца. Дзейнасць у Беларусi першых скрыпторыяў i бiблiятэк (Полацк, Тураў). Летапiсы як найбольш старажытныя дакументальныя помнiкi па гiсторыi першых беларускiх княстваў. “Аповесць мiнулых гадоў”. “Слова аб палку Ігаравым”. Сувязь з народнымi паданнямi. Тэндэнцыйнасць апiсання падзей. Фармiраванне летапiсных зводаў. Iх сiнкрэтычны характар. Лёс Полацкага летапiса. Каштоўнасць летапiсных звестак для сучасных гiсторыкаў. Лiтаратурная спадчына, звязаная з жыццём i дзейнасцю Ефрасiннi Полацкай i Кiрылы Тураўскага. Тураўскае, Мсцiслаўскае i Аршанскае евангеллi як дакументальныя помнiкi старажытнай Беларусi. Берасцяныя граматы (Вiцебск, Мсцiслаў).

Прычыны узнiкнення летапiсання ў ВКЛ. Фармiраванне дзяржаўнай iдэалогii i нацыянальнай iдэi ў “Летапiсцы вялiкiх князёў лiтоўскiх”, Беларуска-лiтоўскiм летапiсу 1446 г., i Хронiцы ВКЛ. Крызiс айчыннага летапiсання ў XVI - XVII ст. Хранографы як першыя гiстарычныя энцыклапедыi. Летапiсы гарадоў i вёсак Беларусi (Вiцебскi, Баркулабаўскi летапiсы). Афiцыйныя дакументы часоў ВКЛ як дакументальныя помнiкi (Лiтоўская метрыка, Статуты ВКЛ). З`яўленне першых дзяржаўных i прыватных архiваў на беларускiх землях. Дакументальная спадчына М. Гусоўскага, Я. Вісліцкага, Ф. Скарыны, А. Рымшы, С. Буднага i В. Цяпінскага. Дыярыушы Ф. Еўлашоўскага i А. Фiлiповiча. Публіцыстычная і палемічная літаратура. Запiскi замежных падарожнiкаў (С. Герберштэйн, М. Варкач). Мясцовыя арабскiя рукапiсныя кнiгi - унiкальныя дакументальныя помнiкi Беларусi.

Асаблiвасцi дакументальных помнiкаў Беларусi ХIХ - пачатку ХХ ст. Дзённiкi (Ю. Нямцэвіча, I. Дамейкi, I. Безбародкi, К. Толя). Нататкi падарожнiкаў. Беларусь у творах А. Міцкевіча і П. Шпiлеўскага. “Энэіда навыварат”. “Тарас на Парнасе”. Выданне дакументаў па гiсторыi Беларусi Археаграфiчнымi камiсiямi ў Пецярбургу i Вiльнi. Стварэнне публiчных бiблiятэк.

Дакументальныя помнiкi БССР. Тыпы i магчымасць выкарыстання. Успамiны Я. Коласа, М. Танка, У. Караткевiча, I. Шамякiна. Пераўтварэнне дзённiкаў у гiстарычныя раманы. Кiна-, фота- i фонадакументы. Стварэнне цэнтралiзаванай архiўнай сiстэмы. Сучасны стан архiваў Беларусi. Бiблiятэчная справа ў БССР i Рэспублiцы Беларусь.

Тэма 3. ЭТНАГРАФIЧНЫЯ ПОМНIКI БЕЛАРУСI

Прадмет i задачы этнаграфii. Асноўныя вiды i значэнне этнаграфiчных помнiкаў. Iх месца ў працэсе азнаямлення з побытам, культурай, светапоглядам беларусаў. Этапы станаўлення беларускай этнаграфiчнай навукi. Дзейнасць М. Нiкiфароўскага, Я. Карскага, В. Бандарчыка. Кiрункi дзейнасцi Iнстытута мастацтвазнаўства, этнаграфii i фальклору АН РБ на сучасным этапе.

Месца этнаграфiчных помнiкаў у музейных экспазiцыях Рэспублiкi Беларусь. Беларускi дзяржаўны этнаграфiчны музей “пад адкрытым небам”. Раўбiцкi Дзяржаўны музей беларускага мастацтва. Веткаўскi Дзяржаўны музей народнай творчасцi. Этнаграфiчныя экспазiцыi ў краязнаўчых музеях Беларусi.

Светапогляд беларусаў. Вытокі менталітэту. Уплыў дахрысціянскага перыяду. Адносіны да зямлі і прыроды. Народны этыкет. Земляробства i жывёлагадоўля як асноўныя заняткi беларусаў. Роля збiральнiцтва i палявання. Прылады працы беларусаў як этнаграфiчныя помнiкi. Народныя промыслы. Эвалюцыя народнага жылля на Беларусi. Вiды сельскiх паселішчаў. Тыпы сялянскiх сядзiб i iх характарыстыка. Унутраная планiроўка жылля. Мэбля. Упрыгожванне сялянскiх хат.

Нацыянальнае адзенне як важны этнаграфiчны помнiк. Аснова мужчынскага i жаночага гарнiтура. Перапляценне мясцовых і заходнееўрапейскіх традыцый. Асноўныя строi народнага адзення беларусаў. Эвалюцыя шляхецкага адзення на Беларусi. Гарадское i вясковае адзенне.

Роля народных абрадаў як састаўной часткi духоўнай культуры беларусаў. Вiды абрадаў. Iх сувязь з народнымi традыцыямi i хрысцiянствам. Сямейныя абрады. Калядныя святы. Масленiца. Вялiкдзень. Купалле. Дзяды. Народна-паэтычная творчасць беларусаў. Народныя музычныя інструменты, харэаграфічнае мастацтва. Гiсторыя станаўлення беларускай нацыянальнай кухнi. Беларускiя стравы. Уплыў еўрапейскай кухнi. Шляхецкiя застоллi. Традыцыi вiнакурэння.

Этнаграфічныя помнікі ў агратурызме, яго сутнасць і гісторыя ў Беларусі. Пацешна-забаўляльны комплекс “Альба” пад Нясвіжам. Летнія дачы. Сучасныя аграсядзібы і святы беларускага фальклору.

Тэма 4. ПОМНIКI ПЕРШАБЫТНАГА ЛАДУ

НА ТЭРЫТОРЫI СУЧАСНАЙ БЕЛАРУСI

Месца помнiкаў першабытнага ладу ў асвятленнi пачатковага этапу гiсторыi Беларусi. Перыядызацыя першабытнага ладу. Асноўныя тыпы помнiкаў, iх колькасць i рэгiянальнае размеркаванне. Паняцце “археалагічная культура”. Археалагічнае вывучэнне Беларусі (Т. Нарбут, З. Даленга-Хадакоўскi, Я. і К. Тышкевiчы, Е. Раманаў). Дасягненні савецкай археалагічнай навукі (К. Палiкарповiч, У. Ксяндзоў, В. Ляўко, А. Мiтрафанаў, Л. Побаль). Археалагiчная экспазiцыя ў Нацыянальным музеi гiсторыi i культуры Беларусi. Музей беларускага Палесся ў Пiнску. Музей валуноў у Мiнску.

Першапачатковае засяленне тэрыторыi сучаснай Беларусi ў каменны век. Найбольш старажытныя стаянкi каля в. Бердыж (Чачэрскi р-н) i Юравiчы (Калiнкавiцкi р-н). Першыя жылыя пабудовы. Арнамент як найбольш старажытнае сведчанне мастацкай творчасцi продкаў. Макра- i мiкралiты. Скульптурныя выявы людзей i жывёл. Неалiтычная рэвалюцыя. Удасканаленне прылад працы з крэмня. Крэмнездабываючыя Краснасельскiя шахты пад Ваўкавыскам. Неалiтычныя стаянкi каля в. Асавец (Бешанковiцкi р-н), Залессе (Чачэрскi р-н). Вылучэнне археалагiчных культур. Пашырэнне вырабу ўпрыгожванняў. Бурштын як першы прадмет абмену з суседнiмi плямёнамi.

Асаблiвасцi бронзавага веку на тэрыторыi сучаснай Беларусi. Удасканаленне прылад працы i вырабаў з глiны. Ускладненне арнаменту i ўпрыгожванняў. Першыя праявы язычнiцтва ў археалагiчных помнiках. Паўночнабеларуская, сярэднядняпроўская, тшцiнецкая архалагiчныя культуры.

Жалезны век. Змены ў грамадскiм жыццi. Мiлаградская, банцараўская i зарубiнецкая археалагiчныя культуры. Іх адпаведнасць дакументальным крыніцам. З`яўленне гарадзiшчаў (тыпы, планiроўка). Рэшткi посуду i прылад працы. Праслiцы. Развiццё ювелiрнай вытворчасцi (фiбулы, скроневыя кольцы, пярсцёнкi). Язычнiцкiя iдалы (Шклоўскi, Слонiмскi) i каменныя бабы. Славянская каланiзацыя беларускiх зямель. Крывiчы, радзiмiчы i дрыгавiчы.

Тэма 5. ПОМНIКI ДОЙЛIДСТВА I МАСТАЦТВА

БЕЛАРУСI IХ - ХIII cтст.
Станаўленне феадальных адносiн у ўсходнiх славян. Полацкае i Тураўскае княствы - першыя дзяржавы на тэрыторыi сучаснай Беларусi. Узнiкненне першых беларускiх гарадоў (умовы, размяшчэнне, функцыi). Шлях “З вараг у грэкі”. Звесткі аб стварэнні першых айчынных гарадоў у летапісах. Паходжанне іх назваў.

Абарончыя умацаваннi. Планiроўка старажытнабеларускага горада. Вылучэнне дзядiнца, вакольнага горада i пасада. Фармiраванне вулiц i завулкаў. Гандлёвая плошча як цэнтр горада. Грамадзянскае будаўнiцтва. Археалагiчны музей “Бярэсце”.

Уплыў прыняцця хрысцiянства на матэрыяльную i духоўную культуру мясцовага насельнiцтва. Развiццё айчыннага храмавага мураванага дойлiдства. Крыжова-купальная канструкцыя храмаў (неф, апсiда, нартэкс). Полацкая школа дойлiдства i вежападобны храм як адметная яе асаблiвасць. Муроўка “са схаваным радам”. Полацкi Сафiйскi сабор. Храмы Бельчыцкага i Спаса-Ефрасiннеўскага манастыроў. Вiцебская Благавешчанская царква. Навагрудская Барысаглебская царква. Замкавая царква ў Мiнску. Гродзенская школа дойлiдства. Прычыны яе з`яўлення i характэрныя рысы. Галаснiкi. Гродзенскiя Каложская царква Барыса i Глеба, Нiжняя царква. Ваўкавыскi храм. Турава-Пінская архітэктурная школа.

Вiзантыйска-кiеўская аснова дэкаратыўнага мастацтва Беларусi i яе спалучэнне з народнымi традцыямi. Фрэскавы роспiс. Сiстэма роспiсу. Кампазiцыйныя часткi. Выявы святых, арнамент. Аздабленне фасадаў храмаў. Падлога храмаў з маёлiкавых плiтак. Фрэскi Полацкай Спаса-Праабражэнскай царквы (“Пакаянне Давiда”, “Васiль Вялiкi”, “Дэiсус”). Характэрныя рысы. Асаблiвасцi фрэскавага роспiсу Гродзенскай школы дойлiдства. Кнiжная графiка. Крыж Ефрасiннi Полацкай. Эмалі.


Тэма 6. РАМАНСКI СТЫЛЬ У ПОМНIКАХ БЕЛАРУСI
З`яўленне i развiццё ў Еўропе раманскага стыля. Яго характэрныя рысы. Перыядызацыя. Прычыны распаўсюджання стыля на беларускiя землi. Захаванне вiзантыйскiх традыцый.

Сутнасць тэрмінаў “данжон”, “кіп”, “бургфрыд”, “валынская вежа”. Узмацненне абарончых умацаванняў старажытнабеларускiх гарадоў у канцы ХII - ХIII ст. З`яўленне мураваных вежаў як найбольш важных элементаў абароны горада (Полацк, Тураў, Навагрудак, Гродна, Брэст). Дыскусійныя пытанні, звязаныя з імі. Драўляныя асобнастаячыя вежы (Мсціслаў, Радашковічы, Шклоў).

Элементы раманскага стыля ў культавым дойлiдстве. Пераемнасць традыцый Полацкай i Гродзенскай школы дойлiдства. Прычыны часовага спынення масавага будаўнiцтва мураваных храмаў. Міская замкавая царква.

Уплыў раманскiх рукапiсаў з гравюрамi Еўропы на выяўленчае мастацтва Беларусi. Фрэскi храма-пахавальнi Ефрасiннеўскана манастыра. Мiнiяцюры. Выявы святых, асаблiвасцi арнамента. Партрэтны сценапiс. Абразкi - помнiкi дробнай пластыкi. Адвольнасць прапорцый. Застрашаючыя матывы ў выяўленчым мастацтве. Зверыны стыль. Германскiя i французскiя помнiкi раманскага стылю ў Беларусi. Палiхромная драўляная скульптура. Шахматныя фігуркі.



Тэма 7. ПОМНIКI ГОТЫКI Ў БЕЛАРУСI

Паходжанне гатычнага стыля. Перыядызацыя. Адметныя рысы (стрэльчатыя аркi, нервюрныя скляпеннi, контрфорсы i iнш.). Асаблiвасцi ранняй, сталай i позняй готыкi. Сутнасць “інкастэляцыі” храмаў. Прычыны запаздалага прыхода готыкi на беларускiя землi.

Гатычныя элементы канструкцыi Камянецкай вежы, замкаў-кастэляў у Лiдзе i Крэва (Смаргонскі р-н). Пераўтварэнне гарадскiх дзядзiнцаў у гатычныя замкi (Гродна, Навагрудак, Вiцебск, Ворша) Эвалюцыя гатычнага замкабудавання - Мiр (Карэлiчскі р-н), Геранёны (Iўеўскі р-н), Дзяржынск, Іказнь (Браслаўскі р-н). Аркатурны фрыз як асноўнае ўпрыгожванне замкавых сцен. Байнiцы.

Змены ў пабудове храмаў. Перабудова старажытных храмаў у гатычным стылi (Полацкi Сафiйскi сабор, Навагрудская Барысаглебская царква). Зальны цi аднанефавы тып храма - праява готыкi ў культавай архiтэктуры. Выразны ўнутраны падзел на абарончую i культавую часткi. Лаканiчнасць форм. Каталiцкiя храмы ў Iшкальдзi (Баранавiцкi р-н), Усялюбе (Навагрудскi р-н), Геранёнах i Гнезна (Ваўкавыскi р-н) як характэрныя прыклады заходнееўрапейскай готыкi ў Беларусi. Готыка ў праваслаўным дойлiдстве - царквы-крэпасцi ў Сынкавiчах (Зельвенскi р-н) i Мураванке (Шчучынскi р-н). Упрыгожванне фасадаў шматлiкімi плоскiмi нiшамi. Захаванне вiзантыйскiх традыцый. Касцёл Iвана Хрысцiцеля ў Камаях (Пастаўскi р-н).

Аздабленне фасадаў храмаў у гатычным стылi. Падкрэсльванне пакут мучанiкаў. Вытанчаныя сiлуэты. Падоўжаныя прапорцыi фiгур. Дэталёвая размалёўка адзення. З`яўленне створкавых алтароў-рэтаблей. Дэкаратыўны характар гатычных скляпенняў. Партрэтны сценапiс. Уплыў вiзантыйскага i заходнееўрапейскага дэкору. Шматфiгурныя гравюры на бiблейскiя i гiстарычныя тэмы (Ф. Скарына). Паціры.
Тэма 8. ПОМНIКI ПЕРЫЯДУ АДРАДЖЭННЯ (РЭНЕСАНСА) У БЕЛАРУСI
Станаўленне ранняй буржуазнай культуры ў Еўропе. Яе пераемнасць з культурай сярэднявечча. Секулярызацыя навукi i культуры. Гуманiстычныя погляды на прыроду, чалавека i грамадства. Развiццё нацыянальнай самасвядомасцi. Рэфарматарскi рух. Ранняе, высокае i позняе Адраджэнне. Характэрныя рысы. Iтальянскае i “Паўночнае Адраджэнне”, iх уплыў на беларускiя землi. Сiнтэз з готыкай як асаблiвасць Рэнесанса ў Беларусi. Спрашчэнне архiтэктурных форм. Паўцыркульныя аконныя i дзвярныя праёмы.

Комплексная рэканструкцыя беларускiх населеных пунктаў згодна канцэпцыі “ідэальнага горада”. Перабудова Нясвiжа, Быхава, Слуцка і Рэчыцы. Вынясенне замка на мяжу горада. З`яўленне цэнтральнай вулiцы горада. Пабудова Новага горада з кварталамi i цэнтральнай плошчай (Мінск). Ратуша як сiмвал самакiравання горада (Нясвіж). Жыллёвае будаўнiцтва.

Уплыў iтальянскага i галандскага дойлiдства на замкавае будаўнiцтва Беларусi. Пераўтварэнне замкаў у палацава-замкавыя комплексы. Рэзідэнцыі каралевы Боны (Рагачоў, Мядзель). Пабудова палацаў у старых замках (Гродна, Мiр). Стара- і новаітальянская сістэмы фартыфікацыі. Замкi-палацы ў Нясвiжы, Гальшанах (Ашмянскi р-н), Заслаўi, Любчы (Навагрудскі р-н), Быхаве, Ружанах i Смалянах (Аршанскi р-н). Дамы-крэпасцi (Гайцюнiшкi, Воранаўскi р-н).

Перапляценне гатычных традыцый з Рэнесансам у храмавай архітэктуры (Мураванкаўская царква-крэпасць). Мураванае дойлiдства кальвiнскiх збораў - найбольш адметная праява эпохi Адраджэння ў Беларусi. Цэнтрычны тып храмаў. Тынкоўка храмаў. Захаванне абарончых элементаў у храмавым дойлiдстве. Заслаўскi, Койданаўскi, Смаргонскi зборы. Каплiцы (Быцень, Iвацэвiцкi р-н). Рэнесанс у каталіцкім і праваслаўным дойлiдстве (Новы Свержань, Стаўбцоўскi р-н). Быхаўская сiнагога.

Рэнесансавы рэалiзм у выяўленчым мастацтве. Сармацкi свецкi партрэт. Яго рэпрэзентатыўны характар. Памiнальны культ. Гравюры Ф. Скарыны і Т. Макоўскага. Адыход ад сярэднявечных канонаў у iканапiсу i фрэскавых размалёўках. Фармiраванне ярусных алтароў з парнымi скульптурамi. Складванне самабытнай Беларускай iканапiснай школы. Падкрэсліванне iндывiдуальных рыс бiблейскiх персанажаў. Аздабленне абразоў бытавымi i этнаграфiчнымi элементамi з пераўтварэннем фона ў архiтэктурны пейзаж. Святочная арнаментацыя абразоў. Маларыцкiя абразы. Надмагiльныя помнiкi i фамiльныя склепы ў касцёлах (Нясвiж, Гальшаны, Чарнаўчыцы).
Тэма 9. БАРОКА І РАКАКО Ў ПОМНIКАХ БЕЛАРУСI
Падставы для развiцця барока як вызначальнага стыля ў еўрапейскiм мастацтве канца XVI - XVIII ст. Узмацненне ўплыву каталiцкай царквы ў культуры Еўропы. Мастацкiя прынцыпы барока. Перыядызацыя. Характэрныя рысы ранняга, сталага i позняга барока. Самабытнасць беларускага барока. Захаванне традыцый готыкi i Адраджэння. Манаскiя ордэны як асноўныя распаўсюджвальнiкi стыля ў свеце. Ракако як адметная рыса крiзiсу феадалiзма. Фiласоўска-эстэтычная сутнасць стыля. Геданiстычнае светаўспрыманне. Антыкласiчная накiраванасць ракако. “Галламанiя” у Рэчы Паспалiтай.

Гарадское грамадскае будаўнiцтва (ратушы, аптэкi, тэатры). Плошчы перад касцёламi як важныя элементы гарадской структуры. Жыллёвае будаўнiцтва (Полацк, Нясвiж). З`яўленне рэгулярнай планiроўкi асобных районаў беларускiх гарадоў. “Гараднiца” А. Тызенгаўза ў Гродна. Архiтэктурныя ансамблі ў Варнянах (Астравецкi р-н), Паставах і Жалудку (Шчучынскi р-н) як помнiкi барочнага горадабудавання.

Палацава-паркавыя комплексы ў стылi барока. Адасабленне палацаў ад гарадскiх i вясковых пабудоў. Сутнасць курданёрнай сістэмы. Анфіладная планіроўка. Пашырэнне вiдаў жылых пакояў. Камерны характар палацава-сядзiбнага дойлiдства. Каралеўскія рэзідэнцыі ў Гродна. Нясвіжскі, Свяцкі (Гродзенскі р-н), Ружанскi (Пружанскi р-н), Дзятлаўскі, Шчорсаўскi (Навагрудскi р-н) i Пiнскi палацы. Магілёўскія рэзідэнцыі царкоўных іерархаў. Сядзібы ў Скоках (Брэсцкі р-н) і Мерачоўшчыне (Iвацэвiцкі р-н ). Развiццё садова-паркавай архiтэктуры. Альтанкi, гроты i павiльёны. Кiтайскi ўплыў.

Страта абарончых функцый храмаў. Базiлiка - асноўны тып храма ў стылi барока. Езуiцкi касцёл у Нясвiжы - першы помнiк барока на Беларусi. Крыжова-купальны тып базiлiкi. Касцёлы ў Гродна, Стоўбцах, Мiнску, Мiхалiшках (Астравецкi р-н). Сармацкае і езуіцкае барока. Барочны ансамбль Верхняга рынку ў Мiнску. Фармiраванне школы Вiленскага барока. Двухвежавы галоўны фасад як смастойны трохмерны аб`ём. Ярусная пабудова веж. Я. Глаўбiц. Храмы ў Глыбокiм, Полацку, Беразвечы (Глыбоцкi р-н) i Мсцiславе. Прыбудова да старажытных храмаў бакавых каплiц (Ружаны, Камаi). Уключэнне кляштароў у сiстэму абароны беларускiх гарадоў (Гродна). Калегiумы ў Полацку і Пiнску. Прыбудова веж i ўваходных парталаў. Хвалiстая прасторавая структура фасадаў храмаў. Асаблiвасцi планiроўкi. Вяртанне контрфорсаў. Касцёл св. Андрэя ў Слонiме. Мядзельскi касцёл кармелiтаў. Аднавежавая Жыровiцкая Крыжаўздвiжанская царква. Зблiжэнне палацавай i храмавай архiтэктуры. Каплiцы i надмагiллi (Слонiм). Барока ў праваслаўным дойлiдстве (Магiлёў, Кобрын, Давыд-Гарадок). Слонiмская сiнагога. Уплыў барока на манументальнае драўлянае дойлiдства.

Пашырэнне свецкага параднага партрэта. Рэалiстычны свецкi жывапiс. З`яўленне пейзажа і нацюрморта. Барочныя формы ў скульптурным аздабленнi i размалёўках храмаў Беларусi. Пластычная насычанасць фасадаў. Мясцовая iнтэрпрэтацыя стыля - адухоўленасць вобраза i эмацыянальная выразнасць. Натуральныя прапорцыi персанажаў. Стварэнне буйных фрэскавых цыклаў, iканастасаў i алтарных комплексаў з раслiнным арнаментам. Спалучэнне барока з вiзантыйскiмi традыцыямi ў айчынным iканапiсу. Уключэнне ў абразы бытавых этнаграфiчных элементаў. Дэкаратыўнасць абразоў. Выкарыстанне лепкi i залачэння. Ажурная скразная резьба. “Нізавое барока” як аснова сучаснага народнага мастацтва.
Тэма 10. ПОМНІКІ КЛАСІЦЫЗМУ Ў БЕЛАРУСІ
Традыцыi эпохi Адраджэння і барока як аснова класiцызму. Прычыны распаўсюджання класiчнага кiрунка архiтэктуры ў Беларусi. Перыядызацыя класiцызма i яго асаблiвасцi на беларускiх землях. Прускі варыянт класiцызму ў Беларусi. Стылявое адзiнства. Строгасць, прастата, кампкатнасць. Ампiр. Яго параднасць i празмерная ўвага дэкору. Класiчны ордэрны порцiк як асноўная характэрная рыса стыля.

Перабудова гарадоў Беларусi расiйскiмi архiтэктарамi па дакладнай рэгулярнай схеме. Знiшчэнне гарадскiх абарончых умацаванняў. Чачэрск. Квартальная сiстэма. Насаджэнне класiцызма на Беларусi праз узвядзенне адмiнiстрацыйных i грамадскiх будынкаў. Тыпавыя праекты (прысутныя месцы, паштовыя станцыi, гандлёвыя рады i жылыя дамы). Разбіўка гарадскiх сквераў. Будаўнiцтва крэпасцей у Беларусi (Брэст, Бабруйск). Ацалелыя помнікі грамадскай і жылёвай архітэктуры.

Суiснаванне класiцызму з барока як галоўная асаблiвасць палацава-паркавага дойлiдства (Асвея, Верхнядзвінскі р-н). Рэзідэнцыі І. Храптовіча (Шчорсы, Гродна, Бешанковічы). Дзейнасць К. Спампані. Гомельскi палац гр. Румянцавых. Палацы ў Грудінаўке (Быхаўскі р-н), Крычаве, Залессе (Смаргонскi р-н), Снове (Нясвiжскi р-н), Жылiчах (Кiраўскi р-н), Паставах, Хальчы (Веткаўскi р-н). Сядзiбнае будаўнiцтва. Кампактнасць i рацыяналiзм. Паркавае мастацтва. Пейзажная сістэма.

Элементы класiцызму ў барочных храмах. Класiчныя храмы-ратонды ў Беларусi. Iосiфаўскi сабор у Магiлёве - першы культавы помнiк класiцызма на Беларусi. Гомельскi Петрапаўлаўскi сабор. Чачэрская Спаса-Праабражэнская царква. Стрэшынская Пакроўская царква (Жлобiнскi р-н). Слаўгарадская царква Раства Багародзiцы. Лiдскi Iосiфаўскi касцёл. Перабудова барочных храмаў (Жыровiчы, Магiлёў). Сінагогі ў Высокім і Любчы (Навагрудскі р-н). Развiццё драўлянага культавага дойлiдства.

Вiленская школа жывапiсу. Ф. Смуглевіч, Я. Рустэм. Жанры жывапiсу. I. Аляшкевiч. I. Хруцкi. Ю. Пешка. В. Дмахоўскi. Фрэскавыя роспісы (Пінск, Слаўгарад). Скульптуры К. Ельскага i Я. Астроўскага. Надмагiллi. Антычны арнамент у дэкору храмаў i палацаў (гермы).
Тэма 11. ПОМНІКІ РАМАНТЫЗМУ Ў БЕЛАРУСІ
Рамантызм як новы кiрунак у еўрапейскай культуры канца XVIII - ХIХ стст.. Пераход ад пераймання традыцый антычнасцi да вывучэння культурнай спадчыны мінулых стагоддзяў. Гістарызм. Прычыны пашырэння рамантызму ў Беларусi ў пачатку ХIХ ст. Неаготыка. Яе характэрныя рысы. Руска-візантыйскі напрамак у архітэктуры.

Праявы рамантызму ў айчынным горадабудаўніцтве. Ратуша ў Чачэрску. Паштовыя станцыі (Крычаў, Слаўгарад). Пішчалаўскі замак у Мінску. Рамантычныя “дапаўненні” класічных сядзіб Беларусі (Дукора, Пухавічскі р-н). Перабудова асобных даваранскіх рэзідэнцый у стылі неаготыкі (Гомель, Крычаў). Неагатычныя палацы Беларусі – адметнасць і агульныя рысы. Косаўскi палац (Iвацэвiчскi р-н). Сядзібы ў Масалянах (Бераставіцкі р-н), Прылуках (Мiнскі р-н), Смілавічах (Чэрвеньскі р-н) і Юрцава (Аршанскі р-н). Капіраванне славутых сядзіб (Жамыслаў, Іўеўскі р-н). Далейшае развіццё ідэі пейзажнага парка. Каплiцы i альтанкi. Гаспадарчыя двары (Парэчча, Пінскі р-н; Шчорсы, Навагрудскі р-н).

Першыя класічна-неагатычныя храмы ў Беларусi (Вялікія Эйсманты, Бераставіцкі р-н). Асноўныя напрамкі неаготыкі ў каталіцкім дойлідстве (Мінск; Жупраны; Ашмянскі р-н; Квасоўцы, Гродзенскі р-н; Раўбічы Мінскі р-н). Неагатычныя капліцы (Сар’я, Верхнядзвінскі р-н). Першыя праявы руска-візантыйскага стылю ў мураванай праваслаўнай архітэктуры (Дзяржынск; Петрыкаў; Вейна Магілёўскі р-н). Рамантызм у драўляным культавым дойлідстве (Новая Мышь, Баранавіцкі р-н; Жыткавічы).

Рамантызм у выяўленчым мастацтве. Змены ў свецкім жывапісу. Усходняя тэматыка. Фальклорныя матывы. Я. Дамель. В. Ваньковiч. Замалёўкі айчынных помнікаў архітэктуры (М. Кулеша, Н. Орда). Скульптура (Р. Слізень). Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Неагатычнае аздабленне ўнутраных інтэр’ераў айчынных палацаў (Гомель).


Тэма 12. ЭКЛЕКТЫКА І МАДЭРН У АЙЧЫННЫХ ПОМНІКАХ
Гiстарызм у архiтэктуры i мастацтве. Новая эліта. Перамога індывідуальнага суб’ектывізму. Неастылi. Мадэрн як спроба вяртання стылявога адзінства. Асаблівасці эклектыкі і мадэрна ў Беларусі.

Змены ў горадабудаўнiцтве Беларусi ў другой палове ХIХ ст. Гістарызм і мадэрн як аснова грамадскага i жыллёвага будаўнiцтва ў час капiталiзму. Пашырэнне грамадскага будаўнiцтва. Банкi (Бабруйск, Вiцебск, Гомель, Магілёў). Чыгуначныя вакзалы (Барысаў, Брэст, Маладзечна). Гандлёвыя рады (Пружаны). Навучальныя ўстановы (Магілёў, Мiнск, Гродна). Тэатры (Магiлёў, Мiнск). Народныя дамы (Гродна). Узрастанне тэмпаў i маштабаў жыллёвага будаўнiцтва (Мінск, Віцебск). Прыватныя асабнякі (Гродна, Слонім, Гомель). Фабрычнае будаўнiцтва (Пінск, Добруш, Шклоў).

Змены ў палацава-сядзібным дойлідстве. Асіметрычна-ступенчатыя рэзідэнцыі. Сядзiбы ў стылi неаготыкі (Нача, Ляхавічскі р-н; Чырвоны Бераг Жлобінскі р-н; Расоны; Бальценікі Воранаўскі р-н), неарэнесансу (Пружаны, Лынтупы Пастаўскі р-н), неабарока (Крупкі), неакласіцызме (Шчучын), псеўдарускім стылі (Дзям’янкі Добрушскі р-н), мадэрне (Свіслач Гродзенскі р-н). Эклектыка ў афармленні ўнутраных інтэр’ераў. Эвалюцыя малых архітэктурных формаў (альтанкі, вежы, млыны).

Неараманскія, неагатычныя і неарэнесансавыя касцёлы Беларусі (Паставы, Віцебск, Ашмяны). Чырвоны касцёл у Мiнску. Насаджэнне псеўдарускага стылю ў праваслаўным дойлiдстве другой паловы ХIХ ст. “Мураўёўкi”. Рэгiянальныя асаблiвасцi. Выкарыстанне камянёў для ўпрыгожвання сцен храмаў. Перабудова ў псеўдарускiм стылi старажытных касцёлаў (Гродна, Мінск, Заслаўе). Каплiцы-пахавальні. Сінагогі (Мінск, Гродна). Кірхі (Гродна, Полацк). Эвалюцыя драўлянага культавага дойлiдства.

Рэалiзм і мадэрн у выяўленчым мастацтве. К. Альхiмовiч. А. Гараўскi. М. Сiлiвановiч. Ф. Рушчыц. М. Шагал. Графіка. М. Андрыёлі. Скульптуры А. Скiрмунт i Г. Дмахоўскага. Мазаiкi (Віцебск, Мір).
Тэма 13. РАЗВІЦЦЁ АЙЧЫННАЙ АРХІТЭКТУРЫ І МАСТАЦТВА

Ў МІЖВАЕННЫ ПЕРЫЯД
Аднаўленне гаспадаркi Беларусi. Манументальная прапаганда - асноўны кiрунак развiцця савецкай архiтэктуры. Знiшчэнне помнiкаў гiсторыi i культуры ў ходзе рэканструкцыi цэнтраў беларускiх гарадоў. Канструктывiзм. Пралетарскі неакласіцызм. Прыватнае, кааператыўнае i дзяржаўнае жыллёвае будаўнiцтва. Дамы-камуны (Гомель). Рэканструкцыя гарадоў БССР у 1930-я гг. Генеральны план Мiнска. Тыпавыя праекты школ, бальнiц, дамоў культуры i кiнатэатраў. Фармiраванне комплексаў вышэйшых навучальных устаноў i акадэмгарадка ў Мiнску. Дзейнасць вядучых архiтэктараў БССР - I. Лангбарда, А. Воiнава, Г. Лаўрова. Оперны тэатр i Дом урада ў Мінску, Дом Саветаў у Магілёве як буйнейшыя помнiкi даваеннай савецкай беларускай архiтэктуры.

Прамысловая архiтэктура ў БССР. Стракатасць форм, метадаў аднаўлення i будаўнiцтва заводаў у 1920-я гг. Мінскі Дом друку і Гомсельмаш як прыклады прамысловай архiтэктуры. Традыцыйныя формы сельскага будаўнiцтва. Перабудова былых памешчыцкiх сядзiб. Новыя тыпы будынкаў у даваеннай вёсцы.

Вiцебская мастацкая школа. Ю. Пэн, М. Шагал, К. Малевiч. Фармiраванне стыля сацрэалiзму ў выяўленчым мастацтве. “Рэпартажныя” карцiны I. Ахрэмчыка i Е. Зайцева. Партрэтная тэматыка ў творах В. Волкава, Я. Кругера i М. Фiлiповiча. Рэалiстычныя пейзажы Я. Кудревiча. Скульптуры А. Грубэ i З. Азгура. Манументальна-дэкаратыўныя роспiсы грамадскiх будынкаў.

Асаблiвасцi культурнага жыцця ў Заходняй Беларусi. Работы па аднаўленню разбураных помнiкаў гiсторыi i культуры ў пачатку 1920-х гг. Захаванне эклектыкi i мадэрна ў архiтэктуры. Працяг актыўнага грамадскага i жыллёвага будаўнiцтва (Брэст, Гродна, Слонiм, Навагрудак, Пінск). “Закапанскі стыль” (Браслаў). Дзейнасць Камiсii па ахове помнiкаў старажытнасцi. Кансервацыя рэшткаў замкаў у Крэве, Лiдзе, Мiры i Навагрудку. Археалагiчнае даследаванне Гродзенскай Верхняй царквы, Навагрудскай Замкавай царквы, Краснасельскiх крэмнездабываючых шахт. Рэстаўрацыя палацаў i сядзiб (Ружаны, Пружанскi р-н, Сноў, Нясвiжскi р-н). Сядзібная архітэктура (Гродна; Заполле Пінскі р-н). Вяртанне першапачатковага выгляду старажытным касцёлам (Гродзенскi фарны касцёл, Пiнскi кляштар францысканцаў, Мядзельскi касцёл св. Станiслава). Касцёльнае будаўнiцтва ў стылi гiстарызма (Ідолта Міёрскі р-н; Солы Смаргонскі р-н). Праваслаўнае будаўнiцтва (Баранавiчы). Нацыянальны рамантызм у выяўленчым мастацтве. Творы А. Сергiевiча, М. Сеўрука i Я. Драздовiча.


Тэма 14. ВЯЛІКАЯ АЙЧЫННАЯ ВАЙНА Ў ПОМНІКАХ І МЕМАРЫЯЛАХ
Помнiкi прысвечаныя абарончым баям на тэрыторыi Беларусi ў пачатку Вялiкай Айчыннай вайны. Мемарыяльны комплекс “Брэсцкая крэпасць-герой”. Помнiкi героям-пагранiчнiкам (Брэст; Сапоцкін Гродзенскі р-н). Абарона Мiнска (“Лінія Сталіна”). Лепельскі контрудар. Ушанаванне подзвiгу Ф. Гастэлы пад Радашковiчамi. Абарона усхода Беларусi. Буйнiцкае поле пад Магiлёвам. К. Сіманаў. Д. Карбышаў. Мемарыяльны комплекс “Кацюша” у Оршы. Магiла гомельскiх апалчэнцаў. Л. Даватар.

Мемарыяльныя комплексы, прысвечаныя партызанскаму руху на востраве Зыслаў (Любанскi р-н), ва ўрочышчы Хаваншчына (Iвацэвiцкi р-н), у Расонах. “Разгром” (Чэрвеньскi р-н), “Беларусь партызанская” (Акцябрьскi р-н), “Прарыў” (Ушацкi р-н), “Вiцебскiя вароты” (Вiцебскi р-н). Помнiкi кiраўнiкам партызанскага руху (У. Бумажкову, В, Каржу, П. Машэраву, П. Шмырову). Помнiк М. Казею ў Мiнску i В. Талашу ў Петрыкаве. Ушанаванне памяцi падпольшчыкаў. Помнiк У. Амельянюку на плошчы Незалежнасцi ў Мiнску. Помнiк К. Заслонаву ў Оршы. Манумент у гонар Асiнторфскiх падпольшчыкаў.

Ушанаванне памяцi ахвяр акупацыйнага рэжыму на Беларусi. Помнiкi на месцах спаленых вёсак. Хатынь (Лагойскi р-н), Драмлёва (Жабiнкаўскi р-н), Дальва (Лагойскi р-н), Шунёўка (Докшыцкi р-н) Сцефанава (Бялынiцкi р-н), Пераходы (Слуцкi р-н). Помнiкi на месцах масавых растрэлаў (Мiнск, Урочышча Гай у Баранавiчах). Мемарыяльныя комплексы на месцах Лупалаўскага, Масюкошчынскага, Трасцянецкага, Азарыцкага i Вiцебскага лагероў смерцi, Мiнскага гетта.

Помнiкi ў гонар вызвалення Беларусi. Ваенныя могiлкi на тэрыторыi Беларусi (Мiнск, Рыленкi, Дубровенскi р-н,). Помнiкi загiнуўшчым землякам. Гiсторыя стварэння Манумента перамогi ў Мiнску. Плошча Перамогi ў Вiцебску. Курган Славы Савецкай Армii - Вызвалiцельнiцы Беларусi пад Мiнскам. Курганы Славы ў Полацку, Лідзе, Лудчыцах (Быхаўскi р-н), Сычкаве (Бабруйскi р-н). Мемарыяльны ансамбль “Мiнск - горад-герой”. Манумент у гонар савецкай мацi-патрыёткi ў Жодзiна. Помнiкi ваеннай тэхнiкi (Мiнск, Барысаў, Пiнск). Музей Вялiкай Айчыннай вайны ў Мiнску. Музей савецка-польскай баявой садружнасцi (Ленiна, Горацкi р-н).

Вялікая Айчынная вайна ў сучасных турыстычных праграмах. Ушанаванне памяці паўшых як сродак правядзення ідэалагічна-выхаваўчай работы. Напрамкі магчымай актывізацыі справы ўключэння адметных мемарыялаў у экскурсійныя маршруты.
Тэма 15. ПОМНІКІ АРХІТЭКТУРЫ І МАСТАЦТВА БЕЛАРУСІ ПАСЛЯВАЕННАГА ПЕРЫЯДУ
Аднаўленчыя работы ў Беларусi. Распрацоўка генпланаў беларускiх гарадоў. Неакласiцызм як асноўны стыль 1940-1950 гг. Фармiраванне новага агульнагарадскога цэнтра на прыкладзе Мiнска. Рэканструкцыя гарадскiх плошчаў i магiстралей. Перабудова храмаў (Мінск, Бабруйск). Помнiкi грамадскага дойлiдства 1940-1950 гг. Спрашчэнне архiтэктурных праектаў з сярэдзiны 1950-х г. Прычыны i вынiкi. Мікрараённая планiроўка гарадоў. Новыя гарады Беларусі (Новаполацк, Салігорск). Вылучэнне новых гарадскіх магістраляў. Пошук “унутраных рэзерваў”. Адметныя помнікі архітэктуры 1970-1980 гг. (Гродна, Мінск, Брэст, Гомель). Стаўленне улад да гісторыка-культурнай спадчыны. Пачатак рэстаўрацыйных работ у БССР у 1970-я г.

Працяг хуткай iндустрыялiзацыi рэспублiкi. Канцэнтрацыя прамысловасцi ў буйных гарадах БССР. Асаблiвасцi савецкай прамысловай архiтэктуры. Класiчнае ўпрыгожванне фасадаў і вылучэнне інжынерных карпусоў у новыя гарадскія дамінанты. Фарміраванне зон масавага адпачынку насельніцтва (Мінск, Нарач). Узбуйненне вёсак у пасляваенны час. Стварэнне генпланаў беларускiх вёсак. Падзел на жылую i гаспадарчую зоны. Адметнасці айчыннай архітэктуры на сучасным этапе. Аднаўленне будаўніцтва храмаў і прыватных катэджаў. Узвядзенне значных грамадскіх пабудоў (Мінск, Магілёў, Бабруйск).

Кiрункi развiцця беларускага мастацтва ў 1940-1980 гг. Стылявое адзiнства. Асноўныя жанры. Гераiчная тэматыка ў выяўленчым мастацтве. Дакументалiзм, гiстарызм i рамантызм у айчынным жывапiсу i скульптуры. М. Савiцкi. В. Волкаў. I. Ахрэмчык. М. Марачкiн. А. Iсачоў. А. Бембель. А. Глебаў. З. Азгур. Айчынная станкавая графіка. А. Паслядовіч. А. Лось. Iдэалагiчныя абмежаваннi. Манументальныя размалёўкi (Ю. Багушэвiч, Г. Вашчанка) i мазаiкi (А. Кiшчанка). Гарадская i паркавая скульптура ў сучаснай Беларусi.

Тэма 16. МЕМАРЫЯЛЫ І ПАМЯТНЫЯ МЯСЦІНЫ,

ЗВЯЗАНЫЯ З ГІСТАРЫЧНЫМ МІНУЛЫМ БЕЛАРУСІ




Агульная характарыстыка помнікаў гісторыі. Іх значэнне для выхавання патрыятызму і нацыянальнай самасвядомасці. Сучасны стан помнікаў гісторыі і іх роля для развіцця ўязнога турызма (настальгічнага, рэлігійнага).


Помнікі гісторыі, звязаныя з працэсам станаўлення дзяржаўнасці на беларускіх землях і пашырэннем хрысціянства (Полацк, Заслаўе). Барысавы камяні. Мемарыялы ў гонар заснавання айчынных гарадоў (Гродна, Мінск, Давыд-Гарадок). Ушанаванне памяці першых айчынных асветнікаў (Ефрасіння Полацкая, Кірыла Тураўскі). Помнікі гісторыі, звязаныя з утварэннем ВКЛ і войнамі эпохі сярэднявечча (Гара Міндоўга ў Навагрудку, Вал Івана Грознага ў Полацку). Дзеячы эпохі Адраджэння (Ф. Скарына, С. Будны, П. Мсціславец, С. Полацкі, К. Лышчынскі). Памятныя мясціны перыяду падзелаў Рэчы Паспалітай (Воўчын, Камянецкі р-н; Грушаўка Ляхавіцкі р-н). Т. Касцюшка і яго сядзіба ў Мерачоўшчыне (Івацевіцкі р-н). А. Сувораў і яго сядзіба-музей у Кобрыне.

Адметныя ўраджэнцы Беларусі другой паловы XVIII - пачатку ХІХ ст. Мемарыялы ў гонар руска-французскай вайны 1812 г. Штаб-кватэра П. Баграціёна ў Ваўкавыску. Капліца ў Салтанаўцы (Магілёўскі р-н). Пераправа праз Бярэзіну. Вайсковыя пахаванні (Гродна, Слонім). Славутыя літаратары Беларусі. Памятныя месцы, звязаныя з жыццём і дзейнасцю А. Міцкевіча, Я. Чачота, У. Сыракомлі, В. Дуніна-Марцынкевіча, М. Багдановіча, Ф. Багушэвіча. Сядзіба І. Рэпіна “Здраўнёва” пад Віцебскам. Мемарыялы, прысвечаныя нацыянальна-вызваленчым паўстанням 1830-1831 і 1863-1864 гг. (Жакі, Пастаўскі р-н; Мiлавiды, Баранавiцкi р-н). Ушанаванне памяці паўшых у гады Першай сусветнай вайны - Дзясятнікі (Валожынскі р-н), Тамашоўка (Брэсцкі р-н), Сноў (Нясвiжскі р-н).

Помнікі гісторыі перыяду рэвалюцыі, Грамадзянскай і савецка-польскай вайны (Мінск, Бабруйск). Ушанаванне памяці М. Шагала ў Віцебску. Мемарыялы, звязаныя з жыццём і дзейнасцю Я. Коласа, Я. Купалы, П. Броўкі, П. Сухога, О. Шміта, А. Грамыкі, П. Клімука і У. Кавалёнка. Ушанаванне загінуўшых у час вайны ў Афганістане (Востраў Слёз у Мінску). Рэха Чарнобыльскай аварыі (Слаўгарад, Карма). Рэзідэнцыя ў Віскулях як месца ліквідацыі СССР.

ІНФАРМАЦЫЙНА-МЕТАДЫЧНАЯ ЧАСТКА
Заканадаўчыя і нарматыўныя акты:
Закон Рэспублiкi Беларусь “Аб ахове гiсторыка-культурнай спадчыны” ад 9.01.2006 № 98-З.

Дзяржаўная праграма развіцця турызму ў Рэспубліцы Беларусь на 2011-2015 гг., зацверджаная Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 24.03.2011 № 373.


ЛІТАРАТУРА

Асноўная:

Архітэктура Беларусі : нарысы эвалюцыі ва ўсходнеславянскім і еўрапейскім катэксце : у 4 т. – Мінск : Бел. навука, 2005-2008.

Архітэктура Беларусі : Энцыкл. даведнік. – Мінск : БелЭн., 1993. – 542 с.

Гісторыя беларускага мастацтва : у 6 т. – Мінск : Навука і тэхніка, 1987-1992.

Збор помнiкаў гiсторыi i культуры Беларусi : у 8 т. – Мінск : БелСЭ, 1984-1988.

Самусік, А.Ф. Помнікі гісторыі і культуры Беларусі / А. Ф. Самусік. Мінск : Экаперспектыва, 2013. – 367 с.



Дадатковая:

Бохан, Ю.М. Вайсковая справа ў Вялікім княстве Літоўскім у другой палове XIV – канцы XVI ст. / Ю.М. Бохан. – Мінск : Бел. навука, 2008. – 449 с.

Воинов, А.А. История архитектуры Белоруссии. Советский период / А.А. Воинов. – Минск : Вышэйшая школа, 1987. – 293 с.

Габрусь, Т.В. Мураваныя харалы / Т.В. Габрусь. – Мінск : Ураджай, 2001. – 287 с.

Калнiн, В.В. Мiрскi замак / В.В. Калнін. – Мінск : Беларусь, 2002. – 160 с.

Кулагiн, А.М. Каталіцкія храмы Беларусі / А.М. Кулагін. – Мінск : БелЭн, 2000. – 216 с.

Кулагiн, А.М. Праваслаўныя храмы Беларусі / А.М. Кулагін. – Мінск : БелЭн, 2001. – 328 с.

Молчанова, Л. Материальная культура белорусов / Л. Молчанова. – Минск : Навука i тэхнiка,1968. – 231 с.

Слюнькова, И.Н. Монастыри восточной и западной традиций / И.Н. Слюнькова. – Москва : Прогресс-Традиция., 2002. – 600 с.

Ткачоў, М.А. Замкi Беларусi / М.А. Ткачоў. – Мінск : Беларусь, 2002. – 200 с.

Федорук, А.Т. Старинные усадьбы Берестейщины / А.Т. Федорук. – Мінск : БелЭн, 2004. – 576 с.

Федорук, А.Т. Старинные усадьбы Минского края / А.Т. Федорук. – Мінск : Поліфакт-Лекцыя, 2000. – 416 с.



Чантурия, В.А. Градостроительное искусство Беларуси второй половины XVI – первой половины XIX в. / В.А. Чантурия. – Мінск : Беларусь, 2005. – 422 с.


: bitstream -> edoc -> 59271
edoc -> Бдэу – 80 год Бібліятэка бдэу бюлетэнь новых паступленняў літаратуры
edoc -> Бібліятэка бдэу бюлетэнь новых паступленняў
edoc -> Бібліятэка бдэу бюлетэнь новых паступленняў
edoc -> Бібліятэка бдэу бюлетэнь новых паступленняў літаратуры
edoc -> Бібліятэка бдэу бюлетэнь новых паступленняў літаратуры
edoc -> Бібліятэка бдэу бюлетэнь новых паступленняў літаратуры
edoc -> Бібліятэка бдэу бюлетэнь новых паступленняў
59271 -> Тэма Уводзіны Абярыце нумар правільнага адказу
59271 -> Дэкан факультэта “Вышэйшая школа турызма”
59271 -> Да экзамена па курсу "помнікі гісторыі І культуры"




База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка