Установа адукацыі “Дзяржаўная сярэдняя школа №3 г п. Зэльва” Літаратурная гасцёўня, прысвечаная 120-годдзю з дня нараджэння Максіма Багдановіча



Дата канвертавання15.05.2016
Памер59.5 Kb.
Установа адукацыі “Дзяржаўная сярэдняя школа №3 г.п.Зэльва”

Літаратурная гасцёўня, прысвечаная 120-годдзю з дня нараджэння Максіма Багдановіча
«Так свабодна, так ярка пражыць —

Лепшай долі няма на зямлі…»

Падрыхтаваў і правёў настаўнік беларускай мовы і літаратуры У.П.Манько

2011

Літаратурная гасцёўня, прысвечаная 120-годдзю з дня нараджэння Максіма Багдановіча

«Так свабодна, так ярка пражыць —

Лепшай долі няма на зямлі…»
Сёння ў нашай літаратурнай гасцёўні шаноўны і паважаны госць—Максім Багдановіч. Дзявятага снежня 2011 года спаўняецца 120 гадоў з дня яго нараджэння. Максіма з намі даўно няма, але паэты жывуць датуль, пакуль людзі чытаюць іх вершы. Наша сённяшняя сустрэча—даніна павагі і ўдзячнасці вялікаму беларускаму паэту Максіму Багдановічу.

Нарадзіўся Максім Адамавіч Багдановіч у горадзе Мінску 9 снежня 1891года на Аляксандраўскай вуліцы ( цяпер гэта вуліца Максіма Багдановіча).

Бацька паэта паходзіў з патомных сялян, але змог атрымаць адукацыю ў Нясвіжскай настаўніцкай семінарыі і пэўны час працаваў настаўнікам.З-за хваробы яму забаранілі працаваць у школе , і сям’я ў 1892 годзе пераехала ў Гродна. Шырокая адукаванасць бацькі, добрае веданне фальклору, педагагічная падрыхтоўка спрыялі ўсебаковаму развіццю Максіма, абуджалі ў ім прагу да творчасці.Вялікую ролю адыграла і ўмела падабраная бацькам бібліятэка , якую будучы паэт з ранніх гадоў прагна асвойваў.

Маці Максіма, Марыя Апанасаўна , таксама настаўніца.Уражлівая, паэтычная па натуры, яна валодала і літаратурным дарам—пісала апавяданні.Многія з яе задаткаў перадаліся Максіму, і галоўныя з іх—жывое ўяўленне, фантазія, уражлівасць.

Сям’я была шчаслівая, дружная, з багатымі духоўнымі інтарэсамі. Таленавіты ад прыроды, надзелены ўражлівасцю, паэтычнасцю душэўнаго складу, маленькі Максім меў спрыяльныя ўмовы для развіцця. Але неўзабаве прыйшла бяда: ад сухотаў памірае маці Максіма, хлопчыку не было тады яшчэ і пяці гадоў. Бацька ўспамінаў, што ў дзень смерці маці Максім быў нейкі пераўзбуджаны , шумлівы, бегатлівы. Бацька, напалоханы трагічнымі падзеямі, пасадзіў яго на стул і, сказаўшы “сядзі спакойна”, кінуўся па доктара.Мусіць, хлопчык адчуў у бацьку нешта вельмі незвычайнае, бо калі пра Максіма больш як праз тры гадзіны ўспомнілі, ён так і сядзеў ціхенька на стуле з сумным выразам твару.

Яшчэ адзін выпадак з дзяцінства Максіма, у якім адлюстраваўся характар будучага паэта. Гэта адбылося ўжо ў Расіі, у Ніжнім Ноўгарадзе, куды сям’я Багдановічаў пераехала ў 1896 годзе. Шасцігадовы Максім бегаў па свежанавошчанай падлозе, нешта, як звычайна, напяваючы, смеючыся. Паслізнуўся і , стукнуўшыся падбародкам аб падлогу, адкусіў сабе кончык языка, які павіс толькі на тоненькай скурачцы збоку. Поўны рот крыві. Хірург, да якога прывезлі Максіма, прамыў рот , папрасіў высунуць язык і пачаў прышываць яго. Ад Максіма не пачулі ні крыку ні стогну. Хірург, як і бацька, быў надзвычай здзіўлены і хваліў малога. Калі праз пэўны час Максіма прывезлі, каб выцягнуць нітку, то не ўбачылі яе . Максім выцягнуў яе сам і чамусьці з’еў.

Выхаваннем Максіма, як і яго братоў, Вадзіма і Лёвы, займаўся бацька. Ён прывіваў ім любоў да прыроды, вучыў бачыць яе хараство, фарміраваў мастацкі густ, падбіраючы адпаведныя кнігі для чытання, даў першапачатковую адукацыю.

У 1902 годзе Максім паступіў у першы клас Ніжагародскай гімназіі. Там усе прадметы выкладаліся па-руску. А ў Максіма ўжо была вялікая цікавасць да сваёй радзімы—Беларусі, да яе гісторыі , фальклору.І ён пачынае дома па кнігах з бацькавай бібліятэкі самастойна вывучаць беларускую мову.У гэты ж час, Максіму было тады 10 гадоў, ён пачынае сам складаць вершы. Першым творам, які быў апублікаваны ў газеце “ Наша ніва”ў 1907 годзе, было лірычнае апавяданне“Музыка”.

У 1908 годзе сям’я з Ніжняга Ноўгарада пераехала ў Яраслаўль, там Максім і скончыў гімназію ў 1911 годзе. У гэтым жа годзе адбылася яго першая паездка ў Беларусь. На радзіме Максім прабыў каля двух месяцаў. Ён пазнаёміўся з беларускімі пісьменнікамі, з выдаўцамі газеты “Наша ніва”, у якой друкаваліся і яго творы, пабачыў незвычайна прыгожы вастрабрамны касцёл Святой Ганны ( пра яго ён пазней упамяне ў вершы “Пагоня”), пабываў у Віленскім музеі даўніны, дзе яго вельмі ўразілі слуцкія паясы, пра якія пазней ён напісаў адзін з самых вядомых сваіх вершаў “Слуцкія ткачыхі”(песня або верш).Больш за месяц пражыў Максім у вёсцы, у маёнтку Ракуцёўшчына. Паездкай на Радзіму Максім быў вельмі задаволены, ён загарэўся жаданнем дапамагчы сваёй шматпакутнай Бацькаўшчыне, служыць ёй.(Верш “Пагоня”)

Максім вельмі хацеў паступіць у Пецярбургскі ўніверсітэт, каб пры прафесару Шахматаву вывучаць беларускую філалогію, але гэтае жаданне не збылося. К гэтаму часу Максім ужо захварэў на сухоты, а ў Пецярбургу клімат пераважна сыры , халодны, што садзейнічае развіццю хваробы.Бацька турбаваўся за здароўе Максіма, бо аднаго сына ўжо страціў: у 1908 годзе ад сухотаў памёр старэйшы брат Максіма Вадзім.Да таго ж, бацька планаваў вучыць у Маскве малодшага сына Лёву, у якога былі бліскучыя матэматычныя здольнасці. А ўтрымваць у розных гарадах двух сыноў у бацькі не было матэрыяльных сродкаў.Таму Максім вымушаны быў паступіць у Яраслаўльскі юрыдычны ліцэй.Юрыдычныя навукі яго мала цікавілі. Усе свае сілы і вольны час Максім аддаваў літаратуры.Ён самастойна вывучаў замежныя мовы і авалодаў сямю , каб чытаць класікаў сусветнай літаратуры ў арыгінале і вучыцца ў іх, перакладаць іх творы на беларускую мову, даказваючы яе багацце, выразнасць і музычнасць. На практыцы даказаў, што і па-беларуску могуць быць напісаны рамансы, санеты, трыялеты, рандо, актавы. І для гэтага у беларускай мове хапае і слоў, і вобразнасці, і выяўленчых сродкаў. Гэтым самым ён сцвярджаў права беларусаў на сваю мову, на сваю дзяржаўнасць. Ліцэйскі перыяд быў самым плённым у паэтычнай дзейнасці Максіма Багдановіча. У гэты час ён напісаў свае лепшыя творы, якія і склалі першы і апошні прыжыццёвы зборнік яго вершаў “Вянок”.

У вершы “Маёвая песня”, здаецца, чуеш саму музыку вясны, бачыш яе красу, адчуваеш гармонію свету прыроды і чалавечай душы.(Верш)

На яраслаўльскі перыяд жыцця прыпадае і знаёмства з Аняй Какуевай. Знаёмства гэтае затым перарасло ў каханне:

І прад высокаю красою,

Увесь зачараваны ёй,

Скланіўся я душой маёй,

Натхнёнай, радаснай такою,

А ў сэрцы хораша было,

Там запалілася цяпло,

Дасюль яшчэ яно палае

Гэта было яго першае сур’ёзнае каханне, якое працягвалася не адзін год. Каханне шчырае, светлае, поўнае захаплення і надзей, якім не суджана было збыцца: каханне не было ўзаемным. Лёс разлучыў Максіма з Аняй. Яна паступіла ў Пецярбургскую кансерваторыю (таму яшчэ Максім так хацеў вучыцца ў Пецярбургу), а ён застаўся ў Яраслаўлі.Безумоўна , што менавіта каханне стала той крыніцай натхнення, з якой выліліся такія шэдэўры багдановічаўскай паэзіі, як паэма “Вераніка”, раманс “Зорка Венера”, трыялет “Мне доўгае расстанне з вамі”, верш “Маладыя гады”і многія, многія іншыя.(“Зорка Венера”)

Пасля заканчэння ліцэя Максім зноў прыязджае на Беларусь.Ён хоча быць карысным сваёй Бацькаўшчыне, дапамагаць ёй, ратаваць яе. Днём ён працаваў у Камітэце дапамогі ахвярам вайны(ішла Першая сусветная вайна), а вечарамі да позняй ночы займаўся літаратурнымі справамі: пісаў вершы, публіцыстычныя і літаратуразнаўчыя артыкулы, складваў буквар і хрэстаматыю беларускай літаратуры. І ўсё гэта, нягледзячы на хваробу, кашаль і высокую тэмпературу.”Не дзівіцеся, што ў мяне літары выходзяць дзіцячыя,- піаў ён у рэдакцыю газеты “Наша ніва”,- пішу я лежачы, бо моцна хварэю; тэмпература ў мяне падымаецца да 40, а 39,5 бывае кожны дзень…”

Як бачым, здароўя свайго паэт не шкадаваў, жадаючы як мага больш зрабіць карыснага для людзей і Радзімы. Не звяртаў увагі на яду і адзенне. Заўсёды хадзіў у старой студэнцкай вопратцы, а чай піў без цукру, бо аддаваў яго дзецям бежанцаў. “Як я магу дазволіць сабе такую раскошу, як цукар, калі бежанцы хлеба не маюць”…,-- гаварыў ён. Такая напружаная праца, недаяданне падрывалі яго сілы. Набліжалася трагічная развязка. Сябры паэта сабралі грашы і ледзь не сілай выправілі Максіма ў Крым на лячэнне. У Сімфіропалі ён павінен быў сустрэцца з бацькам, але той не змог прыехаць своечасова.У Ялце Максім доўга шукаў кватэру.Нарэшце, змучаны, стомлены спыніўся ў доме з вокнамі на мора. Было многа сонца, вакол дома рос сад. Але здароўе не паляпшалася. Вясна 1917 года была для яго апошняй. 25 мая паэта не стала. У апошнія дні, лежачы ў ложку, правіў свае вершы, працаваў над складаннем буквара. З Максімам была і кніга яго вершаў “Вянок”. На вокладцы гэтай кнігі ён напісаў апошні свой верш:

Ў краіне светлай, дзе я ўміраю,

У белым доме ля сіняй бухты,

Я не самотны, я кнігу маю

З друкарні пана Марціна Кухты



Мужна і прыгожа пражыў Максім Багдановіч сваё такое кароткае і такое змястоўнае жыццё, мужна і прыгожа ён і памёр . Але не знік , не растварыўся ў плыні часу, бо след, які пакінуў у беларускай літаратуры, культуры,-- яркі, самабытны, арыгінальны. Бо з удзячнасцю ўспамінае Радзіма свайго Вялікага Сына, а паэты, пісьменнікі, кампазітары, мастакі, скульптары прысвячаюць яму свае творы. Адзін з такіх твораў—верш У.Караткевіча “Багдановічу”(верш).

Давайце ў знак нашай павагі і ўдзячнасці ўшануем Максіма Багдановіча апладысментамі.


База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка