Установа адукацыі “Гомельскі дзяржаўны універсітэт імя Францыска Скарыны”



старонка1/3
Дата канвертавання21.05.2016
Памер1 Mb.
  1   2   3

Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь



Установа адукацыі

Гомельскі дзяржаўны універсітэт



імя Францыска Скарыны”

М. М. Мязга


еўрапейскі абсалютызм у канцы xv–xviii ст.
тэксты лекцый

Рэкамендавана вучэбна-метадычным аб’яднаннем

па гуманітарнай адукацыі ў якасці вучэбна-

метадычнага дапаможніка для студэнтаў устаноў

вышэйшай адукацыі, якія навучаюцца па спецыяльнасцях

1-21 03 01 Гісторыя (па накірунках),

1-02 01 02 Гісторыя. Дадатковая спецыяльнасць.

Гомель

УА “ГДУ ім. Ф. Скарыны”

2012
удк 94 (4) “16/17”: 321 61 (075.8)

ББК 63.3 (4) 51 – 3я73

М 99
Рэцэнзенты:

Аляксейчанка Г.А., загадчык кафедры гісторыі славян і спецыяльных гістарычных дысцыплін Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Ф. Скарыны, кандыдат гістарычных навук, дацэнт;

Пічукоў В.П., дацэнт кафедры гісторыі Беларусі Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Ф. Скарыны, кандыдат гістарычных навук, дацэнт.


Рэкамендавана да выдання навукова-метадычным саветам УА ”Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Ф. Скарыны”.
Мязга, М. М.

М 99 Еўрапейскі абсалютызм у канцы XV – XVIII ст.:

тэксты лекцый для студэнтаў спецыяльнасцей 1-21 03 01-01 Гісторыя (айчыная і ўсеагульная) 1-02 01 02-04 Гісторыя. Замежная мова (англійская) / М. М. Мязга, М-ва адукацыі РБ, Гомельскі дзяржаўны ўн-т імя Ф. Скарыны. – Гомель: ГДУ імя Ф. Скарыны, 2012. – 72 с.

ISBN
Тэксты лекцый ахопліваюць адзін з найбольш складаных раздзелаў курса гісторыі новага часу, які прысвечаны праблеме станаўлення, развіцця і крызісу еўрапейскага абсалютызму ў xv – xviii ст. У іх вызначаны як агульныя рысы, так і асаблівасці сістэм абсалютызму ў розных еўрапейскіх краінах. Тэксты лекцый адрасаваны студэнтам спецыяльнасцей 1-21 03 01-01 Гісторыя (айчыная і ўсеагульная) і 1-02 01 02-04 Гісторыя. Замежная мова (англійская) і дапамагаюць ім атрымаць неабходныя веды, сфарміраваць навыкі і ўменні пры вывучэнні гісторыі новага часу.

удк 94 (4) “16/17”: 321 61 (075.8)

ББК 63.3 (4) 51 – 3я73

ISBN


© Мязга, М. М. 2012

©УА”Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Ф. Скарыны”, 2012



Змест
Уводзіны …………………………………………………4
Лекцыя 1 Французскі абсалютызм

у канцы XV – пачатку XVIII ст. . ...................................8


Лекцыя 2 Крызіс феадальна-абсалютысцкага

ладу ў Францыі ў 1715 – 1789 гадах. .............................19


Лекцыя 3 Англійскі абсалютызм канца XV

– першай паловы XVII ст. .............................................29


Лекцыя 4 Абсалютызм у краінах Паўднёва-

заходняй Еўропы..............................................................40
Лекцыя 5 Сістэма абсалютызму ва ўладаннях

аўстрыйскіх габсбургаў у XVI-XVIII ст. ....................51


Лекцыя 6 Асаблівасці фарміравання

абсалютысцкіх сістэм у Германіі

ў другой палове XVII – XVIII ст. ..................................61


Уводзіны
На пачатку новага часу агульным у палітычным жыцці краін Еўропы становіцца рэзкая актывізацыя цэнтралізатарскіх тэндэнцый і ўмацаванне цэнтральнай улады. У выніку ў першы перыяд новага часу пераважнай формай дзяржаўнага кіравання ў Еўропе становіцца абсалютная манархія. Абсалютная манархія – гэта форма дзяржаўнага кіравання, пры якой уся паўната заканадаўчай, выканаўчай і судовай улады канцэнтруецца ў руках манарха. Абсалютызм уяўляе сабою форму дзяржавы, якая фарміруецца на завяршальнай стадыі развіцця феадальнага грамадства і на пачатковай стадыі развіцця буржуазнага грамадства, і характарызуецца рэзкім узмацненнем улады манарха і найвышэйшаю ступенню дзяржаўнай цэнтралізацыі.

Традыцыйна ў гістарыяграфіі прынята лічыць, што ўзнікненне абсалютызму стала адлюстраваннем часовага баланса сіл паміж фарміруючыміся буржуазнымі і разлагаўшыміся феадальнымі сацыяльнымі сіламі. Ва ўмовах вострай барацьбы паміж буржуазіяй і дваранствам палітычная ўлада, манархія атрымоўвае пэўную самастойнасць, надкласавасць. Яна адыгрывае ролю пасрэдніка ў дадзеным канфлікце і гэта ў многім і забяспечвае яе самастойнасць у адносінах да абодвух вядучых класаў той эпохі. Лавіраванне паміж старым дваранствам і прадпрымальніцкімі коламі стала важнейшай рысай палітыкі абсалютызму. Нягледзячы на адмену сярэдневяковых вольнасцей і правоў, буржуазія мела патрэбу ў стабільнай каралеўскай уладзе. Абапіраючыся на бюргерства, нараджаючуюся буржуазію, каралеўская ўлада атрымоўвае магчымасць падначаліць сабе феадальную арыстакратыю. З другога боку, яна абмяжоўвае і самастойнасць гарадоў. Падтрымка, якую буржуазія аказала каралеўскай ўладзе, была платай за падтрымку, якую каралеўская ўлада ў сваю чаргу аказала бужуазіі ў барацьбе з дваранствам і ў адстойванні яе інтарэсаў у барацьбе з замежнымі канкурэнтамі. Манархія падтрымлівае, заахвочвае нацыянальны гандаль і прамысловасць, забяспечвае стабільнасць.

З другога боку, феадальнае дваранства ва ўмовах развіцця капіталізму страчвае сваю эканамічную магутнасць, бяднее. Дваранства як служылае саслоўе ва ўсё большай ступені трапляла ў залежнасць ад міласці караля, атрымоўваючы пенсіі, субсідыі. Ва ўмовах абсалютнай манархіі ствараецца велізарная колькасць прыдворных пасад, якія прыносяць добры даход тым дваранам, якія іх займаюць. Магчымасць змяніць да лепшага сваё матэрыяльнае становішча яны бачыць у службе пры двары. Каралеўская ўлада праз стварэнне даходных прыдворных пасад, праз выплату дваранству шматлікіх пенсій і субсідый заваёўвае яго лаяльнасць і згоду на абмежаванне ролі дваранства, арыстакратыі ў кіраванні краінай. Абсалютызм не імкнуўся да знішчэння палітычнай ролі дваранства, арыстакратыі. Палітычным праследаванням падвяргаліся прадстаўнікі цэнтраімклівых тэндэнцый у радах дваранства. Для яго станаўленне абсалютызму несла падзенне яго значымасці. Але гэты працэс успрымаўся дваранствам у цэлым як працэс натуральны і легітымны. Згодна сярэдневяковай традыцыі паўнамоцтвы караля як палітычнага і ваеннага лідэра былі бясспрэчныя.

Англійскі гісторык Г. Кёнігсберг звязвае ўмацаванне еўрапейскіх манархій з сацыяльнымі пераменамі, якія перажывала еўрапейскае грамадства на мяжы сярэдневечча і новага часу. Рухнулі адносіны паміж сюзерэнамі і васаламі, а развіццё таварна-грашовых адносін дазволіла манархам значна ўмацаваць свае пазіцыі сярод падданых. Ва ўмовах, калі новыя віды зброі і арганізацыі ваеннай справы рэзка зменшылі значэнне феадальнай конніцы, замкаў, арыстакратыя вымушана была адмаўляцца ад спроб захаваць сваю аўтаномію і сканцэнтравацца на атрыманні ўплыву на манархію і яе інстытуты. У гэты час замест васальна-ленных адносін распаўсюджваецца сістэма адносін патрон-кліент. Кароль больш не стаіць на вяршыне феадальнай лесвіцы, а выконвае ролю вярхоўнага патрона. Арыстакратыя ж імкнецца заняць ролю пасрэдніка ў адносінах паміж каралём і тымі, хто дабіваецца ад яго падтрымкі, заступніцтва. Тым самым яна разлічвае захаваць кантроль над манархіяй, свой уплыў на манарха, кантралюючы яго адносіны з кліентам. Для гэтага прадстаўнікі арыстакратыі імкнуцца заняць ключавыя пасады ў яго акружэнні. Фактычна адносіны патраната былі карупцыяй, бо мелі на ўвазе аплату паслуг як патрона, так і таго, хто зводзіў кліента і патрона. Грамадская пазіцыя асуджэння такой практыкі склалася ў Еўропе толькі ў канцы XVIIІ ст. патранат быў для караля сродкам прымусіць сваіх падданых служыць яму. Дабіцца гэтага можна было пры наяўнасці ў караля значных сродкаў.

Ад ступені развіцця буржуазных пластоў грамадства, як і ад асаблівасцей папярэдняга развіцця палітычных структур, у значнай ступені вызначаўся канкрэтны характар абсалютысцкай улады, ступень яе спеласці ў той ці іншай краіне. Пачатак станаўлення абсалютнай манархіі – мяжа ХV – XVI ст. У гістарыяграфіі распаўсюджаны пункт гледжання аб XVI – першай палове XVII ст. як аб перыядзе ранняга абсалютызму. З сярэдзіны XVII ст. фарміруецца спелы, ці класічны абсалютызм. Хаця англійскі абсалютызм (існаванне якога шэрагам гістарычных школ адмаўляецца) прайшоў на працягу XVI ст. стадыю спеласці і ўступіў у паласу зацяжнога крызісу, вынікам якога стала рэвалюцыя сярэдзіны XVII ст.

На пачатак XVI ст. закончылася фарміраванне ўстойлівых тэрытарыяльных граніц вядучых еўрапейскіх краін. Рэфармацыя стварыла ўмовы для аддзялення ідэі дзяржавы ад каталіцкай дагматыкі. Раней манарху немагчыма было ўмацаваць сваю ўладу, не парушыўшы тых ці іншых царкоўных пастаноў. У ходе каралеўскай рэфармацыі царква ператварылася ў частку дзяржаўнай структуры. Распаўсюджванне Рэфармацыі ўмацавала пазіцыі кароны і ў тых краінах, дзе захавалася панаванне каталіцкай царквы.

Абсалютызм працягвае пачатае раней далучэнне ўскраінных тэрыторый, рэзка стрымлівае сепаратысцкія памкненні феадальнай знаці, абмяжоўвае гарадскія вольнасці, фарміруе моцную цэнтралізаваную сістэму ўлады, ставіць пад свой кантроль розныя сферы сацыяльнага жыцця. Органы саслоўнага прадстаўніцтва страчваюць значэнне, якое яны мелі ў папярэдні перыяд, хаця часам працягваюць існаваць разам з новым бюракратычным апаратам абсалютызму.

Першым сур’ёзным крокам на шляху стварэння цэнтральных органаў улады, цалкам залежных ад каралеўскай волі, стала фарміраванне дзяржаўных (тайных) саветаў. Прычым, з цягам часу працэнт прадстаўнікоў арыстакратыі ў гэтых саветах зніжаўся. Адваротным бокам фарміравання каралеўскай бюракратыі стала абмежаванне правоў старых саслоўных органаў. Адначасова фарміруецца новае адміністратыўна-тэрытарыяльнае дзяленне дзяржавы. З’яўляюцца тэрытарыяльныя акругі, на чале якіх стаяць прызначаемыя каралём чыноўнікі.

Для фарміравання абсалютысцкай сістэмы ўлады патрэбны былі вялікія грашовыя сродкі. Гэта рабіла неабходным правядзенне падатковай рэформы, каб пераарыентаваць грашовыя патокі, якія раней ішлі ў кішэню феадала, у каралеўскую казну. Традыцыйная незалежнасць сеньёра грунтавалася на праве збіраць і карэктаваць падаткі. Прасцейшым спосабам змяніць падатковую сістэму стала прызначэнне ў правінцыі чыноўнікаў, адказных за збор падаткаў. У выніку за некалькі дзесяцігоддзяў правінцыйныя саслоўныя органы пазбавіліся права ўплываць на збор падаткаў. З фарміраваннем абсалютызму звязана правядзенне кадыфікацыі юрыдычна-прававых норм, якія становяцца ўніверсальнымі на ўсёй тэрыторыі дзяржавы.

Сур’ёзным стымулам для станаўлення абсалютнай манархіі сталі міждзяржаўныя войны. Для Іспаніі – гэта Рэканкіста, для Францыі – Італьянскія войны, для многіх краін Еўропы – Трыцацігадовая вайна і серыя войн, якія адбываліся пасля яе. Войны патрабавалі вялікіх дзяржаўных выдаткаў, росту колькаснага складу арміі. Гэта магла забяспечыць толькі моцная цэнтральная ўлада. Сярод правячых колаў расло разуменне таго, што ўмацаванне ўлады манарха з’яўляецца неабходнай умовай вядзення паспяховай знешняй палітыкі.

Развіццё капіталізму ў рамках склаўшыхся дзяржаўных утварэнняў, становішча пастаяннай знешнепалітычнай напружанасці, неабходнасць абароны недастаткова моцнай нацыянальнай буржуазіі ў барацьбе са знешняй канкурэнцыяй, пастаянная патрэба ўсіх дзяржаў у звонкай манеце і крэдыце – ўсё гэта парадзіла традыцыю актыўнага ўмяшання каралеўскай улады ў эканамічную сферу. Адбылося фарміраванне шэрагу прынцыпаў эканамічнай палітыкі абсалютызму, якія былі аб’яднаны паняццем меркантылізм.

Працэс развіцця абсалютызму ў еўрапейскіх краінах нельга прадставіць ізалявана, не ўлічваючы вопыту розных краін. Асабліва значным быў уплыў французскай манархіі, чый вопыт актыўна пераймаўся ў іншых краінах. Выдзяляюць наступныя асноўныя варыянты абсалютызму:

- паўночна-заходні, які склаўся ў Англі і Францыі ў ХVII cт.;

- паўднёва-заходні, ці міжземнаморскі;

- цэнтральнаеўрапейскі;

- скандынаўскі;

- усходнеўрапейскі.

У дадзеным дапаможніку дэталёва будуць разгледжаны тыпы абсалютызму ў адпаведнасці з патрабаваннямі тыпавой вучэбнай праграмы курса.




Лекцыя 1 Французскі абсалютызм у канцы XV – пачатку XVIII ст.
1.1 Складванне сістэмы ранняга абсалютызму ў ХVI – першай палове ХVIІ ст.

1.2 Фронда

1.3 Класічны абсалютызм пры Людовіку ХIV
Літаратура

Люблинская, А.Д. Французские крестьяне в ХVI – ХVIІІ вв. [Текст]. / А.Д. Люблинская. – Ленинград, 1978.

История Франции. [Текст]. Т. 1. – М., 1972.

История Европы. [Текст]. Т. 3,4. – М., 1990, 1994.

Ролинская, А.Е. Очерки по истории Франции XVII   XVIII вв. [Текст]. – М., 1958.

Малов, В.Н. Жан Батист Кольбер. [Текст]. / В.Н. Малов // Новая и новейшая история. – 2000. – № 3.


1.1 У Францыі раней, чым у іншых еўрапейскіх дзяржавах, ужо ў другой палове ХV ст., складваецца сістэма ранняга абсалютызму. Гэтаму садзейнічала Стогадовая вайна. Яна патрабавала ад кароны выступаць у якасці апоры нацыянальнага адзінства. Ужо ў сярэдзіне ХV ст. карона атрымала права збіраць экстраардынарныя падаткі без згоды саслов’яў. Важнейшаю перадумоваю ўсталявання французскага абсалютызму быў палітычны саюз манархіі з гарадскім насельніцтвам. Французская буржуазія вельмі рана пачала спецыялізавацца на крэдытаванні дзяржавы. Яна стала далучацца да падатковай эксплуатацыі сваёй краіны праз сістэму водкупаў і куплю фінансавых пасад.

Ранні абсалютызм стаў новай фазай цэнтралізацыі, аб’яднання французскіх зямель, умацавання каралеўскай улады. У канцы XV ст. да каралеўскага дамена былі далучаны Бургундзія, Праванс і Брэтань. Спецыфіку ранняга абсалютызму складае прыкладная раўнавага паміж палітычнымі традыцыямі, характэрнымі для саслоўна-прадстаўнічай манархіі і развіваючыміся элементамі бюракратычнай дзяржаўнасці, якая канчаткова ўмацуецца ў эпоху класічнага абсалютызму. У гэты перыяд асноўныя намаганні каралеўскай улады былі накіраваны на разбурэнне палітычнай арганізацыі сярэдневяковых саслов’яў. Генеральныя штаты на працягу XVI – XVII ст. склікаліся толькі чатыры разы: у 1560, 1576, 1588 і 1614 гадах.

Умацаванне каралеўскай улады выявілася ў зменах у яе адносінах з каталіцкаю царквою. У 1516 г. Францыск І заключыў з папай Львом Х Балонскі канкардат. Прынцып выбарнасці царкоўных іерархаў быў заменены на прынцып каралеўскага прызначэння. Такая сістэма вяла да таго, што, захоўваючы значную аўтаномію, каталіцкая царква ў Францыі ўрастала ў палітычную структуру ранняга абсалютызму.

Узмацненню каралеўскай улады спрыяла і сацыяльнае ўзвышэнне чыноўніцтва, якое ў Францыі было самым моцным сярод еўрапейскіх краін. Чыноўнікаў у Францыі можна падзяліць на некалькі катэгорый. Офісье – гэта чыноўнік, які з’яўляўся ўласнікам сваёй пасады і быў у значнай ступені незалежны ад кароны. Толькі калі гаворка ішла пра самыя высокія пасады ў цэнтральным апараце, кароль мог звольніць офісье, але выкупіўшы яго пасаду. Такім чынам, офісье ператварыліся ў замкнёную касту, практычна незалежную ад кароны. Кароне больш выгадна было выкарыстоўваць камісараў, якія атрымлівалі ад караля пэўнае даручэнне – камісію – і маглі быць адкліканы ў любы момант. Але ў Францыі, дзе існавала дваранства мантыі, сістэма адкупоў, з’яўленне каралеўскіх чыноўнікаў не столькі рэфарміравала, колькі дубліравала сістэму кіравання, павялічваючы бюракратыю і не паляпшаючы механізм кіравання.

Значныя адміністрацыйныя пераўтварэнні, якія прывялі да росту ўплыву чыноўніцтва, адбыліся ў час царавання Францыска І (1515-1547) і Генрыха ІІ (1547-1559). У выніку іх у Францыі з’яўляецца інстытут інтэндантаў – каралеўскіх чыноўнікаў, якія з адмысловымі даручэннямі накіроўваліся каралеўскаю ўладаю ў розныя правінцыі. Ствараюцца новыя ўрадавы органы: Вялікі, Дзелавы і Прыватны каралеўскія саветы. Пры стварэнні каралеўскіх саветаў яскрава прасочваецца курс на адхіленне пэрства ад улады. Па рэгламенту 1584 г. з 33 пасад у Дзяржаўным савеце 21 займалі прадстаўнікі радавога дваранства, 6 – прэлаты, 6 – дваране мантыі. Павялічваецца роля каралеўскага двара, у якім налічваецца каля 1,5 тыс. пасад. У якасці апоры каралеўскай улады фарміруецца наёмная рэгулярная армія. Пад каралеўскі кантроль пераходзіць дзейнасць Парыжскага парламента.

У 1559 г. пасля смерці Генрыха ІІ працэс паступальнага развіцця ранняга абсалютызму ў Францыі быў перапынены. Разгарнулася барацьба за ўплыў пры двары паміж двума магутнымі кланамі Гізаў і Бурбонаў. Апошнія звязалі барацьбу за свае палітычныя інтарэсы з кальвінісцкім рухам. Спалучэнне палітычнай барацьбы з вострым рэлігійным канфліктам прывяло каралеўства да грамадзянскай вайны, якая пачалася ў 1562 г.

Перыяд грамадзянскіх войн супаў з дынастычным крызісам у Францыі. У пачатку 1580-х гадоў Генрых ІІІ некалькі ўмацаваў каралеўскую ўладу. Аднак пасля смерці малодшага брата караля, у якога не было дзяцей, узнікла пагроза пераходу трона да Генрыха Бурбона, пратэстанта па веравызнанню. Гэта стварала пагрозу панавання кальвінісцкай партыі ў каталіцкім каралеўстве. Каб супрацьстаяць гэтай пагрозе, у 1588 г. была створана ліга каталіцкіх гарадоў на чале з Парыжам. Яна ўступіла ў саюз з дваранскай партыяй Гізаў. У 1588 г. Генрых ІІІ уцёк з паўстаўшай сталіцы і ў 1589 г. быў забіты каталіком-фанатыкам. Дынастыя Валуа перарвалася.

У гэты момант Францыя, як адзіная дзяржава, была на мяжы распаду. Але ў Францыі сфарміравалася новая групоўка г.з. “палітыкаў”. Яны былі каталікамі, але паставілі інтарэсы захавання адзінства Францыі вышэй, чым перамогу сваёй рэлігіі. Яны падтрымалі ў якасці кандыдата на французскі трон Генрыха Наварскага Бурбона, які пагадзіўся перайсці ў каталіцтва.

Перыяд гарамадзянскіх войнаў спыніўся ў 1594 г., калі Парыж прызнаў Генрыха IV Бурбона каралём Францыі. Для гэтага каралю давялося перайсці ў каталіцтва. Каб атрымаць прызнанне як каталіцкіх, так і пратэстанскіх вяльмож, новы кароль шчодра адарыў іх у выглядзе губернатарстваў, пенсій, прыдворных пасад. Гарадам і правінцыям былі пацверджаны іх шматлікія прывілеі. Па Нанцкаму эдзікту 1598 г. пратэстанты атрымалі ў Францыі ўсе грамадзянскія правы, права на свабоднае адпраўленне свайго культа. Захавалася ваенна-палітычная арганізацыя пратэстантаў: асамблеі, узброеныя атрады, крэпасці. Па сутнасці гэта была дзяржава ў дзяржаве. Такім чынам у выніку грамадзянскіх войнаў і змены дынастыі каралеўская ўлада ў Францыі прыкметна аслабела. Многія заваёвы ранняга абсалютызму былі страчаны.

Палітыка Генрыха IV была нацэлена на тое, каб зноў умацаваць пазіцыі каралеўскай улады. Былі падаўлены сепаратысцкія змовы знаці. Каб абмежаваць уладу губернатараў, Генрых ІV накіраваў у правінцыі генеральных намеснікаў для вырашэння фінансавых і судовых спраў. Пры ім адбылося далейшае ўмацаванне бюракратыі, перш за ўсё, за кошт дваранства мантыі. Узаконеная яшчэ Францыскам І сістэма продажу пасад стала спадчынай. Для гэтага дастаткова было ўносіць у казну штогадовы ўзнос – палету. Усё больш выразна праяўлялася выключная роля бюракратычнага апарату, як спецыфічная рыса французскага абсалютызму. У канцы ХVI – XVII ст. адбываецца фарміраванне сістэмы міністэрстваў. У той жа час у сілу наяўнасці такіх архаічных элементаў, як продаж пасад, роля асабістых сувязей, французская бюракратычная сістэма яшчэ захавала ў сабе элементы саслоўнага прадстаўніцтва. Дзякуючы ўмелай палітыцы сюрінтэнданта фінансаў Сюлі была стабілізавана фінансавая сістэма, і манархія атрымала неабходныя сродкі. Сюлі стаў першым правадніком ў Францыі паслядоўнай меркантылісцкай палітыкі.

Усе дасягненні Генрыха IV у справе ўмацавання каралеўскай улады былі перакрэслены ў сувязі з яго забойствам у 1610 г. Зноў пачалася смута, выкліканая выступленнямі знаці і актывізацыяй гугенотаў.

У 1624 г. першым міністрам Людовіка ХІІІ становіцца кардынал Рышэлье. У сваёй палітычнай праграме ён вылучыў тры важнейшыя пункты: барацьба з гугенотамі, з апазіцыяй сярод знаці, умацаванне ўлады манарха, каб Францыя вярнула сабе месца першай еўрапейскай дзяржавы. Фактычна гэта была праграма ўсталявання абсалютысцкага рэжыму ўнутры Францыі і яе панавання ў Еўропе. У 1629 г. каралеўская армія авалодала галоўным аплотам гугенотаў Ла-Рашэллю. З гугенотамі быў падпісаны дагавор, вядомы як “Эдзікт міласці”. Згодна з ім гугеноты захавалі права на свабоднае адпраўленне рэлігійнага культа, але іх ваенна-палітычная арганізацыя была разбурана, што вяло да ўмацавання цэнтралізму ў Францыі. Рышэлье выдаў загад аб зносе феадальных замкаў. Былі забаронены дуэлі як праява палітычнай самастойнасці дваранства. Важнейшым інструментам каралеўскай улады на месцах пры Рышэлье сталі інтэнданты. Яны вырашалі ўсе важнейшыя пытанні жыцця правінцыі за выключэннем ваенных. Узброеныя сілы правінцыі падначальваліся губернатару. Чыноўнічы апарат вельмі імкліва рос і ў сярэдзіне ХVII ст. дасягнуў 46 тыс. чалавек. Гэта быў важны фактар узмацнення каралеўскай ўлады.

Для ўмацавання каралеўскай улады Рышэлье вёў рашучую барацьбу з Парыжскім парламентам. Ва ўмовах упадку Генаральных штатаў гэтая судовая палата імкнулася значна пашырыць свае паўнамоцтвы. Парламент спрабаваў прысвоіць сабе права не проста рэгістраваць каралеўскія эдзікты, а абмяркоўваць і адхіляць уносімыя дакументы. Каб прымусіць палату падпарадкавацца, кароль вымушаны быў сам прыбываць на паседжанне парламента. Рышэлье пазбавіў парламент права адхіляць каралеўскія эдзікты. Для гэтага ён ажыццявіў выкуп пасад найбольш непакорных членаў парламента. Працягвае кардынал і палітыку адхілення арыстакратыі ад улады. Па рэгламенту 1628 г. у Каралеўскім савеце з 35 месцаў толькі 8 адводзілася прэлатам і арыстакратам.

Рышэлье лічыў галоўнаю сілаю дзяржавы сярэдняе і дробнае дваранства і сваёй палітыкай адстойваў яго інтарэсы. У той жа час ён аказваў падтрымку прадпрымальніцтву буржуазіі, паслядоўна праводзячы палітыку меркантылізму. Памёр Рышэлье ў 1642 г., выканаўшы важнейшыя задачы сваёй палітыкі: умацаваўшы ўладу караля і ператварыўшы Францыю ў вядучую краіну Еўропы.

Эпоха Рышэлье завяршала перыяд ранняга абсалютызму ў гісторыі Францыі. Але фарміраванне сістэмы абсалютызму яшчэ не было закончана. У шэрагу правінцый Францыі – Брэтань, Лангедок, Бургундыя, Праванс – захаваліся актыўныя правінцыйныя генеральныя штаты.

1.2 Фронда – масавы сацыяльна-палітычны рух, які ахапіў Францыю ў 1648 – 1653 гадах. Сярод гісторыкаў вядзецца дыскусія адносна таго, чым была фронда: феадальнай рэакцыяй, ці буржуазнай рэвалюцыяй? Версія, згодна якой, Фронда была буржуазнай рэвалюцыяй, прадстаўляецца малаабгрунтаванай. Буржуазія была яшчэ вельмі слабою, таму абсалютызм быў ёй патрэбен. Паміж буржуазіяй і каралеўскім урадам былі супярэчнасці. Напрыклад, буржуазія была незадаволена высокімі падаткамі. Але ўзнікаўшыя праблемы звязваліся з дзейнасцю таго ці іншага міністра, а не манарха. На першым этапе фронду ўзначальвае парыжскі парламент. Аднак ён не быў органам французскай буржуазіі, а органам дваранства мантыі. Большасць членаў парламента лічылі сябе абаронцамі закона і вернымі слугамі караля. Парламент адстойваў шлях паступовага ўмацавання французскага абсалютызму ў рамках традыцыйнай прававой базы.

Трыцацігадовая вайна паказала, што ёсць і іншыя шляхі ўмацавання абсалютызму. У час вайны ўзмацняецца роля інтэндантаў. Яны не толькі сачылі за спагнаннем падаткаў, але сталі іх і размяркоўваць. Яны адцяснілі фінансавыя бюро, якія традыцыйна займаліся гэтымі пытаннямі. Узмацняецца ўплыў і буйных фінансістаў, якія давалі манархіі вялікія ссуды. Кантакты з фінансістамі дазвалялі манархіі адчуваць сябе больш незалежна ў адносінах з Парыжскім парламентам, які павінен быў рэгістраваць фінансавыя акты. Інтэнданты і фінансісты разглядаліся як прыхільнікі дэспатызму. Парыжскі парламент змагаўся ў першую чаргу супраць іх, ён адыгрываў кіруючую роль у антыўрадавых выступленнях на першым этапе Фронды. Ён атрымаў назву парламенцкая Фронда (1648 – 1649 гады). Галоўнае патрабаванне ўдзельнікаў Фронды на гэтым этапе – прызнаць за парламентам права кантраляваць ўвядзенне падаткаў і новых пасад.

Другі этап Фронды (1650 – 1653 гады) атрымаў назву Фронда прынцаў. Кіраўніцтва антыўрадавым рухам перайшло да вышэйшай арыстакратыі. Рэальнай палітычнай праграмы ў прынцаў не было, яны імкнуліся рэалізаваць свае эгаістычныя інтарэсы, хацелі каб кароль правіў, абапіраючыся на арыстакратыю. Галоўнаю памехаю для гэтага, на іх думку, быў кардынал Мазарыні. Да Фронды прымыкнулі правінцыйныя дваране, якія выступілі з ідэяй склікання Генеральных штатаў. Прынцы не падтрымалі іх. Яны абапіраліся на сваіх прыбліжаных, і выкарыстоўвалі рух сацыяльных нізоў. Напрыклад, у Бардо ў 1652 г. усталявалася плебейская дыктатура.

Думаецца, што найбольш дакладна Фронду можна ахарактарызаваць як шырокі антыабсалютысцкі рух, накіраваны супраць цэнтралізатарскай палітыкі рэгентшы Ганны Аўстрыйскай і першага міністра кардынала Мазарыні. Гарадскія камуны адстойвалі свае традыцыйныя вольнасці, судзейскае саслоўе выступіла супраць абмежавання яго паўнамоцтваў, асабліва ў фінансавай сферы, вышэйшая арыстакратыя была незадаволена адхіленнем яе ад улады. Усе гэтыя слаі выступілі і супраць узмацнення новай, падначаленай непасрэдна і толькі ўраду бюракратыі. Г. кёнігсберг абгрунтавана трактуе Фронду як выступленне старых урадавых карпарацый супраць новых.

Фронда абапіралася на незадавальненне народа. Яе можна разглядаць і як антыпадатковы рух. Палітычная сітуацыя, якая прывяла да Фронды, пачынае складвацца з 1643 г., калі памёр Людовік ХІІІ. Новым каралём становіцца Людовік ХІV, а рэгентшай каралева Ганна. Рэальная ўлада аказалася ў руках першага міністра кардынала Мазарыні. У Парыж вяртаюцца арыстакраты, якія былі высланы кардыналам Рышэлье, многія з іх пераходзяць у апазіцыю да кардынала.

Фінансавая палітыка ўрада была вельмі непаслядоўнай і непапулярнай. Падаткі ўвесь час падвышаліся. Каб зламаць супраціўленне Парыжскага парламента, урад паспрабаваў адмяніць палету. У адказ у чэрвені 1648 г. парламент заяўляе пра неабходнасць правесці агульныя дзяржаўныя рэформы. На разгляд каралеве была прадастаўлена іх праграма (27 артыкулаў). Яна прадугледжвала вяртанне Францыі да традыцыйнай сістэмы кіравання. Урад пагадзіўся з некаторымі патрабаваннямі. Было абвешчана дзяржаўнае банкрутства, чым быў нанесены ўдар па фінансістах, прынята рашэнне аб адкліканні інтэндантаў з правінцый. Пацвярджалася права Парламента рэгістраваць усе дзяржаўныя акты, якія ўводзяць новыя падаткі.

Мазарыні 26 жніўня арыштаваў лідэраў парламенцкай апазіцыі. У адказ у Парыжы ўспыхнула паўстанне. Пад ціскам парыжан 22 кастрычніка каралева вымушана была падпісаць 27 артыкулаў поўнасцю. Мазарыні не змірыўся з гэтай саступкай і пачынае сцягваць войскі да Парыжа. Двор і першы міністр уцякаюць у студзені 1649 г. з Парыжа. Пачынаецца грамадзянская вайна, якая вялася абодвума бакамі вельмі асцярожна. 1 красавіка 1649 г. было падпісана пагадненне, па якім Парламент адмовіўся ад патрабавання адстаўкі Мазарыні.

У другой палове 1649 г. парламенцкая Фронда працягваецца ў правінцыі. Тут разгарнулася барацьба за ўладу паміж губернатарамі і парламентамі. Мазарыні ў жніўні ўдалося дабіцца замірэння і тут.

Фронда прынцаў пачынаеца пасля таго, як 18 студзеня 1650 г. былі арыштаваны прынцы Кандэ і Канці. Кандысты занялі Бардо, іх падтрымалі сацыяльныя нізы горада. Становішча Мазарыні было цяжкім. Іспанія заключае саюз з кандыстамі. 7 лютага 1651 г. Мазарыні зноў уцякае з Парыжа. Кароль з каралевай вымушаны былі прыняць патрабаванне аб яго адстаўцы.

Але антымазарынаўскі блок быў нетрывалы. Узнік канфлікт паміж Парламентам і дваранствам. Апошняе патрабуе склікання Генеральных штатаў, каб зменшыць уплыў Парламента. У верасні 1651 г. прынц Кандэ аднавіў вайну супраць урада, але перавага была на баку каралеўскага войска. У снежні 1651 г. Мазарыні з арміяй, сабранай у Германіі, уварваўся на тэрыторыю Францыі. Парыж, стомлены ад вайны, схіляецца да міру з каралём і Мазарыні. 2 кастрычніка 1652 г. кароль, а 3 лютага 1653 г. Мазарыні вяртаюцца ў Парыж. Парламент прызнаў сваё паражэнне. Было пакончана з прытэнзіямі судовах палат на ўдзел у кіраванні краінай іначай як праз падачу рэманстрацый. Прынц Кандэ канчаткова пераходзіць на бок Іспаніі. У жніўні 1653 г. каралеўская армія змагла падавіць паўстанне ў Бардо. Гэта азначала заканчэнне Фронды.

1.3 Атрымаўшы перамогу над Фрондаю, французскі абсалютызм уступіў у класічны этап свайго развіцця. Росквіт французскага абсалютызму звязаны з праўленнем Людовіка ХІV, які пачаў самастойна правіць пасля смерці Мазарыні ў 1661 г. Ён заявіў, што сам будзе сваім першым міністрам. Тым самым кароль усклаў на сябе асабіста адказнасць за лёс сваіх поданых. Менавіта ў гэтым сэнсе прагучала знакамітая фраза, прыпісваемая Людовіку XІV, “дзяржава – гэта я”. У 60-я годы XVII ст. Людовіка ХІV накіраваў намаганні на аслабленне Парламента Парыжа. У 1668 г. ён з'явіўся ў парламент і вырваў пратаколы, якія адносіліся да часоў Фронды. Гэта быў сімвалічны жэст, які меў на мэце знішчыць усялякія напаміны пра саступкі манархіі Парламенту. У 1673 г. Парламент Парыжа пазбаўляецца права затрымліваць уступленне ў дзеянне ўказаў караля.

Рэарганізуецца і дзяржаўны савет як цэнтральны орган кіравання. Быў утвораны вузкі (вярхоўны) савет з 3 чалавек. Удзел у працы вярхоўнага савета не быў аформлены патэнтам, і кароль сам прызначае і мяняе яго членаў. Цэнтралізацыя ўлады праявілася і ў стварэнні агульнадзяржаўнай сістэмы законаў. У 60-я – 70-я гады былі прыняты агульнадзяржаўныя арданансы па крымінальнаму, грамадзянскаму, камерцыйнаму, марскому праву.

На месцах умацаванне каралеўскай улады выявілася перш за ўсё ў пашырэнні функцый інтэндантаў. Яны выконвалі самыя разнастайныя даручэнні, клапаціліся аб развіцці мануфактур, гандлю. Для выканання такіх разнастайных функцый інтэнданты сталі ствараць свой чыноўніцкі апарат.

Людовік ХІV пацясніў і фінансістаў, якія стварылі замкнёную касту і карысталіся падтрымкай сюрінтэнданта фінансаў Фукэ. Ён быў арыштаваны. Для вырашэння фінансавых спраў быў створаны каралеўскі савет фінансаў, у якім паступова на першы план выходзіць Ж.-Б. Кальбер. Рэпрэсіі супраць фінансістаў падарвалі давер да дзяржаўнага крэдыту, і ў 1665 г. кароль выдае эдзікт аб іх амністыі.

Кароль імкнуўся пазбавіць палітычнага ўплыву арыстакратыю. У 1665 г. ён пасылае камісію Парыжскага парламента ў г. Оверн. Яна занялася выкараненнем злоўжыванняў сеньёраў у адносінах да сялян. Гэта дыктавалася не столькі клопатам кароны аб сялянах, колькі імкненнем зламаць дваранскую апазіцыю. У той жа час гэта быў працяг традыцыйнай палітыкі французскага абсалютызму, якая была накіравана на прадухіленне спроб сеньёраў празмерна павысіць сялянскія павіннасці, бо дзяржава была зацікаўлена ў захаванні гаспадаркі селяніна як асноўнага падаткаплацільшчыка. Палітыка наступлення на палітычную незалежнасць дваранства знайшла адлюстраванне і ў кампаніі па выяўленню “ўзурпатараў дваранскага звання”. У выніку яе многія дваране, як правіла дробныя, пазбавіліся свайго звання. У той жа час абсалютызм быў зацікаўлены ў захаванні старой сацыяльнай структуры грамадства. Людовік ХІV абараняў традыцыйныя правы сасловій. У вёсцы ён сваёй палітыкай умацоўваў абшчыну, у горадзе – цэхавую сістэму.

Ідэалагічную апору абсалютызму Людовік ХІV бачыў у каталіцкай царкве. У 1685 г. кароль адмяняе Нанцкі эдзікт. Пасля чаго 200 – 300 тыс. гугенотаў пакідаюць Францыю. Кароль працягвае палітыку аслаблення ўплыву папства на царкоўнае жыццё Францыі. Па яго ініцыятыве нацыянальны царкоўны сабор у 1682 г. заяўляе, што папа ў Францыі не мае ніякай улады, акрамя духоўнага аўтарытэту, а мясцовае духавенства падначальваецца каралю.

Людовіка ХІV пастаянна падкрэсліваў, што важнейшымі рысамі манархіі павінны быць веліч і слава. Дасягнуць вялічы караля і дзяржавы ён імкнецца праз палітыку заваяванняў. Для гэтага была створана велізарная для таго часу армія ў 300-500 тыс. чалавек.

Рэформы, якія адбываліся ў эканоміцы і сацыяльнай сферы, звязаны з дзейнасцю сюрінтэнданта фінансаў Ж.-Б. Кальбера. Ён у 1665 г. вылучыў праграму пераўтварэнняў у сацыяльнай структуры грамадства. Кальбер лічыў, што існуюць прафесіі карысныя для дзяржавы (гандляры, земляробы) і бескарысныя (манахі, фінансісты). Колькасць людзей, якія займаюцца апошнімі, неабходна скараціць. Ён прапанаваў знізіць кошт судовых пасад і паступова выкупляць іх, планаваў адмену палеты, што прывяло б да ліквідацыі перадачы судовых пасад у спадчыну і скарачэння колькасці Парламента ў два разы. Рэзка быў павышаны ўзрост, з якога дазвалялася прымаць манашства. Але большасць рэформ, задуманых Кальберам, не была рэалізавана. У прыватнасці, палета так і не была ліквідавана, колькасць судовых пасад скарацілася нязначна.

У аснову эканамічнай палітыкі Кальбер паклаў меркантылізм. Перш за ўсё ён імкнуўся дабіцца станоўчага гандлёвага балансу краіны. Тым самым павялічваўся б прыток грошай у Францыю. Гэта дало б магчымасць павялічыць яе ваенны патэнцыял. Палітыка меркантылізму спрыяла развіццю прамысловасці і гандлю. Кальбер заахвочваў развіццё французскай прамысловасці, каб зменшыць увоз у Францыю замежных прамысловых тавараў і адток грошай з краіны. Ён падтрымліваў стварэнне вытворчасці новых тавараў (люстэркі, кружовы, медныя і стальныя вырабы). Вялікая ўвага надавалася стварэнню мануфактур, якія выпускалі амуніцыю і ўзбраенне для арміі. Урад канцэнтруе ўвагу на стварэнні буйных прадпрыемстваў (цэнтралізаваных мануфактур). Яны не маглі ахапіць усю тэрыторыю Францыі і трымаліся дзякуючы дзяржаўнай падтрымцы. Многія тавары былі неканкурэнтаздольнымі з-за высокай цаны. Прывілеі, якія атрымоўвалі каралеўскія мануфактуры, часта наносілі ўрон іншым мануфактурам, што выклікала незадавальненне прадпрымальнікаў. Прамысловасць для французскага абсалютызму не ўяўляла сабою самакаштоўнасць. Яна разглядалася як сродак для скарачэння ўвозу ў Францыю тавараў і павелічэння вывазу французскіх тавараў за мяжу, каб забяспець прыток у краіну звонкай манеты. Кальбер у многім дабіўся сваёй мэты. Увоз іншаземных тавараў зменшыўся, а экспарт павялічыўся.

Для развіцця гандлю былі заснаваны некалькі гандлёвых прывілегіраваных кампаній (Ост- і Вест-Індыйскія, Левантыйская). Кальбер заснаваў манапольныя рынкі для французскіх тавараў праз захоп калоній: Луізіана, Канада, астравы Вест-Індыі. Ён менш зрабіў для развіцця ўнутранага гандлю. Не былі ліквідаваны ўнутраныя мытні, бо з захаваннем граніц паміж правінцыямі была звязана сістэма падаткаабкладання. Толькі цэнтральны раён краіны ўяўляў сабою адзіную мытную прастору, якая была аддзелена ад астатніх правінцый мытнымі граніцамі. Мытная палітыка была важнейшым інструментам для барацьбы з наплывам іншаземных тавараў. У 1667 г. ўводзіцца агульнанацыянальны пратэкцыянісцкі тарыф, які рэзка абмяжоўваў прыток замежных тавараў на французскі рынак. Да Кальбера вельмі рэдка ўсталёўваліся агульныя для ўсяго каралеўства мытныя зборы. Пры ім складваецца агульнафранцузская мытная сістэма, што спрыяла цэнтралізацыі краіны.

Кальбер унёс змены ў падаткавую сістэму. У час Трыцацігадовай вайны рэзка вырасла талья, якую плацілі сяляне. Сялянства было знясілена падатковым ціскам. Таму ўрад ідзе на зніжэнне тальі. Цэнтр цяжару ў падаткаабкладанні пераносіцца на ўскосныя падаткі. Калі ў канцы Трыцацігадовай вайны талья складала 2/3 каралеўскіх даходаў, то пры Кальберы – 1/3. Падаткавая сістэма стала больш справядлівай, бо ўскосныя падаткі плацілі і прывілегіраваныя саслоўі. Павялічваецца падаткаабкладанне гараджан. У канцы XVII – пачатку XVIII ст. вялікія ваенныя выдаткі стымулююць увядзенне падаходных падаткаў, якія распаўсюджваюцца і на прывілегіравыныя саслоўі: капітацыя ў 1695 г., у 1711 – 1717 гады дзейнічала каралеўская дзесяціна. Гэтыя меры некалькі зменшылі нераўнамернасць у размеркаванні падаткаў паміж саслоўямі, але не зменшылі падатковы ціск у цэлым, хучэй наадварот.

На вёсцы ў другой палове XVII ст. назіраецца сеньярыальная рэакцыя. Кальбер імкнецца абараніць сялян ад празмернай эксплуатацыі з боку сеньёраў, каб захаваць іх як падаткаплацільшчыкаў. Дзякуючы гэтаму сеньярыальная рэакцыя не стала ў Францыі афіцыйнай дзяржаўнай палітыкай.

Палітыка Кальбера паспрыяла эканамічнаму развіццю Францыі. Але ён разглядаў поспехі ў прамысловасці, гандлі толькі як сродак умацавання абсалютызму. Для кальберцізма характэрна імкненне пашырыць дзяржаўнае рэгуляванне ў эканамічнай сферы, узмацненне цэхавай сістэмы, стварэнне каралеўскіх мануфактур. Гэта перашкаджала развіццю свабоднага прадпрымальніцтва. Рэформы не падрывалі феадальных парадкаў, не ставілі пад сумненне прывілегіраванае становішча французскага дваранства.

Няспынныя войны Людовіка ХІV, рост падатковага ціску прывялі да абнішчання значнай часткі насельніцтва. Па падліках маршала Вабана 60% французаў у той час жылі ў жабрацтве. Перыядычна паўтараліся галодныя гады: 1662, 1694, 1711. пастаяннай з’явай былі народныя выступленні. Буйное сялянскае паўстанне ўспыхнула ў Гасконі ў 1664 г. У 1666 – 1670 гадах паўстанні адбыліся ў Лангедоку, Русільёне. У 1674 – 1675 гадах паўстанні ахапілі Гіень і Брытань. На фоне шматлікіх народных выступленняў сваім размахам вылучалася сялянска-плябейскае паўстанне камізараў (рубашачнікаў). Яно пачалося ў 1702 г. у Лангедоку. У ідэалагічным плане яно мела афарбоўку рэлігійнай ерасі, але прычыны паўстання былі сацыяльна-эканамічныя. Толькі ў 1705 г. каралеўскія войскі падавілі паўстанне.

У апошнія гады праўлення Людовіка пачынаецца крызіс французскага абсалютызму. Войны прывялі Францыю да знясілення. Не ўдалося каралю усталяваць панаванне Францыі ў Заходняй Еўропе. У краіне пачала гучаць крытыка як знешняй, так і ўнутранай палітыкі Людовіка ХІV. Сведчанем крызісу абсалютызму сталі і шматлікія народныя паўстанні, якія прыгадваліся вышэй. У 1715 г. Людовік XIV памірае.


Пытанні для самакантроля

1 Пералічыце перадумовы фарміравання ранняга абсалютызму ў Францыі.

2 Якія змены ў сістэме дзяржаўнага кіравання Францыі адбываюцца ў канцы XV – першай палове XVI ст.?

3 Якія падзеі прывялі да аслаблення каралеўскай улады ў Францыі ў другой палове XVI ст.?

4 Ахарактарызуйце асноўныя напрамкі палітыкі Генрыха IV і Рышэлье па ўмацаванню каралеўскай улады.

5 Назавіце прычыны Фронды і вызначыце мэты яе ўдзельнікаў.

6 Якія змены адбыліся ў сістэме дзяржаўнага кіравання Францыі ў час праўлення Людовіка XIV?

7 Ахарактарызуйце сацыяльна-эканамічную палітыку французскага абсалютызму пры Людовіку XIV.




: DocLib5 -> %D0%98%D1%81%D1%82%D0%BE%D1%80%D0%B8%D1%8F%20(%D0%BE%D1%82%D0%B5%D1%87%D0%B5%D1%81%D1%82%D0%B2%D0%B5%D0%BD%D0%BD%D0%B0%D1%8F%20%D0%B8%20%D0%B2%D1%81%D0%B5%D0%BE%D0%B1%D1%89%D0%B0%D1%8F) -> %D0%9A%D0%B0%D1%84%D0%B5%D0%B4%D1%80%D0%B0%20%D0%B2%D1%81%D0%B5%D0%BE%D0%B1%D1%89%D0%B5%D0%B9%20%D0%B8%D1%81%D1%82%D0%BE%D1%80%D0%B8%D0%B8 -> %D0%98%D1%81%D1%82%D0%BE%D1%80%D0%B8%D1%8F%20%D0%BD%D0%BE%D0%B2%D0%BE%D0%B3%D0%BE%20%D0%B2%D1%80%D0%B5%D0%BC%D0%B5%D0%BD%D0%B8
%D0%98%D1%81%D1%82%D0%BE%D1%80%D0%B8%D1%8F%20%D0%BD%D0%BE%D0%B2%D0%BE%D0%B3%D0%BE%20%D0%B2%D1%80%D0%B5%D0%BC%D0%B5%D0%BD%D0%B8 -> Тэма: Спецыфіка абсалютызму ў германскіх дзяржавах
%D0%98%D1%81%D1%82%D0%BE%D1%80%D0%B8%D1%8F%20%D0%BD%D0%BE%D0%B2%D0%BE%D0%B3%D0%BE%20%D0%B2%D1%80%D0%B5%D0%BC%D0%B5%D0%BD%D0%B8 -> Міжнародныя адносіны
%D0%98%D1%81%D1%82%D0%BE%D1%80%D0%B8%D1%8F%20%D0%BD%D0%BE%D0%B2%D0%BE%D0%B3%D0%BE%20%D0%B2%D1%80%D0%B5%D0%BC%D0%B5%D0%BD%D0%B8 -> Тэма 3 Вестфальская сістэма сміжнародных адносін у другой палове 17 – пачатку 18 ст
%D0%98%D1%81%D1%82%D0%BE%D1%80%D0%B8%D1%8F%20%D0%BD%D0%BE%D0%B2%D0%BE%D0%B3%D0%BE%20%D0%B2%D1%80%D0%B5%D0%BC%D0%B5%D0%BD%D0%B8 -> Тэма: вялікая французская рэвалюцыя. Першы перыяд
%D0%98%D1%81%D1%82%D0%BE%D1%80%D0%B8%D1%8F%20%D0%BD%D0%BE%D0%B2%D0%BE%D0%B3%D0%BE%20%D0%B2%D1%80%D0%B5%D0%BC%D0%B5%D0%BD%D0%B8 -> Тэма: Агнлійская рэвалюцыя сярэдзіны XVII ст
%D0%98%D1%81%D1%82%D0%BE%D1%80%D0%B8%D1%8F%20%D0%BD%D0%BE%D0%B2%D0%BE%D0%B3%D0%BE%20%D0%B2%D1%80%D0%B5%D0%BC%D0%B5%D0%BD%D0%B8 -> Тэма: Развіццё капіталізму ў Еўропе ў XVI xviii ст
%D0%98%D1%81%D1%82%D0%BE%D1%80%D0%B8%D1%8F%20%D0%BD%D0%BE%D0%B2%D0%BE%D0%B3%D0%BE%20%D0%B2%D1%80%D0%B5%D0%BC%D0%B5%D0%BD%D0%B8 -> Тэма: Абсалютызм у краінах Паўднёва заходняй Еўропы
%D0%98%D1%81%D1%82%D0%BE%D1%80%D0%B8%D1%8F%20%D0%BD%D0%BE%D0%B2%D0%BE%D0%B3%D0%BE%20%D0%B2%D1%80%D0%B5%D0%BC%D0%B5%D0%BD%D0%B8 -> Гістарычная роля буржуазных рэвалюцый і іх тыпалогія. Нідэрландская буржуазная рэвалюцыя
%D0%98%D1%81%D1%82%D0%BE%D1%80%D0%B8%D1%8F%20%D0%BD%D0%BE%D0%B2%D0%BE%D0%B3%D0%BE%20%D0%B2%D1%80%D0%B5%D0%BC%D0%B5%D0%BD%D0%B8 -> Тэма: францыя ад 9 тэрмідора да 18 брумера. Завяршальны этап рэвалюцыі


  1   2   3


База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка