Уводзіны ва урбаністыку. Першыя cтаражытныя гарады. ІІІ тыс да н э. V ст н. э



старонка14/24
Дата канвертавання15.05.2016
Памер3.8 Mb.
1   ...   10   11   12   13   14   15   16   17   ...   24

Эканамічны сектар горада ўзрастаў дзякуючы руплівай працы жыхароў гандлёва-рамеснага пасада і замежнаму гандлю, бо адна з галінаў знакамітага шляху "з варагаў у грэкі" пралягала праз Мінск (Днепр – Бярэзіна – Свіслач, а далей валокам да Нёмана). Мінская рачная прыстань знаходзілася ў раёне цяперашняга забаўляльнага цэнтра (рэстаран “Журавінка”). Частку тавараў, у тым ліку і захопленых у Літве рабоў, мінскія ўдзельныя князі адпраўлялі ў Арабскі Халіфат непасрэдна з берагоў Бярэзіны (г. Друйск). Ёсць версія, што назва "Менск" паходзіць ад слова "мяняць". Праўда, эканамічны патэнцыял старажытнага горада ў параўнанні з гарадамі, што стаялі на буйных рэках, быў невялікі. Мінск сілкаваў пасярэдніцкі, пераважна сухапутны гандаль. Тым не менш, нават гэтая не вельмі шчодрая крыніца высунула горад к канцу ХV ст. у лік значных эканамічных цэнтраў ВКЛ. Сведчаннем таго стала атрыманне Мінскам у 1499 г. права на самакіраванне, ці магдэбургскага права. Размешчаны на перакрыжаванні транспартных шляхоў, Мінск часта цярпеў ад ваенных нападаў. Няспынныя войны ў ХVI–XVIII стcт. ператварылі горад у глухмень.

Найважнейшай падзеяй у гісторыі Мінска, якая перавярнула ўвесь уклад жыцця мінчукоў, стала пракладка праз горад у 1870-я гг. расійскімі ўладамі дзвюх чыгунак (Маскоўска-Брэсцкай і Лібава-Роменскай), якія перакрыжаваліся якраз на ўскрайку мінскіх гарадскіх кварталаў (Немаршанскі бор давялося высечы). Горад атрымаў надзейную сувязь з Маскоўскім, Польскім і Паўднёвым прамысловымі раёнамі, з збожжавымі ўкраінскімі губернямі і з портамі Балтыйскага мора. Цікава, што, паводле першапачатковага варыянта, чыгунку Масква – Брэст меркавалася правесці праз Бабруйск. У такім выпадку ці стаў бы Мінск нашай сталіцай? Мінскаму губернатару ўдалося пераканаць Пецярбург павярнуць магістраль на поўнач.

К канцу ХІХ ст. Мінск ператварыўся ў найважнейшы гандлёвы цэнтр Беларусі. Сярод чыгуначных станцый беларускага рэгіёну ён меў самы значны грузаабарот: 9,3 млн пудоў у 1899 г., 20,3 млн пудоў у 1913 г. Мінск стаў найбуйнейшым цэнтрам транзітнага гандлю лесам, збожжам і тэкстылем. Горад выконваў функцыі размеркавальніка тавараў у Мінскай, Магілёўскай і часткова Віцебскай губернях. Праз яго ў вялікай колькасці ішлі тавары, што вырабляліся ў мясцовым рэгіёне і прызначаліся на ўсерасійскі рынак. Горад вылучаўся празмерна густой сеткай пунктаў рознічнага гандлю. Рэпутацыя Мінска як значнага гандлёвага цэнтра садзейнічала таму, што ён прыцягваў да сябе ўвагу іншагародніх фірмаў. З 1906 г. тут працавала Лясная біржа. Праз два гады пры ёй пачаў ладзіцца лясны кірмаш, які атрымаў назву Каляднага. У 1912 г. мінскія прадпрымальнікі дамагліся ператварэння Лясной біржы ў агульнатаварную.

Гандаль даваў намнога большыя прыбыткі, чым прамысловасць. Таму індустрыялізацыя горада пачалася толькі ў канцы XIX ст. К пачатку Першай сусветнай вайны Мінск ператварыўся ў найбуйнейшы прамысловы цэнтр Беларусі. Дзякуючы развіццю машынабудаўнічай вытворчасці горад актыўна ўплываў на распаўсюджванне фабрычных формаў прамысловасці ў сельскай мясцовасці. Прадукцыя мінскіх гарбарных, абутковых, мылаварных заводаў знайшла рынак збыту на Украіне, Каўказе, у Паволжы, Сібіры, Туркестанскім краі, часткова – у Маскве і Варшаве. Вырабы мінскіх шклозаводаў дастаўляліся ў Палтаву, Вільню, Маскву, дрожджы – у Польшчу.

Назапашаныя на беларускім рынку вольныя грашовыя сродкі, канцэнтраваліся галоўным чынам у Мінску. У 1873 г. адкрыўся Мінскі камерцыйны банк – першы ў Беларусі, а ў 1880-я гг. у горадзе пачалі дзейнічаць аддзяленні агульнарасійскіх банкаў. Напрыканцы ХІХ ст. быў створаны шэраг крэдытных таварыстваў і ашчадных касаў. Мінск ператварыўся ў найбуйнейшы крэдытны цэнтр так званага Паўночна-Заходняга краю (Беларусь і Літва). Такога становішча ён дасягнуў таму, што забяспечваў грашовымі сродкамі фактычна ўвесь лясны гандаль Беларусі з Украінай і часткова з Германіяй і Англіяй. На фінансаванне гэтага гандлю ў мінскія аддзяленні банкаў сцякаліся капіталы з усёй краіны. Акрамя таго, буйны банкаўскі капітал выяўляў вялікую зацікаўленасць продажам зямлі. Пашырыўся іпатэчны крэдыт. У якасці важнага пазыковага цэнтра Мінск прыцягваў да сябе ўвагу розных агульнарасійскіх манаполій.

Пасля далучэння Мінска да агульнарасійскай чыгуначнай сеткі паскорылася капіталізацыя гарадской гаспадаркі. У 1873 г. горад займеў уласны водаправод. У перыяд 1890–1914 гг., які французы назвалі «цудоўнай эпохай», здабыткі гарадской цывілізацыі даволі хутка даходзілі і да мінчукоў: веласіпед (у 1890 г.), конна-чыгуначная дарога (у 1892 г.), электраасвятленне (у 1895 г.), тэлефон (у 1896 г.), першы аўтамабіль (у 1906 г.), матацыклы і заасфальтаваныя вуліцы (у 1910 г.). У 1890-я гг. і на пачатку ХХ ст. назіраўся будаўнічы ўздым. Назапашаныя ў лясным гандлі капіталы ўкладваліся ў нерухомую маёмасць. Будаваліся шматпавярховыя камяніцы. У самай высокай – шасціпавярховым гатэлі «Еўропа» – быў устаноўлены ліфт (1908). Мінск меў найбуйнейшы ў Беларусі гарадскі бюджэт. Увогуле, Мінск зрабіў важкі ўклад у фармаванне нацыянальнага рынку ўжо ў царскі перыяд беларускай гісторыі.

У гады Першай сусветнай вайны і "расійскай смуты" эканамічнае жыццё Мінска парушылася. Пасля вайны савецкая ўлада прыступіла да аднаўлення гаспадаркі. Сталінская індустрыялізацыя 1930-х гг., праўда, слаба кранула горад, які займаў памежнае становішча з польскай дзяржавай. Мінску дасталася і роля сталіцы кантрабанднага гандлю з Польшчай. Развівалася лёгкая прамысловасць, гандаль, сфера паслуг, адкрываліся культурныя ўстановы. Усё гэта спрыяла росту горада. У 1926 г. у Мінску пражывалі 131,5 тысяч чалавек (прыкладна столькі, колькі ў 1914 г.), у 1939 г. – 237,5 тысяч, а на пачатку 1941 г. – 270,4 тысяч.

А потым – зноў вайна. З горада ўдалося эвакуяваць толькі найлепшых спецыялістаў, некаторыя заводы і музеі. Астатняе было разрабаванае, вывезенае немцамі ці знішчанае. Пасля вызвалення ад нацысцкай акупацыі ў Менску засталося 45 тысяч чалавек. Па колькасці насельніцтва горад быў адкінуты на ўзровень сярэдзіны ХІХ ст.

Пасля вайны ставілася мэта – аднавіць Мінск і зрабіць яго навукова-тэхнічным цэнтрам рэспублікі, які стымуляваў бы развіццё ўсёй эканомікі рэгіёну. Не менш адной пятай часткі ўсіх дзяржаўных сродкаў, што выдзяляліся рэспубліцы з саюзнага бюджэту, канцэнтраваліся ў Мінску. І гэта сапраўды дазволіла стварыць індустрыяльны горад, назапасіць у ім высокі навукова-тэхнічны і творчы патэнцыял. Мінск стаў цэнтрам прыцягнення найбольш працаздольнага і высокакваліфікаванага насельніцтва.

Не варта забываць, што ў аднаўленні беларускай сталіцы бралі ўдзел ваеннапалонныя немцы. Адзін з іх лагераў, паводле звестак Томаса Бона, гісторыка Мінска з Нямеччыны, у 1947–1949 гг. знаходзіўся ля прыгараднай вёскі Шэйпічы (цяпер – раён Серабранкі). Ён быў пабудаваны на калгаснай зямлі, якая перайшла ў распараджэнне Міністэрства ўнутраных справаў. Пасля ліквідацыі лагера пра тыя землі забыліся: калгас лічыў іх гарадскімі, а горад – калгаснымі. Скарыстаўшы гэта, новасёлы Мінска пачалі там несанкцыяваную забудову. К пачатку 1957 г. у Новых Шэйпічах стаяла каля 200 новых дамоў, у якіх жылі прыкладна 1500 чалавек. Цэлы прыгарадны пасёлак на працягу 10 гадоў (1949–1959) знаходзіўся па-за дзяржаўнай уладай. Яго жыхары нікому не падпарадкоўваліся, не плацілі падаткаў, а ваеннаабавязаныя мужчыны не рэгістраваліся ў ваенкамаце. Новыя Шэйпічы былі унікальным асяродкам дробных гандляроў і дэзерціраў з калгасаў, якія вырашылі жыць па-за савецкай сістэмай, на мяжы законнасці. Многія з іх працавалі на суседнім велазаводзе, а некаторыя і ў міліцыі. Гэта яскравы прыклад бездапаможнасці дзяржавы ў нармалізацыі пасляваеннага жыцця нават у сталіцы. Людзі імкнуліся самастойна вырашыць свае праблемы і зрабілі б тое нашмат хутчэй, каб ім не перашкаджалі.

Беларуская сталіца дэманстравала небывалы колькасны рост гараджанаў, што дасюль не мае аналагаў. У сусветную горадабудаўнічую навуку ўвайшоў тэрмін – "феномен Мінску". Вось канкрэтныя лічбы:

1950 г. – 273,6 тысяч чалавек;

1955 г. – 401,7 тысяч;

1959 г. – 509,0 тысяч;

1965 г. – 721,5 тысяч;

1970 г. – 917,0 тысяч;

1975 г. – 1121,7 тысяч;

1980 г. – 1309,0 тысяч;

1985 г. – 1476,0 тысяч;

1990 г. – 1636,0 тысяч.

Штогадовае павелічэнне насельніцтва складала прыкладна 50 тысяч чалавек. На пачатку 1985 г. па колькасці жыхароў Мінск выйшаў на шостае месца сярод найбуйнейшых гарадоў СССР. У ім канцэнтравалася каля чвэрці гарадскога насельніцтва рэспублікі.

У 1980-я гг. у Мінску працавалі 73% ад усіх дактароў навук, 66,5% –кандыдатаў навук, 95% – кампазітараў, 80% – пісьменьнікаў, 70% – архітэктараў і акцёраў, 55% – журналістаў. Сталіца выпускала каля 30% прамысловай прадукцыі рэспублікі, многія віды якой экспартаваліся ў іншыя рэспублікі Савецкага Саюза і ў больш чым 50 краінаў свету. Многія мінскія прадпрыемствы былі галоўныя ў сваіх галінах вытворчасці, знаходзіліся ў авангардзе навукова-тэхнічнага прагрэсу. У Мінску выдаваліся міжнародныя навуковыя часопісы, праводзіліся міжнародныя навуковыя канферэнцыі, семінары, сімпозіумы. Мінск імкліва развіваўся, але яго поспехі трымаліся пераважна на ваенных заказах Масквы.

Сучасны Мінск шмат страціў, але шмат чаго яшчэ не набыў. Ён стаў сталіцай суверэннай дзяржавы, эканамічным, культурным і інтэлектуальным цэнтрам нацыі. Цяпер у сталіцы пражывае больш за 1 800 тысяч чалавек. Гэта каля 17% усяго насельніцтва Беларусі. Сярод гарадоў свету з насельніцтвам больш за мільён чалавек Мінск займае 116 месца. Плошча горада складае каля 305 кв. км.

На сучасным этапе горад знешне прыбіраецца, чысціцца, але ў ім застаюцца нявырашаным шэраг праблемаў, якія перашкаджаюць паспяховаму эканамічнаму развіццю.

1. У сталіцы не дастаткова ўмоў для развіцця нацыянальнага прадпрымальніцтва і для замежных інвестыцый. Паводле афіцыйных звестак, палова гарадскога бюджэту Мінска на 2007 г. фармавалася коштам недзяржаўнага сектара эканомікі, які толькі набірае сілу. Гэта сведчыць пра тое, што пакуль ён прыгнечаны празмернымі падаткамі, выкарыстоўваецца ў якасці дойнай каровы, а без падтрымкі прыватнага капіталу дзяржаве з праблемамі вялікага горада не справіцца.

2. Прыкра, што сталіца, як і большасць гарадоў Беларусі, развіваецца па індустрыяльнай мадэлі. Асноўная маса працоўных занятая ў прамысловасці. У невытворчай сферы – менш за 20%. Гэта ў 3–4 разы меней, чым у аналагічных (па колькасці жыхароў) гарадах свету. У такіх гарадах, тым больш у сталіцах дзяржаў, у невытворчай сферы занята 75–90% насельніцтва. Каб Мінск стаў сапраўдным навуковым, культурным і гандлёвым цэнтрам еўрапейскага ўзору, належыць аддаваць прыярытэт развіццю не прамысловасці, а сферы паслуг. А гэта камунікацыі, індустрыя апрацоўкі інфармацыі, рэкламная дзейнасць, галіны, звязаныя з фінансавымі і кансалтынгавымі паслугамі, аб’екты культуры, банкі, страхавыя кампаніі і інш. З канца 2005 г. нарэшце загаварылі пра стварэнне на базе НАН Беларусі Сіліконавай даліны і пра развіццё інфраструктуры міжнароднага турызму. Сталіца не можа заставацца ўбаку ад сучасных тэндэнцый эканамічнага развіцця.

3. У маштабах краіны Мінск займае такое самае становішча, як сталіцы Грэцыі, Румыніі, Балгарыі, Партугаліі і пазаеўрапейскіх дзяржаў, гэта значыць, дамінуе над меншымі гарадамі, канцэнтруе большую частку нацыянальных багаццяў. Многім еўрапейскім дзяржавам удалося ў значнай ступені дасягнуць раўнавагі паміж сталіцамі і астатнімі часткамі краінаў. Іх досвед паказвае, што рост вялікага горада можна абмежаваць. Такая задача для Мінска вельмі актуальная. Пакуль толькі Мінск мае найбольш перспектыў для дасягнення памераў мегаполіса і статуса постіндустрыяльнага горада. І гэта не вельмі добра, што ён адзіны.

4. Новыя стандарты і патрабаванні да сталіцы суверэннай еўрапейскай дзяржавы выклікаюць непазбежную мадэрнізацыю яе знешняга выгляду. Але гэта робіцца непрафесійна і па-варварску, як на Захадзе ў сярэдзіне ХІХ ст.
3. Мінск – сталіца: ці ёсць альтэрнатыва?
Што ёсць для людзей сталічны горад? Якую сталіцу мае Беларусь? Наколькі яна адпавядае еўрапейскім стандартам і нацыянальным традыцыям?

Прывабнасць любой сталіцы вызначаецца яе найбольшым камунікацыйным патэнцыялам. Важна, якое інфармацыйнае поле існуе ў сталіцы. Ад таго, як поўна сталіца прэзентуе нацыянальную традыцыю, залежыць яе міжнародны аўтарытэт. А што прэзентуе Мінск? Яго дамы, вуліцы і плошчы прасякнуты духам былой савецкай эпохі. Аблічча Мінска нагадвае нямецкаму гісторыку Томасу Бону музей сацыялістычнага рэалізму, які, праўда, выглядае вельмі штучна і ненатуральна ў параўнанні з Масквой ці Пецярбургам. Руйнаванні і перабудовы, якія вяліся на загад небеларусаў, зрабілі і вобраз сталіцы Беларусі небеларускім.

У новай і найноўшай гісторыі Мінска мала нацыянальна-гераічнага. Ён, што карчма пры дарозе. Кожны "наведнік" правіў тут свой баль. Назва галоўнай вуліцы горада, да прыкладу, за сваю больш чым 200-гадовую гісторыю змянілася 12 разоў. Пракладзеная ў 1801 г., яна атрымала назву Захар'еўская – у гонар царскага чыноўніка, мінскага губернатара Захара Карнеева. Ужо ў 1812 г. напалеонаўская адміністрацыя адмяніла гэтую назву і ўзнавіла старую мясцовую – Новы горад (Новае място). З выгнаннем Напалеона вуліца зноў стала Захар’еўскай. У лютым 1918 г. у Мінск прыйшло войска кайзераўскай Германіі, і галоўная магістраль горада пачала называцца, у адпаведнасці з жалезнай логікай немцаў, Гаўптштрасэ (Галоўная вуліца). Пасля таго як у жніўні 1919 г. горад заняло польскае войска, вуліцу перайменавалі ў гонар Адама Міцкевіча. Калі ў кастрычніку 1920 г. тут канчаткова замацаваліся бальшавікі, яны далі ёй новую назву – Савецкая. Гітлераўцы падчас акупацыі 1941–1944 гг. палічылі за лепшае вярнуцца да назвы Гаўптштрасэ. А пасля выгнання нацыстаў і вяртання Саветаў, натуральна, што найважнейшая вуліца зноў стала Савецкай. Яна, шырынёй 48 метраў, адбудоўвалася ў якасці падарунка І. Сталіну да яго 70-годдзя ў 1949 г., але не паспелі. Затое ў 1952 г. Савецкая вуліца ўрачыста была перайменаваная ў праспект Сталіна, а на яе Цэнтральнай плошчы ўзвысіўся манументальны помнік правадыру. Назва трывала і пасля яго смерці – 9 гадоў. У 1961 г., пасля канчатковага выкрыцця культу асобы І. Сталіна, назву зруйнавалі разам з помнікам. З’явілася новая назва – Ленінскі праспект, якая, здавалася, будзе вечнай, але пратрымалася толькі 30 гадоў. Крах камуністычнага рэжыму прывёў да адраджэння нацыянальных традыцый. З 1991 г. Ленінскі праспект стаў праспектам Францыска Скарыны, а з 2005 г. – праспектам Незалежнасці.

У Пецярбургу галоўная вуліца спрадвеку называецца Неўскі праспект, у Кіеве – Крашчацік, у Варшаве – Кракаўскае прадмесце. У Мінску галоўная вуліца хоць і пачыналася ад прадмесця Новы горад, але атрымала назву не Наваградская, а Захар’еўская – у гонар царскага чыноўніка. З таго часу па традыцыі яна і стала аб’ектам ушанавання ў Беларусі рознымі акупантамі і палітычнымі сіламі сваіх герояў і ідэалаў. Можа, новая нейтральная назва –праспект Незалежнасці – перарве такую негатыўную традыцыю? Упэўненасці, што назва галоўнай вуліцы, якая захоўвае ідэалагічную афарбоўку, не зменіцца, пакуль няма.

Пракладзеная для зручнасці маршу расійскіх войскаў, галоўная вуліца стала сімвалам беларускага калідора паміж Усходам і Захадам ды сімвалам беларускага правінцыялізму, бо ператварыла Мінск у своеасаблівую беларускую вёску з адзінай галоўнай вуліцай. У ніводнай сталіцы свету галоўнай вуліцы не аддавалася такой увагі, як у Мінску. Толькі яна добраўпарадкоўвалася, толькі на яе ставала ў бальшавікоў сродкаў, сілаў і жадання. Таго заўсёды бракавала на стварэнне нацыянальнай сталіцы. Галоўная вуліца Мінска стала фрагментам няспраўджанай савецкай гарадской утопіі.

Цяперашні праспект ужо належыць гісторыі: гэта гістарычная спадчына жыхароў Беларусі, своеасаблівы музей пад адкрытым небам. Ён па-свойму прыгожы, падабаецца мінчукам і гасцям. Не выключана, што замежнікі будуць спецыяльна наведваць Мінск, каб прайсціся па яго галоўнай вуліцы і на свае вочы пабачыць забудову ўзору сталінскага класіцызму: толькі ў Мінску яна захавалася ў такім маштабе.

Перад незалежнай Беларуссю стаіць задача ангажаваць галоўную вуліцу сталіцы ў нацыянальную культуру, напоўніць яе новымі, станоўчымі для нацыі знакамі. Сёння праспект можа зрабіцца сімвалам паяднаўчай, пасярэдніцкай ролі Беларусі паміж Усходам і Захадам, паміж візантыйскай і лацінскай айкуменай, сімвалам далучанасці беларускай дзяржавы да каштоўнасцяў Еўропы і трансляцыі іх на Усход. Праспект мусіць спыніць свой маршавы рытм, стаць гандлярскім, а ў цэнтры горада – пешаходным.

Лёс кожнай нацыі ў шмат чым залежыць ад выбару сталіцы і ад яе рангу сярод іншых сталіц. Вакол годных сталіц нараджаюцца годныя нацыі. Калі звярнуцца да тэорыі, то сярод “недзяржаўных” народаў назіраецца пэўная залежнасць выспявання ідэі незалежнасці ад узроўню урбанізацыі. Па меры ўзрастання магутнасці нацыянальных гарадскіх цэнтраў правінцыялізм паступова саступае месца ўпэўненасці ва ўласных сілах. Таму адной з умоў нацыянальнага вызвалення выступае наяўнасць гарадскога цэнтра, які здольны аспрэчваць славу імперскіх сталіц.

У Беларусі пры натуральным ходзе падзей на ролю сталіцы бясспрэчна прэтэндавала толькі Вільня – калыска беларускай культуры. На працягу стагоддзяў найлепшыя творчыя сілы Беларусі фармавалі там культурную спадчыну. У Вільні пахаваныя вялікія князі літоўска-беларускія. У капліцы над Вострай Брамаю знаходзіцца беларуская святыня – абраз Багародзіцы, да якой прыходзілі пакланіцца вернікі з усёй Беларусі. Там выдаваліся першыя беларускія газеты і кніжкі, засноўваліся навуковыя таварыствы і школы, першы беларускі тэатр. Так склалася, што воляй лёсу беларусы адарваныя ад сваіх культурных і гістарычных каранёў. Стараннямі царскага, а потым бальшавіцкага кіраўніцтва Вільня страчаная. І гэта, мажліва, самая вялікая страта беларускага народа. Яго наўмысна пазбавілі найважнейшага духоўна-культурнага апірышча, каб потым больш паспяхова ператварыць у рускую нацыю. Тым самым расійцы зрабілі літоўцам самы вялікі падарунак. Падчас распаду Савецкага Саюза і станаўлення незалежнай беларускай дзяржавы з'явіліся прэтэнзіі да Літвы аб вяртанні Вільні (і беларусы, і літоўцы маюць на яе аднолькавае гістарычнае права): зразумела, гэта была правакацыя з боку Масквы, але ўзнікла яна не на голым месцы.

Ці заменіць Мінск Вільню? Як гісторык, магу адказаць: не. Ужо з той прычыны, што Мінск ёсць не знакаміты гістарычны цэнтр, а заўсёды цэнтр правінцыйны. У перыяд старажытнабеларускіх княстваў – адносна Полацка, у перыяд ВКЛ – адносна Вільні, у царскі перыяд – адносна Пецярбурга, у савецкі перыяд – адносна Масквы. Ён ніколі не меў уласнага каралеўскага двара, як Вільня, Кіеў, Варшава ці Масква. Мінск страціў нават Замчышча, дзе жылі мінскія ўдзельныя князі. Старадаўні замак знаходзіўся на месцы плошчы 8-га Сакавіка. Бальшавікі зруйнавалі нават узгорак, на якім ён стаяў, пабудавалі на яго месцы вакзал, а пазней – станцыю метро “Няміга”. Нават калі ўдасца аднавіць гістарычны цэнтр горада з яго земляным валам і драўлянымі сценамі, ён усё адно не стане выглядаць так, як Крэмль у Маскве, Каралеўскі палац у Варшаве, Пражскі град у Празе. Брак гістарычнага патэнцыялу не дазваляе Мінску стаць у адзін шэраг з еўрапейскімі сталіцамі. Можа, таму беларусы і туляцца да Масквы ці да Варшавы, што не маюць выбітнай сталіцы, якая пераканала б іх у раўназначнасці з іншымі народамі. Страта Вільні стала для беларусаў трагічнай падзеяй.

Такім парадкам, Мінск – не найлепшы выбар для незалежнай Беларусі. Ён па-ранейшаму застаецца сталіцай БССР і асяродкам савецкага правінцыялізму. Змяніць што-небудзь не ўяўляецца магчымым. Імкненне сучаснай гарадской улады ўзняць Мінск на ўзровень еўрапейскіх сталіц будзе заўсёды ўпірацца ў недастатковы гістарычны рэсурс горада. А гэта штурхае да выкарыстання савецкага патэнцыялу, што мае вынікам толькі далейшае ўмацаванне ў горадзе савецкіх традыцый.

Калі Мінск не ёсць найлепшая сталіца, то якое выйсце? Паважаць гістарычны выбар продкаў? Мадэрнізоўваць і перабудоўваць Мінск? Адраджаць яго разбураныя святыні? Або перанесці сталіцу? Здаецца, першым пра перанос сталіцы загаварыў у 1998 г. беларускі пісьменнік Адам Глобус у перадачы "Вострая брама" на радыё "Свабода" і ў газеце "Наша Ніва": "Я вось сяджу ў Менску, гляджу на гэты вялiкi горад i разумею, што гэта не зусiм беларуская сталiца. I каб гэтую сытуацыю змянiць, я б перанёс сталiцу зь Менску ў Наваградак. Адпаведна я б правёў рэстаўрацыю i рэканструкцыю наваградзкага замку. Гэта быў бы сымбаль нашай дзяржавы, гэта была б наша сталiца. Не адмiнiстрацыйная, як Менск (ён толькi адмiнiстрацыйная сталiца), не духоўная, як Вiльня, якая ўжо ня мае да нашае дзяржавы амаль што нiякага дачыненьня, а гэта была б наша нармальная невялiкая эўрапейская сталiца нармальнай дзяржавы". Пераносы сталiц – справа не новая ў сусветнай практыцы. Дзеля сцвярджэння iдэалаў незалежнасцi свае сталiцы вынеслi з былых каланiяльных цэнтраў ЗША, Канада, Аўстралiя, Новая Зеландыя, Бразiлiя, Iндыя, Казахстан. У Еўропе змянiлi свае сталiцы Галандыя і Германія.



Акрамя Наваградка ёсць іншыя альтэрнатывы. Паводле апытанняў студэнтаў Беларускага калегіума, адны жадаюць бачыць беларускую сталіцу ў Полацку, іншыя – у Гародні, некаторыя з эканамічных меркаванняў раяць абмежавацца пераносам сталіцы ў Заслаўе, а прагматыкі лічаць перанос сталіцы з Мінска ў іншае месца справай зусім нерэальнай і эканамічна немэтазгоднай.

Адпаведна з той самай логікай немэтазгодна падтрымліваць і беларускую мову. Але ва ўсіх народаў існуюць нацыянальная каштоўнасці, на захаванне і адраджэнне якіх не існуе абмежавання ў коштах: нацыянальнае самасцвярджэнне дасягаецца любой цаной або не дасягаецца зусім. Толькі ў Беларусі пакуль не прыйшлі да такога разумення.

Перанос сталіцы быў бы вельмі важным і радыкальным крокам ва ўмацаванні беларускай дзяржаўнасці і самасцвярджэнні беларускай нацыі, а таксама вызваленнем ад традыцый савецкага дэспатызму. Гарадоў, годных статуса сталіцы, у Беларусі шмат. На працягу сваёй гісторыі беларусы мелi чатыры сталiцы: Полацк, Навагарадак, Вiльню і Мінск. Але найлепшым варыянтам, на маю думку, мог быць Полацк, сталіца знакамітага Полацкага княства, адзін з цэнтраў хрысціянства, дзе нароўні з Кіевам і Псковам узведзеная Святая Сафія. Толькі Полацк не саступае сваім гістарычным патэнцыялам і даўніной ні Кіеву, ні Варшаве, ні Вільні. Гэта было б вяртаннем да старадаўняй беларускай традыцыі. Наваградак, як і Гародня, найбольш ангажаваны ў заходнебеларускую традыцыю.

Не выключана заснаванне сталіцы на новым месцы.

Ва ўсялякім разе Беларусі неабходна мець сталіцу еўрапейскага ўзору і ўзроўню. Толькі стварыўшы такую сталіцу, краіна пераадолее свой закаранелы савецкі правінцыялізм. Тут, у Беларусі, яе Масква, яе Варшава, яе Парыж. Сталіца мусіць згуртаваць насельнікаў Беларусі і зрабіць іх сучаснай годнай нацыяй. Усё пачынаецца са сталіцы.

Аднак аднаго пераносу не дастаткова. Любая сучасная сталіца непазбежна патрабуе асаблівых прывілей. Невыпадкова на постсавецкай прасторы час ад часу ўзнікаюць канфлікты паміж кіраўніцтвам дзяржавы і горада (у Расіі Ельцын – Лужкоў). Толькі вольная ад дзяржаўнага дыктату сталіца становіцца лабараторыяй мадэлявання шчаслівай будучыні нацыі.

Выбар сталіцы залежыць і ад уяўленняў пра яе вобраз. Для адных яна асацыюецца з эканамічнай магутнасцю, для другіх – са слаўнай гісторыяй. Да прыкладу, жыхары Паўднёваафрыканскай рэспублікі абралі ў якасці сталіцы адразу тры гарады. Урэшце, для сталіцы важна не толькі месца яе размяшчэння, але і наяўнасць грамадзянаў са сталічным менталітэтам, здольных на самаахвярнасць дзеля прэстыжу свайго нацыянальнага цэнтра.



Ніхто і нішто не можа пазбавіць Вільню статуса духоўнай сталіцы беларусаў. Мяжа ва ўмовах сучасных камунікацый не павінна быць перашкодай. Гара Арарат знаходзіцца за межамі Арменіі, але ёсць сімвалам армянаў усяго свету. Вільня мусіць заставацца нашым духоўным Араратам.
4. Праблемы сучаснай мадэрнізацыі
У падыходах да сучаснай мадэрнізацыі сталіцы сутыкаюцца і канкуруюць два меркаванні. “Мадэрністы” выступаюць за ператварэнне Мінска ў сучасны прыгожы горад, нягледзячы на вынішчэнне старой забудовы. “Кансерватары” адстойваюць неабходнасць захавання архітэктурнай спадчыны, які б выгляд яна ні мела.

“Мадэрністы”, па сутнасці, капіююць падыход футурыстаў, якія заклікалі руйнаваць усё старое, у тым ліку і даўнія гарады. Аднак такім планам супрацьстаіць камерцыйны разлік: не будзе чаго паказаць турыстам.




1   ...   10   11   12   13   14   15   16   17   ...   24


База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка