Уводзіны ва урбаністыку. Першыя cтаражытныя гарады. ІІІ тыс да н э. V ст н. э



старонка3/24
Дата канвертавання15.05.2016
Памер3.8 Mb.
1   2   3   4   5   6   7   8   9   ...   24

Выглядалі гарадзішчы, зразумела, вельмі сціпла у параўнанні з каменнымі гарадамі Рымскай імперыі. Характар паселішчаў залежаў ад сацыяльна-кліматычных умоў. Так жылі ў еўрапейскай лясной зоне і іншыя народы. Гарадзішчы ўсё ж можна лічыць першымі паселішчамі гарадскога тыпу, своеасаблівымі аграрнымі гарадкамі з вельмі нізкай ступенню тэрытарыяльнай канцэнтрацыі. Існавала крэпасць (агора), а вакол яе не па вуліцах, а па вёсках (селішчах) працавалі першыя рамеснікі, земляробы, жывёлаводы, паляўнічыя, рыбаловы. Яны стваралі своеасаблівы раскінуты ў прасторы гарадскі пасад.

Магчыма, мы недаацэньваем цывілізацыйны ўзровень нашых продкаў у перыяд дакіеўскай Русі. Хто ведае, калі б захаваліся дахрысціянскія пісьмовыя крыніцы, то мы мелі б беларускага Гамэра і сваю гераічную “Іліяду”. Ва ўсялякім разе, гарадзішчы з такім самым поспехам забяспечвалі жыццядзейнасць мясцовага грамадства, як і Вавілон, Афіны ці Рым. Жалезная руда з беларускіх балотаў праз скіфаў трапляла ў антычны свет. Археолагі знаходзяць на беларускіх землях рымскія манеты.

Не варта думаць, што вывучэнне старажытнасці страціла актуальнасць. Дагэтуль захоўваюцца першабытныя заняткі людзей кшталту збірання дароў прыроды. Не выключана, што ў выпадку катастрофы гарадской цывілізацыі чалавецтва можа быць адкінутае да ўзроўню першабытаабшчыннага ладу.


Сярэднявечны горад. V–XV стагоддзі
План

1. Горадаўтваральныя працэсы ў свеце і на беларускіх землях. V–X стагоддзі

2. Закрытыя гарады Заходняй Еўропы і адкрытыя азіяцкія гарады. ХI–XV стагоддзі

3. Гарадскія паселішчы Беларусі ў ХI–XV стст.

3.1. Перыяд Кіеўскай Русі. ХІ ст. – сярэдзіна ХІІІ стагоддзя

3.2. Перыяд фармавання і росквіту Вялікага Княства Літоўскага


1. Горадаўтваральныя працэсы ў свеце і на беларускіх землях. V–X стст.
Сярэднявечча (V–XV стст.) называюць цёмным перыядам ў гісторыі Еўропы. Але гэта не азначае, што на працягу некалькіх стагоддзяў пасля распаду антычнай цывілізацыі стаяла “цемра”.

У генезісе (нараджэнні) сучаснага еўрапейскага горада знаны французкі гісторык Фернан Бродэль вылучае тры этапы: гарады адкрытыя, калі гарадская абшчына не была аддзеленая ад сельскай і практычна не адрознівалася ад яе (А); гарады закрытыя, самадастатковыя, замкнутыя ў сабе, агароджаныя сценамі ад знешняга свету (В); гарады, трапіўшыя пад апеку правіцеляў або дзяржавы (С).

Першы этап (V–ІX стст.) супадае з раннім Сярэднявеччам.

Другі этап (Х–ХV стст.) – з Сярэднявеччам высокім (Х–ХІІІ стст.) і познім (XIV–XV стст.).

Трэці этап (XVI–ХІХ стст.) – з высокім Адраджэннем (XVI – першая палова XVIІ ст.), Асветніцтвам (другая палова XVIІ – XVIІІ ст.) і індустрыялізацыяй у Новы Час (канец XVIІІ – XIX ст.).

Тут пойдзе размова пра першы і другі этапы.

На першым этапе (А), у раннім Сярэднявеччы, назіраўся заняпад заходнееўрапейскіх гарадоў. Пасля падзення Рымскай імперыі многія з іх былі зруйнаваныя і абрабаваныя варварамі. Тыя, што засталіся, імкнуліся капіяваць сваіх антычных папярэднікаў, але ўжо не мелі былога магутнага эканамічнага сілкавання коштам рабскай працы. Старая эканамічная аснова гарадоў разбурылася, а новая яшчэ не склалася. У выніку набегаў мусульманаў прыпыніўся гандаль у Міжземнамор’і. Усё гэта і прывяло да змяншэння колькасці гараджанаў, аграрызацыі старых гарадоў.

У той самы час вялікія перасяленні народаў спарадзілі на еўрапейскім кантыненце, пераважна па-за межамі былой Рымскай імперыі, шэраг маленькіх гарадоў-крэпасцяў, якія ратавалі гараджанаў і навакольнае насельніцтва ад набегаў вікінгаў з поўначы і захаду, качавых плямёнаў з усходу, арабаў з поўдня. Знешняя небяспека выклікала неабходнасць развіцця гарадскіх рамёслаў па вытворчасці зброі. Абапіраючыся на гарады, Заходняя Еўропа сумела абараніць сябе.

Першыя еўрапейскія гарады ахоўвалі і новыя феадальныя парадкі, стаўшы адмысловымі басціёнамі маладога феадалізму. Дзякуючы ім сяляне маглі араць зямлю, святары маліцца Богу, а рыцарства эфектыўна змагацца супраць захопнікаў. Гарады выступалі своеасаблівымі слугамі рыцараў-землеўладальнікаў. Паўставаў абаронча-адміністрацыйны і царкоўны горад. Іншы пры панаванні натуральнай гаспадаркі і не патрабаваўся. У V–X стст. еўрапейскі горад быў выключна феадальны, цалкам падпарадкаваным мэтам аграрнай вытворчасці і вядзенню феадальных войнаў. Такі горад амаль не вылучаўся з вясковай стыхіі і не меў значных промыслаў, якія маглі б зрабіць яго адметным сярод іншых паселішчаў. У час уборкi ўраджаю гараджане пакiдалi горад.

Гарады антычнага часу страчвалі сваё стандартызаванае аблічча і набывалі індывідуальныя рысы. Старыя кварталы і грамадскія будынкі кшталту Калізея ў Рыме не былі запатрабаваныя жменькай новых гараджанаў. Людзі сяліліся побач з гарадскімі руінамі, узводзілі хрысціянскія храмы, што з часам ператвараліся ў новыя цэнтры гарадской забудовы з яе, як правіла, крывымі вуліцамі. Асобныя антычныя збудаванні зрэдку ператвараліся ў замкі і крэпасці. Калі горад узнікаў на новым месцы, то ён быў не кампактны, як раней, а разлеглы ў прасторы, дастасаваны да канкрэтнага рельефу мясцовасці. Замак-крэпасць і жылыя кварталы маглі межавацца лесам, возерам, ракой. Разбурэнне старых структур і інтэграцыя новай забудовы з геаграфічным пейзажам стала вядучай тэндэнцыяй у мадэрнізацыі знешняга выгляду еўрапейскага горада ў V–X cтст.

У германскіх плямёнаў абарончыя гарады называліся бургамі. Такія гарадскія паселішчы, дарэчы, былі характэрныя і для заходніх (палабскіх) славянаў, якія межавалі з германцамі і патраплялі пад іх уплыў. Нямецкія місіянеры распавядалі, што ў славянскіх гарадах былі вуліцы, плошчы, язычніцкія храмы ды іншыя вялікія будынкі. Сярод іх вылучаўся Мехлін (цяпер Мекленбург). Гэта сведчыць пра высокі ўзровень эканамічнага развіцця славянскіх народаў Захаду і наяўнасць у іх дзяржавы.

Цывілізацыйнымі цэнтрамі свету да XII ст. выступалі Візантыйская імперыя і Арабскі Халіфат. Заходняя Еўропа выглядала правінцыяй. Гарады Блізкага Усходу мелі свой спецыфічны шлях развіцця. Там да XII ст. захоўвалася старая эканамічная аснова гарадcкіх паселішчаў – рабства. Таму рэзкага заняпаду гарадоў пасля разбурэння Рымскай імперыі не назіралася. У V–X стст. яны пераўзыходзілі невялікія паўаграрныя гарадскія паселішчы ды гарады-крэпасці Еўропы і па колькасці насельніцтва, і па колькасці багаццяў. Візантыя і Арабскі Халіфат, якія межавалі між сабой, захавалі пераемнасць з антычным светам і яе спадчынай. Арабскія заваёўнікі звычайна руйнавалі старыя гарады і будавалі на іх месцы ўласныя, але захоўвалі ці пераймалі антычную гарадскую культуру. Гарадскія паселішчы Усходу, як і еўрапейскія, мелі надзвычай заблытаную планіроўку. Гарады Кітая, у параўнанні з Еўропай, таксама вылучаліся сваімі памерамі, дасягненнямі культуры і эканомікі. Усход быў тады зонай імперый і велізарных гарадоў.

Багдад, сталіца Арабскага Халіфата, у перыяд свайго росквіту налічваў да 2 мільёнаў жыхароў і быў самым вялікім горадам у свеце. Узгорак у цэнтры горада займала крэпасць (шахрістан, касба), у межах якой узвышаўся палац правіцеля (халіфа) і пражывалі прыдворныя, слугі, ваенная дружына. Палац халіфа вылучаўся сістэмай унутраных двароў з садамі, басейнамі, фантанамі. Вакол крэпасці месцілася гандлёва-рамесная частка горада (рабат), таксама абнесеная абарончай сцяной. У цэнтры рабата знаходзілася базарная плошча, а рамеснікі кожнай прафесіі жылі па асобных кварталах, абнесеных сваёй сцяной. У крэпасці і ва ўсіх кварталах былі мячэці. Па іх убранні і аздобе меркавалі пра багацце таго ці іншага квартала. Глінабітныя дамы простых гараджанаў вылучаліся пляскатым дахам, выходзілі глухой сцяной на вуліцу і мелі ўнутраны дворык. Важнымі грамадскімі будынкамі горада былі караван-сараі (гасцініца), медрэсе (школы), лазні, што месціліся ў цэнтры горада.

У VІ–VІІ стст. колькасць гарадзішчаў на беларускіх землях, відаць, узрасла ў сувязі з прыходам сюды славянаў, якія каланізавалі новы край, абапіраючыся на драўляныя гарадзішчы-крэпасці. Невыпадкова замежныя госці называлі тады нашу краіну Гардарыкай – краінай гарадоў. Працэс утварэння феадальных гарадоў-крэпасцяў тут пачаўся прыкладна ў той час, як і у Заходняй Еўропе, – у эпоху ранняга Сярэднявечча (V–X стcт.). Трэба мець на ўвазе, што тады гарадамі называлі крэпасці незалежна ад заняткаў іх жыхароў, а гарадское паселішча з неземляробчым насельніцтвам мела назву месца або места. Гарады-крэпасці мелі адміністрацыйнае і ваенна-палітычнае значэнне, а месты – эканамічнае. Але па меры таго як у гарадах пашыраліся неземляробчыя промыслы – гандаль, рамёслы, яны набывалі рысы местаў. А калі ў эканамічна бойкім месце будавалася крэпасць, яны станавіліся ваенна-палітычнымі цэнтрамі, або гарадамі. Урэшце тэрмін “горад” стаў паноўным.

Датай узнікнення гарадскіх паселішчаў прынята лічыць іх першае ўпамінанне ў летапісах. Натуральна, што не месцы, а гарады, якія служылі рэзідэнцыяй правадыроў і іх дружынаў, звярталі на сябе ўвагу летапісцаў. Першым такім горадам на землях Беларусі быў Полацк. Сваёй увагай летапісец уганараваў яго ў 862 годзе, потым зафіксаваны Тураў (980) і Заслаўе (каля 985). Але на самай справе гарады-крэпасці больш старажытныя. Так, археолагі вызначылі, што Полацк існаваў, як мінімум, на сто гадоў раней за першую яго згадку ў “Аповесці мінулых гадоў”.

Першыя беларускія гарады былі выключна драўляныя і такімі ж раскінутымі ў прасторы вакол умацаванага замка, як і паўночнагерманскія. Зрубная канструкцыя гарадскіх збудаванняў у VІІІ–ІX стcт. стала паноўнай. Вакол найбуйнейшых гарадоў зараджаліся першыя старажытнабеларускія княствы. Гэтыя гарады станавіліся іх сталіцамі, а таму хутчэй за іншыя набывалі рысы неземляробчых паселішчаў. Працэс станаўлення дзяржаўнай канфедэрацыі ўсходніх славянаў пад назвай Кіеўская Русь адбываўся паралельна з фармаваннем сістэмы гарадскіх паселішчаў з іх эканамічнымі сувязямі. Найвялікшыя гарады аб’ядноўвала тое, што яны ад ІХ ст. пачалі весці актыўны гандаль з Візантыйскай імперыяй і Арабскім Халіфатам.

Аднак да ХІ ст. на беларускіх землях, як і на суседніх, закладваліся толькі пачаткі гарадскога жыцця. Насельнікамі гэтых земляў былі людзі пушчаў і балотаў.
2. Закрытыя гарады Заходняй Еўропы і адкрытыя азіяцкія гарады. ХI–XV стагоддзі
Наступны этап эвалюцыі гарадскіх паселішчаў Еўропы – этап закрытага горада (В) – супадае з высокім і познім Сярэднявеччам (XI–XV стст.). Тады з’явіліся тысячы і тысячы новых гарадоў. Існавала некалькі шляхоў іх узнікнення:

1. У гарады перарасталі крэпасці феадалаў.

2. Адраджаліся старыя антычныя гарады.

3. Цэнтры рэзідэнцый феадалаў ператвараліся ў гарады, якія паступова абрасталі рамеснымі майстэрнямі і гандлёвамі лаўкамі.

4. Гарадамі станавіліся рэлігійныя цэнтры.

5. Да ўзроўню гарадоў узнімаліся геаграфічна выгодна размешчаныя вясковыя паселішчы.

6. Засноўваліся гарады на новым месцы падчас унутранай каланізацыі свабодных земляў.

7. Асобныя гарады пачыналі сваё жыццё ў выніку зліцця некалькіх паселішчаў у адно.

У горадаўтваральным працэсе вылучаліся тры рэгіёны:

1. Паўночная і сярэдняя Італія, а таксама поўдзень Францыі, дзе урбанізацыя пачалася яшчэ ў антычную эпоху, а таму амаль усе гарады развіваліся па існых рымскіх планах.

2. Краіны Балканскага паўвострава, паўднёвая Італія і Іспанія, дзе мелі ўплыў арабскія і візантыйскія мадэлі урбанізацыі.

3. Германія, Англія, скандынаўскія і славянскія краіны, дзе старажытных гарадоў было не шмат і большасць іх з’яўляліся на новым месцы.

Старыя гарадскія паселішчы першага рэгіёну захоўвалі геаметрычную сетку вуліц. Заставаўся нязменным і гандлёвы цэнтр. Новыя асяродкі ўлады духоўнай і свецкай узнікалі на ўскраінах, бліжэй да гарадскіх сценаў, а за імі складвалася ўжо новая сістэма перакрыжаваных і пакручастых вуліц.

У другім рэгіёне рост многіх гарадоў запавольваўся візантыйскай і арабскай экспансіяй. Шмат старажытных гарадоў было знішчана. Так, у 878 г. арабы сцёрлі з зямлі адзін з найважнейшых цэнтраў антычнага свету – Сіракузы ў Італіі. Аднак некаторыя італьянскія гарады (Салерно, Неапаль), прыстасаваўшыся да візантыйскага кіравання, паспяхова развіваліся. Пасля аслаблення Візантыі Неапаль у 1266 г. стаў адной з першых у манархічнай Еўропе сталіцай аднайменнага каралеўства. А паўднёваітальянскія і іспанскія гарады пад уладай арабаў увогуле дасягнулі высокага ўзроўню развіцця і дабрабыту. Пазней, падчас рэканкістыкі (адваявання), еўрапейскія хрысціяне пераймалі арабскія здабыткі гарадоў і прыстасоўвалі іх для сваіх патрэбаў. Хрысціянская і мусульманская традыцыі горадабудавання часта суіснавалі, перамешваліся. Некаторыя манументальныя збудаванні арабаў захоўваюцца ў перабудаваным выглядзе ў паўднёваіспанскіх гарадах дагэтуль: Вялікая мячэць у іспанскай Кардове, званіца ў Севільі, палац маўрытанскі ў Грэнадзе.

Уплывы старажытных цывілізацый у трэцім, паўночным, рэгіёне, былі слабейшыя. У будаўніцтве гарадоў важнае месца належала драўніне. Гэты рэгіён займаў велізарную тэрыторыю і вылучаўся разнастайнасцю мадэляў гарадскіх арганізмаў. У яго арэал уваходзілі і беларускія землі.

Рост гарадоў у Х ст. быў звязаны з завяршэннем эпохі нашэсцяў (арабаў, вікінгаў, мадз’яраў), эканамічным уздымам вёскі, выкарыстаннем новых крыніц энергіі (з’явіліся водныя колы і ветракі), пашырэннем рамёслаў і адраджэннем міжнароднага гандлю. Развіццё тавараабмену выклікала канкурэнцыю гарадскіх тавараў з таварамі хатняй прамысловасці ў вёсках. Неземляробчыя промыслы сталі прыбытковымі, і горад сумеў адхіліць ад іх вёску. Ён фактычна манапалізаваў вядучыя рамёслы і міжнародны гандаль з дапамогай назапашаных грошай гарадскіх рамеснікаў і купцоў. Горад запанаваў над навакольнымі вёскамі, якія служылі для яго своеасаблівымі калоніямі. (Пазней такі самы механізм узаемаадносінаў складзецца паміж метраполіямі і калоніямі.) Атрымаўшы перамогу над вёскай, гарады пачалі канкурыраваць паміж сабой. Толькі ў гарадах можна было знайсці рамеснікаў рэдкіх прафесій: будаўнікоў сабораў і замкаў, аружэйнікаў, ювеліраў, майстроў па вырабе тонкіх тканінаў, купцоў, якія ведалі б бухгалтарскую справу, выкладчыкаў універсітэтаў, мараходаў-лоцманаў, ваенных інжынераў. Дзякуючы сваім спецыялістам гарады раслі і ўзбагачаліся.

Канцэнтрацыя багацця ў гарадах стала іх асноўным адрозненнем ад вёскі. Французкі гісторык Фернан Бродэль быў перакананы: сказаць “грошы” – гэта тое самае, што сказаць “гарады”. Назапашванне багаццяў дазваляла гораду, дакладней, яго рамесна-купецкай вярхушцы адгарадзіцца ад сялянства, а пазней – і ад феадалаў, на землях якіх гэтыя гарады ўзнікалі. У выніку кадыфікацыі гарадскога права (магдэбургскае і да яго падобныя) гараджане вызваляліся ад свавольства аграрнай арыстакратыі. Гарадскія абшчыны кіраваліся сваімі выбарнымі органамі, праводзілі сваю сацыяльна-эканамічную палітыку.

Што тычыцца дзяржавы, то і тут гараджане аказаліся ў выйгрышы. На этапе высокага і позняга Сярэднявечча ў Заходняй Еўропе эканамічнае развіццё гарадоў адбывалася вельмі хуткімі тэмпамі, а маладыя еўрапейскія дзяржавы яшчэ не мелі ні эканамічных, ні палітычных, ні ваенных сілаў, каб трымаць гараджанаў пад кантролем. У Iталii, Фландрыi, Германiі гарады атрымалі перамогу над дзяржавай і тым нават стрымлівалі яе ўмацаванне. Гарадскія цэнтры займелі унікальны шанец свабоднага развіцця. Вялікім выпрабаваннем для гарадоў Захаду сталі неўраджаі, голад, чума і войны ў 1350–1450 гг., калі колькасць гараджанаў скарацілася напалову (у Фларэнцыі – на тры чвэрці). Але горад выстаяў, і ў значнай ступені дзякуючы Вялікім геаграфічным адкрыццям, якія пачаліся напрыканцы XV ст.

Такім чынам, паступова былыя адкрытыя, паўаграрныя гарадкі ператвараліся ў эканамічна самадастатковыя і вольныя гарадскія цэнтры. Яны адгароджваліся ад навакольнага свету выключнымі прывілеямі і гарадскімі сценамі, за якімі адбывалася зусім іншае жыццё – вольнае ад феадальных абмежаванняў. Перайсці за гарадскія сцены горада – гэта было амаль тое самае, што перасячы дзяржаўную мяжу. Кожны, у тым ліку і селянін, калі яго прымаў горад, станавіўся свабодным чалавекам. Маладыя людзі хаваліся за гарадскімі сценамі не толькі ад феадалаў, але і ад дыспатызму бацькоў ды ад апекі святароў, якія патрабавалі заўсёднай паслухмянасці. Паўсюль узнікалі гарадскія рынкі. Каб абараніць купцоў ад рабаўнікоў, былі ўстаноўленыя штотыднёвыя рынкавыя дні – раз на тыдзень. У месцах, абазначаных крыжам, красці было забаронена законам. Новыя эканамічныя гарады нагадвалі своеасаблівыя батустаны рыначных адносінаў, эмбрыёны наступных грамадстваў, у іх мадэлявалася будучыня Еўропы, закладвалася самабытная цывілізацыя, нацэленая на пошук новых тэхналогій. Толькі пры самаізаляцыі гарадскія паселішчы маглі дазволіць сабе самыя разнастайныя эксперыменты. У 1088 г. у італьянскім горадзе Балоньі пачаў дзейнічаць першы ў Еўропе універсітэт.

Зразумела, што сацыяльнай роўнасці сярод гараджанаў быць не магло. У гарадах найбольш яскрава выяўлялася бездань паміж прывілеяванымі саслоўямі і беднякамі. З 1340-х гг., калі ў Заходняй Еўропе пачаўся эканамічны крызіс, час ад часу гарады скаланаліся ад паўстанняў гарадскіх нізоў. У 1378 г. фларэнтыйская галота захапіла будынак гарадскога кіраўніцтва і паспрабавала ўсталяваць сваю ўладу. Аднак ў адносінах да сваіх агульных знешніх ворагаў – сеньёраў, каралёў, сялянаў – гарадская абшчына заўсёды выступала адзіным фронтам. У гэтым сэнсе гарады Захаду сталі першымі “айчынамі”, дзе нараджаўся патрыятызм. І такі гарадскі патрыятызм, на думку Фернана Бродэля, быў больш арганічны і больш асэнсаваны, чым патрыятызм тэрытарыяльны, які вельмі павольна з’яўляўся у першых унітарных дзяржавах. Іншымі словамі, у Заходняй Еўропе гарадская ідэнтычнасць папярэднічала нацыянальнай.

Гарады пачалі істотна адрознівацца ад вёсак сваім выглядам. Можна вылучыць чатыры асноўныя асаблівасці архітэктурнага вобраза горада:

1. Горад станавіўся ўсё больш сціснутым (скучаным) у межах гарадскіх сценаў. Іх не было толькі ў гарадах на Брытанскіх астравах і ў Венецыі: там абараняла сама прырода.

2. Для гарадоў Сярэднявечча была характэрная комплекснасць – складаная структура. Яна абумоўлівалася сужыццём у гарадскіх цэнтрах розных саслоўяў: духавенства, феадалаў, мяшчанаў, купцоў. Буйныя гарадскія паселішчы падзяляліся на раёны і мелі некалькі асяродкаў: рэлігійны, адміністрацыйны, адзін або некалькі гандлёвых.

3. Вынікам дынамічнага развіцця гарадоў стаў хаос у іх забудове. Горад разрастаўся стыхійна, а таму меў крывыя, вузкія вуліцы, вельмі заблытаную планіроўку. Пераважалі недакладнасць, нерэгулярнасць, кантраставасць забудовы. Толькі ў паўночна-ўсходняй Германіі, якая каланізавала славянскія землі, і ў Іспаніі, якая вяла вызваленчыя войны супраць арабаў, новыя гарады-крэпасці мелі планы ў выглядзе шахматнай дошкі.

4. З XII ст. у горадабудаванні пачаў пераважаць гатычны стыль, адметны рацыяналізмам і лёгкасцю. Царкоўныя будынкі выцягваліся ў вышыню, нібыта ўздымаліся да нябёсаў, – дзеля эканоміі гарадской зямлі і ўзмацнення ўражання вернікаў. Раней цэрквы будаваліся ў раманскім стылі (тоўстыя сцены, маленькія вокны) і нагадвалі крэпасці. Готыка стала першай у гісторыі Еўропы адзінай архітэктурнай мадэллю, якая запанавала паўсюль, як лаціна ў схаластычнай тэалогіі. З ХVI ст. гарады рабіліся барочнымі.

Побач з новай эканамічнай функцыяй захоўвалася старая – абарончая. Гарадская сцяна звычайна супадала з межамі горада. Калі ўзнікала вострая неабходнасць у новых плошчах пад забудову, сцены пераносіліся, як тэатральная дэкарацыя. Сцены гарадоў мелі форму, блізкую да акружнасці, бо гэта дазваляла абараніць большую плошчу пры меншым перыметры крапасной сцяны. Часам гарадскія сцены ахоплівалі частку палёў і агародаў, каб забеспечывць жыхароў харчаваннем на выпадак вайны.

У цэнтры горада звычайна разбівалі галоўную гандлёвую плошчу. Тамсама месціліся найважнейшыя грамадскія будынкі: царква ці некалькі цэркваў (з разлікам, каб умясціць усіх гараджанаў), а таксама ратуша – будынак для пасяджэнняў гарадскога кіраўніцтва. Гараджане паводле прафесіі пасяляліся асобнымі вуліцамі, якія разбягаліся ад плошчы ва ўсе бакі, і пры неабходнасці сваёй суполкай абаранялі пэўны адрэзак гарадской сцяны.

Будынкі вельмі розніліся міжсобку, але стваралі адзіны і непаўторны ансамбль, бо іх фасады абавязкова выходзілі на вуліцу або плошчу. Менавіта фасады служылі візітоўкай кожнага збудавання.

Адсутнасць агульных горадабудаўнічых канонаў – антычныя былі згубленыя, а новыя яшчэ не ўсталяваліся – спарадзіла велізарную разнастайнасць і арыгінальнасць гарадскіх пейзажаў. Кожны горад ўяўляў з сябе асобны мікракосмас. І ў гэтым выяўлялася правінцыйная разнастайнасць Еўропы высокага і позняга Сярэднявечча.

Не ўсім гарадам была наканаваная бліскучая будучыня. Не ўсе мелі спрыяльныя ўмовы для развіцця і не ўсе змаглі пазбавіцца дзяржаўнай апекі. У XI ст. складваліся агульнаеўрапейкія гандлёвыя шляхі, і гарады, што стаялі на іх, мелі перавагу. На поўначы важны гандлёвы шлях праз Балтыйскае мора звязваў усход і захад Еўропы. Гарады, размешчаныя на гэтым шляху, утварылі ў 1240-х гг. гандлёвы і ваенны саюз Ганза. Сталіцай саюзу быў Любек, а чатырма галоўнымі цэнтрамі – Брэген, Бруге, Лондан і Ноўгарад. Усяго ў аб’яднанне ўваходзіла каля 90 гарадоў. У самым вялікім горадзе Любеку пражывала ў канцы ХІІІ ст. да 30 тысяч чалавек. Паўночныя гарады былі меншыя ў параўнанні з паўднёвымі, але па сваёй гандлёвай ролі не саступалі ім. Багацце Ганзы ў значнай ступені стваралася селядцовым промыслам Балтыйскага i Паўночнага мораў.

Другі галоўны гандлёвы шлях пралягаў з Італіі праз Міжземнае мора на Усход. Прывозіліся каштоўныя тавары – шоўк, прыправы, ювелірныя вырабы. Расплачваліся золатам і срэбрам. Усходні гандаль фантастычна ўзбагаціў паўночнаітальянскія купецкія гарады, асабліва Венецыю, Геную і Пізу (у ёй жылыя дамы будаваліся ў выглядзе вежаў). Таму Паўночная Італія ператварылася ў самы урбанізаваны край. У канцы ХV ст. там налічвалася 20 гарадоў з насельніцтвам у кожным больш за 25 тысяч чалавек. І прыкладна столькі ж гарадоў падобнага памеру прыпадала на ўсю астатнюю Еўропу.

Тагачасныя гарады паўночнай Італіі вылучаліся незвычайнай прыгажосцю. На пачатку ХV cт. іх плошчы ўпрыгожвалі вежы з гадзіннікамі са звонам, вуліцы брукавалі каменнем і цэглай. Паўночнаітальянскім гарадам мы абавязаны з’яўленнем рэнесансавага (паладзінскага) стылю ў архітэктуры гарадскіх палацаў – шырокія ступені, калоны, франтон з барэльефам. Пазней гэты стыль стаў самым пашыраным у Еўропе і Амерыцы. У Расіі такія дамы пачаў будаваць пры Кацярыне ІІ італьянец Кварэнгі, у Вялікім Княстве Літоўскім пры Жыгімундзе Старым – Бернардоці. А нашмат пазней кожны дом культуры ў раённым цэнтры былога Савецкага Саюза нагадваў маленькі Парфенон.

Звычка гараджанаў мець летнікі, сельскія рэзідэнцыі таксама ўзнікла ў гарадах Паўночнай Італіі, калі не лічыць досведу старажытных рымлянаў. Людзі заможныя будавалі ў прыгарадах вілы. Што іх цягнула да прыроды? Імкненне вырвацца са штучнага гарадскога асяроддзя, а можа, і празаічная прычына – клопаты, звязаныя з вырошчваннем кукурузы, якая стала ў Італіі вельмі папулярнай культурай пасля адкрыцця Амерыкі. Гарадскія купцы рабіліся памешчыкамі. Рэнесансавыя дамы Паўночнай Італіі былі прыгожыя не толькі звонку, але і знутры. Пакоі ўпрыгожвалі мноства мастацкіх карцінаў, дробны тэракот на паліцах, срэбны посуд, келіхі і штофы з каляровага шкла, бронзавыя свяцільнікі, люстэркі ў рамах, вышытыя і карункавыя сурвэткі і шмат-шмат іншага.

Радзімай Адраджэння і яго галоўным цэнтрам у Італіі стала Фларэнцыя. Цікавасць да антычнай спадчыны пачалася з выпадковай знаходкі: у адным з манастыроў горада быў адшуканы твор старажытнарымскага архітэктара. У перыяд росквіту ў Фларэнцыі пражывала каля 100 тысяч чалавек. Як галоўны ў Еўропе цэнтр вырабу сукна і найважнейшы еўрапейскі гандлёва-фінансавы цэнтр горад меў дастаткова сродкаў для развіцця культуры. Тут тварылі Леанарда да Вінчы, Мікелянжэла Буанароці, Рафаэль Санці, Дантэ Аліг’еры, Галілеа Галілей і іншыя тытаны эпохі Адраджэння. Горад і цяпер упрыгожаны сістэмай цудоўных плошчаў, шматлікімі фантанамі і статуямі, у тым ліку статуяй Давіда работы Мікелянжэла.

Але найбольш знакамітай была Венецыя, дзе ў XV ст. пражывала 200 тысяч чалавек. Яе заснавалі ў V ст. на 118 выспах у Адрыятычным моры насельнікі Рымскай імперыі, якія ратаваліся ад набегаў германскіх плямёнаў. Горад імкліва будаваўся ў ІХ–ХІІ стст. Доўгі час ён уваходзіў у склад Візантыйскай імперыі, дзякуючы чаму меў добрую абарону, захоўваў антычную культуру і гандлёвыя сувязі з Усходам. Не дарма венецыянцы лічылі свой горад раўным Канстанцінопалю. Перамога Венецыянскай рэспублікі над Генуяй дазволіла манапалізаваць гандаль з Усходам і хутка ўзбагачацца. Межы венецыянскіх уладанняў даходзілі да сучасных Харватыі і Славеніі. Імкліва развіваліся суднабудаванне, кнігадрукаванне, вытворчасць прадметаў раскошы. У 1060–1094 гг. быў узведзены цудоўны сабор Святога Марка ў візантыйскім стылі (з яго крылатымі ільвамі). Каля 1175 г. пабудаваны палац дожаў (яны кіравалі Венецыяй на выбарнай аснове). На плошчы Святога Марка адбываліся гандаль і ўсе найважнейшыя падзеі Венецыі.




1   2   3   4   5   6   7   8   9   ...   24


База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка