Уводзіны ва урбаністыку. Першыя cтаражытныя гарады. ІІІ тыс да н э. V ст н. э



старонка6/24
Дата канвертавання15.05.2016
Памер3.8 Mb.
1   2   3   4   5   6   7   8   9   ...   24

Але неўзабаве і гарадская рабочая сіла патанела праз перанаселенасць гарадоў і пашырэнне ў іх беспрацоўя. Рост гарадскіх паселішчаў сілкавала вёска. Буйныя гарадскія цэнтры прыцягвалі людзей сваім камфортам і большымі магчымасцямі ў выбары занятку. Там заўсёды можна было падабраць хоць нейкія крошкі з панскага стала. Там было што і ўкрасці.

Трэцяя адметнасць гарадоў. Там імкліва адраджалася антычная культура і актуалізоўваўся гуманізм. Гарады станавіліся інтэлектуальнымі і культурнымі цэнтрамі. Адраджэнне і Асветніцтва (XVIІІ ст.) сваім росквітам абавязаны гарадам.

Па-першае, пашыралася адукацыя. Набывалі вялікую папулярнасць універсітэты. Калі Вільгельм Аранскі прапанаваў жыхарам Лейдэна ў канцы XVI ст. за гераічны адпор іспанцам на выбар вызваленне ад падаткаў ці будаўніцтва універсітэта, лейдэнцы выбралі універсітэт. Па ўзроўні пісьменнасці гарадскія паселішчы сталі яшчэ больш адрознівацца ад сельскіх. У сярэдзіне XVIІІ ст. у некаторых гарадах Францыі чытаць і пісаць умелі 90% прадстаўнікоў сярэдняга класа, больш як 50% заможных рамеснікаў і каля 20% прадстаўнікоў бяднейшых пластоў насельніцтва.

Па-другое, імліва развіваўся друк і літаратура. Пісьменнасць і адукаванасць гараджанаў стварала рынак для друкаванай прадукцыі. Першая штодзённая газета пачала выходзіць у Лондане ў 1702 г. Услед за ёй з’явіліся правінцыйныя газеты, а разам з імі і газетная рэклама. Гараджане зачытваліся літаратурнымі часопісамі. Іх выдавалі на дом прыватныя бібліятэкі. Парыж стаў радзімай энцыклапедыі. Падчас Рэфармацыі лаціна выцеснілася нацыянальнымі мовамі, а кніга стала першым таварам масавай вытворчасці.

Па-трэцяе, гарады станавіліся паходнямі навуковых ведаў. У XVIІ ст. з’явіліся акадэміі навук: рымская (1603), фларэнційская (1657), лонданская пад назвай Лонданскае каралеўскае таварыства (1662), парыжская (1666), пецярбургская (1724).

Па-чацвёртае, гарадскія паселішчы ператвараліся ў цэнтры мастацтва. У XVI ст. іх поспехі былі абумоўленыя вольнымі традыцыямі італьянскіх гарадоў-дзяржаў. Леанарда да Вінчы (1452–1519), Рафаэль (1483–1520), Мікеланжэла (1475–1564) былі жыхарамі гэтых гарадоў і пачуваліся вольнымі гараджанамі. І як толькі еўрапейскія імперыі падпарадкавалі гарады-дзяржавы, класічнаму мастацтву Адраджэння прыйшоў канец. Мастакі станавіліся падданымі каралёў, уладароў другарадных княстваў і страчвалі свабоду творчасці. У XVIІ ст. эстафету паўночнаітальянскіх гарадоў перанялі вольныя гарады Галандыі. Склалася галандская школа мастацтва, яе прадстаўнікі – Рубенс (1577–1640), Ван Дэйк (1599–1641), Рембрандт (1606–1669). Прыдворная апека і сквапнасць да відовішчаў жыхароў сталіц паспрыялі росквіту тэатра (Мадрыд, Лондан, Парыж). Побач з прыдворнымі ствараліся камерцыйныя тэатры. Пераважна ў сталіцах развівалася опернае мастацтва, скіраванае і да арыстакратыі, і да самай шырокай публікі. Першы публічны оперны тэатр быў пабудаваны ў Венецыі ў 1637 г. Росквіт оперы назіраўся ў гарадах Італіі і Германіі.

Па-пятае, з’явіліся першыя музеі, даступныя шырокаму колу наведнікаў: у Рыме (1732), Ватыкане (1737), Лондане (1759).

Аднак нават у перыяд росквіту Адраджэння (XVI–XVIІ стст.) гарады Францыі, Германіі, Швейцарыі ды і іншых краінаў былі арэнай палявання на ведзьмаў. Толькі ў адным з паўднёванямецкіх гарадоў за адзін год спалілі 63 жанчыны.

На змену Адраджэнню прыйшла эпоха Барока – культура гармоніі, узрослая на заказах двара, касцёла і арыстакратыі. Дынамічнасць і крывалінейнасць абрысаў стварала ілюзію бязмежнай прасторы.

Чацвёртая адметнасць гарадоў. Высокае Адраджэнне (XVI ст.) прынесла планавую забудову гарадоў. Іх знешні выгляд набыў новыя рысы.

1. Яшчэ захоўваліся гарадскія сцены, але з’яўленне артылерыі зрабіла іх эфектыўнасць ілюзійнай ужо ў XV ст. Таму будаваліся фартыфікацыйныя ўмацаванні, узводзіліся бастыёны.

2. Сістэма гарадской абароны страціла мабільнасць і блакавала тэрытарыяльны рост гарадоў. Гэта падштурхнула да будаўніцтва жылых дамоў у пяць, шэсць, восем паверхаў. Такога кшталту дамоў набольш ўзводзілі ў Парыжы і Генуі.

3. Ажыццяўлялася рэканструкцыя старых кварталаў. Пасля з’яўлення ў XVI ст. карэт вулiцы пашыралі і выпроствалі, а галоўныя рабілі прамымі і шырокімі, “пад шнур”. У шырыню іх павялічвалі да 6,5 метраў, а ў асобных выпадках – і да 18. Карэты і вазы стваралі на гарадскіх вуліцах страшэнны грукат. Большасць гарадскіх кварталаў заставалася неўпарадкаванымі. Каб прайсцi праз бруд гарадскiх вулiц, нярэдка даводзілася выкарыстоўваць хадулі.

4. У XVIІ–XVIІІ стст. пры будаванні новых дамоў замест дрэва пачалі выкарыстоўваць цэглу, а замест саломы і гонту – чарапіцу і шыфер. Рост гарадоў і пажары стымулявалі будаўніцтва камяніц.

5. Зараджалася занаванне гарадскіх тэрыторый. У гарадах Апенінскага паўвострава ў XVI ст. былі створаныя першыя батанічныя сады: у Ферары (1528), Пізе (1544), Падуі (1546) і Балоні (1548). З гігіенічных меркаванняў смярдзючыя рамесныя майстэрні выносілі на ўскраіны.

Своеасаблівым “занаваннем” стала ўзнікненне ў Рыме, Балоні і іншых італьянскіх гарадах яўрэйскіх гета (ghetto – скарочаная форма ад італ. вorghetto, што азначае гарадок). Яны ўяўлялі з сябе гарадскія кварталы, абнесеныя сценамі з брамай. Папская була 1555 г. узаконіла гета, і яны пашырыліся за межы Італіі. Тут інтарэсы магістратаў, якія патрабавалі сегрэгацыі яўрэяў, супадалі з патрабаваннем яўрэйскіх рэлігійных законаў, што забаранялі пражыванне разам з іншаверцамі. Самыя вялікія гета былі заснаваныя ў Празе, Франкфурце, Трыесце і Рыме, дзе гета, дарэчы, праіснавала ад 1536 да 1870 г. Пакідаць гета забаранялася, дый было небяспечна. Адзіным выйсцем заставалася прыняцце хрысціянства.

Пятая адметнасць горадоў. Паляпшаўся побыт гараджанаў. Па-першае больш камфортным станавілася жыллё. У XVI ст. з’явілася празрыстае шкло, хоць на ўсходзе Еўропы яно і ў ХІХ ст. не было звыклым. З канца XVIІ ст. пашырыліся папяровыя шпалеры. Ужо ў XVIІІ ст. мэбляй абставілі дамы і беднякі, хоць большасць спалі на саломе. Узнікла мода на паркет (гэта прывяло да вынішчэння дуброваў). Паводле звестак 1695 г., нават за каралеўскім сталом у Версалі віно і вада замярзалі ў келіхах. Аднак у 1720-я гг. удалося раскрыць сакрэт "цягі", і ў гарадскія дамы прыйшло цяпло. На захадзе будавалі каміны, а ў Германіі, Венгрыі, Польшчы, Расіі – печы. Да XVIІІ ст. побыт не ведаў не толькі цеплынi, але i iнтымнасцi. Палацы арыстакратаў і каралёў былі больш прыстасаваныя для публічнага жыцця. Толькі пазней знiкла грандыёзнасць інтэрьера. Набылі папулярнасць маленькiя столiкi ў стылі ракако. Раскоша пранікала ў дамы заможных гараджанаў. Гарадскія кватэры запаўняліся мануфактурнымі вырабамі: карункамі, мэбляй, прадметамі са шкла. Вялікім попытам карысталіся цудоўныя фарфоравыя статуэткі. Аднак банны пакой і ў XVIІІ ст. быў рэдкасцю. Блохi, вошы, клапы вадзіліся нават ў багачоў. У 1596 г. сэр Джон Хэрынгтан вынайшаў ватэрклазет (прыбiральню). Пазней яго ўдасканалілі: з’явіліся выцяжныя трубы, бачок з сiфонам. Але яшчэ i ў XVIІІ ст. начныя гаршкi вылiвалi праз вокны.

Па-другое, паляпшалася харчаванне. У горадзе ежа была больш разнастайная ў параўнанні з вёскай, дзе пераважалі хлеб, грубыя пахлёбкi i кашы. У XVI ст. у Венецыі пачалі ўжываць відэлец і лыжку. Раней ежу рэзалі нажом, бралi паль­цамi, абмывалi рукi, выцiралi сурвэткамi. У XVIІ ст. у еўрапейскія гарады прыйшла кава з Эфіопіі і гарбата з Кітая.

Па-трэцяе, людзі сталі лепш апранацца. У танную iндыйскую тканiну з бавоўны (паркаль Гуджарата) апрануліся ў XVIІІ ст. нават бедныя гараджане. Датуль у гарадскіх паселішчах паўднёвай Еўропы мужчыны хадзілі амаль што ў набедраных павязках.

Па-чацвёртае, у ХVIIІ ст. для гарадскіх дамоў становіцца характэрнай спецыялізацыя. Адны пачалі будаваць для жылля, другія – для працы (майстэрні, крамы, рабочыя кабінеты). Раней дамы выкарыстоўвалі камбінавана: унізе месцілася крама, над ёй – жыллё гаспадара, а вышэй – пакоі работнікаў.

Як бачым, асабліва рэвалюцыйным на перамены ў жыцці гараджан было XVIІІ стагоддзе.

Шостая адметнасць горадоў. Расла бездань паміж багатымі і беднымі. Тыповымі падзеямі сталі хлебныя бунты. Да ХІХ ст. еўрапейскі горад амаль не ведаў перавышэння нараджальнасці над смяротнасцю. Падчас эпідэмій чумы вымірала чвэрць, а то і траціна насельніцтва. Велізарная колькасць люмпенаў была найважнейшай адзнакай любога вялікага горада. Яны сяліліся ў прадмесцях, якія ўзніклі ў ХІ ст. і ўяўлялі з сябе гарадское дно, а па ўзроўні добраўпарадкавання адставалі ад цэнтраў на цэлую эпоху. У 1780-я гг. у Парыжы штогод паміралі ў сярэднім 20 тысяч чалавек. Нябожчыкаў зашывалі ў радно і скідвалі ў агульны роў, які засыпалі нягашанай вапнай. У 1780 г. на 30 тысяч народжаных парыжанаў прыходзілася 7–8 тысяч кiнутых немаўлятаў. Нястача прымушала сялянак ехаць нараджаць у горад, каб пазбавiц­ца дзiцяцi. Асабліва жорсткія ўмовы жыцця былі ў час шматлікіх войнаў. Так, цягам Трыццацігадовай вайны (1618–1648) гарады страцілі каля паловы насельніцтва. Гарадскія паселішчы поўніліся жабракамі, злодзеямі і бандытамі. У Неапалі напрыканцы XVIІІ ст. налічвалася каля паўмільёна чалавек. З іх самае малае 100 тысяч былі галотнікі і жабракі. Злачынцаў вешалі публічна, жабракам дапамагалі. Займацца дабрачыннасцю пачала царква, але з ростам гарадоў праблемы жабрацтва набывалі неймаверныя маштабы. Далучылася дзяржава: адкрывалі шпіталі, прытулкі. Але, каб пазбавіцца жабрацтва і бруду, у горада яшчэ не было сродкаў. Ён не мог забяспечыць прыстойнае жыццё для ўсіх.

Тыповай з’явай былі яўрэйскія пагромы. Яўрэі складалі значную частку насельніцтва гарадоў Іспаніі нават пасля іх выгнання ў 1492 г. Многія дасягненні іспанскага залатога веку (XVI ст.) належалі або іудзеям, або хрышчаным яўрэям. Гнаны народ прымалі гарады Галандыі і Новага Свету. Толькі ў XVIІІ ст. у многіх краінах Еўропы адбылося прызнанне правоў яўрэяў.

Абвастрэнне галечы ў горадах урэшце прывяло да ўзнікнення рэвалюцыйнага руху ў канцы XVIІІ – пачатку ХІХ ст.

Сёмая адметнасць гарадоў. У XVI – XVIІІ стст. на Захадзе ўздымаліся вялікія гарады, што раней было характэрна толькі для Усходу. У першую чаргу гэта тычылася сталіц. Чым большыя былі дзяржавы, тым больш шматлюднымі выглядалі іх сталіцы. Утрыманне сталічных гарадоў з іх раскошай патрабавала вялікіх грошай. Сталіцы самі сябе не пракормлівалі. Даходаў ад рамёслаў і гандлю не ставала. Неабходныя сродкі давалі падаткі з усяго насельніцтва краіны. Сталіцы смакталі грошы з вышэйшых чыноўнікаў (у Лондане яны атрымлівалі проста княжацкія аклады – 1–2 тысяч фунтаў) ды з буйных землеўладальнікаў, якія пражывалі свае даходы ля каралеўскага двара. Сродкі траціліся нерацыянальна – на задавальненне і раскошу.

З тагачасных сусветных сталіц на першым месцы стаялі Лондан і Парыж. Дзякуючы рымскім папам на працягу XVI ст. у апостальскай сталіцы былі ўзведзеныя або цалкам перабудаваныя 54 храмы, сярод якіх самы вялікі ў свеце – сабор Святога Пятра. Яго будавалі з 1506 г. і завяршылі толькі ў 1626 г. Тады ж пабудавалі каля 60 палацаў, у тым ліку Ватыканскі, 20 арыстакратычных вілаў, больш за 30 новых вуліц, 35 грамадскіх фантанаў. У выніку Рым ператварыўся ў сусветны цэнтр паломніцтва і турызму. Гатэльная справа дасягнула выдатнай арганізацыі. У юбілейным 1600 г. Рым прыняў больш за паўмільён гасцей, якім прадаставілі 360 гатэляў і пастаялых двароў, і гэта без уліку шматлікіх мэбляваных пакояў і дамоў, што здаваліся ў наём.

Пасля набыцця ў 1561 г. статуса сталіцы Мадрыд імкліва ператварыўся з старадаўняй арабскай крэпасці пасярод Іспаніі ў буйны еўрапейскі горад. Аднак і ў эпоху Веласкеса (XVIІ ст.) дамы іспанскай сталіцы выглядалі нібыта з засохлага бруду, змесціва начных гаршкоў вылівалася з вокнаў, мужчыны мачыліся пасярод вуліцы, а нажы і відэльцы амаль не выкарыстоўваліся. Праўда, тое самае адбывалася і ў іншых гарадах свету.

Высокае Адраджэнне адкрыла эпоху ўзвышэння сталіц і заняпаду гарадоў-дзяржаў. У Паўночнай Італіі апошнія трапілі пад кантроль Іспаніі. Любек, які стаяў на чале Ганзы, з той самай прычыны ледзь захаваў сваю намінальную незалежнасць і страціў былую эканамічную вагу. У гістарычнай барацьбе з манархіямі гарадскія рэспублікі прайгралі, бо цяжар барацьбы быў для іх непасільны. У іншым выпадку, на думку нямецкага гісторыка Гельмута Кёнігсбергера, заходнееўрапейскае развіццё пайшло б па мадэлі сучаснай Швейцарыі з яе канфедэрацыяй маленькіх дзяржавак-кантонаў і захаванай разнастайнасцю этнасу. Дарэчы, Жан-Жак Русо лічыў, што ідэалы свабоды можна рэалізаваць толькі ў гарадскіх рэспубліках, а таму выступаў за пераўтварэнне буйных дзяржаў (імперый) у канфедэрацыю гарадскіх рэспублік.

Восьмая адметнасць гарадоў. У ХVIII ст. гарадскія паселішчы мелі дастаткова багаццяў, каб зноў, як у антычных час, узнавіць урбанізацыю вёскі. Натуральна, што лішнія грошы горад размяшчаў у навакольных вёсковых паселішчах. Дваранская і буржуазная зямельная ўласнасць распаўджвалася вакол гарадоў, як алейная пляма. На месцы прыгарадных вёсак будавалі палацы, а вакол іх – паркі-сады. Шэдэўрам Рэнесансу ў стварэнні такіх садоў лічыцца віла Цівалі, пабудаваная ў другой палове ХVI ст. для кардынала Іпаліта д’Эстэ парыжскім архітэктарам Дзю Сэрсо ў Турэні. У ХVIII ст. загарадныя дамы меліся ў Парыжы, Фларэнцыі, Венецыі, Неапале, Стамбуле, Алжыры, Пекіне – амаль паўсюдна. З прыгарадных земляў паступалі хлеб, віно, птушка. У сярэдзіне ХVII ст. пачало інтэнсіўна развівацца прыгараднае агародніцтва. Сельская мясцовасць напаўнялася “гарадской свядомасцю”.

Аднак да ХVIII ст. нават у буйных гарадах захоўваліся розныя віды сельскагаспадарчых заняткаў. Унутры і вакол сваіх сценаў гарадскія паселішчы мелі пас садоў і агародаў, а крыху далей – палі. Свінні вольна хадзілі па вуліцах. Гараджане трымалі трусоў і курэй. Што тычыцца шматлікіх малых гарадоў, то яны ледзьве вылучаліся з вясковага жыцця. Іх жыхары старанна сачылі за сваімі вінаграднікамі і пасевамі. У перыяд збору ўраджаю нават рамеснікі пакідалі свой занятак дзеля палявой працы. У Германіі такая сітуацыя захоўвалася нават на пачатку ХVIII ст. У сваю чаргу, і вёска не аддавала манаполію гораду на рамесную вытворчасць: яна заўсёды мела сваіх майстроў.

Такім чынам, рост еўрапейскіх гарадоў стымуляваўся пераважна міжнародным гандлем. Значным фактарам іх узвышэння быў сталічны статус. Асноўнай функцыяй горада станавілася эканамічная. Узрастала значэнне адукацыі, навукі, культуры. Па ўзроўні урбанізацыі Заходняя Еўропа і ў Новы час захоўвала лідэрскае становішча.


1.2. Выдатныя гарады
Ужо ў 1515 г. каля 51% насельніцтва Нідэрландаў пражывала ў гарадах. Найважнейшым гандлёвым і банкаўскім цэнтрам краіны і ўсёй Еўропы ў ХVI ст. стаў Антверпен. Галоўную плошчу горада побач з традыцыйнай ратушай займалі будынкі вядучых гандлёвых гільдый і першы ў Еўропе будынак гандлёвай біржы, узведзены ў 1531 г. У прыгарадах будавалі першыя тэкстыльныя мануфактуры. Уздоўж ракі Шэльды ўзнікла цэлая гандлёва-складская зона. Аднак горад не здолеў утрымаць лідэрства. У выніку вызваленчай вайны незалежнасць ад Іспаніі на пачатку ХVII ст. здабылі толькі жыхары паўночнай часткі Нідэрландаў. Антверпен, што застаўся пад Іспаніяй, страціў сваю былую эканамічную значнасць. Ён быў проста спустошаны рабункамі і блакадамі падчас змагання з Іспаніяй.

Таму галоўным гандлёвым і банкаўскім цэнтрам Еўропы і ўсяго свету ў першай палове ХVII ст. стала сталіца паўночных Нідэрландаў (Галандыі) – Амстэрдам. Пасля вызвалення ад Іспаніі (у 1648 г.) яго называлі самым вольным горадам. Сюды з прычыны небывалай тады верацярпімасці сцякаліся пратэстанты з Францыі, іудзеі з Іспаніі, Партугаліі. Пазней гэтая плынь эміграцыі скіравалася ў ЗША. У другой палове ХVII ст. у горадзе пражывалі каля 200 тысяч чалавек, траціна з іх –замежнага паходжання.

Горад, які вырас з рыбацкага пасёлка, адразу будаваўся як гандлёвы цэнтр. На яго плошчы Дам (“плаціна”) была ўзведзеная манументальная ратуша, спачатку нават несуразмерная гораду, але яна ўспрымалася як сімвал вольнага гандлю і самакіравання, як акт уключэння Амстэрдама ў лік сусветных сталіц. Другім па важнасці будынкам стала біржа. У цэнтры горада размясціліся гандлёвыя кварталы, а не каралеўскія палацы, як у Сярэднявеччы. Марское пабярэжжа займалі склады і судабудаўнічыя верфі. Жылая забудова разыходзілася ад цэнтра горада кольцамі, утворанымі не толькі вуліцамі, але і каналамі, з дапамогай якіх памяншалася хваля марскіх прыліваў. Тры вялікія каналы мелі ў шырыню 25 метраў, у іх маглі змясціцца чатыры шэрагі караблёў сярэдняй велічыні. Набярэжныя каналаў засаджавалі вязамі. Па разгалінаванай сетцы каналаў рухаліся запрэжаныя коньмі лодкі, што дазваляла хутка перапраўляць тавары ў любы куток горада.

На ўскраінах горада засноўвалі мануфактуры. У якасці будаўнічага матэрыялу пачалі замест дрэва выкарыстоўваць цэглу. Неатынкаваныя камяніцы з чырвонай цэглы сталі адметнасцю горада. У сённяшнім Амстэрдаме усе цаглінкі з тагачасных будынкаў кожныя два гады дзеля ачышчэння падлягаюць пескаструменнай апрацоўцы. У Галандыі канцэнтравалася больш як 80% сусветнага гандлёвага флоту. Менавіта ў Амстэрдам прыязджаў расійскі імператар Пётр І, каб засвоіць навуку караблебудавання. Горад жыў клопатамі аб прыбытку. Ён квітнеў у літаральным сэнсе гэтага слова, бо быў кветкавым цэнтрам не толькі Нідэрландаў, але і ўсёй Еўропы. Тут працавалі найбуйнейшыя цюльпанавыя біржы. У сярэдзіне ХVII ст. у Амстэрдаме існавала 518 розных пітных устаноў. Кожны дарослы мужчына выпіваў літры тры піва ў дзень. У храмах горада існавалі “хлебныя крамы”, дзе прыхаджане пакідалі ежу для бедных. Амстэрдам лічыўся ўзорным горадам Новага часу. Дарэчы, досвед забудовы гэтага горада з яго абводнымі каналамі быў выкарастаны пры ўзвядзенні расійскай сталіцы – Санкт-Пецярбурга.

Пасля буржуазнай рэвалюцыі ў сярэдзіне ХVII ст. істотна ўзмацнілася Англія. Роля галоўнага эканамічнага цэнтра свету перайшла ад Амстэрдама да Лондана. Горад вырас з ваеннага лагера старажытных рымлянаў на берагах Тэмзы, якая злучала марское пабярэжжа з унутранымі раёнамі Англіі. Гэта было месца, дзе рака звужалася настолькі, што праз яе можна было пабудаваць мост. Ніжэй Лондана, дарэчы, мастоў няма дасюль. Уніз па цячэнні ракі ў Сярэднявеччы была ўзведзеная каралеўская крэпасць Таўэр, а ўверх – закладзенае Вестмінстэрскае абацтва, якое стала месцам каранацыі і пахавання англійскіх каралёў. Там быў пабудаваны і Вестмінстэрскі палац, дзе засядаў англійскі парламент.

У 1666 г. пажар вынішчаў тры чвэрці горада, у тым ліку увесь стары гістарычны цэнтр Сіты (12 тысяч драўляных дамоў). Пасля такой трагедыі Лондан перабудавалі па прынцыпах пераважна рэнесанавай архітэктуры. У ХVII ст. уніз ад горада, уздоўж Тэмзы, узнік раён лонданскіх докаў, што складаліся з шматлікіх прыстаняў, складоў, суднабудаўнічых верфяў. Да зоны докаў прыціснуўся Іст-Энд – рабочы і жылы раён з шматпавярхоўкамі казарменнага тыпу. Там знаходзілі сабе прытулак “рачныя піраты”, якія раскрадалі ў доках усё, што маглі. Сіты ў межах старых гарадскіх сценаў забудоўваўся банкамі, біржамі, офісамі гандлёвых кампаній. Тамсама размясціліся сабор Святога Паўла, мэрыя – Гідхал і іншыя грамадскія будынкі. Каля Вестмінстэрскага абацтва былі ўзведзеныя рэзідэнцыі для міністэрстваў, каралеўскія палацы (Букінгемскі і інш.). Там узнік Гайд-парк, а таксама раён гандлю і забаваў – Соха. Больш чыстая ў экалагічным плане заходняя частка Лондана стала месцам жыхарства заможных гараджанаў.

З сярэдзіны ХVII ст. пашырыліся кавярні. Дзелавое жыццё горада канцэнтравалася на шматлікіх кірмашах горада, вакол Каралеўскай біржы, першага Англійскага банка і ратушы. Лонданская мэрыя першай у свеце пачала рэгуляваць развіццё горада. Ужо ў канцы ХVI – пачатку ХVII ст. выдаваліся забароны на новае будаўніцтва. А потым пашырэнне горада ўвогуле было ўзятае пад кантроль. Вакол гарадской забудовы ствараўся зялёны пас. За ім размяшчаліся прыгарады па прынцыпе горада-сада, калі аднасямейныя дамы літаральна патаналі ў зеляніне. Праўда, рэгулярная планіроўка не закранула цэнтр, дзе сістэма вуліц заставалася заблытанай. Напрыканцы ХVIIІ ст. у Лондане пражывалі каля 860 тысяч чалавек і ён быў найбуйнейшым горадам Еўропы. Вуліцы не спраўляліся з колькасцю пешаходаў і колавага транспарту: амаль штодзёнь адбываліся наезды на людзей.

Яскравым прыкладам новага горада лічыцца Парыж – у ХVI ст. другі па велічыні гарадскі цэнтр свету пасля Канстанцінопаля. Яго развіццё паскорылася ў сярэдзіне ХVII ст., пасля таго, як Францыя ператварылася ў магутную цэнтралізаваную дзяржаву. Насельніцтва Парыжа ў 1637 г. ўзрасло да 415 тысяч чалавек. Якраз тады каля горада была заснаваная парадная каралеўская рэзідэнцыя Версаль ў стылі класіцызму, што стала ўзорам для многіх двароў еўрапейскіх манархаў. У ХVIIІ – пачатку ХІХ ст. уздоўж правага берага Сены вырас цэлы архітэктурны ансамбль: палац Луўр (пазней сусветнавядомы музей), палац Туільры, плошча Згоды, Елісейскія палі, плошча Зоркі з Трыумфальнай брамай (аркай). Парыж – гэта горад кантрастаў. У ХVIIІ ст. з’явіліся сумнавядомыя парыжскія мэбляваныя пакоі – брудныя, напоўненая вошамі і клапамі. Тут жылі публічныя жанчыны, злачынцы, чужаземцы. Чым вышэйшы быў паверх, тым ніжэйшы быў сацыяльны статус кватаранта. На сёмым, восьмым паверхах, у мансардах і на гарышчах жыла галота.

Парыж спецыялізаваўся на вытворчасці прадметаў раскошы: дываны з мануфактуры Габелена, багатыя пакрывалы, капелюшы, шаўковыя прасціны, тафта, пазументы і стужкі, люстэркі, залатыя вырабы. Таксама горад славіўся сваімі харчовымі рынкамі. Парыжане стаўленне да ежы і абыходжанне з ёй ўзнялі на ўзровень культуры. Дарэчы, да вынаходніцтва маянэзу меў непасрэлнае дачыненне французскі кардынал Рышэлье.

Венецыя ўчэпіста трымалася за сваю сярэднявечную канстытуцыю ажно да 1797 г., застаючыся апошнім полісам Захаду. Але яе эканамічная магутнасць слабла праз канкурэнцыю з Галандыяй і Англіяй. З ХVІІІ ст. цуд горадабудавання пачаў марудна і прыгожа паміраць ва ўсіх на вачах – па некалькі мілімераў у год хаваўся пад ваду. Венецыя стала горадам знакамітых карнавалаў і масак, у якіх дазвалялася хадзіць больш за шэсць месяцаў на год. Мажліва, жыхары гэтага горада інстынктыўна хаваліся пад маску ад катастрофы, што няўхільна набліжалася. Найноўшыя тэхналогіі дазваляюць уратаваць горад, але з тым не спяшаюцца: драма прыцягвае турыстаў.

На гэтым прыклады выдатных і вялікі гарадоў не канчаюцца. Наступіла іх эпоха. Яны маюць больш дасягненняў, чым заганаў. Сталічныя цэнтры і буйныя гарады закладвалі і ўмацоўвалі нацыянальныя дзяржавы, стваралі нацыянальныя рынкі і сучасныя нацыі. Яны станавіліся тым сэрцам, якое прапускала праз сябе ўсе таварныя струмяні краіны і без якога гэтыя струмяні не былі б магчымыя. Разгорнутае ў гарадах Адраджэнне (Рэнесанс) прывяло да ўздыму Заходняй Еўропы. Гарадскія паселішчы знаходзіліся ў цэнтры станаўлення сучаснай еўрапейскай цывілізацыі, якая канчаткова перамагла іншыя, што існавалі паралельна ёй.
2. Іншыя гарады свету
У ХV ст. пачалося адкрыццё і каланізацыя еўрапейцамі новых земляў. Цягам ХVІ ст. працэс падпарадкавання чужаземных народаў набіраў сілу, абапіраючыся на наноў закладзеныя гарады, якія выступалі ў якасці ваенных і адміністрацыйных цэнтраў. Звычайна гэта былі порты ці добра ўмацаваныя гарады-крэпасці ў глыбіні кантынентаў. Адбывалася непазбежнае сутыкненне мадэляў еўрапейскага і тубыльскага гарадоў.

Афрыка, Чорная зямля на поўдні ад Сахары, доўгі час заставалася маладаступнай для белага чалавека праз малярыю. Хінін з’явіўся толькі ў першай палове ХІХ ст. Каланізацыя Азіі ўскладнялася існаваннем магутных княстваў, што давалі адпор каланізатарам. Таму апошнія мусілі з тым мірыцца і абапіраліся на свае гарады, заснаваныя на ўзбярэжжы: іспанская Маніла на Філіпінах (1571–1573), партугальскія Каломба на Цэйлоне (1594) і Макаў у Кітаі (1557), галандская Батавія на выспе Ява (1614), англійскія Мадрас (1647) і Бамбей (1665) на паўвыспе Індастан і інш. Гэтыя каланіяльныя гарады суіснавалі з мясцовымі, але не інтэграваліся з імі.

Развіццё азіяцкіх гарадоў у ХVI–ХVIIІ стст. нібыта спынілася. У ранні Новы час гарадскія паселішчы Азіі мала чым розніліся ад сярэднявечных. Іх вольнае развіццё стрымлівала не толькі дэспатычная ўлада, але і кансервацыя старых сацыяльных структур: у Індыі існавала каставая сістэма, у Кітаі – культ продкаў роду. Горад не стаў машынай разбурэння старых сувязяў і стварэння індывідуальнасцяў, як тое было на Захадзе, а застаўся рэзідэнцыяй чыноўнікаў і вялікіх паноў. Там не маглі свабодна расці буржуазія і канцэнтравацца рамяство і гандаль.




1   2   3   4   5   6   7   8   9   ...   24


База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка