Уводзіны ва урбаністыку. Першыя cтаражытныя гарады. ІІІ тыс да н э. V ст н. э



старонка9/24
Дата канвертавання15.05.2016
Памер3.8 Mb.
1   ...   5   6   7   8   9   10   11   12   ...   24

У другой палове ХІХ ст. у Парыжы пасля праведзенай Гаўсманам рэканструкцыі замест вузкіх вулачак і крапасных сценаў з’явіліся шырокія бульвары. Стваралася прасторавая перспектыва для агляду славутасцяў горада – сабора Парыжскай Божай маці, а пазней і Эйфелевай вежы. Памяркоўныя парыжане не гналіся за маштабамі забудовы, а здзіўлялі гасцей вытанчанасцю дэкору камяніцаў. Цэнтр Парыжа паступова акружалі прамысловыя прыгарады. Горад падзяляўся на кварталы, якія мелі лічбавую нумарацыю: 1-ы арондысман, 4-ы арондысман... Кожны меў сваё аблічча. У гэтым выявілася адметнасць французкай сталіцы ХІХ ст. Не Напалеон, а знакамітая французкая кухня заваявала праз Парыж у ХІХ ст. увесь свет. Тут, у французкай сталіцы, зараджаліся парасткі масавай культуры. Вялікі парыжанін Дзюма быў, можа, першым прадстаўніком масавай культуры, дакладней, масавай літаратуры, чаму садзейнічала вынаходніцтва ў 1829 г. часопіснай формулы “Працяг будзе”. Да пачатку ХХ ст. Парыж меў 3,6 мільёнаў жыхароў і прапускаў наперад толькі Лондан і Нью-Ёрк. У Парыжы ў 1851 г. з’явілася першая ашчадная каса.

Берлін увайшоў у лік сусветных сталіц крыху пазней. Затое ён павялічваў насельніцтва небачанымі тэмпамі. Пасля аб’яднання нямецкіх земляў у 1871 г. у адну дзяржаву насельніцтва новай сталіцы ўзрасло за другую палову ХІХ ст. у 5 разоў. Палацы, чыгункі, прамысловыя прадпрыемствы будаваліся адначасова. Горад стаў буйным адміністрацыйным, культурным і прамысловым цэнтрам.

Вена да 1683 г. вяла жорсткую барацьбу з туркамі, якія неаднойчы падступалі да самага горада. Пасля перамогі ў бітве пад Каленбергам (1683) яна стала сталіцай Аўстрыйскай імперыі Габсбургаў. У ХVII–ХVIII стст. разам з умацаваннем дзяржавы Вена паднялася на ровень вядучых гарадоў Еўропы. У ХІХ ст. горад на Дунаі набыў ўстойлівасць, багацце, маштаб. Яго ўпрыгожвалі шырокія бульвары, велізарныя плошчы з шыкоўнымі палацамі. Архітэктурны комплекс Рынга (цэнтр горада) будаваўся ў 1860–1880-я гг. Знакамітая опера адкрылася ў 1869 г. Такую раскошу ў Еўропе маглі сабе дазволіць толькі Парыж і Мілан. Гэта быў вынік росквіту імперыі Габсбургаў. Пры Францу Іосіфе, які правіў 68 гадоў, Венская опера набыла каласальную папулярнасць. Напрыканцы ХІХ ст. спевакоў праслаўлялі, як сучасных зорак эстрады. І толькі на пачатку ХХ ст. оперу пацясніла кіно. Худоба лічылася сярод венцаў заганай. Моладзь вучылася павольна хадзіць і насіць акуляры з простым шклом. Калі туркі ў 1683 г. асаджалі Вену, то, кажуць, прынеслі з сабой каву, што запачаткавала знакамітыя венскія кавярні.

Прага хутка разбудоўвалася ў канцы ХІХ ст., што супала з чэшскім нацыянальным адраджэннем. Народны тэатр (1883), канцэртная зала Рудольфінум (1884), Народны музей (1890) на Вацлаўскай плошчы – усё гэта стала сучаснымі сімваламі горада. Аўстрыйская гігантаманія перакінулася і на галоўны горад Чэхіі. Былі грошы, якія камянелі ў фешэнебельных будынках. Чэшскія багачы імкнуліся падцерці нос немцам, а немцы ва ўсім намагаліся стаць першымі. Пражскія архітэктары здзіўлялі гасцей горада эратычнымі скульптурамі на дамах. Адметным было нават пражскае пакаранне – выкідванне праз вакно (дэфенстрацыя).

Так, у ХІХ ст. у гарадах Захаду адбываліся дынамічныя змены. Ішоў пошук кампрамісу паміж горадам і дзяржавай, паміж агульнагарадскімі інтарэсамі і прыватнымі, паміж былымі вышэйшымі і ніжэйшымі саслоўямі. Горад стаў пляцоўкай кампрамісу. Гарадскія паселішчы, дакладней, іх абшчынныя праблемы разбуралі абсалютызм і саслоўнасць, рабілі грамадства дэмакратычным, стваралі асновы для сучасных нацый і нацыянальных дзяржаў. Абапіраючыся на сваю эканамічную магутнасць, яны з падапечных паступова ператвараліся ў раўнапраўных партнёраў дзяржавы ў справе грамадскага і эканамічнага прагрэсу.


1.2. Гарады Азіі, Амерыкі, Афрыкі
Ревалюцыйныя змены ў ХІХ ст. у Еўропе і яе гарадах канчаткова замацавалі гегемонію кантынента над астатнім светам. Падчас далейшай каланізацыі ўзнікала мноства новых гарадоў, а старыя мадэрнізаваліся. Набываў вялікае гандлёвае і ваеннае значэнне Сінгапур, Шанхай. У 1865 г. пачалася разбудова Сайгона, падчас якой стары горад быў цалкам вынішчаны. Адбывалася урбанізацыя Аўстраліі. У Расіі ажыццяўлялася урбанізацыя Сібіры. У 1860 г. быў закладзены Уладзівасток, адкуль бярэ пачатак транссібірская чыгуначная магістраль.

Горадаўтваральныя працэсы па-за Еўропай мелі некалькі мадэляў. Паўночнаамерыканская мадэль была характэрная для ЗША, Канады, Аўстраліі і Новай Зеландыі. Вось яе асноўныя рысы:

1. Карэннае насельніцтва вынішчалася, а гарады ствараліся на пустым месцы. Таму ім даводзілася ствараць вакол сябе вёскі для задавальнення сваіх патрэбаў у харчаванні і сыравіне.

2. Гарадское насельніцтва фармавалася з перасяленцаў і эмігрантаў.

3. Урбанізацыя пачыналася з узбярэжжа.

4. Планіроўка гарадоў была рэгулярная, часта прастакутная, з шырокімі вуліцамі і прасторнымі плошчамі. У гэтым адлюстраваліся даўнія мары горадабудаўнікоў Еўропы, іх імкненне да парадку.

5. Высокая канцэнтрацыя дзелавога жыцця ў цэнтры прыводзіла да вялікага росту цэнаў на зямлю і ўзнікнення высотных будынкаў. Пры будаўніцтве хмарачосаў папярэднія дамы бязлітасна разбураліся, бо не мелі для каланізатараў аніякай культурнай каштоўнасці. Мігранты пражывалі ў шматпавярховых дамах, як і ў Еўропе. Заможныя гараджане імкнуліся пасяліцца ў прыгарадах у малапавярховых дамах.

6. Вядучай функцыяй горада стала эканамічная.

7. На фоне гігантаў невялічкія гарады раўнамерна пакрывалі тэрыторыю ЗША і да іх падобных дзяржаў.

У ЗША наперад па развіцці вырваўся Нью-Ёрк. Праз сістэму рэк і Вялікіх азёраў гэты партовы горад меў найглыбейшую сувязь з унутранымі раёнамі Паўночнай Амерыкі. Калі ў 1800 г. у ім налічвалася 80 тысяч жыхароў, то ў канцы ХІХ ст. – 3,4 мільёны чалавек. Такога імклівага росту не ведаў дасюль ніводны горад свету. Загарадныя дамы і многія будынкі ў Вашынгтоне, у тым ліку Белы дом, узводзіліся паводле рэнесансавага стылю гарадоў Паўночнай Італіі. ЗША сталі пераемнікамі найлепшых традыцый Венецыянскай рэспублікі. Урэшце паўночнаамерыканскія гарады праходзілі такія самыя этапы эвалюцыі, што і гарады Заходняй Еўропы. Аднак, маючы дастаткова вольных земляў, у гарадскіх паселішчах Новага Свету не ўзнікала вострых канфліктаў падчас падзелу гарадской тэрыторыі на грамадскую і прыватную, як гэта было ў Еўропе.

Лацінаамерыканская мадэль была характэрная для былых амерыканскіх калоній Іспаніі і Партугаліі. Яна мела наступныя рысы:

1. Мясцовае насельніцтва не вынішчалася.

2. Гэта былі гарады-гарнізоны – у большай ступені адміністрацыйныя, чым эканамічныя цэнтры. Гарадскія паселішчы будаваліся на месцы разбураных (Мехіка, Ліма) і ў мясцінах, якія дазвалялі кантраляваць вялікія тэрыторыі (Буэнас-Айрэс, Сан-Паўла). Эканамічна развітых і свабодных гарадоў тут не ўзнікала. Тагачасны лацінаамерыканскі горад быў адкрыты і падпарадкаваны мясцовым землеўладальнікам. Значным гандлёвым цэнтрам выступаў толькі Буэнас-Айрэс.

3. Невялікія памеры горада, нізкая добраўпарадкаванасць.

4. Каланіяльны характар планіроўкі гарадоў. Абавязковымі атрыбутамі цэнтральнай плошчы горада былі палац губернатара, каталіцкі сабор, казарма з арсеналам. Вакол цэнтральнай плошчы ў прастакутных кварталах пражывалі нешматлікія перасяленцы з метраполіі. Карэннае насельніцтва канцэнтравалася на ўскраінах. Тамсама размяшчаліся шматлікія манастыры, прызначаныя для хрысціянізацыі абарыгенаў. Для рэгіёну быў характэрны перанос найменняў гарадоў метраполіі на новыя гарады ў калоніі. На прыклад галісійскага горада Сант’яга былі названыя 130 гарадоў (Сант’яга – святы Якаў – лічыўся нябесным апекуном Іспаніі).

5. Высокая канцэнтрацыя насельніцтва ў сталіцах. Сродкаў ставала на разбудову і на стварэнне рабочых месцаў толькі ў галоўным горадзе краіны. Іншыя, а гэта пераважна былыя крэпасці на захопленай тэрыторыі, ператвараліся ў адміністрацыйныя цэнтры.

Азіяцкую мадэль горадаўтваральнага працэсу дэманстравалі краіны, якія мелі багатую гісторыю і пераўзыходзілі метраполію колькасцю насельніцтва, – Індыя, Кітай, Паўднёва-Усходняя Азія. У ХІХ ст. азіяцкія сталіцы мала падлеглі мадэрнізацыі. Яны знаходзіліся пад кантролем вышэйшай улады, што імкнулася захаваць традыцыю. Асноўныя змены адбываліся ў прыморскіх гарадах, праз порты якіх мясцовыя багацці вывозіліся ў метраполію. Хутка мадэрнізаваліся ў ХІХ ст. Ганконг у Кітаі, Калькута і Бамбей у Індыі, Джакарта ў Паўднёва-Усходняй Азіі. Каланізатары пражывалі ў асобных, часам ізаляваных, і па-еўрапейску добраўпарадкаваных квараталах.

Афрыканская мадэль горадаўтваральнага працэсу ўвабрала ў сябе рысы лацінаамерыканскай і азіяцкай мадэляў. Пранікненне гарадской цывілізацыі ішло ад узбярэжжа да ўнутраных рэгіёнаў мацерыка. Працэс гэты адбываўся з істотным спазненнем у параўнанні з іншымі рэгіёнамі свету. Урбанізаванасць была нізкая. Доўга захоўвалася традыцыйная культура. Так, у Чорнай Афрыцы, як у Індыі ды ісламскім свеце, практычна не было крэслаў і сталоў.

У Японіі мадэрнізацыя гарадоў, выкліканая рэформамі Мэйдзі, адбывалася спецыфічна. З устанаўленнем права прыватнай уласнасці на зямлю (у 1872 г.) і правядзеннем адміністрацыйнай рэформы (у 1878 г.) пачаліся неверагодная спекуляцыя гарадскімі землямі, стыхійная забудова, імклівае пашырэнне сферы паслуг. Еўрапеізацыя японскіх гарадоў праходзіла інтэнсіўна. На агульнаазіяцкім фоне гэта было выключэнне. У 1868 г. сталіцу перанеслі ў Едо пад новай назвай Токіо (“усходняя сталіца”).

Дзякуючы экспартаванню тэхнічных і юрыдычных ноўніцтваў з Еўропы паступова змяняўся выгляд гарадоў іншых кантынентаў. Напрыклад, вынаходніцтва напрыканцы ХІХ ст. аўтамабіляў і асфальту паскорыла разбурэнне вузкіх вулачак ва ўсіх гарадах свету. Стандартызацыя гарадскога жыцця ў канцы ХІХ – пачатку ХХ ст. паўсюль выклікала такія самыя крызісныя з’явы, якія перажылі еўрапейскія гарады ў першай палове ХІХ ст.: перапоўненасць, хаос, нездаровае паветра, зямельную спекуляцыю і адсутнасць надзейных нормаў рэгулявання ўзаемаадносінаў гараджанаў.


1.3. Гарады Беларусі
Як ужо вядома, імклівая урбанізацыя краінаў Заходняй Еўропы пачалася з канца ХVІІІ ст. Узрастала грамадская роля гарадоў. І якраз тады Вялікаму Княству Літоўскаму не пашчасціла. Разбурэнне гарадской інфраструктуры ў сувязі з бясконцымі войнамі з суседзямі істотна аслабіла Княства і стала адной з прычынаў яго мілітарнага далучэння да Расійскай імперыі.

У складзе Расіі мясцовыя гарады трапілі ў зусім новыя ўмовы развіцця – яшчэ больш складаныя, чым раней. Па-першае, у імперскай дзяржаве была запатрабаваная толькі адміністрацыйная функцыя гарадскіх паселішчаў. Яны станавіліся апорнымі базамі ўтрымання “забранага краю”. Падчас адміністрацыйнай рэформы многія гарады былога ВКЛ як адміністрацыйна непатрэбныя імперыі пераводзіліся ў разрад мястэчак: Бешанковічы, Браслаў, Давыд-Гарадок, Дуброўна, Клецк, Капыль, Крычаў, Ляхавічы, Ушачы, Шарашова, Шклоў. А іншыя мястэчкі і нават вёскі “для зручнасці кіравання” ператвараліся ў гарады: Бабінавічы, Вілейка, Докшыцы, Дрыса, Ігумен, Калінкавічы, Копысь, Лепель, Сураж, Сянно, Чавусы. У адміністрацыйных мэтах дзяржава выкупіла прыватнаўласніцкія гарады: Радашковічы (у 1817 г.), Слуцк (у 1846 г.), Докшыцы, Нясвіж, Ашмяны (у сярэдзіне 1860-х гг.), а Стары Быхаў, які належаў Сапегам, канфіскавала за ўдзел іх гаспадароў у паўстанні 1831 г. Механічна, для зручнасці кіравання, вёска Клімавічы ператваралася ў павятовы горад. Правінцыйны горад Слонім у 1795 г. стаў цэнтрам губерні, хоць нават у ім, не раўнуючы з Клімавічамі, не знайшлося нават прыстойнага будынка для царскай адміністрацыі. Праз год Слонімскую губерню ліквідавалі.

Па-другое, эканамічная палітыка імперыі не спрыяла ўзбагачэнню гарадоў. Іх прамысловасць не атрымоўвала дзяржаўных заказаў. Індустрыялізацыя замаруджвалася. На працягу ўсяго ХІХ ст. гарадская прамысловая вытворчасць заставалася пераважна рамесна-мануфактурнай, гэта значыць трымалася на ручной працы. Далейшы рост падаткаў перашкаджаў узбагачэнню гараджанаў. У межах гарадской рысы квітнела земляробства і агародніцтва, якімі займалася пераважна хрысціянскае насельніцтва. Ствараліся ўмовы, пры якіх пашырэнне праслойкі мяшчанаў-хрысціянаў, будучых прадпрымальнікаў, станавілася немагчымым. Царскі ўрад фактычна закрыў ім шлях да камерцыйнай дзейнасці, калі пазбавіў падаткавых прывілеяў і перапісаў у лік падатнага насельніцтва. Незайздроснае і раней эканамічнае становішча мяшчанаў пагоршылася. Гэта выклікала ўпартую барацьбу за вяртанне мяшчанскага статуса. Асобным мястэчкам ўдавалася адстаяць свае правы. Вызвалення ад прыгоннай залежнасці і пераводу ў мяшчанскае званне дамагліся жыхары Давыд-Гарадка (у 1836 г.) і Петрыкава (у 1848 г.).

Па-трэцяе, гарадскія рэформы, распачатыя ў час Рэчы Паспалітай, прыпыніліся. Магдэбургскае права было скасаванае. Гарады пазбаўлялі незалежнага ад дзяржавы самакіравання і выкарыстоўвалі як найбольш эфектыўную зброю інкарпарацыі беларуска-літоўскіх земляў у склад імперыі, а потым і іх русіфікацыі.

Па-чацвёртае, царызм паслядоўна не аддаваў гарады – камандныя вяршыні кожнага грамадства – у рукі мясцовай зямельнай арыстакратыі. Не маючы сілаў каланізаваць, ён “іудызаваў” іх. Яўрэям з 1794 г. забаранялася пакідаць тэрыторыю былога Вялікага Княства Літоўскага, а паводле закону 1882 г. – і пасяляцца па-за гарадамі і мястэчкамі. У выніку колькасць гарадскога насельніцтва ў межах сучаснай Беларусі ўзрасла за 1786–1885 гг. у 7,5 разоў. Павялічылася і колькасць мястэчак. Памешчыкі, каб мець яўрэяў для сваіх паслуг, пераводзілі вёскі ў разрад мястэчак, бо валодалі такім правам (указ ад 26 кастрычніка 1810 г.). Напрыканцы ХІХ ст. у 44 гарадах Беларусі яўрэі складалі 53,5% насельніцтва. Яўрэйскія гарадскія паселішчы менш палохалі царскі ўрад, чым перспектыва ператварэння іх у “польскія”, а фактычна ў беларускія. У выніку істотна ўскладнялася фармаванне беларускай нацыянальнай эліты.

Па-пятае, не ствараліся спрыяльныя ўмовы для кансалідацыі гарадской супольнасці. Заахвочвалася самаізаляцыя іудзейскай, каталіцкай, праваслаўнай і магаметанскай абшчынаў, прадстаўнікі розных этнасаў пастаянна нацкоўваліся адзін на аднаго. Жыццё кожнага ўрадніка, рамесніка, хлебароба, гандляра абмяжоўвалася вузкай сферай непамернай працы дзеля выжывання. Працэс фармавання гарадской ідэнтычнасці, у параўнанні з Захадам, запавольваўся. Прынцып “усе жыхары, да прыкладу, Віцебска ёсць віцябляне” не спрацоўваў. Тым больш не спрацоўваў прынцып “усе жыхары Беларусі ёсць беларусы”. Гэта значыць, што горад тармазіў працэс трансфармацыі этнічных і сацыяльных элементаў краю ў адзіную беларускую нацыю.

Па-шостае, царскія ўлады падчас непазбежнай мадэрнізацыі гарадоў знішчалі іх стары ліцвінскі вобраз: бурылі ратушы, перабудоўвалі касцёлы ў цэрквы. Цягам будаўніцтва ў 1836–1846 гг. Брэсцкай крэпасці быў знесены цэлы горад з яго унікальнай забудовай і архітэктурай заходнееўрапейскага ўзору. Новы Брэст перанеслі на 2 км на ўсход ад былога – на тэрыторыю Кобрынскага прадмесця. Да таго ж, каб прыспешыць жыхароў да перасялення, у драўляных кварталах правакаваліся пажары. Найбуйнейшыя гарады мадэрнізаваліся на расійскі ўзор: генеральныя планы забудовы распрацоўвалі ў Пецярбургу. Структура дробных гарадоў кансервавалася. Яна захоўвала рысы сярэднявечных мястэчак: заўсёды вылучалася галоўная вуліца, якая выводзіла падарожніка на плошчу ці рынак, а там месціліся храмы, гандлёвыя лаўкі, царская адміністрацыя. Ільвіная доля гарадскіх даходаў ішла на ўтрыманне царскай адміністрацыі і войска. Таму гарады за выняткам губернскіх цэнтраў, як і ў ХVIII cт., выглядалі бедна і неахайна. Над амаль суцэльнай драўлянай забудовай самотна ўзвышаліся мураваныя храмы з іх стромкімі вежамі і крыжамі. Побач з садамі яны былі найлепшым упрыгожаннем гарадскіх пейзажаў. Толькі з канца ХІХ ст., пасля шэрагу магутных пажараў, на хвалі эканамічнага ўздыму ў імперыі ў вялікіх гарадах з’явіліся каменныя кварталы. Аднак і на пачатку ХХ ст. вядучыя гарадскія цэнтры краю на дзве траціны былі драўляныя. У такіх умовах стварэнне сістэмы супрацьпажарнай бяспекі заставалася актуальнай справай. Пашыралася страхаванне ад агню, арганізоўваліся грамадскія таварыствы пажарнікаў-ахвотнікаў, уводзіліся пакаранні за невыкананне супрацьпажарных мераў. З 1892 г. за курэнне на гарадскіх вуліцах і плошчах, дзе гэта было забаронена, накладаўся штраф у памеры 1 рубель – двухдзённы заробак чорнарабочага.

Велізарнае ўздзеянне на лёс гарадоў Беларусі зрабіла чыгуначнае будаўніцтва, якое вёў царскі ўрад на працягу 1862–1915 гг. Новыя транспартныя магістралі не супадалі са старымі гандлёвымі шляхамі, што праходзілі па рэках. Мясцовыя інтарэсы будаўнікі ў разлік не бралі. У выніку многія старадаўнія беларускія гарады, абдзеленыя новым відам транспарту, прыходзілі ў заняпад. Так адбылося з Туравам, Мсціславам, Нясвіжам, Наваградкам і інш. Затое тыя мястэчкі і нават сельскія паселішчы, якія набывалі чыгунку, імкліва раслі і ператвараліся ў сапраўдныя гарады. Гэта Гомель, Баранавічы, Маладзечна, Лунінец, Асіповічы, Жлобін, Талочын, Калінкавічы, Масты, Картуз-Бяроза, Івацэвічы, Стаўбцы, Койданава, Смалямічы, Крупкі, Жабінка.

Чыгункі мянялі гарадскі ландшафт Беларусі. Гарадская архітэктура ўзбагацілася вакзальнымі будынкамі, чыгуначнымі дэпо і майстэрнямі, воданапорнымі вежамі і чыгуначнымі мастамі.

У пэўнай сувязі са з’яўленнем новага віду транспарту з 1860-х гг. прыпынілася заснаванне новых мястэчак. Будаўніцтва чыгунак паскорыла абарот тавараў і тым зменшыла колькасць неабходных гандлёвых кропак. У 1871 г. у Віленскім павеце мястэчкам лічылася Хожава, дзе нічога не было, акрамя адной карчмы. Такія мястэчкі царская адміністрацыя пераводзіла ў разрад сельскіх паселішчаў. Аднак часта перавод рабілі беспадстаўна – у Расіі аналагічных паселішчаў не існавала. Таму колькасць мястэчак у Беларусі паменшылася з 418 у 1863 г. да 322 на пачатку ХХ ст. Царскі ўрад увогуле планаваў частку мястэчак зрабіць вёскамі і толькі больш значныя перайменаваць у пасады. Праўда, на ажыццяўленне гэтага праекта казна не знайшла патрэбных сродкаў.

У другой палове ХІХ ст. з пашырэннем урбанізацыі многія беларускія мястэчкі дасягнулі ўзроўню гарадоў, але гарадскі статус ад дзяржавы атрымлівалі адзінкі. За 44 гады парэформеннага перыяду (1961–1917) у Беларусі царскі ўрад заснаваў толькі два гарады – Горы-Горкі і Смаргонь, тады як у цэлым па Расіі – па 5 штогод. І гэта ў той час, калі напрыканцы ХІХ ст. на афіцыйнае прызнанне гарадамі рэальна прэтэндавалі такія мястэчкі, як Баранавічы-Разводава, Ветка, Глыбокае, Глуск, Давыд-Гарадок, Дуброўна, Картуз-Бяроза, Крычаў, Ляхавічы, Мір, Петрыкаў, Ружаны, Шклоў.

На працягу ўсёй сваёй гісторыі царызм рабіў так, каб разбурыць мясцовы каларыт старых ліцвінска-беларускіх гарадоў і ліквідаваць іх былыя вольнасці. Беларусы пазбавіліся сталіцы. Вільня ператварылася ў звычайны губернскі цэнтр, хоць і самы буйны (154 тысяч гараджанаў у канцы ХІХ ст.). Руска-яўрэйскія гарады адчужаліся ад беларускай народнай культуры. Найбольш зрусіфікаванымі сталі губернскія гарадскія цэнтры. Яны прэзентавалі не аўтахтонную культуру і традыцыю, як раней, а найперш ўзніклую тут правінцыйную рускую культуру. Cтарабеларуская шляхецкая культура была загнаная ў панскія маёнткі і асобныя гарадскія сядзібы. І толькі заштатныя гарады ды павятовыя гарадскія цэнтры яшчэ захоўвалі сегменты старабеларускай мяшчанскай культуры, традыцыі мясцовага правінцыялізму.

Па сваім нацыянальным складзе мясцовыя гарады не сталі беларускімі. Паводле перапісу 1897 г., 71% гарадскога насельніцтва складалі яўрэі і рускія. Доля гараджанаў сярод беларусаў у тым самым годзе не перавышала і 17%. Мястэчкі пасля далучэння Беларусі да Расіі ўвогуле ператвараліся ў рэзервацыі для яўрэйскага насельніцтва. Цікава, што ў той час як гараджане ўсяляк абмяжоўваліся ў правах, жыхары вёсак цярпелі меншую дыскрэдытацыю і нават мелі пэўныя ільготы. Таму мяшчане пакідалі гарады і перасяляліся ў вёскі. Здавалася б, дабрачыннасць царызму ў дачыненні да беларускіх сялянаў выглядала ненатуральна, аднак гэта мела палітычны сэнс. Беларускія сяляне прывязваліся да зямлі, як сучасныя гараджане да сваіх вясковых бацькоў і лецішчаў. Сялянаў такім чынам адхілялі ад небяспечных для самадзяржаўя гарадскіх спраў, яны заставаліся шэрай, індыферэнтнай, паслухмянай масай і разглядаліся ў якасці этнаграфічнага матэрыялу для будаўніцтва рускай нацыі.

Далучэнне Беларусі да Расіі мела шэраг адмоўных вынікаў. Аднак, мажліва, самым трагічным было якраз запавольванне і дэфармацыя урбаністычнага працэсу, які забяспечваў фармаванне поўнаскладовай беларускай нацыянальнай супольнасці. Беларусы ператвараліся ў няпоўную, пераважна сялянскую нацыю, у якой адсутнічала камерцыйная эліта. Аднак рост гарадоў не прыпыняўся. Іх функцыю выконвалі непрызнаныя гарады – мястэчкі. Урбанізацыя набывала неафіцыйны характар.

Беларуская вёска вельмі слаба ўплывала на матэрыяльную культуру гарадоў. Але ў гарадскім асяродку зараджаліся духоўныя цэнтры беларускай інтэлігенцыі, кшталтавалася і расла беларуская культура. Магчыма, усё пачыналася з вельмі папулярных у першай палове ХІХ ст. “кантрактаў”, калі ў губернскія гарады наязджалі землеўладальнікі, каб пазабаўляцца і заключыць кантракты з арандатарамі і патрэбнымі для іх спецыялістамі ды заадно прысватаць сваіх сыноў і дачок. Адбываліся балі, тэатральныя прадстаўленні, народныя гулянні. Этнограф Пётр Шпілеўскі ўпамінае ў сувязі з гэтым вядомага беларускага фокусніка Даўгялу. У багатых землеўладальнікаў яшчэ напрыканцы ХVIII ст. зарадзілася традыцыя мець уласную сядзібу ў горадзе для сезоннага жыцця ўзімку. Гэта напаўняла горад шляхецкай культурай і шляхецкім багаццем.

Русіфікацыя яшчэ не мела ў першай палове ХІХ ст. сваім вынікам колькі-небудзь заўважнае адмаўленне мясцовых гараджанаў ад сваёй этнічнай прыналежнасці. Арыстакратычная культура сустракалася з народнай. Атмасфера эмацыйнасці стварала ўмовы для пашырэння ў грамадстве ідэй рамантызму, збліжэння з простым народам. Спелі палітычныя праекты адзінай бессаслоўнай нацыі еўрапейскага ўзору. Ва ўлонні царскага горада зараджаўся беларускі рух. Горад рыхтаваў паўстанні 1831 і 1863 гг., якія былі па сутнасці не толькі антыцарскімі, але і антыфеадальнымі. Іх можна лічыць беларускімі буржуазнымі рэвалюцыямі. Потым былі хатнія музычныя і літаратурныя вечарыны гарадской інтэлігенцыі, дзе пілі каву, захапляліся мастацтвам і дыскутавалі. Адукаваныя гараджане ў сярэдзіне ХІХ ст. свабодна выпісвалі і чыталі часопісы і газеты – не толькі рускія і польскія, але і нямецкія, французкія. У Мінску хатнія вечарыны інтэлігенцыі далі беларускаму народу Вінцэнта Дуніна-Марцынкевіча і першую беларускую оперу “Сялянка” (пастаўлена ў 1851 г.). Сярод гарадскіх інтэлектуалаў пашыралася калекцыянаванне. Вялікія зборы кніг, карцін і даўніны мелі гродзенскі ксёндз Гінтаўт, мінскі чыноўнік і домаўладальнік Міхаіл Гаўсман, мінчук Генрых Татур і інш.

Палітыка русіфікацыі і таталітарнага кантролю не магла стрымаць развіцця грамадскіх ініцыятываў. Манаполія землеўладальнікаў у грамадскім жыцці гарадоў паступова разбуралася. У канцы ХІХ ст. і асабліва пасля рэвалюцыі 1905 г. побач з дваранскімі сходамі стваралася безліч розных недваранскіх грамадскіх таварыстваў: дабрачынных, рэлігійных, культурна-асветніцкіх, прафесійных, спартовых. Яны былі падзеленыя саслоўна, канфесійна і нават этнічна. Аднак у сукупнасці шмат рабілі для мадэрнізацыі культурнага ландшафту гарадоў.

Узрастала на грамадскіх ініцыятывах шматэтнічная гарадская культура інтэлігенцыі. Як раней шляхецкая, яна сустракалася з народнай на кірмашах, рэлігійных святах і набывала пэўную беларускую афарбоўку. У атмасферы грамадскай актыўнасці гараджанаў стваралася і прафесійная нацыянальная культура беларусаў. Пры царызме беларусам удалося стварыць, праўда толькі прафесійную, літаратуру і тэатр. Шматнацыянальны характар рабіў гарад Беларусі яшчэ больш не падобным на вёску, і гэта вельмі адрознівала яго ад гарадоў губерняў Расіі.

Урэшце Беларусь змагла захаваць традыцыйную урбаністычную мадэль. Найбуйнейшыя мястэчкі звычайна станавіліся цэнтрамі валасцей і парафій, а пасля адмены прыгону і ўвядзення чыгунак рабіліся яшчэ больш інтэнсіўнымі трансфарматарамі эканамічнага і культурнага ўзаемаабмену паміж горадам і вёскай. Так, у канцы ХІХ – пачатку ХХ ст. у мястэчках фармаваліся цэлыя статкі адкормленых свіней і гусей, якія перапраўлялі ў гарады, у тым ліку і ў германскія.

Жыццё ў мястэчках станавілася ўсё больш урбанізаваным. Праваслаўны святар мястэчка Крэва сведчыў, што ў 1871 г. яго прыхаджане мяшчанскага саслоўя імкнуліся пераўзысці сялянаў. На свята многія мелі сурдут чорнага, радзей шэрага колеру, а таксама камізэлькі і нават манішкі. Апраналіся ў каптаны, але ўсё ж чорнага колеру, а не шэрага, як вяскоўцы. Мужчыны галіліся, пакідалі толькі невялікія вусы і зрэдку бакенбарды. Жанчыны ў святочныя дні апраналі стракатыя паркалёвыя, а то і ваўняныя сукенкі. Перад вяскоўцамі мяшчане любілі паказаць сябе гараджанамі. Сяляне ставіліся да іх з належнай пашанай, але за вочы пасмейваліся.




1   ...   5   6   7   8   9   10   11   12   ...   24


База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка