В. быкаў альпійская балада



старонка5/9
Дата канвертавання15.12.2016
Памер4.99 Mb.
1   2   3   4   5   6   7   8   9

12
Так думаў ён, лезучы па крутой сцяжыне ўгору і будучы ўпэўнены, што робіць правільна. Сапраўды, хто яна, гэтая пеставатая прыгажунька, зіхатлівы асколак чужога, далёкага свету, недарэчным лёсам вайны закінутая ў фашысцкі канцлагер, – хто яна, каб выкладаць ёй яго балючае, што ў свой час адабрала столькі душэўнае сілы ў самога? Ці прыме яе, няхай сабе і добрая, сумленная дзявочая душа яго суровую праўду, у якой дай бог разабрацца самому?

Аддаўшыся роздуму, Іван ішоў спорна, таропка і не прыкмячаў часу. Джулія, пэўна, зразумеўшы, што зачапіла балючую струну ў ягонай душы, таксама зважліва змоўкла, крыху адстала, і яны доўга ішлі так – лезлі ўгору па схіле. Тым часам на бязладна-велічнае навалле гор споўз з паднябесся трывожны ветраны вечар. Горы пачалі хутка цямнець, вузела і без таго сцятая хмарамі далячынь; знік срабрысты зіхоткі бляск далёкага хрыбта, туманнае марыва дарэшты праглынула яго. На фоне трошкі прысветленага неба гіганцкім спарышом чарнела бліжняя верхавіна з крыху меншаю побач. У седлавіне, напэўна, быў перавал, туды вяла сцежка.

З усёй пары сутак вечар найбольш прыгнятальна дзейнічаў на Івана. Ні ўдзень, ні ўначы, ні ўранку не было так самотна, так няўтульна-трывожна і сумна, як у часе змяркання. З усёй вастрынёй ён адчуў гэта ў гады вайны ды яшчэ ў палоне, на чужой зямлі – у бядзе, голадзе і сцюжы. У такі час асабліва востра дапякалі адзінота, бездапаможнасць, залежнасць ад бязлітаснае варожае сілы. I асабліва нясцерпна хацелася міру, дабра і роднае, блізкае душы побач.

– Іван!.. – нечакана паклікала ззаду Джулія. – Іван!

Як заўжды, яна рабіла націск на «і», гэта было непрывычна і знячэўку ажно палохала, быццам тут з’явіўся яшчэ нехта, апрача іх дваіх.

Іван здрыгануўся і прыпыніўся.

Нічога болей не кажучы, Джулія моўчкі тупала між камянёў, і ён без слоў зразумеў, у чым справа. Адразу відаць было, як стамілася яна. Ён адчуваў і па сабе, што вельмі трэба было б адпачыць, але ў гэтай завоблачнай высі было нестрывана холадна: шалёна буяў, ірваў вопратку, гуў у расселінах вецер. Вельмі зяблі на хадзе рукі, ногі дык зусім акалелі, ажно анямелі ад сцюжы. А холад усё мацнеў, як мацнеў к ночы вецер. Усёй сваёй жорсткай, сляпой сілай прырода абрушвалася на дваіх гэтых людзей. Іван дужа спяшаўся, вельмі выразна разумеючы, што начаваць тут нельга, толькі ў хадзе паратунак, і калі яны ў гэтую ноч не адолеюць перавал, то заўтра ўжо будзе позна.

– Іван, – сказала, бліжэй падышоўшы, Джулія. – Очен, очен усталь...

Ён пераступіў з нагі на нагу: ступні балелі, саднелі, заходзіліся ад сцюжы, але цяпер ён не зважаў на іх – ён заклапочана глядзеў на Джулію.

– Давай як-небудзь... Бач, хмурыцца.

З-за спарыша-вяршыні перавальвалася, асядаючы на схілах, густая, змрочная хмара. Неба ўгары пакрысе тушыла свой бляск. Цьмяна памільгала і знікла ў чорнай навалачы малюсенькая адзінокая зорка. Прыцьмеўшае наваколле – скальныя груды, адхоны, цясніны і даліны – завалакла мутная мешаніна аблокаў.

– Почему нет переваль? Где ест переваль?

– Хутка будзе. Хутка, – абнадзейваў дзяўчыну Іван, сам не ведаючы, колькі яшчэ трэба дабірацца да той седлавіны.

Яны зноў ішлі па ледзьве прыметнай у камяністым доле сцяжынцы. Іван ужо стаў баяцца, каб не згубіць яе – гэта было б кепска. I хлопец, слухаючы праз вецер прывычны стукат Джуліных калодак, мерным тэмпам лез і лез усё вышэй. На дужа крутых мясцінах ён прыпыняўся, чакаў дзяўчыну, падаваў ёй руку і вывалакваў угору, сам пры тым ледзьве ўтаймоўваючы ў грудзях сэрца.

А вецер шалёна шкуматаў вопратку, тугімі штурхялямі біў то ў спіну, то ў грудзі, забіваў дыханне, круціў у камянях, часта мяняючы кірунак, – не зразумець было, адкуль ён і дзьмуў.

Тым часам зусім сцямнела, грамады скал зліліся ў адну непраглядную масу, неба чорнай беспрасветнасцю самкнулася з гарамі. Стала так цёмна, што Іван пачаў аступацца, натыкацца на камяні, некалькі разоў балюча пабіў ногі, і тады першы непакой скалануў яго – дзе сцежка? Ён сагнуўся, лепей угледзеўся, абмацаў нейкі аскалёпак побач і зразумеў, што сцежка прапала, – яны заблудзілі.

Тады ён стаў, адвярнуўся ад ветру, сцяўся ўсім целам, чакаючы, пакуль падыдзе дзяўчына. Калі ж тая знямоглым сілуэтам дашкандыбала да яго, Іван кінуў: «Чакай тут», а сам адышоўся ўбок, узіраючыся ў дол. Джулія гэтую навіну ўспрыняла моўчкі, бадай што абыякава, адразу павалілася на камень і скурчылася ад ветру. Ён, душачы трывогу, ады шоўся далей, пакідаўся сюды-туды, углядаючыся ўніз і раз-пораз мацаючы дол ступнямі, – сцежкі не было. Спакваля ён пачаў заўважаць наўкола ў цемры касое няпэўнае мільгаценне, адставіў убок руку і зразумеў: то пайшоў снег. Дробненькая рэдкая крупка коса неслася з ветранае чорнае прорвы, прыскокваючы на камянях, збіралася ў ямках, шчылінах, у доле. Іван пастаяў яшчэ, аглядваючыся і напружана згадваючы, што рабіць. Снег пагусцеў, і ў доле трошкі пасвятлела ад шэрай блытаніны плям. I тады ён заўважыў непадалёк белаватую крывуліну сцежкі.

– Эй, Джулія! – ціха паклікаў ён.

Дзяўчына, аднак, не адгукнулася. Ён з прыкрасцю на душы пачакаў яшчэ трохі. Думалася: «Што яна там, ці не заснула? Вось яшчэ даў бог спадарожніка! Па бульвары б з такой шпацыраваць...»

Вецер па-ранейшаму люта буяў, снегавая крупка мільгала, шархацела на камянях, сталі заходзіцца ад золкасці ногі, рукі ён схаваў у рукавы. За пазухай слізкім холадам пёкся настылы браўнінг.

– Эй, Джулія!

Яна зноў не адказала, і ён, вылаяўшыся сам сабе, з неахвотай, асцярожна ступаючы на мокрыя сцюдзёныя камяні, пайшоў туды, дзе пакінуў яе.

Джулія сядзела на камені, скурчыўшыся ў тры пагібелі, з каленямі захінуўшыся скуранкаю. Як і ўчора, яна не азвалася, не ўзняла голаў на яго прыход, і ён няўцямна, адчуваючы вялікі клопат, спыніўся над ёю.

– Баста, Іван, – ціха прамовіла яна, не паднімаючы галавы.

Ён памаўчаў.

– Як гэта, баста? Ану, уставай!

– Нон уставай. Нет уставай.

– Ты што – жартуеш?

– ...

– Ану, падымайся! Яшчэ трошкі і – перавал... А ўніз ногі самі пабягуць.



– ...

– Ну, ты чуеш?

– Фініта. Нон Джулія марш. Нон.

– Разумееш, нельга тут спыняцца. Акалеем. Бач, снег.

Аднак словы яго на яе не дзейнічалі! Ён бачыў, як яна знемагла, і адчуваў бяссілле свае логікі. Але як яшчэ можна было прымусіць яе ісці? Падумаўшы крыху, ён запусціў руку за пазуху, выцяг адтуль абкрышаную рэштку буханкі і, адвярнуўшыся ад ветру, вельмі ашчадна адламаў кавалачак мякіша.

– На вось хлеба. З’еш!

– Хляб?

Яна нібы страпянулася, адразу ўзняла голаў. Іван сунуў у яе рукі кавалачак, і яна, некалькі разоў укусіўшы, з’ела яго.

– Яшчэ хляб?

– Не, болей не дам.

– Малё, малё хляб. Дай хляб! – бы дзіцё, капрызна папрасіла яна.

– На перавале яшчэ дам.

Яна адразу панікла ў змрочным доле і знерухомела.

– Нон переваль.

– Які чорт нон?! – раптам вызверыўся ён, стоячы насупраць. – Ану, уставай. Ты што ўздумала? Замерзнуць? Каму ты гэтым зло зробіш? Немцам? Ці ты хочаш ім услужыць – вярнуцца ў лагер? Ага, яны там чакаюць. Пакажаш, куды Іван пайшоў! – крычаў ён, захлынаючыся ад моцных парываў ветру.

Яна, усё не мяняючы паставы, ускінула галаву.

– Нон лягер.

– Не пойдзеш у лагер? Куды ж тады ты пойдзеш?

Яна змоўчала і зноў панікла, сабралася ўся ў маленькі жывы камячок.

– Замерзнеш жа! Дзівачка! Прападзеш да ранку, – крыху памякчэўшы, сказаў ён.

Яна маўчала.

Вецер усё сыпаў снегам. Снег, праўда, быў рэдкі і дробненькі, але наваколле спакваля ўсё ж пасвятлела, шараватыя плямы скрозь прабівалі чарнату ночы, стала лепей відаць. Цела, аднак, у спакоі пачало хутка астываць і раз за разам здрыгвацца ад сцюжы.

– Ану, уставай! – Іван шкуматнуў яе за скуранку і па-армейску сурова скамандаваў: – Устаць!

Яна, памарудзіўшы, знямогла паднялася, ступіла калодкамі і паціху павалаклася за ім, каб не ўпасці, хапаючыся за камяні і аслабела хістаючыся ад парываў ветру. Іван, насупіўшыся, памалу ішоў да сцежкі. Ужо ён стаў думаць, што ўсё як-небудзь абыдзецца, што яна разыдзецца, што найгорш у такім яе стане збіцца з рытму, хоць бы і прысесці, – тады куды як трудна падняцца на ногі. Яны падышлі да сцяжыны, калі моцны парыў ветру секануў па тварах крупкай, ударыў у грудзі. Абое яны задыхнуліся, а Джулія ўпала.

Ён спачатку памкнуўся быў памагчы ёй устаць, узяў за руку, але яна не ўставала, пачала кашляць, пасля доўга аддыхвалася і ўрэшце, сеўшы ў доле, са спакойнай рашучасцю канчаткова прынятага рашэння аб’явіла:

– Джулія фініта. Аллес. Іван Тріесто. Джулія нон Тріесто. Аллес нон.

– I не падумаю.

Ён адышоўся крыху ўбок і таксама сеў на выступ скалы.

– А яшчэ гаварыла: камуністка, – папракнуў ён. – Панікёр ты.

– Джулія нон панікіор, – зазлавалася дзяўчына. – Джулія партыджано.

Іван прыкмеціў ноткі крыўды ў яе голасе і рашыў выкарыстаць іх. «Можа, гэта разварушыць яе», – падумаў хлопец.

– Панікёрша, а то хто ж ты?

– Джулія нон панікіор. Сілы малё.

– А ты цераз сілу, – пацішэўшы, сказаў ён. – Знаеш, як аднойчы на фронце было? На Остфронце. Куды ты збіралася. Акружылі нас фрыцы ў хаце. Не выйсці. Б’юць з аўтаматаў у вокны. Крычаць: «Рус, здавайся!» Ну, наш узводны Пятрэнка таксама аллес кажа. Капут. А ротны Белашэеў як закрычыць: «Стой! Не для таго нам зброю далі. Ану, – кажа, – прарывацца». Выскачылі мы ўсе разам у дзверы, як ударым з аўтаматаў і пад плот, за вуглы. I што ты думаеш: вырваліся. Пяцёра, праўда, палеглі. Белашэеў таксама. Але ж чацвёра ўратаваліся.

Джулія маўчала.

– Дык што, пайшлі?

– ...

– Ну, якога чорта маўчыш? – здрыгануўшыся ад сцюжы, пачаў ён траціць цярпенне. – Замерзнеш жа, дурніца. Варта было ўцякаць, столькі лезці пад самае неба?



Яна маўчала.

– За што тады хлопцы сябе ўзарвалі? Той бомбай. Каб хоць хто-небудзь уцалеў. А ты ўжо і скісла.

Ён скочыў, адчуваючы, што да нутра прамёрз на гэтым ветры, захадзіў па сцяжыне – на шэрым посыпе адбіліся цьмяныя сляды яго босых ног. Добра яшчэ, што не было марозу, але пад ранак, мусіць, падмарозіць, і тады яны тут прападуць. Іван рашуча спыніўся ля Джуліі.

– Дык не пойдзеш?

– Но, Іван.

– Ну, як хочаш. Прападай, – са знарочыстай абыякавасцю сказаў ён і змрочна патрабаваў: – Давай клумпес!

Яна слаба заварушылася, выняла з калодак ступні і ад сцюжы паставіла іх адна на адну. Ён адразу насунуў на свае акалелыя ногі гэты несамавіты абутак, у якім яшчэ таілася яе цяпло.

– Скідай і тужурку.

Яна паслухмяна зняла і скуранку. Ён рашуча напяў яе на свае шыракаватыя плечы, захінуўся. Адразу стала цяплей.

Робячы гэта, ён адчуваў, што між імі назаўжды нешта рушыцца, што нельга так ставіцца да жанчыны, але ў яго цяпер прарвалася злосць да яе. Здавалася, што яна ў чымсьці ашукала і яго, заўпарцілася, і таму Івану міжвольна карцела пакараць яе.

Лаючыся ў думках, ён, аднак, адчуў штосьці ніякаватае ў душы. Расставанне гэта нечакана аказалася да недарэчнасці няёмкім, і ён стараўся заглушыць гэтую няёмкасць злосцю.

Толькі ўсё ж дзяўчына ў чымсь мела рацыю, у чымсь быў несправядлівы ён. Хлопец адчуваў гэта, і злосці ў яго не хапала.

Надзеўшы тужурку, ён ступіў два крокі па сцежцы і павярнуўся да яе.

– Што ж, бывай!

– Чао! – сцяўшыся на камені, ціха і зусім абыякава сказала яна.

Гэтае слова адразу нагадала яму іх сустрэчу ўчора і той радасны бляск у яе такіх зіхатлівых вачах, які здзівіў яго ў лесе, і яе безразважную смеласць пад носам у немцаў, і поўныя ўлюбёнасці і нейкай шматзначнасці позіркі ў дарозе. Івану стала зусім нядобра. Гэта былі не жаль і не спачуванне – нешта зашчымела ў ягоным сумленні, хоць ён ні ў чым не мог папракнуць сябе, як нічым не быў абавязаны ёй. «Не, не, – сказаў ён сабе, глушачы тую шчымлівасць. – Так лепей». Аднаму зручней, гэта ён ведаў з самага пачатку. Яму не трэба было звязвацца з ёю. Цяпер у яго калодкі на нагах, на плячах тужурка, крыху хлеба – на аднаго гэтага хопіць даўжэй, ён будзе яго эканоміць – па сто грамаў на дзень. Адзін ён выцерпіць усё, пяройдзе хрыбет, ён не можа не перайсці, калі б нават давялося лезці па пояс у снезе, – яму трэба ў Трыест, да партызан. Навошта было звязвацца з гэтай дзеўкай? Хто яна яму?

Ён таропка ўзбег на круцізну, быццам уцякаючы ад думак аб ёй, пакінутай унізе, але ўсё не могучы адолець прыкрасці сваіх адчуванняў. Нешта падспуднае ў душы жыло іншаю логікай, ногі неўзабаве замарудзілі крок, ён азірнуўся, раз, другі – яна ледзьве прыкметнаю плямкай усё сядзела на схіле, і яе пакорлівая бездапаможнасць перад яўнай пагібеллю раптам зрушыла, скрышыла ўвесь нядаўні ягоны намер. Іван, сам таго не жадаючы, павярнуўся і, заляскаўшы па сцяжыне калодкамі, пабег уніз.

Джулія, учуўшы яго паблізу, здрыганулася і спалохана ўскінула галаву.

– Іван?

– Я.


Яна, відаць, нешта западозрыла і насцярожылася.

– Почему?..

Ён, не адказваючы, скінуў тужурку.

– На. Надзявай.

Усё не ўстаючы з месца, яна хуценька захінулася ў тужурку; ён, намагаючы, прытрымліваў рукавы і, калі яна ўправілася, тузануў дзяўчыну за локаць.

– Ідзі сюды.

Яна ўпарта адхіснулася, вырвала локаць і застыла, як бы баючыся яго рук. З-пад броваў строга зірнула ў яго твар.

– Ідзі сюды.

– Но.

– Ат, нон мне яшчэ...



Ён адным рыўком упоперак абхапіў яе дрыготкае тоненькае цела, ускінуў на плячо. Яна рванулася, затрапятала, як рыба, забілася ў яго руках, нешта загаманіла, а ён, не зважаючы на гэта, закінуў яе за спіну і ўхапіў пад калені рукамі. Яна раптам перастала біцца, заціхла, каб не ўпасці, таропка ашчаперыла яго за шыю, і ён адчуў на шчацэ яе цёплае дыханне і пякучую кроплю, якая заказытала-пакацілася па шыі за ягоны каўнер.

– Ну, ладна. Ладна... Як-небудзь...

Яна, сцішыўшыся, прыціснулася да яго шырокай спіны і задыхнулася. Ён і сам задыхнуўся, але не ад ветру – ад нечага незнаёмага, уладарна-лагоднага, вялікага і надзіва бездапаможнага адначасна, што захліснула яго. Нядаўні намер пакінуць яе цяпер аж спалохаў яго, і хлопец, цяжка загрукаўшы калодкамі, рушыў угору.

13
Снег ужо густа абсыпаў голы камяністы дол. Калодкі слізгалі па сцежцы; і на крутых мясцінах, каб не зваліцца з ношаю, Іван стараўся ісці бокам, як лыжнік, падымаючыся на схіл. Спачатку ён не адчуваў цяжару яе маленькага цела, трохі падтрымліваў яго пад калені і, угнуўшыся, з незразумелым запалам лез угору. Але неўзабаве ён адчуў, што трэба спыніцца, выпрастацца, уздыхнуць, – грудзям вельмі не хапала паветра. Праўда, ён угрэўся. Разгарачанаму целу ніпачым стаў зусім азвярэлы вышынны вецер, унутры таксама ўсё гарэла, гаркота ад стомы раздзірала лёгкія.

Мусіць, перавал быў ужо блізка, бо пад’ём патроху выраўноўваўся. Сцяжына лезла ўжо без крывуляк па голым, дужа заснежаным скалістым узлобку, справа высілася нешта стракатае – пэўна, шэрая грамада той, меншай вышыні. Значыць, яны дабіраліся да седлавіны. Вецер, аднак, аж шалеў ад лютасці, навокал, бы ў нябачнай гіганцкай трубе, гуло, стагнала, звінела, хоць звінела, магчыма, у вушах. Мароз, напэўна, тут памацнеў, ад сцюжы болей за ўсё дапякала рукам і каленям.

Добра яшчэ, што не было макрэдзі, крупчасты снег не асядаў на вопратцы; вецер балюча сек ім па тварах і з вялізнаю хуткасцю нёсся далей. Горы гулі і стагаалі.

Трэба было адпачыць, але Іван адчуваў, што калі ўпадзе ў снег, то, напэўна, болей ужо не ўстане. I ён валок Джулію так гадзіну ці болей, маленькімі крокамі патроху ўзнімаючыся па пятлястай сцяжыне. Джулія ўвесь час моўчкі тулілася да яго, палыды яе на ягоных грудзях часам уздрыгвалі – ён добра адчуваў гэтыя рукі таксама, як і ўсё яе цела, ягоную цеплыню на спіне. I, дзіўная рэч, не зважаючы на стому, на нядаўнюю сварку і сваю злосць, яму было добра. Каб толькі болей сілы, ён згодны быў бы несці яе так, прытуленую і пакорную, далёка-далёка.

Калі ўжо сталі падкошвацца ногі і хлопец спалохаўся, што ўпадзе, побач з снегавой мітуслівай шэрані выплыў нейкі чорны скальны абломак. Іван адразу збочыў са сцежкі і, коўзаючыся калодкамі на камянях, скіраваў да яго. Джулія маўчала, цесна тулілася шчакой да яго шыі. Ля каменя Іван павярнуўся і прысланіў да яго дзяўчыну. Рукі яе пад яго падбародкам разняліся, плечы адчулі сябе вальней, і толькі тады ён зразумеў, якая яна ўсё ж цяжкая.

– Ну, як ты? Замерзла?

– Но, но.

– А ногі?

– Да, – ціха сказала яна. – Нёгі да.

Прытым яна выглядала неяк надзвычай для свайго характару прыціхлай, нібы вінаватай перад ім у чымсьці. Ён адчуваў гэта, і яму хацелася нейкай дабратою, ласкаю супакоіць яе. Толькі вось лагоднасць дужа не ішла з ягонай душы, бы засохла там, і знешне ў адносінах да дзяўчыны ён па-ранейшаму быў дужа стрыманы.

Не паварочваючыся да яе тварам, ён намацаў рукамі яе ногі – яны былі дужа азызлыя, нібы падпухлыя, і дужа сцюдзёныя, сцюдзянейшыя за яго пальцы. Ад ягонага дотыку яна ціха войкнула і тузанула іх да сябе.

– Э, так нельга, давай сюды.

Яна, відаць, не зразумела, а ён крыху зручней пасадзіў яе на скале і сабраў з долу прыгаршчы снежнай крупкі.

– Ану, давай патрэм...

– Но, но!

– Давай, чаго там «но», – нязлосна, але настойліва сказаў ён, згроб адну нагу, зашчаміў яе між сваіх калень, як гэта робяць кавалі, падкоўваючы коней, і стаў церці снегам.

Джулія завойкала, заенчыла, тузанулася, – ён засмяяўся.

– Ну, што ты? Шчыкотна?

– Болна. Болна.

– Пацярпі трошкі. Я ціха.

Стараючыся як мага ашчадней, ён трохі адцёр адну яе маленькую, нібы дзіцячую, ступню, потым узяўся за другую. Спярша дзяўчына стагнала, войкала, але ўрэшце прыціхла.

– Ну як, цёпла? – запытаў ён, выпростваючыся.

– Тепло, тепло. Спасібо.

– На здароўе.

Яна ўхутала ногі поламі скуранкі, а ён, на хвіліну прысланіўшыся спіною да настылага каменя, утаймаваў крыху дыханне. Але ў спакоі адразу стала холадна, вецер лёгка пранізваў яго тоненькую куртку, якая зусім не трымала цяпла.

– Хлеба хочаш? – запытаў ён, успомніўшы іх ранейшую размову ўнізе.

– Но, – адразу ж адказала яна. – Джулія но хляб. Іван эссен хляб.

– Так? Тады паберажом. Спатрэбіцца, – сказаў Іван.

Адчуваючы, што мерзне, ён з вялікім намаганнем прымусіў сябе ўстаць і падставіў спіну дзяўчыне.

– Ну, бярыся.

Яна моўчкі, але з гатоўнасцю абхапіла яго за шыю, прытулілася, і яму адразу стала цяплей.

– Іван, – ціха праз вецер сказала яна, дыхнуўшы цяплом у ягонае вуха. – Ті вундэршон1!

– Які там вундэршон!

Аднак яна, відаць, трохі асвойталася ў яго на спіне, вярнула сваю настойлівасць, асмялела, адчуўшы яго добрасць да сябе, і пытала:

– Руссо аллес, аллес вундэршон? Да?

– Да, да, – згаджаўся ён, бо размаўляць аб сабе не прывык, да таго ж сцежка, здавалася, вось-вось гатова выраўняцца, ішлі апошнія метры пад’ёму, і ён хацеў адолець іх як мага хутчэй.

– Правда, Іван хотель пугат Джулія? Да? Іван но бросат?

Ён ніякавата ўсміхнуўся ў цемры і з упэўненасцю, у якую гатовы быў сам паверыць, сказаў:

– Ну, ведама ж...

– Тяжело, да?

– Не, што ты! Як парушынка.

– Что ето – парюшынка?

– Ну, пушок. Такая маленькая, маленькая пушынка.

– Ето малё, малё?

– Ну.

Ён ішоў па сцяжыне, якая добра значылася сярод прысыпанай снегам шэрасці. Ягоную шыю невымоўна лагодна казытала ззаду яе цеплаватае дыханне. Гнуткія тоненькія пальцы яе раптам пагладзілі яго па грудзях, і ён аж здрыгануўся ад гэтай нечаканай пяшчоты.



– Ты научіть меня говоріть свой язік?

– Беларускі?

– Я.

Ён засмяяўся: такім незвычайным тут здалося яму гэтае пытанне.



– Абавязкова, – сказаў ён жартоўна. – Вось прыйдзем у Трыест і пачнём...

Гэтая жартоўная думка раптам узняла ў ім цэлы рой незвычайных, радасных адчуванняў. Няўжо і сапраўды ім пашанцуе дабрацца ў Трыест, да партызан? Калі б гэта здарылася, яны б не рассталіся – яны пайшлі б у адзін атрад, яна стала б для яго роднаю і блізкаю. Як гэта важна на чужыне – родны, свой чалавек побач. Ён толькі цяпер стаў адчуваць яе ласкавую прыхільнасць да яго, і яна не здалася яму нежаданай або залішняй. Ён адчуў, як знябыўся за вайну ў адзіноце, – салдацкае таварыства было ўсё ж з інакшае катэгорыі адносін. Між імі нарадзілася нешта сястрынскае, нават мацярынскае, тут не трэба было ні слоў, ні ўчынкаў – адно толькі пачуццё блізкай суладнасці напаўняла яго шчаслівасцю.

Яны ўвайшлі ў седлавіну. Схілы вяршынь ужо высіліся па абодва бакі, сцежка трохі паднялася яшчэ і скіравалася ўніз. У шэрай начной цемені, мільгаючы, сыпаў рэдкі дробненькі сняжок.

– Пераваль? – страпянулася на спіне Джулія.

– Перавал, ага.

– О мадонна!

– Ну, а ты казала: капут. Бач, дайшлі.

Ён спыніўся, нагнуўся, каб паддаць яе вышэй, але яна рванулася з яго спіны.

– Джулія сам. Граціе, данке, спасібо...

– Куды ты босая? Сядзі!

– Но сіді. Іван усталь.

– Ладна. З гары лёгка.

Ён не пусціў яе ногі, і яна зноў ашчаперыла яго шыю, мацней прыпала шчакой да яго няголенай, шорсткай сківіцы і пальцамі памацала такі ж шорсткі падбародак,

– О, річчо! Еж! Колуча.

– У Трыесце паголімся.

– Тріесте... Тріесте... Партіджяно Тріесте... Іван, Джулія тэдэскі тр-р-р-р! Фашісто сволоч! – казала яна, і ён з прыцьмелаю ўсмешкай слухаў, старанна выбіраючы дарогу.

Аднак ісці ўніз было ненамнога лягчэй, чым угору. Калодкі часта слізгалі, ад пастаяннага напружання хутка пачалі ныць калені; грудзям, праўда, стала вальней. Ногі самі неслі ўніз, і хаду трэба было замаруджваць, на гэта ішло нямала сілы. I Іван рашыў не стрымлівацца. Дзе хуткім крокам, а дзе і подбегам ён шпарка сігаў па сцяжыне, сям-там прыпыняючыся, і Джулія на яго спіне аж палохалася.

– Ой-ой, Іван!

– Нічога. Трымайся.

– Ой! Ой!!

Вецер тут, аднак, чамусьці стаў меншы, угары і навокал быццам пацішэла, ад таго, напэўна, здалося, што і пацяплела. Куды вяла сцежка і што іх чакала наперадзе, убачыць, аднак, было нельга.

Праз нейкі час вецер яшчэ пацішэў, знікла мільганне сняжынак, дол, наколькі быў бачны, скрозь стракацеў, зацярушаны снегам. Сцежка кідалася то ўправа, то ўлева, самыя крутыя былі ў яе павароты, адхон стаў куды меней круты, чымсьці па той бок, на пад’ёме. Іван ужо мерна і спорна ішоў, стараючыся ад стомы толькі не збіцца са сцежкі. Джулія штосьці прыціхла. Ён паспрабаваў загаварыць з ёю, але яна не адказала, і ён здагадаўся: спіць.

Неўпрыцям задрамаўшы ў яго на спіне, яна мерна пасапвала ніжэй вуха, рукі яе далікатна і чуйна ляжалі на ягоных плячах; скуранка на ёй, мусіць, расхінулася, і спіною адчуў ён мяккае цяпло яе маленькіх грудзей. Як на злосць, у ягоную калодку недзе трапіў каменьчык. Хлопец, не згінаючыся, усяляк круціў нагою, каб як не наступаць на яго або вытрасці, але каменьчык упарта не хацеў выкідацца з калодкі. Гэта было амаль што пакутна, і ўсё ж Іван не стаў будзіць яе – пакрочыў марудней і так доўга-доўга ішоў усё ўніз. Здаецца, ён нават і сам прыдрамнуў на хаду, бо раптам перастаў усведамляць, дзе яны і хто ў яго за спіной. Але гэта, мусіць, ад стомы і толькі на кароценькае імгненне. Тут жа ён пачуў яе ўздых і супакоіўся. Наўкола ляжала шэрая ноч з плямамі падталага снегу ў доле. Аднекуль знізу патыхнула сырасцю, часам у нос шыбала смаляным водарам хвойных лясоў, побач недзе шумеў вадапад – напэўна, там была цясніна.

Пад ранак неўпрыцям для сябе ён спусціўся ў зону лугоў.

Снежныя плямы ў доле неяк незаўважна зніклі, было такое ўражанне, быццам расталі. Сціх вецер, пацяплела, толькі прыбыло сырасці ў паветры; наўкола па камянях памалу паўзло кудысь змрочнае клочча туману. Яшчэ ніжэй запахла травой, кветкамі, сырою прэласцю лесу, і ён зразумеў, што самае цяжкае засталося ззаду. Сцежка ўжо недзе згубілася, але ісці было добра, і ён не зважаў на яе. Іван прайшоў яшчэ трохі і, калі адчуў пад нагамі сакаўную мякаць травы, падумаў, што зараз упадзе. Высокія, да калень, сцябліны тугімі бутонамі згорнутых кветак білі па ягоных галёнках. Джулія ўсё спала. Тады ён ціхенька, каб не пабудзіць дзяўчыны, укленчыў і асцярожна апусціўся на бок з ёй побач.

Яна не прачнулася.



: sh3grodno -> library
library -> У. Караткевіч каласы пад сярпом тваім
library -> В. быкаў альпійская балада
library -> Іван Мележ Людзі на балоце Раман з «Палескай хронікі»
library -> Уладзімір Караткевіч Дзікае паляванне караля Стаха
library -> Макаёнак Андрэй зацюканы апостал
library -> Кузьма Чорны Пошукі будучыні першая частка. Украдзенае маленства
library -> «Ляжаць ніжэй травы, цішэй вады»,- такі быў загад Жоржыка Цыгана
library -> Тэмы вусных выказванняў 9-11 класы білет №1
library -> Янка Брыль Memento mori Апавяданне
library -> Уладзімір Караткевіч Кніганошы


1   2   3   4   5   6   7   8   9


База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка