В. быкаў альпійская балада

старонка7/9
Дата канвертавання15.12.2016
Памер4.99 Mb.
1   2   3   4   5   6   7   8   9

17
Яны спусціліся па схіле ад верхняй мяжы лугу да яго сярэдзіны. Тут мак трохі пачаў расступацца, даючы месца настырнаму багаццю іншых кветак. Сям-там сінелі лапікі буйных духмяных незабудак, калыхаліся на ветры званочкі, ад густога водару жоўтай азаліі п’янела ў галаве. Мясцінамі ў кветкавых чашчобах трапляліся жарсцвяныя плешыны, тырчалі з травы шэрыя камяні, каля іх заўжды было многа калючага шчэбеню, ён шкодзіў ступням. Іван таму пачаў асцярожней выбіраць шлях, углядаючыся ў дол. Аднойчы перад яго тварам у траве бліснула чырвоная кропелька. Ён сагнуўся. Між зубчастых лісточкаў ірдзела некалькі налітых сокам буйных сунічын. Толькі ён сарваў іх, як перад вачыма замільгалі яшчэ чырвоныя зорачкі. Тады ён паклаў скуранку, прысеў; Джулія таксама з радасным воклічам кінулася ў дол.

Ягад было шмат – буйных, сакоўных, амаль скрозь спелых. Іван і Джулія пачалі поўзаць і есці, есці іх прагна, прыгаршчамі, забыўшыся на час і асцярогу. Мінула, напэўна, шмат часу, сонца пасунулася на другі бок неба і моцна высвечвала даліну з пералескамі і парэзаны крывулякамі расселін Мядзведжы хрыбет.

Абліваючыся потам, Іван усё поўзаў па траве на каленях, калі пачуў ззаду крокі Джуліі. Хлопец азірнуўся, павярнуўся і, выціраючы з ілба пот, сеў. Тоячы ў зыркастых вачах лагодную ўсмешку, дзяўчына хуценька падышла да яго, апусцілася на калені і разгарнула ражок свае курткі. На густа запэцканай сунічным сокам паласатай пале чырванела рассыпістая кучка ягад.

– Бітте, руссо Іван, – манерна прапанавала яна.

– Ну, навошта? Я ўжо наеўся!

– Но, но аевся! Эссен!

Яна зачэрпнула рукой ягад і ледзьве не сілком прымусіла яго з’есці. Потым з’ела трохі сама і зноў паднесла жменю да ягонага рота. Ягады з яе рук мелі чамусьці зусім інакшы смак, чым з’едзеныя па адной, ён выбраў іх вуснамі з жмені і жартоўна казытнуў зубамі яе цёплую духмяную далонь.

Джулія гарэзна пагразілася:

– Нон, нон!

Так яны даелі ўвесь гэты яе ягадны прыпас, і ён узяў пакінутую непадалёк у маку скуранку.

– Айда?

– Айда! – зухавата згадзілася яна.

Задаволеныя і неяк пабліжэлыя адно да аднаго, яны зноў пайшлі ўніз. Джулія даверліва паклала руку на яго плячо.

– Суніцы, гэта добра, – сказаў ён, парушаючы сцішаную, добрую, але трошкі чамусьці няёмкую маўклівасць. – Я да вайны не адно лета імі харчаваўся.

– О, руссо веджітаріані? – здзівілася яна. – Джулія нон веджітаріані. Джулія любіт біфтекс, спагетті, амлет.

– Макароны яшчэ, – дадаў ён, і абое яны засмяяліся.

– Сі, сі, макароні, – пацвердзіла яна і трошкі задзірыста падражніла: – А руссо суніці!

– Часам бывала... Што ж зробіш... Калі не ўродзіць – прагаладаешся, – нявесела пагадзіўся Іван.

Джулія здзіўлена зірнула на яго.

– Почему голядаешься? Русланд как голядаешься? Русланд само богато. Правда?

– Праўда. Усё праўда.

– Почему голяд? Говорі! – настойвала яна, пэўна ўстрывожыўшыся ад тых яго слоў.

Ён памаўчаў, ступаючы па траве і нерашуча згадваючы, ці варта гаварыць ёй аб тым. Але ён спазнаў ужо прыхільную лагоднасць яе душы, да якой міжвольна памкнуўся і сам, і ў ім абудзілася даўно ўжо не адчуваная патрэба ў шчырасці.

– У трыццаць трэцім, напрыклад, пагаладалі, бо засуха.

– Вас засуха?

– Якая засуха?.. – Ён сагнуўся і скубануў з долу жменю травы. – Во, калі сонца спячэ ўсё. I трава згарыць. Праз голад і бацька памёр.

Яна здзівілася, аж стала, строгі яе твар спахмурнеў – выпрабавальна-падазроным позіркам яна глядзела на Івана. Але не сказала нічога, толькі выпусціла яго руку і чамусьці адразу зацялася ў сабе. Ён, засмучаны невясёлым успамінам, ціха пайшоў далей.

Так, былі цяжкія гады ў іх мясцовасці. Ратавала, звычайна, бульба, але і яе не заўсёды хапала да новай, і тады на сялянскіх сталах з’яўлялася трава З шчаўя і крапівы варылі якое сёрбава, падбавіўшы жменю мукі, пяклі траўнікі, агорклы смак іх на ўсё жыццё запомніўся Івану.

У трыццаць трэцім, калі асабліва дапякло, Іванаў бацька кінуў усё і паехаў на Украіну шукаць заробку і хлеба. Маці ўжо апухла была, малыя ледзьве хадзілі – добра яшчэ, што выручала карова ды новая бульба. Пад восень прыехаў бацька. I раней не зусім здаровы, у той час ён зусім знямог: як лёг, так і не ўстаў да Каляд. На Каляды пахавалі. Засталося чацвёра малых. Іван, самы старэйшы, мусіў выхоўваць, карміць. Ой, як нялёгка гэта далося! Усё гэта было балючаю праўдай яго жыцця. Толькі як пра яе раскажаш?

Ён задуменна ішоў, пазіраючы ў дол, дзе мільгалі ў траве шызыя яе калодкі і паціху варушыліся, плылі на хадзе два кароткія цені. Джулія пачала, аднак, адставаць, калодкі падаліся назад, ён адчуў нейкую перамену ў яе настроі, але не азірнуўся.

– I Сібірь біль? Плёхой кольхоз біль? – з яўным выклікам у раптоўна пасцюдзянелых вачах азвалася ззаду дзяўчына.

Ён спыніўся і ўважліва паглядзеў на яе.

– Хто табе сказаў?

– Одін плёхой руссо сказаль. Ті хочаш сказаль. Я зналь!..

– Я?

– Ті? Говорі!

– Нічога я не хачу. Што я табе скажу?

– Ну, говорі: Джулія но правда! Джулія ошібка!

Твар яе стаў злосны, вочы востра блішчалі, уся яе нядаўняя прыхільнасць да яго знікла, і ён напружана стараўся зразумець прычыну гэтай яе перамены, таксама як сэнс яе вельмі непрыемных пытанняў.

– Ну, говорі! Говорі!

Відаць, сапраўды яна нешта ўжо чула, можа, у лагеры, а можа, яшчэ ў Рыме. Але ён цяпер не мог пацвердзіць яе здагадак, ён ужо шкадаваў, што ўспомніў пра голад.

– Біль несправьядлівост? – упарта дапытвалася дзяўчына.

– Якая несправядлівасць? Пра што ты гаворыш?

– Невінні люді Сібірь гналь?

Ён выпрабавальна ўгледзеўся ў яе калючыя вочы і зразумеў, што трэба або сказаць праўду, або выдумляць якую адмысловую хлусню. Толькі хлусіць ён не ўмеў і, каб адразу спыніць гэтую прыкрасць між імі, няласкава кінуў:

– Як раскулачвалі – гналі.

Джулія пакутна закусіла вусны.

– Нон правда! – раптам крыкнула яна і нібы ўдарыла яго позіркам – столькі ў яе вачах было болю, крыўды і самае непрыкрытай варожасці.

– Нон правда! Нон! Іван – Влясов!

Яна раптам голасна хліпнула, затуліла далонямі твар. Іван, здрыгануўшыся сэрцам, памкнуўся быў да дзяўчыны, але яна спыніла яго катэгарычным разгневаным «нон!» і пабегла па схіле. Ён стаяў, не ведаючы, што рабіць, і толькі разгублена глядзеў ёй услед. Думкі яго раптам зблыталіся, хлопец адчуў, што сталася кепскае, але як і што паправіць, не ведаў.

Джулія дабегла да жарсцвянае, без кветак, выспы, села і, скурчыўшыся, падцяла калені. На яго нават і не зірнула ні разу.

– Ну і ну! Власаў! – збянтэжана сказаў сабе Іван і, уздыхнуўшы, затаптаўся ў траве.

Здалося, ён сапраўды нарабіў кепскага, недарэчна гэтак парушыў трудна наладжаную і патрэбную ўжо яму чалавечую прыхільнасць яе. Ад усведамлення таго ўсё ў ім заныла, разам асела нядаўняя ціхая радасць, і на душы стала вельмі адзінока.

Ну, ведама ж, яна нешта ўжо чула з таго, што рабілася ў ягонай краіне ў перадваенныя гады, можа, зусім і не так, як гэта было на самай справе. Толькі як растлумачыць усё, каб яна зразумела? Ён ніколі ў жыцці не расказваў нічога пра тыя страшныя гады нават свайму чалавеку, не тое што чужаземцу. Так было лепей. Зноў жа, свае не горш за яго ведалі ўсё, нікога такія навіны не маглі здзівіць. Праўда, у палоне часам здаралася, што хлопцы заводзілі размовы аб мінулым, але перад людзьмі з другіх краін адно толькі хваліліся хараством прыроды, выгодамі свайго дабрабыту. Гэта было зразумела: каму не карціць выглядаць лепей, чым ёсць на самай справе, каму не баліць душа за сваё, роднае? Але Іван у такіх размовах звычайна маўчаў: хваліцца ён не ўмеў, а капацца ў тым трудным, што адбывалася некалі ў краіне, проста не хацеў, сам яшчэ шмат чаго не разумеючы.

Перакідваючы з пляча на плячо скуранку, хлопец таптаўся ў траве; патыліцу і плечы моцна пякло сонца, а ён, колькі ні думаў, усё не мог зразумець, што паміж імі сталася і ў чым тут яго віна. Вядома, пра голад лепей бы прамаўчаць, а наконт яе нядобрых здагадак, дык, мусіць, трэба было б настойлівей паспрабаваць пераканаць дзяўчыну ў справядлівасці нашага жыцця. Хоць і вельмі гэта няпроста было растлумачыць ёй, якая барацьба ішла ў той час на яго зямлі, але, мусіць, трэба было б паспрабаваць тое. Інакш дужа ўжо крыўдна губляць яе давер і павагу да яго. Можа, не грэх было б дзе і схлусіць, толькі... Толькі невыразна яшчэ адчуваў Іван, што справа была тут не ў ім, – за ягонай спіной стаяла нешта вельмі агромністае, усялякае круцельства перад якім выглядала агідай.

Ну, але вось чакай цяпер, хто ведае чаго... Можна было сабе ўявіць, як прыняла б Джулія і яго праўду, выкладзеную па шчырасці, – ці магла яна зразумець усю складанасць таго, што некалі прынесла столькі пакутных перажыванняў яму самому.

Але хай! Няўжо ён з усімі яго яшчэ нямногімі, але сумленна пражытымі гадамі і ўсёй яго верай і шчырасцю можа страціць нешта ў вачах гэтага чалавека з Захаду толькі з-за цяжкіх часін ягонага жыцця? Няўжо прыгожая, на заходні манер загорнутая ў цэлафан мана даражэй за хоць бы і горкую праўду? Не! Калі ў гэтай дзяўчыны чуйнае сэрца, яна зразумее яго і як трэба паставіцца да яго самога, таксама як і да яго вартага павагі народа. Гэта Іван усвядоміў з выразнай упэўненасцю, і яму стала лягчэй і спакайней – нібы штосьці ўжо вырашылася і засталося толькі дачакацца вынікаў.

18
Але дачакацца іх у хлопца не хапіла цярпення.

Джулія, адвярнуўшыся ад яго, крыўдліва сядзела воддаль ды раздумна калупалася ў доле, ён, разважыўшы, узяў скуранку і паціху пайшоў да яе. Яна пачула ягоныя крокі, скаланулася, кінула на яго гняўлівы позірк, затым хуценька падхапілася і пабегла далей. Ён нетаропка ўзышоў на выспу і спыніўся. Трэба было чакаць, а можа, і ісці – ён проста не ведаў, што рабіць. Яна адбеглася на лузе і, не азіраючыся, схавалася за вялізным каменем, што грувастка тырчаў з травы.

Тады ён кінуў у дол скуранку і ніцма лёг на яе, адчуўшы ў сабе рашучасць чакаць, пабачыць, што будзе далей.

Стала горача. Ад нагрэтай сонцам цвёрдай вапняковай выспы, парослай жорсткай, як свінуха, травой, патыхала сухім пыльным жарам – зусім як ад напаленай печы. Потнай гарачынёй заходзіліся голыя Іванавы плечы, спіна; наўкола ў лугавой траве мільгала і пырхала рознакаляровая лятучая драбнота. Іван пазіраў на камень, за якім схавалася Джулія, тая, аднак, не паказвалася. Ад стомы, гарачыні ды няпэўнасці чакання хлопцу пачала дакучаць дрымота. Мусіць, ад ягад або ад спёкі адчуванне голаду зменшылася, затое захацелася піць. «От жа яшчэ не было клопату...» – думаў Іван. Трэба б ісці, як найхутчэй дабірацца да вельмі і вельмі, як ён адчуваў, нялёгкага снежнага хрыбта, знайсці там які пераход, прыдбаць харчу, а тут вось ляжы і чакай. Сапраўды, куды як недарэчна павярнулася ўсё ў гэтым яго даволі ўдалым спачатку ўцёку. Каб не даць дрымоце адолець сябе, ён пачаў дзёўбаць каменным чарапком дол. Аднекуль з травы перад яго тварам з’явіўся вялікі, чорны, з аграмаднымі клюшнямі жук. Пэўна здзіўлены нечаканай сустрэчай, спыніўся, выставіў свае рачыныя вочы і чакаў, грозна варушачы доўгімі гнуткімі вусамі. Іван толькі дакрануўся да яго пальцам, як жук адразу выпрастаў усе свае шэсць ног і апруцянеў. Іван занёс руку, каб пстрыкнуць прэч не дужа прыемнае гэтае стварэнне, як раптам учуў ззаду крокі. Ён крутнуўся ў доле так пругка, што чалавек, пэўна, ад нечаканасці, голасна ікнуў і адначасова з незвычайным спрытам скочыў убок. Падышоў ён ужо зусім блізка і цяпер насцярожана стаяў у траве, уставіўшыся ў Івана нялюдскімі вачыма. Гэта быў усё той жа немец-вар’ят.

– Прывет! – іранічна ўсміхнуўшыся, сказаў Іван. – Жывём, значыць?

Іван нават здзівіўся, ніяк не чакаючы ўбачыць яго тут, такога ж здзічэлага, загнанага, счарнелага ад поту і бруду, з амаль нялюдскім выразам на ссохлым твары, у незашпіленай куртцы і парваных у шматкі штанах. Да таго ж немец кульгаў, ледзьве ступаючы на адну нагу. Але глядзі ты – прывалокся, пры такім яго стане проста зайздроснай была яго ўпартасць, – як здань, ён неадступна цягнуўся за імі, невядома на што разлічваючы.

– Брот! – ціха, але з прыкметнай пакорлівай роспаччу ў голасе сказаў немец.

– Зноў брот? – злосна здзівіўся Іван. – Ты што – на ўтрыманні ў нас?

Вар’ят зрабіў некалькі нерашучых крокаў да Івана:

– Брот!

– Ты ж збіраўся ў гестапа. Да свайго Гітлера.

– Нікс Птлера. Гітлер капут.

– Капут? Даўно б так.

Наўрад ці разумеючы яго, вар’ят, растапырыўшы кастлявыя рукі, цярпліва і насцярожана чакаў.

Іван запусціў руку ў скуранку і, не вымаючы адтуль буханкі, адламаў маленькі кавалак скарынкі. Убачыўшы яе ў Іванавых руках, немец ажывіўся, вочы яго заблішчалі, дрыготкія кісці рук у кароткіх абадраных рукавах пацягнуліся наперад.

– Брот! Брот!

– Трымай. I правальвай адсюль.

Іван шпурнуў хлеб немцу, але той не злавіў яго, кінуўся на зямлю, аберуч згроб скарынку разам з травой і пяском і ўскочыў. Затым, боязна азіраючыся, бокам падаўся ўніз па схіле, відаць, чакаючы і баючыся пагоні.

«Можа, адчэпіцца цяпер», – падумаў Іван. Тое, што гэты гефтлінг апярэдзіў іх, было бяспечней, чым калі б ён увесь час ішоў ззаду. Іван задуменным позіркам праводзіў яго, пакуль той не схаваўся ў лагчыне, і зноў лёг на скуранку.

Учарашняя яго злосць да гэтага чалавека знікла, хоць ён не адчуваў да яго і спагады, – вельмі яшчэ свежыя былі ў ягонай душы боль страт і памяць аб людзях, якіх загубілі суайчыннікі гэтага немца. Праўда, той мог быць і антыфашыстам па перакананні, толькі, вядома, чаго варта перакананне, якое так дарэшты спляжылася. Але болей падобна на тое, што гэта які-небудзь выбраковак з іх звярынага ладу, якому проста не пашэнціла ў іх нялюдскай службе. У канцлагеры былі і такія. Вось хоць бы і за ягоныя ўцёкі і за выбух бомбы іх камандафюрэра (калі толькі той ачуняе), пэўна, па галаве не пагладзяць – могуць таксама кінуць за дрот на месца тых, каго не асіліў упільнаваць сам. Хоць яго, напэўна, паставяць капо і таксама надзеляць уладай знішчаць. (Вось табе і гефтлінг!) I як быў ён сабакам у адносінах да людзей, так ім і застанецца, хіба што ягоная нянавісць да зняволеных з прычыны асабістай няўдачы яшчэ пабольшае. Яшчэ ён наробіць людзям бяды.

Фашысты многага дасягнулі ў сваім энтмэншунгу – самай подлай з усіх чорных спраў на зямлі. I калі іх жывёльную жорсткасць да ворагаў яшчэ можна было зразумець, дык іх бязлітаснасць да сваіх, якія не дагадзілі ў чым-небудзь начальству, проста здзіўляла. Страх пакарання стаў іхнім галоўным вызначальнікам ва ўсім: усе жылі пад пагрозай спагнання, пакарання, разжалавання, адпраўкі на фронт, рэпрэсій да родзічаў. I таму, мабыць, так лютавалі, помсцілі за гэты свой страх слабейшым – каму гэта было дазволена – палонным, зняволеным у канцлагерах, яўрэям. Дзіўна было, як пры ўсім тым на фронце немцы ўсё ж ваявалі ўпарта. Можа, таму, што страх пакарання там набываў двайны сэнс і выбар быў невялікі: або ваенна-палявы суд, або савецкая куля – таму і даводзілася трымацца. Хаця прырода гераічнага вельмі складаная, Іван не любіў разважаць аб ёй, тым больш што не лічыў сябе ні героем, ні нават смелым. Каб быў герой, не даў бы сябе ўзяць у палон, што-небудзь зрабіў бы ў той самы рашучы момант, які вызначыў, пэўна, навек і будучае яго і мінулае. Пэўна, трэба было прыкончыць сябе, і ўсё... На момант у ягонай памяці мільгануў той дзень і той нажавы, падкопчаны стрэламі штык, які ён убачыў над сабой, крутнуўшыся з-пад танка. Штык і бот з брызентавым вушкам у шырокай халяве ды доўгім тронкам гранаты.

Зашчацінены, страшны ад пылу немец нешта крычаў, але ён не чуў, бо побач грымеў танк, ды і наогул ён, мусіць, аглух ад грымотаў бою і на кароценькую секунду страціў адчуванне. I тая секунда затым дорага каштавала яму, сляды ад яе ў душы і на целе застануцца, пэўна, навек.

Ён не быў у палку ні героем, ні нават прыкметна смелым – быў як і ўсе: па-пехацінску цягавіты і ў меру засяроджаны. За ранейшыя баі атрымаў тры падзякі Вярхоўнага ды два медалі «За адвагу» і думаў, што на большае і не здатны. I толькі вось тут, у палоне, дзе некаму было ні натхняць на салдацкія подзвігі, ні ўзнагароджваць, ні нават браць пад увагу геройскае, дзе за кожную маленькую правіннасць можна было заплаціць жыццём, – тут у ім хтось абудзіўся, непакорны, дзёрзкі і ўпарты. Тут ён убачыў падыспад фашызму і, мабыць, упершыню зразумеў, што пагібель – не самае горшае з усяго, што можа здарыцца на вайне.

– Отдаль хляб? – раптам раздаўся над ім голас Джуліі.

Ён унутрана здрыгануўся ад неспадзеўкі, але тое, што яна падышла, пранізала яго радасцю, і хлопец хуценька павярнуўся на доле.

– Отдаль хляб? – з зацятай устрывожанасцю на твары пыталася Джулія. – Мі нон Тріесто? Аллес фініта? Да?

– Ну, што ты! – сказаў ён і ўсміхнуўся. – Толькі скарынку аддаў.

Яна нахмурыла лоб і пільна глядзела на яго. Тады ён дастаў з кішэні апошні кавалак.

– Во, толькі скарынку, разумееш?

Пераадольваючы штосьці ў сабе, Джулія прамаўчала. Лоб яе, аднак, паступова разгладжваўся.

– Мі ідет Тріесто? Правда? Но?

– Пойдзем, канечне. Адкуль ты ўзяла, што не пойдзем?

На яе твары ўсё яшчэ адбівалася нешта труднае. Дзяўчына, цярэбячы на грудзях куртку, відаць, нешта вырашала і раптам кінулася да яго на дол. Паставіўшы калені, яна абляглася на іх рукамі і схавала ў рукавы твар.

– Руссо! Ты карошы руссо, – загаманіла яна і адной сваёй рукой паціснула яго руку. – Нон Влясов. Буно руссо. Джулія плохо.

– Ну, нашто так? – з раптоўнай няёмкасцю ад тых слоў запярэчыў Іван. – Нашто? Не трэба...

– Очен, очен, – не слухаючы яго, казала яна. Відаць, штосьці ў яе, раптам выбухнуўшы, памалу адбалела за пакутную гадзіну іх ростані, нешта яна зразумела і цяпер папрасіла: – Іван нон бёзе Джулія... Нон бёзе?

– Нічога, усё добра.

Седзячы ў доле, ён ашчадна ўзяў у свае рукі яе маленькую мяккую далоньку. Дзяўчына не адабрала яе.

– Нон бёзе Іван, – сказала яна і зірнула ў ягоныя вочы. – Нон бёзе Джулія. Іван знат правда. Джулія нон знат правда.

– Ладна, ладна... Ты гэта во што...

– Джулія очен, очен уважат Іван, любіт Іван, – сказала яна.

Ягоныя рукі з яе далонькай у іх ледзьве прыкметна ўздрыгнулі.

– Ты... піць не хочаш? Вады, га?

– Вода? Аква?

– Ага, вады, – узрадаваўся ён. – Вунь там, здаецца, ручай. Айда?

Ён хуценька ўскочыў, яна таксама ўзнялася, абхапіла яго руку вышэй локця і шчакой прыціснулася да яе. Ён другою пакратаў яе валасы, пагладзіў, яна неяк унутрана насцярожылася, і ён таропка апусціў руку. Так абое яны, зноў згодныя і прыхільныя, памалу пайшлі краем лугу.

1   2   3   4   5   6   7   8   9

База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка