В. М. Самусевіч Дамінантныя субсферы лагасферы беларускай культуры



Дата канвертавання30.06.2016
Памер143.56 Kb.
УДК 811.161.3:39
В.М.Самусевіч

Дамінантныя субсферы лагасферы беларускай культуры
У апошнія гады ў беларусістыцы з'явіўся шэраг прац, у якіх заўважаецца імкненне навукоўцаў перагледзець, пераасэнсаваць мінулае і прааналізаваць сучаснае для таго, каб у фальклоры, культурнай спадчыне знайсці вытокі беларускага менталітэту і духоўных каштоўнасцяў. Даследаванне лагасферы – маўленча-мысленчай галіны нацыянальнай культуры – на аснове этналінгвістычных крыніц ёсць ключ да разумення спецыфікі ментальнасці народа. Для вывучэння гэтага феномену асаблівую цікавасць уяўляе фразеалогія, бо ў ёй сінтэзаваны веды пра наіўную карціну свету і ўсе віды адносінаў суб’екта да яе фрагментаў. Па словах В. Тэлія, «фразеалагічны склад – гэта люстэрка, у якім лінгвакультурная супольнасць ідэнтыфікуе сваё нацыянальнае самаўсведамленне» [1, 9]. У гэтым сэнсе фразеалагізмы набліжаюцца да «своеасаблівых культурных знакаў, архетыпаў культуры» [2, 142].

На матэрыяле беларускіх этнаграфічных крыніц у артыкуле зроблена спроба апісаць карціну свету беларусаў, створаную рэсурсамі мовы ў суадносінах з сацыяпсіхалагічным складам этнасу. Намі прааналізаваны 6032 фразеалагічных адзінкі, 8325 прымавак і прыказак з мэтай вызначэння ключавых канцэптаў лагасферы. Вызначаныя частотна-статыстычным метадам лексемы выразна паказваюць на праявы этнапсіхалагічнага складу беларусаў, характарызуюць іх маўленча-мысленчую дзейнасць. Пры аналізе быў улічаны і ўнутрымоўны рэсурс культурнай інтэрпрэтацыі фразеалагізмаў, прымавак, прыказак – вобразны змест, які служыць «падказкай для культурна-нацыянальнай інтэрпрэтацыі» [3, 13]. Такія канцэпты, як зямля, чалавек, Бог, слова, хлеб, маці і інш., з’яўляюцца універсальнымі паняццямі і маюць вербальнае ўвасабленне ва ўсіх мовах. Аднак у розных культурах займаюць неаднолькавае месца ў іерархіі каштоўнасцяў [4, 11].



Канцэпты, якія маюць найбольшую каштоўнасць у беларускай мадэлі свету, у сваім вербальным увасабленні размеркаваны намі па субсферах, паслядоўнасць аналізу якіх вызначаецца іх тэматычнай блізкасцю. У артыкуле прааналізаваны выбраныя групы ключавых слоў, што займаюць важнае месца ў іерархіі нацыянальных каштоўнасцяў.

Сацыяльна-псіхалагічныя стэрэатыпы беларусаў. У свядомасці кожнай асобы сацыяльна-псіхалагічныя стэрэатыпы вызначаюць ментальную карціну свету як пэўную норму, характэрную для прадстаўнікоў адной нацыянальнай культуры і якая выступае ў ёй як эталон паводзінаў. Першапачатковая стадыя ў маўленча-мысленчым працэсе беларусаў – гэта вызначэнне суб’екта як «свайго» ці «чужога», а яго паводзінаў як «добрых» ці «злых». Усе аб’екты рэчаіснасці падзелены ў свядомасці беларусаў на два светы, што абавязкова адзначаецца і ў маўленні (свая хата, чужая жонка, свая доля, чужая старана, свая бяда, чужая болька). Слова свой па колькасці ўжывання значна пераважае наш і чужы (свой – 371, наш – 69, чужы – 169). Многія словазлучэнні сталі ўстойлівымі спалучэннямі – маўленчымі формуламі: «Свая кроў», «Свой хлеб», «Свой брат». Такі падзел з’яўляецца неабходным кампанентам гармоніі свету. Усё навакольнае чалавек асэнсоўваў у святле дыхатаміі сваё – чужое і веды пра свет «прымяраў» да сябе. Усеагульная амбівалентнасць, семантычная двухнакіраванасць ёсць вынік асаблівасцяў светабудовы і разумення свайго месца ў ёй. Апазіцыя свій – чужы ўваходзіць у склад агульнаславянскага шэрагу культурных апазіцый.

Субсфера чалавек. Мадэль свету ў беларусаў антрапацэнтрычная, бо цалкам залежыць ад асобы, ад яе светаўспрымання, яе ментальнасці. Асноўнымі суб’ектамі становяцца продкі (дзяды), нашчадкі (заўтрашні чалавек) і чалавек (сённяшні). Усе суб’екты падзяляюцца на дзве групы – свае людзі (брат, маці, дзеці, жонка, сусед і інш.) і чужыя (ворагі, паны, міфічныя істоты). Асноўным і цэнтральным суб'ектам нацыянальнай лагасферы, па нашых назіраннях, з'яўляецца добры чалавек: «Добраму добрая памяць», «Добрым людзям і мы рады будзем». Індэкс частотнасці (ІЧ – падаецца ў дужках) – колькасць маўленчых формул, у якіх сустракаецца слова, самы высокі ў канцэпта пан (157), але гэты канцэпт мае адмоўную канатацыю. Добры чалавек у свядомасці народа – гэта мужык, а маўленчая формула – братка беларус (так называлі беларусаў, галоўным чынам за тое, што ў размове яны часта ўжываюць памяншальна-ласкальнае слова братка (браток, браточак, братачка). Для субсферы чалавек можна вылучыць наступныя характарыстыкі, а ў іх межах – апазіцыйную бінарнасць: 1) класавая: мужыкпан, поп, цар; 2) маёмасная апазіцыя: багаты – бедны; 3) узроставая: бацькі – дзеці; 4) гендэрная: мужык, хлопец – баба, дзеўка; 5) колькасная: чалавек – людзі, народ; 6) апазіцыя адносінаў: сябар, прыяцель – вораг; 7) лакальная апазіцыя: госць – сусед – чужы.

Свяшчэнны закон нашай этнічнай ментальнасці – узаемадапамога, згуртаванасць, талочнасць. Гэтым вызначаецца шырокае ўжыванне лексем людзі, грамада: «Выводзіць / выбівацца ў людзі», «Людзьмі звацца», «Грамада – вялікі чалавек», «Моцны статак чарадою, а людзі грамадою».



Субсфера сям’я. Суб’ект заўсёды з’яўляецца часткай соцыуму і выконвае ў ім пэўную ролю. Галоўныя суб’екты беларускай ментальнай схемы «свой свет» належаць да аднаго сацыяльнага класа – сялянства, асноўная іерархія якога – сямейная. Паўнацэннай сацыяльнай адзінкай працягу роду з’яўляецца сям’я, у структуры якой чуецца сямёрка: бабуля, дзядуля – бацька, маці – трое дзяцей. Субсферу сям’я складаюць словы муж, жонка, дзеці, бацька, маці, сын, дачка і інш. Ёсць у беларусаў выраз – сям’я з дзвюх сямей – калі разам, адной сям’ёй жыве сям’я бацькі і сям’я сына (дачкі) ці сям’я сыноў (дачок). У народзе вельмі цэняць такія вялікія сем’і.

Канцэпты муж (12) і жонка (93). Несправядлівыя, жорсткія адносіны мужа да жонкі, паводле этнаграфічных крыніц, для беларускіх сем’яў неўласцівыя: «З кім жыць, таго не гнявіць», «Жонка тры вуглы дома трымае». Маўленчыя формулы пацвярджаюць раўнапраўнае становішча мужа і жонкі: «Гаспадар і жонка – найлепшая суполка». Выбар жонкі – справа адказная, таму існуе шмат парад: «Жонку выбірай і вачыма, і вушыма». Беларусы галоўнай якасцю добрай жонкі лічылі яе гаспадарлівасць: «Не тая гаспадыня, што збярэ гаспадарку, а тая, што ўдзержыць». Народная мараль асуджала тых, хто шмат разоў жаніўся: «Першая ад бога, другая ад людзей, трэцяя ад чорта».

Канцэпты маці (106) і бацька (87). Бацькі – самае святое на гэтым свеце для беларуса: «Бацька і маці ад бога ў хаце, хто іх зневажае, дабра не знае». Асаблівая павага да маці знайшла сваё адлюстраванне ў маўленчай формулезваротку: «Мама дачушцы не «маць» і не «маці», яна – мама-мамка, матка-матулька, мама-матачка». У субсферы сям’я індэксальны паказчык канцэпта маці значна вышэйшы за іншыя (акрамя канцэпта дзеці – 151), вербальны доказ гэтаму прыказка: «Бацька памрэ, то палавіна сіраты, а як маці памрэ, то цэлая сірата». Шэраг прыказак і прымавак паказваюць, наколькі моцна паважаюць і любяць матулю.

Канцэпт дзеці (151). Вялікія сем’і ў беларусаў лічыліся шчасцем: «У каго дзеці, у таго шчасце». Аналіз субсферы сям’я паказвае на наяўнасць высокага частотнага індэксу ў слова дзеці. Гэта яшчэ раз пацвярджае, што самае галоўнае для чалавека – яго дзеці. «Які палец не парэж, то ўсякаму баліць – якому дзіцяці кепска, то бацькам баліць», «Паміраць збірайся, а пра дзяцей думай». Кожнае дзіця ў народным уяўленні – Божы падарунак: «Дасць бог дзеткі, дасць і на дзеткі». Гонар быў бацькам, калі ў іх дружная і вялікая сям’я. Трэба адзначыць, што для нашых продкаў колькасць дзяцей у сям'і была прадвызначана – не менш за тры. (Параўн.: «Адно дзіця – няма дзяцей, двое дзяцей – што адно, а трое – сям'я», «Адзін сын – не сын, два сыны – паўсына, а толькі тры сыны – сын».) Выхаванню дзіцяці надавалі вялікае значэнне, бо «што ў дзяцінстве выхаваеш, на тое ў старасці абапрэшся». Перавагу ў навучанні аддавалі добраму слову: «Не біце дубцамі, навучайце слаўцамі», «Ад дубцоў дурнеюць, ад слоўцаў разумнеюць». Народная мараль вызначыла гуманістычны накірунак у выхаванні дзяцей: «З гадамі дзеці разумнейце, але ні мне, ні людзям не чужэйце», «Не спяшайся, хлопча, вучыцца страляць, а ўмей сеяць, веяць, каваць і гадаваць». Найлепшае пажаданне шчасця ў беларускай культурнай традыцыі: «Каб ты з дзяцей цешыўся».



Субсфера жыццё. У жыцці нашых продкаў было больш гора, няшчасця (202), чым шчаслівых дзён (34). Філасофія жыцця беларусаў рэалізавана ў наступных анталагічных максімах: «Жыві хітра, мудра і з малым дастаткам», «Жыві сваім розумам»; «Лепш самому быць пакрыўджаным, чым каго іншага пакрыўдзіць». Беларусы шукаюць у жыцці «залатую сярэдзіну», адкідваючы ўсё лішняе, бо лічаць: «І добрага як замнога, то нядобра». Праз прымаўкі і прыказкі высвечваецца яшчэ адна ментальная рыса – памяркоўнасць, нясхільнасць да крайнасцяў: «Усё добра, што ў меру», «У меру еш, у меру пі, у меру і дружбу вадзі». Праўдзівасць (праўда (76)– асноўная якасць маўленчага ідэалу беларусаў: «Матка за ўсіх мілейша, праўда за ўсё даражэйша».

Канцэпт праца (93). Адным з ключавых у субсферы жыццё з’яўляецца слова праца (справа, работа). Канцэпт праца звязваецца ў народнай свядомасці з хлебам як умова з вынікам: «Без працы няма чаго хлеба шукаці». Праца з’яўляецца дамінантай ментальнай схемы сродкі існавання. Асэнсаванне працы як асновы існавання ўласцівае народам розных краін. Трэба зазначыць частае ўжыванне слова гараваць – «многа і старанна працаваць, не ведаючы адпачынку». Яно характарызуе характар беларуса і вызначае галоўныя рысы – працавітасць, працаздольнасць, жыццястойкасць, цягавітасць.



Субсфера смерць. Смерць – канечная тэмпаральная катэгорыя ў адносінах да біялагічнага жыцця чалавека. Смерць ёсць, і ад яе нікуды не дзецца: «Хто радзіўся, той і паміраць мусіць». Такое стаўленне адбілася на маўленчым ідэале: людзі ў гутарках калі і гаварылі пра смерць, пахаванне, дык часцей выкарыстоўвалі апісальныя выразы. Як сцвярджаюць даследчыкі, гэта тлумачылася спачатку верай у магічную сілу слова, потым рэлігійнымі поглядамі, а пазней і проста моўнай традыцыяй [5, 164]. Між тым у народным наіўным уяўленні яна персаніфікуецца: «Шукаць смерці не трэба, яна сама прыйдзе».

Субсфера рэлігія. Беларусь з прычыны свайго геапалітычнага становішча апынулася на сумежжы двух светаў, дзвюх культур і ідэалогій, стала своеасаблівай зонай сустрэчы і сутыкнення цывілізацый: праваслаўна-візантыйскай і каталіцка-раманскай [6, 138]. Менавіта плюралізм рэлігійна-царкоўнага жыцця з’яўляўся характэрнай рысай беларускага менталітэту. Даследчыкі народнай культуры сцвярджаюць, што ў народнай свядомасці ў пэўнай ступені набліжанымі аказаліся і хрысціянская (праваслаўная, каталіцкая, уніяцкая), і паганская традыцыі [7, 21]. Ёсць падставы думаць, што такое становішча ўзбагаціла і канчаткова сфарміравала характар беларусаў.

Чалавеку на зямлі ў асобных выпадках патрэбна дапамога. Па яе ён і звяртаўся да суб'ектаў нябеснай прасторы – Бога, святых і душ памёрлых продкаў, якія маглі ўплываць на рух зямнога жыцця: «Як трывога, дык да бога». Намі зафіксавана 10 сэнсавых характарыстык канцэпта Бог (287): язычніцкі бог: «Дзякуй богу за бога, што бог даў бога»; нехрысціянскі: «Адзін Алах ведае»»; памагаты ў любой справе: «Дай, божа, у добры час пачаць»; раўнапраўны суб’ект камунікацыі: «Памагай бог! – Бог казаў, каб і ты памагаў»; усемагутны пры чалавечых намаганнях: «Божа памажы, але і сам не ляжы»; несправядлівы: «Бог не роўна дзеліць»; ашуканец: «Бог ашуканствам жыў: у аднаго адбярэ, а другому дасць»; выдуманы суб’ект: «З богам не паспрачаешся, бо яго няма»; непатрэбны суб’ект: «Няма чаго богу маліцца, ён нашых малітваў не прымае». На Беларусі былі шырока распаўсюджаны маўленчыя формулы-прывітанні з упамінаннем Бога, якія ўжываліся ў сітуацыях, калі звярталіся да чалавека, занятага якой-небудзь працай: «Бог у помач!», «Няхай бог дапамагаець!». Богу заўсёды супрацьпастаўляўся чорт, д’ябал (287): «Да д’ябла», «Ніякі чорт не бярэ».



Субсфера слова. Беларусы надавалі важнае значэнне слову (123), што знайшло адбітак у маўленчай формуле: «Дар слова». Хутчэй за ўсё гэта звязана з характэрнай рысай беларускага менталітэту – з так званым фетышызмам слова – «Жывое слова». Да слоў ставіліся з перасцярогай, раілі не спяшацца нешта сказаць, і гэта замацавалася ў камунікатыўнай максіме: «Будзь спярша выслухачым, а потым апавядачым»; «Трэба ведаць, калі сказаць, а калі памаўчаць». Галоўнае, каб слова было праўдзівым і добрым: «Добрае слова не забываецца». Вялікая колькасць маўленчых формул пацвярджае важнае месца слова ў іерархіі каштоўнасцяў нацыянальнай культуры: апошняе слова, жывое слова, новае слова, чэснае слова, першае слова, слова гонару. Індэксальны паказчык канцэпта мова (10) значна ніжэйшы, чым у канцэптаў слова (123), песня (41). Фразеалогія – гэта творчасць народа (сялянства), перад якім не стаяла пытанне, на якой мове гаварыць. Яны размаўлялі на сваёй роднай мове. Таму дамінантай субсферы становіцца не мова, а слова.

Прасторавая і часавая мадэлі свету. Асваенне свету чалавекам прадугледжвае выдзяленне такіх формаў і адносінаў, якія выражаюцца з дапамогай паняццяў прасторы і часу. Навукоўцы сцвярджаюць, што розныя нацыянальныя культуры маюць і розныя мадэлі прасторава-часавых адносінаў [8, 67], якія, у сваю чаргу, адлюстроўваюць сістэму каштоўнасцяў пэўных соцыумаў і сацыяльных груп. Сістэма ўяўленняў беларусаў аб прасторы і часе складае своеасаблівае ядро беларускай ментальнасці, ад якога залежаць многія ментальныя ўстаноўкі продкаў на ўзроўні наіўнай свядомасці. Уяўленне беларусаў аб часе і прасторы фарміравалася на працягу многіх стагоддзяў пад уплывам разнастайных фактараў, сярод якіх і прыродна-геаграфічны.

Уся прастора падзелена на наступныя часткі: зямля, на якой працякае жыццё, хата, сядзіба, поле і агарод, лес, вада, балота, неба і паветра, падземны свет і пекла [9]. У сваім даследаванні мы вызначаем не проста асноўныя складнікі беларускай прасторавай мадэлі свету, але і іх месца ў іерархіі нацыянальных каштоўнасцяў. Для земляробчых народаў паняцце часу такое ж важнае, як і паняцце прасторы.

Аналіз моўных фактаў дае падставу сцвярджаць, што час у беларускай ментальнасці накіраваны ў вечнасць, бясконцасць: «На векі вяком!», «Па век вечны». Свой уласны век беларус успрымае як прамежак часу, адведзены яму для жыцця на гэтым свеце: «Да веку» – да самай смерці, да канца жыцця. Магчыма, з-за веры ў часовасць свайго існавання на зямлі і разумення немагчымасці зазірнуць у будучыню для беларусаў характэрна пільная ўвага да мінулага, да сваіх традыцый – так званая спавернутасць часу. У ментальнасці беларусаў заўважаецца пэўная запаволенасць, нетаропкасць руху часу, што адбілася ў маўленчых формулах. Напрыклад: «Хто спяшыць, той спатыкаецца».

На працягу ўсёй сваёй гісторыі беларусы ставіліся да часу як да каштоўнасці. У беларусаў захоўваецца дагэтуль размеркаванне дзён на спрыяльныя і неспрыяльныя, цяжкія для працы, на посныя і скаромныя, шчаслівыя і нешчаслівыя, жаночыя і мужчынскія. Існавалі некаторыя правілы, звязаныя з асобнымі днямі тыдня. Пацверджаннем гэтага стала ўтварэнне дзеясловаў ад назваў дзён, напрыклад, «серадзіць» – пасціць у сераду. Беларусы верылі, што існуе сувязь паміж рухам часу і пэўнымі падзеямі ў жыцці чалавека: калі справу пачаць у спрыяльны момант, то ўсё абавязкова атрымаецца. У беларусаў існуе цэлая «класіфікацыя» гадзін, увасобленая ва ўстойлівыя маўленчыя формулы: бітая гадзіна, зорная гадзіна, мёртвая гадзіна, шэрая гадзіна і сучасная гадзіна пік.

Канцэпты досвітак – дзень – вечар. Гэты часавы прамежак з’яўляецца значным ў свядомасці беларуса. Даследчык Я. Станкевіч звяртае ўвагу на тое, што «сустракаючыся на раніцы здароваюцца адным словам «Дабрыдзень!». Казаньне «Добрай раніцы» маскалізм, бо ўтворана паводле маскоўскага «Доброго утра!» [10, 20]. Беларусы, як і рускія, таксама вылучалі раніцу як часавы прамежак. Напрыклад: фразеалагізм «ад ранку (і) да ранку» – 'цэлымі днямі на працягу сутак (рабіць што-н.), – але ў іерархіі каштоўнасцяў яму адводзілі месца на ніжэйшай прыступцы. Не зафіксавана слова раніца і ў субсферы час. Для беларускага светаўспрымання больш значны час, калі людзі ўстаюць «да свету» на працу, і менавіта досвітак – гэта пачатак працоўнага дня для беларусаў. «Хто да сонца ўстае, таму Бог дае». Адносіны да такой тэмпаральнай катэгорыі, як дзень, вызначаюцца дзвюма асаблівасцямі: дзень як складнік часавых адрэзкаў – суткі і дзень як асобная часавая структураваная адзінка: «Учарашні дзень», «Заўтрашні дзень», «Чорны дзень». Вечар – (адсюль вячэра, вячэраць) – гэта той адзіны час, калі ўся сям’я збіралася пасля працы разам павячэраць.

Жыццё беларусаў моцна залежала ад прыродных з'яў, розных пораў года, таму для іх быў уласцівы каляндарны накірунак маўленча-мысленчай дзейнасці. Беларускі народны каляндар выконваў ролю своеасаблівага арыенціру для жыццядзейнасці чалавека ў межах разнастайных часавых цыклаў (гадавых, сезонных, месячных, тыднёвых і сутачных). Параўн.: «Да Юр’я павінна быць сена і ў дурня», «Прыйдзе Ілля – наробіць гнілля», «Прыйшоў Мікола, не пытай ні ў кога, бяры сявеньку і сей памаленьку». Каляндар асіміляваў хрысціянскую традыцыю і прыцягнуў да сваіх урачыстасцяў галоўныя святы хрысціянскай накіраванасці: «Спас – усім рабочы час», «Прыйшлі Пакровы – заганяй у хлеў каровы». У сучасным беларускім народным календары адлюстраваны дзве рознастадыяльныя рэлігійна-культурныя плыні: народны каляндар, у аснове якого ляжыць культ Сонца (Ярылы), і хрысціянскі каляндар, у аснове – культ Хрыста і Багародзіцы.

З сівой даўніны лічылася, што ў аснове стварэння свету ляжаць чатыры найважнейшыя кампаненты: зямля, вада, агонь і паветра. Гэтыя словы, паводле нашага аналізу, увайшлі ў склад апорных слоў агульнай беларускай лагасферы.

Субсфера зямля. Вывучэнне фальклорных адзінак дае падставы вылучыць дамінантны канцэпт зямля як феномен культурнай спадчыны, каштоўнасць маральна-імператыўнага зместу, сакральную, святую. У нашых продкаў стаўленне да жанчыны-маці, якой Богам наканавана працягваць жыццё, і да матухны-Зямлі, якая падтрымлівае, сілкуе жыццё чалавечага роду, аднолькавае. Зямля як сімвал жаночага пачатку ва ўяўленні продкаў паўстае жывой істотай – маці ўсяго жывога. «Зямля – нас усіх маці, яна нас усіх корміць, яна нас прыгорне». Для беларусаў як земляробчага народа зямля была і асноўнай крыніцай дабрабыту і найважнейшай каштоўнасцю. «Ня можна і брату верыць, калі зямлю мерыць». У зычэннях зямля выступае эталонам багацця: «Будзь багатым, як зямля!». Завостранае пачуццё любові да свайго роднага кутка абумовіла рэзкае размежаванне паняццяў сваёй і чужой зямлі. У склад семантычнага поля свая зямля, паводле фальклорных крыніц, уваходзяць наступныя словы-характарыстыкі: бацькаўшчына, сваё гняздо, свой род, родная староначка, родны бок, родны край, дом, зямелька, свой куток, радзінка, радзіма, матка. Слова радзінка перадае найвышэйшую ступень павагі і любові да роднай зямлі. Існуе маўленчая формула «абяцаная зямля», у якой зямля ўзводзіцца ў абсалют, асацыіруецца з раем, усведамляецца як адзіная мара чалавека. Вакол семантычнага ядра апазіцыйнага паняцця чужая зямля канцэнтруюцца ацэначныя паняцці – чужына, чужая старана, мачыха, чужы бок, чужы край, чужыя людзі.



«Гарызантальная» прасторавая сістэма» зямнога ўзроўню з'яўляецца антрапацэнтрычнай і акрэслівае ў асноўным тую населеную і асвоеную чалавекам частку зямлі, якая ўсведамляецца беларусамі як «свая»: гаспадаркахата-дом, двор, сялянскае поле і рэчка або возера. Уласная гаспадарка – адна з найважнейшых каштоўнасцяў і асноўны клопат працоўнага чалавека. «Гаспадарка свет корміць». Слова гаспадарка – вытворнае ад гаспадар, утворанага ад агульнаславянскага господь, якое абазначала ў дагістарычную пару старэйшага роду [11, 13]. Вялікая колькасць формул паказвае і на локусы "чужой" прасторы – лес, дарога. Гэта тэрыторыя невялікая, чым сцвярджаецца прывязанасць беларусаў да «сваёй» зямлі і лакалізацыя месца пражывання.

Субсфера дом. Асноўным локусам у «сваёй» прасторы з'яўляецца хата (114). Для беларусаў «свая хатка, як родная матка». Гэта цэнтр жыцця чалавека ад нараджэння да смерці, таму яна павінна быць асяродкам усяго самага добрага для чалавека, абаронцай: «Дома і сцены бароняць». Пры ўваходзе ў хату госць звычайна прамаўляе: «Добры дзень у хату!». Хата – месца, дзе чалавек адчувае сябе абароненым, куды ён можа заўсёды вярнуцца і адпачыць: «Нідзе так, як дома». Пабудова новай хаты, наваселле – адна з самых значных падзей у жыцці чалавека. Нягледзячы на тое, што беларусы – народ гасцінны, народная мараль асуджала тых, хто прыходзіў незапрошаны на сямейную ўрачыстасць або злоўжываў гасціннасцю гаспадароў: «Няпрошаным гасцям рукі не падаюць». Таму замест запрашэння да стала наведвальнік мог пачуць у адказ на прывітанне «Хлеб да соль!» – «Ядзім, да свой, а ты ў парозе пастой». Гэты адказ важны для характарыстыкі прасторавай структуры хаты. Справа ў тым, што парог уяўляўся нашым продкам як мяжа паміж «сваім» і «чужым» светам, мяжа паміж мінулым і будучым, гэта зона радаводнай памяці [Крук 2000, с. 72]. Дыяганаль «покуць – печ» вызначала арыентацыю хаты ў прасторы. Нашы продкі ніколі не ставіліся да печы адмоўна: у ёй выпякалі хлеб, гатавалі гарачыя стравы, яна служыла для абагрэву, часта выкарыстоўвалася ў абрадах, печ займала ў хаце цэнтральнае становішча: «Усякай хаце па печы». Печ – гэта і форма прыручэння агню – старажытнага сімвалу жыцця: «У старой печы агонь добра гарыць». Супрацьпастаўленне покуці і печы заканамернае, бо покуць – гэта сфера духоўнага, а печ звязана з побытам. Пасадзіць на покуце – выказаць пашану і павагу, гэта месца для самага працавітага чалавека. «Не абы-каму месца на куце». У кожнай вясковай хаце былі два сімвалы жыцця – печ і стол, які звычайна стаяў бліжэй да самага свяшчэннага месца хаты – чырвонага кута, або покуці.

Канцэптавая сістэма, замацаваная ў прыказках, прымаўках і фразеалагізмах, звязана з матэрыяльнай, сацыяльнай і духоўнай культурай беларускага народа і служыць паказчыкам яго культурна-нацыянальнага вопыту і маўленча-мысленчых традыцый. Менавіта ў ёй дакладна праяўляюцца самабытныя рысы ментальнасці народа, стэрэатыпы ўспрыняцця і асэнсавання рэчаіснасці.



Літаратура

1. Телия В.Н. Русская фразеология. – М., 1996.

2. Аксамітаў А.С. Беларуская фразеалогія ў граматычным, семантычным і функцыянальным аспектах // Слова беларускае / Пад рэд. А.Я. Міхневіча. – Мн., 1994. – С.142–157.

3. Данич О.В. Лингвистический аспект культурно-национальной специфики поведения: Автореферат. – Мн., 1998.

4. Заботкина В.И. К вопросу об универсальном и специфическом в культурном сознании // Психолингвистика и межкультурное взаимопонимание. – М., 1991. – С. 111–113.

5. Малажай Г.М. Эўфемізмы ў беларускай мастацкай літаратуры // Слова беларускае / Пад рэд. А.Я. Міхневіча. – Мн., 1994. – C. 161–167.

6. Палуцкая С. Беларусь конца 16 – пачатку 17 ст. Напрамкі культурна-рэлігійнай арыентацыі // Беларусістыка = Albaruthenica: Кн. 3 / Рэд. А.Мальдзіс і інш. – Мн., 1994.

7. Крук Я. Сімволіка беларускай народнай культуры. – Мн., 2000.

8. Шамякіна Т.І. Міфалогія Беларусі (нарысы). – Мн., 2000.

9. Беларуская міфалогія: Дапаможнік / Уклад. У.А. Васілевіч. – Мн., 2001. 10. Станкевіч Я. Маленькі маскоўска-беларускі (крывіцкі) слоўнічак фразэолёгічны і прыказкаў ды прывітаньні, зычэньні і інш. – Мн., 1944. 11. Аксамітаў А.С. Лексіка беларускіх прыказак ХІХ ст. у сувязі з агульнай праблемай фразеалогіі. – Мн., 1958.
: bitstream -> 123456789
123456789 -> Учебная программа учреждения высшего образования по дисциплине для специальности: 1-21 05 01 Беларуская філалогія
123456789 -> Марына Шода «Несучы хвалу красе» (паэзія Уільяма Батлера Ейтса)
123456789 -> Гісторыя беларускай літаратуры (ХІХ ст. – 1970-я гады ХХ ст.)
123456789 -> П. С. Лопух гідралогія сушы частка 2 (агульная гідралогія)
123456789 -> П. С. Лопух, А. А. Макарэвіч
123456789 -> Праявы масавай культуры ў дыскурсе смі, альбо да праблемы гуманізацыі медыясферы
123456789 -> Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь
123456789 -> 1. Гістарычныя ўмовы ўзнікнення новай беларускай літаратуры. Асноўныя літаратурныя напрамкі канца ХVІII – пачатку ХІХ стст. І іх выражэнне ў беларускай літаратуры
123456789 -> Гісторыя старажытнай грэцыі І рыма (Фядосік В. А.)




База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка