В. Самусевіч Культурная журналістыка ў прасторы нацыянальнай культуры



Дата канвертавання22.07.2016
Памер52.44 Kb.
В. Самусевіч

Культурная журналістыка ў прасторы нацыянальнай культуры
Глабалізацыя інфармацыйнай прасторы, рэвалюцыя ў сферы інфармацыйных тэхналогій вынікавалі небяспечную для нацыянальнай культуры сітуацыю: стварылі ўмовы для ўзнікнення міжкультурных і, як вынік, міжнацыянальных супярэчнасцей і канфліктаў, звязаных з навязваннем, а часам з агрэсіўнай прапагандай іншай культуры і гвалтоўнай асіміляцыяй сваёй. У гэтых ўмовах узрастае роля культурнай журналістыкі ці медыяжурналістыкі, адной з асноўных функцый якой з’яўляецца культурафарміруючая.

Гістарычна склалася, што ў СМІ паняцце культура абавязкова ўтрымлівае ідэалагічны сэнс. Так, савецкі друк паняцце культуры непасрэдна звязваў з паняццямі барацьба, жыццё, праца: “Под культурой и новым бытом надо понимать борьбу за все те изменения в сознании и быту, нравах, привычках и навыках рабочего, которые необходимы для создания из него просвещенного, деятельного и культурного производителя и гражданина Советской страны... Нам нужна культура в работе, культура в жизни, культура в быту” (Зв. 1923. 16 окт.). У 30-я гады пачалася рэвізія зместу нацыянальнай культуры. Ствараліся новыя канцэпцыі гісторыі Беларусі, у якіх прыніжалася і абражалася нацыянальная годнасць беларусаў. Сталінская фармулёўка паняцця культура – “нацыянальная па форме і сацыялістычная па зьместу” – стала ідэалагемай, якая ўкаранялася ў якасці ісціны і набывала ў працэсе функцыянавання сваю драматургію. “Нацыянальная культура ў эпоху дыктатуры пралетарыята ёсць соцыялістычная па свайму зместу і нацыянальная па форме культура” (ЧЗ. 1936. 4 ліп.). У выніку гэтага знішчэнне сапраўднага зместу паняцця нацыянальная культура рабілася пад лозунгам стварэння “новай” сацыялістычнай культуры, у якой нацыянальнае павінна было выконваць толькі функцыі формы. Разгортванне контрбеларусізацыі ва ўмовах масавых рэпрэсій прывяло да значных зрухаў у сацыяльна-псіхалагічнай і маўленча-мысленчай сферах. Усталяваўся моцны негатыўны стэрэатып успрымання ўласнай мовы і ўласнай культуры, які абумовіў абыякавае, а часам і агрэсіўна негатыўнае да іх стаўленне. Пераасэнсаванне каштоўнасцяў самой культуры ў гэты час прывяло да кардынальнай перабудовы мадэлі свету, у прыватнасці соцыякультурнай карціны свету. Гэта, у сваю чаргу, адбілася на сродках масавай інфармацыі, якія, з аднаго боку, адлюстроўвалі сацыяльную рэчаіснасць, з другога – уплывалі на характар яе развіцця і спараджалі адпаведны сацыяльны кантэкст.

ХХІ стагоддзе – час новага пераасэнсавання каштоўнасцяў. Сёння культура перастала лічыцца другараднай сферай. Культура стала сацыяльным феноменам, які сумяшчае ўсе характарыстыкі маўленча-мысленчых якасцяў пэўнага грамадства і яго духоўна-практычнай дзейнасці. Вучоныя бачаць менавіта ў культуры тыя сілы, якія фарміруюць мысленне. Э.Сепір пісаў аб тым, што культуру можна вызначыць як тое, што пэўнае грамадства робіць і думае. На базе маральных імператываў новага часу і функцыянуючай ў грамадстве сацыяльна-гістарычнай сістэмы культурных каштоўнасцяў у нацыянальнай асобы фарміруецца спецыфічная сукупнасць прыкмет разумення рэчаіснасці і свайго месца ў ёй. Асобасныя веды фарміруюцца ў тым сацыякультурным і этнічным кантэксце, у якім развіваецца асоба. Менавіта культурны ўзровень чалавека ў сваіх розных праяўленнях вызначае і сацыяльную ідэнтыфікацыю.

Галоўнае прызначэнне культуры – быць сродкам духоўнага ўзбагачэння асобы. У сувязі з гэтым вялікае значэнне набывае працэс інкультурацыі пры дапамозе журналістыкі   культурнай журналістыкі, – якая абавязана забяспечваць культурнай інфармацыяй грамадства, культывіраваць неабходныя для існавання і духоўнага развіцця нацыі каштоўнасці, фарміруючы ў беларускага соцыуму пэўныя культурныя арыенціры і мадэлюючы сучасную нацыянальную карціну свету, захоўваючы тым самым багацце нацыянальнай культуры. Як адзначае В. Мядзведзева, самабытнасць беларускай культуры звязана з ментальнасцю народа, “с теми основополагающими ее характеристиками, которые определяют ее серединное положение между крайними точками социокультурных традиций, а также с генной памятью народа, которая воплощена в архитипах коллективного бессознательного, образцах для подражания, тесно связанных с христианскими традициями» [Медведева, С. 174]. Сапраўдныя адрозненні культуры нацыі ў асаблівым, толькі ёй уласцівым наборы агульначалавечых рысаў, у непаўторнасці іх злучэння і ў самабытнай іх рэалізацыі. Валодаючы культурнай кампетэнцыяй, змацнеўшы ў нацыянальнай культуры і духоўнасці, чалавек дастаткова падрыхтаваны да азнаямлення з іншай культурай. Тады і вынікам інтэрферэнцыі культур стане ўзбагачэннё сваёй, нацыянальнай, культуры лепшымі традыцыямі сусветнай.

Соцыякультура як функцыянуючая ў грамадстве сістэма культурных каштоўнасцяў, непасрэдна звязаная з ментальнасцю, вызначае нацыянальна-культурныя спецыфічныя правілы арганізацыі маўлення, у тым ліку і публіцыстычнага. Без культурных канатацый не можа ўжывацца ніводнае слова. Менавіта праз тэкст чалавек уключаецца ў сетку культурных асацыяцый, уласцівых той ці іншай нацыі. Сэнсам тэкстаў культурнай тэматыкі з’яўляецца выражэнне нейкага культурнага феномену. Факты духоўнай культуры і прадметы матэрыяльнай культуры раскрываюць пазнавальную перспектыву журналісцкага тэксту, яго прадметна-культурны план. Тэксты прадугледжваюць і канструяванне аб’екту адлюстравання, мадэлюючы яго на аснове адлюстраваных ў публіцыстычным маўленні культурных каштоўнасцяў. Тым самым выконваючы культурафарміруючую функцыю.

На жаль, журналісцкія тэксты па пытаннях культуры не заўжды адпавядаюць таму ўзроўню, які чакае ад іх аўдыторыя. Гэта акалічнасць ўмоўна падзяляе і самі выданні на культурныя і некультурныя. Узнікае парадаксальная сітуацыя: культурная журналістыка прапануе “некультурны прадукт”. Некультуранасць, на нашу думку, праяўляецца перш за ўсё ў тым, што для аўтараў, культурны патэнцыял публікацый якіх невысокі, чытацкая аўдыторыя  ўяўляецца непатрабавальным натоўпам, за якім яны не бачаць асобы чытача. Як адзначае Л. Саянкова, адным з паказчыкаў невысокай культуры публікацый з'яўляецца і адсутнасць аналізу самога твора [Саянкова, С. 222]. Чытачам прапануецца інфармацыя высокай мадальнасці, але з нулявым культурным патэнцыялам, і зводзіцца, як правіла, да суб'ектыўнай ацэнкі культурнай падзеі. Гэта звязана відаць з тым, што “парадыгма развіцця культуры змянілася радыкальна: ад асветніцкай да забаўляльнай” [Медведева, С. 170]. Аднак, як слушна адзначае Л. Саянкова, нягледзячы на тое, што журналістыка набірае маскультавыя абароты, нельга забываць старыя традыцыі айчыннай журналістыкі. Адной з якіх, на думку даследчыцы, была традыцыя, звязаная з культурай інфармацыі, культурай дыялогу з чытачом, культурай мыслення [Саянкова, С. 225].

Сучаснае грамадства скіроўваецца на новую сістэму культурных каштоўнасцяў, вынікаваных новым мысленнем, сучасным жыццём соцыуму. І гэтаму грамадству неабходна аб’ектыўная інтэрпрэтацыя фактаў і з’яў, прафесійны аналіз і кампетэнтныя сцвярджэнні і ацэнкі, дакладная інфармацыя пра розныя аспекты і падзеі культурнага жыцця краіны. Дзеля таго каб не разбурыць нацыянальную культуру, зберагчы культурныя традыцыі беларускага народа, захаваць духоўнасць нацыі, важна праз выхаванне ў культуры і культуры са студэнцкай парты сфарміраваць у кожнага журналіста пачуццё адказнасці за тое, што ён прапануе сваёй аўдыторыі, якую культуру прапагандуе. Напаўненне прафесійнай падрыхтоўкі журналістаў культурным зместам (і не толькі ў межах адной вучэбнай дысцыпліны – культуралогіі), уключэнне ў вучэбны план шэрагу спецдысцыплін (па праблемах асвятлення пытанняў культуры ў СМІ), нарэшце адкрыццё новага напрамку спецыяльнасці “Літаратурная работа (творчасць)” дазволіць падрыхтаваць сапраўднага спецыяліста ў галіне культурнай журналістыкі.

Літаратура



  1. Медведева О. Медиакультура: между раритетом и архетипом // Жыццём і словам прысягаючы…: да 85-годдзя заслуж. работніка адукацыі Рэсп. Беларусь, д-ра філал. навук, праф. Міхася Яўгенавіча Цікоцкага: зб. навук. прац. / пад агул. рэд. д-ра філал. навук, праф. В.І. Іўчанкава. – Мінск: Адукацыя і выхаванне, 2007. – 320 с. – С. 170 175.

  2. Саенкова Л. О культуре публикаций по вопросам искусства // Жыццём і словам прысягаючы…: да 85-годдзя заслуж. работніка адукацыі Рэсп. Беларусь, д-ра філал. навук, праф. Міхася Яўгенавіча Цікоцкага: зб. навук. прац / пад агул. рэд. д-ра філал. навук, праф. В.І. Іўчанкава. – Мінск: Адукацыя і выхаванне, 2007. – 320 с. – С. 219 226.

: bitstream -> 123456789
123456789 -> Учебная программа учреждения высшего образования по дисциплине для специальности: 1-21 05 01 Беларуская філалогія
123456789 -> Марына Шода «Несучы хвалу красе» (паэзія Уільяма Батлера Ейтса)
123456789 -> Гісторыя беларускай літаратуры (ХІХ ст. – 1970-я гады ХХ ст.)
123456789 -> П. С. Лопух гідралогія сушы частка 2 (агульная гідралогія)
123456789 -> П. С. Лопух, А. А. Макарэвіч
123456789 -> Праявы масавай культуры ў дыскурсе смі, альбо да праблемы гуманізацыі медыясферы
123456789 -> Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь
123456789 -> 1. Гістарычныя ўмовы ўзнікнення новай беларускай літаратуры. Асноўныя літаратурныя напрамкі канца ХVІII – пачатку ХІХ стст. І іх выражэнне ў беларускай літаратуры
123456789 -> Гісторыя старажытнай грэцыі І рыма (Фядосік В. А.)




База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка