Вацлаў Гавал/ Václav Havel



Дата канвертавання30.06.2016
Памер288.58 Kb.




Вацлаў Гавал/ Václav Havel (нар. 1936) – чэшскі драматург, эсэіст, палітычны вязень, грамадскі актывіст і сумленне нацыі, пазней – дзевяты прэзідэнт Чэхаславакіі і першы прэзідэнт Чэшскай Рэспублікі, цяпер – пенсіянер.

Пратэст

(Protest)


На сцэне – кабінет Станька. Злева стаіць масіўны пісьмовы стол, на ім друкарка, тэлефон, акуляры, мноства кніг і папер; за сталом – вялікае акно з відам на сад. Злева – два зручныя фатэлі, паміж імі журнальны столік. Уся задняя сцяна закрытая вялікай кніжнай шафай, у якую ўмантаваны і бар. У адным з аддзяленняў шафы стаіць магнітафон. У правым заднім куце знаходзяцца дзверы, на правай сцяне вісіць вялікая сюррэалістычная карціна. Калі падымаецца заслона, на сцэне знаходзяцца Станек і Ванек: Станек стаіць пры сваім пісьмовым стале і ўсхвалявана глядзіць на Ванька, які – у шкарпэтках і з партфелем – стаіць каля дзвярэй і разгублена глядзіць на Станька. Кароткая напружаная паўза. Потым Станек раптам узрушана падыходзіць да Ванька, хапае яго аберуч, па-сяброўску трасе за плечы і выгуквае.
СТАНЕК Ванек! Дружа... (Ванек разгублена ўсміхаецца. Станек яго адпускае і супакойваецца, справіўшыся са сваёй узрушанасцю). Не доўга шукалі?
ВАНЕК Ды не...
СТАНЕК Я забыў вам сказаць, што вы лёгка пазнаеце дом па расквітнелых магноліях. Прыгожа, праўда?
ВАНЕК Так...
СТАНЕК За няпоўныя тры гады я дамогся таго, што на іх стала ўдвая больш кветак, чым за папярэднім гаспадаром. А ў вас на лецішчы ёсць магноліі?
ВАНЕК Не...
СТАНЕК Абавязкова завядзіце сабе! Я дастану для вас два якасныя саджанцы і сам прыеду да вас іх пасадзіць! (Падыходзіць да бара і адчыняе яго). Каньяк?
ВАНЕК Лепш не трэба...
СТАНЕК Хоць сімвалічна! (Станек налівае ў дзве чаркі каньяк, адну чарку падае Ваньку, другую пакідае сабе і падымае для тоста). Ну, за сустрэчу!
ВАНЕК Ваша здароўе...

(Абодва крыху адпіваюць; Ванек моршчыцца).
СТАНЕК Я баяўся, што вы не прыйдзеце...
ВАНЕК Чаму?
СТАНЕК Ну, проста ўсё так дзіўна заблыталася... (Паказвае на фатэль). Калі ласка, сядайце... (Ванек сядае ў фатэль, партфель кладзе на калені). Ведаеце, вы за ўсе гэтыя гады нават амаль не змяніліся.
ВАНЕК Вы таксама...
СТАНЕК Я? Ды што вы... мне ўжо пяцьдзесят не за гарамі... валасы сівеюць... хваробы грукаюцца... ужо не тое, што было! Дый час такі, што здароўя не дадае. Калі гэта мы, уласна, бачыліся апошні раз?
ВАНЕК Не ведаю...

СТАНЕК Ці не на вашай апошняй прэм’еры?


ВАНЕК Магчыма...

СТАНЕК Падумаць толькі! Памятаю, мы тады з вамі трохі пасварыліся...


ВАНЕК Праўда?
СТАНЕК Вы мяне папракалі за ілюзіі і залішні аптымізм... з таго часу я шмат разоў пераконваўся, што вы мелі рацыю! Але тады я яшчэ верыў, што нешта з ідэалаў маёй маладосці ўсё ж можна захаваць, а вас я лічыў непапраўным песімістам...
ВАНЕК Але я не песіміст...
СТАНЕК Бачыце, як усё перавярнулася! (Кароткая паўза). Вы адзін?
ВАНЕК У сэнсе – адзін?
СТАНЕК Ну, у сэнсе, ці за вамі не таго...
ВАНЕК Не сочаць?
СТАНЕК Не скажу, што мяне гэта непакоіць... я ж сам вам званіў...
ВАНЕК Я нічога не заўважыў...
СТАНЕК Між іншым, калі б вам іх некалі спатрэбілася пазбавіцца... ведаеце, дзе гэта лепш за ўсё зрабіць?
ВАНЕК Дзе?
СТАНЕК У гандлёвым цэнтры. Змешваецеся з натоўпам, у прыдатны момант, калі вас ніхто не бачыць, заходзіце ў прыбіральню і там гадзіны дзве чакаеце. Яны вырашаць, што вы незаўважна выйшлі праз іншыя дзверы, і адступяцца. Паспрабуйце як-небудзь... (Станек зноў падыходзіць да бара, выцягвае з яго місачку з салёнымі палачкамі і ставіць яе перад Ванькам).
ВАНЕК У вас тут так спакойна...
СТАНЕК Таму мы тут і пасяліліся. Каля таго вакзала проста немагчыма было пісаць. Ужо тры гады, як мы памянялі кватэру. Але больш за ўсё мне дарагі гэты сад. Потым я вас правяду па ім і трохі пахвалюся...
ВАНЕК Вы самі яго даглядаеце?
СТАНЕК Цяпер гэта мая найвялікшая жарсць. Шчырую ў ім амаль штодня. Вось толькі што якраз амалоджваў абрыкосы. Ведаеце, я вынайшаў уласны метад, заснаваны на камбінацыі натуральных і штучных угнаенняў і на адмысловым спосабе бязвоскавага прышчэплівання. Вы не паверыце, які пасля гэтага бывае ўраджай. Я потым выберу для вас некалькі чаранкоў... (Станек ідзе да пісьмовага стала, выцягвае з шуфляды пачак імпартных цыгарэт, запалкі і попельніцу і ўсё кладзе на стол перад Ванькам). Калі ласка, Фердынандзе, курыце!
ВАНЕК Дзякую...

(Ванек бярэ цыгарэту і запальвае; Станек сядае ў другі фатэль; абодва трохі адпіваюць).
СТАНЕК Дык расказвайце. Як жыццё?
ВАНЕК Ды дзякуй... паціхеньку...
СТАНЕК Даюць вам хоць часам пажыць спакойна?
ВАНЕК Калі як...

(Кароткая паўза).
СТАНЕК А як там?
ВАНЕК Дзе?
СТАНЕК Ці можа чалавек нашага кшталту такое ўвогуле вытрываць?
ВАНЕК Вы маеце на ўвазе турму? А што ж яму застаецца...
СТАНЕК Калі не памыляюся, у вас былі праблемы з гемароем. Гэта, мусіць, было жахліва пры тамтэйшай гігіене...
ВАНЕК Мне давалі свечы...
СТАНЕК Вам бы варта было на аперацыю. У мяне ёсць прыяцель, ён найлепшы спецыяліст па гемароі, робіць сапраўдныя цуды. Я з ім дамоўлюся...
ВАНЕК Дзякую... (Кароткая паўза).
СТАНЕК Ведаеце, былое мне часам здаецца нейкім прыгожым сном: столькі цікавых прэм’ер, вернісажаў, лекцый, розных сустрэч, бясконцых дэбатаў пра мастацтва! Столькі энэргіі, надзей, планаў, мерапрыемстваў, ідэй! Столькі вінарняў, поўных сяброў, дзікіх гулянак, шалапутных ранішніх выхадак, вясёлых дзяўчат, што круціліся вакол нас! А колькі працы пры ўсім тым мы паспявалі зрабіць! Такога ўжо ніколі не будзе! (Ён заўважае, што Ванек у адных шкарпэтках). О божа, вы што, разуліся?
ВАНЕК Гм...
СТАНЕК Дарэмна вы...
ВАНЕК Нічога страшнага...

(Паўза; абодва адпіваюць).
СТАНЕК Вас білі?
ВАНЕК Не...
СТАНЕК А там б’юць?
ВАНЕК Часам б’юць. Але палітычных – не...
СТАНЕК Я пра вас часта думаў...
ВАНЕК Дзякую... (Кароткая паўза).
СТАНЕК Але ўсё адно... мы тады не думалі...
ВАНЕК Што?
СТАНЕК Да чаго ўсё дакоціцца... такога ані вы не прадчувалі...
ВАНЕК Гм...
СТАНЕК Гэта брыдота, дружа, брыдота! Над народам уладараць падонкі... А народ?.. Ці гэта ўвогуле той самы народ, які яшчэ колькі гадоў таму паводзіў сябе так гераічна? А цяпер так прагінаецца! Паўсюль адзін эгаізм, карупцыя, страх! Што з нас, дружа, зрабілі? Ці гэта яшчэ мы ўвогуле?
ВАНЕК Ну, мне не здаецца, што ўсё настолькі змрочна...
СТАНЕК Не крыўдуйце, Фердынандзе, але вы жывяце не ў звычайным асяроддзі – вы кантактуеце толькі з людзьмі, якія ўсяму гэтаму здольныя супрацьстаяць... вы дадаяце адно аднаму надзеі... але калі б вы ведалі, у чым мушу жыць я! Радуйцеся, што з усім гэтым вы ўжо не маеце нічога агульнага! Ад гэтага ўсяго на ваніты цягне...
ВАНЕК Вы маеце на ўвазе на тэлебачанні?
СТАНЕК На тэлебачанні, у кінастудыі, паўсюль...
ВАНЕК Па тэлебачанні нядаўна нешта вашае паказвалі...
СТАНЕК Вы не ўяўляеце, што гэта былі за пакуты! Больш за год затрымлівалі, некалькі разоў перараблялі, увесь пачатак і канец памянялі, проста неверагодна, якія глупствы яны ўжо не прымаюць! Стэрыльнасць і інтрыгі, інтрыгі і стэрыльнасць! Колькі разоў я думаў, ці не лепш было б на ўсё плюнуць, схавацца некуды, вырошчваць абрыкосы...
ВАНЕК Разумею...
СТАНЕК Але потым кожнага разу пытаеш сябе, ці маеш ты права на такія ўцёкі. Што, калі і тая драбяза, якую сёння можна зрабіць, усё яшчэ здольная некаму нешта даць... прынамсі трошкі людзей умацаваць і прасвятліць... (Ён устае). Я прынясу вам тапкі...
ВАНЕК Не турбуйцеся...
СТАНЕК Праўда не хочаце?
ВАНЕК Праўда... (Станек зноў сядае. Паўза; абодва адпіваюць).
СТАНЕК А як з наркотыкамі? Вам нешта давалі?
ВАНЕК Не...
СТАНЕК Ніякіх падазроных ін’екцый?
ВАНЕК Толькі вітамінныя...
СТАНЕК Аднак у ежу напэўна нешта дадавалі...
ВАНЕК Хіба што бром супраць сэксу...
СТАНЕК Але неяк зламаць вас напэўна спрабавалі...
ВАНЕК Ну так...
СТАНЕК Калі вы не хочаце пра гэта гаварыць, ніхто вас не прымушае...
ВАНЕК У пэўным сэнсе, гэта і ёсць мэта папярэдняга заключэння... пазбіваць чалавеку рогі...
СТАНЕК І прымусіць даваць паказанні...
ВАНЕК Гм...
СТАНЕК Калі б мяне аднойчы выклікалі на допыт, што мяне рана ці позна не міне, ведаеце, што я хачу зрабіць?
ВАНЕК Што?
СТАНЕК Проста не даваць паказанні! Я з імі проста не буду размаўляць! Гэта самае лепшае: тады хоць ёсць пэўнасць, што не скажаш ім штосьці, чаго не трэба...
ВАНЕК Гм...
СТАНЕК Але ўсё адно... у вас, мусіць, вельмі моцныя нервы... стрываць усё гэта і яшчэ рабіць тое, што вы робіце...
ВАНЕК Што вы маеце на ўвазе?
СТАНЕК Ну, усе гэтыя акцыі пратэсту, петыцыі, лісты... змаганне за правы чалавека... проста ўсё тое, што робіце вы і вашыя сябры...
ВАНЕК Не так многа я і раблю...
СТАНЕК Не трэба залішняй сціпласці, Фердынандзе, я за ўсім сачу! Калі б кожны рабіў столькі, колькі вы, сітуацыя б выглядала зусім інакш! Неймаверна важна, што ў нас ёсць прынамсі некалькі чалавек, якія не баяцца казаць уголас праўду... заступацца за іншых... называць рэчы сваімі імёнамі! Магчыма, гэта прагучыць трохі патэтычна, але мне здаецца, што вы са сваімі сябрамі ўзвалілі на сябе амаль нечалавечую задачу: перанесці праз сённяшняе балота рэшткі маральнай свядомасці! Хоць нітачка, якую вы снуяце, і слабенькая, але, магчыма, менавіта на ёй вісіць надзея на маральнае адраджэнне нацыі...
ВАНЕК Вы перабольшваеце...
СТАНЕК У кожным разе так я гэта бачу...
ВАНЕК Але ж гэтая надзея жыве ва ўсіх прыстойных людзях...
СТАНЕК А колькі іх засталося? Колькі?
ВАНЕК Дастаткова...
СТАНЕК Нават калі і так, па вас гэта лепш за ўсё відаць...
ВАНЕК А ці не менавіта таму нам прасцей?
СТАНЕК Я б не сказаў! Чым больш па вас відаць, тым большую вы маеце адказнасць у дачыненні да ўсіх тых, хто пра вас ведае, хто вам верыць, спадзяецца на вас і цягнецца да вас як да таго, хто ратуе, у нейкім сэнсе, і іх гонар! (Ён устае). Я прынясу вам тапкі...
ВАНЕК Гэта, праўда, лішняе...
СТАНЕК У мяне мерзнуць ногі, калі я на вас гляджу... (Станек выходзіць з пакою, хутка вяртаецца з тапкамі, згінаецца перад Ванькам, і, перш чым той паспявае перашкодзіць, нацягвае тапкі Ваньку на ногі).
ВАНЕК (разгублена) Дзякую...
СТАНЕК Зусім няма за што, Фердынандзе! (Станек ідзе да бара, бярэ адтуль каньяк і хоча даліць Ваньку).
ВАНЕК Мне больш не трэба, калі ласка...
СТАНЕК Чаму не трэба?
ВАНЕК Мне неяк нядобра...
СТАНЕК Адвыклі там, мусіць?
ВАНЕК Не без таго. Але галоўнае я ўчора... выпадкова...
СТАНЕК Разумею, вы сёння пасля гулянкі. Паслухайце, а ці ведаеце вы новую вінарню “У пса”?
ВАНЕК Не...
СТАНЕК У іх там віно наўпрост з вінных склепаў, прычым недарагое, там не бывае поўна і там сапраўды чароўная атмасфера, бо некалькім прыстойным мастакам, на дзіва, дазволілі аформіць інтэр’ер. Шчыра рэкамендую! А дзе вы былі?
ВАНЕК Ды так, трохі прагуляліся з сябрам Ландаўскім...
СТАНЕК Тады зразумела, што ўсё не магло скончыцца добра! Гэта выдатны актор, але як толькі ён пачынае піць – гэта канец! Яшчэ чарку вытрываеце... (Станек далівае Ваньку і сабе каньяк, бутэльку ставіць назад у бар і сядае ў свой фатэль. Кароткая паўза). А як увогуле? Пішаце?
ВАНЕК Стараюся...
СТАНЕК П’есу?
ВАНЕК Аднаактоўку...
СТАНЕК Зноў штосьці аўтабіяграфічнае?
ВАНЕК Не без таго...
СТАНЕК Мы з жонкай нядаўна чыталі пра той бровар, вельмі павесяліліся...
ВАНЕК Рады чуць...
СТАНЕК Але, на жаль, у нас была вельмі дрэнная копія...
ВАНЕК Шкада...
СТАНЕК Гэта сапраўды шыкоўная п’еска! Хіба толькі канец мне падаўся трохі незразумелым, было б добра давесці ўсё да нейкай адназначнай развязкі; вы ж гэта ўмееце! (Паўза; абодва адпіваюць; Ванек моршчыцца). А як увогуле? Як Павел? Бачыцеся з ім?
ВАНЕК Так...
СТАНЕК Ён піша?
ВАНЕК Зараз таксама дапісвае аднаактоўку – яе збіраюцца ставіць разам з маёй.
СТАНЕК Спадзяюся, вы яшчэ не сталі суаўтарамі?
ВАНЕК У нейкім сэнсе...
СТАНЕК Шчыра кажучы, Фердынанд, я гэтае вашае саюзніцтва ўсё ніяк не магу зразумець. Ці не змушаеце вы сябе да гэтага? Бо гэты Павел... я не ведаю... але прыгадайце, як ён пачынаў! Мы належым да аднаго пакалення, дый у сваім развіцці прайшлі, так бы мовіць, падобным звілістым шляхам, але прызнаюся вам, што тое, што ён рабіў – для мяне было занадта моцнай мяшанкай! Зрэшты, гэта вашая рэч і вы, мусіць, лепш ведаеце, што робіце...
ВАНЕК Так... (Паўза; абодва адпіваюць; Ванек моршчыцца).
СТАНЕК Ці любіць вашая жонка гладыёлусы?
ВАНЕК Не ведаю... мабыць... натуральна...
СТАНЕК Вы мала дзе знойдзеце такі выбар, як у мяне. Трыццаць два гатункі! А ў таварах для саду іх бывае максімум шэсць. Як думаеце, ці будзе вашая жонка радая, калі я перадам ёй некалькі цыбулін?
ВАНЕК Безумоўна...
СТАНЕК Час на пасадку яшчэ ёсць... (Станек устае, падыходзіць да акна, вызірае вонкі, нейкі час ходзіць задуменна па пакоі, потым звяртаецца да Ванька). Фердынандзе...
ВАНЕК Слухаю...
СТАНЕК Вас не здзівіла, што я так раптам вам пазваніў?
ВАНЕК Крыху...
СТАНЕК Я так і думаў. Урэшце, я належу да тых, хто па-ранейшаму стараецца трымацца на паверхні, і разумею, што ўжо таму вы маеце да мяне пэўную дыстанцыю...
ВАНЕК Я? Не...
СТАНЕК Вы асабіста, магчыма, і не, але я ведаю, што некаторыя вашыя сябры думаюць, быццам кожны, хто цяпер яшчэ мае нейкія магчымасці, той або маральна аступіўся, або сам сябе недаравальна падманвае...
ВАНЕК Я так не думаю...
СТАНЕК Калі б вы так і думалі, я б на вас не сердаваў, бо я занадта добра ведаю, з чаго такая перадузятасць магла ўзнікнуць... (Разгубленая паўза). Фердынандзе...
ВАНЕК Слухаю...
СТАНЕК Я ведаю, як жорстка вы расплачваецеся за тое, што робіце. Але не думайце: чалавеку, якому пашчасціла або не пашчасціла з тым, што яго яшчэ церпяць афіцыйныя структуры, і які пры гэтым хоча застацца ў згодзе са сваім сумленнем, таксама няпроста...
ВАНЕК Ахвотна веру...
СТАНЕК У пэўным сэнсе яму нават цяжэй...
ВАНЕК Разумею...
СТАНЕК Натуральна, я вас паклікаў не для таго, каб апраўдвацца – мне сапраўды няма чаго, – а хутчэй таму, што я вас люблю і мне было б шкада, калі б і вы падзялялі тую перадузятасць, якую я адчуваю з боку вашых сяброў...
ВАНЕК Наколькі мне вядома, ніхто пра вас дрэнна не гаворыць...
СТАНЕК Нават Павел?
ВАНЕК Не... (Разгубленая паўза).
СТАНЕК Фердынандзе...
ВАНЕК Так...
СТАНЕК Выбачайце... (Станек падыходзіць да магнітафона і ўключае музыку). Фердынандзе, ці кажа вам нешта імя Явурак?
ВАНЕК Бард? Я вельмі добра яго ведаю...
СТАНЕК Тады вы, мабыць, ведаеце, што яго напаткала...
ВАНЕК Натуральна. Яго пасадзілі за тое, што на нейкім выступе ён расказваў анекдот пра паліцыянта, які сустрэў на вуліцы пінгвіна...
СТАНЕК Вядома, гэта толькі нагода. Ён псаваў ім кроў ужо проста тым, што спяваў так, як спявае. Гэта ўсё жорстка, бессэнсоўна, подла...
ВАНЕК І баязліва...
СТАНЕК Так, баязліва. Я спрабаваў дзеля яго нешта зрабіць праз некаторых знаёмых у гаркаме і пракуратуры, але вы ж ведаеце – усе паабяцаюць, што зірнуць на ягоную справу, а потым плюнуць на ўсё, бо не хочуць абпаліцца. Мне брыдка, як кожны трасецца за ўласнае карыта...
ВАНЕК І ўсё адно выдатна, што вы нешта спрабавалі рабіць...
СТАНЕК Дарагі Фердынанд, я сапраўды не той, кім мяне ў вашых колах лічаць! (Разгубленая паўза). Яшчэ наконт Явурка...
ВАНЕК Так...
СТАНЕК Калі мне нічога не ўдалося дасягнуць прыватным умяшальніцтвам, мне прыйшло да галавы, ці не мела б сэнс зрабіць нешта іншае... ну, ведаеце, што я маю на ўвазе... скласці нейкую ноту пратэсту або петыцыю. Уласна, перадусім пра гэта я і хацеў з вамі пагаварыць, у вас у такіх справах, натуральна, значна большы досвед, чым у мяне. Калі б пад такой петыцыяй было пару больш-менш вядомых імёнаў, такіх, напрыклад, як вашае, яе напэўна б апублікавалі дзе-небудзь за кардонам, а дзякуючы гэтаму мог бы разгарнуцца палітычны ціск. У такіх рэчах яны не надта зважаюць на нейкі там ціск, але я ўжо сапраўды не бачу іншай магчымасці, як дапамагчы хлопцу, я ўжо не кажу пра Аню...
ВАНЕК Аню?...
СТАНЕК Дачку...
ВАНЕК Вашую?
СТАНЕК Так...
ВАНЕК Яна...
СТАНЕК Я думаў, вы ведаеце...
ВАНЕК Што?
СТАНЕК Яна чакае ад Явурка дзіця...
ВАНЕК Ага, дык вось яно што...
СТАНЕК Чакайце, калі вы думаеце, што мяне гэты выпадак цікавіць толькі па сямейных абставінах...
ВАНЕК Я ведаю, што гэта не так...
СТАНЕК Вы казалі...
ВАНЕК Я толькі хацеў сказаць, што гэта тлумачыць, адкуль вы пра гэты выпадак увогуле ведаеце – я не думаю, што вы сочыце за маладымі бардамі – даруйце, калі гэта прагучала, быццам я думаю...
СТАНЕК Ды я б у гэтай справе ангажаваўся, нават калі б ад яго чакаў дзіця хто заўгодна...
ВАНЕК Я ведаю... (Разгубленая паўза).
СТАНЕК Што вы думаеце наконт ідэі якога-небудзь пратэсту? (Ванек пачынае нешта шукаць у сваім партфелі, нарэшце знаходзіць нейкую паперку і падае яе Станьку).
ВАНЕК Вы відавочна маеце на ўвазе нешта такога кшталту... (Станек бярэ ў Ванька паперу, хутка падыходзіць да пісьмовага стала, знаходзіць на ім акуляры, насаджвае іх сабе на нос і пачынае ўважліва чытаць. Досыць працяглая паўза; на твары Станька – выразныя прыкметы здзіўлення. Дачытаўшы тэкст, ён адкладае акуляры і пачынае ўзрушана хадзіць па пакоі).
СТАНЕК Гэта проста ашаламляльна! Вось і на табе! Я тут мучаюся пытаннем, як гэта зрабіць... нарэшце наважваюся параіцца з вамі... а ў вас усё даўно гатовае! Хіба гэта не цудоўна!? Ну як жа, я ведаў, што звяртаюся па адрасе! (Станек вяртаецца да стала, сядае, зноў надзявае акуляры і зноў чытае тэкст). Гэта дакладна тое, што я меў на ўвазе! Сцісла, трапна, лагічна – і прытым рашуча! Тут адразу прафесіянал пазнаецца! Я б мучыўся цэлы дзень, і ні за што б так не здолеў напісаць... (Ванек чырванее). Паслухайце, адна дробязь: ці добра гучыць тут у канцы слова “самавольства”? Можа, варта было б знайсці які-небудзь мякчэйшы сінонім, мне здаецца, што яно ўсё ж трохі выбіваецца, увесь тэкст складзены вельмі спраўна, а гэта раптам гучыць занадта эмацыйна, вам не здаецца? А ў астатнім усё абсалютна дакладна. Хіба толькі другі абзац залішні, уласна, ён толькі разбаўляе змест першага. З іншага боку, там ёсць вельмі прыгожая думка пра ўплыў Явурка на нонканфармісцкую моладзь, яе абавязкова трэба пакінуць. Калі б вы перамясцілі яе сюды ў канец – замест гэтага самавольства – гэтага цалкам хапіла б. Але гэта чыста мае суб’ектыўныя ўражанні, вы на іх зусім не абавязаныя звяртаць увагу, як цэлае гэты дакумент выдатны і сваю ролю ён, безумоўна, выканае. Я вам, Фердынандзе, зноў мушу выказаць сваё захапленне: талент так красамоўна ўхапіць сутнасць, і пры гэтым пазбегнуць усіх залішніх нападак, мае сапраўды мала хто!
ВАНЕК Ды ну, што вы... (Станек адкладае акуляры, падыходзіць да Ванька, кладзе перад ім паперу, пасля чаго сядае зноў у свой фатэль і адпівае. Кароткая паўза).
СТАНЕК Усё адно гэта цудоўнае адчуванне, калі ведаеш, што існуе яшчэ нехта, да каго з такой справай можна звярнуцца і каму даверыцца!
ВАНЕК Але ж гэта само сабой...
СТАНЕК Для вас, магчыма, так, але ў колах, у якіх мушу знаходзіцца я, штосьці такое зусім не ёсць само сабой зразумелым! Там само сабой разумеецца хутчэй адваротнае: калі нехта патрапіць у бяду, усе ад яго хутчэй адвернуцца і са страху за ўласнае крэсла стараюцца, па магчымасці, паказаць, што з гэтым чалавекам ніколі не мелі нічога агульнага і заўсёды яго асуджалі. Але што я вам буду расказваць – вы самі гэта цудоўна ведаеце... бо калі вы былі ў турме, вашыя шматгадовыя сябры з тэатра выступалі супраць вас па тэлебачанні! Гэта было агідна...
ВАНЕК Я не трымаю на іх зла...
СТАНЕК А я трымаю! І я ім гэта адкрыта сказаў! Ведаеце, у маёй сітуацыі навучышся разумець шмат што, але ж – вы толькі не крыўдуйце – усяму ёсць межы! Разумею, што вам няёмка папракаць тых маладзёнаў, калі гаворка менавіта пра вас, але вы мусіце ад гэтага абстрагавацца! Калі б мы пачалі цярпець і такія подласці, мы б тым самым і на сябе ўзялі адказнасць за ўвесь той маральны маразм і ўскосна паспрыялі б яго далейшаму паглыбленню. Хіба ж я не праўду кажу?
ВАНЕК Гм... (Кароткая паўза).
СТАНЕК Вы ўжо гэта паслалі?
ВАНЕК Пакуль толькі збіраем подпісы...
СТАНЕК І колькі вы іх ужо назбіралі?
ВАНЕК Каля пяцідзесяці...
СТАНЕК Пяцьдзесят? Прыстойна... (Кароткая паўза). Ну добра... карацей кажучы, выходзіць, што я прыйшоў на шапачны разбор...
ВАНЕК Чаму ж...
СТАНЕК Бо ўжо ўсё ў працэсе...
ВАНЕК Яшчэ ўсё ў працэсе...
СТАНЕК Ну так, але ж цяпер ужо ясна, што гэта будзе адаслана і абнародавана. Дарэчы, вам не варта аддаваць гэта ў агенцтвы, тыя выдаюць толькі кароткія дайджэсты, якія губляюцца сярод мноства іншых, лепш аддаць непасрэдна ў нейкую вялікую еўрапейскую газету, каб яно выйшла цалкам разам з подпісамі!
ВАНЕК Я ведаю... (Кароткая паўза).
СТАНЕК Яны ўжо пра гэта ведаюць?
ВАНЕК Маеце на ўвазе паліцыю?
СТАНЕК Так...
ВАНЕК Наўрад ці...
СТАНЕК Паслухайце, не хачу ўмешвацца, але мне здаецца, што зараз вам гэта як найхутчэй варта запячатаць і паслаць, бо барані божа пра гэта пранюхаюць і неяк вам перашкодзяць. Пяцьдзесят подпісаў – усё ж нямала, зрэшты, важная не колькасць імёнаў, а іх вага...
ВАНЕК Кожны подпіс мае вагу...
СТАНЕК Безумоўна, але з гледзішча грамадскага розгаласу за мяжой усё ж важна, каб там былі перадусім нейкія гучныя імёны... ці падпісаў гэта Павел?
ВАНЕК Так...
СТАНЕК Гэта добра, ягонае імя, хто б пра яго што ні думаў, сёння ў свеце сапраўды нешта значыць!
ВАНЕК Безумоўна... (Кароткая паўза).

СТАНЕК Паслухайце, Фердынандзе...


ВАНЕК Слухаю...
СТАНЕК Я з вамі хацеў пагаварыць яшчэ пра нешта. Гэта такая трохі далікатная справа...
ВАНЕК Слухаю...
СТАНЕК Бачыце, я зусім не мільянер, але ў фінансавым плане жыву не так блага...
ВАНЕК Гэта добра...
СТАНЕК І я падумаў... я быў бы рады... у вашых колах многа людзей, якія страцілі працу... ці не прынялі б вы ад мяне нейкую суму?
ВАНЕК Вельмі міла з вашага боку... некаторыя сябры ў гэтым сэнсе сапраўды ў складанай сітуацыі... разумееце, заўсёды ўзнікае праблема, якім чынам гэта зрабіць... тыя, хто ў найбольшай нэндзы, звычайна самыя ганарлівыя...
СТАНЕК Я многа даць не магу, але думаю, што ёсць сітуацыі, калі кожная крона на ўліку... (Станек падыходзіць да пісьмовага стала, выцягвае з шуфляды дзве банкноты, потым на імгненне задумваецца, выцягвае яшчэ адну, падыходзіць да Ванька і падае яму грошы).
ВАНЕК Дзякую... Шчыра дзякую ад усіх...
СТАНЕК Мы павінныя дапамагаць адно аднаму! Неабавязкова казаць, што гэта ад мяне – я не імкнуся, каб мне паставілі помнік... зрэшты, у гэтым вы ўжо маглі пераканацца...
ВАНЕК Так... яшчэ раз дзякую...
СТАНЕК Ці не выйдзем паглядзець сад?
ВАНЕК Спадар Станек...
СТАНЕК Так...
ВАНЕК Заўтра мы хочам гэта паслаць, я маю на ўвазе пратэст у справе Явурка...
СТАНЕК Выдатна! Чым раней, тым лепш...
ВАНЕК Таму яшчэ сёння...
СТАНЕК Сёння вам варта было б пайсці і выспацца! Не забудзьце, што вы пасля гулянкі і што заўтра вас чакае цяжкі дзень...
ВАНЕК Я ведаю... я толькі хацеў сказаць...
СТАНЕК Лепш ідзіце проста дадому і адключыце тэлефон, бо зноў вам патэлефануе Ландаўскі, і хто ведае, чым усё скончыцца!
ВАНЕК Так, толькі абыду яшчэ пару чалавек... доўга не затрымаюся... я толькі хацеў сказаць... калі б вы палічылі гэта мэтазгодным... было б проста казачна... бо ваш “Крах” чыталі амаль усе...
СТАНЕК Ну што вы, Фердынандзе, гэта было пятнаццаць гадоў таму!
ВАНЕК Але яго памятаюць...
СТАНЕК Што было б казачна?
ВАНЕК Ну, мне падалося, што і вы, у прынцыпе, былі б не супраць...
СТАНЕК Што?
ВАНЕК Далучыцца...
СТАНЕК Вы маеце на ўвазе... (паказвае на паперу) да гэтага?
ВАНЕК Гм...
СТАНЕК Я?
ВАНЕК Даруйце, але мне падалося... (Станек дапівае свой каньяк, падыходзіць да бара, дастае бутэльку, далівае сабе, бутэльку ставіць назад у бар, адпівае, потым задуменна падыходзіць да акна, нейкі час глядзіць на сад, пасля чаго раптоўна паварочваецца з усмешкай да Ванька).
СТАНЕК Трэба ж, як усё выйшла!
ВАНЕК Што выйшла?
СТАНЕК Хіба вы не адчуваеце ўсяго абсурду? Я вас запрашаю, каб папрасіць нешта напісаць у справе Явурка... вы мне паказваеце гатовы тэкст, прычым з пяццюдзесяццю подпісамі... я не веру сваім вачам і вушам, радуюся гэтаму як дзіця, мучаюся пытаннем, як зарганізаваць усё так, каб вам не перашкодзілі, і пры гэтым мне нават да галавы не прыйдзе самая відавочная рэч, то бок што і мне трэба было б адразу ўсё падпісаць! Ну скажыце – хіба гэта не абсурдна?
ВАНЕК Гм...
СТАНЕК Але ж гэта, Фердынандзе, лішні раз гаворыць пра ўсю жахлівасць сітуацыі, у якую нас паставілі! Толькі падумайце: хоць я і ведаю, што гэта бяссэнсіца, але пры гэтым я і сам міжвольна прывык да таго, што для падпісвання такіх рэчаў ёсць адмыслоўцы – прафесіяналы ў справе салідарнасці, дысідэнты – і што калі мы, астатнія, хочам дамагчыся ў нечым справядлівасці, мы аўтаматычна звяртаемся да вас – як да нейкай камунальнай службы ў справах маралі! Мы тут папросту дзеля таго, каб трымаць язык за зубамі і мець за гэта адносны спакой – а вы тут дзеля таго, каб гаварыць за нас і атрымліваць за гэта выспяткі на зямлі і славу ў нябёсах! Разумееце гэтую вычварнасць?
ВАНЕК Гм...
СТАНЕК Вось бачыце, і пры гэтым ім удалося завесці справу так далёка, што нават адносна інтэлігентны і прыстойны чалавек, якім я сябе, калі дазволіце, усё яшчэ лічу, прымае такі стан рэчаў ледзь не як нешта нармальнае і натуральнае! Гэта брыдота, брыдота, да чаго ўсё дакацілася! Ну скажыце, хіба з гэтага бляваць не хочацца?
ВАНЕК Ну так...
СТАНЕК Думаеце, народ ад гэтага ўсяго яшчэ некалі ачухаецца?
ВАНЕК Цяжка сказаць...
СТАНЕК Што рабіць? Што рабіць? Тэарэтычна ўсё зразумела: кожны меў бы пачаць з самога сябе. Але ж у нас далёка не кожны – Ванек? Відаць, сапраўды не кожнаму дадзена быць змагаром за правы чалавека...
ВАНЕК Пэўна, што не... (Станек бярэ з пісьмовага стала акуляры і падыходзіць да Ванька).
СТАНЕК Дзе яно ў вас?
ВАНЕК Што?
СТАНЕК Ну вашыя падпісныя лісты... (Разгубленая паўза).
ВАНЕК Спадар Станек...
СТАНЕК Што такое?
ВАНЕК Вы толькі не крыўдуйце, але ў мяне нейкае незразумелае адчуванне...
СТАНЕК Якое адчуванне?
ВАНЕК Я не ведаю... мне страшэнна няёмка... але мне здаецца, што з майго боку гэта было не зусім сумленна...
СТАНЕК Што было несумленна?
ВАНЕК Ну, што я вас заспеў так знянацку...
СТАНЕК У якім сэнсе?
ВАНЕК Спачатку даў вам выказацца, і толькі потым прапанаваў падпісаць – калі вы ўжо былі звязаныя тым, што перад тым сказалі...
СТАНЕК Вы намякаеце, што калі б я ведаў, што вы збіраеце подпісы за Явурка, то я пра яго нават не завёў бы гаворкі?
ВАНЕК Не, гэта не...
СТАНЕК А што тады?
ВАНЕК Як бы гэта сказаць...
СТАНЕК Ці вас бянтэжыць, што мне гэта не прыйшло да галавы самому?
ВАНЕК Не ў тым рэч...
СТАНЕК А ў чым тады?
ВАНЕК Проста мне здаецца, што калі б я прыйшоў непасрэдна дзеля подпісу, гэта было б нешта іншае... у вас была б магчымасць выбару...
СТАНЕК А чаму вы, уласна кажучы, не прыйшлі? Ці вы на мне загадзя крыж паставілі?
ВАНЕК Я думаў, што... у вашай сітуацыі...
СТАНЕК Ну вось, бачыце, цяпер і выяўляецца, якое ў вас насамрэч пра мяне меркаванне: вы думаеце, што калі мае пастаноўкі сяды-тады паказваюць па тэлебачанні, то я ўжо не здольны на самы просты акт салідарнасці!
ВАНЕК Вы мяне не зразумелі... я толькі хацеў сказаць... (Станек сядае ў свой фатэль, адпівае, пасля чаго звяртаецца да Ванька).
СТАНЕК Я вам нешта скажу, Фердынандзе. Калі я міжвольна прывык да вычварнай думкі, што дзеля справаў маралі ў нас ёсць дысідэнты, то і вы – нават таго не ўсведамляючы – таксама звыкліся з падобным дапушчэннем! І таму вам нават да галавы не прыйшло, што і для мяне некаторыя каштоўнасці могуць быць важнейшыя за маё цяперашняе становішча. Але што, калі я нарэшце хачу стаць свабодным чалавекам, што, калі і я хачу аднавіць сваю ўнутраную цэласнасць і скінуць з сябе ярмо прыніжэння? Вы нават думкі не дапусцілі, што я, можа быць, ужо колькі год чакаю менавіта гэтага моманту? Вы мяне проста раз і назаўжды залічылі да безнадзейных выпадкаў, з якімі не мае сэнсу нешта спрабаваць рабіць. А цяпер, калі вы даведаліся, што і мяне цікавяць лёсы іншых – цяпер з вас як бы само выскачыла пытанне наконт майго подпісу, аднак вы гэта тут жа ўсвядомілі і пачалі за гэта перапрашаць. Але ці разумееце вы, як вы мяне гэтым зневажаеце? Што, калі я ўжо доўга чакаю нагоды для ўчынку, які зноў зробіць з мяне мужчыну, верне мне ўнутраны спакой, натхненне, гумор і пазбавіць мяне неабходнасці ўцякаць ад усіх жыццёвых траўмаў да маіх абрыкосаў з магноліямі? Што, калі і я хачу канчаткова выбраць жыццё ў праўдзе і зноў вярнуцца са свету пісання на замову ды тэлевізійнай ілжэкультуры ў свет мастацтва, якое нікому не павінна служыць?
ВАНЕК Даруйце, я не хацеў вас пакрыўдзіць... (Ванек адкрывае свой партфель, нейкі час у ім нешта шукае, потым выцягвае падпісныя лісты і падае іх Станьку. Станек паволі ўстае і падыходзіць з лістамі да пісьмовага стала, сядае, зноў насаджвае на нос акуляры і ўважліва разглядае лісты, над паасобнымі імёнамі ківае галавой. Праз досыць працяглы час адкладае акуляры, паволі ўстае, нейкі час задуменна ходзіць па пакоі, потым звяртаецца да Ванька).
СТАНЕК Ці дазволіце мне разважаць уголас?
ВАНЕК Вядома... (Станек адпівае, пасля чаго пачынае зноў хадзіць па пакоі, пры гэтым гаворачы).
СТАНЕК Калі гаворка пра суб’ектыўны бок справы, здаецца, усё істотнае я ўжо сказаў: пасля столькіх гадоў, калі ў маім жыцці ўсё было дагары нагамі, я – падпісаўшыся – зноў набуду самапавагу, уласную страчаную свабоду і годнасць, а магчыма, і прызнанне колькіх маіх блізкіх. Пазбудуся невырашальных дылемаў, у якія мяне зноў і зноў урынае канфлікт паміж аглядкай на маё становішча і маім сумленнем. Нашай Ані, сабе і таму маладзёну, калі ён вернецца, я змагу без роспачы паглядзець у вочы. За гэта я заплачу стратай працы, якая мне ўсё адно не прыносіць задавальнення, хутчэй нават, наадварот, прыніжэнне, але якая корміць мяне, безумоўна, лепш, чым калі б я куды пайшоў працаваць начным вартаўніком. Мой сын, хутчэй за ўсё, не паступіць у інстытут, але будзе мяне паважаць болей, чым калі б ён туды паступіў коштам маёй адмовы падпісацца за Явурка, якога ён ледзь не абагаўляе. Гэта што да суб’ектыўнага боку справы. А як у нас справы з аб’ектыўным бокам? Што здарыцца, калі сярод подпісаў некалькіх агульнавядомых дысідэнтаў і некалькіх маладых Явуркавых сяброў раптам з’явіцца, насуперак усім чаканням і на ўсеагульнае здзіўленне, подпіс мой – чалавека, які ўжо колькі гадоў не выяўляе грамадзянскай пазіцыі? Астатнія супадпісанты і многія з тых, хто хоць сам нічога не падпісвае, але сэрцам знаходзіцца на баку людзей з актыўнай пазіцыяй, мой подпіс, натуральна, радасна прывітаюць: замкнёнае кола заўзятых падпісантаў, чые подпісы ўжо страчваюць вагу праз тое, што гэтыя людзі за іх практычна нічым не расплачваюцца, бо ўжо і так даўно расплаціліся, будзе прарванае, з’явіцца новае імя, каштоўнае тым, што яно дагэтуль нідзе не фігуравала, і, вядома, тым, што ягоны ўладальнік за ягонае з’яўленне жорстка заплаціць. Гэта аб’ектыўны плюс майго імавернага падпісання. Калі гаворка пра палітычную ўладу, мой подпіс яе здзівіць, уцвеліць і раззлуе якраз тым, чым узрадуе астатніх падпісантаў, то бок тым, што праломіць мур, які ўлада вакол вас так доўга і карпатліва будуе. На вырашэнне Явуркавага лёсу мой удзел, відаць, вялікага ўплыву мець не будзе, а калі і так, то хутчэй негатыўны: улада захоча паказаць, што яна не паддалася паніцы і што такія сюрпрызы яе з раўнавагі не выведуць. Аднак тым большы ўплыў будзе мець мой подпіс на вырашэнне майго лёсу: мяне пакараюць, думаю, больш жорстка, чым хто мог бы чакаць, бо маім пакараннем улада захоча паказаць усім тым, хто пажадаў бы ў будучыні пайсці маім шляхам – то бок выбраць свабоду і тым самым пашырыць шэрагі дысідэнтаў – пачым фунт ліха. Дысідэнцкай дзейнасці ў рамках усталяванага гета гэтая ўлада ўжо так не баіцца, у нейкім сэнсе яна дысідэнтам ужо нават падыгрывае, аднак тым больш яна жахаецца кожнага намёку, што межы гэтага гета маглі б праламіцца. Такім чынам, маім паказальным пакараннем улада захоча яшчэ ў зародку задушыць прывід магчымай эпідэміі. Застаецца пытанне, які розгалас мой подпіс выкліча ў тых колах, якія тым ці іншым чынам пайшлі шляхам прыстасавальніцтва, то бок у людзей, пра якіх трэба думаць найперш, бо ўсе надзеі на будучыню залежаць перадусім ад таго, ці ўдасца іх абудзіць ад спячкі і прымусіць заняць актыўную грамадзянскую пазіцыю. Баюся, што менавіта ў гэтага самага важнага слою мой подпіс выкліча адназначна непрыязную рэакцыю: дысідэнтаў гэтыя людзі ціха ненавідзяць, успрымаючы іх як сваё нячыстае сумленне, жывы папрок сабе, і, у той жа час зайздросцячы іх унутранаму гонару і свабодзе, каштоўнасцям, у якіх самім прыстасаванцам было лёсам адмоўлена. Ужо таму яны цалкам натуральна хапаюцца за кожную магчымасць ачарніць дысідэнтаў. І менавіта такую нагоду яны знойдуць у маім учынку: яны пачнуць сцвярджаць, што вы, тыя, каму ўжо няма што губляць, хто ўжо даўно ўпаў на дно ямы і хто за гэты час ужо нават паспеў на тым дне досыць прыстойна асталявацца, што вы цягнеце за сабой звычайнага небараку, які дагэтуль сяк-так лавіраваў, цягнеце яго туды з уласціваю вам безадказнасцю, выключна праз сваю прыхамаць, толькі дзеля таго, каб раз’юшыць рэжым і выклікаць марную ілюзію, быццам вашыя шэрагі пашыраюцца, пры гэтым зусім не зважаючы на той факт, што вы пазбаўляеце яго экзістэнцыі, і, натуральна, не думаючы пра тое, ці забяспечыце вы яму там, на дне, нейкія ўмовы. Не сярдуйце, Фердынандзе, мне добра знаёмы лад мыслення гэтых людзей, бо я штодня мушу сярод іх знаходзіцца, і таму я ведаю дакладна, што яны скажуць: што я ганебная ахвяра вашага цынічнага закліку звярнуцца да сваіх гуманістычных ідэалаў, закліку, які не спыняе нават мая асабістая повязь з Явуркам, што чарговы раз ставіць пад сумнеў праўдзівасць тых гуманных мэтаў, да якіх вы апелюеце. Лішне казаць, што менавіта такія настроі рэжым і паліцыя будуць усяляк падахвочваць і падтрымліваць. Іншыя, больш інтэлігентныя, магчыма, скажуць, што такая навінка, як маё імя сярод вашых, толькі дарэмна прыцягвае да сябе ўвагу і адводзіць ад сутнасці справы, то бок ад справы Явурка, праблематызуючы ўвесь сэнс пратэсту тым, што выклікае пытанне – што было галоўным і прыярытэтам: дапамога Явурку або дэманстрацыя майго свежага дысідэнцтва? Не выключана, што нехта мог бы нават сказаць штосьці ў тым сэнсе, што Явурак стаўся вашай ахвярай, бо вы скарысталіся ягонай бядой дзеля мэтаў страшэнна далёкіх ад якой бы там ні было зацікаўленасці ў лёсе пацярпелага. Да таго ж, атрымаўшы мой подпіс, вы пазбавілі б мяне прасторы для закулісных манеўраў, якая ў мяне пакуль яшчэ ёсць і ў якой я б мог быць Явурку намнога больш карысным. Зразумейце мяне, Фердынандзе, правільна: я не хачу пераацэньваць магчымую рэакцыю, і тым больш не збіраюся рабіцца яе нявольнікам, але, з іншага боку, мне здаецца, што ў інтарэсах нашай справы – прыняць яе да ведама. Уласна кажучы, у выніку гэта рашэнне палітычнае, а добры палітык павінен зважаць на ўсе аспекты, якія ўплываюць на канчатковы эфект ягонага дзеяння. Такім чынам, пытанне ў падобных акалічнасцях мусіць гучаць так: чаму аддаць перавагу – вызваленчаму ўнутранаму пачуццю, якое абудзіць ува мне мой подпіс і якое будзе аплачана – як высвятляецца – аб’ектыўна адмоўнымі наступствамі, або другой альтэрнатыве: больш станоўчаму эфекту, які б пратэст меў без майго імя, і які – з майго боку – быў бы аплачаны горкім разуменнем, што я зноў – і хто ведае, ці не апошні раз – пазбаўляюся шанцу выбрацца з палону прыніжальных кампрамісаў, у якім я ўжо столькі гадоў задыхаюся? Інакш кажучы: калі я хачу здзейсніць сапраўды маральны ўчынак – а цяпер вы, спадзяюся, не сумняваецеся, што я гэтага хачу, – то чым мне трэба кіравацца – неміласэрнай аб’ектыўнай разважлівасцю або суб’ектыўным унутраным пачуццём?
ВАНЕК Мне гэта здаецца ясным...
СТАНЕК Мне таксама...
ВАНЕК Значыць, вы...
СТАНЕК На жаль...
ВАНЕК На жаль?
СТАНЕК Вы думалі...
ВАНЕК Прабачце, я, мабыць, не так зразумеў...
СТАНЕК Мне шкада, калі я...
ВАНЕК Нічога страшнага...
СТАНЕК Але я сапраўды думаю...
ВАНЕК Я ведаю... (Станек бярэ са свайго стала падпісныя лісты і з усмешкай падае іх Ваньку, які разгублена кладзе іх, разам з тэкстам пратэсту, у свой партфель. Станек падыходзіць да магнітафона, выключае яго, вяртаецца і паволі апускаецца ў свой фатэль. Абодва адпіваюць; Ванек моршчыцца. Працяглая разгубленая паўза).
СТАНЕК Вы злуяце?
ВАНЕК Не...
СТАНЕК Але вы не згодны...
ВАНЕК Я паважаю вашае рашэнне...
СТАНЕК А што вы пра яго думаеце?
ВАНЕК Што мне думаць...
СТАНЕК Ну, зразумела што...
ВАНЕК Што вы маеце на ўвазе?
СТАНЕК Што калі я ўбачыў усе тыя подпісы, то трохі спалохаўся...
ВАНЕК Пра гэта я не думаю...
СТАНЕК Бачу па вас, што думаеце...
ВАНЕК Праўда, не...
СТАНЕК Чаму вы не хочаце сказаць мне праўду? Ці вы разумееце, што сваёй паблажлівай няшчырасцю вы мяне абражаеце яшчэ больш, чым калі б проста сказалі ў вочы? Ці я для вас ужо проста не варты словаў?
ВАНЕК Я ж сказаў, што паважаю вашае рашэнне...
СТАНЕК Я не дурань, Ванек...
ВАНЕК Я ведаю...
СТАНЕК І я проста дакладна ведаю, што за ўсім гэтым “паважаю” хаваецца...
ВАНЕК Што?
СТАНЕК Пачуццё маральнай перавагі...
ВАНЕК Гэта няпраўда...
СТАНЕК Але ж я сапраўды не ведаю, ці вы – якраз-такі вы – маеце права на такую пыху...
ВАНЕК Што вы маеце на ўвазе?
СТАНЕК Вы цудоўна ведаеце...
ВАНЕК Не ведаю...
СТАНЕК Дык мне вам сказаць?
ВАНЕК Так...
СТАНЕК Наколькі я ведаю, вы ў турме гаварылі больш, чым трэба... (Ванек падскоквае і ўражана глядзіць на Станька, які пераможна ўсміхаецца. Кароткая напружаная паўза. У гэты момант звоніць тэлефон. Ванек прыгнечана апускаецца назад у фатэль; Станек падыходзіць да тэлефона і бярэ слухаўку. У тэлефон). Здароў... што? Не! Чакай, але... ага... ага... а вы дзе? Ну вядома... натуральна... выдатна... так, буду чакаць! Бывай!.. (Станек кладзе слухаўку і тупа пазірае перад сабой. Працяглая паўза. Ванек разгублена ўстае. Станек толькі цяпер усведамляе, што Ванек яшчэ тут, і ўцвелена да яго паварочваецца). Можаце ўсё спаліць унізе ў катле...
ВАНЕК Што?
СТАНЕК Толькі што ён прыйшоў да Ані ў сталоўку...
ВАНЕК Хто?
СТАНЕК Ну хто, Явурак!
ВАНЕК Што? Яго выпусцілі? Гэта цудоўна! Дык значыць, вашае ўмяшальніцтва было не дарэмным! Добра яшчэ, што мы гэтую петыцыю не падрыхтавалі на пару дзён раней – тады б яны раз’юшыліся і дакладна яго не пусцілі б! (Станек выпрабавальна глядзіць на Ванька, потым раптам пачынае ўсміхацца, жыва да яго падыходзіць і па-сяброўску хапае аберуч за плечы).
СТАНЕК Не думайце пра гэта, дружа! Рызыка больш напсаваць, чым дапамагчы, ёсць заўсёды! Калі на гэта яшчэ зважаць, вы б не маглі рабіць зусім нічога! Хадземце, я выберу для вас чаранкі... (Станек бярэ Ванька пад руку і вядзе да дзвярэй. Ванек смешна шоргае нагамі па падлозе, бо пазычаныя яму тапкі занадта вялікія. Заслона апускаецца).
Пераклад з чэшскай – Сяргей Сматрычэнка

© Václav Havel, 2009

© Сяргей Сматрычэнка, пераклад, 2009


prajdzisvet.org



: storehouse -> authors
authors -> 1547 — пасля 1590 Хроніка польская, літоўская, жамойцкая і ўсёй Русі
authors -> Саламея Пільштынова
authors -> 1547 – пасля 1590 Пра пачатак, паходжанне, адвагу, рыцарскія і дамовыя дзеі слаўнага народу літоўскага, жамойцкага і рускага
authors -> Эдгар Алан По Філасофія кампазіцыі
authors -> Ўільям Батлер Ейтс / William Butler Yeats
authors -> Хітрамудры ідальга Дон Кіхот Ламанчаскі
authors -> Хорас Ўолпал (Horace Walpole) 1717—1797 Замак Отранта
authors -> Чарлз Кослі (Charles Causley) 1917—2003 Прывіды Мілерз-Энда
authors -> Обры Бёрдслі/ Aubrey Beardsley 1872 – 1898
authors -> Жэрар дэ Нэрваль/ Gérard de Nerval




База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка