Валянцін Акудовіч Комплекс Пігмаліона



Дата канвертавання17.06.2016
Памер139.4 Kb.
Валянцін Акудовіч

Комплекс Пігмаліона


(Колькі словаў пра сучаснае беларускае мысленне)

З’яўленне ўласнабеларускага філасофскага дыскурса, які пачаў фармавацца ўсяго толькі напрыканцы васьмідзесятых гадоў ХХ стагоддзя, сталася адной з самых буйных падзеяў у культуры сучаснай Беларусі. Але адразу зазначым, што тут мы кажам менавіта пра беларускую філасофію, а не пра філасафаванне на Беларусі ўвогуле, якое, акрамя як у беларускім, адбываецца і ў расейскім моўна-ментальным модусе. І сваім аб’ёмам апошні відавочна пераважвае ўласнабеларускі, прынамсі, калі звяртаць увагу на фармальны вымер – бальшыня беларускіх кандыдатаў і дактароў філасофскіх навукаў (як і інстытуцыяў, якія яны прадстаўляюць) працуюць у расейскай мове і ў поле праблематыкаў, з’арыентаваных на прыарытэты расейскага інтэлектуалізму. Разам з тым, я бадай не шмат перабольшу, калі скажу, што пры ўсёй сваёй колькаснай перавазе, іх праца, з прычыны яе глыбокай нутраной перыферыйнасці, застаецца, па вялікаму рахунку, аднолькава незапатрабаванай як расейскім так і беларускім мысленнем.

І вось на што яшчэ не лішне звярнуць увагу перад тым, як перайсці непасрэдна да заяўленай тэмы...

Карл Чапэк неяк сказаў:”Кітаец, які зажадаў бы стварыць кітайскую філасофію, быў бы напэўна добрым кітайцам, але дрэнным філосафам”. Гэтую заўвагу Карэла Чапэка я згадваю ў кожным выпадку, калі адчуваю патрэбу падкрэсліць, што мы добра ўсведамляем усю ўмоўнасць такога словазлучэння, як “беларуская філасофія” і калі кажам пра стварэнне нацыянальнага філасофскага дыскурса, дык акцэнтуем не яго нацыянальную адметнасць, а адметнасць факта з’яўлення гэтага дыскурса ў шматвымернай прасторы нацыянальнай культуры.


1. З гісторыі праблемы


Не станем сягаць у даўнiя стагоддзi, калi мысленне на прасторы, цяпер пазначанай дзяржаўнымi межамi Рэспублiкi Беларусь, разгортвалася адпаведна з агульнаеўрапейскiмi тэндэнцыямi. Ужо хаця б таму, што метадалагiчна яго, бадай, заўсёды будзе досыць няпроста залiчваць да ўласна беларускага: цi то з прычыны iншамоўнасцi, цi то з прычыны адслоненасцi ад Беларусi, як яшчэ не выяўленага суб'екта еўрапейскай гiсторыi... Безумоўна, фармуючы традыцыю беларускага мыслення, мы не пакiдаем тыя ранейшыя здабыткi па-за нашай увагай, бо і ў Вялікім княстве Літоўскім і ў Рэчы Паспалітай, гэтаксама як і ва ўсёй тадышняй Еўропе, філасофія дамінавала не толькі у сістэме адукацыі, але арганізоўвала і рэгламентавала мыследзейнасць грамадства. Таму зусім натуральна, што ў рэканструкцыі гісторыі філасофіі мы не прамінаем увагай спадчыну Кірылы Тураўскага, Францішка Скарыны, Казіміра Лышчынскага, Андрэя Волана, наробак Полацкай езуіцкай Акадэміі і Віленскай філасофскай школы. Але рэальна зачын ужо ўласна беларускага мыслення нам даводзiцца звязваць з “нашанiўскiм” перыядам беларускай гiсторыi пачатку ХХ стагоддзя, з тагачаснай лiтаратурай, публiцыстыкай, гiстарыяграфiяй, светапогляднымi рэфлексiямi. Найвялiкiм дасягненнем айчыннага мыслярства той пары мы небеспадстаўна лiчым эсэ Ігната Абдзiраловiча (Канчэўскага) "Адвечным шляхам" (1921г.) i эсэ Уладзіміра Сулiмы (Самойлы) "Гэтым пераможаш!.." (1924г.).

На вялікі жаль, неўзабаве аўтэнтычная хада беларускага мыслярства была на дзесяцігоддзі перапыненая бальшавіцкім гвалтам.

Ёсць досыць распаўсюджанае меркаванне, што чалавеку можна забаранiць усё, нават дыхаць, але нельга забаранiць мыслiць... Магчыма, аднаму асобнаму чалавеку i нельга забаранiць мыслiць сам-насам, але грамадству -- можна. Цяпер мы гэта добра ведаем. За камунiстамi беларусам было дазволена пiсаць апавяданнi i раманы, маляваць карцiны i ствараць скульптуры, ставiць спектаклi i спяваць песнi, але нельга было мыслiць...

Беларусам было забаронена мыслiць. Тут карцiць дадаць -- самастойна, толькі ці бывае мысленне іншым?.

Дзеля прыкладу да гэтай тэзы згадаю усяго адзін факт. За семдзесят год камуністычнага панавання на Беларусі па-беларуску не было выдадзена ніводнай кніжки з класікі сусветнай філасофіі. І гэта пры тым, што ва ўсю тую пару існавалі магутныя выдавецтвы, якія друкавали даволі замежнай літаратуры самага рознага кшталту. Тое самае адбывалася і ў прасторы шматлікіх часопісаў, альманахаў, газетаў... – татальнае табу на хоць якія праявы мыслення, як айчыннага, гэтак і замежнага мыслярства.

2. Эпоха “буры і націску”


Адным словам, у ХХ стагоддзі нам было забаронена мыслiць ад пачатку 20-х аж да "перабудовы", калi ўсе забароны неўпрыкмет спарахнелi, а дазволу, каб нават па звычцы закарцела, не было ў каго запытацца.

У гэтым бязладдзi i пачалося сучаснае беларускае мысленне -- натуральна, бязладна, але iнтэнсiўна. Невыразныя спробы неяк яго згарманiзаваць, намацаць яму грунт пад пачатак стаяння i адтуль накрэслiць вектар руху наперад нiякага плёну не мелi. Адноўленыя для ўжытку тэксты Абдзiраловiча, Сулiмы, Цвiкевiча ды iншых пацешылi сэрцы адэптаў нацыянальнага адраджэння, але па сутнасцi засталiся незапатрабаванымi iнтэлектуальным рухам...

Праўда, калі калi мы кажам, што традыцыя беларускага мыслення была перапыненая бальшавiкамi, дык пры гэтым не будзем забывацца на выключэннi, на тых, хто спрабаваў хоць на крок перарушыць мяжу забароны. Да такiх выпадкаў перадусім трэба залiчыць наробак дактароў філасофскіх навук Уладзiмiра Конана i Мiкалая Крукоўскага. У пэўным сэнсе яны звязалі мiж сабой беларускае мысленне першай i апошняй чвэрцяў ХХ стагоддзя. Але цi гэты звяз быў не вельмi трывалым, цi надта ўжо рознiлiся iнтэлектуальныя сiтуацыi пачатку i канца стагоддзя, толькi сучаснае беларускае мысленне ў сваiх спробах намацаць самое сябе абапiралася не на "штрыхавую" традыцыю Абдзiраловiч -- Сулiма -- Конан -- Крукоўскi, а на ўсё што заўгодна iншае: на дзэн-будызм i Рэрыха, Барта i Данiлеўскага, Фрэйда i Дэрыда, Нiцшэ i Бярдзяева, Хайдэгера i Бахцiна, Попера i ...

Аднак досыць хутка ў гэтай мяшанцы-боўтанцы пачалi вырознiвацца прыярытэты. Першым сцёк з сыроваткай расiйскi месiянiзм – ці не адзiная аўтэнтычная i жывая фiласафема расейскага мыслення. З прычыны яго абсалютнай непрыдатнасцi рацыянальнай беларускай ментальнасцi, разам з месiянiзмам апынулася ў незапатрабаванасцi i ўся астатняя расейская фiласофiя. Не змаглi замацавацца ў нацыянальным дыскурсе i хоць якія фiласафемы з Усходу, хаця iх уплыў выявiўся нават больш выразна, чым уплыў расейскай гiстарыясофii. Асаблiва не завабiў беларускiх iнтэлектуалаў і паўночнаамерыканскi прагматызм ды брытанскi (астраўны) пазiтывiзм...

Зрэшты, няма нiчога дзiўнага, што ў значэннi прыярытэтаў для актуальнага беларускага мыслення засталася еўрапейская кантынентальная фiласофiя, паколькі i прасторава i ментальна мы здавён улучаныя ў гэтую інтэлектуальную імперыю. Але паколькi гэтая імперыя была неабсяжная, дык нашы першыя iнiцыятывы, верагодна, на доўгi час згубiлiся б у гэтай неабсяжнасці не толькi для iншых, але i для нас самiх. Так, напэўна згубiлiся б, каб мы нечакана не заўважылі для сябе Беларусь, як канцэптуальную праблему, ад рэфлексіяў над якой не змаглi ўхiлiцца нi "метафiзiкi, нi "экзiстэнцыялiсты", нi "антраполагi", нi "структуралiсты", нi "герменеўтыкi", нi "постмадэрністы"... Незалежна ад сваiх прыхiльнасцяў да тых цi iншых канцэптаў еўрапейскага мыслення, усе наноў паўсталыя беларускiя iнтэлектуалы апынуліся заангажаванымі праблемай асэнсавання Беларусi як суб'екта гiсторыi, геапалiтыкi, метафізікі.

Беларусь, як iнтэлектуальная праблема, не толькi завабіла кожнага, хто меў схiльнасць да крытычнай аналітыкі і адцягненага рэфлексавання, яна яшчэ i ўзяла на сябе ролю эксперыментальнага цэха, дзе беларускае мысленне, у значэннi ўжо ўласна беларускага, напрацоўвала прыдатныя для сваiх патрэбаў тэрмiналагiчныя сiстэмы і лагiчныя канструкты, намацвала актуальныя для сябе універсальныя iдэi, -- адным словам, асэнсоўваючы Беларусь у якасцi суб'екта метафізікі бытнага (і ўласна быцця), беларускае мысленне гадавала i нарошчвала свае iнтэлектуальныя цяглiцы.

Працэс асэнсавання феномена Беларусі, як універсальнай праблемы, не перапыніўся да сёння. Але цяпер гэта ўжо не надта добра. Бо жыццядайны на пачатку. ён, з прычыны сваёй татальнасці, пакрысе пачаў ператвараўся ў пастку для беларускага мыслення, якое пакуль не здольнае вырвацца з ягонай усё яшчэ актуальнасці ў іншыя рэфлексійна-інтэлектуальныя абсягі. На гэтым і палягае першы крызіс сучаснай беларускай філасофіі, да якога мы яшчэ вернемся напрыканцы размовы...

3. Праекты


Вызваленае ад забароны быць, беларускае мысленне шукала сабе спосабы абазнацца ўсюды, дзе для гэтага ўяўлялася хоць якая магчымасць. Зразумела, тут няма як спыняцца на ўсіх разнастайных і шматаблічных праявах гэтага працэсу. Таму далей я выдзелю адно тое, што на мой суб’ектыўны погляд, адыграла найбольш значную ролю ў паўставанні сучаснага інтэлектуальнага руху ці то з падставаў эўрыстычнай важкасці ці то з прычыны іннавацыйнай адметнасці.

Адным з першых праектаў у нашым пераліку мусіць быць названы Скарынаўскі цэнтар, які выдзеліўся з амаль цалкам зрусіфікаванай Акадэміі навук Рэспублікі Беларусь, каб сабраць і задзіночыць раскіданых паасобку нацыянальна заангажаваных інтэлектуалаў дзеля супольнай працы. Менавіта ў дзейнасці Скарынаўскага цэнтра на пачатку дзевяностых гадоў акрэсліўся “базавы корпус” персаналіяў, з якімі я схільны звязваць тое, што можна было б назваць першай хваляй сучаснага беларускага інтэлектуалізму, якая выявілася ў формах філасофіі і культуралогіі…

Затым мы мусім згадаць адноўленую ў 1991 г. газету “Наша Ніва”. І хаця яна не выяўляла асаблівай цікавасці да ўласна філасофіі, але культуралагічна цалкам ладзілася ў фармаце сучаснага еўрапейскага мыслення і таму яе роля ў яго разгортванні на беларускіх абсягах – выключная.

Для той першапачатковай пары вельмі карыснай і заўважнай была дзейнасць штотыднёвіка “Літаратура і мастацтва”, асабліва з узгляду на яго колькігадовую рубрыку “Ідэальная Беларусь”, якая шмат чаго дадала да асэнсавання Беларусі як інтэлектуальнай праблемы.

Адметнай падзеяй у працэсе станаўлення філасофскага дыскурса сталася з’яўленне суполкі “Крыўе” і выпуск “крывамі” некалькіх альманахаў (“Vieda”, “Крыўе”).

У першай палове 90-х найбольш сiстэмна тэксты замежных i айчынных мысляроў друкаваліся ў тыднёвіку “Культура”, дзе пазней узнiк у якасцi дадатка лiтаратурна-фiласофскi сшытак "ЗНО". Звернем увагу, што "ЗНО" быў першым перыядычным выданнем на Беларусi, якое публічна дэкляравала сябе як уласна фiласофскае.

Прыкметную ролю ў фармаванні сучаснага інтэлектуальнага дыскурса адыграў часопіс “Крыніца”, які ў 1994 годзе быў перарэфармаваны з літаратурнага ў культуралагічны. Перастварэнне часопiса "Крынiца" засведчыла, што першапачатковы этап назапашвання культуралагiчных iнiцыятываў збольшага завершыўся i беларускае мысленне ўжо абапiраецца на пэўны інтэлектуальны грунт.

Значнай падзеяй, якая заўважна перайначыла культуралагiчны ландшафт Беларусi, быў праект "Адкрытае грамадства", праз які мы досыць хутка займелі ладны стос капiтальных выданняў на беларускай мове па фiласофii, культуралогii, гiсторыi, палiталогii, сацыялогii, псiхалогii і да т.п..

Але, бадай, найбольш адметным праектам у гэтым пераліку будзе філасофскі часопiс "Фрагменты". Гэтае выданне прадстаўляе сабой вяршыню той фiласофска-культуралагiчнай пiрамiды, што ад пачатку дзевяностых спакваля складвалася цягам дзесяцi з лішкам гадоў, i ўрэшце сфармавалася ў нешта першапачаткова завершанае, як бы ўжо цэлае.

Пэўным падсумаваннем гэтага перыяду сталася ёмістая “Анталёгія сучаснага беларускага мыслення”, падрыхтаваная Беларускім Калегіўмам (2003г.). Адначасна яна як бы працягвала выдавецкую тэндэнцыю, закладзеную трохі раней капітальным выданнем “Беларуская думка ХХ стагоддзя” (1988 г.).

Сярод ініцыятываў бліжэйшага да нас часу загалоўную ролю адыгрывала ўжо наступная генерацыя беларускіх інтэлектуалаў, якая, у пэўным сэнсе, сама з сябе дэманстравала плён стваральнай працы сваіх папярэднікаў. Найлепш гэтыя ініцыятывы выяўлялі часопісы “nihil", “Скарына”, “Партызан”, “Зямля Н”, “Паміж”, “Тэксты”... І хаця ні водзін з іх не з’яўляўся ўласна філасофскім, але кожны ў розных праявах дэманстраваў сваё памкненне да тых ці іншых фрагментаў філасофскай веды.

Асобнай гаворкі патрабуе часопіс “Архэ”, які ў апошнія гады стаўся публічным цэнтрам беларускага інтэлектуальнага дыскурса. Выданне не хавае свайго скептычнага стаўлення да залішне адцягненага рэфлексавання, а тым болей – метафізікі як такой, але пры гэтым застаецца месцам найбольшай канцэнтрацыі беларускага мыслення.

З усяго папярэдне сказанага відавочніцца, што сучаснае беларускае мысленне пераважна паўставала і разгортвалася на старонках розных літаратурна-мастацкіх альбо культурніцкіх выданняў, у прасторы супольных хаўрусаў ці прыватных ініцыятываў – дзе заўгодна, але толькі не на тэрыторыі легітымна вызначаных для гэткага рода дзейнасці прафесійных інстытуцыяў (пад апошнімі разумеюцца Інстытут філасофіі Акадэміі навук, філасофскі факультэт БДУ, кафедры і аддзяленні культуралогіі і гуманістыкі шматлікіх беларускіх вузаў). Што і казаць, сітуацыя цалкам ненатуральная. Таму не прамінем увагай падзею фармальна зусім не адметную, але якая, хацелася б верыць, сведчыць пра магчымасць пералома гэтай сітуацыі. А менавіта пра семінар “Беларускае мысленне: генеалогія, кантэкст, перспектыва.”, які ўжо шмат год запар ладзіцца ў Інстытуце філасофіі Акадэміі навук з удзелам прафесійных філосафаў з дзяржаўных інстытуцыяў...

4. Постаці

Нават пры самым вялікім жаданні, мы ўсё яшчэ не можам казаць пра існаванне на Беларусі хоць нейкага падабенства да ўласнай “філасофскай школы”. Больш за тое, пакуль паасобныя “героі” беларускай інтэлектуальнай прасторы не злучаныя ні агульным філасофскім стылем ні, хаця б, нейкімі канвенцыйнымі пазіцыямі як у сітуацыі самастаяння, так і ў сітуацыі руху з узгляду на арыенціры, легімітызаваныя Вялікім Еўрапейскім Наратывам. Да гэтай пары мы застаемся задзіночанымі выключна праз заангажаванасць агульным інтэлектуальным топасам, а менавіта -- Беларуссю, як філасофскай, метадалагічнай і культуралагічнай праблемай.

Разам з тым, мы сёння маем ладную, хаця эўрыстычна і разасобленую, сціжму адметных інтэлектуалаў. Большая частка з іх можа быць залічанай да так званага “Менскага філасофскага кола”, хаця гэты, нічым не фармалізаваны хаўрус, трымаецца толькі супольнымі праектамі і звычайнай сяброўскай сімпатыяй, а не тоеснасцю інтэлектуальных пазіцыяў. Таму далей я хацеў бы сказаць упаасобку па некалькі словаў пра галоўных яго “герояў”. Натуральна, мой выбар будзе і скрайне абмежаваным (фармат тэкста) і скрайне суб’ектыўным. Зрэшты, сёння ў нас наўрад ці магчымы яшчэ нейкі падыход, акрамя суб’ектыўнага.

Распачнем гэты шэраг персаналіяў са згадкі пра Ігара Бабкова. Дамінанту яго філасафавання сфармуляваць не проста, бо ён разгортвае свае інтэлектуальныя ініцыятывы ў самых розных накірунках, хаця, бадай, сярод іншых пераважаюць аналітыкі топасу.Звярну ўвагу толькі на дзьве з іх, якія паспрабуем заманіфеставаць наступным чынам: Беларусь, як прастора транскультурных нармальнальнасцяў, скажэнняў ды трансмутацыяў і Беларусь, як феномен этыкі памежжа.

Упоравень з Ігарам Бабковым паставім Сяргея Санько. У адрозненні ад першага, Санько – фігура публічна менш заўважная, але ніяк не менш значная для станаўлення сучаснай беларускай філасофіі. Праз усю сваю творчасць ён разгортвае ў метафізічным дыскурсе ідэю крыўскага (крэўскага) логаса, спрабуючы асэнсаваць цывілізацыю крываў (протаэтнас беларусаў) праз найноўшыя рэфлексіўныя тэхнікі. (Шырокавядомай сталася ягоная тэза, што “Беларусы – гэта славянамоўныя балты”).

У пару паўставання беларускага філасофскага дыскурса, Алесь Анціпенка актыўна рэфлексаваў над феноменамі этнагенезу і самідэнтыфікацыі, але пазней заняўся арганізацыяй канцэптуальных праектаў, якія б разгортвалі і перманентна актуалізоўвалі гэты дыскурс. Цяпер ён зноў вярнуўся да аналітыкі – але гэтым разам ужо ў сферы тэорыі медыяў і камунікацыяў.

Юрась Барысевіч, так бы мовіць, чысты культуролаг з абсалютна аўтэнтычным стылем мыслення і пісьма. Яго творчыя ініцыятывы амаль немагчыма зінтэграваць з чым-кольвек, каб не пазбегнуць баналізацыі, кшталту таго, што для аўтара чалавек існуе не столькі знутры самога сябе, колькі ў знадворкавых трансфармацыях як рэальнага, гэтак і а-рэальнага светаў.

У акрэсленым тут полі, Уладзімір Абушэнка аб’явіўся значна пазней, але ягоныя рэфлексіі над лаціна-амерыканскай “філасофіяй вызвалення” у кантэксце беларускай інтэлектуальнай і сацыяльна-палітычнай сітуацыі, адразу выявілі сваю актуальнасць і спарадзілі немалы эўрыстычны эфект.

На пачатку сучаснагна інтэлектуальнага рушэння не было і Уладзіміра Мацкевіча, гадаванца маскоўскай метадалагічнай школы. Цяпер у сваіх філасофскіх працах ён стаіць у апазыцыі да сваіх ранейшых прыярытэтаў (чаго вартая назва хаця б адной з іх – “Разбурыць Маскву”). Сутву свайго філасафавання Мацкевіч фармулюе лаканічна:”Думаць Беларусь”.

Аляксандр Грыцанаў сёння знаны не столькі сваімі філасофскімі трактатамі, колькі выданнем шэрагу капітальных філасофскіх энцыклапедыяў (ад “Найноўшай гісторыі філасофіі” і “Сацыялогіі” да “Постмадэрнізма” і “Эзатэрызма”). Калі ўлічыць, што ўся гэтая тытанічная праца трымаецца з ўласнай ініцыятывы, дык у ягонай асобе мы маем беспрэцэндэнтны (і не толькі для Беларусі) выпадак.

Гэткім кароценькім пералікам я тут і абмяжуюся, пакінуўшы згадкі пра шматлікіх іншых для тых, хто наўпрост зацікавіцца акрэсленай праблематыкай. Бадай адно яшчэ назаву некалькі прозвішчаў самых заўважных сярод тых, хто прыйшоў у беларускае мысленне параўнальна нядаўна. Перадусім гэта палітычны эмігрант Максім Шчур (Прага), які літаральна ўварваўся ў беларускую інтэлектуальную прастору і адразу патрапіў у прэтэндэнты на першую айчынную прэмію – “Драўляны Сакрат”-- ў галіне філасофіі ( праект пакуль не рэалізаваны). А затым (ужо зусім апошні набытак) -- манах-дамініканец і магістрант Ягелонскага універсітэту Пётра Рудкоўскі, публічная актыўнасць і бліскучая тэхніка пісьма якога прыкметна ажывілі айчынны філасофскі дыскурс.

5. Крызіс у праекцыі перспектывы

Раней я быў згадаў пра першы крызіс у сучаснай беларускай філасофіі. І хаця слова “крызіс” па азначэнню мусіць выклікаць адмоўныя канатацыі, але ў нашым выпадку ўсё не так проста. І рэч вось у чым…

Яшчэ год пятнаццаць таму пра беларускую філасофію, як такую, і мовы не было. А калі пра некага казалі: вунь – беларускі філосаф, дык нават сімпатыкі гэтага чалавека ад няёмкасці ўгіналі галовы, бо словазлучэнне “беларускі філосаф” тады выглядала недарэчным як няўдалы аксюмарон. І вось сёння мы, хай сабе трохі яшчэ блефуючы, аднак ужо не тоячыся кажам пра існаванне беларускай філасофіі. І ў найлепшы доказ гэтага існавання акцэнтуем яе першы крызіс.

Папярэдне фармулюючы прычыну крызіса, я казаў, што Беларусь, як інтэлектуальная праблема, адыграла выключную ролю ў фармаванні сучаснага беларускага мыслення. Але праміналі гады і пакрысе сітуацыя пачала трывожыць, бо гэтая праблема, аднойчы завабіўшы, ужо нікога ад сябе не адпускала. Урэшце, лічы усе нашыя рэфлексіі і аналітыкі таўталагічна замкнуліся на Беларусі. (Ці можна сабе ўявіць, каб, скажам, французскія філосафы сістэмна і бясконца рэфлексавалі над феноменам Францыі, а нямецкія – Германіі?).

Больш за тое, нават тыя асобныя выпадкі, у якіх беларускае мысленне вызвалялася з путаў уласна беларускасці і сягала ў прастору ўніверсальных праблематыкаў, усё роўна канцаваліся, так бы мовіць, “вяртаннем на Бацькаўшчыну”. Адзін з такіх і найбольш заўважных выпадкаў звязаны з гэтак званай “метафізікай адсутнасці”, у іншым ракурсе – з “негатыўным мысленнем”, а яшчэ ў іншым – з дэканструкцыяй і разнастайнымі аналітыкамі “пустога знака”. Да гэтай рознавектарнай, але з агульным полем, праблематыкі, былі, у рознай меры, прылучаныя шматлікія беларускія інтэлектуалы, за што сведчаць назвы кніг, артыкулаў і нават цэлых выданняў ды сайтаў.

Дык вось, у свой час я моцна спадзяваўся, што нашае мысленне, загартаваўшы сябе на інтэлектуальным трэнажэры пад назвай Беларусь, затым зможа сягнуць у больш універсальныя абсягі і сярод іншага ў вельмі перспектыўную для нас прастору “метафізікі адсутнасці”. Аднак ўсё здарылася зусім наадварот. Тут дазволю сабе спаслацца на ўласны досвед. Пасля кнігі “Мяне няма. Роздумы на руінах чалавека”, дзе ставілася пад пытанне наяўнасць экзістэнцыйнага “Я”, у мяне за мэту было рухаца далей у бок ужо анталагічнай адсутнасці, як такой. Але ніякага развою тыя метафізічныя парыванні не займелі, бо я гэтаксама не здолеў пераадолець вабу Беларусі як персанальнай інтэлектуальнай задачы.

Напэўна, генерацыі стваральнікаў сучаснага філасофскага дыскурса на Беларусі наканавана знерухомець у сваім стварэнні. І прычына тут, бадай, не ў слабасці інтэлектуальных цягліцаў, а, калі казаць паэтычна, у комплексе Пігмаліона. Гэтая генерацыя з нічога ды сам-насам выпесціла Беларусь як універсальную для сябе праблему і на ўсё жыццё закахалася ў сваё стварэнне…

Натуральна, у такой сітуацыі пераадолець гэты крызіс змогуць толькі зусім ужо іншыя героі.


1998, 2002 гг.
: media -> library
library -> Жанчына як “іншае” ў дыскурсе беларускай дэмакратыі
library -> Вал. Акудовіч Улада і мова
library -> Ігнат Абдзіраловіч
library -> Democracy and the ethical life
library -> Традыцыяналісцкі пагляд на традыцыю: „прэзумпцыя аўтахтоннасьці”
library -> Аляксандр К’ёсэў
library -> Тацяна Чыжова. Статус суб’екта сацыяльна-гістарычнага працэса ў філасофіі К. Маркса
library -> Валянцін Акудовіч мяне няма: роздумы на руінах чалавека
library -> «Беларусь – краіна, выклятая геаграфіяй ды гісторыяй» The New York Times, 31 жніўня 1996, стар. А19
library -> Праблематыка і парадак дня савецкай эліты канца 1980х — пачатку 1990х гадоў




База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка