Век Вадаліва (Аповесць)



старонка5/5
Дата канвертавання15.05.2016
Памер1.21 Mb.
1   2   3   4   5

Раздзел сёмы ПАШЧАДРАКОНА

1. Куфэрак Афіны
На наступны дзень пасля прылёту на Сакст мы сабраліся ў кают-кампаніі. На шчасце, за час нашай адсутнасці на зоркалёце ў гэты раз не здарылася нічога надзвычайнага — Віхрын і Лукаў сустрэлі нас у шлюзе. Здабыты намі на Аэсце матэрыял быў дастаўлены ў лабараторыю, і пасля першапачатковай навуковай апрацоўкі і класіфікацыі мы прыступілі да яго аналізу, усеўшыся ў крэслы вакол вялікага пляскатага экрана і папярэдне прагледзеўшы зробленыя на Аэсце здымкі.

— Пачнём з акіяна, — прапанаваў Зураў, як толькі люстэрка патухла і ўспыхнула яркае дзённае святло. — Вашы думкі, меркаванні?

— Даволі расплывістыя малюнкі, — сказаў Лукаў, які сядзеў побач з Віхрыным. — Але, бясспрэчна, гэта вельмі актыўнае рэчыва...

— I вельмі пажыўнае, — дадаў Віхрын. — Вадарод, гелій, жалеза, золата, вальфрам... Усяго звыш пяцідзесяці элементаў у самых разнастайных спалучэннях...

— Падобна, гэтая сумесь варыцца ў нетрах планеты, — зноў падаў голас Лукаў, — у выніку дзеяння высокай тэмпературы і страшэннага ціску, і пасля ўжо працякае на паверхню. Хаця нельга выключыць, што акіян — прадукт першаснага воблака, з якога ўтварылася планета. Але ў любым выпадку менавіта ён — крыніца жыцця на Аэсце, так званае ягонае пажыўнае асяроддзе...

— Што тычыцца самога жыцця, — задуменна прамовіў капітан, —' здымкі пакуль даюць нам пра яго толькі цьмянае ўяўленне...

— Назавём гэтыя істоты аэсамі, — прапанаваў Лукаў.

— Цудоўна, — сказаў Зураў. — Што гавораць пра іх першыя назіранні? — Стомленыя вочы капітана ўважліва зірнулі на Вольгу. — Паслухаем біёлага.

3 уздыхам дзяўчына паднялася з крэсла. Паволі прайшла да вялікага відэа, устаноўленага ў канцы залы. Экран асляпляльна заззяў, потым затуманіўся пералівамі фарбаў, на ім з'явілася выява «медузы», якую я злавіў на Аэсце.

— На жаль, у нас пакуль ёсць толькі некалькі гэтых істот, — пачала Вольга, — якіх мы памясцілі ў магнітную камеру. Адна з іх зараз перад намі. Прырода аэсаў вельмі незвычайная. Як бачыце, яны амаль празрыстыя, не валодаюць ні нервовай сістэмай, ні клеткамі, ні структурай, якая хоць чымсьці б нагадвала бялковую. Але, безумоўна, гэта жывыя істоты, паколькі мы выявілі ў іх наяўнасць інтэнсіўнага метабалізму. Праўда, пакуль не зразумела, як аэсы ажыццяўляюць узнаўленне сабе падобных — яны не паддаюцца ні дзяленню, ні драбленню. Падобна, перад намі жыццё, якое заснавана на іншай хіміі, інакш кажучы, тут ужыты субатамны будаўнічы матэрыял...

— Мюоны? — пацікавіўся я.

— Не зусім, — пачуўся хуткі адказ. — Нашы навуковыя прылады лёгка атаясамілі б іх. Тут штосьці іншае... Я не бяруся сцвярджаць дакладна, але, падобна, мы маем справу з мезаатамнымі злучэннямі...

— К-, П-мезоны, — услых разважаў кібернетык. — Але падобныя злучэнні вельмі няўстойлівыя.

— Можа, яны ўвесь час аднаўляюцца, — ціха прамовіў капітан. — Хаця пакуль не зусім зразумелы механізм падобнай аперацыі. Магчыма, ён хаваецца ў праакіяне, у ягоным гравітацыйным патэнцыяле...

— Здзіўляе хуткая эвалюцыя гэтых істотаў, — працягвала Вольга, перавёўшы позірк на экран. — Калі мы ўзялі ў палон дадзены экземпляр на Аэсце, ён быў даволі невялічкі і прымітыўны па форме. Цяпер жа перад намі двухметровая істота са шматлікімі атожылкамі і адгалінаваннямі, якія з'яўляюцца крыніцамі электрычных гравітацыйных імпульсаў. Заўважце, такое дзіўнае пераўтварэнне адбылося з «медузай» усяго за адны суткі. Калі эвалюцыя гэтых істотаў будзе працягвацца так хутка і далей, то праз некалькі дзесяткаў гадоў мы сустрэнем на Аэсце разумнае жыццё. I носьбітамі яго будуць вельмі незвычайныя і дасканалыя істоты, якіх мы нават цяпер не можам і ўявіць.

— Вы лічыце, што прычынай падобнага пераўтварэння паслужыла тое свячэнне, што мы бачылі на планеце? — уважліва зірнуў капітан на Вольгу.

— Ва ўсякім разе іншага тлумачэння пакуль няма, — ціха адказала дзяўчына. — Верагодна, гэтыя прамяні выклікаюць мутацыю ў аэсаў.

— Значыцца, аэсы не маюць аніякага дачынення да таго, што здарылася ў настут, на Саксце,—задуменна прамовіў Зураў. — Атрымліваецца так. Ёсць трызубец, які хістае зямлю. Але мы пакуль не ведаем, хто ягоны гаспадар, хаця ён, бы той сапраўдны дырыжор, кіруе жыццём цэлай планеты...

— Так, сітуацыя амаль як з куфэркам Афіны, — сумна зазначыў Лукаў. — Ёсць сам куфэрак і нованароджаны ў ім, але мы пакуль не ведаем, дзе яны закапаныя і што сабою ўяўляюць...

— Застаецца дробязь — адшукаць і адчыніць куфэрак, — уздыхнула Вольга.

— Толькі як бы гэты куфэрак не аказаўся скрынкай Пандоры, — суха прамовіў Віхрын. — I пасля, памятаеце, што здарылася з Аглаурай і Герсай, калі яны адчынілі куфэрак? Богі пакаралі іх вар'яцтвам...

— Не будзем кідаць яблык разладу, — коратка заўважыў капітан і перавёў позірк на Лукава, — Пётр Трафімавіч, што ў нас з зоркалётам? Ёсць якія-небудзь зрухі з рамонтам рухавікоў?

— Пакуль няма, — змрочна сказаў кібернетык. — Галоўная энергетычная ўстаноўка спынена. У нас не атрымліваецца яе запусціць. Мы не можам адшукаць пашкоджанне...

Пасля паўзы капітан задуменна прамовіў:

— I ўсё ж мне не дае спакою гэта выпраменьванне... Якой жа магутнасці яно павінна быць, каб уплываць на жыццё цэлай планеты! Мы можам вылічыць, з якога раёна Сакста прыкладна яно ішло?

— Паспрабаваць можна, — ціха адказаў Лукаў. — Час мы ведаем. Трэба ўдакладніць хуткасць вярчэння планеты, вугал, пад якім падалі прамяні, шэраг іншых параметраў...

— Што ж, будзем шукаць гэтага загадкавага гаспадара трызубца, — падвёў вынік нашай нарады капітан. — Балазе, цяпер мы ведаем дакладна, што ён дзесьці тут, на Саксце...

Апоўдні я прайшоў у ліфт і падняўся да сябе ў каюту. Пасля нарады я адчуваў сябе вельмі стомленым і разбітым. Няўжо Віхрын казаў праўду? I мы маем тут, на Саксце, справу з нейкім прывідам-вар'ятам, для якога мы толькі паддоследныя трусы, павукі ў шклянцы? I ўсе нашы намаганні марныя? Не, у гэта чамусьці не хацелася верыць...

Каб крыху зняць стому, я прыняў электрадуш і праз паўгадзіны выйшаў з камеры асвежаны і бадзёры. 3 ілюмінатара ў каюту падалі ружовыя промні сонца. Я апусціўся ў крэсла, узяў чысты ліст паперы. Паклаў яго на стол і выпісаў усе падзеі ў той паслядоўнасці, як яны здарыліся на Саксце:

«З'яўленне на планеце «Аталанты» і загадкавае знікненне яе экіпажа...

Штучныя радыеімпульсы, якія засёк «Аэрон», нападзенне на станцыю.

Загадкавая аварыя і выратаванне нашага зоркалёта...

Дзіўная знаходка Вольгі...

Планета, на якой зараджаецца жыццё і выпраменьванне, што яго карэкціруе...»

«Аталанта», «Аэрон», радыеімпульсы, выпраменьванне, — у думках паўтарыў я. — Стой. Дзесьці пра апошняе ўжо згадвалася...»

Хутка выцягнуў з шуфляды тэксты пасланняў «Аэрона» Зямлі, прабег па іх вачыма.

«Аэрон — Зямлі. Падляцеўда аб'екта...

Аэрон — Зямлі. Зрабіў фотаздымку...

Аэрон — Зямлі... Характэрныя асаблівасці яго паверхні... Выявіў таксама светлую пляму, якая перыядычна змяняе сваю афарбоўку. Дыяметр — 5 км...

Аэрон — Зямлі. Ажыццявіў на аб'ект пасадку... Бяру пробы грунту...

Аэрон — Зямлі. Выявіў магутную крыніцу радыевыпраменьвання... Каардынаты — аб'ект Ц-15...»

Ад страшэннай здагадкі ў мяне перахапіла дыханне. У хваляванні дацягнуўшыся да мікрафона, я выклікаў Вольгу. Яна адказала пасля двух доўгіх гудкоў. Не прайшло і дзесяці хвілін, як у мяне на стале ўжо ляжаў заключны раздзел запісаў капітана Хорста, які прынёс Сарторык...

-

2. Дзённік капітана Хорста

7 лістапада...
Дэманціравалі з Гары перагародку шлюзавай камеры. Прыцягнулі да працы пасля абеду Ніка. Прыйшлося паабяцаць яму, што заўтра ён наведае аб'ект. Да вечара з дэмантажам амаль закончылі. Але яшчэ патрэбна пашырыць уваходны люк, каб у яго свабоднаў вайшоў С-17, і залатаць дзіркі ў абшыўцы, бо ў час старту можам, як той казаў, касцей не сабраць...

Умацаваў у каюце Ніка патаемную мікракамеру. Цяпер я змагу назіраць за ім. Я так пакуль і не ведаю, што ён заказаў на аб'екце. Майкл, Кэт па-ранейшаму не паказваюцца са сваіх кают. Я пакуль не высветліў, хто з іх агент...



З лістапада...

Займаліся з Гары і Нікам рамонтам абшыўкі. Пасля абеду Нік кудысьці знік. Нехта шнарыў у навігатарскай. Падобна, шукалі ключ ад уваходнага люка. Але я яго надзейна прыхаваў. Ноччу амаль не спаў, даймаў моцны галаўны боль. Заснуў толькі пад раніцу, калі прыняў лекі...



9 лістапада...

На працу не выйшаў ніхто, нават Гары. Ён у лабараторыі. Відаць, зноў чаруе над сваімі раслінамі. У Ніка ў каюце грукат, як быццам там сваволіць цэлы легіён чарцей... Што ён заказаў на аб'екце?Нешта зусім нябачна Кэт. Яе каюта шчыльна зачыненая, за дзвярыма падазрона ціха. Зайшоў да Майкла. На падлозе мора парожніх бутэлек. Ён п'яны да не-прытомнасці. Ледзь варушьшь губамі. Але дзе гэта ён дастаў гэтае смярдзючае пойла? Ключ жа ад уваходу на карабель у мяне. Значыцца, ёсць яшчэ адзін? Але ў каго? Я паспрабаваў завесці з Майклам размову.

— Майкл, скажы, гэта табе даручылі назіраць за мною? Не, ты не хвалюйся, ніхто не даведаецца... Скажы, калі ласка, і я прынясу табе рому... Ты ж хочаш рому, праўда?

Ён усміхаецца, бы тое дзіця. Даручылі назіраць? Не... Я хачу рому... Ты вып'еш са мною, Джэк?

Я адкаркаваў бутэльку, якую адшукаў пад сталом. Наліў ром у келіхі, падаў яго Майклу.

— А ключ?.. Дзе ты ўзяў ключ ад уваходу?

— Ключ?.. Я... не ведаю... Яго прынесла Кэт...

Больш нічога талковага выцягнуць са Стывена я не здолеў. Значыцца, Майкл і Гары не агенты. Тады застаюцца Нік і Кэт. Але хто з іх? Хто? Кэт? Адкуль у яе запасны ключ? Нік?.. Чаму ён учора схаваўся ад нас з Гары. I што ён заказаў на аб'екце?



17 лістапада...

Пашырылі ўваходны люк з Гары. Ён цэлы дзень балбоча пра свае бязглуздыя доследы. Трызніць, пра нейкі залаты век на Зямлі, які наступіць, калі мы даставім на яе аб'ект, аб палях, што будуць засаджаны дзіўнымі раслінамі... У мяне ад падобнай лухты да гэтага часу расколваецца галава. Бачыў здалёк Кэт. Яна ішла з насавога адсека. Цікава, што яна там рабіла? Я вырашыў пасачыць за ёю, але Кэт схавалася ў каюце Майкла. Паспрабаваў дастукацца да Ніка. Але ён не адчыніў. Вячэралі ўдвух з Гары...



ІЗ лістапада...

На караблі адбываецца штосьці дзіўнае... Ніхто не выходзіць са сваіх кают. Мне не адчыніў дзверы нават Гары. Быццам усе змовіліся... У Майкла на ўсю магутнасць раве магнітафон і чуюцца нейкія п'яныя галасы... Бачыў у калідоры высокі смуглы цень... Ён прайшоўда Кэт... Штосьці дзіўнае адбываецца ў каюце Ніка — за дзвярыма жудасны лямант і крык... Мабыць, ноччу, пакуль я спаў, нейкія вар'яты наведалі аб'ект...



18 лістапада...

Правёў жахлівую ноч...

Здаецца, у нас на борце госці. Не ведаю дакладна, хто яны: робаты, двайнікі? Але — яны вылітыя копіі нас, людзей. Напэўна, іх заказалі на аб'екце гэтыя жывёліны.

Адзін з іх — у Кэт. Бачыў яго ўчора позна вечарам. Высокі, мускулісты, ён вельмі нагадвае акцёра Джыма Кола. Ён нёс у каюту Кэт нейкія сукенкі і ўпрыгожванні. Распусніца! Сваіхёй мала... Неахайная, мурзатая распусніца...

Яшчэ двое ў Ніка. Я зняў іх патаемнай камерай. Нягоднік, ён прывязаў гэтых чарнаскурых да металічнай стойкі і аддубасіў гумай да паўсмерці...

Нешта ціха сёння ў Майкла. Учора ў яго таксама былі «госці»? Перабраў з імі «дозу»?

На ўсякі выпадак я ўзброіўся пісталетам. Хто ведае, што можна чакаць ад усіх гэтых няпрошаных пачвар...

І5 лістапада...

Прайшоў яшчэ адзін трывожны дзень.

Убачыўся з Гары. На шчасце, у яго не аказалася гасцей. Ён цалкам заняты доследамі. Апантана чаруе над нейкімі мікробамі... Ён згадзіўся выйсці на працу, але прасіў пачакаць некалькі дзён. Ён вырасціў адзін дзіўны гібрыд. Хоча праверыць, ці адновіць яго С-17...

Ноччу нечакана да мяне прыйшла Кэт. Ледзь трымаецца на нагах. Яна відавочна накурылася марыхуаны. Ці той высокі каленагаловы дурань, якога яна заказала на аб'екце, не апраўдаў яе спадзяванняў? Бо на маё пытанне — дзе ён цяпер? — яна з усмешкай паказала вачыма на неба...

Зніклі «госці» і ў Ніка — ён цяпер працуе над якойсьці схемай. Значыцца, гэтыя пачвары смяротныя і жывуць не больш, чым суткі.

Я адабраў у Кэт уваходны ключ, калі яна заснула. Але баюся, што ў Ніка і Майкла ёсць дублікаты...



17 лістапада...

Раніца атрымалася жудасная...

Здарылася непапраўнае — памёр ад інсульту Майкл.

Мы з Гары стукаліся да яго, але ніхто не адчыніў. Прыйшлося выбіць дзверы. Майкл ляжаў на падлозе, з ягонага рота сачылася пена. У руках ён сціскаў парожнюю бутэльку ад рому. Відаць, скончыўся ачмуральны напітак і надышоў крызіс...

Мы паспрабавалі яго выратаваць. Але было ўжо занадта позна...

18 лістапада...

Мы пахавалі Майкла побач з зоркалётам. Настрой паганы. Памянуўшы Стывена ў кают-кампаніі, мы моўчкі разышліся... Вечарам я паспрабаваў пагаварыць з Кэт і Нікам, але яны адмовіліся выйсці на працу. У сябе ў каюце я выпіў келіх рому. У галаву лезуць страшэнныя думкі... Гэтая загадкавая смерць Майкла... Ці была яна сапраўды натуральнай? А што, калі яму дапамаглі пайсці?.. Выпадкова ўбачыў тое, што не павінен быў бачыць... Вось і падмяшалі ў ром атруты. Але хто?.. I чаму менавіта Майкл стаў міжвольным сведкам?..



20 лістапада...

Залаталі з Гарыў абшыўцы ўсе дзіркі, пашырылі ўваходны люк. Цяпер застаецца толькі падняць на карабель аб'ект. Гэта мы зробім паслязаўтра. У каютах Кэт і Ніка пакуль нязвыклая цішьіня. Што яны задумалі? I хто ўсё ж такі з іх агент? Нік? Што за схему ён збірае ў сваёй каюце? Кэт? Што яна шукала два дні таму ў насавым адсеку?

Вечар правёў у вахтавай. Удакладняў курс, па якім нам неўзабаве давядзецца вяртацца на Зямлю. Трэба спяшацца з адлётам, пакуль гэтыя жывёліны не дэградавалі канчаткова...

21 лістапада...

Дзень зноў пачаўся з непрыемнасцей. Адбылася разгерметызацыя вентыляцыйнай шахты. Прыйшлося наглуха зачыніць люк.

У Ніка і Кэт зноў «госці». Падобна, ноччу яны наведалі аб'ект. Значыцца, вось што майстраваў у сваёй каюце Нік — ключ-дублікат...

Кудысьці знік Гары. Можа, зноў поркаецца са сваімі гібрыдамі?..

Не, гэтыя невукі, здаецца, канчаткова не жадаюць падпарадкоўвацца...

22 лістапада...

Проста вар'яцкі дзень...

Толькі працёр раніцай вочы — званок ад Ніка. Ён відавочна чымсьці ўзрушаны. Ягоны голас ад крыку зрываецца на хрып:

— Капітан!.. Гэтае страхоцце, яно таксама за іх!.. Я заказаў чырва-наскурых, а яно... выдала, вы толькі ўявіце сабе, двух-трохметровых цыклопаў! Яны лупцавалі мяне бізунамі! Яго нельга на Зямлю. Яно пераб'е там усіх нашых! Яго трэба тэрмінова спыніць... Я разбамблю гэтае страхоцце ўшчэнт...

Я ледзь скеміў, што Нік гаворыць пра аб'ект.

— Нік, я забараняю!.. Чуеш, я забараняю табе гэта рабіць! — выгукнуў я ў мікрафон, што было моцы. Але мой голас павіс у паветры.

Чырвоная лямпачка, якая загарэлася на пульце, сведчыла пра тое, што апарат Ніка адарваўся ад карабля. Мяне кінула ў пот. Калі гэты вар'ят здзейсніць сваю бязглуздую ідэю, то тады... Усе мае намаганні, планы і надзеі ішлі прахам. Не, гэтага я дапусціць не мог!..

Я ў хваляванні даплёўся да агляднага ілюмінатара. Зрабіўшы круг у жоўта-ружовым небе, лятальны апарат Ніка ўжо заходзіў на бомбакіданне...

Я выцягнуў з кішэні маленькі пульт і націснуў чорную кнопку. Праз імгненне ў небе, там, дзе пікіраваў самалёт Ніка, палыхнуў чырвона-крывавы вогненны шар. Сеўшы ў крэсла, я адкаркаваў бутэльку рому. Выпіў і доўга абыякава пазіраў на рэшткі лятальнага апарата, што дыміліся далёка за тоўстым шклом. У мяне не было ні кроплі літасці да Ніка. Вар'ят, е'н сам падпісаў сабе смяротны прысуд...

Цяпер, прынамсі, я ведаў што Нік не агент. Бо калі б ён з'яўляўся ім, яму тады б было вядома пра сістэмы самазнішчэння, якімі былі забяспечаны ўсе нашы лятальныя апараты. Забяспечаны па загадзе касмічнага агенцтва, якое рыхтавала нашу экспедыцыю. Але Нік гэтага не ведаў...



25 лістапада...

Увесь учарашні дзень займаўся рухавікамі. Чысціў змазваў запраўляў палівам. Карабель амаль гатовы да старту.

Страшэнная стомленасць і боль у паясніцы... Праглынуў лекі. Пад вечар як быццам крыху стала лягчэй...

Спрабаваў пасля абеду пагашніць з Гары. Прасіў яго дапамагчы падняць аб'ект на борт. Але ён зачыніўся ў лабараторыі, крычыць у мікрафон, што праводзіць вельмі адказны дослед.

3 каюты Кэт чуецца музыка. Здаецца, гэтым жывёлінам зусім усё роўна, што здарылася з Нікам.

Хтосьці ўчора ноччу шнарыў на камбузе. Я адмовіўся ад вячэры. Баюся, што ежа атручана. Падобна, Кэт пачала дзейнічаць. Ноч вырашыў правесці ў рубцы. У ёй больш бяспечна...

112

26 лістапада...

Вось і наступіла развязка...

Непрыглядная раніца.Ледзь зазірнулі ў пакой першыя промнісонца, як пачуўсястук у дзверы. Я чакаў гэтага прыходу. Хутка апранаюся, хаваю ў кішэню пісталет. Адчыняю дзверы рубкі так, каб паміж мною і Кэт не было прасвету і каб яна не змагла першаю стрэліць...

— Джэк, да цябе можна? Ты адзін?

Кэт выглядае злёгку стомленай. Валасы на галаве раскудлачаныя, сукенка пакамечана.

— Як бачыш, — коратка кідаю я і адыходжу ўбок. .

Кэт праходзіць у рубку, плаўна апускаецца ў крэсла. Я не зводжу вачэй з маленькай чорнай сумачкі, якая перакінута праз плячо сцюардэсы — калі ў Кэт ёсць з сабою зброя, дык яна павінна быць у ёй. Саджуся насупраць Кэт так, каб бачыць кожны рух яе маленькіх далікатных рук.

— Мне так адзінока і самотна, Джэк, — гаворыць Кэт. Голас яе гучыць настолькі ціха і сумна, што я амаль гатовы паверыць у яе шчырасць. — Я ніяк не магу прывыкнуць да думкі, што Майкла і Ніка больш няма:.. Мне вельмі страшна, Джэк. У цябе знойдзецца выпіць?

— Раскрыем карты, Кэт, — груба кажу я. — Трэба аддаць табе належнае, ты проста цудоўна сыграла сваю ролю. Я паважаюсапраўдных прафесіяналаў...

Кэт, нахіліўшыся, усміхнулася:

—Пра што гэта ты, Джэк? Ролю? Якую ролю?.. Я проста хацела даведацца ў цябе, калі мы паляцім на Зямлю? Я так сумую па ёй. Я хачу курыць...

Яе рука пацягнулася да сумачкі.

Выцягнуўшы з кішэні пісталет, я пагражальна навёў яго на Кэт.

— Не трэба. Апусці рукі.

І тут раптам я адчуў, як зверху на маю галаву ўпала каменная камлыга...

...Я ачуўся ў крэсле, Карабельны гадзіннік, які вісеўна сцяне, паказваў пачатак на дзевятую. Значыцца, я знаходзіўся у непрытомнасці амаль гадзіну. Перада мною з пісталетам у руцэ стаяў Гары. Але гэта быў не той плаксун-вучоны, якога я ведаў, а зусім іншы чалавек, зжорсткім пагардлівым лозіркам, са з'едлівымі, як у каршуна, вачыма. Ледзь толькі Гары прыкмеціў што я ўжо ачомаўся, ягоны твар расплыўся ў самаздаволенай усмешцы:

— Вось цяпер, здаецца, гульня і сапраўды скончана, містэр Хорст. Згадзіцеся, партыя была вельмі цікавая. Мне нават, прызнацца, крыху шкада, што яна скончылася. Бо самае непрыемнае і нецікавае ў любой гульні — гэта яе канец..Ці не праўда, містэр Хорст?

— Бадай што так, містэр Мопсан.

Падняўшы руку, я намацаў на галаве вялікі гузак. Чым жа мяне ўдарыў Гары? Кулаком? Не, па ўсім відаць, пісталетам. Чорт, як жа гэта я не заўважыў ягоны прыход у рубку? Я ўважліва агледзеў галоўны пост. Кэт сядзела ў тым жа надзіманым крэсле, закінуўшы нагу за нагу. Твар яе быў надзвычай спакойны і засяроджаны. Канечне, яна ў адной запрэжцы з Гары. Значыцца, агентаў двое. Вось дзе я даў маху...

— Так-так, містэр Хорст, — нібы прачытаўшы мае думкі, прамовіў важна Мопсан, — вы не памыляецеся ў сваёй здагадцы — нас двое. Вы ўсё цудоўна прадумалі, толькі пралічыліся з выбарам саюзнікаў. Ніка вы ліквідавалі самі...

— Ну, а Майкла забілі вы, — хутка ўставіў я. — Бо ён штосьці бачыў...

— Вы вельмі здагадлівы, — зноў самаздаволена ўсміхнуўся Гары. Ён выпадкова ўбачыў Кэт у вахтавай рубцы, калі яна зрысоўвала зорную карту. Зрэшты, гэта цяпер ужо не важна. Важна тое, што вы прайгралі, містэр Хорст. I мы вяртаемся на Зямлю без вас.

— Дапусцім, што вы здолееце з Кэт пагрузіць на борт С-17 і потым паспяхова стартаваць, — паспрабаваў я расцягнуць час. — Але як вы дасягнеце Зямлі? Караблём жа трэба кіраваць...

— Карта зваротнай дарогі ў нас ёсць, — нахабна вымавіў Гары, тыцнуўшы ў сваю памочніцу пісталетам. — Трэба за гэта падзякаваць міс Кэт. Наконт паліва і харчавання, як вы разумееце, нам няма чаго хваіявацца, калі мы маем на борце такую дасканалую машыну, як С-17...

— Але карта не зусім дакладная, — паспрабаваў я яму запярэчыць. — Патрэбны дадатковыя разлікі па цэфеідах.

— Наконт гэтага не турбуйцеся, містэр Хорст. Я знаёмы з навігатарскай практыкай...

Мопсан не дагаварыў. Вялікі чорны цень, што раптам мільгануў за яго спінай, прымусіў яго павярнуцца. На твары Гары застыла грымаса жаху. Перш чым я паспеў штосьці сцяміць, Мопсан, як падкошаны, паляцеў на падлогу. Праз імгненне яго засмактала ў сябе вялізная шэрая слізістая маса, што запаўзла ў рубку...

Апамятаўшыся, я ледзь паспеў усхапіцца з крэсла, пацягнуўшы за сабою Кэт, схавацца ў калідоры, як брыдкі разлезлік напоўніў рубку...



27 лістапада...

Мы зачыніліся з Кэт у навігатарскай. Ад убачанага і перажытага вельмі баліць галава... Гэтая слізістая пачвара, якая праглынула Гары, ломіцца ўдзверы... Яна яўна хоча дабрацца да нас. Я не ведаю, колькі мы пратрымаемся... У Кэт была істэрыка. Прыйшлося даць ёй заспакаяльнае...

Я паспрабаваў знішчыць пачвару з пісталета, потым — лазернымі прамянямі... Але яе нішто не бярэ...

28 лістапада...

Не стала Кэт. У начы слізістая пачвара прасачылася праз вентыляцыйную адтуліну да нас у навігатарскую і засмактала ў сябе Кэт. Здаецца, тая нават не прачнулася. Я ледзь паспеў выскачыць у калідор і зашчапіцца ў лабараторыі... Я шчыльна зачыніў люк, але, баюся, становішча маё безвыходнае. У мяне амаль няма ежы і зусім мала вады...



ЗО лістапада...

Пачвара ўжо праламала кармавы люк... Цяпер мяне ад яе аддзяляюць толькі тонкія металічныя дзверы. Яна трасе іх. Здаецца, больш чым гадзіну мне не пратрымацца... Але жывым я ёй нез дамся. На шчасце, у прабірках Гары досыць атруты... Заклінаю ўсіх вас, хто па волі лёсу апынецца ў гэтым далёкім закутку Сусвету, адшукае і прачытае мае запісы, — зараз жа, не марудзячы і хвіліны, пакіньце гэту жудасную планету...



ЗО лістапада, 12 гадзін 40 хвілін...

Пачвара лютуе ў калідоры... Я на прадрапала ўжо ў дзвярах невялічкую дзірку. Здаецца, у мяне засталіся лічаныя хвіліны... Але так проста поскудзь мяне не возьме. Я знайшоў у шафе Гары выбуховую сумесь. Трэба толькі злучыць яе з вадой...

Гэта будзе мой развітальны салют. Яшчэ раз заклінаю вас, хто адшукаў мой дзённік, — неадкладна пакіньце гэтую страшную планету...

Капітан 36-й зорнай экспедыцыі Джэк ХОРСТ

Я паклаў запісы ў шуфляду і доўга сядзеў у роздуме. Падзеі, якія былі апісаны ў сшытку, толькі ўзмацнялі мае падазрэнні, але праверыць сваю здагадку канчаткова я мог толькі заўтра...


3. Трызубец Пасейдона
На золку мяне разбудзіў сігнал відэафона. На зіхоткім экране з'явіўся ўсхваляваны твар капітана.

— Андрэй Мікалаевіч! Тэрмінова падыміцеся ў вахтавую! Кудысьці знікла Вольга.

Хутка апрануўшыся, я зайшоў у ліфт і падняўся ў рубку. У ёй, акрамя капітана, ужо былі Лукаў і Віхрын, сумныя, панурыя, з заклапочанымі тварамі. Расступіўшыся, яны прапусцілі мяне да пульта.

— Вось, чытайце, — працягнуў мне Зураў невялічкі ліст паперы, які быў спісаны чорным чарнілам. — Гэта знайшоў сёння ў рубцы Пётр Трафімавіч, калі заступаў на вахту. Здаецца, пасланне адрасавана вам.

Капітан падняўся з крэсла, паволі прайшоў па рубцы.

Я перавёў позірк на запіску і, лёгка пазнаўшы почырк Вольгі, хутка прабег яе вачыма. Пасланне абвяшчала:

«Андрэй Мікалаевіч! Я перачытала ўчора вечарам дзённік капітана Хорста і выпадкова знайшла ў ім яшчэ адзін запіс. Ён быў схаваны ў вокладцы. Я пераклала яго. Вось ягоны даслоўны тэкст:

«За дзвярыма падазрона ціха... Здаецца, гэтая пачвара вырашыладаць мне яшчэ некалькі хвілін перадыху...

Спадзяюся, што вы пакінулі ўжо гэтую шэрую шэльму і зараз, несучыся пасярод бязмежнага касмічнага акіяна, спакойна п'яце каву... Але, калі вы раптам яшчэ не зрабілі гэтага, ці па якойсьці прычыне не здольныя адляцець з гэтай страшнай планеты, што ж, добра, даю вам яшчэ адзін шанс... Чуеце, пакуль яшчэ не позна, і з вамі не вычварылі тое ж, што з намі, вы павінны апярэдзіць іх... Гэта брыдкая слізістая пачвара — яна толькі робат, які выконвае загады... Я засёк на лакатары — ёй дасылаюць сігналы... Заклінаю вас, нанясіце ўдар першыя, пакуль яны яшчэ не ўзяліся за вас!.. Знішчыце іх! Адпомсціце за нас. Я ведаю, як іх адшукаць. Дарогу вам пакажа С-17. Ён запраграмаваны выконваць усе загады. Трэба толькі ўвайсці ў яго і аддаць загад... У вас ёсць яшчэ шанс. Спяшайцеся... Прабачце, задзвярыма моцны грукат... Здаецца, пачвара пачала дзейнічаць. Трэба падрыхтавацца да сустрэчы...»

Ніжэй ішла кароткая запіска Вольгі:

«Андрэй Мікалаевіч! Як брыдка і жудасна тое, што яны тут рабілі... Я шмат разважала ноччу і вырашыла... Прашу толькі, не судзіце мяне строга, але я іду сказаць ім, што мы не такія. Мы іншыя, зусім іншыя... Папрасіце, калі ласка, прабачэння за мой учынак у капітана.

Вольга».


Прачытаны ліст я вярнуў Зураву.

— Лічыце, што аб'ект і на самай справе здольны паказваць дарогу? — запытальна зірнуў той на мяне.

— Калі ён і сапраўды робат з дакладнай праграмай, усё можа быць, — няпэўна кіўнуў я галавою.

3 пульта капітан выклікаў Сарторыка. Той адказаў пасля кароткага патрэсквання ў дынаміку:

— Рубка, я — Сарторык. Я агледзеў адсек. Усе лятальныя апараты на месцы, акрамя аднаго катэра. Са спецкамеры таксама прапаў скафандр.

— А аб'ект?.. Што з аб'ектам? — кінуў у мікрафон Зураў.

— Яго няма, — пачуўся спакойны адказ. — Дзверы выпрабавальнай камеры адчыненыя. Яна пустая. У шлюзе павышаная колькасць тармазной аэразолі. Падобна, камерай зусім нядаўна карысталіся.

— Значыцца, Вольга ажыццявіла свой план, — цяжка ўздыхнуў Віхрын. На ягоным твары мільгануў лёгкі цень трывогі. — Баюся, яе завабілі ў пастку.

— Бачу яе! — прыпаўшы да блакітнага экрана лакатара, раптам усклікнуў Лукаў. — Яна над іглістымі гарамі. Сігнал слабы, але даволі разборлівы.

— Усім тэрміновы збор! — усхвалявана кінуў Зураў. — Падрыхтаваць «Стралу» да вылету...

Барвовы круг сонца паўстаў ужо над гарызонтам, калі наш планеталёт дасягнуў іглістых гор. Яго яркія ружовыя промні шчодра палівалі святлом жоўта-аранжавыя пашчы прорваў, што туліліся пад намі ўнізе. Звілісты горны хрыбет цягнуўся з паўднёвага захаду на паўночны ўсход. Мы зменшылі хуткасць планеталёта. Уключыўшы прыёмнік, Лукаў напружыў слых.

— Я чую пазыўныя яе катэра! — пачуўся радасны вокліч кібернетыка. — Вольга дзесьці пад намі...

Мы прыніклі да назіральных шчылін. Унізе праплывалі выпаленыя жылы скал і барвовыя гарбы пагоркаў, зрэзаныя зігзагападобнымі цяснінамі і спярэшчаныя чырванаватымі голкамі і зубцамі, якія выглядалі дзікімі і пустэльнымі.

— Зірніце, там тунель! — усклікнуў раптам Віхрын, як толькі наш планеталёт дасягнуў шырокай зубчастай цясніны.

Чорная круглая гарлавіна, на якую паказваў першы пілот, месцілася ў самым цэнтры рванага горнага хрыбта. Дымчатая, змрочная, яна была такога гіганцкага радыусу, што ў яе змог бы спакойна праваліцца нават самы вялікі зямны зоркалёт.

— Пашча д'ябла, — ціха вымавіў Лукаў.

— I, здаецца, нам нічога іншага не застаецца, як заявіцца да яго ў госці, — іранічна зазначыў я.

— Толькі што нас там чакае? — сумна кінуў Віхрын.

Зрабіўшы над цяснінай круг, наша «Страла» імкліва кінулася ўніз. Не прайшло і хвіліны, як нас засмактала ў сябе апраметная цемра. Магутныя пражэктары, якія запаліліся на карме, асцярожна зашнарылі па цёмна-шэрых сценах вялізнай цыліндрычнай шахты, якая цягнулася на неймаверную глыбіню.

— Апусканне 300 метраў, — суха дакладваў Лукаў, не зводзячы вачэй з экранаў аналізатараў — 500... 1000... Прайшлі адзнаку 2000 метраў...

Пляма святла, узнікшы наперадзе, прымусіла нас з палёгкай уздыхнуць. Праз імгненне мы ўляцелі ў вялікі паўкруглы, заліты святлом шлюз. Выпусціўшы агнявы слуп тармазнога дыму, наш планеталёт плаўна апусціўся на гладкую прасторную пляцоўку.

— Фю, — міжволі прысвіснуў Зураў у мікрафон скафандра, як толькі шэры засціл рассеяўся і бачнасць палепшылася.

На роўнай люстэркавай паверхні, куды сышлі па трапе, мы, нібы зачараваныя, пазіралі на гіганцкую квадратную залу, што брала пачатак з краю пасадачнай пляцоўкі і знікала ў імглістай далечыні. Яе высокія шэра-карычневыя сцены былі ўсыпаны нішамі, бы тымі сотамі, у некалькі ярусаў; самыя верхнія з іх губляліся ў змроку пад купалам.

Усе яны былі напоўнены бела-малочнай сліззю, якая пералівалася, паблісквала на святле. Уся гэта фувасткая беласнежндя маса паволі круцілася, набываючы самыя разнастайныя і дзіўныя абрысы і формы, няспешна складвалася ў шары і зборкі. Было штосьці чароўнае і адначасова страшнае ў гэтым велічным вірлівым колавароце. Здавалася, што з кожнай нішы, куточка за намі назіралі дапытлівыя нябачныя вочы.

— Што гэта? — прагучаў у навушніках здзіўлены голас Віхрына — I дзе тыя, хто завабіў нас сюды?

— Яны перад намі. Праўда, толькі ў адным экземпляры, — ціха прамовіўя.

— Вы хочаце сказаць, што вось уся гэтая белая маса... адна істота? — пачулася заклапочанае пытанне Лукава.

— Усяго толькі мозг — мозг тае вялікай штучнай субстанцыі, якую мы называем Сакстам. I прызначэнне якой — сядзець і ахоўваць у Сусвеце жыццё, — хутка адказаў я.

На хвіліну ўсталявалася цішыня. Відаць, мая выснова моцна ўразіла ўсіх.

— Выходзіць, перад намі робат? — падаў нарэшце голас капітан.

— Мыслячы робат, — удакладніў я.

— Гляньце, там Волыа! — раптам пачуўся ў навушніках трывожны голас Віхрына.

Кінуўшы позірктуды, куды паказвала металічная рука першага пілота, я міжволі ўздрыгнуў. У далёкім кутку залы ўзвышалася велізарная пурпурная піраміда. Яе вострая піка была асвечана бляскам жывога полымя, што праменілася з барвовага крышталепадобнага прадмета, які каранаваў верхавіну пабудовы. Ад залы піраміду аддзяляла тоўстая празрыстая перагародка. За ёй ля самага падножжа пабудовы і ляжаў серабрысты скафандр дзяўчыны.

Мы таропка перабеглі залу.

— Крыніца энергіі? — пазіраючы на гульню языкоў полымя за празрыстым бар'ерам, каля якога мы прыпыніліся, няпэўна разважаў Лукаў.

— Падобна на тое, — задуменна прамовіў капітан і, уключыўшы перадатчык.выклікаўдзяўчыну.

— Волыа, я — Першы! Адкажы... Ты чуеш мяне?..

Металічная рука скафандра за перагародкай ледзь бачна паварушылася, у навушніках пачуўся дзявочы шэпт:

— Першы... дзе вы? Я не бачу вас...

— Мы побач з табою, за бар'ерам, — выгукнуў у мікрафон Зураў. — Але мы не ведаем, як яго пераадолець. Вольга, ты можаш устаць?

— Не, — пачуўся ціхі адказ. — Мне вельмі цяжка дыхаць. Здаецца, у мяне пяшкоджаны скафандр.

— У яе канчаецца кісларод, — з трывогай у голасе прамовіў Лукаў. — Больш чым дзесяць хвілін ёй не пратрымацца. Трэба тэрмінова што-небудзь рабіць...

Мы з хваляваннем зашнарылі рукамі па тоўстым шкле. Паверхня перагародкі, што аддзяляла нас ад дзяўчыны, была роўная і гладкая. Ва ўсякім разе мы не адшукалі на ёй ніводнага выступу і нават самай малой пукатасці. Яна трымала сабою як моцныя націскі і ўдары, так і хістальныя рухі.

— Як жа прайсці праз гэтую сцяну? — устрывожана кінуў капітан. Пранізлівы тонкі гук, што чымсьці нагадваў спеў вібруючай струны, прымусіў нас насцярожыцца.

— Я ведаю як, — пачуўся з дынаміка глухі, бы з падзямелля, голас. Павярнуўшыся, я міжволі прытаіў дыханне. 3 глыбіні залы на нас марудна насоўвалася шэрая металічная маса. Гэта быў катэр Вольгі. У ягоным лабавым ілюмінатары цёмна-зялёным адлівам пераліваўся на святле шлем Віхрына. Вялікі аранжавы стрыжань лазернай устаноўкі, што быў высунуты з кармы, пагражальна наліваўся чырвона-барвовым полымем. Слізгануўшы ўніз, апарат павіснуў за некалькі цаляў ад мармуровай гладзі.

— Прашу ўсіх адысці ад бар'ера, — тут жа прагучаў у шлеме хрыплы голас першага пілота. — Гэта пачвара... Я не аддам ёй Вольгу... Я спыню яе...

Кароткі сухі трэск, які пачуўся ў навушніках, сведчыў пра тое, што Віхрын адключыў сувязь.

— Ён звар'яцеў — трывожна прамовіў Лукаў. — Ён хоча скарыстаць устаноўку... Але промні разбураць не толькі бар'ер. Яны загубяць крыніцу. Мы знішчым сістэму, а разам з ёю жыццё на Аэсце.

Мы са страхам пазіралі на агністае сінявата-ружовае полымя, што разгаралася перад кармой катэра Вольгі і якое вось-вось павінна было сцячы смяротным промнем...

— У нас не больш як пяць хвілін, — ціха зазначыў Лукаў. Зураў ступіў да сцяны, загарадзіўшы сабою піраміду, узняў руку.

— Анатоль Паўлавіч! Не... Гэта вар'яцтва! Я ведаю, ты бачыш і чуеш мяне. Я не пайду адсюль. Ты яшчэ можаш усё спыніць...

Я і Лукаў сталі побач з капітанам. Полымя на катэры ўжо зрабілася пагражальна чырвона-крывавым, як раптоўна яго і апарат абступіла дымчатае воблака. Не прайшло і дзвюх секунд, як пад высокі купал узвіўся бялюткі слуп агню... Калі чорны, уедлівы дым развеяўся, з грудзей капітана вырваўся цяжкі ўздых. Уся прастора перад намі была ўсыпана гарачымі металічнымі рэшткамі лятальнага апарата...

У халодным поце я дацягнуўся да перагародкі, але мая рука не знайшла пункта апоры. Бар'ера, які яшчэ імгненне таму аддзяляў нас ад Вольгі, больш не было. Павярнуўшыся, я хутка кінуўся да дзяўчыны, якая ляжала ля самага падножжа агнявой піраміды. Таропка адшукаў на яе серабрыстым скафандры кіслародны клапан, уставіў у яго стрыжань свайго балона. Праз секунду губы дзяўчыны за лабавым шклом

шлема заварушыліся, пачалі прагна глытаць паветра, якое са свістам струменіла з накапляльніка. Вольга расплюшчыла вочы.

— Андрэй Мікалаевіч, гэта вы, — ціха прашаптала яна. — А дзе Аляксей Міхайлавіч? Што з ім?

—Я тут, Вольга, — усхвалявана прамовіў капітан, схіліўшыся наддзяўчынай. — Як ты сябе адчуваеш? Мы зараз аднясём цябе на планеталёт.

— Адчуваю? — ледзь чутна прашаптала Вольга. — Здаецца, са мною ўсё добра. Толькі галава крыху кружыцца. А дзе Віхрын? Чаму я не бачу яго?..

Зураў вымавіў з цяжкасцю:

— Ён... загінуў...

Гучны трэск, які пачуўся ў навушніках нашых шлемаў, прымусіў нас пераключыцца на далёкую сувязь. Нас выклікала база.

— Першы! Першы! Дзе вы? — загучаў металічны голас Сарторы-ка. — Чаму не адказваеце? Што там у вас зноў здарылася? Першы! У мяне тэрміновае паведамленне!..

— Сарторык, я — Першы! — нягучна кінуў у мікрафон Зураў. — Я слухаю цябе.

— Капітан! Тут здарылася такое! — хутка загаварыў Сарторык. — Рухавікі!.. Вы толькі ўявіце сабе, яны раптам запрацавалі!.. Самі і ўсе адразу!

— Здаецца, нам прапаноўваюць выбірацца адсюль, пакуль цэлыя, — ціха прамовіў Лукаў які падышоўда нас.

— Сарторык, мы вяртаемся на базу, — Сказаў у мікрафон Зураў і адключыў сувязь. Мы ўзялі Вольгу на рукі і накіраваліся да планеталёта...

4. Развітальная сімфонія

Пад маркотны спеў навігатарскіх прылад і аглушальны роў разрэджанага паветра за бортам наш зоркалёт упіўся ў апраметную нябесную чарнату Ледзь толькі мы пераадолелі прыцягненне планеты, кіраванне караблём узяў на сябе аўтапілот. Мы вярталіся на Зямлю. Ілюмінатар перад намі напаўняўся зоркамі. Але частку бакавога люстэрка засланяў вялікі попельны дыск Сакста, пазіраючы на які, мы зведвалі лёгкае пачуццё суму і журбы. Пануры і задуменны, ён, бы той стомлены вандроўнік, маўкліва плыў пасярод чарнільнай цемры.

— Вось і ўсё, — цяжка ўздыхнула Вольга. — Здаецца, мы ніколі ўжо больш не пабываем тут...

— I ўсё ж, мне шматчаго пакуль не зразумела ва ўсёй гэтай гісторыі, што здарылася з намі, — адарваўшыся ад ілюмінатара, прамовіў Лукаў. — Напрыклад, «Аталанта»... Яна церпіцьбедства. Ім даюць прытулак. Але яны, як цяпер мы ведаем з запісаў іхняга капітана, трэбуюць той гасціннасцю, якую да іх праявілі, і справядліва атрымліваюць па заслугах... Тут усё проста. Але чаму быў пашкоджаны беспілотны «Аэрон»? — Павярнуўшыся, кібернетык запытальна зірнуў на мяне. — I як вы, Андрэй Мікалаевіч, здагадаліся, што перад намі не проста машына, а цэлая гіганцкая штучная сістэма?

— Мыслячая сістэма, заўважце, — паправіў я Лукава, не падымаючыся з крэсла, — прызначэнне якой сеяць і ахоўваць жыццё. I не яе віна, што мы, зямляне, парушылі яе штодзённы і звыклы цыкл працы. Што датычыцца «Аэрона»... то тут не ўсё так проста, — спакойна прамовіў я і зірнуў у ілюмінатар. Саксту ім свяціўся вялікім агністым шарам. Шырокі непраглядны аранжавы пояс воблачнасці агортваў ягоны экватар, полюсы ж пазначаліся попельна-чырвонымі водбліскамі. Здавалася, мыслячы волат быў у роздуме.

— Давайце, глянем на тое, што здарылася з ім, як бы з боку, — ціха працягнуў я. — Дык вось, з'яўленне на планеце нашага зямнога беспілотнага апарата. Сакст уважліва назірае за ім. Ён сузіральнік і творца па сваёй прыродзе, таму ветліва дазваляе «Аэрону» вывучаць сваю паверхню. Але наша станцыя, як мы ведаем, дзейнічае па строга зададзенай праграме. Памятаеце, наш першы аглядяе, усаджаны ў зямлю разак? Ёй загадана ўзяць пробу грунту планеты — глыбінную пробу. I калі б станцыя зрабіла гэта, яна б разбурыла абалонку Сакста. Тут вось і пачуўся крык, які мы палічылі за сігнал «прыцягнення ўвагі». Але на самай справе гэта быў менавіта крык — заклік не ўчыняць задуманага. На жаль, ён не быў пачуты. I Сакст проста быў вымушаны бараніцца, як і ў выпадку з Віхрыным...

— Значыцца, у сваім тэрміновым паведамленні аб выяўленні радые-імпульсаў «Аэрон» даў дакладныя каардынаты крыніцы С-17, іншымі словамі — Сакста, — ціха прамовіў Лукаў. — I менавіта гэта навяло вас надумку...

— Што перад намі нешта іншае, чым проста невялікая, апаленая сонцам, планета, — сцвярджальна кіўнуў я галавою. — I яшчэ здагадка Аляксея Міхайлавіча пра магчымае жыццё на Аэсце, якая неўзабаве атрымала бліскучае пацвярджэнне. Заставалася толькі ўсё звязаць з запісамі капітана Хорста... I першай гэта зрабіла Вольга, — кіўнуў я галавою на дзяўчыну, што сядзела побач з экранамі далёкага агляду.

— Ну, а гісторыя з намі куды прасцейшая, — нягучна прамовіў капітан, які стаяў каля лабавога ілюмінатара і ўзіраўся ў бязмежную чорную касмічную далеч. — Наш зоркалёт пры падлёце да Сакста выпадкова трапляе ў поле дзеяння ягонага сілавога выпраменьвання, церпіць бедства. Нас выратоўваюць, пасадзіўшы на планету. I далей — атаясамліваюць з экіпажам «Аталанты». Адсюль ужо і ўсе нашы беды, гэтая апошняя праверка...

— I калі б перад намі была не разумная штучная субстанцыя, не цяжка ўявіць сабе зусім іншы для нас фінал, — ціха дадаў Лукаў.

Я зірнуў услед за капітанам на бакавыя экраны. У іх Сакст быў ужо велічынёй з футбольны мячык. Велічная, пагардлівая Аэста, што плыла побач з ім, зіхацела бэзава-залацістым пералівам. Але ў яркім бляску планет ужо не было адцення былой няветлівасці.

— Проста не магу ўявіць сабе Свет, які стварыў гэткага дасканалага гіганта, як Сакст! — узрушана ўсклікнула Вольга. — Наколькі ж ё'н павінен быць незвычайны і прыгожы! Няўжо мы так нічагуткі не даведаемся пра яго? I ніколі не сустрэнемся больш з будучымі разумнымі жыхарамі Аэсты?

— Хто ведае, — крыху задумаўшыся, адказаўдзяўчыне Зураў. — Можа, калі-небудзь мы, зямляне, пачуем іх покліч...

Ціхая, пяшчотная, надзвычай меладычная музыка, якая раптам напоўніла рубку, прымусіла капітана змоўкнуць. Мелодыя лілася не з дынамікаў нашых прыёмнікаў— аднекуль зверху. Прытаіўшы дыханне, мы слухалі велічныя чыстыя высокія гукі, якімі не могабазвацца на Зямлі ніводны музычны інструмент. Гукі напаўнялі памяшканне дзіўным чароўным водарам, прымушалі ўсхвалявана біцца нашы сэрцы.



— Вось вам і адказ на ваша пытанне,—узрушана кінуў Зураў Вользе. — Што гэта, як не запрашэнне?.. Запрашэнне да будучага кантакту з разумнымі жыхарамі Аэсты...

Быццам зачараваныя, мы працягвалі слухаць велічную прыгожую музыку, якая лілася з бязмежнай прасторы. Безумоўна, развітальную музыку Сакста, які, бы той сябар, прыязна ўсміхаўся на.м з чарнаты бясконцага касмічнага мора ўжо маленькай бялёса-зіхоткай зорачкай...
1   2   3   4   5


База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка