Выкрыццё чыноўніцтва ў п’есе. Вобраз Кручкова



Дата канвертавання19.07.2016
Памер55.56 Kb.
Настаўнік Кабешава В.І.
Тэма “Выкрыццё чыноўніцтва ў п’есе. Вобраз Кручкова”
Мэты:

засяродзіць увагу вучняў на характарыстыцы вобраза Кручкова і яго памочніка Пісулькіна;

удасканальваць уменні аналізу вобраза, садзейнічаць выпрацоўцы ў вучняў пазітыўных адносінаў да жыцця, жыццёвых з’яў;

развіваць камунікатыўныя навыкі, умацоўваць вопыт супрацоўніцтва ў мікрагрупе, калектыве.


Тып урока: камбінаваны з выкарыстаннем інтэрактыўных тэхналогій, метад “5 з 25”.

Папярэдняя работа: падрыхтаваць рабочыя месцы для творчых груп, пасля пастаноўкі вучнямі мэт урока раздаць лісты “У дапамогу пры вывучэнні тэмы “Выкрыццё чыноўніцтва ў п’есе. Вобраз Кручкова”.



Ход урока

I.Арганізацыйны момант.

Уступная гутарка, пастаноўка задач.



II.Гутарка па пройдзеным матэрыяле.

Настаўнік. Хацелася б пачуць ад вас эпіграф, які мы выкарыстоўвалі на мінулых ўроках.

Вучань. Не дазваляй душы ляніцца,

Не дазваляй ёй доўга спаць.

Душа павінна, як крыніца,

І абуджаць нас, і натхняць.

Настаўнік. Усе пагодзяцца з гэтым, бо ўрок літаратуры існуе, каб абуджаць душу, прымушае хвалявацца, задумацца над жыццёвымі праблемамі. Няважна, пра якое стагоддзе мы гаворым, творчасць якога пісьменніка мы разглядаем, нам вельмі часта здаецца, што творца заглянуў у нашу душу, прыадкрыў яе таемную завесу. У гэтым мы яшчэ пераканаемся на сённяшнім уроку літаратуры. Прыадкрыем завесу часу і перакінемся ў сярэдзіну XIX ст. Сёння трэці ўрок па творчасці Вінцэнта Дуніна- Марцінкевіча. Некалькі пытанняў па матэрыяле папярэдніх ўрокаў.


  1. Акрэсліце жыццёвы і творчы шлях Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча ў дарэформенны перыяд.

  2. Што паўплывала на фарміраванне светапогляду пісьменніка ў паслярэформенны перыяд?

  3. Назавіце асноўныя праблемы п’есы “Пінская шляхта”.

III.Новы матэрыял.

Настаўнік. Вельмі прыемна, што вы ведаеце творчасць Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча. А цяпер звернемся да дошкі, прачытаем і запішам тэму ўрока ў сшыткі.

На сённяшнім уроку мы будзем працягваць аналізаваць праграмны твор пісьменніка “Пінская шляхта”. Адна з галоўных праблем п’есы (як мы ўжо вызначылі) – крытыка царскага правасуддзя, асуджэнне ўсёй сістэмы царскага суда і законнасці. Яна (праблема) раскрываецца праз вобраз Кручкова. З вашай дапамогай мы паспрабуем даследавць гэтую праблему.

Слова падрыхтаваным вучням.


1-ы вучань. Калі ў 1890 г. была зроблена спроба надрукаваць "Пінскую шляхту", віленскі губернатар рашуча запратэставаў, заявіўшы, што такі твор, дзе ў «непрыглядным выглядзе паказана асоба станавога прыстава, які пры гэтым усюды называецца "найяснейшая карона", друкаваць нельга». Высокапастаўлены царскі чыноўнік добра адчуў у камедыі В. Дуніна-Марцінкевіча сатыру не толькі на станавога прыстава, але і на ўсю сістэму царскага суда і законнасці. Станавы прыстаў Кручкоў, які прыязджае на разгляд справы Ліпскага і Пратасавіцкага і пры гэтым паводзіць сябе самым нахабным чынам, дзейнічае ад імя "найяснейшай кароны", увесь час спасылаючыся на "ўсеміласцівейшыя" царскія ўказы. Гэтым пісьменнік падкрэслівае думку, што беззаконнасць была ўзаконена ўсёй сістэмай царскага самаўладдзя. Паводзіны Кручкова сярод шляхты — з'едлівая пародыя на правасуддзе. Не паспеў ён яшчэ пачаць "разбірацельства", а ўжо гучыць яго загад, каб шляхта несла хабар: "Няхай аддадуць хурману, ды спакуйце там харашэнька ў возе"
2-і вучань. Але вось пачаўся разгляд справы. Шляхта і апамятацца не паспявае, як на яе сыплюцца розныя штрафы.

"Обжалованный Протосавіцкі імеет жа ўплаціць 20, прогонных 16 і на канцылярыю 10 рублёў. Жалуюшчыйся Ліпскі ў палавіне таго, сведкі, каторыя бачылі драку, а не баранілі, — па 9-ці рублёў, а вся прочая шляхта, што не бачыла дракі, за тое, што не бачыла, - па 3 рублі".

Гэта яшчэ да абвяшчэння "дэкрэта" - прысуду. А па прысудзе - зноў:



"а) Ціхону Протосовіцко му, как угалоўнаму прэступніку, назначается:

1-е) 25 лоз на голай земле без дывана і 2-е) штрафа 25 рублёў в пользу врэменнаго прысуцтвія; б) Івану Цюхаю-Ліпскаму, как нанесшаму лічнае аскарбленне Протосавіцкаму, назначается: 1-е) 15 лоз на дыване і 2-е) 15 рублёў штрафа в пользу врэменнаго прысуцтвія; свідзецелям, каторые відзелі драку і не разнялі дзерушчыхся, - 1-е) па 10 лоз на дыване і 2-е) па 10 рублёў штрафа в пользу врэменнаго прысуцтвія; д) всей прочэй шляхце, каторая не відзела дракі, за тое, што не відзела, а цем самым і не магла разняць дзерушчыхся, назначается: 1-е) па 5 лоз на дыване і 2-е) па 5 рублёў штрафа в пользу того жэ прысуцтвія".
3-і вучань. Кручкоў добра ведае звычкі неадукаванай шляхты і ўпэўнены, што кожны з іх вытрасе кашалёк, каб толькі не быць бітым лазой. Асабліва Пратасавіцкі: яго чакае "нечуванае ўніжэнне" — 25 лоз на голай зямлі, без дывана, як звычайнаму селяніну, не шляхціцу. Нахабству і цынізму Кручкова няма межаў. Ен так вольна адчувае сябе сярод фанабэрыстай, прастакаватай, запалоханай яго прысудамі і штрафамі шляхты, што не лічыць патрэбным захоўваць нават знешнюю форму правасуддзя. Ён аб'яўляе вінаватымі тых, хто ніякіх адносінаў да справы не мае. Чытаючы царскія ўказы і законы, ён дапускае такія сцвярджэнні, ад якіх вушы вянуць: "Па ўказу всеміласцівейшай гасударыні Елісаветы Пятроўны 49 апрэля 1893-га года і всеміласцівейшай Екацерыны Вялікай от 23 сенцябра 1903-га года" або па іншых указах ад "окцябра 45-га чысла", "сенцябра 75-га дня". Кручкоў упэўнены, што такая несусветная лухта будзе прынята шляхтай за чыстую праўду. "Глядзі ж ты! Як ён на бяду нашу ўсе ўказы і законы як рэпу грызе і не заікнецца!" — гаворыць да смерці напалоханы Пратасавіцкі.

Кручкоў жа задаволена і цынічна паўтарае: "Законы, міленькія, законы!"


Настаўнік. Мы працягваем працаваць над адной з галоўных праблем п’есы.

Дык хто ж ён, Кручкоў?

Мы падзялілі клас на групы па 4 чалавекі.

Заданне.

3 прапанаваных 25 рыс чалавечага характару (гл. раздатачны матэрыял) выберыце і запішыце ў сшытак пяць найбольш характэрных для вобраза Кручкова.

(У групе шляхам дыскуціравання вучні выбіраюць пяць рыс, размяшчаюць іх па ступені выражанасці ў характары антыгероя. Пазначаюць, з якой колькасцю і якімі рысамі пагадзілася група. Пасля абмеркавання прадстаўнік кожнай групы запісвае вынікі выбару на дошцы, каменціруе, абараняе свой выбар. Прадстаўнікі груп могуць дапаўняць, дапамагаць, іншыя групы могуць задаваць пытанні).


Настаўнік. Сапраўды, Кручкоў – чалавек хітры, нахабны, бессаромны, бюракрат. Паводзіны станавога прыстава – пародыя на царскае правасуддзе. Гэта моцна хвалявала Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, і як пратэст ён напісаў камедыю “Пінская шляхта”.

Ці можна праблемы, закранутыя ў п’есе, звязаць з сучаснасцю?

(Вучні выказваюць свае меркаванні)


  1. Рэфлексія.

Ці дасягнулі мы мэт, пастаўленых на ўроку?

Прадоўжыце сказы:

1. Светапогляд Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча змяніўся з-за…;


  1. Праблемы, пастаўленныя ў творы…;

  2. Кручкоў – гэта…

V. Дамашняе заданне.

Прадумаць адказы на абагульняючыя пытанні па п’есе.


У дапамогу пры вывучэнні тэмы “Выкрыццё чыноўніцтва ў п’есе “Пінская шляхта”. Вобраз Кручкова”
Мэты:

засяродзіць увагу вучняў на характарыстыцы вобраза Кручкова і яго памочніка Пісулькіна;

удасканальваць уменні аналізу вобраза, садзейнічаць выпрацоўцы ў вучняў пазітыўных адносінаў да жыцця, жыццёвых з’яў;

развіваць камунікатыўныя навыкі, умацоўваць вопыт супрацоўніцтва ў мікрагрупе, калектыве.


25 рыс чалавечага характару

Гасцінны чалавек, дурань, бюракрат, надзейны сябар, грамадскі культурны дзеяч, хітры чалавек, грамадскі паразіт, малакультурная асоба, авантурыст, бязглузды чалавек, бессаромны, нахабны, прыстасаванец, прайдзісвет, цынік, цудоўны арганізатар культурных мерапрыемстваў, памяркоўны, кансерватар, верны традыцыям, добразычлівец, мужны чалавек, духоўны жабрак, таленавіты, умее прыстасавацца да абставін, маральна трывалы.


СЛОЎНІК

Авантурыст – беспрынцыповы дзялок, прайдзісвет, які займаецца рызыкоўнымі справамі.

Бюракрат – службовая асоба, якая выконвае абавязкі фармальна, валакітчык, фармаліст.

Прайдзісвет – пранырлівы, хітры чалавек.



Цынік – той, хто пагардліва адносіцца да агульнапрынятых нормаў маралі.




База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка