Віктар Крэс панятоўскія-крэпышы герба «юноша»: радавод старажытнага



Дата канвертавання15.05.2016
Памер407.62 Kb.
Віктар Крэс

ПАНЯТОЎСКІЯ-КРЭПЫШЫ ГЕРБА «ЮНОША»:

РАДАВОД СТАРАЖЫТНАГА

ШЛЯХЕЦКАГА РОДУ

Уступ


Гістарычным падмуркам дзяржавы Рэспубліка Беларусь з’яўляецца старажытнае Полацкае княства, вядомае дзякуючы рукапісным летапісам з сярэдзіны 9 стагоддзя, а таксама Вялікае Княства Літоўскае, у склад якога ў 1307 годзе ўвайшло Полацкае княства. ВКЛ як дзяржава існавала з сярэдзіны 13 да канца 18 стагоддзяў, да 1795 году, у якім адбыўся так званы трэці, канчатковы падзел Рэчы Паспалітай, супольнай дзяржавы двух народаў, дзяржавы, у складзе якой на федэратыўнай аснове суіснавалі Вялікае Княства Літоўскае і Каралеўства Польскае. Аснову дзяржаўнага кіравання і абароны краіны ў ВКЛ складала шляхта - прывілеяванае саслоўе людзей, што валодалі феадальнай уласнасцю на зямлю. Шляхта вылучалася сваёй шматлікасцю, дасягала 10-12 працэнтаў ад агульнай колькасці тагачаснага насельніцтва Вялікага Княства. Да старажытных беларускіх шляхецкіх родаў адносяцца каля 4000 прозвішчаў, якія ў сваім жыцці карысталіся прыватнаўласніцкімі гербамі. Польска-беларускі род Панятоўскіх з’яўляецца мэтай вывучэння гэтай працы, стаў сусветна вядомым дзякуючы каралю польскаму і вялікаму князю літоўскаму Станіславу Аўгусту Панятоўскаму (1732- 1798гг.). Гістарычны масштаб гэтага чалавека абумовіў падрабязнасць даследавання генеалогіі яго сям’і, каралеўскі радавод быў вельмі дэталёва распісаны шматлікімі даследчыкамі польскай гісторыі. З прац нашых айчынных гісторыкаў на гэтую тэму яскрава вылучаецца кніга Леаніда Несцярчука “Станіслаў Аўгуст Панятоўскі. Манарх, асветнік, мецэнат”, выдадзеная ў 2011 годзе, у якой вельмі цікава і падрабязна распавядаецца пра гэту агульнавядомую асобу. Натуральна, што генеалогію Станіслава Аўгуста мы не даследуем. Таксама трэба дадаць, што, акрамя вывучанага і выдадзенага для агульнага азнаямлення каралеўскага радавода Панятоўскіх герба Цяля, радаводы Панятоўскіх герба Юноша і Шранява, старажытных шляхецкіх родаў Вялікага Княства Літоўскага і Каралеўства Польскага, з’яўляюцца будучай працай для даследчыкаў гісторыі нашай Бацькаўшчыны. Спадзяемся, што, прадстаўленая ніжэй рэканструкцыя роду, стане першым крокам у гэтым напрамку.

Пачатковай мэтай даследавання быў генеалагічны роспіс роду Панятоўскіх герба Юноша, якія жылі ў 18-20 стагоддзях у аколіцы Суцін Ігуменскага павета Менскага ваяводства, а потым, адпаведна Мінскай губерні. З далейшым накапленнем і апрацоўкай архіўнага і гістарычнага матэрыялу мэта працы была пашырана і акрэслена як рэканструкцыя роду Панятоўскіх Крэпышоў герба Юноша.

З вялікай удзячнасцю ўзгадаю прафесіяналаў сваёй справы і шчырых людзей, без дапамогі якіх гэта даследаванне было б няпоўным: гісторык Фёдар Віктаравіч Чарняўскі, кандыдат гістарычных навук Сяргей Аляксандравіч Рыбчонак, польскі гісторык Анджэй Рахуба. Дзякуючы гэтым людзям генеалагічны роспіс радзіны Панятоўскіх Крэпышоў набыў амаль што завершаны варыянт, але праца на гэтым не скончана, ў напрацаваных намі хатніх архівах засталіся адгалінаванні роду, што яшчэ не ўвайшлі ў гэты роспіс, але з цягам часу і ў выніку дадатковай працы гэтыя гістарычная лакуны, спадзяюся, будуць запоўнены.
Панятоўскія з Панят Крэпышоў гербу Юноша
Рэканструкцыя роду
Пачатак шляхецкага роду Панятоўскіх герба Юноша (Junosza), згодна з гербоўнікам польскай шляхты С.Урускага, выходзіць з Польшчы, з невялікай, як ў старыя, так і ў нашы часы, вёскі Паняты (Poniaty), якая зараз знаходзіцца ў цэнтры Мазавецкага ваяводства, ў зямлі Закрачымскай, Вінніцкай парафіі (31). Прадстаўнікі гэтага роду адносіліся да дробнай шляхты. Прозвішча Панятоўскія было ўтворана ад назвы гэтай вёскі Паняты. Пасля Крэўскай уніі 1385 года, вынікам якой стала стварэнне дзяржаўнага саюза Вялікага Княства Літоўскага і Кароны Польскай, у дробнай мазавецкай шляхты з’явіліся новыя магчымасці ў набыцці зямельных уладанняў на абшарах Вялікага Княства Літоўскага. На пачатку 15 стагоддзя рыцары з закрачымскай вёскі Паняты на хвалі “каланізацыі” Падляшша заснавалі ў Дарагіцкім павеце вёскі: Паняты Загайне, Паняты Крэпышы, Паняты Казелкі.На сённяшні дзень з іх засталася вёска Паняты, якая знаходзіцца ў Падляскім ваяводстве, Сямяціцкі павет, гміна Перлеева (32).

Згодна з ваенным попісам шляхты ненайманага войска ВКЛ, які адбыўся ў 1567-1568 гг., каля Краснага Сяла (цяпер в. Краснае Маладзечанскага р-на) па загаду вялікага князя літоўскага Жыгімонта ІІ Аўгуста: “до Молодечна днём и ночью, яко на кгвалт поспешаючыся” сабраліся 27776 коннікаў для працягу вайны з рускім царом Іванам Грозным (25). З сяла Крэпышы Паняты ў харугве Дарагіцкага павета сталі на ваенны ўлік: “Юрекъ Юревичъ кляча, кафтанъ, мечъ, рогати. Янъ Станиславовичъ кляча, кафтанъ, мечъ. Вавърынецъ Ваврынцевичъ кляча, мечъ. Станислав з ыменья женънего съ Крепишовъ и з отчизны своее конь, кафтанъ, мечъ. Якубъ, Мартиновъ сынъ, конь, мечъ. Янъ Павловичъ конь, мечъ” (тут і надалей напісана на мове арыгінала). На сёння гэта першы, што стаў нам даступны, гістарычны дакумент, дзе згадваюцца прадстаўнікі галіны Панятоўскіх з Панят Крэпышоў (19).

Другі старажытны пісьмовы дакумент у справаводстве Вялікага Княства Літоўскага, з якога пачынаецца непасрэдна генеалогія роду Панятоўскіх з Панят Крэпышоў герба Юноша, жыўшых на землях Вялікага Княства Літоўскага, гэта акт Менскага гродскага суда 1582 года (1). У гэтым дакуменце гаворыцца, што зямянін гаспадарскі Мікалая Кішкі Ціханавецкага, ваяводы падляскага, Валенты Панятоўскі з жонкай Галенай Урбанаўнай маюць ва ўладанні ў Менскім павеце іменні Дзякшняны і Ўрбаноўшчына. Верагодна, што Валенты ўзяў сабе жонку Галену Ўрбанаўну з добрым пасагам, бо яе прозвішча супадае з назвай іх сумеснага ўладання - Урбаноўшчына.

Надалей я буду называць гэтую галіну рода- галіна Валенты Панятоўскага. Імя па бацьку - Валенты Марцінавіч было знойдзена ў вопісе дакументаў, што знаходзяцца ў актавай кнізе Менскага гродскага суда 1593 года (2).

Трэба адзначыць, што ў гістарычных дакументах таго часу, у 1584 годзе, згадваецца Валенты, сын Леанарда, дзедзіч вёскі Poniatowa- Krzepice, пра гэта піша польскі гісторык- генеолаг С. Урускі, адносячы пры гэтым Валенты да гербу Цёлак (79). Верагодна, гісторык памыляецца ў назве вёскі, таму што польскі гісторык А. Банецкі, абапіраючыся ў сваіх працах на дакументы Літоўскай Метрыкі , у сваёй кніге ”Poczet rodow w Wielkim Ksienstwie Litewskim w XIV- XVI wieku”, піша пра Мацея, дзедзіча на Панятах у 1541г., і Леанарда, сына Мацея Крэпыша з Панят у 1545 г.(80). Таму ёсць даволі ўпэўненае меркаванне, што пратапласта роду Панятоўскіх з Панят Крэпышоў гербу Юноша пачынаецца не з Марціна, а з Мацея, ад якога пайшоў Леанард, ад якога пайшоў Валенты. Далейшы генеалагічны пошук, спадзяемся, ўдакладніць гэтае пытанне, а пакуль надалей пратапластай роду будзем лічыць Марціна.

Пасля Люблінскай уніі 1569 года Падляшскае ваяводства, ў якім знаходзілася вёска Паняты Крэпышы, адышло да Каралеўства Польскага. Па ўмовах уніі польская шляхта не магла набываць землі на абшарах ВКЛ, і далейшы лёс Панятоўскіх Крэпышоў складаўся дзякуючы парадненню з шляхецкімі літвінскімі родамі, і таму, падобная гісторыя з шлюбнай партыяй Валентыя Марцінавіча, адбылася і ў жыцці яго роднага брата Крыштафа Марцінавіча Панятоўскага. Шлюб з Марфай Якубаўнай Рыбінскай адыграў ці не галоўную ролю ў жыцці яго асабіста, а таксама і ў жыцці ягоных нашчадкаў.Уладанні ў Мсціслаўскім ваяводстве, якія ён атрымаў у якасці пасага, заставаліся асноўнай маёмасцю беларускай галіны Панятоўскіх на працягу больш за 200 гадоў. Як і казаў сярэдневечны польскі генеолаг Барташ Папроцкі ў сваёй працы “Herby rycerstwa polskiego”, с.323, напісанай у 1584 годзе, пра Панятоўскіх герба Юноша: …”Poniatowscy w zakroczymskim powiecie dom starodawny і rosrodzony, z kotorych niektorzy w Rusi za poczciwemi sprawami do opotrzenia przyszli i tam sie zozeniali”.”Панятоўскія ў закрачымскім павеце дом старадаўні і разрадзіўшыся, з якога некаторыя ў Русь за пачцівымі справамі пайшлі і там ажаніліся”.

Бацька братоў Валенты і Крыштафа- Марцін, з’яўляецца пратапластай роду Панятоўскіх герба Юноша. Гэта імя стала вядома дзякуючы знойдзенай падчас пошуку назве судовай справы ў вопісе дакументаў Менскага гродскага суда за 1593 год –“ Жалоба Степана Балтрошевича Брушкевича земянина судьи Естафа Головни на Валентина Мартиновича Понятовского за побои приченённые дочери первому”(2). Прыкладная дата жыцця Марціна 1530 -1590 гг. Ведаючы тое, што яго сыны Валенты і Крыштаф з’явіліся і стала аселі на землях ВКЛ дзякуючы шлюбам, і землі, якія яны прыдбалі ў якасці жончыных пасагаў былі асноўнай іх маёмасцю, дапускаем меркаванне, што іх бацька Марцін меў нейкую маёмасць і стала жыў на Падляшшы ,магчыма, і ў Панятах, у вышэйзгаданыя гады. Верагодна, што вышэйзгаданы ў попісе войска ВКЛ 1567 года Якуб Марцінаў, сын з Панят Крэпышоў з’яўляецца яго сынам.Таксама, як магчымае меркаванне, дададзім спасылку на дакумент тых часоў, дзе ўпамінаецца Марцін Панятоўскі. У справах Берасцейскага гродскага суда 1582 года згадваецца пан Мацей Пратасавіч Астроўскі, сакратар яго каралеўскай міласці, які вывозіць свой лес з маёнткаў Магілёўскіх і мястэчка Здзітава ў Слонімскім павеце, якое, дарэчы, надалей нейкі час будзе належаць радзіне Панятоўскіх, па рэках Мухавец, Буг і Вісла ў горад Гданьск, карыстаючыся паслугамі свайго даверанага- фактара Марціна Панятоўскага, які даў прысягу на каморы мытнай Берасцейскай 2 мая 1583 года (20).

Браты Валенты Марцінавіч і Крыштаф Марцінавіч Панятоўскія далі пачатак дзьвюм адгалінаванням роду: так званай літоўскай і рускай. Як напісаў у 1738 годзе іх прапраўнук Нікадэм-Тадэуш Панятоўскі, чашны мсціслаўскі, ў лісце да ксяндза Рудніцкага, рэктара мсціслаўскай рэзідэнцыі езуітаў: ”ze w Litwie Daniel, na Rusi Marcin Poniatowscy byli z soba Stryiczno Rodzoni Bracia”.”У Літве Даніэл, на Русі Марцін Панятоўскія былі дваюраднымі братамі”(3). Даніэл і Марцін былі адпаведна сынамі Валенты і Крыштафа.

Гэты геаграфічны падзел на Літву і Русь быў зроблены, зыходзячы з месцаў знаходжання ўладанняў і месца пражывання гэтых радзін на абшарах ВКЛ. Даніэл Валентавіч Панятоўскі, суддзя гродскі і падваяводзіч віленскі, спачатку жыў у Вільні, меў ва ўласнасці сёлы Прылепы і Ўсяж у Менскім павеце. Прадаўшы іх уніяцкаму мітрапаліту Язэпу Руцкому ў 1632 годзе, у тым жа годзе ён набывае ў Віленскім ваяводстве маёнтак Солы, куды пераязджае з Вільні, дзе жыве і памірае ў 1649 годзе. Магчыма, там ён і пахаваны. Марцін Крыштафавіч Панятоўскі валодаў вёскамі Вародзькаў, Забалацце, Шумячы ў Мсціслаўскім ваяводстве, каля самай усходняй мяжы ВКЛ. Таксама меў 20 валок пусташы ў Смаленскім ваяводстве, дадзеных яму каралеўскім прывілеем у 1627 годзе. Умоўная мяжа паміж эпічнай Літвой і Руссю ў тыя часы праходзіла па рацэ Ўсходняя Бярэзіна. Таму і я ў сваім даследаванні падзяліў род Панятоўскіх герба Юноша на літоўскую і беларускую (рускую) галіны.
Літоўская галіна

2 калена. Радзіна Валенты Марцінавіча Панятоўскага.

Валенты Марцінавіч Панятоўскі да 1582 года ажаніўся з Геленай Урбанаўной, атрымаў маёнтак Дзекшняны ў Менскім ваяводстве, дзе яны з жонкай жылі і які ў далейшым часе перадаваўся па спадчыне іх нашчадкам. У Валенты Марцінавіча было тры сыны: Данііл, Ян ? і Адам. Даніэл Валентавіч Панятоўскі быў вайсковым вендэнскім з 1639 года, (15) суддзёй гродскім і падваяводзічам віленскім з 1628 года, жыў у камяніцы Тышынскай, што каля дому Гасціннага знаходзілася, за Вострай брамай каля рынку. Так даволі дакладна было апісана яго месца жыхарства ў судовым дакуменце (13). Удзельнічаў у палітычным жыцці ВКЛ, быў правай рукой Льва Сапегі, ваяводы віленскага, падтрымліваў яго партыю ў час бескаралеўя ў 1628 годзе (14). Напрыканцы жыцця набыў маёнтак Солы за 60000 польскіх злотых у Януша Кішкі, ваяводы полацкага, дзе ўсяляк падтрымліваў касцёл і дзе памёр, не пакінуўшы нашчадкаў, у 1649 годзе. Ягоны брат Ян (?) - намеснік Слонімскага павета, жыў да 1632 года, меў жонку Кацярыну Сулімоўскую, больш звестак пра яго няма (26). Адам пакінуў сына Мікалая, чашнага мазырскага ў 1650 годзе, Крыштафа- Лявона, чашнага менскага, які змагаўся з маскавітамі ў вайне 1654-1667 гг., апынуўся ў палоне і там, верагодна, памёр да 1671 года, сына Стэфана, ксяндза-езуіта ў Солах у 1649-1657 гг., дачок Здзіславу і Крыстыну. Здзіслава ў першым шлюбе была за Жыгімонтам Воўкам, у другім за Аляксандрам Ракоўскім. Мікалай Адамавіч Панятоўскі, чашны мазырскі,

быў жанаты з Эльжбетай Вейс, памёр без нашчадкаў. Яго брат Крыштаф Лявон Панятоўскі, чашны менскі, зямянін павета Ашмянскага, меў сына Казіміра- Вінцэнта (6), які пабраўся шлюбам з Іааннай Завішанкай, дачкой Яна і Канстанцыі Тышкевіч, ваявадзянкай берасцейскай. У 1663 годзе Іаанна Завішанка Казімірава Панятоўская ўжо згадваецца як удава (7). На гэтым, у канцы 17 стагодзя, літоўская галіна Панятоўскіх герба Юноша згасае. Напрыканцы жыцця Мікалай Адамавіч з Панят Крэпышоў Панятоўскі, чашны мазырскі, прадае Дзекшняны і Ўрбаноўшчыну ў Менскім ваяводстве Адаму і Сафіі з Храпавіцкіх Валадковічам (4). Згадак пра гэту літоўскую галіну Панятоўскіх ў дакументах надалей не адсочваецца.


Беларуская, мсціслаўская галіна.


2 калена. Радзіна Крыштафа Марцінавіча Панятоўскага.
Крыштаф Марцінавіч з’яўляецца пратапластай беларускай галіны роду Панятоўскіх. Як сказана вышэй, дзякуючы шлюбу, ён апынуўся на ўсходніх землях ВКЛ, у Мсціслаўскім ваяводстве. Вёскі Вародзькаў, Забалацце, Вярхоўцы, Шумячы, плацы ў Крычаве, усе гэтыя землі былі нададзены цесцю Крыштафа, зямяніну, двараніну пакаёваму каралеўскаму Якубу Рыбінскаму ў 1560 годзе каралеўскім прывілеем (5), і ён, верагодна не маючы сыноў, пакінуў іх тром сваім дачкам: Марфе, якая была за Крыштафам Панятоўскім, Улляне за Матысам Галімскім і Фядоры, жонцы Фларыяна Козела, гараднічага ашмянскага (21). У выніку, з цягам часу, уся гэтая нерухомасць перайшла радзіне Крыштафа і Марфы Панятоўскіх. Цэнтрам гэтых уладанняў стала вёска Вародзькаў у Крычаўскім павеце, дзе жыў Крыштаф Марцінавіч Панятоўскі, і дзе яго нашчадкі збудавалі да 1654 года, на сямейных могілках, касцёл басых кармелітаў імя Ўнебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі, які прастаяў да 1943 года, калі ён быў спалены нямецкімі фашыстамі (27).

Крыштаф Марцінавіч пакінуў двух сыноў: Міхала і Марціна. У 1627 годзе яны атрымалі каралеўскі прывілей ад Жыгімонта III Вазы на 20 валок зямлі пусташы кожнаму ў Смаленскім ваяводстве, з загадам бараніць замак Смаленскі падчас небяспекі, што, хутчэй за ўсё, яны і рабілі ў 1632 годзе, калі маскоўскія войскі на чале з ваяводам Шэіным асадзілі Смаленск (8).

Міхал Крыштафавіч Панятоўскі, зямянін Браслаўскага павета меў жонку з радзіны Ўрублеўскіх, дачку Аляксандра-Яна і Анны з Заблоцкіх Ўрублеўскіх, гараднічага мсціслаўскага. Міхал пакінуў трох сыноў і дачку. Сын Адам-Якім Панятоўскі быў добра адукаваным у юрыдычных справах, бо згадваецца ў дакументах як умацаваны-памочны ў судовых справах. Пасталеўшы, у другой палове жыцця, ён будуе рымскі касцёл у Вародзькаве і паступае ў ордэн басых кармелітаў, дзе становіцца манахам пад духоўным імем Аляксей. Трэба сказаць, што ў тыя часы, ў шляхецкіх семьях было пажадана, каб нехта з родных прысвячаў сваё жыццё Богу, але разам з тым,у адпаведнасці з цэлібатам - зарокам бязшлюбнасці, ён не пакідаў пасля сябе нашчадкаў. Аляксей разам з братам Аляксандрам- Казімірам і сястрой Барбарай фундуе касцёл басых кармелітаў у радавым маёнтку Вародзькаў. Застаўся ў гісторыі ордэна басых кармелітаў, дзякуючы свайму лісту да Генерала ордэна, дзе апісаў становішча на ўсходніх землях ВКЛ пад час маскоўскай навалы 1654-1667гг. Напрыканцы жыцця, у 1682 годзе жыў у Перамышлі, у кляштары басых кармелітаў, дзе, хутчэй за ўсё, і сканаў (9).

Другі сын Міхала, Аляксандр- Казімір Панятоўскі, таксама стаў духоўнай асобай, ён згадваецца як ксёндз, канонік і схаластык Вендэнскі, камендант Віленскага фарнага касцёла, дэкан і плябан Віленскі (11). Разам з братам Адамам- Якімам (Аляксеем) і сястрой Барбарай, ён фундаваў касцёл у Вародзькаве ў 1669 годзе (10).

Трэці сын Міхала Марцінавіча Панятоўскага, Крыштаф-Багуслаў, канюшы і мастаўнічы мсціслаўскі, жыў да 1687 года , адзіны з першых у радзіне Панятоўскіх, атрымаўшых ганаровыя пасады ў Мсціслаўскім ваяводстве. Ваяваў з маскоўцамі ў вайне 1654-1667гг. Трэба сказаць, што ў гэтай вайне ўдзельнічалі ўсе дарослыя мужчыны радзіны Панятоўскіх: стрыечныя браты Крыштафа Багуслава: Самуэль-Міхал і Ян Марцінавічы Панятоўскія, траюрадныя браты Крыштаф-Лявон і Мікалай Адамавічы Панятоўскія. Жывучы на памежжы з Маскоўскім княствам, яны першымі прынялі ўдары захопнікаў, ваявалі, сядзелі ў вязніцах, у казанскім палоне, але гэта тэма асобнага апавядання, да якой мы звернемся надалей. Што тычыцца Крыштафа-Багуслава, то ён, вярнуўшыся з вайны, збіраў сваіх прыгонных сялян, разбегшыхся па суседніх вёсках, бо згарэла ўся іх маёмасць пад час вайны, збіраў і звозіў іх на вазах у свой маёнтак Беліца. Быў жанаты з Еўфрасінняй Ждановіч, брат якой- Ігнаці Ждановіч, Архімандрыт Магілёўскі, дапамагаў ім у 1654 годзе, падчас вайны, захоўваць сямейныя каштоўнасці і маёмасныя дакументы ў Магілёўскім брацкім манастыры (11).

Ад гэтага шлюбу нарадзілася дачка Тэрэза, што выйшла за Стэфана Александровіча, канюшага мсціслаўскага, лоўчага аршанскага ў 1687 годзе. Надалей нашчадкаў па мужчынскай галіне не згадваецца і гэтая радзіна Міхала Крыштафавіча Панятоўскага згасае напрыканцы 17 стагоддзя.

3 калена. Радзіна Марціна Крыштафавіча Панятоўскага.
Марцін Крыштафавіч Панятоўскі меў трох сыноў: Самуэль-Міхал Крэпыш Панятоўскі, мечны мсціслаўскі, Ян Крэпыш Панятоўскі, Станіслаў Панятоўскі, ротмістр каралеўскі і дачку Марыну. (Прыдомак Крэпыш я дадаю да асоб, якія карысталіся ім, падпісваючыся ў юрыдычных дакументах).

Самуэль-Міхал Крэпыш Панятоўскі меў пасаду мечнага мсціслаўскага ад 1673 г., паводле А. Рахубы, (LVIA, SA 3417, k.1225-1232), быў дэпутат Галоўнага трыбунала ВКЛ у 1679 г. Удзельнічаў і меў “заслугі свае ў войску Кароны Польскай і ВКЛ у рэбеліі казацкай, а затым у вайне маскоўскай, а таксама шведскай, венгерскай і прускай ваяваў з нямалым коштам і здароўе сваё паклаў”(45). Гэта азначае, што абарона Айчыны была для яго, як і для большасці літвінскай шляхты ў тыя цяжкія часы, галоўнай справай і доўжылася гэта вайна для Самуэла з 1649 па 1667 гады.

Быў жанаты чатыры разы. Першая жонка Дубінская, імя невядомае. Загінула ў Быхаўскім замку, знаходзячыся там разам з сям’ёй у цяжкай асадзе, згарэла з дачкой падчас бамбардзіроўкі і атакі маскоўцаў у 1659 годзе (12). Другая - Рэгіна Ждановіч, трэцяя - Кацярына Марцінаўна Война-Ясянецкая, чацвёртая - Анна Катоўская. Памёр перад 1714 годам.

Ян Марцінавіч Крэпыш Панятоўскі, зямянін Мсціслаўскага ваяводства. Пакінуў пасля сябе ўспаміны, даючы аповед аб сваім жыцці ў часы вайны з маскоўцамі перад палоннай шляхтай у Казані на так званым сойміку казанскім у 1662 годзе. Першая жонка - Лукрэцыя Марцінаўна Война-Ясянецкая, знаходзілася разам з Янам і дзецьмі ў цяжкай асадзе ў Быхаўскім замку ў 1659 годзе. Там, разам з месцічамі, амаль што год, у гераічнай абароне, змагалася навакольная шляхта разам са сваімі сем’ямі, трымаючы абарону супраць рускіх войскаў. У час чарговай бамбардзіроўкі маскоўцамі Быхаўскай фартэцыі адна з гранатаў разбіла пабудову, дзе жылі Панятоўскія. Старэйшы іх сын разам са швагеркай і пляменніцай загінулі, згарэўшы ў агні, Лукрэцыя, цяжка напалоханая, захварэла і памерла за дзень да ўзяцця крэпасці рускімі войскамі. Гэта было 12.12.1659 г.(12).

У другім шлюбе Ян Марцінавіч Панятоўскі ажаніўся з Еўфрасінняй Паўлаўнай Свянціцкай. Гераічна удзельнічаў у вайне 1654-1667 гг.. Абараняў Крычаўскі і Быхаўскі замкі, вадзіў атрады на баявыя дзеянні пад Мсціслаў і Рослаў, біў казацкія адзелы пад сваім маёнткам Вародзькаў, біўся на Дняпры пад Шкловам у 1654 годзе, некалькі гадоў быў у рускім палоне ў Казані. Да гэтага, у 1655 годзе, быў узяты ў палон маскоўскім ваяводам князем Сямёнам Андрэевічам Урусавым падчас знаходжання ў сваім Здзітаўскім старостве, у двары Сакалова разам з жонкай і дзецьмі (12). Апынуўшыся перад смяротнай пагрозай сваёй сям’і, ён даў прысягу на вернасць цару Аляксею Міхайлавічу Раманаву (23), што не перашкодзіла яму зноў узяць у рукі зброю і змагацца з маскавітамі, да ўзяцця ў палон у Быхаўскім замку 12.12.1659 г.

Станіслаў Марцінавіч Панятоўскі - ротмістр каралеўскай харугвы. Удзельнічаў пад кіраўніцтвам Іярэміі Вішнявецкага, ваяводы рускага, у бітве войска Рэчы Паспалітай з казацка- татарскім войскам Багдана Хмяльніцкага пад Берастэчкам ва Украіне ў 1651 годзе. Там паклаў сваё жыццё ў баі з татарскімі харугвамі на вачах усяго войска і караля польскага і вялікага князя ВКЛ Міхала Казіміра (11). Згадваецца ў рамане Генрыка Сянкевіча “Агнём і мячом”(77). Нашчадкаў не пакінуў.

Марына Марцінаўна Панятоўская ў першым шлюбе з Яраславам Падбярэзскім, ад гэтага шлюбу атрымала вёску Прусінава ў Мсціслаўскім ваяводстве (24). Гэтая маёмасць надалей стала яблыкам разладу паміж радзінамі Панятоўскіх і Гедройцаў, таму што ў другім шлюбе Марына выйшла замуж за Самуэля-Казіміра Фабіянавіча Гедройца, войскага мсціслаўскага, прыкладна каля 1657 г., аддаўшы ў пасаг вёску Прусінава. Паводле тэстаменту Самуэль Казімір Гедройц быў пахаваны на вародзькаўскіх могілках у 1687 годзе. Ад гэтага шлюбу нарадзілі сына, Дамініка-Міхала Гедройца, стражніка мсціслаўскага, і дачку Алену (17).
4 калена. Радзіна Самуэля- Міхала Марцінавіча Крэпыша Панятоўскага
Самуэль-Міхал Марцінавіч Крэпыш Панятоўскі, мечны мсціслаўскі, меў трох сыноў і дачку: Марцыян- Казімір Самуэлевіч Панятоўскі, пісар гродскі, канюшы мсціслаўскі, чашны смаленскі, палкоўнік літоўскі, дэпутат Галоўнага трыбунала ВКЛ у 1692 годзе (18). Верагодна, што ўдзельнічаў у бітве з туркамі пад Венай у 1683 годзе. У бітве пад Алькенікамі (сучасная Літва) 18.11. 1700 г. узначальваў паспалітае рушанне мсціслаўскага ваяводства ў рангу літоўскага палкоўніка, загінуў падчас бітвы. Смяротна паранены, не выпусціў са сваіх рук харугву мсціслаўскага ваяводства з выявай Пагоні, прамовіўшы баявым сябрам словы, якія ўвайшлі ў гісторыю:”…Wezmiecie mi ja z rak moich po mojej smierci, ale nie za zycia: dzielna Litwa powierzyla mi te choragiew, i bede przy niej do ostatniej chwili!” “ Вазьміце яе з рук маіх пасля маёй смерці, але ні пры жыцці, мужная Літва даверыла мне гэту харугву, і я буду пры ёй да апошняй хвіліны”(16).

Быў двойчы жанаты: першы шлюб з Іаанай Дубінскай, другі з Сюзанай Коцел. Нашчадкаў не пакінуў. Тэстамент 1701 г. (22).

Другі сын - Томаш Самуэлевіч Панятоўскі, чашны мозырскі, чашны смаленскі ў 1738 годзе.

Трэці сын - Уладзіслаў-Юзаф Самуэлевіч Панятоўскі, пісар гродскі, канюшы, абозны мсціслаўскі (17). Першы шлюб з Іаанай Сухадольскай, пісароўнай земскай мсціслаўскай, другі шлюб з Петрунэлай Барташэвіч, пісароўнай гродскай аршанскай.

Дачка Іаана была ў шлюбе са скарбным мазырскім Францішкам-Міхалам Война-Ясянецкім, згадваецца з 1690 года (35).

4 калена. Радзіна Яна Марцінавіча Крэпыша Панятоўскага


Ян Марцінавіч Крэпыш Панятоўскі меў ад першага шлюбу з Лукрэцыяй Марцінаўнай Война-Ясянецкай два сыны і дачку. Старэйшы сын, яго імя засталося невядомым, загінуў разам з маці ў асадзе Быхаўскага замка маскоўскімі войскамі ў 1659 годзе. Другі сын Стэфан-Дамінік Панятоўскі, стражны мсціслаўскі, згадваецца з 1687 года. Шлюб у 1685 г. з Крыстынай Матушэвіч, дачкой менскага чашнага Яна Матушэвіча і скасаванне гэтага шлюбу праз некалькі гадоў. Памёр у 1703 г. ва ўласным фальварку Любуж каля Магілёва, які раней, у якасці пасагу быў прынесены ў радзіну Панятоўскіх маці Стэфана-Дамініка Панятоўскага- Лукрэцыяй Марцінаўнай Война-Ясянецкай. Пахаваны на сямейных могілках Панятоўскіх у Вародзькаве. Яго сястра Анна Янаўна Панятоўская ў першым шлюбе з Янам Станіславам Свянціцкім, стражным мсціслаўскім, памерлым у 1690 г., у другім шлюбе з Паўлам Александровічам. З першага шлюбу пакінула сыноў Уладзіслава, Якуба, Лукаша, Сымона Свянціцкіх і дачку Рэгіну.

Рэгіна Свянціцкая, пабраўшыся шлюбам з мечным мсціслаўскім Лявонам Лапацінскім, нарадзіла сыноў: Яна-Дамініка Лапацінскага біскупа Жмудскага ў 1762 годзе, каралеўскага капелана польскага караля і вялікага князя літоўскага Станіслава Ляшчынскага падчас яго знаходжання ў Круляўцы ў 1731 годзе, Мікалая-Тадэвуша Лапацінскага, ваяводу берасцейскага ў 1777 годзе, вялікага пісара ВКЛ у 1764-1777 гг., мсціслаўскага старасту ў 1757-1767 гг., Ігната- Блажэя-Станіслава Лапацінскага, скарбовага пісара ВКЛ з 1761 года.

Ад другога шлюбу Яна Марцінавіча Крэпыша Панятоўскага з Еўфрасінняй Паўлаўнай Свянціцкай нарадзіліся тры сыны і дачка. Трэба адзначыць, што ўсе трое родных браты былі на ваенай службе ў літоўскіх краях, адкуль вярнуліся на малую радзіму ў дзедзічны маёнтак Варадзькаў у 1694 годзе (36).

Мяркуючы па судовых справах мсціслаўскага гродскага і земскага судоў, браты Панятоўскія былі хлопцамі баявымі і адважнымі, прынамсі, вельмі падобнымі на знакамітых французскіх мушкецёраў з рамана Аляксандра Дюма з іх дэвізам: “Адзін за ўсіх і ўсе за аднаго”. Пасля іх вяртання з ваеннай службы ўся суседняя з уладаннямі Панятоўскіх мсціслаўская шляхта цяжка ўздыхнула: наезды на суседзяў, рабункі, межавыя спрэчкі - усё гэта не давала спакою радзінам Мілкіевічаў, Гедройцаў, Дубейкоўскіх і іншых мсціслаўскіх шляхцічаў. Тым ні менш, Антон Янавіч Панятоўскі займаў пасаду крайчага мсціслаўскага. Мсціслаўскім соймікам 1707 года быў выбраны разам з Янам Конвідам Жукоўскім , камісарам ад мсціслаўскага ваяводства па збору падаткаў на правіянт для рускага войска пад час Паўночнай вайны (37). Тут трэба прывесці адзін прыклад той працы. Са слоў Яна Відуна Дубейкоўскага, 1 ліпеня 1707 года камісары Антон Панятоўскі з Янам Жукоўскім у доме Дубейкоўскага пасля добрага застолля адабралі ў небаракі 2000 злотых сярэбранымі капейкамі з запазухі, пры гэтым збілі і аддалі стражным маскоўскім гаспадара гасціннай хаты. Давеаўшыся пра гэта, стараста жмудскі Рыгор-Антон Агінскі, які на той час узначальваў войска ВКЛ у Мсціслаўскім ваяводстве, праз рускага генерала Бауэра аддаў пацярпеўшаму Дубейкоўскаму 1200 злотых і даў дазвол на арышт камісараў. З гэтага відаць што збор падаткаў праходзіў не заўсёды на законнай падставе і ў Антона з’явілася шмат недабразычліўцаў. Верагодна, што ў выніку гэтага ён быў забіты ў сваім маёнтку Варадзькова 08. 07.1708 г., стрэламі з пісталета ў галаву. Па сведчанні яго роднага брата Паўла Панятоўскага, які быў разам з братам у час нападу і быў паранены, гэта зрабіў іхні пляменнік Дамінік-Міхал Гедройц стражны мсціслаўскі, разам з Аляксандрам Падбярэзскім і Самуэлем Тэадоравічам Кучуком (33). На адбыўшымся ў 1710 годзе мсціслаўскім гродскім судзе Аляксандр Падбярэзскі і Самуэль Кучук былі асуджаны на смерць праз меч ката, а вось Дамінік-Міхал Гедройц пазбег пакарання, скінуўшы ўсю адказнасць на сваіх таварышаў (34). Але ад гэтага часу пачалася хатняя вайна паміж мсціслаўскімі Панятоўскімі і Гедройцамі, аб чым будзе распаведзена надалей.

Другі сын Яна Марцінавіча Крэпыша ад другога шлюбу з Еўфрасінняй Паўлаўнай Свянціцкай - Павел Панятоўскі, стражны і ротмістр мсціслаўскі з 1710 года (38). Пасля смерці брата Антона ён заняў галоўнае месца ў сямейнай іерархіі Панятоўскіх. Гэтаму спрыяў і яго выгодны шлюб з Тэрэзай Камінскай, дачкой Міхала- Яна Камінскага, кашталяна мсціслаўскага. Помсцячы за брата Антона сапраўднаму забойцу Дамініку- Міхалу Гедройцу, стражнаму мсціслаўскаму, ён у 1713 г. заманіў апошняга да сябе ў маёнтак Варадзькоў і пад пагрозай смерці забраў у Гедройца аблігі магілёўскага кагала на 250 талераў, аблігі Адама Дароўскага на 1500 злотых, права на вёску Дамброва, як пасаг памерлай Марыны Панятоўскай Самуэлевай Гедройцавай, цёткі Паўла Панятоўскага і маткі Дамініка Гедройца, а таксама права на вёску Прусін, усяго на12000 злотых, ды ў прыдачу ўсё золата і грошы, якія былі ў кішэнях Дамініка. Цікава што ў якасці пагрозы Павел Панятоўскі абяцаў пасадзіць усю сям’ю Гедройцаву “… з днеўнога набажэнства і аж да самай смерці ў вежу незвычайную пры касцёле варадзькоўскім збудаваную, што не сумяшчальна з правам паспалітым…” Падобна на тое, што званіца, пабудаваная побач з варадзькоўскім касцёлам кармелітаў, выконвала ролю вязніцы для недабразычліўцаў радзіны Панятоўскіх (39). А пра тое што рэлігійная вера не надта стрымлівала Панятоўскіх у іх пачуццях, кажуць падзеі, што адбыліся ў 1744 годзе, калі сын Паўла Панятоўскага, на той час ужо нябожчыка, Францішак Панятоўскі, разам з ксяндзом варадзькоўскім Пендзіевічам, узброеныя шаблямі, напалі прама ў касцёле, пад час святой імшы на Марціяна Падбярэзскага, “…акрывавіўшы касцёл…”(42).

Былі і іншыя судовыя справы. З 1724 года Павел Панятоўскі вёў з жонкай Караля Станіслава Радзівіла, Ганнай з Любартаў Сангушкаў, старасцінай крычаўскай, зноў-такі за грахі загінуўшага брата Антона, за яго былыя “камісарскія” справы - у якасці правіянту забралі ў Радзівіла лішніх 17 коней у крычаўскім старостве ў 1708 годзе (40). Першыя судовыя сутычкі Паўла Панятоўскага з графам Ежы Флемінгам, старастам магілёўскай эканоміі, з-за межавых спрэчак і выкраданняў сялян адбыліся ў 1738 годзе (41). Спрэчкі з гэтым чалавекам вельмі дорага каштавалі і ў будучым трагічна адбіліся на лёсе дзяцей Паўла Панятоўскага, аб чым будзе расказана далей. Памёр Павел Панятоўскі перад 1743 годам.

Трэці сын Яна Марцінавіча Крэпыша Панятоўскага ад другога шлюбу - Міхал Панятоўскі. Памёр Ян Марцінавіч Крэпыш Панятоўскі перад 1685 годам.

5 калена. Радзіна Паўла Янавіча Крэпыша Панятоўскага, стражнага мсціслаўскага.

Павел Панятоўскі, стражны мсціслаўскі, ў шлюбе з Тэрэзай Камінскай, кашталяніцай мсціслаўскай, меў пяць сыноў: Антон, Якуб, Францішак, Тадэвуш, Рафал і тры дачкі: Марыянна, Бенедыкта і Ганна. Старэйшы сын Антон Панятоўскі пасля смерці бацькі стаў у сям’і галоўным. Дадаў да свайго прозвішча радавы прыдомак Крэпыш і ўзваліў на свае плечы цяжар бацькоўскіх праблемаў. Трэба адзначыць, што вялікая сям’я Паўла Панятоўскага была такая ж згуртаваная і загартаваная, крымінальная і рашучая, як і братэрскі саюз іхняга бацькі Паўла Панятоўскага з роднымі братамі Антонам і Міхалам. Гісторыя сям’і пад кіраўніцтвам маці Тэрэзы з Камінскіх Панятоўскай і яе старэйшым сынам Антонам нагадвае безупынныя ваенныя дзеянні супраць навакольнай мсціслаўскай шляхты. Дэкрэт мсціслаўскага кампрамісарскага суда 1750 года, ў якім шматлікія шляхецкія радзіны Мількіевічаў, Падбярэзскіх, Глінкаў, Каспяровічаў і іншых распавядаюць пра “подзвігі” сям’і Панятоўскіх, дае ўяўленне пра тыя падзеі. Натоўп у некалькі дзясяткаў сялян, узброеных бердышамі, шаблямі, пісталетамі, пад кіраўніцтвам Антона, Якуба і Францішка Панятоўскіх, збівалі людзей, што сабраліся на варадзькоўскіх могілках падчас свята Святога Ежы, забойства Антона Германавіча Каспяровіча, седзіча гродскага мсціслаўскага, падчас рабункаў на чужых сенажацях у 1745 гаду, рабаўніцтва варадзькоўскай царквы Святой Параскевы, адкуль Антон з Францішкам Панятоўскія знялі вялікі звон і перацягнулі яго ў свой касцёл і шмат іншага крыміналу (42).

Тым ня менш, забойства шляхціча Антона Каспяровіча спісалі на падданага сям’і Панятоўскіх Васку Маскаля, які, прыгавароны на смерць праз меч ката, збег з варадзькоўскай плябані, дзе павінен быў спавядацца перад пакараннем, хутчэй за ўсё не без дапамогі саміх Панятоўскіх, якія угаварылі таго ўзяць адказнасць на сябе. Кампрамісарскі суд загадаў звольніць баявога ксяндза і плябана варадзькоўскага Пендзіевіча (Piendziewicza) за напады з шабляй на прыхаджан у касцёле, аддаць захопленыя сенажаці і заплаціць 450 талераў пакрыўджаным Панятоўскімі суседзям: Дэвіцам, Мількевічам, Падбярэзскім, Суражам, Окалам, а абвінавачаным Антону, Якубу і Францішку Панятоўскім пасядзець 6 тыдняў у вежы мсціслаўскага замка (53).

Але гэты мягкі прыгавор толькі раззадорыў зухаватых хлопцаў братоў Панятоўскіх. На пачатку 1750 гадоў, падросшы, ўступіўшы ў паўналецце, Рафал Панятоўскі, стварае банду рабаўнікоў, у якую ўваходзяць дзясятак падданых сялян і некалькі сяброў-шляхцічаў. Ад простых нападаў на шляхту і рабунку сена ў суседзяў яны пераходзяць да нападаў і рабаўніцтва купцоў на дарогах. Купцы ў тыя часы былі ў асноўным габрэі. У мэтах канспірацыі Рафал з паплечнікамі адзяваліся ў сялянскія світкі і шапкі, пэцкалі твары сажай і, зладзіўшы засады на гандлёвых шляхах, рабавалі габрэйскіх негацыянтаў. Асабліва багатым на крымінальныя напады банды Рафала Панятоўскага быў 1759 год: тут і напад з лясной засады на старазапаветных дрыбінскіх габрэяў, якія ехалі з таварамі на кірмаш, і крадзеж 6 коней у Антона Закамінскага з пагоняй і стральбой з пісталетаў, і напад на карчму і млын габрэя- арандатара са збіццём апошняга і яго жонкі. Апошняй кропляй стаў напад у ноч 26 чэрвеня 1759 года на мсціслаўскі дом юбілейны, дзе начавалі людзі, што прыехалі купляць збожжа ў Мсціслаў. Пераапранутыя ў сярмягі і магеркі, з выпацканымі сажай тварамі, рабаўнікі ўварваліся і пачалі катаваць агнём і мучыць шляхцічаў, забіраць усё, што можна пагрузіць на загадзя падрыхтаваныя вазы. Усяго было забрана грошай і тавараў на 60000 злотых. Пасля гэтага жаўнеры пад кіраўніцтвам паручнага каралеўскай гвардыі Аляксандра Шпілоўскага і Тадэвуша Піатроўскага арыштавалі разбойнікаў.

Суд над імі быў вельмі слушны. У Мсціслаў з’ехаліся ўсе пакрыўджаныя, габрэяў магілёўскай эканоміі прадстаўляў намеснік магілёўскага стараства той самы граф Ежы Флемінг, які ўжо доўгія гады вёў судовыя спрэчкі з сям’ёй Тэрэзы з Камінскіх Паўлавай Панятоўскай, маці і яе сынамі Паўлам, Якубам, Францішкам, Рафалам і Тадэвушам і іх сёстрамі. І вось гэты момант надышоў, граф Флемінг ужыў усю сваю моц, каб суд вынес максімальны прысуд:” … за разбой шляхціча вінны караецца смерцю”. 11 раздзел, артыкул 31, параграф 1, канстытуцыя 1609 года.

21 ліпеня 1759 года мсціслаўскі гродскі суд назначыў прысуд: Рафала Панятоўскага, стражніковіча мсціслаўскага, Рыгора Валужыніча Гузіка, Францішка Дабжанскага і Марціна Кашко асудзіць на смерць, працавітых Данілку Васілёвага, Янку Моргуна Ступака на смерць чвартаваннем і ўзбіццем на палі. 23 ліпеня Рафал Панятоўскі быў растраляны. Прысуд вынес інстыгатар ВКЛ, суддзя гродскі мсціслаўскі Мікалай Тадэвуш Лапацінскі, для якога Рафал Панятоўскі быў дваюрадным дзядзькам і які тым самым прысудам увайшоў у юрыдычную гісторыю ВКЛ як справядлівы і непадкупны суддзя. Трэба дадаць, што гэта гучная справа не абышлася без рэлігійнага дапаўнення- саўдзельнік Рафала Панятоўскага, Себасцьян Галкоўскі, быў абвінавачаны ў чарадзействе. Ён у змове з варадзькоўскім млынаром Грышкам Івашкам, які навучыў Галкоўскага д’ябальскім навукам, узяўшы з ізбы забалоцкага падданага абраз Найсвяцейшай Панны, насіў яго ў лес на балота на некалькі дзён, пасля чаго вярнуў на месца. Відаць па ўсім, што гэты факт быў вызначаны як абцяжарваючая абставіна ў справе Панятоўскага. Дарэчы, суд спагнаў з сям’і Панятоўскіх 58500 злотых на пакрыццё страт і 1000 злотых на мсціслаўскі гарнізон (54).

Пасля такой жыццёвай драмы Тэрэзу з Камінскіх Паўлаву Панятоўскую і яе дзяцей напаткаў яшчэ адзін жорсткі ўдар - 24 сакавіка 1764 года быў зверскі забіты другі яе сын Якуб Панятоўскі разам з Юзафам Краеўскім і слугамі Грышкай конюхам і Кузьмой пахолкам. Як высветлілася пазней, гэта была помста магілёўскіх габрэяў.

Малодшы сын Тадэвуш Панятоўскі стаў ксяндзом, канонікам жмудскім.

5 калена. Радзіна Ўладзіслава-Юзафа Самуэлевіча Панятоўскага


Жыў Уладзіслаў Юзаф Самуэлевіч Панятоўскі, пісар гродскі, канюшы, абозны мсціслаўскі ў сваім маёнтку Злочэў у Мсціслаўскім ваяводстве, меў тры сыны і тры дачкі. Ад першага шлюбу з Іаанай Сухадольскай, дачкой Ежы Войцэха Сухадольскага, суддзі гродскага, пісара земскага мсціслаўскага, нарадзіўся Ежы Антон Панятоўскі, падстолі старадубскі, канюшы і скарбнік мсціслаўскі, харунжы пяцігорскі. Ад другога шлюба з Петрунелай Барташэвіч, пісароўнай гродскай аршанскай нарадзіліся: Нікадэм-Тадэвуш Панятоўскі, пісар гродскі, чашны мсціслаўскі, паручны пяцігорскі знака каштэляна кракаўскага Станіслава Цёлка Панятоўскага, бацькі будучага караля польскага і вялікага князя літоўскага Станіслава Аўгуста Панятоўскага, а таксама стараста Ушпольскі Забычанскі і Мурынборскі, Казімір. Дочкі: Алена, замужам за Антонам Скоркам, мечным мазырскім, згадваецца з 1727 года, Уршула за Сымонам Ярандам (Jarandam) у 1738 годзе і Рэгіна.

Бацька Уладзіслаў Юзаф Панятоўскі даў свайму старэйшаму сыну Ежы Антону добрае выхаванне і адукацыю. Ён уладкаваў яго пры каралеўскім двары Аўгуста ІІ, даўшы свае рэкамендацыі, падчас ваенай службы аплаціў пошту з трох коней, адзенне, зброю, пахолкаў. Усіх расходаў на выправу і жыццё сына пры двары бацька налічыў на 25000 польскіх злотых. Але, як бачна з бацькоўскай скаргі ў мсціслаўскі гродскі суд у 1739 годзе, Ежы Панятоўскі быў не вельмі ўдзячным сынам - без бацькоўскага дабраславення ажаніўся з Тэкляй з Глінкаў. Неўзлюбіўшы сваю мачаху, другую бацькавую жонку Петрунілу з Барташэвічаў, здзейсніў супраць яе цяжкае злачынства. У 1723 годзе, з натоўпам сваіх людзей ён наляцеў на двор Вярхоўцы ў Мсціслаўскім ваяводстве, дзе жыла мачаха, поўнасцю яго разрабаваў, а пакалечаная падчас нападу Петруніла з Барташэвічаў Панятоўская ў скорым часе памерла, пакінуўшы чатырох малалетніх дзяцей (28). Адносіны з бацькоўскай сям’ёй былі на гэтым скончаны. Але знаходжанне пры каралеўскім двары дало пэўныя знаёмствы з уплывовымі людзьмі таго часу, пра што сведчыць вельмі прыязны ліст бацькі будучага караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага, Станіслава Цёлка Панятоўскага, падскарбнага і пісара земскага ВКЛ, у 1724 годзе да Ежы-Антоні Панятоўскага, двараніна скарбовага ВКЛ (29). Забягаючы наперад, дадам, што пратэкцыя з каралеўскага двара адчуваецца і ў лёсе сына Ежы-Антоні Панятоўскага, Францішка Панятоўскага скарбнага мсціслаўскага і суддзі гродскага пінскага ў 1786-1791 гг., які атрымаў тытул скарбніка дзякуючы бацькоўскім заслугам і якога асабіста наведваў кароль Станіслаў Аўгуст Панятоўскі падчас свайго падарожжа па Палессі (30). Жонка Ежы Панятоўскага Тэкла з Глінкаў памерла ў 1770 годзе , пахавана ў мсціслаўскім касцёле кармелітаў. У сваім тэстаменце яна загадала даць 500 злотых на пахаванне і 500 злотых на імшу. Сынам Францішку, скарбнаму мсціслаўскаму, Марціну, гараднічаму мсціслаўскаму і Дзіанізію, паручнаму каралеўскай гвардыі, яна дала сяло Вялікі Злочэў, дачцэ Багуміле 7000 злотых на пасаг (47).

Сын ад другога шлюбу Ўладзіслава Юзафа Самуэлевіча Панятоўскага з Петрунелай Барташэвіч Нікадэм Тадэвуш Панятоўскі, пісар гродскі, чашны мсціслаўскі ўвайшоў у гісторыю Рэчы Паспалітай як душыцель буйнага ўзброенага выступлення сялян у сярэдзіне 18 стагодзя ў Мазырскім павеце, ва ўладанні віленскага капітула Каменшчына. Па загаду вялікага гетмана ВКЛ Міхала Казіміра Радзівіла Рыбанькі ў 1756 годзе ўзброены атрад у колькасці 400 чалавек: гусары, лёгкая конніца, пяхота і артылерыя пад кіраўніцтвам Нікадэма Тадэвуша Панятоўскага, чашнага мсціслаўскага, разбіў пад Славечна атрад паўстаўшых сялян у колькасці некалькі тысяч чалавек, а пасля жорстка расправіўся з кіраўнікамі паўстання: чатырох чалавек пасадзілі на палі, дзесяць прывязалі да гарматаў і адправілі ў Нясвіж на суд да Радзівіла (43).

За гэтую перамогу Нікадэм Тадэвуш Панятоўскі атрымаў добрыя прэферэнцыі ад князя Радзівіла. Пасля смерці Панятоўскага ў 1759 годзе яго жонка Францішка з Скоркаў Панятоўская, паміраючы ў тым жа 1759 годзе, у сваім тэстаменце прызначае Міхала Казіміра Радзівіла Рыбаньку, ваяводу віленскага, гетмана ВКЛ, разам з Міхалам Сапегам, падканцлерам ВКЛ і Мікалаем Лапацінскім, старастам мсціслаўскім, апекуном сваіх дзяцей, і як відаць у будучым, гэтыя пратэкцыі дапамаглі ім.

Пахаваны Нікадэм Тадэвуш Панятоўскі разам з жонкай Францішкай з Скоркаў Панятоўскай (у першым шлюбе Макавецкай) у сваім маёнтку Малятычы ў Мсціслаўскім ваяводстве, у крыпце малятыцкага касцёла дамініканаў (44).
5 калена. Радзіна Міхала Янавіча Панятоўскага
Міхал Янавіч Панятоўскі ў шлюбе з Геленай Сухадольскай, дачкой Аляксандра і Антаніны з Скірмунтаў Сухадольскіх нарадзілі трох сыноў: Станіслава, чашнага люблінскага, дэпутата Галоўнага Трыбунала ВКЛ ад Смаленскага ў 1744 г. і ў 1753 г. ад Мсціслаўскага ваяводстваў (71), Пятра, Міхала, ксяндза ордэна Святога Францішка і трох дачок: Тэрэзу, шлюб з Аляксандрам Гурскім, стражным троцкім, Кацярыну, шлюб з Казімірам Тамковічам, чашным віленскім у 1722 годзе і Феафілію, шлюб з Длузскім.

Міхал Панятоўскі акрамя ўладанняў у Мсціслаўскім ваяводстве валодаў сялом Матчын (Matczyn), другая назва Панятоўшчына ў Люблінскім ваяводстве ў Кароне Польскай. Пасля яго смерці ў 1740 годзе яно перайшло яго сынам. Пётр і ксёндз Міхал аддалі свае долі брату Станіславу Панятоўскаму, чашнаму люблінскаму. У 1754 годзе перад смерцю (да 1756 года) Станіслаў Панятоўскі прадае сяло Матчын сваёй сястры і швагру Аляксандру і Тэрэзе з Панятоўскіх Гурскім за 20000 злотых. Да шлюбу з Кларай з Велічкаў Станіслаў Панятоўскі жыў у Кароне Польскай і служыў у войску пад знакам пяцігорскім кашталяна кракаўскага Станіслава Панятоўскага. Пасля шлюбу яны з жонкай стала жылі ў сваім маёнтку Вержба (Wierzba) у Мсціслаўскім ваяводстве (46).


5 калена радзіна Стэфана-Дамініка Янавіча Панятоўскага
Стэфан-Дамінік Панятоўскі, стражны мсціслаўскі, з 1685 года быў у шлюбе з Крыстынай Матушэвіч, дачкой Яна Матушэвіча, чашнага менскага. З успамінаў Марціна Матушэвіча, пісара гродскага берасцейскага, ўнука Яна Матушэвіча, гэты шлюб скончыўся разводам, пасля якога Крыстына яшчэ два разы выходзіла замуж і памерла бяздзетнай. Стэфан Дамінік, паміраючы ў сваім маёнтку Любуж пад Магілёвам у 1703 годзе, хутка згасаючы, за некалькі дзён, у сваім тэстамэнце перапісвае фальварак Любуж і 10000 злотых магілёўскім езуітам у асобе ксяндза ордэна езуітаў Паўла Радзіевіча, які быў пры паміраючым і, відаць, спавядаў яго перад смерцю. Сенажаці над Дняпром перадаваліся магілёўскім бернардынам, чацвёртая частка вёсак Шумячы і Панятоўка ў Мсціслаўскім ваяводстве - мсціслаўскім кармелітам, яшчэ адну чацвёртую частку гэтых вёсак - братам Міхалу, Паўлу і Антону Панятоўскім, юрыдыкі ў горадзе Магілёве - пляменнікам і пляменніцам сваім (48). Тэрмінова прыехаўшыя з Варадзькова браты Павел і Антон забралі цела памерлага Стэфана- Дамініка і, згодна з яго астатняй воляй,завезлі і пахавалі на сваёй малой радзіме пры варадзькоўскім касцёле кармелітаў на сямейных могілках. Пасля гэтага яны некалькі гадоў вялі барацьбу з магілёўскімі езуітамі за фальварак Любуж, сцвярждаючы, што тэстамэнт напісаны не паміраючым Панятоўскім, а самімі езуітамі (49). Урэшце рэшт, гэты фальварак застаўся ў руках радзіны варадзькоўскіх Панятоўскіх.

Мяркуючы па пакінутаму тэстамэнту, Стэфан Дамінік Панятоўскі напрыканцы жыцця быў бяз сям’і і дзяцей, але праз 20 гадоў у гісторыі і генеалогіі мсціслаўскай галіны роду Панятоўскіх з’яўляецца Базыль Панятоўскі, які называе сваім бацькам Стэфана Дамініка Панятоўскага, стражнага мсціслаўскага, які ў 1700 годзе набыў маёнтак Суцін у Менскім ваяводстве і запісаў яго на Базыля.

Адным з галоўных аргументаў, якія прыводзяць нашчадкі Базыля Панятоўскага пры падачы дакументаў на пацверджанне шляхецтва ў 1825 годзе, гэта тое што Базыль з’яўляецца хросным сынам жонкі князя Рыгора Антона Агінскага Тэафілы Чартарыйскай, якая ў сваім тэстаменце ад 15 лістапада 1718 года, актыкаваным у Галоўным Літоўскім трыбунале, перапісвае вёску Крывалі ў Менскім ваяводстве з 10 сялянскімі дварамі, падараваную ёй пры нараджэнні свайму хроснаму сыну Базылю Панятоўскаму ў пажыццёвае валоданне, яго сыну Яну Базылевічу Панятоўскаму, што потым і робіць юрыдычны ўвод ва ўладанне новага гаспадара ў 1747 годзе, возны Менскага ваяводства Міхал Казарын, у адпаведнасці з пададзенымі дакументамі. Гэтая справа актыкавана ў судзе Галоўнага трыбунала 23 студзеня 1748 года.

Чаму хросная маці Базыля Панятоўскага менавіта Тэафіла з Чартарыйскіх Рыгорава Агінская? Яе муж князь Рыгор Антон Агінскі ( 1665- 17.10.1709 гг.), вялікі харунжы ВКЛ, гетман польны ВКЛ, узначальваў канфедэрацыю шляхты Вялікага Княства ва ўзброенай барацьбе супраць Сапегаў у 1697- 1702 гг. Пад яго кіраўніцтвам была атрымана перамога ў бітве з войскамі Сапегаў пад Алькенікамі 18 лістапада 1700 года. У гэтай бітве, згодна з гісторыяй князей Агінскіх, напісаных Леанардам Ходзькам, (50) ўдзельнічалі Павел і Антон Панятоўскія, іх стрыечны брат Марцыян Казімір Панятоўскі, пісар гродскі, канюшы мсціслаўскі, палкоўнік літоўскі, які загінуў, цяжка паранены ў бітве, не выпусціўшы да самой смерці з рук харугву Мсціслаўскага ваяводства з выявай Пагоні. Хутчэй за ўсё, ў паспалітым рушанні ад Мсціслаўскага ваяводства былі і іншыя родныя браты Паўла і Антона Панятоўскіх: Міхал і Стэфан Дамінік, стражны мсціслаўскі, прафесійныя ваенныя рыцары таго часу, да гэтага ўжо адслужыўшыя ў каралеўскім войску. І князь Рыгор Антоні Агінскі, як стараста мсціслаўскі, быў добра знаёмы з гэтай сям’ёй.

Сярод дакументаў, прадстаўленых нашчадкамі Базыля Панятоўскага ў 1825 годзе: купчая на маёнтак Суцін ад 9 сакавіка 1700 года, актыкаваная ва удзеле Галоўнага Трыбунала ВКЛ Менскага ваяводства 4 красавіка 1702 года (51), тэстамент Базыля з Суціна Панятоўскага, так ён падпісваўся ў справах, састаўлены 7 студзеня 1768 года (52).

Першы шлюб Базыля з Суціна Панятоўскага быў з Еўфразынай Пашкоўскай, другі з Рэгінай з Барэйшаў. Дарэчы, дзве гэтыя радзіны жылі побач з Панятоўскімі ў Мсціслаўскім ваяводстве. Магчыма, будуць знойдзены якія небудзь іншыя дакументы, дадаткова асвятляючыя ступень сваяцтва Стэфана Дамініка і Базыля Панятоўскіх, але тым ня менш з 1700 года ў Вялікім Княстве Літоўскім вядзе свой адлік галіна Базыля з Суціна Панятоўскага герба Юноша, зямяніна Менскага ваяводства.

6 калена. Радзіна Ежы Антоні Ўладзіслававіча Панятоўскага

Ежы Антоні Ўладзіслававіч Панятоўскі, скарбны і канюшы мсціслаўскі, падстолі старадубскі, харунжы пяцігорскі, стараста ушпольскі, дэпутат Галоўнага Трыбунала ВКЛ ад Мсціслаўскага ваяводства ў 1730 годзе (70), ў шлюбе з Тэкляй з Глінкаў меў трох сыноў: Францішка, Марціна, Дзіанізія і дачку Багумілу. Старэйшы сын Францішак, дзякуючы бацькоўскаму аўтарытэту і прыкладзеным намаганням у кар’ерным росце сваіх сыноў, атрымаў у 1763 годзе каралеўскі прывілей ад Аўгуста ІІІ на скарбніцтва мсціслаўскае: ”Гледзячы на заслугі Ежы Антоні Панятоўскага, скарбнага ваяводства Мсціслаўскага, на сына яго, Францішка Панятоўскага, перавесці скарбніцтва і каб яго за праўдзівага і актуальнага скарбніка мсціслаўскага ведалі.”(55) Верагоднае знаёмства Ежы Антоні Панятоўскага падчас службы пры каралеўскім двары з бацькам будучага караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага, Станіславам Цёлкам Панятоўскім, пра што ўжо казалася вышэй, паспяхова дапамагала яго сынам: пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай і адыходу Мсціслаўскага ваяводства ў 1772 годзе да Расійскай Імперыі, Францішак Панятоўскі, скарбны мсціслаўскі, у 1784-1791 г.г. знаходзіцца на пасадзе гродскага і земскага суддзі Пінскага павета, з’яўляецца кавалерам ордэна Святога Станіслава. Падчас падарожжа на пінскае Палессе, ў верасні 1784 года, кароль польскі і вялікі князь літоўскі Станіслав Аўгуст Панятоўскі наведаў Францішка Панятоўскага, суддзю гродскага пінскага ў яго маёнтку Альбрэхтава пад Пінскам, дзе апошні паказаў каралю рачное судна, зробленае з дубу, для перавозкі грузаў у разрэзе. Тут трэба сказаць, што цікавасць караля да гэтых палескіх караблёў узнікла пасля таго, як у 1784 годзе пінскі суддзя Матэвуш Бутрымовіч адправіў, па толькі што збудаванаму Мухавецкаму каналу, 10 судоў з пінскімі айчыннымі таварамі: мёдам, салам, сушанымі грыбамі і рыбай, якія паспяхова даплылі да каралеўскага замка ў Варшаве і вельмі ўразілі Станіслава Аўгуста Панятоўскага і сталі, верагодна, асноўнай прычынай таго, што кароль завітаў у слаўны горад Пінск (56).

Другі сын - Марцін Панятоўскі, гараднічы мсціслаўскі, ротмістр, дэпутат Галоўнага Трыбунала ВКЛ у 1766/1767гг.(69). У 1769 годзе ён супернічае з Янам Непамуценам Ціханавецкім на абранне пісарам земскім Мсціслаўскага ваяводства. Галасаванне адбывалася тры разы, у выніку за Яна Непамуцена Ціханавецкага мсціслаўская шляхта і рыцары аддала 174, а за Марціна Панятоўскага - 43 галасы (57).

Трэці сын - Дыянісій Панятоўскі дайшоў па службовай лесвіцы ад паручнага каралеўскай гвардыі ў 1770 г. да генерал- маёра гвардыі коннай войск каронных у 1794 г. Пасля канчатковага развалу Рэчы Паспалітай, у 1797 г., знаходзіўся ў свіце караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага, ганарова сасланага ў Санкт- Пецярбург. Двойчы прымаў прысягу трону расійскаму, Паўлу І і Аляксандру І. Пасля смерці Станіслава Аўгуста Панятоўскага пераехаў у Гродна, дзе і памёр, пакінуўшы трох малалетніх дзяцей: Крыштафа, які падаў прашэнне на пацверджанне шляхецтва ў 1818 г., Дыянісія і Андрэя, назначыўшы іх апекунамі свайго брата Францішка Панятоўскага, суддзю гродскага пінскага і рускага графа Эліяша Безбародзьку. З нерухомасці меў вёску Валымеж у Мсціслаўскім ваяводстве, набытую ў 1765 г. (59), частку сяла Вялікі Злочэў у Мсціслаўскім ваяводстве, паводле матчынага тэстамента, і з 1794 г. пляц у Гродне, дзе знаходзіліся крама і палова мураванай стайні (58).


6 калена. Радзіна Нікадэма Тадэвуша Ўладзіслававіча Панятоўскага

Нікадэм Тадэвуш Ўладзіслававіч Панятоўскі, пісар гродскі, чашны мсціслаўскі, паручны пяцігорскі знаку каштэляна кракаўскага, стараста Ушпольскі, Забычанскі, Мурынборскі ў шлюбе з Францішкай з Скоркаў меў чатырох сыноў: Аляксандр, Ігнацы Юзаф, Ян Ксаверы, Юзаф.

Аляксандр, стараста Ушпольскі, суддзя каптуровы мсціслаўскі ў 1764 г., жыў у сваёй дзедзічнай маёмасці Ушполле, у Мсціслаўскім ваяводстве. 7 лістапада 1764 года на мсціслаўскім сейміку быў абраны разам з Антонам Ціханавецкім пасламі ад Мсціслаўскага ваяводства на каранацыйны сойм у Варшаве, дзе ўдзельнічаў у каранацыі караля польскага і вялікага князя літоўскага Станіслава- Аўгуста Панятоўскага (60). Пасля інкарпарацыі Мсціслаўскага ваяводства ў Расійскую Імперыю, у 1790 г. займаў пасаду пракурора магілёўскага земскага суда.

Ігнацы Юзаф, генерал, кавалер ордэна Святога Станіслава, гады жыцця 1707- 1796?гг. Знаходзячыся ў пачатку 1764 года ў чыне паручнага аўстрыйскіх войск (61), робіць імклівую кар’еру, ужо праз год стаўшы генерал- ад’ютантам войскаў ВКЛ. Пасля пераходзіць на Ўкраіну, дзе хутка набывае значную колькасць вёсак, і закладвае на новым месцы вельмі заможную ўкраінскую галіну радзіны Панятоўскіх, якую польскія генеолагі, такія як Севярын Урускі, адносяць да Панятоўскіх гербу Цёлак. У 1750 г. Ігнацы Юзаф Панятоўскі становіцца чашным жытомірскім, у 1787 г. харунжым люблінскім. Першая жонка з Маркоўскіх была бяздзетная, другая, Ганна з Яксаў Малахоўская (1748-1836гг.) была на 40 год маладзейшая за мужа, шлюб адбыўся ў 1761 годзе, нявеста ўнесла ў сямейную скарбонку 30000 злотых пасагу (62).

6 калена. Радзіна Базыля з Суціна Стэфанавіча Панятоўскага.

Суцінская галіна.

Базыль з Суціна Стэфанавіч Панятоўскі, зямянін Менскага ваяводства. Першая жонка Еўфразына Пашкоўская (1723год), другая Рэгіна з Барэйшаў.У першым шлюбе з Міхаловай Пашкоўскай нарадзілі трох сыноў: Дамініка, Яна і Міхала.

Дамінік з Суціна Базылевіч Панятоўскі, шлюб з Даротай Выганоўскай.

Ян з Суціна Базылевіч Панятоўскі - дваранін каралеўскі. Па загаду караля Аўгуста ІІІ у красавіку 1753 года павінен быў праверыць Свірскае стараства наконт скаргаў мясцовых сялян аб завышаных падатках, усталяваных тагачасным ўладальнікам Свірскага стараства, Антонам Сакульскім, мечным ВКЛ. Уладальнік часткі дзедзічнай маёмасці Суцін у Менскім ваяводстве, а з 1747 года, вёскі Крывалі ў Менскім ваяводстве, падараванай па тэстамэнту 1718 года хроснай маткай яго бацькі Базыля з Суціна Панятоўскага, Тэафілай з Чартарыйскіх Рыгоравай Агінскай (63).

Ад шлюбу з Марыянай Нідведскай у 1767 годзе Ян з Суціна Базылевіч Панятоўскі пакінуў пяць сыноў: Гераніма (1759-1799 гг.); Якуба (1764-1813гг.), арандатара фальварка Астраўкі ў князя Дамініка Радзівіла, шлюб з Ганнай Абрамовіч; Міхала (?- 1813гг), у шлюбе з Эльжбетай Скіндзер; Антона (1767- 5.01.1830 гг.), у шлюбе з Петрунілай Аляшкевіч; Людвіка ( 1765- 1799 гг.), стражнага Скарбу ВКЛ камоны талачынскай.

Міхал Юзаф з Суціна Базылевіч Панятоўскі (?- 9.06.1767гг., в. Журавічы), патрыёт Менскага ваяводства 1765 года, запісаны ў харугву Пухавіцкай парафіі (64), упраўляючы (губернатар) горвальскі, журавіцкі, балатнянскі. Пахаваны на каталіцкіх могілках ордэна kanonikow Regulonis у в. Журавічы. У шлюбе з Канстанцыяй Грудзінскай, у 1754 годзе, пакінуў трох сыноў: Віктара, Бернарда, Тадэвуша і дачку Караліну (65).

Пасля смерці Базыля і Рэгіны з Барэйшаў Панятоўскіх у 1768 годзе, іх сыны Дамінік, Ян і Міхал, згодна з бацькоўскім тэстаментам (66), падзялілі вёску Суцін на тры часткі і на працягу часу дарылі і прадавалі гэтую маёмасць. Так, напрыклад, Дамінік Панятоўскі ў 1769 годзе дорыць сваю частку Суціна дачцэ і зяцю, Яну і Крыстыне з Панятоўскіх Гурскім (67), частку прадае Юзафу Слізню, смаленскаму мастаўнічаму. У 1824 годзе ўнук Дамініка - Гіляры Ігнатавіч Панятоўскі прадае частку Суціна палкоўніку былых польскіх войскаў графу Карлу Завішу (63).

Нашчадкі, унукі Дамініка і Яна Базылевічаў Панятоўскіх, падаюць у верасні 1825 года дакументы на вывад шляхецтва рода Панятоўскіх герба Юноша ў Вывадовую камісію Менскай губерні. Сярод іх дакументы з 1742 па 1825 гады: шматлікія касцельныя метрыкі хросту і смерці; аплачаныя падымныя з аколіцы Суцін у Скарб Рэчы Паспалітай і Расійскай Імперыі з 1791 па 1799 гг., наданне правіянта для рускіх войскаў у 1789 годзе; спісы шляхты, што жывуць на ўласных землях 1811 і 1816 гадоў; дзедаўскі тэстамент, купчую на вёску Суцін, увод вёскі Крывалі ў дзяржанне новага гаспадара Яна Панятоўскага і іншыя юрыдычныя паперы.

11 верасня 1825 года на Дэпутацкай Вывадовай сесіі Мінскай губерні, пад кіраўніцтвам маршалка і камандора ордэна Святога Яна Ерусалімскага, Лявона Оштарпа было зроблена пастанаўленне аб унясенні ў шляхецкую кнігу Мінскай губерні, частку першую, патэнта на імя Панятоўскіх з пералікам асобаў: ” Гілярыя Ігнатавіча з двума сынамі: Ежы Ігнацы і Аляксандр Вінцэнт, знаходзячыхся ў віцебскім сіроцкім адзеле. Якуба Янавіча з сынам Томашам, Бенядыкта з сынам Пятром, Патрыцыюша Юзафа, Вінцэнта з сынам Рыгорам Міхалам і Бернарда Міхалавічаў, Людвіка Людвікавіча вознага павету Ігуменскага з сынам Кіпрыянам, Каэтана і Фабіяна Адама сыноў Антона Янавіча ў радавітай шляхце польскай прызнаваем і да кнігі шляхецкай мінскай предназначаем”(68). Пры далейшым разглядзе радаводнай справы суцінскіх Панятоўскіх герба Юноша ў Сенаце Расійскай Імперыі ў Санкт- Пецярбурзе, разглядзе, які доўжыўся 13 гадоў, у 1838 годзе быў вынесены прысуд аб непацверджанні роду Панятоўскіх у шляхецтве з нагоды адсутнасці ў пададзеных дакументах звестак аб ўтрыманні імі прыгонных сялян у сваіх маёмасцях. У выніку гэтага вердыкту суцінскія Панятоўскія ў сярэдзіне 19 стагоддзя паступова станавіліся мінскімі мяшчанамі, а некаторыя і сялянамі-землеўласнікамі.


7 калена. Радзіна Ігнацы Юзафа Нікадэмавіча Панятоўскага

Ігнацы Юзаф Нікадэмавіч Панятоўскі, (1707- 1796?гг.), генерал, кавалер ордэна Святога Станіслава, ў шлюбе з Ганнай з Яксаў Малахоўскай (1748-1836гг.), пакінуў сына Юзафа, які нарадзіўся на Ўкраіне, (1762-1845гг.Таганча, Украіна), палкоўніка польскіх войск, у 1789 годзе ад’ютанта князя Юзафа Панятоўскага, аднаго з першых, хто разам з Тадэвушам Касцюшкам і князем Юзафам Панятоўскім, атрымалі Залаты Крыж Ордэна Virtuti Militari. У 1795 годзе ён рабіў справаздачу па стану каралеўскага замка ў Гродне, верагодна, што знаходзіўся на той час у свіце караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага. Пасля яго смерці вярнуўся на Ўкраіну, дзе набыў у пляменніка караля Станіслава Панятоўскага вялікую зямельную маёмасць з цэнтрам у Таганчы, а таксама шмат земляў у ваколіцах Адэсы. Каля 1800 года заклаў вялікія мануфактуры па вырабу сукна, дзе побач з ангельцамі працавала каля 1000 мясцовых жыхароў, меў адзіную на той час, ў сярэдзіне 19 стагоддзя, на правабярэжжы Ўкраіны цукровую фабрыку ”Troszczyn”. У шлюбе, каля 1792 года, з Юліяй Грахольскай, меў 16 дзяцей, з якіх 8 дажылі да паўналецця. Старэйшы сын Еўгеніюш (1794 г.нар.), ажаніўся з унучкай Шчаснага Патоцкага Адэляй Касакоўскай, быў камер-юнкерам расійскага двара і маршалкам шляхты Багуслаўскага павета. Малодшы Маурыцы Ламберт (1796- 1878 гг.) быў маршалкам шляхты Кіеўскага павета. Аўгуст - палкоўнік расійскіх войск, ад’ютант князя Міхаіла Паўлавіча. А таксама іх браты Цэзары, Дарыюш. Тым не менш, усе сыны Юзафа Панятоўскага былі бяздзетнымі, таму ўкраінская галіна роду не атрымала далейшага працягу і згасла разам з імі.

Выкарыстанне гербоў Юноша і Цёлак

Падчас працы з юрыдычнымі дакументамі па вышэйпералічанай радзіне Панятоўскіх, пражываючых на той час у асноўным у межах Вялікага Княства Літоўскага, былі выкарыстаны судовыя кнігі гродскіх і земскіх судоў Мсціслаўскага, Менскага ваяводстваў, Аршанскага, Рэчыцкага, Мазырскага паветаў, Магілёўскага магістрата, мы нідзе не сустрэлі факту выкарыстання Панятоўскімі герба Цёлак адносна свайго прозвішча.

Упершыню упамінанне герба Цёлак да Панятоўскіх з’яўляецца ў скарзе Андрэя і Гілярыя Гедвілаў на Станіслава і Клару, як яны іх назвалі, Цёлкаў Панятоўскіх,чашных люблінскіх, у Мсціслаўскі гродскі суд, у 1755 годзе (72). Другі раз у 1769 годзе ў позве ў Мсціслаўскі земскі суд Тэрэзы з Камінскіх, яе сына Тадэвуша, ксяндза каноніка жмудзкага, дачку Ганну Цёлкаў Панятоўскіх у іх двор Вародзькава (73).

Трэба адзначыць, што шырокае знаёмства шляхты ВКЛ з Цёлкамі Панятоўскімі, будучай каралеўскай радзінай, пачалося з асобы бацькі будучага караля - Станіслава Цёлка Панятоўскага, прозвішча якога на пачатку 18 стагоддзя было мала каму вядомым, і які ў 1720-я гады, пасля шлюбу з князёўнай Канстанцыяй Чартарыйскай, стаўшы магнатам, пачаў карыстацца графскім тытулам, стаў падстолім ВКЛ у 1722 г., падскарбім вялікім ВКЛ у 1722-1731гг., ваяводам мазавецкім у 1731-1762 гг, кракаўскім кашталянам у 1752 г. Натуральна, што ў канцы 1764 года, калі яго сын Станіслаў Аўгуст Панятоўскі стаў каралём Польскім і Вялікім Князем Літоўскім, іх прозвішча і герб ведала ўся шляхта Рэчы Паспалітай. І таму, гледзячы сёння на палітычныя абставіны таго гістарычнага часу, бачна, што змяніць у пэўны момант свой герб было вялікай спакусай для радзіны мсціслаўскіх Юношэй Панятоўскіх. Як правіла, гэта пачыналася пасля знаёмстваў з Цёлкамі Панятоўскімі і высокімі іерархічнымі асобамі Рэчы Паспалітай падчас знаходжання пры каралеўскім двары, ці на землях Кароны Польскай і Заходняй Еўропы. Напрыклад, Ежы Антоні Ўладзіслававіч Панятоўскі, скарбны мсціслаўскі, якога ў 1720- х гадах бацька выправіў за свой кошт да каралеўскага двара, альбо Ігнацы Юзаф Нікадэмавіч Панятоўскі, генерал польскіх войск, што пачынаў вайсковую кар’еру паручным аўстрыйскіх войскаў. Іх сыны надалей ўжо карысталіся гербам Цёлак, што гарантавала ім поспех у службовых справах. Таксама як і ўзвышэнне роду Лапацінскіх з Мсціслаўскага ваяводства, што адбылося дзякуючы іх бабулі Ганне Янаўне Панятоўскай, нашчадкі якой, ўнукі Лапацінскія, браты Ян Дамінік, біскуп жмудзкі і Мікалай Тадэвуш, мсціслаўскі стараста і ваявода берасцейскі, дадалі герб Цёлак, і якім удала карысталіся, выбіўшы яго разам з іншымі сваімі гербамі на ўласнай пячатцы. Аб гэтым красамоўна кажа і радавод Мікалая Тадэвуша Лапацінскага, ваяводы берасцейскага, прадстаўлены для атрымання ім ордэна Святога Станіслава, усталяванага ў гонар караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага.

У адной з самых аўтарытэтных геналагічных першакрыніц- гербоўніку польскім Каспара Нясецкага - прыналежнасць радзіны Панятоўскіх Мсціслаўскага ваяводства да гербоў Юноша ці Цёлак таксама дакладна не акрэслена. Так, Самуэл Марцінавіч Крэпыш Панятоўскі, мечны мсціслаўскі, згадваецца ў гербоўніку 1674 годам, аднесены да гербу Юноша, а яго пляменнікі Павел, Антон, Міхал Янавічы Панятоўскія і сыны Ўладзіслаў Юзаф і Марцыян- Казімір Самуэлавічы Панятоўскія, што згадваюцца ў гербоўніку 1700 годам, аднесены да гербу Цёлак (74).

Нашчадкі мсціслаўскай радзіны Панятоўскіх напрыканцы 19 стагоддзя перайшлі ў праваслаўе. Так, у 1882 годзе, бацька, Панятоўскі Дзям’ян Савелавіч, землеўласнік Чэрыкаўскага павета, дваранін рыма-каталіцкага веравызнання трымаў па спадчыне ад 1840 года вёску Валоўнік, а яго сыны: Ўладзімір Дзям’янавіч і Мікалай Дзям’янавіч Панятоўскія, дваране праваслаўнай веры, трымалі па тэстаменту ад 1880 года вёскі Аляксандраўка, Рэчыцы, Вусце, Батвінаўка ў Чэрыкаўскім павеце (75). Верагодна, што менавіта гэтая радзіна Панятоўскіх унесена ў радаводныя дваранскія кнігі Магілёўскай губерніі пад нумарам 1055, у шостую частку - старажытныя шляхецкія радзіны, вядомыя да 1685 года (76).

Нашчадкі суцінскай галіны Панятоўскіх падавалі вывад сваёй радзіны герба Юноша ў 1825,1833,1836гг., але былі незацверджаныя Расійскім Сенатам у 1838 годзе. Магчыма, гэтае непацверджанне шляхецтва адыграла станоўчую ролю ў жыцці далейшых пакаленняў, бо большасць пацверджаных дваран былі вымушаны з’ехаць пасля 1917 года за мяжу, а большасць тых, што засталіся, былі знішчаны карнымі органамі ў 1930-ых і 1940-ых гадах.

У канцы XIX пачатку XX стагоддзяў нашчадкі суцінскай радзіны Панятоўскіх, уваходзячы ў саслоўе мяшчан і сялян, знаходзіліся сярод дробных землеўладальнікаў Мінскай губерніі, валодаючы адносна невялікімі кавалкамі зямлі ў аколіцы Суцін да кастрычніка 1917 года.

Суцінскія землеўладальнікі па перапісах 1911/1914 гг.

Панятоўскія Адам Антонавіч- 28 дзясяцін

Антон Вікенцьевіч 26/25

Іван Адамавіч 21

Ігнацы Каэтанавіч 25

Каэтан Антонавіч 33/30

Казімір Венедзіктавіч 26

Казімір Каэтанавіч 25

Феліцыян Антонавіч 28

Суцінцы Панятоўскія, растраляныя ў 1920-1930-ыя гады:

Панятоўскі Антон Антонавіч (1875-01.10.1920 г.) г.Чэрвень

Панятоўскі Іосіф Вікенцьевіч (1894-13.01.1938 г.) г.Бабруйск

Панятоўскі Казімір Каэтанавіч (?-01.10.1920 г.) г. Чэрвень

Панятоўскі Юльян Ігнацьевіч (1902-01.02.1938 г.) г. Мінск

Суцінцы Панятоўскія, што загінулі ў Вялікай Айчыннай вайне:

Панятоўскі Віктар Ігнацьевіч 1906-1944 г.г., Макув- Мазавецкі, Польшча

Панятоўскі Вікеньцій Ігнацьевіч 1912- 1944гг., Макув- Мазавецкі, Польшча

Прадстаўнікі рода Панятоўскіх з Панят Крэпышоў герба Юноша жывуць, дзякуй Богу, і сёння. Нашчадкі суцінскай радзіны разляцеліся па ўсяму свету. Акрамя Беларусі, Польшчы, Расіі, Латвіі, яны ёсць і ў Злучаных Штатах, і ў Аўстраліі, апынуўшыся там пасля 1944 года. Але ж акрамя суцінскай ёсць і мсціслаўская, і гарадзенская, і берасцейскія галіны рода. Таму старажытны радавод гэтай радзіны працягваецца ў часе і прасторы, і новыя генеалагічныя пошукі адкрыюць новыя імёны ў нашай сумеснай гісторыі: гісторыі ВКЛ, Расійскай імперыі, СССР, Рэспублікі Беларусь.



Крыніцы

1.Акты, издаваемые Виленскою комиссией для разбора древних актов. Том 36. Вильня 1912 г. С. 341. 212-213. 146-147.

2.Актовая книга Минского гродского суда за 1593 год.Опись документов находящихся в актовой книге. ф.1926, в.5, с.48, запіс №552

3. НГАБ ф.1729, в.1, с.42, а.284

4. НГАБ ф.1769, в.1, с.17, а.510

5. Старадаўні Крычаў. А.А.Мяцельскі ”Беларуская навука” 2003 г. с.103 (НГАБ, кмф-18, в.1 с.58, а.96адв.-97адв.)

6. LVIA, SA 2, k. 115-116v, паводле Анджэя Рахубы

7. LVIA, SA 2651, s.841, паводле Анджэя Рахубы

8. КМФ-18, в.1, с.102, а.333аб.-334аб.

9. Караль Тамэцкі аўтар сайта. Ліст Аляксея Панятоўскага кармеліта да Генеральнага пракурора ордэна кармелітаў http://www.mscislaw.org.pl/Worodkow.html

10. Каталіцкія храмы на Беларусі. Мінск “Беларуская энцыклапедыя”, 2001г., с.186

11. Акты, издаваемые Виленскою комиссией для разбора древних актов. Том 34,Акты относящиеся ко времени войны за Малороссию (1654-1667), Вильно 1909 г., с.324-325

12. Kwartalnik historyczny, Rocznik VII, Lwow 1839 r., s.639-642

13. АВАК, т.10, с.261

14. A.Rachuba, “Wielkie ksienstwo Litewskie w systemie parlamentarnym Rzeczypospolitej w latach 1569-1763”, Wydawnictwo sejmowe, Warszawa 2002, s.234

15. Urzednicy Inflanccy XVI-XVIII wieku, Spisy, Kornik 1994 pod redakcia Antonego Gasiorowskiego, Tom IX, Inflanty, s.113

16. Po ziarnie, Zbiorek Pamiatkowy, wydany przez Jana Prustowskiego i Maurycego Krupowicza, Wilno 1861 r., s.252-253

17. НГАБ, ф.1729, в.1, с.1, с.420-423а.

18. тэстамент актыкаваны ў 1701 годзе, НГАБ, с.263

19. Русская историческая библиотека издаваемая императорскою археографическою коммиссіею т.33, с. 912, Петроград 1915 г. Литовская Метрика

20. Археографический сборник документов относящихся к истории северо-западной Руси т.4, Вильна 1867 г.

21. НГАБ, ф.1729, в.1, с.66, с.534-538

22. НГАБ, ф.1729, в.1, с.5, с.263

23. Памятники истории Восточной Европы. Крестоприводная книга шляхты Великого княжества Литовского 1655 г. Составила Е. Е. Лыкова, Москва 1999 г.

24. КМФ-18, в.1 с.119, с.662

25. Вялікае Княства Літоўскае, Энцыклапедыя, том 2, с.460, Мінск, Беларуская энцыклапедыя, 2006 г.

26. Akta zjazdow stanow WKL, Okresy bezkrolewi, t.1, s.326, H.Lulewicz

27. Каталіцкія храмы на Беларусі. А.М.Кулагін, с.169 Мінск ”Беларуская Энцыклапедыя” 2001г.

28. НГАБ, ф.1729, в.1, с.44, с.1252-1255

29. НГАБ, ф.1729, в.1, с.26, с.612

30. Станіслаў Аўгуст Панятоўскі. Л. Несцярчук, ААТ “Брэсцкая друкарня“ 2011 г., с.130

31. Rodzina Herbarz szlachty Polskiej, S. Uruski, t.14, Warszawa 1917 s.230

32. http://pl.wikipedia.org/wiki/Poniaty

33. НГАБ, ф.1729, в.1, с.10, с.137-138

34. НГАБ, ф.1729, в.1, с.12, с.181-186

35. НГАБ, ф.1729, в.1, с.2, с.40

36. НГАБ, ф.1772, в.1, с.1, с.299

37. НГАБ, ф.11729, в.1, с.9, с.98-99

38. НГАБ, ф.1729, в.1, с.12, с.288

39. НГАБ, ф.1729, в.1, с.24, с.110

40. НГАБ, ф.1729, в.1, с.26, с.382

41. НГАБ, ф.1729, в.1. с.43, с.111

42. НГАБ, ф.1729, в.1, с.59, с.685-700

43. Нарысы гісторыі Беларусі ч.1, Мінск “ Беларусь“, с.257-258

44. НГАБ, ф.1729, в.1, с.71, с.7

45. НГАБ, ф.1729, в.1, с.8, с.26

46. НГАБ, ф.1729, в.1, с.65, с.23

47. НГАБ, ф.1729, в.1, с.80, с.73

48. НГАБ, ф.1817, в.1, с.40, с.411-413

49. НГАБ, ф.1731, в.1, с.3, с.970

50. Po ziarnie, Zbiorek Pamiatkowy, wydany przez Jana Prustowskiego i Maurycego Krupowicza, Wilno 1861 r., s.250

51. НГАБ, ф.1727, в.1, с.28, с.307- 307аб.

52. НГАБ, ф.1727, в.1, с.28, с.308- 308аб.

53. НГАБ, ф.1729, в.1, с.59, с.685- 732аб.

54. НГАБ, ф.1729, в.1, с.70, с.135- 168

55. НГАБ, ф.1729, в.1, с.74, с.163

56. Станіслаў Аўгуст Панятоўскі. Л. Несцярчук, ААТ “Брэсцкая друкарня“ 2011 г., с.126, 130

57. НГАБ, ф.1772, в.1, с.4, с.97

58. НГАБ, ф.319, в.1, с.86, с.106

59. НГАБ, ф.1729, в.1, с.76, с.85

60. НГАБ, ф.1729, в.1, с.75, с.1007-1009

61. НГАБ, ф.1729, в.1, с.75, с.198

62. Polski Slownik Biograficzny. Tom 27/3, Zaklad narodowy imienia Ossolinskich.Wydawnictwo polskiej akademii nauk 1983 r., s.426

63. НГАБ, ф.319, в.2, с.2610

64. НГАБ, ф.1769, в.1, с.4, с.86аб.

65. НГАБ, ф.1736, в.1, с.29, с.255- 256аб.

66. НГАБ, ф.1727, в.1, с.28, с.308- 308аб.

67. НГАБ, ф.1769, в.1, с.4, с.1191- 1193аб.

68. НГАБ, ф.319, в.1, с.130- 131, с.465- 471аб.

69. Deputaci Trybunalu Glownego WKL 1697- 1794 r.r., A. Rachuba Warszawa 2004 r., s.290

70. Deputaci Trybunalu Glownego WKL 1697- 1794 r.r., A. Rachuba Warszawa 2004 r., s.149

71. Deputaci Trybunalu Glownego WKL 1697- 1794 r.r., A. Rachuba Warszawa 2004 r., s.201,237

72. НГАБ, ф.1729, в.1, с.65, с.168

73. НГАБ, ф.1772, в.1, с.4, с.39

74. Herbarz Polski Kaspra Niesieckiego tom 7, Lipsk 1841 r., s.375- 376, 380

75. Опыт описания Могилёвской губернии А. С. Дембовицкий. 1884г.

76. Алфавитный список дворянских родов внесённых в родословные дворянские книги Могилёвской губернии., Могилёв Тип- Лит Я. Н. Подземского 1908г.

77. Огнём и мечом. Генрик Сенкевич., т. 2, Москва 1983 г., с.242

78. Землевладельцы Минской губернии 1900- 1917 г.г., Д. Дрозд, Минск, Медисонт 2013 г., с.438

79. Rodzina Herbarz szlachty Polskiej, S. Uruski, t.14, Warszawa 1917 s.223



80. Poczet rodow w Wielkiem Ksiestwie Litewskiem w XIV- XVI wieku. A. Boniecki, Warszawa 1887 r., s.256




База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка