Віктар Віктаравіч Трусевіч



Дата канвертавання04.07.2016
Памер87.98 Kb.


Віктар Віктаравіч Трусевіч

Нарадзіўся Віктар Віктаравіч Трусевіч 11 мая 1961 года ў вёсцы Затур’я Нясвіжскага раёна Мінскай вобласці.

Першая вясна, якую ён сустрэў - у Затур’і, першае слова, што зляцела з вуснаў - у Затур’і, першыя нясмелыя крокі - па зямлі Затур’і. Падрастаў хлапчук і ўсё больш і больш пазнаваў свет, вучыўся разумець прыроду і жыццё. І зноў жа – праз прызму светапогляду яго бацькоў, што жылі і працавалі ў Затур’і. Амілія Францаўна і Віктар Амадавіч сыну былі вельмі рады, бо ў Віці ўжо было тры сястры. Не скрываюць і таго, што часта песцілі хлапчыну, даравалі яму дзіцячую няўрымслівасць і фантазію. І Віця бацькоў не засмучаў: рос бадзёрым, вясёлым, добрым і сціплым сынам. Не цураўся дапамагаць бацьку па гаспадарцы, разам ездзілі ў поле араць, сушыць сена ці капаць бульбу. З дапамогай маці было складаней: сёстры ніякай работы Віцю не пакідалі. Ужо ў той час, калі Віцю было гадоў з 5, бацька стаў заўважаць, што хлопец не па гадах становіцца сур’ёзны. Усё ўзіраецца, удумваецца, задае складаныя пытанні. І раз-пораз складае невялічкія рыфмы. Спачатку гэта былі двухрадкоўі. Але на гэта ўвагу не звярталі, больш стараліся далучаць да вясковай працы. Бо ў іх родзе паэтаў не было.

Ішлі дні, месяцы. Віця Трусевіч разам з маці, узяўшы ў рукі вялікі букет вяргінь, прыйшоў у школу. Гэта было 1 верасня 1968 года. Прагучаў першы званок. Вось ён – першы клас! І першая настаўніца! Гэта Каравай Таццяна Іосіфаўна. З дня ў дзень, ад літары да літары навучала грамаце. Адначасова з урокамі матэматыкі, чытання і пісьма настаўніца вучыла адчуваць навакольны свет, бачыць прыгажосць прыроды, веліч дабрыні людзей, непаўторнасць кожнага імгнення, вучыла цаніць кожны пражыты дзень. Віця стараўся добра вучыцца, выконваў усе заданні старанна, асаблівую ўвагу аддаваў чытанню. Прыкладныя паводзіны і выдатная вучоба не раз адзначаліся дырэкцыяй школы. Віцю ўзнагароджвалі граматамі.

І зноў самі сабою пісаліся невялічкія рыфмаваныя радкі. Хлопец іх чамусьці саромеўся, запісваў у сшытак і хаваў. Равеснікі яго не разумелі, жартавалі, а бацькі лічылі, што хлопец дарэмна губляе час. Навука ў школе ішла добра. У старэйшых класах сустрэўся Віктар з настаўнікам роднай мовы і літаратуры Насякайлам Мікалаем Мацвеевічам. Гэта быў чалавек з бязмежна добрым сэрцам і вялікім запасам любові да роднага слова, патрыёт, чулы і шчодры. Ён тлумачыў веліч беларускага слова, яго моц і сілу. Добрыя зярняты Мікалая Мацвеевіча траплялі ў вільготную глебу душы юнака. Яны знаходзілі там умовы для існавання, давалі першыя, кволыя расткі. І з кожным годам, кожным класам Віцю ўсё больш і больш хацелася пісаць. Хлопец не цураўся свайго жадання. Ужо скончан не адзін вучнёўскі сшытак. Віця для рабочага займае тоўсты агульны сшытак. І зноў самі сабою вершы лажацца на лісты. Тэма вершаў зусім дзіцячая: пра сяброўства, пра школу, пра любімага настаўніка.

А калі сэрца кранула першае сапраўднае дарослае пачуццё, дык не абмінае Віктар і гэту тэму. Хоць гэта пакуль толькі любоў да Радзімы, аднак у радках гучыць неяк па-сапраўднаму даросла.

Цябе завуць у вершах незвычайна,

І я таксама называў не раз,

І сплесці спрабаваў табе аддана

Суквецце з гучных і прыгожых фраз.

І толькі, верш, зразумеў нядаўна,

Хоць у цябе я ўжо даўно не госць.

Што ва ўсіх справах, клопатах звычайных

Твая, Радзіма, незвычайнасць ёсць.

У чэрвені 1976 года, калі прагучаў апошні школьны званок і здадзены ўсе школьныя экзамены, Віктар атрымаў свой першы дакумент на даросласць - атэстат аб адукацыі.

Розум нямеў ад самастойнасці, свабоды, сэрца шчымела радасцю і шчасцем, а душа…! Душа прагла паэзіі. У гэты час пачынае праяўляцца накірунак думкаў паэта. Ён усё больш звяртаецца да тэмы аб роднай беларускай мове.

Не можа мой народ

Аднойчы ў лету кануць.

Павінен аб сабе

І ён пакінуць памяць.

Патрэбна шанаваць

Сваё заўсёды слова.

Датуль жыве народ,

Пакуль бруіцца мова.

Гэты верш быў надрукаваны ў газеце “Літаратура і мастацтва” 29.10.1993 года.

Адчуваў падлетак, што для трывалага паэта няпоўнай сярэдняй адукацыі не дастаткова, таму вырашыў працягваць вучобу. Паступіў у Лідскі індустрыяльны тэхнікум. Цяжкасцей з вучобай не было, спецыяльныя прадметы даваліся няблага, таму і вольнага часу ў навучэнца хапала. Віця шмат займаўся спортам: хадзіў на лыжах, добра бегаў кароткія дыстанцыі, даваліся і скачкі ў даўжыню. Але ўсё ж перавагу Віця аддаў баскетболу. Гуляў за зборную тэхнікума, а затым і горада. Неаднаразова ўзнагароджваўся граматамі і каштоўнымі падарункамі. А душа патрабавала вершаў. Для любімай справы Віця часцей за ўсё выбіраў самы ціхі час у інтэрнаце – ноч – і пісаў, пісаў…

Знаходзячыся далёка ад родных мясцін, Віця адчуў цягу да роднага парога, да зямлі, што скрозь прапахла потам людскім. Аб чым і яго вершы.

Калі выпіша лёс мне мандат,

Як было ўжо не раз, на чужбіну,

Бумерангам вярнуся назад

Да цябе, дарагая Айчына.

Бо без гэтай бацькоўскай зямлі

Мне заўсёды і цяжка, і дрэнна.

Калі сэрца аб нечым баліць,

Значыць, б’ецца яно не дарэмна.

У гэты ж час прыйшла думка юнаку аб стварэнні летапісу роднай вёскі. Хоць і невялічкая яна, аднак мае права на існаванне, на сваю гісторыю. Таму па крупінках, па часцінках збіраў Віктар звесткі аб мінулым Затур’і, складаў яе летапіс. На жаль, закончыць гэтую справу Віктару не было суджана, таму летапіс так і застаўся ў рукапісным варыянце.

У ціхае, раўнамернае жыццё хлопца прыйшлі імклівыя перемены. Віктар сустрэў Ірыну: дзяўчыну смелую, прыгожую, гаварлівую. Сустрэў і пакахаў. Як толькі можна кахаць у 18 гадоў. Моцна, шчыра, аддана. Не адзін верш прысвяціў менавіта ёй.

Яна, нібы фея, сягодня ішла

Насустрач па вулічнай плошчы.

І чырванню твар маладою пылаў,

Свяціліся радасцю вочы.

Здаецца, віталі яе ўсе адну:

Машыны, прахожыя, птушкі…

А вецер-нахабнік усё зазірнуць

Стараўся пад тонкую блузку.

Але павестка ў ваенкамат сыграла страшную справу. Юнак і дзяўчына развіталіся. Гэта была ціхае развітанне, без слёз і абяцанняў абавязкова дачакацца. Віця верыў і служыў, служыў і пісаў. Пра будзёнае армейскае жыццё, пра трывогі і вучэнні, нават пра цяжкія армейскія кірзавыя боты.

Ода кірзавым ботам

О, боты, кірзавыя боты.

Я вас запомню назаўжды,

Вы мне прынеслі шмат турботаў

За два армейскія гады.

Я вельмі добра памятаю

Той першы доўгі марш-кідок,

Калі то з болем, то з адчаем

Рабіў я ледзь не кожны крок.

І, сцёршы ногі, ледзь не плакаў,

Ды, зубы сціснуўшы, трываў,

Як старшына адборным матам

Мяне ў капцёрцы частаваў…

Неўзаметку прайшлі два гады армейскай службы. Наперадзе была даўгачаканая сустрэча з каханай. Віця, перш чым адправіцца да бацькоў,

купіў білет у Ліду. Імчаў да Ірыны. Аднак хлопец з ёю так і не сустрэўся, бо Ірына некалькі дзён таму выйшла замуж. Не было сварак, сцэн рэўнасці. Віця папрасіў прабачэння і паспяшаўся пайсці.

Прыходзіць следам за бядою

І адзінота, і адчай…

Цябе я клікаў за сабою,

А ты прасіла: “Пачакай…”

І я чакаў, дзівак, як мора

Надвор’я добрага, цябе.

І вось даведаўся: учора

Ты села ў іншы карабель…

Бацькі і вяскоўцы сустрэлі земляка шчыра, па-сяброўску. Віця зразумеў, што толькі родныя любяць па-сапраўднаму і ніколі не здрадзяць. Крыўду душы не таіў на дзяўчыну, яна калі-нікалі зноў трапляла на старонкі яго вершаў.

Наладзіла памяць масты.

Заходзіцца сэрца ад болю.

Чытаю старыя лісты,

Нібы размаўляю з табою,

Далёкай ужо і чужой.

Цікава, цяпер ты якая?

Глядзіш з фатакарткі старой

Заўжды для мяне маладая.

Пасля службы ў арміі Віця Трусевіч уладкаваўся працаваць у Нясвіжскую аўтабазу. Адначасова стаў больш займацца паэтычнай дзейнасцю, вёў цеснае супрацоўніцтва з газетай “Чырвоны сцяг”. Пазнаёміўся з Паўлюком Пранузам, Міхасём Валасевічам. Яны, людзі больш сталейшага ўзросту і большага вопыту работы над вершамі, актыўна дапамагалі станаўленню хлопца, яго творчай дзейнасці. “Кожны раз, калі ў Нясвіж наведваўся Прануза, Віця папярэджваў нас, што прыедзе позна, - кажа Віктар Адамавіч. Мы ведалі, што іх гамонка можа цягнуцца да раніцы. У іх было шмат агульных інтарэсаў, тэм для размоў”.

Паўлок Прануза стаў літаратурным настаўнікам, дарадцам для Віктара, дапамагаў сталенню паэта і з Міхасём Валасевічам былі таварышамі па справе і добрымі сябрамі.

Вёў актыўную перапіску з Леанідам Галубовічам. Таксама атрымліваў урокі паэтычнага майстэрства. Вершы становяцца дасканалымі, дарослымі, змястоўнымі. Пісаў Віктар пра мясцовыя клопаты, пра працавітых вясковых людзей, пра родную Беларусь.

І, каб яшчэ раз падкрэсліць бязмежную любоў да свайго народа, Віктар стаў донарам. Па першаму патрабаванню раённай паліклінікі спяшаўся падзяліцца сваёю крывёю з людзьмі, хто меў у ёй патрэбу, з хворымі. Віця ведаў, што калі-небудь за дабро яму абавязкова адплацяць дабром.

Літаратурная дзейнасць Віктара Трусевіча ў гэтыя гады набывае шырокі размах. Хлопец пісаў сур’ёзныя вершы, часам гумарыстычныя, вясёлыя, для дзяцей.

Вядзецца перапіска з “Мінскай праўдай”, газетамі “Літаратура і мастацтва”, “Чырвоная змена”, “Сельская газета”, часопісамі “Маладосць”, “Полымя”, “Родная прырода”, “Вясёлка”, “Вожык”.

Талент Віктара Трусевіча не застаецца без увагі з боку землякоў Нясвіжчыны. Віктара запрашаюць на святы кнігі, на вечары сустрэч, на літаратурныя сустрэчы.

Быць бліжэй да родных вытокаў было марай Віктара здаўна. Таму і перайшоў ён працаваць у калгас “Слава” электрыкам. Зноў жа дарыў людзям радасць і святло не толькі электрычнае, але і душэўнае, унутранае. Пісаў Віця пра мясцовых людзей і для моладзі.

Мы часта падаем, каб потым

Ізноў узняцца і далей

Рабіць як след сваю работу

Яшчэ старанней і хутчэй.

Бо пройдзе час – пара настане

Падлічваць страты, умалот…

Не Бог, а праца з абезьяны

Людзей рабіла столькі год.

Чарговы паварот у жыцці адбыўся ў Віктара Трусевіча ў красавіку 1986 года. Трагедыя Чарнобыля стала трагедыяй усяго беларускага народа. Без роздуму Віктар паехаў у ліку першых ліквідатараў злашчаснай трагедыі на месца здарэння. Амаль цэлы месяц прабыў Віктар Віктаравіч у Чарнобылі. Гэта не прайшло бясследна для маладога чалавека. Пасля вяртання дадому ён адчуў недамаганне, лёгкі боль у плячах. Але родныя краявіды суцешылі боль, надалі сілы, падбадзёрылі, Віця ўзмацнеў духам.

Працаваў па гаспадарцы, дапамагаў бацькам, шмат пісаў, праца прыносіла станоўчыя вынікі. Настрой быў узнёслы, бадзёры. Віця быў поўны аптымізму. І на тое, што ў яго не ўзялі крыві для трапіўшага ў аварыю чалавека, Віця ніякай увагі не звярнуў. Ён поўнасцю прысвячаў сябе літаратуры, рыхтаваў матэрыял для зборніка яго вершаў. Віця жыў і хацеў быць патрэбен свайму народу.

Не развучыцца б усміхацца

Удачы, радасці любой,

Былінкай кожнай захапляцца,

Травінкай, кветкай і пчалой.

І жыць з людзьмі ў журбе і скрусе,

Не рваць з радзімай карані…

О, як баюся я, баюся:

Не развучыцца б дабрыні!...



Аднак лёс не прыслухаўся да яго мар. Усё часцей Чарнобыль нагадваў аб сабе. Рукі чамусьці слабелі, сілы пакідалі маладога чалавека. Нават выхад зборніка “Датуль жыве народ” не ўзрадаваў Віктара Трусевіча. Напярэдадні з Мінска прыйшоў ліст з медыцынскім заключэннем аб яго здароўі. Дыягназ быў грозны і гучаў як прыгавор: “Рак крыві”.

9 кастрычніка 2003 года Віктара Трусевіча не стала. Не стала чалавека сярод нас, які бязмежна любіў людзей, ганарыўся, працаваў для іх і для Радзімы. Але яго землякі, усе, каму не абыякава яго творчасць, разумеюць, што Віктар Трусевіч будзе і далей з намі да той пары, пакуль людзям патрэбна яго творчасць, яго палымянныя, пранікнутыя бязмежнай любоўю і павагай вершы.
: Docs
Docs -> Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь Установа адукацыі “Гомельскі дзяржаўны універсітэт
Docs -> Установа адукацыі «Гомельскі дзяржаўны універсітэт імя Францыска Скарыны»
Docs -> “Гомельскі дзяржаўны універсітэт імя Францыска Скарыны”
Docs -> Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь Установа адукацыі “Гомельскі дзяржаўны універсітэт
Docs -> Установа адукацыі “Гомельскі дзяржаўны тэхнічны ўніверсітэт
Docs -> Установа адукацыі «Гомельскі дзяржаўны універсітэт імя Францыска Скарыны»
Docs -> Установа адукацыі “Гомельскі дзяржаўны універсітэт імя Францыска Скарыны” зацвярджаю
Docs -> Іван Штэйнер Свет шчодры. Свет мяне паўторыць…
Docs -> Установа адукацыі «Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Францыска Скарыны»




База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка