Выпускная работа па «Асновах інфармацыйных тэхналогій»


Глава 1 Грамадская думка Вялікага Княства Літоўскага XVI ст.: спробы вывучэння пры дапамозе ІТ



старонка2/9
Дата канвертавання15.05.2016
Памер0.53 Mb.
ТыпВыпускная работа
1   2   3   4   5   6   7   8   9

Глава 1

Грамадская думка Вялікага Княства Літоўскага XVI ст.: спробы вывучэння пры дапамозе ІТ

1.1 Корпус крыніц па гісторыі ўяўленняў пра мінулае ў кантэксце грамадскай думкі ВКЛ: ацэнка прыдатнасці для выкарыстання ІТ


Корпус помнікаў грамадскай думкі ВКЛ XVI ст., у якіх адлюстраваны ўяўленні аб мінулым, даволі шырокі. Гэта летапісы і хронікі, публіцыстычныя і мастацкія творы, эпісталярная спадчына.

Летапісы і хронікі. Першы па часе комплекс звестак аб мінулым ВКЛ, створаны на яго тэрыторыі ў XV–XVI ст., уяўляе сабою набор твораў, якія вядомы ў навуцы як кароткая рэдакцыя беларуска-літоўскага летапісання, ці першы беларуска-літоўскі летапісны звод (далей – ПЛЗ). Існуе шэраг спісаў гэтага зводу – Нікіфараўскі, Супрасльскі, Акадэмічны і Слуцкі [3; 22, с. 25]. Асноўнымі праблемамі вывучэння гэтых тэкстаў з’яўляюцца: паходжанне асобных частак летапісу, месца іх звядзення ў адзін тэкст, ідэйная скіраванасць як летапісу ў цэлым, так і яго асобных частак (розныя падыходы – гл.: [21, с. 159; 22, с. 120–126; 32, с. 53] і [31, с. 53–54]).

Другі беларуска-літоўскі летапісны звод (далей – ДЛЗ) – спісы: Красінскага, Археалагічнага таварыства, Альшэўскі, Рачынскага, Румянцаўскі, Еўраінаўскі [3] – уключае ў сябе тыя ж творы, што і ПЛЗ, акрамя “агульнарускай часткі”, але дадае да іх міфічны аповяд ранняй гісторыі ВКЛ ад часоў рымскага ўцекача ў Літву Палемона да Гедыміна. Да агульных з ПЛЗ праблем, якія ўзнікаюць пры вывучэнні гэтага зводу, далучаецца яшчэ пытанне часу напісання гэтага летапісу [29, с. 21].

Трэці беларуска-літоўскі летапісны звод прадстаўлены на сённяшні дзень толькі адным спісам – т.зв. “Хронікай Быхаўца” (далей – ХБ) [2]. У навуковай літаратуры выказваліся думкі, што ХБ – гэта фальсіфікат, выкананы ў першай палове XIX ст. вядомым гісторыкам Тэадорам Нарбутам (так, напрыклад, меркавалі польскія даследчыкі К. Хадыніцкі [25, с. 401] і Я. Тазбір), але на сённяшні дзень прынята лічыць яе сапраўдным помнікам гістарыяграфіі XVI ст.

Такім чынам, час, месца і інспіратары стварэння беларуска-літоўскіх летапісных зводаў далёка не адназначна акрэсленыя, што, канешне, не спрыяла і высвятленню намераў, з якімі пісаліся гэтыя творы. Паколькі колькасныя метады ў межах ІТ дазваляюць высветліць узаемазалежнасць паміж спісамі аднаго і таго ж помніку (што назіраецца ў выпадку двух першых зводаў), прасачыць час іх узнікнення і пабудаваць стэму іх развіцця [42, с. 345-352], а таксама праверыць аўтарства твору, яго прыналежнасць да пэўнай эпохі (што з’яўляецца праблемай у выпадку ХБ – магчымага фальсіфікату) [40, с. 326; 42, с. 352-359], то ўяўляецца мэтазгодным выкарыстанне ў дачыненні да іх магчымасцяў ІТ. Зрэшты, істотнай праблемай пры даследаванні беларуска-літоўскага летапісання з дапамогай ІТ з’яўляецца тое, што ў адрозненні ад старажытнарускіх летапісаў (“Аповесці мінулых гадоў”, наўгародскага летапісання), для вывучэння якіх ужо выкарыстоўваліся колькасныя метады [40, с. 331-334], творы з ВКЛ – гэта хутчэй гістарычныя аповесці, а не пагодавыя запісы [22, с. 187], часта яны не маюць храналагічнай сеткі, што ўскладняе іх перавод у машыначытальны выгляд.

Праблема вызначэння аўтара актуальна і для некаторых твораў хранікальнага жанру. Напрыклад, ананімны “Кароткі аповяд пра князёў Літвы” (“Epitome principum Lituaniae”, далей – “Epitome”) [4] верагодным аўтарам якога ў гістарыяграфіі называецца Аўгустын Ратундус [27, с. 65–66], але гэта няпэўна.

Асобнае месца ў гістарычнай думцы ВКЛ займае творчасць “першага сапраўднага гісторыка Вялікага Княства Літоўскага”[19, с. 605] Мацея Стрыйкоўскага (1547 – каля 1590). Ён аўтар дзвюх вядомых на сёння хронік, якія маюць назвы “Хроніка польская, літоўская, жамойцкая і ўсёй Русі” (1582) [9; 10] і “Аб пачатках…” (пры жыцці аўтара не выдадзена) [11]. Таксама вялікія раздзелы па гісторыі змешчаны ў вершаваным творы Стрыйкоўскага “Ганец цноты” (1574) [8]. Усе гэтыя тэксты падаюць выклад гісторыі ВКЛ ад легендарных часоў рымскіх продкаў літвінаў. Але паміж імі існуюць істотныя адрозненні, якія праяўляюцца не толькі ў колькасці звестак, якая павялічваецца ў напрамку ад “Ганца” да “Хронікі”, але і ў інтэрпрэтацыі пэўных фактаў, стаўленні да крыніц інфармацыі. Вынікае, што творчасць дадзенага храніста з’яўляецца выдатным матэрыялам для выкарыстання кантэнт-аналізу з мэтай высвятлення адрозненняў паміж яго падыходамі ў розных працах.



Публіцыстычныя творы. Для публіцыстычных твораў наогул уласціва ананімнасць або выкарыстанне псеўданіму, і дадзены перыяд не быў выключэннем, таму праблема атрыбуцыі тэкстаў не знікае і тут. Так, “Пахвала Альбрэхта Гаштольда”, якая захавалася ў лацінскім перакладзе [30, с. 77], дзе яе аўтар пазначаны як Дэадат Сэптэній (Deodatus Septennius), уяўляе сабою апісанне слынных учынкаў не толькі самога Альбрэхта Гаштольда, але і яго продкаў. Верагодным яе аўтарам на думку польскага гісторыка Е. Ахманьскага [30, s. 80–81] з’яўляўся пісар канцылярыі Багдан Сямашка.

Яшчэ адзін панегірычны твор, звязаны з імем Альбрэхта Гаштольда, гэта напісаная ім ці ад яго імя (магчыма, тым самым Багданам Сямашкам [13, p. 22]) “Пахвала караля Жыгімонта” [5], дзе апошні параўноўваецца са слаўнымі ўладарамі з мінуўшчыны.

Усе рысы палітычнага памфлета мае твор, які фармальна мусіць быць аднесены да эпісталярных крыніц, – гэта ліст таго ж Альбрэхта Гаштольда да каралевы Боны, які Ежы Ахманьскі назваў “крыніцай Гаштольдаўскай традыцыі” ў асэнсаванні мінулага ВКЛ [30, с. 80]. Выкарыстанне кантэнт-аналізу можа пацвердзіць ці абвергнуць тэзіс Е. Ахманьскага аб прыналежнасці вышэйадзначаных твораў да адной, т.зв. “Гаштольдаўскай”, традыцыі.

Наступныя публіцыстычныя творы таксама ананімныя ці падпісаныя псеўданімам. Трактат “Пра норавы татараў, літвінаў і маскавітаў” [1], падпісаны імем Міхалон Літвін быў створаны ў 1550 г., але яго выданне адбылося толькі ў 1615 г. [14, с. 12]. Яшчэ адзін ананімны публіцыстычны твор “Размова Паляка з Літвінам” [7] выйшаў як водпаведзь на твор польскага публіцыста Станіслава Ажахоўскага “Quincunx” [28, с. V]. Аўтарства “Размовы” выклікае спрэчкі. Польскія даследчыкі Ю. Кажанёўскі і М. Барычова з досыць шырокай аргументацыяй лічылі стваральнікам “Размовы” паляка па паходжанню, віленскага войта Аўгустына Ратундуса (каля 1520 – 1582), але выказваліся і аргументы на карысць удзелу ў напісанні твору Андрэя Волана [17, с. 240]. Публіцыстычную накіраванасць маюць і паўсталыя падчас першага бескаралеўя ў Рэчы Паспалітай (1572–1573 гг.) “Меркаванні аб абранні новага караля” [12]. Да твораў з ВКЛ яны адносяцца па прычыне ўласнай згадкі ананіма аб сваім паходжанні з Вялікага Княства [Меркаванні, с. 349]. Магчымым аўтарам “Меркаванняў” польскі гісторык літаратуры А. Брукнэр назваў Аўгустына Ратундуса, але такое дапушчэнне выклікала крытыку расійскага даследчыка І.І. Лапо і, напрыклад, у беларускай гістарыяграфіі (С.Ф. Сокал) не прынята [20, с. 115-116]. Як і “Размова Паляка з Літвінам” гэты твор надае значную ўвагу адносінам ВКЛ і Польшчы, што можа зрабіць гэтыя творы аб’ектам патэнцыйнай цікавасці з пункту гледжання параўнання іх зместу пры дапамозе ІТ, тым больш у іх мог быць адзін аўтар (Аўгустын Ратундус), што таксама можна высветліць пры дапамозе колькасных метадаў (тэорыі графаў і інш.). Такія ж задачы могуць пастаўлены і ў плане агульнага вывучэння публіцыстыкі ВКЛ акрэсленага перыяду.

Вынікае, што крыніцы па гісторыі грамадскай думкі ў цэлым і гістарычнай думкі як яе часткі – ў прыватнасці – могуць быць даследаваны пры дапамозе ІТ.



1   2   3   4   5   6   7   8   9


База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка