Вывучэнне верша аркадзя куляшова «бывай » (VIII клас) Ход урока I. Праверка дамашняга задания



Дата канвертавання30.06.2016
Памер100.57 Kb.
А. Г. Арлова,

настаўніца Бачэйкаўскай сярэдняй школы

Бешанковіцкага раёна
Вывучэнне верша

АРКАДЗЯ КУЛЯШОВА «БЫВАЙ...»

(VIII клас)

Ход урока
I. Праверка дамашняга задания.

Выразнае чытанне на памяць верша М. Багдановіча «Раманс» (4—5 вучняў).



II. Праца над новым матэрыялам.

1. Гутарка з класам.

Настаўнік. А цяпер пераходзім да новай тэмы. Сёння мы пазнаёмімся з вершам А. Куляшова «Бывай...», які тэматычна цесна звязаны з «Рамансам» М. Багдановіча. Эпіграфам да нашага урока будуць вершаваныя радкі Кастуся Цвіркі. Што вы можаце сказаць пра пачуццё, увасобленае паэтам?

Паслухайце песню «Алеся» (музыка I. Лучанка, верш А. Куляшова). У 1970-я гады гэта песня была шлягерам. Кожны дзень яе можна было пачуць па радыё. (Гучыцъ песня «Алеся» ў выкананні ансамбля «Песняры».)

• Ці здолеў кампазітар перадаць «музыку душы» паэта? (Здолеў, бо мелодия сумная, як і настрой у вершы.)

• Аркадзю Куляшову было 14 гадоў, калі ён напісаў першы варыянт гэтага верша. Якія пачуцці хацеў перадаць аўтар? Ці зразумелыя яны вам? (Пачуццё роспачы, горычы, суму і тугі па страчаным каханні.)

Паслухайце верш «Бывай...». (Настаўнік чытае верш на памяцъ.) Першае каханне паэта было ўзаемным, але ў жыццёвым плане бесперспектыўным. Пра ўзаемкасць гэтага кахання сведчаць радкі верша «Млын» (1939): «...Бо адзін ён ведае пра тое, // Што яму належаў цэлы свет, // Як хадзіў з дзяўчынай у жытное». Далей вашы аднакласнікі раскажуць пра гісторыю напісання гэтага верша, пра першае каханне паэта.

Вучаніца. Першае каханне. Няспраўджанае, нераздзеленае, безнадзейнае ці шчаслівае... Хто яго не спазнаў? I ці для многіх яно засталося адзіным?

Ці помніш першае нясмелае прызнанне?..

Над намі жаўранкам звінеў і плакаў май.

Назаўтра золкае, туманнае світанне,

Суровы позірк твой і мой нямы адчай...

Такім было першае пачуццё юнага паэта Аркадзя Куляшова, амаль хлапчука, да дзяўчыны па імені Алеся. Хто ж такая Алеся?

Гэта шаснаццацігадовая дзяўчына, прыгожая і абаяльная, у якую быў закаханы чатырнаццацігадовы Аркадзь. Скончыўшы Саматэвіцкую школу, Алеся Карыткіна паехала ў Ленінград на вучобу, пасля заканчэння педінстытута ўсё жыццё настаўнічала. Аркадзь Куляшоў прысвяціў ёй шмат твораў, вельмі цаніў яе думку, тонкі літаратурны густ і дасылаў ёй свае новыя творы.

Улетку 1951 года яны вырашылі нарэшце сустрэцца. Сустрэча павінна была адбыцца ў горадзе Быхаве на пошце. Падышоўшы да будынка, Аркадзь убачыў праз акно жанчыну, якая па ўсіх прыкметах павінна была быць Алесяй. Убачыўшы, аднак, замест зграбнай смуглянкі з «вялікімі выразнымі вачыма» жанчыну сярэдняга ўзросту, Аркадзь збянтэжыўся і кінуўся прэч. Усю дарогу дадому ён быў вельмі сумны. З Алесяй так і не сустрэўся, бо бараніў ідэал свайго юначага кахання ад разбурэння яго прозай жыцця.



Вучань. А тады, у дзяцінстве, ростань з Алесяй узрушыла Аркадзя так глыбока, што ён прысвяціў гэтай падзеі цэлую паэму, якую прачытаў толькі сястры і на яе ж вачах спаліў.

Праз паўстагоддзя, калі героі нашага рамана ўжо гадавалі ўнукаў, паэт, азіраючыся на сваё жыццё ў яго тэарэтычна магчымых варыянтах, звярнуўся да Аляксандры Васільеўны з пытаннем, пра змест якога мы можам меркаваць па яе адказе:

Дарагі Аркадзь! — пісала Алеся ў лісце ад 12 жніўня 1971 г. з Роўна, дзе прайшлі апошнія гады яе жыцця. — Даруй, калі ласка, за маўчанне: зноў нада мною цёмная хмара гора, і я не магу ні пра што іншае ні думаць, ні пісаць... Але... цябе цікавіць мінулае, што было б, калі б і г. д. Магу табе сказаць только што ты мяне ў свой час не разумеў зусім, ды і цяпер таксама, напэўна, не разумееш. У той далёкі год усе мае мары і жаданні былі скіраваны да адной мэты: вучыцца, спазнаць іншае жыццё, і не аднаму табе я адмовіла, многія могуць на мяне крыўдаваць. А я рвалася, ляцела ў марах і наяве, і проста ненавідзела ўсіх, хто мяне затрымліваў. У мяне не было иншага выбару: ці ісці замуж, ці ехаць вучыцца. А там — новыя інтарэсы, новыя людзі, а ты — недзе ў мінулым і не паспрабаваў наблізіцца. Адна справа — дзеці, і зусім іншая — сталыя, дарослыя. Даводзіцца пазнаваць сяброў дзяцінства нанова. А мы так і не сустрэліся зноў, і што ты за чалавек — я так і не даведалася і не ведаю дагэтуль. I ты — таксама. Вось і ўся праўда.

Настаўнік. Гэты ліст тлумачыць нам прычыну адмовы Алесі. Давайце яшчэ раз паслухаем гэты верш і адкажам на пытанні. (Вучанъ чытае верш.) Чаму гэты верш адносіцца да інтымнай лірыкі? Чым ён падобны на «Раманс» М. Багдановіча? (Адказы вучняў.)

2. Праца ў трупах. (У кожнай групе на сталах ляжаць карткі з заданнямі.)

Заданне для першай групы

Як настрою лірычнага героя адпавядаюць малюнкі прыроды? Пра што гэта сведчыць? Выпішыце ў сшыткі словазлучэнні і сказы ў якасці прыкладаў. Як называецца такі мастацкі прыём?



Заданне для другой групы

Імя дзяўчыны, як самотны ўздых, вырываецца з грудзей паэта толькі ў самым канцы верша. Якімі эпітэтамі называе, кліча сваю каханую паэт? Выпішыце гэтыя словы ў сшытак і дапоўніце сваімі. Якой вам уяўляецца Алеся?



Заданне для трэцяй групы

Прачытайце выразна верш «Бывай...» цалкам. Выпішыце словы, якія асабліва пераконваюць вас у шчырасці, праўдзівасці перажыванняў лірычнага героя.



Заданне для чацвертай групы

Як бы вы суцешылі чатырнаццацігадовага хлапчука? Можаце пашукаць такія словы ў вершах пра першае каханне ў вашым падручніку.


Прадстаўнікі груп адказваюць на пытанні. Пасля адказу вучняў чацвёртай групы слова бярэ настаўнік.

Настаўнік. А вось як адказала на гэтае пытанне былая вучаніца нашай школы Святлана Новік, якая цяпер вучыцца ў педагагічным універсітэце.

Першае каханне

Каханне першае згарае.

Як зорка зыркая ўначы.

Але ўспамін аб ім світае

I, як ручай між траў, журчыць.

А пачуццё жыве нязгасна,

I працінае раптам боль.

О, мой расстайны лебедзь ясны.

Мы не сустрэнемся з табой...

Калі ж убачымся аднойчы.

Душа ўстрывожана ўздыхне.

Зірнуць з дэкорам вочы ў вочы,

Ды не растане ў сэрцы снег. ...

У сіняй вазе сохне кветка.

Як пра былое напамін.

Яна — сумотнейшая сведка,

Што ты ў душы маёй — адзін.

У вас на сталах ляжаць слоўнікі літаратуразнаўчых тэрмінаў. Скажыце, што такое элегія і ці можна верш «Бывай...» назваць элегіяй? (Элегія — лірычны верш, прасякнуты сумным настроем з прычыны грамадскай несправядлівасці, асабістага няшчасця, нераздзеленага кахання, разважанняў аб жыцці і смерці. Гэты верш элегія — сумная, жаласлівая, спавядальная, шчырая, шчымлівая. У першым радку 10 разоў паўтараецца гук а. Герой верша як бы плача.)

У 1928 годзе гэты верш быў надрукаваны ў часопісе «Полымя». Давайце параўнаем два варыянты першай страфы. (У кожнага вучня на сталах карткі з радкамі гэтага верша.)
......................................................................................................................

Было:

Бывай, абуджаная сэрцам, дарагая.

Бывай, пялёсткамі развеяная квець, —

Тваё, чарнявая, юнацтва дагарае

I слоў заранкавая сонечная медзь...
Стала:

Бывай, абуджаная сэрцам, дарагая.

Чаму так горка, не магу я зразумець.

Шкада заранкі мне, што ў небе дагарае

На ўсходзе дня майго, якому ружавець.

…………………………………………………………………………………

• Як паэт увасабляе свае пачуццё? (У першым варыянце гучыць даволі выразная іронія, у якой акцэнт робіцца на ўзрост каханай. Адмова Алесі вылілася ў своеасаблівую паэтычную крыўду.)
3. Выразнае чытанне верша.

Настаўнік. Напярэдадні гэтага урока вы адказалі на пытанні анкеты пра каханне. Я пазнаёмлю вас з вынікамі. З 20 вучняў 16 прадоўжылі сказ «Я хачу, каб мае каханне было... узаемным»; два вучні — каб каханне было «вялікім, шчаслівым, доўгім, шчырым, адказным, сапраўдным, вечным»; адзін вучань — каб каханне было «з першага погляду». А нехта з вас напісаў канкрэтна: «Я не хачу, каб мая дзяўчына піла, курыла, ашуквала мяне, была распуснай. Хачу, каб яна мяне кахала».

• Скажыце, калі б Алеся была такой, ці закахаўся б у яе будучы паэт? (Не.)

А цяпер павучымся выразна чытаць гэты верш, бо на наступным уроку вы будзеце расказваць яго на памяць. У вас на сталах ляжаць памяткі «Вучыся чытаць выразна».

Прагледзьце іх, звярнуўшы ўвагу на правілы інтанавання, паўзы, на тон размовы, на аўтарскае пачуццё.


ПАМЯТКА «Вучымся чытаць выразна»

Ёсць паўза, націск і настрой!

I гэта вельмі важна...

Каб сэнсу верша не згубіць,

Каб думкай верша даражыць,

Чытаць трэба выразна!


ПАМЯТАЙ асноўныя этапы распрацоўкі навыкаў выразнага чытання:

1. Уважліва слухай тэкст у выкананні настаўніка або майстроў мастацкага слова.

2. Падзяліся сваім першапачатковым успрыманнем прачытанага ці праслуханага.

3. Прымі ўдзел у аналітычнай гутарцы, накіраванай на разумение ідэйнага зместу твора і яго формы.

4. Падзялі тэкст на лагічна завершаныя часткі і прадумай мэту чытання кожнай з іх (гэта твае задачы як чытальніка).

5. Вызнач мэту чытання ўсяго твора.

6. Чытай верш у адпаведнасці з пастаўленай мэтай.

7. Авалодвай майстэрствам складання партытуры чытання верша.

ВУЧЫСЯ:

• не проста глядзець, а ўглядацца ў аўтарскі тэкст;



• не толькі слухаць, але і ўслухоўвацца ў тое, што данёс да нас пісьменнік;

• не проста гаварыць, а гаварыць прыгожа.

ДЛЯ ГЭТАГА НЕАБХОДНА:

• ведаць правілы інтанавання (пабуджальныя і клічныя сказы чытаюцца з павышэннем голасу на тых з іх, якія нясуць у творы галоўную сэнсавую нагрузку; у пытальных сказах голас павышаецца на тым слове, з якім звязаны сэнс пытання);

• умець абраць правільную інтанацыю асобных частак і ўсяго твора ў цэлым (яна можа быць узнёслай, бадзёрай, стрыманай, разважлівай, спакойнай, даверлівай, мяккай і г. д.);

• вылучыць слова, ни якое падае лагічны націск;

• правільна размеркаваць паўзы: пры косцы — менш працяглая /, пры іншых знаках прыпынку — больш працяглая //;

• валодаць голасам: гаварыць чыста, дакладна, разборліва, правільна;

• удакладніць мэту чытання:

перадаць нешта падкрэсліць абурыцца

паведаміць выказаць пакрыўдзіцца

расказаць ухваліць асудзіць

узмацніць думку абагульніць выкрыць

зацікавіць узрадавацца зганьбіць

• акрэсліць аўтарскае пачуццё ў творы: сум, туга, смутак, шкадаванне, расчараванне, роспач, трывога, крык душы, радасць, захапленне;

• захаваць тон размовы, узяты аўтарам: даверлівы, шчыры, спагадлівы, грубы, роспачны, стрыманы, спакойны, сумны, мінорны, суровы, строгі і інш.;

• выбраць адпаведны тэмп чытання: маецца на ўвазе хуткасць вымаўлення слоў паводле іх сэнсавай значнасці і мэтавай накіраванасці (чытаем запаволена, умерана, паскорана);

• прадумаць свае задачы як чытальніка:



  • уздзейнічаць на ўяўленні слухачоў, каб яны ўбачылі прыродны мал юнак, позірк героя, выраз яго твару, настрой аўтара і г. д.;

  • уздзейнічаць на пачуцці слухачоў (выклікаць у іх задавальненне, захапленне нечым, пачуццё еднасці з некім і з нечым, перадаць пачуцці аўтара і г. д.);

  • уздзейнічаць на свядомасць слухачоў, каб яны задумаліся, прааналізавалі нешта, зра-білі вывад, засяродзілі ўвагу на нечым надзвычай важным і інш.

• перадаць пры чытанні асаблівасці думак і пачуццяў кожнага з персанажаў твора;

• выявіць майстэрства чытання розных фальклорных жанраў;

• авалодаць майстэрствам інсцэніравання мастацкага твора;

• умець правільна чытаць творы патрыятычнай, грамадзянскай, філасофскай, пейзажнай і інтымнай лірыкі;

• авалодаць майстэрствам чытання дыялогаў і маналогаў.

Выразнае чытанне верша 4—5 вучнямі.


III. Падагульненне.

Настаўнік. У 1978 годзе А. Куляшоў памёр у час адпачынку ў нясвіжскім Радзівілаўскім замку, дзе раней быў санаторый. Алесі не стала ў 1985 годзе. Але застаўся верш «Бывай...» — адзін з лепшых узораў інтымнай лірыкі ў беларускай літаратуры.

Дзякую вам за працу на ўроку (выстаўляюцца адзнакі). Жадаю вам толькі ўзаемнага кахання; такога, якога вы пажадалі ў сваіх анкетах, а калі атрымаецца, як у Аркадзя Куляшова, то мужна перажыць гэты сардэчны боль.


IV. Рэфлексія.

Прадоўжыце сказ: гэты ўрок прымусіў мяне задумацца...


V. Дамашняе заданне. Вывучыць верш на памяць, паспрабаваць напісаць уласны твор пра каханне.
Урок заканчваецца пад песню «Алеся».

Спіс літаратуры

Бечык, В. Шлях да акіяна : кн. пра паэзію А. Куляшова / В. Бечык. — Мінск : Мает, літ., 1981. — 270 с.

Куляшова, Б. Алеся: гісторыя аднаго твора Аркадзя Куляшова і аповед пра яго герояў / В. Куляшова // Роднае слова. — 1997. — № 2. — С. 178—188.

Куляшова, Б. Лясному рэху праўду раскажу... : літаратуразнаўч. эсэ / В. Куляшова. — Мінск : Мает, літ., 1989. — 335 с.


Крыніца:

Арлова, А. Г. Вывучэнне верша Аркадзя Куляшова "Бывай..." : 8 клас // Беларуская мова і літаратура. — 2008. — № 5. —  С. 38—42.




База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка