Вольга Самусевіч Інстытут журналістікі бгу рэспубліка Беларусь



Дата канвертавання15.05.2016
Памер159.28 Kb.
Вольга Самусевіч

Інстытут журналістікі БГУ

Рэспубліка Беларусь

Структурна-семантычная трансфармацыя канцэптасферы

савецкага друку

Лагасфера – маўленча-мысленчая галіна нацыянальнай культуры­­ – у савецкі час характарызуецца выверанай канцэптасферай, якая фарміравалася шляхам ідэалагізацыі традыцыйных ключавых паняццяў. Паралельна абнаўляўся іх сэнсавы змест і нараджаліся новыя лексемы, новыя маўленчыя формулы з ідэалагічным зместам.

Ідэалагемы масавасці і аб’яднання замацавалі ў свядомасці людзей вобраз калектыўнага суб’екта. Стратыфікаванае грамадства падводзілася пад адзіную намінацыю – савецкі народ. Савецкі народ, народ і партыя, партыя і дзяржава, рабочы клас, рабочыя і калгаснікі, працоўная інтэлігенцыя – гэтыя і шэраг іншых маўленчых формул намінавалі галоўнага суб'екта ў ідэалагічна вывераных газетных тэкстах. Напрыклад: “Чалавек ідзе дадому, наш совецкі чалавек, няхай гэта будзе рабочы, калгаснік, інтэлігент” (Зв. 1954. 1 студз.); “Рабочие, колхозники и интеллигенция Белоруссии, компартия республики, весь наш народ выражает....” (СБ 1958. 6 авг.). Слова народ “абагацілася” новай семантыкай, якая прырасла да яго ў ролі азначэння (прыдатка): народ-будаўнік, а будаўнічым аб’ектам стаў камунізм. Газеты пішуць пра “ператварэньне ўсяго працоўнага насельніцтва краіны ў сьвядомых і актыўных будаўнікоў бязклясавага соцыялістычнага грамадзтва” (ЛіМ. 1932. 6 сак.), “самаадданых будаўнікоў комунізма” (Зв. 1954. 3 ліп.). Беларускі народ як носьбіт беларускай культуры такімі катэгорыямі дагэтуль не мысліў.

Характэрная адметнасць канцэптасферы савецкага перыяду – працэс замены ключавых лексем на ключавыя словазлучэнні – маўленчыя формулы, у якіх дамінантным выступае атрыбутыўны кампанент: “бальшавіцкае мастацтва”, “пролетарская літаратура”, “бальшавіцкі стыль у рабоце”, “змагацца па-бальшавіцку” (ЛіМ. 1932. 26 лют.), “сьпевы колгасных жаўранкаў” (ЛіМ. 1932. 6 сак.), “наша совецкая радзіма”, “наш совецкі народ” (ЛіМ. 1945. 10 мая). Так, слова селянін як найменне чалавека, які стаяў ля вытокаў беларускай культуры, было выцеснена з нацыянальнай лагасферы, яго месца ў канцэптасферы савецкага друку занялі маўленчыя формулы кшталту працаўнікі калгаснай вёскі, працаўнікі соцыялістычных палёў, калгаснае сялянства. Асноўны від маўленчых структурных сувязяў – бінарныя апазіцыі, якія выражаліся ў наборы догмаў і ўзаемавыключаных ацэнак. Дамінантная апазіцыйная пара: савецкі чалавек – несавецкі чалавек (= класавы вораг). Актыўна эксплуатавалася маўленчая формула дзеля народа, для народа. (“У імя чаго партыя кліча народ на новыя працоўныя подзвігі? Наша партыя, як і заўсёды, робіць гэта ў імя паляпшэння жыцця народа”. – Зв. 1959. 1 ліп.) Канцэпт беларускі народ сустракаецца, як правіла, у кантэксце клопатаў савецкай улады пра беларускі народ. (“Толькі совецкая ўлада дала беларускаму народу магчымасць будаваць новае шчаслівае жыццё”. – СС. 1948. 15 жніўн.) Пры гэтым у тэкстах СМІ рэалізуецца міфалагема свабоды, роўнасці, брацтва, дружбы народаў, якая ўкараняецца як рэальнасць: “Беларускі народ стаў тым, чым ён з’яўляецца сёння: роўным сярод роўных у дружнай сям’і ўсіх працоўных Совецкага Саюза” (ЛіМ. 1948. 17 крас.). Рэалізацыя гэтай міфалагемы знайшла адлюстраванне ў формулах усхвалення аднаго народа іншым: “Все народы нашей многонациональной Родины гордятся замечательными достижениями братьев-белорусов. Повсюду в нашей стране уважают и любят белорусский народ” (СБ. 1968. 29 дек.). Хаця нацыянальная самасвядомасць была істотна дэфармаваная ўздзеяннем камуністычнай ідэалогіі, але этнічнае найменне беларусы не страціла сваю намінатыўную вартасць.

Сацыяльныя адносіны ў савецкім грамадстве былі строга дэтэрмінаваны грамадска-працоўнай дзейнасцю людзей, ладам жыцця і спосабамі яго арганізацыі. Прыярытэт аддаваўся сацыяльнаму статусу і сацыяльнай ролі: ад чалавека патрабавалася поўнае падпарадкаванне адзінай маральнай норме грамадскага служэння. Газеты ўвесь час даводзілі, што “для совецкага рабочага дзяржаўныя інтарэсы стаяць вышэй за ўсё” (ЛіМ. 1948. 15 мая). Канататыўная семантыка “высокага”, “патрыятычнага”, яе нацыянальна-культуралагічны кампанент у пэўнай ступені замацоўваліся ў газетным дыскурсе праз сцвярджальна аптымістычны і радасны пафас: “Я – грамадзянін Совецкага Саюза!” (СС. 1949. 4 студз.). Пачаўся працэс татальнага пазбаўлення чалавека яго асобасных якасцяў, унушэння думкі аб нязначнасці кожнага асобнага чалавека ў сістэме нацыянальна-духоўнай культуры. Праз сродкі масавай інфармацыі шырока распрацоўвалася канцэпцыя савецкага чалавека, які са сваімі “ўзросшымі матэрыяльнымі, бытавымі і духоўнымі запатрабаваннямі павінен заўсёды стаяць у цэнтры ўвагі партыі і совецкіх арганізацый” (Зв. 1954. 3 студз.). СМІ абвясцілі савецкага чалавека галоўнай каштоўнасцю савецкай краіны. У канцэпцыі чалавека спрошчана супрацьпастаўлялася сацыяльнае індывідуальнаму, што дэфармуе чалавечае я, зводзіць шматграннасць асобы да я сацыяльнага. (Параўн.: “Совецкія людзі агульнанародны дзяржаўны інтарэс ставяць вышэй за ўсё”. – Наст.г. 1946. 5 снеж.) Такая ідэалагічная пазіцыя вызначыла дамінаванне ў масава-інфармацыйнай практыцы канцэпта калектыў. Выцясненне індывідуальнасці чалавечай асобы з сістэмы каштоўнасцяў – катэгарыяльная асаблівасць тагачаснай ідэалогіі.

Галоўныя чалавечыя якасці, якія сцвярджаюцца ў друку, – гэта камуністычная ўпэўненасць, адданасць грамадскай справе, ідэйная стойкасць, калектыўнае ўсведамленне. “Ідэйная перакананасць, адданасць камунізму, мэтанакіраванасць у барацьбе за іх здзяйсненне – характэрныя рысы савецкага чалавека, крыніца яго духоўнай сілы і працоўнага гераізму. Калектывізм, высокая свядомасць, грамадзянскасць – неад'емныя рысы савецкага чалавека” (ЧЗ. 1974. 5 снежн.). Сродкі масавай інфармацыі не проста малююць вобраз свайго сучасніка, яны свядома пераўтвараюць асобу, адводзячы яе сацыяльнай ролі галоўнае месца: “...створаны вобраз новага героя часу, асноўныя станоўчыя якасці якога: сувязь з народам, гатоўнасць служыць яму верай і праўдай, яснасць і акрэсленасць светапогляду, усведамленне карыснасці і высакароднасці сваёй дзейнасці, шырыня мышлення” (Зв. 1954. 13 студз.). Асаблівы канататыўны зарад атрымала лексема камуніст. “Слово коммунист советские люди произносят с чувством особого уважения. Что может быть выше и почётнее принадлежности к партии...” (СБ. 1958. 1 июл.). Ідэалагічныя міфы, увасобленыя ў маўленчыя стэрэатыпы, служылі прапагандысцкім сродкам маніпулявання грамадскай свядомасцю.

Вынікам татальнай сацыялізацыі асобы стала і пераўтварэнне жанчыны – маці, жонкі, гаспадыні – у грамадскага дзеяча. У маўленча-мысленчай дзейнасці нараджаюцца новыя маўленчыя формулы, якія хутка набываюць частотнасць на старонках перыядычнага друку: савецкая жанчына – вялікая сіла, жанчыны-стаханаўцы, жанчыны – Героі Савецкага Саюза і Героі Сацыялістычнай Працы, жанчыны – лаўрэаты Сталінскай прэміі, жанчыны – дзяржаўныя дзеячы, маці-гераіня, савецкая жанчына – грамадзянка і працаўніца. Лейтматыў дырэктыўнасці тэкстаў станавіўся ідэалагічнай дамінантай і рабіў магутны ўплыў на склад думак. Пры гэтым дырэктывы распаўсюджваюцца на стасункі не толькі ў грамадскім жыцці, але і ў сямейным. Свядома падкрэсліваюцца змены, што адбываюцца ў сям’і, у адносінах мужа і жонкі: “Ён, гаспадар, таму жонка і ў полі працуе, і абед яму гатуе, і даглядае яго. А калі не дагодзіць – ён пагражае: я цябе выганю. У калгасе становішча жанчыны карэнным чынам змянілася. Калі цяпер іншы муж скажа жонцы: я цябе выганю, то яна адчыніць дзверы і скажа: ідзі, калі ласка!” (Зв. 1959. 22 ліп.). СМІ тыповымі рысамі “савецкай жанчыны” надзяляюць беларускую кабету і ў ролі жонкі. Традыцыйнае і высакароднае месца жанчыны-маці не магло таксама пазбегнуць ідэалагізаванасці: маці – жанчына, якая выхоўвае “новае пакаленне совецкай Радзімы” (СС. 1946. 7 сак.). Пры гэтым сям'я становіцца ячэйкай грамадства: “Сям'я – гэта малы калектыў” (ЧЗ. 1974. 25 ліп.). Таталітарная эпоха спарадзіла метафарычны вобраз сям'і – працоўны калектыў. Гэту “новую” сям'ю перыядычны друк узнёс як сакральную каштоўнасць. “Людзі аб'ядналіся ў гэтым калгасе ў дружную, моцна згуртаваную, працавітую сям'ю” (СС. 1949. 17 ліст.), “У брацкай сям'і свабодных народаў” (Наст.г. 1952. 3 студз.), “Багатае і змястоўнае жыццё рабочай сям'і” (Зв. 1961. 2 крас.). Такім чынам, савецкі друк іерархічна пашырае канцэпт сям'я: братэрская – працоўная – калгасная – рабочая – “традыцыйная” сям'я. Адносіны паміж членамі апошняй сацыялізаваліся ў сродках масавай інфармацыі: “Глядзі, Міхал, хоць я і твая жонка, але калі заўважу які-небудзь дэфект у адрамантаванай машыне – не мінаваць сур'ёзнага канфлікту! – напаўжартам, напаўсур'ёзна папярэджвае мужа Вера Георгіеўна, якая працуе ў МТС інжынерам-кантралёрам”, – чытаем у артыкуле “У сям'і спецыялістаў” (Зв. 1954. 6 студз.).

Універсальны канцэпт сусветнай культуры дзеці ў савецкі час не згубіў свайго статусу – галоўнай каштоўнасці народа: “Здоровые дети – краса и гордость народа” (Зв. 1923. 1 март). Аднак праграма па выхаванні дзяцей цалкам суадносілася з савецкай ідэалогіяй, якая патрабавала, “каб дзеці нашай краіны раслі мужнымі барацьбітамі за вялікую справу Леніна-Сталіна”, “каб вырасціць з рэбят чэсных, пісьменных, здаровых, любячых сваю Радзіму людзей, сапраўдных будаўнікоў комуністычнага грамадства” (Наст.г. 1952. 29 мая), “выхоўваць нашу моладзь у духу совецкага патрыятызма, вучыць падпарадкаваць свае асабістыя інтарэсы інтарэсам грамадскім, выхоўваць у іх уменне пераадольваць любыя цяжкасці на шляху да комунізма” (Наст.г. 1946. 5 снежн.). У савецкі перыяд у ментальнае поле дзеці ўваходзяць новыя сацыяльныя канцэпты – камсамольцы, піянеры, акцябраты.

Перабудова грамадства на савецкі лад стварала ўмовы для пераасэнсавання жыццёвых каштоўнасцяў. Ідэалагічныя прымітывы фарміруюць катэгорыі савецкага мыслення: мадэлююцца пэўныя тыпы прасторы і часу, у грамадскую свядомасць укараняецца адзіны погляд на свет. Кіраўнік камуністычнай партыі Савецкага Саюза М. Хрушчоў у свой час дэклараваў: “Ёсць нямала і такіх людзей, у разуменні якіх лепш жыць – значыць мець добрую хату, зямлю, каня, ды не аднаго, а двух, мець карову, свінню, ды не адну... Але ці толькі ў гэтым сэнс добрага жыцця? Чалавек марыць аб больш глыбокім і змястоўным жыцці, аб такой працы, якая з’яўлялася б для яго крыніцай радасці” (Зв. 1959. 22 ліп.). Карціна свету тут навідавоку і трактуецца як “камуністычная”, “калгасная” светабудова (не беларуская, не нацыянальная і нават не інтэрнацыянальная): “...жыць і працаваць па-камуністычнаму” (Зв. 1959. 17 ліп.). Улады выкарыстоўваюць канцэпцыю радаснага шчаслівага жыцця для сцвярджэння сваёй ідэалогіі: “Шчаслівым і культурным жыццём жыве наша сялянства, і гэта жыццё дала яму родная совецкая ўлада” (СС. 1948. 28 вер.); “Дзякуючы калгаснаму ладу жыццё былых батракоў стала заможным і культурным” (Зв. 1954. 13 студз.). Канцэпт жыццё мае абавязковыя атрыбуты савецкае ці калгаснае: “шлях калгаснага жыцця” (Зв. 1954. 3 студз.), “усе гады нашага совецкага жыцця” (Зв. 1954. 1 студз.). Семантычны ланцужок калгас – праца – жыццё – шчасце становіцца мысленчым стэрэатыпам і маўленчым шаблонам, які канструяваў кантэкст тагачаснага друку. (Напрыклад: “Па-новаму палюбілі калгаснікі свае шырокія нівы, якія раней апрацоўвалі для памешчыка, моцна палюбілі вольную і радасную калгасную працу. У гэтым яны знайшлі сваё шчасце, заможнае і радаснае жыццё”. – СС. 1948. 10 ліст.)

Ідэалагічнае значэнне набывае ўстаноўка на паскарэнне часу: “Досрочно! Это слово уже вошло в традицию, стало ярким проявлением горячих патриотических чувств” (СБ. 1958. 26 авг.). Адзінкай вымярэння часу становіцца пяцігодка. Працэс глабалізацыі вызначыў вялікую частотнасць азначэнняў самы і вялікі, неабходных для падтрымкі семантыка-ідэалагічнай лініі велічы: вялікі гераізм, вялікія задачы, вялікая сіла, вялікі ўклад, вялікі падзел, вялікія Ленін і Сталін, вялікія правадыры, самая пачэсная, самая ідэйная, самая перадавая і інш. Комплекс канцэптаў-ідэалагем, распрацаваны савецкім часам, запаланіў перыядычны друк і ўкараняўся ў маўленча-мысленчую дзейнасць “савецкага народа”.



Дамінантнымі на старонках газет сталі лексемы прапаганда, агітацыя, агітатар: “Ты – агітатар”, “Агітатар! Для ўсіх яго слова ў нас стала родным і блізкім!” (ЧЗ, 1965, 10 крас.). Паняцці журналіст і прапагандыст асэнсоўваюцца як сінонімы. (Гл. рубрыку “Агітпроп” // ЧЗ, 1936, 8 снежн.) У савецкім соцыуме неабходнымі якасцямі абвяшчаюць пільнасць, насцярожанасць, што вербалізуецца ў загалоўках артыкулаў: “Пільнасць і насцярожанасць – неадрыўныя якасці большэвіка” (ЧЗ. 1936. 16 жніўн.); “У рэйдзе – пільныя” (ЧЗ. 1974. 4 ліп.). Данос становіцца нормай жыцця. Мова газеты, пранізваючы ўсе сферы, здзяйсняе адначасова функцыю татальнага кантролю над грамадствам.
Канцэпт калгас ­­­­– адно з ключавых слоў-паняццяў савецкай эпохі – становіцца афіцыйнай каштоўнасцю новага часу і параўноўваецца з “раем”, “родным домам” (Зв. 1959. 22 ліп.). “Адзіны шлях, які вядзе да заможнага жыцця, – гэта калгасны шлях” (СС. 1949. 15 вер.). Вытворны ад слова калгас прыметнік становіцца дамінантай ключавых спалучэнняў і маўленчых формул: “будаўніцтва новай калгаснай вёскі” (СС. 1948. 19 лют.), “новая колхозная молодёжь” (СБ. 1958. 5 авг.), “калгасная восень” (СС. 1948. 28 вер.), “калгасны лад” (СС. 1948. 7 сак.). Назвы калгасаў утрымлівалі ўсе ідэалагічныя канцэпты савецкай эпохі: “Шлях да комунізма”, “Маяк соцыялізма”, “Завет Леніна”, “Сталінец”, “Калектывіст”, Прамень комуны”. Слова-ідэалагема камунізм семантычна ўдакладняецца новымі метафарычнымі ідэнтыфікатарамі: “светлы і сонечны будынак”, “запаветная мэта”, “вяршыня чалавечага шчасця” (Зв. 1954. 1 студз.), “светлая будучыня ўсяго чалавецтва” (Зв. 1961. 9 крас.). Змест канцэпта, без якога рухнула б ўся палітычная сістэма СССР, санкцыянуецца афіцыйнай ідэалогіяй. Доказам значнасці гэтага канцэпта з'яўляецца шырокае выкарыстанне яго ў тэкстах-зваротах, тэкстах-закліках, тэкстах-прамовах.

Друк укараняў гіпертрафаваную пагарду да каштоўнасцяў самога жыцця, прыярытэт дзяржаўнага перад асабістым. (Параўн.: “Маладая даярка ведае ўжо, што яе шчасце заключаецца ў шчасці калгаса”. – СС. 1949. 17 ліст.) Універсальныя агульначалавечыя канцэпты падвяргаюцца ідэалагічнай апрацоўцы і набываюць ідэалагізаваную дэфініцыю – вялікае совецкае шчасце (СС. 1949. 17 ліст.). Дамінанты нацыянальнай лагасферы пераасэнсоўваюцца і падаюцца толькі ў тым ракурсе, які неабходны ўладам. Напрыклад: “Шчасце прыйшло ў дом Паўла Яцкевіча. Ёсць у яго сёння і зямля, і хата, і жывёла. Дзеці выйшлі ў людзі. А галоўнае яго багацце – свабоднае жыццё, якога не ведалі ні яго бацька, ні прадзед... Шчасце знаходзіцца... на совецкай зямлі. Сталін даў працоўнаму народу шчасце” (СС. 1948. 11 студз.). Лозунгі на старонках газет уяўлялі сабой ідэалагічны лейтматыў безальтэрнатыўнага выбару: “Якое шчасце быць удзельнікам будаўніцтва камунізма!”; “Няма большага шчасця, чым жыць і сумленна працаваць у нашай совецкай краіне”; “У калгасе шчасце селяніна” (СС. 1949. 4 студз.); “Шчасце быць грамадзянінам Саюза ССР” (ЧЗ. 1936. 2 жніўн.). Масавая камунікацыя ў гэты перыяд прымусова вызваляецца ад варыятыўнасці: “У нашай краіне ўсё робіцца для шчасця чалавека” (Зв. 1954. 1 студз.). Маўленчая формула чалавечае шчасце ў беларускіх СМІ адпавядае формуле калгаснае, савецкае шчасце. Савецкія людзі праз гэта верылі ў ідэал шчаслівага жыцця і імкнуліся тварыць яго напружанай працай. Сам канцэпт праца ва ўмовах газетнага тэксту спалучаецца з ідэалагемай на карысць Радзімы: “Труд, который создаёт все материальные и культурные ценности, труд, который облагораживает людей и украшает нашу землю, труд, который делает нашу страну всё богаче и сильнее, – этот труд стал самой жизненной потребностью миллионов советских людей, источником их настоящего человеческого счастья” (СБ. 1958. 26 авг.). Канцэпт праца ў масава-інфармацыйным дыскурсе набывае ўстойлівую сувязь з ідэалагічным канцэптам сацыялізм: “Соцыялізм і праца неадлучны адзін ад другога” (ЧЗ. 1936. 5 кастр.). Сацыялістычная праца ўзводзіцца ў абсалют і становіцца цэнтральным паняццем савецкай ментальнасці. Пры гэтым сістэма каштоўнасцяў у новым ментальным свеце як быццам і не падмяняецца, але па-новаму асэнсоўваецца. Напрыклад: маё – гэта наша, наша – гэта маё. “Савецкі чалавек ведае, што ён працуе для свайго народа. Паняцце “маё” трывала зліваецца ў яго з паняццем “наша”. Ён думае маштабна, па-дзяржаўнаму. Меркай каштоўнасці палітычнай сталасці з'яўляюцца ў нас перш за ўсё яго сумленныя адносіны да працы” (ЧЗ. 1974. 5 снежн.). Лексема праца стала апорнай у шэрагу атрыбутыўных словазлучэнняў: упартая праца, старанная, плённая, клапатлівая, штодзённая, гераічная, творчая, мірная, стваральная, стаханаўская, выхаваўчая, практычная, культурна-масавая і інш.

У ментальным полі праца трывала замацоўваецца паняцце спаборніцтва: “Спаборніцтва за камуністычную працу ўнесла шмат новага не толькі ў адносіны да працы. Але і ў паводзіны людзей дома...” (Зв. 1961. 5 крас.). Яно, на наш погляд, прыўносіла элемент агрэсіўнасці, стымулявала развіццё не найлепшых чалавечых якасцяў.

Савецкія газеты аперыруюць новымі маўленчымі формуламі, якія перайначваюць традыцыйныя ўяўленні пра зямлю як свой, уласны скарб. “Колектывізуючы сваю зямлю, сяляне спрэс і да самага карэньня зьменьваюць самы твар зямлі і ўсё жыцьцё на ёй. Яны прыходзяць на будаўніцтва, развітаўшыся назаўсёды з сваёю гэтакаю зямлёю, якую яны аралі спрадвеку і якая спрадвеку ляжала страшным цяжарам на іхніх плячох” (ЛіМ. 1932. 6 сак.). Прыватная ўласнасць на зямлю трактавалася як “векавыя ўласніцкія забабоны сялян”, “рабская адданасць да сваёй палоскі зямлі, да сваёй уласнай гаспадаркі”, па якой ленінскі дэкрэт аб зямлі “нанёс сакрушальны ўдар” (СС. 1946. 19 мая). Кожная ацэнка, якая выказвалася ў тэкстах беларускіх СМІ, вызначалася ідэалагічнымі догмамі. Таму прапагандуецца карыслівае стаўленне да зямлі, у пэўнай ступені гвалтоўнае. “Калгаснік ва всеўзбраенні навукі стаў сапраўдным гаспадаром зямлі. Не зямля дае яму цяпер, як ласку, багаты ўраджай. Ён сваёй воляй бярэ яго ад зямлі і бярэ той поўнай мерай, на якую здольны яго веды і ўласная праца” (ЛіМ. 1948. 20 сак.). Дамінуючым значэннем канцэпта зямля становіцца разуменне яе як сродку вытворчасці, неабходнай матэрыяльнай прадпасылкі працэсу працы: “посевная площадь”, натуральная сенажаць, пасьбішчы, кармавыя ўгоддзі, лугі, глеба, поле, “уплотнённая почва”. У тэкстах савецкага перыяду шырока рэалізуецца і значэнне зямлятэрыторыя пэўнай краіны з пэўным грамадскім ладам (савецкім). У 50–пачатку 60-х гг. актыўна замацоўваецца новае значэнне: Зямля – планета Сонечнай сістэмы. “Незлічоныя багацці захоўваюцца ў нетрах Зямлі” (Зв. 1961. 6 крас.). На гэта паўплывала асваенне касмічнай прасторы, палёт Юрыя Гагарына ў космас. Ужыванне канцэпта зямля са значэннем жывая істота, аснова светабудовы актуалізавалася толькі з 60-х гадоў: “Зямля... Гэта цэлы свет, свет складаны, прыгожы і гарманічны. І толькі тым зямля адкрывае свае таямніцы, хто добра ведае яе законы” (ЧЗ. 1965. 10 студз.), “...дыхае будучым ураджаем зямля – за нашы клопаты яна павінна аддзякаваць багатым ураджаем” (ЧЗ. 1976. 18 мая).

У тэкстах савецкага перыяду адшліфавана універсальная для савецкага перыяду маўленчая формула чорнага і белага, змяшэнне паняццяў наша і маё. Замест рэпрэзентацыі тагачаснай рэальнасці сцвярджаецца міф: Мы – гаспадары зямлі. “Вось за тым узгоркам пачынаецца наша поле. Праўда, нашым яно стала пры совецкай уладзе, а раней належала князю Чацвяртынскаму. Кроку нельга было ступіць, каб не трапіць на яго зямлю. А сваёй мелі мізэрныя кавалачкі... Мяне таксама толькі совецкая ўлада зрабіла сапраўдным гаспадаром зямлі... не бачылі мы да совецкай улады сапраўднага жыцця. Палавіна гэтых гаспадарак не мела ні сваіх коней, ні свайго інвентару... Але мінулае засталося ззаду. Цяпер надышоў другі час – устаноўлена наша народная ўлада. Стаўшы гаспадарамі сваёй зямлі, абухаўцы прыкладаюць вялікія намаганні, каб іх палі былі старанна дагледжаны, каб на іх вырас высокі ўраджай” (СС. 1946. 19 мая).

Кардынальныя змены адбыліся ў семантыцы канцэпта гаспадар. Калі ў народнай культуры гаспадар – гэта ўласнік, дык пры савецкім ладзе была цалкам страчана гэтая сема: “Усюды працуюць клапатлівыя гаспадары, якія сваёй сумленнай працай памнажаюць багацці калгаса, Радзімы, уносяць свой дастойны ўклад у справу будаўніцтва камуністычнага грамадства” (Зв. 1959. 17 ліп.). Сяляне страцілі становішча самастойных гаспадароў, іх прымацавалі да зямлі пазаэканамічнымі метадамі. Гаспадар – абавязкова калгаснік: “Калгаснікі – не проста земляробы, якія задавальняюцца тым, што зямля ім дасць, а сапраўдныя гаспадары зямлі” (СС. 1949. 25 ліп.). Доказам дамінантнасці гэтага паняцця з’яўляецца вынас яго ў моцную пазіцыю: “Сёння – навучэнец, заўтра – гаспадар зямлі калгаснай” (ЧЗ. 1965. 5 чэрв.). Зместавая аснова тэкстаў беларускіх СМІ – ідэалагічныя прадпісанні, якія функцыянуюць у нарматыўным ідэалагічным кантэкстуальным асяроддзі і садзейнічаюць замацаванню афіцыйных ідэалагем і міфаў у свядомасці беларусаў: “Кожны калгаснік абавязаны чэсна працаваць на грамадскай зямлі. Другое патрабаванне Статута – бесперапынна павялічваць грамадскае багацце. Парушэнне гэтых норм азначае падрыў устояў калгаснага ладу” (СС. 1949. 29 ліп.). Адвечная бінарная структура свая зямля – чужая зямля паглынаецца паняццем калектыўная зямля. Такое асэнсаванне спарадзіла і адпаведныя маўленчыя формулы: савецкі народ – гаспадар зямлі; маё – гэта наша, наша – гэта маё. Дыялектыка часткі і цэлага распаўсюджваецца на мысленне, эмоцыі, паводзіны, працоўную дзейнасць і паралізуе індывідуальнасць.

Любоў да сацыялістычнай Радзімы праходзіць лейтматывам у масава-інфармацыйным дыскурсе. Пры гэтым Радзіма – СССР: “Наша вялікая сацыялістычная Радзіма – СССР” (Зв. 1954. 3 ліп.), а Беларусь – толькі адна з рэспублік вялікай дзяржавы: “Беларусь – у мінулым адсталая ўскраіна царскай Расіі – ператварылася ў квітнеючую індустрыяльна-калгасную рэспубліку” (Зв. 1954. 1 студз.). Адпаведныя трансфармацыі адбываюцца і з паняццем сталіца, якое ў межах інфармацыйнага кантэксту набывае рэзкае сэнсавае размежаванне: “Мінск – сталіца Беларусі” (СС. 1949. 4 ліп.), у той час як “сталіца нашай Радзімы – Масква” (СС. 1949. 27 кастр.). Гэтыя і іншыя значэнні, вербалізаваныя на старонках друку ў шэрагу маўленчых формул, у масава-інфармацыйнай прасторы савецкага перыяду ствараюць афіцыйны малюнак рэчаіснасці.

Савецкі перыяд у развіцці маўленча-мысленчай культуры соцыуму можна ахарактарызаваць як час разбурэння рэлігійнай культуры. У грамадскае ўяўленне ўкараняюцца прымітыўныя аксіялагічныя механізмы, безальтэрнатыўны погляд: “Паглядзіце, як мы жывём. Добра, шчасліва, у поўным дастатку. А мы ж у бога не верым. Значыць, няма ні бога, ні чорта” (Зв. 1959. 22 ліп.). У савецкай інтэрпрэтацыі рэлігійныя канцэпты тыпу душа, дух, Бог набывалі адмоўную канатацыю. Рэгулярнасць інтанацыі загаду (“усилить свою антерелигиозную работу” (Зв. 1923. 1 март.), “узмацніць атэістычнае выхаванне моладзі”, “наладзіць работу па атэістычнай прапагандзе...” (ЧЗ. 1974. 21 вер.) стварала прымусовы тып паводзінаў “у духу ваяўнічага атэізму”, які характарызуе савецкую ментальнасць. Агульная мысленчая формула, якая адлюстроўвае адносіны беларусаў да рэлігіі ў савецкі перыяд, перагукваецца з лозунгам тых часоў: рэлігія – гэта опіум для народа.

Правядзенне палітыкі беларусізацыі ў 20-я гады вызначыла ключавы статус у лагасферы нацыянальнай культуры канцэпта мова. “Кастрычніцкая рэвалюцыя дала магчымасьць сьмела і вольна загаварыць на беларускай мове, яна зрабіла гэтую мову зброяй клясавай барацьбы” (ЧЗ. 1926. 2 снежн.). У шэрагу матэрыялаў можна было назіраць, як дырэктыўна канцэпту мова надаецца статус ключавога: “...прымусіць комсамольцаў працаваць на роднай беларускай мове, а тым, хто “не разумее” беларускую мову – загадаць выпісваць беларускія газэты і часопісы і ву-чыцца па іх” (ЧЗ. 1926. 2 вер.). Нягледзячы на непаслядоўнасць і выкарыстанне адміністрацыйных метадаў, а таксама непазбежную ідэалагічную абмежаванасць, палітыка беларусізацыі стварыла ўмовы для значнага пашырэння беларускай мовы сярод насельніцтва, павелічэння кола яе носьбітаў. У шэрагу артыкулаў канцэпты мова і слова знаходзяцца ў сінанімічнай сувязі: “...калі чалавеку, які не спрыяюча адносіцца да беларускай мовы, пачытаць што- небудзь з мастацкай творчасьці, то ў яго погляд зьменіцца ў адносінах да беларускай мовы: ён ужо знойдзе пэўныя каштоўнасьці ў гэтым слове, ён упэўніцца, што на гэтай мове можна тварыць” (ЧЗ. 1926. 1 ліп.). Паступова канцэпт мова страчвае сваю частотнасць у масава-інфармацыйных тэкстах, аддаючы вядучую ролю канцэпту слова. Ключавое паняцце слова набывае значэнне клятвы, абавязацельства, ідэалагічнай зброі. Параўн.: “Слова, дадзенае правадыру, – свяшчэнная клятва” (СС. 1949. 6 чэрв.), “Каб з гонарам выканаць дадзенае слова, хлебаробы сёлета шмат папрацавалі” (ЧЗ. 1974. 4 ліп.), “Мы павінны ўзмацніць нашае змаганьне за баяздольнасьць СССР і шляхам такога моцнага аружжа, якім зьяўляецца мастацкае слова” (ЛіМ. 1932. 25 мая). Канцэпт слова асацыятыўна звязаны з канцэптамі чэсць, праўда, ідэя, справа, праца. Ён актыўна выкарыстоўваецца ў назвах артыкулаў: “Стрымаем слова, дадзенае правадыру”; “Слова, дадзенае Радзіме, таварышу Сталіну, – свяшчэннае слова!” (СС. 1948. 13 мая).

Такім чынам, ключавыя канцэпты лагасферы савецкіх СМІ маюць абавязковую ідэалагічную сему, што звязана з неабходнасцю моцнага ўплыву на свядомасць, мысленне масавай аўдыторыі праз друкаванае слова з мэтай замацавання савецкай ідэалогіі як асновасцвярджальнай і безальтэрнатыўнай. Шматлікія дамінантныя паняцці былі істотна пераасэнсаваны, што прывяло да кардынальнай перабудовы мадэлі свету, да палярнасці многіх канцэптаў. Гэта, у сваю чаргу, адбілася на сродках масавай інфармацыі, якія, з аднаго боку, адлюстроўвалі сацыяльную рэчаіснасць, з другога – уплывалі на характар яе развіцця і спараджалі адпаведны сацыяльны кантэкст.

Скарачэнні:

ЧЗ – “Чырвоная змена”

СС – “Совецкі селянін”

ЛіМ – “Літаратура і мастацтва”

Зв. – “Звязда”



СБ – “Советская Белоруссия”

Наст.г. – “Настаўніцкая газета”


База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка