Вучэбная праграма факультатыўных заняткаў па гісторыі Беларусі для вучняў ІХ класа



Дата канвертавання04.06.2016
Памер146.32 Kb.


Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь

Нацыянальны інстытут адукацыі



БЕЛАРУСКIЯ ЗЕМЛI Ў СКЛАДЗЕ РАСIЙСКАЙ IМПЕРЫI: ФАРМIРАВАННЕ IНДУСТРЫЯЛЬНАГА ГРАМАДСТВА I НАЦЫI (канец XVIII — пачатак ХХ ст.)

Вучэбная праграма факультатыўных заняткаў

па гісторыі Беларусі для вучняў ІХ класа

агульнаадукацыйных устаноў
Аўтар-складальнік: А. А. Корзюк

Мінск 2009


ТЛУМАЧАЛЬНАЯ ЗАПІСКА
Актуальнасць правядзення факультатыўных заняткаў абумоўлена мэтазгоднасцю дасягнення якасці гістарычнай адукацыі праз засваенне вучнямі IX класса змястоўнага і дзейнаснага кампанентаў вучэбных гістарычных ведаў аб грамадска-палiтычным, сацыяльна-эканамiчным i культурным развiццi беларускiх зямель у складзе Расiйскай iмперыi і сацыялізацыі асобы праз фарміраванне ў дзевяцiкласнікаў якасцей, якія неабходны для выканання сацыяльных функцый, абумоўленых агульнапрынятай ў сучасным беларускім грамадстве сістэмай каштоўнасцей.

Мэта правядзення факультатыўных заняткаў заключаюцца ў авалоданні вучнямі асновамі сістэматызаваных ведаў аб падзеях, з’явах, працэсах, тэндэнцыях у гісторыі Беларусі канца XVIII – пачатку ХХ ст., пададзеных рэпрэзентатыўна ў форме адпаведных дакументаў, матэрыялаў крыніцазнаўчага характару i лiтаратурных вобразах у іх узаемасувязі і ўзаемаабумоўленасці.

Зыходзячы з мэты факультатыва, яго задачамі з’ўляюцца наступныя:

– сістэматызацыя і абагульненне тэарэтычнага, факталагічнага і ацэначнага кампанентаў вучэбных гістарычных ведаў аб гісторыі Беларусі канца XVIII – пачатку ХХ ст.;

– асэнсаванне вучнямі асноўных тэндэнцый развіцця беларускiх зямель у складзе Расiйскай iмперыi і фарміраванне на гэтай падставе інтэлектуальных якасцей асобы, неабходных для аналізу сацыяльнай рэчаіснасці;

– стварэнне ўмоў для фарміравання грамадзянскага патрыятызма і нацыянальнай самасвядомасці школьнiкаў, пачуцця гонару за культурна-гістарычныя дасягненні беларускага народа.

Вучэбнай праграмай прадугледжваецца фарміраванне ў дзевяцiкласнікаў дзейнаснага кампаненту гістарычнай адукацыі, які прадстаўлены пералікам уменняў: суадносіць адпаведныя з’явы і працэсы айчыннай і сусветнай гісторыі канца XVIII – пачатку ХХ ст., у прыватнасці расiйскай і агульнаеўрапейскай, на падставе пісьмовых гістарычных крыніц рознага характару; характарызаваць сацыяльна-эканамічнае і грамадска-палітычнае становішча Беларусі; ацэньваць вынікі дзейнасці гістарычных асоб і дзеячаў культуры; тлумачыць прычынна-выніковыя сувязі паміж падзеямі, з’явамі і працэсамі; канкрэтызаваць тэарэтычныя высновы і паняцці з дапамогай дакументаў і матэрыялаў; тлумачыць розныя пункты гледжання на гістарычныя падзеі, прадстаўленыя ў дакументах. Комплекс пералічаных способаў дзейнасці складае дзейнасны кампанент гістарычнай адукацыі, які рэалізуецца ў працэсе арганізацыі вучэбнай працы з дакументальнымі гістарычнымі матэрыяламі, што ў рознай ступені рэпрэзентатыўнасці адлюстроўваюць заканамернасці і асаблівасці развіцця беларускага грамадства ў адзначаны перыяд. Пералічаныя спосабы вучэбна-пазнавальнай дзейнасці фарміруюцца праз арганізацыю працы вучняў з метадычным апаратам да тэкстаў дакументаў i матэрыялаў, які ўяўляе сабой комплекс рознаўзроўневых пытанняў і заданняў, у тым ліку пошуковага характару.

Дакументальныя матэрыялы i фрагменты мастацкiх твораў, якія прадугледжваецца выкарыстоўваць у працэсе арганізацыі факультатыўных заняткаў, уяўляюць сабой іх змястоўны кампанент. Яны ахопліваюць падзеі грамадска-палітычнага і сацыяльна-эканамічнага жыцця беларускага народа ў канцы XVIII – пачатку ХХ ст., працэс паступовага станаўлення iндустрыяльнага грамадства, з’явы культурнага жыцця, умовы i асаблiвасцi фармiравання беларускай нацыi i тэндэнцыі яе развіцця ў пачатку ХХ ст. Дакументальныя матэрыялы, якія размешчаны ў выданнях, прадстаўленых у спісе рэкамендуемай літаратуры, маюць шматпланавы характар, што дазваляе азнаёміцца і прааналізаваць розныя бакі жыцця насельнiцтва беларускiх зямель. Частку крыніц складаюць афіцыйныя заканадаўчыя i статыстычныя матэрыялы (указы i пастановы расiйскага ўрада i ўрадавых устаноў, матэрыялы перыядычнага друку). Другая частка прадстаўлена матэрыяламі эпісталярнага жанру, якія маюць асобасны характар (успаміны, мемуары, пісьмы, звароты i iнш.). Акрамя дакументальных матэрыялаў, у ходзе факультатыўных заняткаў прапануецца выкарыстоўваць фрагменты мастацкiх твораў, якiя датычацца розных бакоў гiсторыi беларускага народа ў канцы XVIII – пачатку ХХ ст., створаных як сучаснiкамi вывучаемых падзей, так i ў больш познi перыяд. Выкарыстанне лiтаратурных помнiкаў эпохi дапаможа вучням атрымаць цэласнае ўяўленне аб стварэннi i развiццi новай беларускай лiтаратуры, адлюстраваннi ў яе творах сацыяльна-эканамiчных i грамадска-палiтычных працэсаў, якiя мелi месца на беларускiх землях. Зварот да мастацкiх твораў, прысвечаных асобным гiстарычнам падзеям разглядаемага перыяду, будзе спрыяць iх вобразнаму асэнсаванню, а таксама ўстанаўленню мiжпрадметных сувязяў са зместам курса беларускай лiтаратуры.

Пры арганізацыі факультатыўных заняткаў варта ўлічваць, што гісторыя Беларусі канца XVIII – пачатку ХХ ст. можа вывучацца на розных узроўнях: як частка расiйскай гісторыі, г. зн. у кантэксце сусветнай, а таксама на краязнаўчым узроўні, што прадугледжвае ўвядзенне ў зварот часткі дакументальных матэрыялаў мясцовага характару.

Дакументальныя матэрыялы і адпаведны метадычны апарат, прадстаўленыя ў дыдактычных матэрыялах і метадычных рэкамендацыях, на факультатыўных занятках рэкамендуецца выкарыстоўваць паслядоўна ў адпаведнасці з лінейным прынцыпам праходжання вучэбнага матэрыялу па адпаведных гістарычных перыядах і тэмах. Форма правядзення факультатыўных заняткаў прадугледжвае арганізацыю самастойнай практыка-арыентаванай дзейнасці дзевяцiкласнiкаў па засваенні адпаведнага зместу праз фарміраванне ўменняў, звязаных з арыентацыяй у вучэбным інфармацыйным асяроддзі. На аснове атрыманых на ўроках гiсторыi Беларусi ведаў вучнi самастойна рашаюць пазнавальныя задачы, выконваюць праблемныя заданнi, праводзяць даследаванне, прадстаўляюць вынiкi сваёй iндывiдуальнай цi калектыўнай дзейнасцi. Сярод рэкамендуемых форм правядзення факультатыва можна адзначыць лабараторныя, практычныя заняткi, семiнары, дыскусii, распрацоўку праектаў з выкарыстаннем комплексу гістарычных крыніц.

На правядзенне факультатыва прадугледжваецца 35 вучэбных гадзін (у тым лiку 3 гадзiны – рэзервовы час) – па адной вучэбнай гадзіне на тыдзень пры вывучэнні гісторыі Беларусі канца XVIII – пачатку ХХ ст. на працягу вучэбнага года ці дзве вучэбныя гадзіны на тыдзень пры праходжанні адпаведнага вучэбнага матэрыялу толькі ў другім паўгоддзі вучэбнага года.




ЗМЕСТ ВУЧЭБНАГА МАТЭРЫЯЛУ
Раздзел I. Беларусь на зыходзе феадалiзму:

канец XVIII – сярэдзiна XIX ст. (12 гадз.)
Беларускiя землi ў канцы XVIII – пачатку XIX ст. Вызначэнне змен у грамадска-палiтычным уладкаваннi беларускiх зямель пасля іх далучэння да Расiйскай iмперыi. Характарыстыка сацыяльна-эканамiчнай палiтыкi царскага ўрада ў дачыненнi да насельнiцтва Беларусi.

Беларусь у вайне 1812 г. Характарыстыка баявых дзеянняў на тэрыторыi Беларусi. Вызначэнне адносiн розных сацыяльных груп да вайны. Аналiз становiшча насельнiцтва ў час вайны i яе вынiкаў для Беларусi.

Грамадска-палiтычны рух на беларускiх землях у першай трэцi XIX ст. Вызначэнне мэт i складу ўдзельнiкаў тайных арганiзацый i таварыстваў на беларускiх землях. Характарыстыка iх дзейнасцi.

Паўстанне 1830–1831 гг. на беларускiх землях. Аналiз прычын, ходу i вынiкаў польскага паўстання 1830–1831 гг. на беларускiх землях. Вызначэнне сацыяльнага складу яго ўдзельнiкаў i прычын паражэння.

Палiтыка царскага ўрада ў беларускiх губернях у 1830–1840-я гг. Вызначэнне накiрункаў палiтыкi расiйскага ўрада ў Беларусi пасля паўстання 1831 г. Характарыстыка мерапрыемстваў самадзяржаўя, накiраваных на падрыў пазiцый шляхты.

Канфесiйнае становiшча ў канцы XVIII – першай палове XIX ст. Параўнальны аналiз стану асноўных хрысцiянскiх канфесiй Беларусi пасля далучэння да Расii. Вызначэнне прычын лiквiдацыi унiяцкай царквы.

Развiццё сельскай гаспадаркi ў першай палове XIX ст. Характарыстыка гаспадарчага развiцця вёскi. Вызначэнне сацыяльна-прававога становiшча сялян.

Спробы рэфарміравання сельскай гаспадаркi ў першай палове XIX ст. Вылучэнне i аналiз асноўных накiрункаў рэформы П. Кiсялёва ў дзяржаўнай вёсцы. Вызначэнне прычын крызiсу феадальна-прыгоннiцкага ладу.

Развiццё прамысловасцi i гандлю ў першай палове XIX ст. Параўнальная характарыстыка форм прамысловай вытворчасцi. Вызначэнне ролi кiрмашоў у развiццi гандлю. Аналiз структуры экспарту-iмпарту беларускiх зямель.

Стан адукацыi ў першай палове XIX ст. Вылучэнне асноўных тэндэнцый у развiццi адукацыi на беларускiх землях. Характарыстыка навучальных устаноў розных тыпаў.

Навука ў першай палове XIX ст. Раскрыццё сутнасці працэсу станаўлення навуковых ведаў у Беларусі. Характарыстыка асноўных дасягненняў беларусазнаўства першай паловы XIX ст.

Развiццё лiтаратуры i мастацтва ў першай палове XIX ст. Характарыстыка дзейнасцi i ацэнка ўкладу ў развiццё беларускай лiтаратуры Я. Баршчэўскага, П. Багрыма, В. Дунiна-Марцiнкевiча. Вызначэнне галоўных рыс развiцця архiтэктуры і тэатральнага мастацтва.
Раздзел II. Усталяванне капiталiзму на беларускiх землях: другая палова XIX – пачатак ХХ ст. (19 гадз.)
Адмена прыгоннага права. Правядзенне буржуазных рэформ. Вызначэнне прычын i сутнасцi сялянскай рэформы 1861 г. Аналiз i тлумачэнне прычын сялянскiх выступленняў у адказ на рэформу. Раскрыццё характару буржуазных рэформ 60–70-х гг. XIX ст.

Развiццё капiталiстычных адносiн у сельскай гаспадарцы. Раскрыццё асаблiвасцей развiцця капiталiзму ў беларускай вёсцы парэформеннага перыяду. Характарыстыка спецыялiзацыi сельскай гаспадаркi. Параўнальны аналiз прадпрымальнiцкай гаспадаркi памешчыка i сялянскай гаспадаркi.

Развiццё капiталiзму ў прамысловасцi Беларусi ў 1860-я гг. – пачатку ХХ ст. Стан гарадоў. Характарыстыка прамысловага перавароту i вызначэнне яго асаблiвасцей на Беларусi. Раскрыццё працэсу станаўлення фабрычнай вытворчасцi. Вызначэнне змен у стане гарадоў i складзе гарадскога насельнiцтва.

Стан гандлю i транспарту ў 1860-я гг. – пачатку ХХ ст. Характарыстыка шляхоў зносiн i стану гандлю. Вызначэнне ролi чыгунак у гандлёва-эканамiчным развiццi беларускiх зямель.

Сацыяльныя супярэчнасцi ў вёсцы i горадзе. Характарыстыка ўмоў жыцця i працы рабочых i сялян. Вылучэнне прычын сялянскага i рабочага руху. Вызначэнне i характарыстыка асноўных форм барацьбы працоўных.

Паўстанне 1863–1864 гг. у Беларусi. Вызначэнне прычын i характару паўстання. Характарыстыка асобы i поглядаў К. Калiноўскага. Вызначэнне ўплыву паўстання 1863–1864 гг. на ўмовы вызвалення сялян беларускiх губерняў.

Палiтыка самадзяржаўя ў Беларусi ў апошняй трэцi XIX ст. Аналiз сiтуацыi ў беларускiх губернях пасля паўстання 1863–1864 гг. Вызначэнне асноўных накiрункаў палiтыкi расiйскага ўрада ў нацыянальна-рэлiгiйным i культурным жыццi i iх ацэнка. Характарыстыка заходнерусiзму.

Утварэнне палiтычных партый i рухаў. Характарыстыка дзейнасцi рэвалюцыйных народнiкаў. Раскрыццё сутнасцi праграмы групы “Гоман”. Дзейнасць агульнарасiйскiх сацыял-дэмакратычных арганiзацый у Беларусi. Аналiз праграмных патрабаванняў Беларускай сацыялiстычнай грамады i iх ацэнка.

Падзеi рэвалюцыi 1905–1907 гг. у Беларусi. Раскрыццё ходу рэвалюцыйных падзей на тэрыторыi Беларусi. Вызначэнне i характарыстыка асноўных патрабаванняў i форм барацьбы сялян, рабочых i салдат. Аналiз палажэнняў Манiфеста 17 кастрычнiка i вызначэнне яго ўплыву на дзейнасць палiтычных партый i рухаў.

Грамадска-палiтычны рух у Беларусi ў 1906–1914 гг. Параўнальны аналiз пазiцый сацыял-дэмакратычных i беларускiх нацыянальных арганiзацый. Раскрыццё ролi газеты “Наша нiва” у афармленнi i развiццi беларускага нацыянальнага руху.

Рэформы П. А. Сталыпiна ў Беларусi. Вылучэнне мэт i асноўных накiрункаў аграрнай рэформы. Вызначэнне сутнасцi земскай рэформы i асаблiвасцей яе правядзення ў Беларусi.

Становiшча Беларусi ў гады Першай сусветнай вайны. Характарыстыка настрояў у беларускiм грамадстве, выклiканых пачаткам ваенных дзеянняў. Раскрыццё сутнасцi германскага акупацыйнага рэжыму ў Заходняй Беларусi.

Лютаўская рэвалюцыя 1917 г. ў Беларусi. Характарыстыка крызiсных з’яў у грамадстве. Вызначэнне прычын i ўмоў звяржэння самадзяржаўя. Рэвалюцыйныя падзеi на беларускiх землях.

Палiтычная сiтуацыя ў Беларусi вясной – летам 1917 г. i яе абвастрэнне. Вывучэнне працэсу размежавання палiтычных сiл пасля Лютаўскай рэвалюцыi. Характарыстыка дзейнасцi беларускага нацыянальнага руху.

Фармiраванне беларускай нацыi. Вылучэнне i характарыстыка прыкмет беларускай нацыi. Вызначэнне i аналiз умоў i асаблiвасцей яе фармiравання. Раскрыццё ролi газеты “Наша нiва” у нацыятворчым працэсе.

Развiццё адукацыi i навукi ў 1860-я гг. – пачатку ХХ ст. Характарыстыка стану пачатковай i сярэдняй адукацыi на беларускiх землях. Вызначэнне цяжкасцей i перашкод у развiццi адукацыi i навукi. Характарыстыка асноўных дасягненняў беларусазнаўства другой паловы XIX – пачатку ХХ ст.

Нацыянальная лiтаратура у 1860-я гг. – пачатку ХХ ст. Вызначэнне ўмоў развiцця беларускай лiтаратуры. Вылучэнне асноўных напрамкаў творчасцi Ф. Багушэвiча, Цёткi, Янкі Купалы, Якуба Коласа, М. Багдановiча i тлумачэнне iх укладу ў нацыянальную культуру.

Станаўленне беларускага тэатра. Вызначэнне асаблiвасцяў зараджэння беларускага прафесiйнага тэатра. Характарыстыка асобы I. Буйнiцкага i яго ролi ў развiццi тэатральнага мастацтва.

Развiццё мастацтва. Характарыстыка творчай дзейнасцi майстроў жывапiсу. Вызначэнне новых рыс у развiццi архiтэктуры i горадабудаўнiцтва.

Вынiковае абагульненне (1 гадз.)
ЧАКАЕМЫЯ ВЫНІКІ ФАКУЛЬТАТЫЎНЫХ ЗАНЯТКАЎ
У выніку правядзення факультатыўных заняткаў вучні павiнны авалодаць наступнымi спосабамi дзейнасці:

– называць храналагiчныя рамкi гiстарычных падзей, з’яў, працэсаў, вызначаць у iх асобныя этапы i перыяды;

– вызначаць паслядоўнасць, працягласць гiстарычных падзей, з’яў, працэсаў;

– вызначаць у гiстарычных тэкстах структуру гiстарычнага часу (эпоха, перыяд, стагоддзе, год);

– вызначаць месцазнаходжанне вывучаемых гiстарычных аб’ектаў, выяўляць змяненнi на гiстарычнай карце;

– характарызаваць гiстарычныя падзеi, дзейнасць гістарычных асоб;

– характарызаваць палiтычнае становiшча краiн;

– параўноўваць гiстарычныя падзеi, з’явы па ўказаных крытэрыях;

– раскрываць прычынна-вынiковыя сувязi памiж гiстарычнымi падзеямi, з’явамi, працэсамi;

– абагульняць гiстарычныя факты, фармуляваць на iх аснове вывады;

– класiфiкаваць i сiстэматызаваць гiстарычныя факты i паняццi;

– пераводзiць тэкставую iнфармацыю ў знакава-сiмвальную i наадварот;

– раскрываць значэнне гiстарычных паняццяў;

– канкрэтызаваць гiстарычныя паняццi.

Дасягненне мэты і выкананне задач факультатыва будзе садзейнічаць паспяховай здачы выпускнога экзамена па гісторыі Беларусі на ўзроўні агульнай базавай адукацыі.
РЭКАМЕНДУЕМАЯ ЛІТАРАТУРА ДЛЯ НАСТАЎНIКА
1. Без-Корнилович, М. О. Исторические сведения о примечательнейших местах в Белоруссии: репринт. воспроизведение изд. 1855 г. – Минск, 1995.

2. Беларусь: народ, государство, время. – Минск, 2009.



3. Вішнеўскі, А. Ф., Юхо, Я. А. Гісторыя дзяржавы і права Беларусі ў дакументах і матэрыялах: са старажытных часоў да нашых дзён: вучэб. дапам.; пад агул. рэд. А. Ф. Вішнеўскага. — 2-е выд., дап. – Мінск, 2003.

4. Вяземский, Е. Е., Стрелова, О. Ю. Методические рекомендации учителю истории: основы профессионального мастерства: практ. пособие. – М., 2000.

5. Гарэцкi, М. Гiсторыя беларускае лiтаратуры. – Мiнск, 1992.

6. Гістарычны шлях беларускай нацыі і дзяржавы / М. Біч, Р. Гарэцкі, У. Конан [і інш.]. — Мінск, 2007.

7. Гісторыя Беларусі: ад старажытных часоў – па 2008 г.; пад рэд. Я. К. Новіка. — Мінск, 2009.

8. Гісторыя Беларусі канца XVIII – пачатку ХХ ст. у дакументах i матэрыялах: хрэстаматыя; уклад., навук. рэд. А. Ф. Смалянчук. — Вiльня, 2007.

9. Живописная Россия: отечество наше в его зем., ист., экон. и быт. значении: Литов. и Белорус. Полесье: репринт. воспроизведение изд. 1882 г. — 2-е изд. — Минск, 1994.

10. История Беларуси в документах и материалах; авт.-сост. И. Н. Кузнецов, В. Г. Мазец. — Минск, 2000.

11. Корзюк, А. А. Шляхi фармiравання пазнавальнага iнтарэсу вучняў у працэсе вывучэння гiсторыi Беларусi ў школе (канец XVIII – пачатак XX ст.): метад. дапам.; пад навук. рэд. I. I. Багдановiча. — Мiнск, 2005.

12. Лыч, Л. Гісторыя культуры Беларусі. — Мінск, 2008.

13. Нарысы гісторыі Беларусі: у 2 ч.; пад рэд. М. П. Касцюка. — Мінск, 1994, 1995.

14. Паноў, С. В. Пазнавальныя задачы i заданнi па гiсторыi Беларусi: дыдактычны матэрыял для арганiзацыi самастойнай працы вучняў у 8 класе. — Мiнск, 1995.

15. Парашкоў, С. А. Гісторыя культуры Беларусі. — Мінск, 2003.

16. Шалькевіч, В. Ф. Гісторыя палітычнай і прававой думкі Беларусі. — Мінск, 2002.

17. Шоган, В. В. Методика преподавания истории в школе: уроки истории нового поколения. — Ростов н/Д, 2005.

18. Чигринов, П. И. Очерки истории Беларуси. — Мінск, 2006.

19. Эканамічная гісторыя Беларусі; пад агул. рэд. В. І. Галубовіча. — Мінск, 2005.

20. Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: у 6 т. — Мінск, 1993–2003.


РЭКАМЕНДУЕМАЯ ЛІТАРАТУРА ДЛЯ ВУЧНЯЎ
1. Атлас гiсторыi Беларусi ад старажытнасцi да нашых дзён: дадатак да 6-томнай «Энцыклапедыi гiсторыi Беларусi»» / аўтар тэкста Л. I. Языковiч; склад. Г. Р. Шыркунова, Л. У. Языковiч. — Мiнск, 2004.

2. Бутрамееў, У. Вялiкiя i славутыя людзi беларускай зямлi. — 2-е выд. — Мiнск, 1996.

3. Гiсторыя Беларусi / А.Л. Абецэдарская [i iнш.]; пад рэд. А. Г. Каханоўскага. — Мiнск, 1997.

4. Гісторыя Беларусі (канец XVIII ст. — 1917 г.): кнiга для чытання: 8-ы клас: дапам. для вучняў агульнаадукац. Устаноў; аўт.-склад. Н. Я. Новiк. — Мiнск, 2007.

5. Гісторыя Беларусі ў лiтаратурных вобразах (дакастрычнiцкi перыяд); склад. М. Р. Гнеўка. — Мiнск, 1979.

6. Гламбоцкi, П. М. Гiсторыя Беларусi: канец XVIII ст. — 1917 г.: 8 клас: рабочы сшытак — 3-е выд. — Мiнск, 2005.

7. Голубеў, В. Ф. Цi ведаеце вы гiсторыю сваёй краiны / В. Ф. Голубеў, У. П. Крук, П. А. Лойка. — 2-е выд., 1995.

8. Иллюстрированная хронология истории Беларуси / авт.-составитель И. П. Ховратович. — Минск, 2000.

9. История Беларуси: словарь-справочник / И. Н. Кузнецов [и др.]; под ред. С.Ф. Дубенецкого. — Минск, 2000.

10. Казлоў, Л., Цітоў, А. Беларусь на сямі рубяжах. — Мінск, 1993.

11. Тарасаў, К. Памяць пра легенды: постацi беларус. мiнуўшчыны. — 2-е выд., дап. — Мiнск, 1993.

12. Хрестоматия по истории БССР: кн. для учащихся: в 2 ч. / сост. Е. М. Зуев, З. Ю. Копысский; под ред. И. С. Кравченко. — 3-е изд., перераб. — Минск, 1987. — Ч. 1.



13. 250 асоб з Беларусі ў дыялогах культур. — Мінск, 2008.

IНТЭРНЕТ-РЭСУРСЫ

Назва партала, сайта

Электронны адрас

Адукацыйны партал Рэспублiкi Беларусь

http://www.adu.by

Інстытут гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі

http://history.by

Нацыянальная бібліятэка Беларусі

http://www.nlb.by

Архівы Беларусі

http://archives.gov.by

Энцыклапедыя «Вікіпедыя»

http://www.be.wikipedia.org

Асацыяцыя «Гісторыя і камп’ютар»

http://www.dcn-asu/internet/index.shtml

Свет гісторыі

http: //www. historia. ru/

Віртуальны свет гісторыі

http: //history.machaon.ru/

Віртуальны курс лекцый па гісторыі Беларусі

http://www.belarusianhistory.narod.ru

Адукацыйныя рэсурсы Интернета – гісторыя

http://www.alleng.ru/edu/hist3.htm

Беларускі гістарычны агляд

http://gw.lingvo.minsk.by

Беларускі краявід

http://www.kraj.org

Беларусіка-Albaruthenica

http://gw.lingvo.minsk.by/mab/@book/index.htm

Гісторыя Беларусі. Асобы

http://tbm.org.by

Глобус Беларусі

http://globus.tut.by

Збор помнікаў зямлі беларускай

http://www.radzima.org

Гісторыя Беларусі

http://albaruthenia.by

Мінск стары і новы

http://www.minsk-old-new.com

Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі

http://niab.belhost.by

Нацыянальны мастацкі музей Беларусі

http://www.artmuseum.by

Iнтэрнет-праект «1812 г.»

http://www.museum.ru/museum/1812

Музей гісторыі беларускай літаратуры

www.nacbibl.org.by/llitm/lithist


Портал "Музеи Беларуси" 

http://www.museum.by

Сайты учреждений культуры Республики Беларусь

http://www.kultura.by/rus/sites/





: wp-content -> uploads -> 2014 -> umodos -> istorija
istorija -> Беларускія землі ў складзе вялікага княства літоўскага вучэбная праграма факультатыўных заняткаў
istorija -> Беларускія землі ў складзе рэчы паспалітай вучэбная праграма факультатыўных заняткаў
istorija -> Нацыянальны інстытут адукацыі палітыка беларусізацыі ў 1920-ыя гг
istorija -> Вучэбная праграма факультатыўных заняткаў па гісторыі Беларусі для вучняў ХІ класа агульнаадукацыйных устаноў
istorija -> Міністэрства адукацыі рэспублікі беларусь нацыянальны інстытут адукацыі асновы вучнёўскай даследчай працы
istorija -> Абагульняючы факультатыўны курс па гісторыі беларусі
istorija -> Гісторыя беларусі ў іменах І падзеях
istorija -> Беларускія землі ад старажытнасці да сярэдзіны ХІІІ ст
istorija -> Навукова-метадычная ўстанова “нацыянальны інстытут адукацыі” міністэрства адукацыі рэспублікі беларусь




База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка