Вучэбны матэрыял да ўрока №9 М. М. Брылеўскі



Дата канвертавання15.05.2016
Памер147.83 Kb.
Вучэбны матэрыял да ўрока № 9
М.М.Брылеўскі
ВЫХАДЦЫ З БЕЛАРУСІ Ў ДАСЛЕДАВАННЯХ БЛІЖНЯГА І ДАЛЬНЯГА ЗАМЕЖЖА

Вялікае значэнне для фарміравання ведаў пра прыроду, гаспадарку і насельніцтва сваей Радзімы мелі геаграфічныя даследаванні, што праводзіліся ў розных кутках свету выхадцамі з Беларусі. Шмат знакамітых падарожнікаў і даследчыкаў розных рэгіёнаў свету дала беларуская зямля. Выхадцы з тэрыторыі сучаснай Беларусі здзейснілі вялікую колькасць захапляючых падарожжаў, праславілі сябе адкрыццямі новых земляў і навуковымі працамі ў розных галінах прыродазнаўства, этнаграфіі, сацыяльна-эканамічнай геаграфіі. Апісанні іх падарожжаў, дзённікі, геаграфічныя карты, навуковыя артыкулы выдаваліся часцей за ўсё на польскай альбо расейскай мовах. Складаны лёс нашай Бацькаўшчыны прывёў да таго, што навуковыя працы беларускіх даследчыкаў захаваліся толькі ў замежных архівах і бібліятэках. Тым ня менш, яны зрабілі вялікі ўплыў на развіццё геаграфічнай думкі як у Беларусі, так і за яе межамі.

Лепшыя сыны нашай Бацькаўшчыны траплялі ў розныя рэгіёны свету: у Еўропу, на Далёкі і Блізкі Ўсход, ў Паўночную і Паўднёвую Амерыку, бязмежныя прасторы Сібіры, на астравы Ціхага акіяна і ў Арктыку. Нехта па сваёй волі ехаў на чужыну ў пошуках лепшай долі, некага вабілі мары аб пазнанні нязведанага, нехта павышаў у іншых краінах сваю адукацыю. Але большасць даследчыкаў былі вымушаны эмігрыраваць за вольнадумства, альбо былі сасланыя за ўдзел у паўстаннях на шматпакутнай беларускай зямлі. У большасці сваёй яны не былі прафесійнымі географамі, але для свайго часу мелі высокую адукацыю, таму праявілі сябе ўважлівымі і стараннымі даследчыкамі прыроды і сацыяльных з’яў розных куткоў свету. Многія з іх больш вядомыя як палітыкі і дыпламаты, батанікі і заолагі, геолагі, філолагі, ваенныя і г.д.

Апісанні падарожжаў нашых суайчыннікаў, складзеныя мім геаграфічныя карты, навуковыя артыкулы і справаздачы ўтрымліваюць вялікі фактычны матэрыял аб прыродзе і насельніцтве. Яны не страцілі свайго значэння на сучасным этапе, таму што дазваляюць вывучаць дынаміку прыродных і сацыяльных працэсаў, што адбыліся за пэўны перыяд. Калекцыі геалагічнага і палеанталагічнага матэрыялу, гербарыі і заалагічныя калекцыі сталі асновай вывучэння прыроды многіх рэгіёнаў і ўтрымліваюцца ў экспазіцыях прыродазнаўчых і этнаграфічных музеяў. Імёны многіх нашых суайчыннікаў можна сустрэць на геаграфічных картах, яны маюць прызнанне ўсяго свету, у іх гонар названы мінералы, расліны, асобныя віды жывёл, пастаўлены помнікі, вынікі іх працы адзначаны шматлікімі ўзнагародамі.

Паўстае шмат пытанняў: каго з нашых землякоў лічыць выхадцам з Беларусі, таму што ў шматлікіх дакументах яны з’яўляюцца рускімі, альбо польскімі вучонымі, літвінамі? На наш погляд выхадцамі з Беларусі можна лічыць даследчыкаў, што нарадзіліся ў межах сучаснай Беларусі, альбо ў сем’ях людзей, што пакінулі краіну па розных прычынах.

У дадзеным артыкуле мы спынімся, ў першую чаргу, на найбольш вядомых з даследчыкаў, на іх ўнёску ў развіццё сістэмы геаграфічных і блізкіх з імі прыродазнаўчых навук.

Даследаванні розных краін далёкага замежжа выхадцы з Беларусі праводзілі пачынаючы з 15 стагоддзя. Сярод іх можна адзначыць нясвіжскага князя Мікалая Крыштафа Радзівіла (Сіротку) (1549–1616 гг.). У 1583-84 гадах ён наведаў Італію, Крыт, Кіпр, Сірыю, Палесціну, Егіпет. У 1601 годзе ў Прусіі на лацінскай мове быў надрукаваны яго дзённік «Перегринация», альбо “Падарожжы да святых мясцін і ў Егіпет”, які вытрамаў 19 выданняў на лацінскай, польскай, рускай і нямецкай мовах. Гэта было першае ў Беларусі навукова-геаграфічнае выданне. У ім аўтар пакінуў яскравае апісанне прыроды Усходняга Міжземнамор’я, архітэктурных помнікаў і быту мясцовых жыхароў. Вярнуўшыся на Радзіму, М.Радзівіл арганізаваў правядзенне картаграфавання тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага, вынікам якога стала выдадзеная ў Амстэрдаме ў 1613 годзе знакамітая “Радзівілаўская карта ВКЛ” (М 1:1300000). Мастацкае афармленне карты было зроблена вядомым гравёрам і мастаком Томашам Макоўскім. На карце былі паказаны найбольш буйныя рэкі і 308 населеных пунктаў у межах сучаснай Беларусі, а ўсяго – больш за 1000. Карта мела каардынацыйную сетку праз 1 градус і была найбольш поўнай і дакладнай картай рэгіёна на працягу XVII стагоддзя.

Прыроду і быт насельніцтва Турцыі і Балкан апісвала ўраджэнка Навагрудчыны Саламея Рэгіна Русецкая (1718–1760 гг.). Яна доўгі час з 1731 года) пражывала ў Турцыі, дзе спачатку дапамагала свайму мужу ў лекарскай дзейнасці, а пасля яго смерці працавала самастойна. Прафесія вымушала Саламею шмат падарожнічаць па краіне. Вынікам падарожжаў і яе лекарскай дзейнасці стала кніга-дзённік «Авантюры моей жизни». Кнігу можна лічыць і геаграфічным дакументам, таму што, акрамя ўспамінаў і метадаў лячэння розных захворванняў, у ёй шмат апісанняў прыродных з’яў, гаспадаркі Турцыі, этнаграфічных замалёвак.

Пэўны ўклад у геаграфічныя даследаванні ўнёс і прадстаўнік старажытнага княжага роду з-пад Брэста Аляксандр Антоній Сапега ( 1773–1812 гг.). Ён нарадзіўся ў Страсбургу, куды вымушаны былі эмігрыраваць яго бацькі пасля паражэння Барскай канфедэрацыі. Нягледзячы на малады ўзрост актыўна займаўся палітыкай, быў камергерам і ад’ютантам Напалеона Банапарта. Але яго вабіла і навуковая дзейнасць. Ён ажыццяўляў мінералагічныя экспедыцыі ў Польшчы і Літве, у Альпах і на Балканскім паўвостраве, падрыхтаваў навуковую працу “Мінералогія” (1801), нарыс па крышталяграфіі, падручнік па неарганічнай хіміі (1802). Вынікам падарожжа па Балаканах і Адрыятычным ўзбярэжжы стала кніга «Podroze po krajach slowianskich», выдадзеная ў Вроцлаве ў 1811 годзе, на аснове апрацаваных пісем да свайго настаўніка Ж.Э.Жылібера, які працаваў у Гародні. У ёй прыводзіцца апісанне прыроды і этнаграфіі паўднёвых славян, таму кніга стала цікавым геаграфічным дакументам XVIII стагоддзя.

Больш вядомымі ў геаграфічных колах былі нашы землякі Іосіф Ходзька і Міхаіл Врончанка - ўдзельнікі славутай экспедыцыі “ваенных тапографаў”, што праводзілася ў XIX стагоддзі пад кіраўніцтвам К.І.Тэннера. Вучоны-географ, геадэзіст, генерал-лейтэнант Генеральнага штаба расійскай арміі Іосіф Іванавіч (Юзэф Янавіч) Ходзька (1800–1881 гг.) з Мядзельшчыны (в. Крывічы) ўдзельнічаў у складанні тапаграфічных карт асобных губерняў Расіі (у тым ліку Віленскай, Гродзенскай, Мінскай, Курляндскай), на Балканах (Малдавія, Валахія, Румынія) і ў Закаўказзі, склаў першую карту Каўказа. Кожная карта дапаўнялася справаздачай, якая ўтрымлівала геаграфічную характарыстыку даследуемай тэрыторыі. Ён прымаў удзел у градусных вымярэннях Дугі Струве. На Каўказе ўзначальваў так званую “Вялікую Каўказкую трыангуляцыю”, дзякуючы якой было дакладна ўстаноўлена месцазнаходжанне амаль 1400 пунктаў Закаўказзя (каардынаты, вышыня над узроўнем мора). Кіраваў экспедыцыяй на Вялікі Арарат. І.Ходзька быў адным з ініцыатараў стварэння Імператарскага рускага геаграфічнага таварыства, доўгі час узначальваў Каўказкі аддзел ІРГТ. Удзельнічаў у баявых дзеяннях на Каўказе пад час Крымскай вайны, выканаў раянаванне горнай краіны Каўказа з улікам геамарфалагічных асаблівасцяў тэрыторыі. За навуковыя геадэзічныя, картаграфічныя і геамарфалагічныя працы І.Ходзька быў узнагароджаны Вялікім залатым Канстанцінаўскім медалём Імператарскага рускага геаграфічнага таварыства. Яго імя вядома ў геадэзічных колах, а комплекс геадэзічных работ на Каўказе атрымаў назву - Вялікая Каўказкая трыангуляцыя Хадзько.

Ваенны геадэзіст Міхаіл Паўлавіч Врончанка (1801–1855 гг.) з в. Копысь Магілёўскай губерніі таксама працаваў у складзе экспедыцыі ваенных тапографаў на тэрыторыі асобных губерняў Беларусі, у Малдавіі, Румыніі, Турцыі. У 1834-36 гадах займаўся геадэзічнымі вымярэннямі на тэрыторыі Малой Азіі, вынікам якіх стала тапаграфічная карта Малой Азіі (М 1:840 000). Акрамя таго, ён напісаў кнігу «Обозрение Малой Азии в нынешнем её состоянии, составленное русским путешественником Михаилом Вронченко», выдадзеную ў Санкт-Пецярбургу, якая атрымала вельмі станоўчыя водгукі ў геаграфічных колах. М.Врончанка быў адным з 17 заснавальнікаў і першых членаў Імператарскага рускага геаграфічнага таварыства ў 1845 г.

Вучоны-натураліст, дыпламат Іосіф Антонавіч Гашкевіч (1814–1875 гг.) ураджэнец Гомельшчыны (Рэчыцкі ўезд), стаў вядомым даследчыкам Кітая і Японіі. У Кітаі ён працаваў амаль 10 гадоў у складзе духоўнай міссіі, дзе праявіў сябе як вучоны-натураліст у вобласці астраноміі, метэаралогіі, зоагеаграфіі. У складзе дыпламатычнай экспедыцыі ён прымаў удзел у плаванні на фрэгаце “Палада” пад кіраўніцтвам графа Я.В.Пуцяціна ў 1852-55 гадах, а з 1857 па 1965 гг. працаваў консулам у Японіі. Стаў аўтарам некалькіх навуковых прац пра сельскую гаспадарку Кітая і Японіі, складальнікам “Японска-рускага слоўніка”. Сабраныя ў час падарожжаў калекцыі флоры і фауны папоўнілі экспазіцыю Заалагічнага музея Акадэміі навук Расіі. У яго гонар названы заліў у Японскім моры, каля Паўднёвай Карэі, некалькі відаў апісаных ім насякомых, устаноўлены помнікі ў гарадах Хакодатэ (Японія) і Астравец (Беларусь).

Выхадцы з Беларусі ўнеслі важкі ўнёсак і ў даследаванні Новага Свету. Прадстаўнік знатнага шляхецкага роду Юліян Урсын Нямцэвіч (1757–1841 гг.), які нарадзіўся ў маёнтку Скокі з Брэстчыны, больш вядомы шырокаму колу як пісьменнік. Ён шмат падарожнічаў па краінах Еўропы, быў ад’ютантам Тадэвуша Касцюшкі пад час паўстання 1794 года, стаў вязнем Петрапаўлаўскай крэпасці і пасля амністыі эмігрыраваў у ЗША. Там Ю.Нямцэвіч правёў больш за 10 гадоў, шмат падарожнічаў і падрыхтаваў кнігу “Падарожжы па Амерыцы”. У ёй ён упершыню з еўрапейцаў апісаў прыроду і эканоміку толькі што заснаванай краіны – ЗША, тым самым унёс пэўны ўклад у геаграфічныя даследаванні.

Значна больш вядомым не толькі ў геаграфічных колах стаў славуты геолаг і географ, выхадзец з Навагрудчыны (маёнтак Мядзведка) Ігнацій Іпалітавіч Дамейка (1802–1889 гг.) двухсотгоддзе якога параўнальна нядаўна адзначала ЮНЭСКА. Выхаванец Віленскага ўніверсітэта, удзельнік таварыства філаматаў, пасля падзелаў Польшчы і ўдзелу ў Польскім паўстанні 1830 году эмігрыраваў у Францыю, дзе скончыў Горную школу і прыняў удзел у геалагічных экспедыцыях. Склаў геалагічную, геаграфічную і эканамічную карты былых зямель Рэчы Паспалітай з каментарыямі. Воляй лёсу ў 1837 годзе трапіў ў Чылі і застаўся ў гэтай краіне да 1889 года. З геалагічнымі экспедыцыямі ён аб’ехаў усю краіну, 6 разоў перасякаў Анды, напісаў больш за 130 навуковых прац, адкрыў радовішчы медзі, золата, срэбра, чылійскай салетры, упершыню апісаў новыя мінералы, адзін з якіх атрымаў назву “дамейкіт”, заснаваў хімічную лабараторыю, некалькі музеяў, бібліятэку, Горную школу, чатыры разы абіраўся рэктарам дзяржаўнага ўніверсітэта ў Санцьяга. За заслугі перад дзяржавай у яго гонар выбіты медаль, а ў сталіцы стаіць помнік з подпісам “Гран Эдукадор”. Ён член шматлікіх навуковых таварыстаў, нацыянальны герой Чылі. Імя Дамейкі носіць горны хрыбет – Кардыльера Дамейкі, горад – Пуэрта-Дамейка, пасёлак на поўначы Чылі, вуліцы ў Санцьяга і яшчэ 8 гарадах Чылі, у Вільнюсе і Навагрудку. Яго імя носіць мінерал, аманіт, кактус, галаваногі малюск, фіялка, бібліятэка ў Буэнас-Айрэсе. Да 200-годдзя былі выпушчаны паштовыя маркі ў Польшчы і Літве, манета ў 2 злотых.

Яшчэ адзін наш суайчыннік Канстанцін Міхайлавіч Ельскі (1837–1896 гг.) з вёскі Ляды Ігуменскага павета ўвайшоў у гісторыю геаграфічнай навукі як даследчык флоры і фауны Паўднёвай Амерыкі. Пасля вучобы ў Маскоўскім і Кіеўскім універсітэтах на медыцынскім і матэматыка-прыродазнаўчым факультэтах і ўдзелу ў паўстаннях вымушаны быў эмігрыраваць у Румынію, потым у Турцыю і Францыю. У эміграцыі прымаў удзел у геалагічных экспедыцыях. У Парыжы паступіў на працу ў Прыродазнаўчы інстытут, з якога быў накіраваны ў Французскую Гвіяну, а потым у Эквадор і Перу. Пад час экспедыцый з 1865 па 1878 гады ён сабраў багацейшую калекцыю раслін, насякомых і чучал птушак, адкрыў новыя віды флоры і фауны Гвіяны, Эквадора і Перу, напісаў некалькі навуковых прац, сярод якіх “Папулярна-прыродазнаўчыя расказы пра знаходжанне ў Французскай Гвіяне і часткова ў Перу”, заснаваў прыродазнаўчы музей у Ліме. Яго імя носіць апісаны ім від лаўра і млекакормячае Dinonys.

Вядомы падарожнік і вучоны-этнограф, біёлаг, дзеяч міжнароднага рэвалюцыйнага руху, народнік, ураджэнец Магілёва Мікалай Канстанцінавіч Судзілоўскі (1850-1930), вядомы пад псеўданімам доктар Русель таксама займаўся геаграфічнымі даследаваннямі. Медык па адукацыі ён свой лёс звязаў з рэвалюцыйнай дзейнасцю, аб’ехаў многія краіны свету, на Гавайскіх астравах быў сенатарам і нават прэзідэнтам сенату ў пачатку ХХ стагоддзя. У сваіх навуковых працах апісаў асаблівасці прыроды і быту мясцовых жыхароў Гавайскіх астравоў і Філіпін, упершыню апісаў невялікія астравы цэнтральнай часткі Ціхага акіяна, займаўся этнаграфіяй і энтамалогіяй.

Ня меншы ўклад унеслі выхадцы з Беларусі і ў вывучэнне блізкага замежжа, у першую чаргу Расійскай імперыі. Беларускія карані мелі некаторыя землепраходцы, якія асвойвалі бяскрайнія землі Сібіры і Далёкага Усходу: аўтар першага чарцяжа паўднёвай часткі Камчаткі і Курыльскіх астравоў Іван Казырэўскі, даследчык Чукоткі Дзмітрый Паўлуцкі.

Іван Пятровіч Казырэўскі (1680-1734) продак беларускага шляхціча з Магілёўскага ваяводства, высланага ў Сібір пасля войн Масковіі і Польшчы. У пачатку XVIII стагоддзя ён узначаліў атрад казакаў, мэтай якога было падчыненне камчадалаў і далучэнне да Расіі Камчаткі і Курыльскіх астравоў. У выніку пахода быў складзены першы чарцёж Камчаткі, нанесены на карту Курыльскія астравы і пралівы, апісаны гідралагічныя і метэаралагічныя ўмовы ў пралівах. У 1726 годзе ён перадаў В.Берынгу карты і іх апісанне «Чертеж как Камчадальскаго носу, також и морским островам, коликое число островов от Камчадальскаго носу до Матмайского и Нифону островов». Яго імя носіць мыс і гара на востраве Парамушыр, заліў і мыс на востраве Шумшу (Курыльскія астравы), рака на Камчатцы, г.п. Казырэўскі ў Усць-Камчацкім раёне.

Дзмітрый Іванавіч Паўлуцкі таксама нарадзіўся за межамі сучаснай Беларусі ў сям’і высланага ў Сібір Яна Паўлуцкага. У 1727 годзе з атрадам казакаў быў адпраўлены на Чукотку і да 1947 года ўзначальваў некалькі паходаў на невядомых землях паўвострава. Геаграфічным вынікам паходаў стала даволі дакладная карта Чукоткі, нанясенне на яе ракі Чаун, астравоў у Берынгавым праліве, апісанне асаблівасцяў прыроды і быту мясцовых жыхароў. Фактычна ім былі адкрыты Аляска і Берынгаў праліў, што пазней было падцверджана і закарціравана В.Берынгам.

Шматлікія прадстаўнікі найбольш прагрэсіўных слаёў беларускага народа былі высланы за Урал і пакінулі нашчадкам апісанні новых мясцін, якія зараз разглядаюцца як важныя геаграфічныя дакументы. Так, аршанскі шляхціч Адам Каменскі (Длужнік-Каменскі) у сваіх запісках, вядомых пад назвай “Дыярыуш”, адлюстраваў жыццё народаў Сібіры і асаблівасці прыроды. Крыху пазней Людзвіг Сяніцкі (1677–1757 гг.) падрабязна апісаў быт хантаў, эвенкаў і якутаў у сваім “Дакуменце”.

Паплечнік Т.Касцюшкі Юзэф Копаць (1762–1827 гг.) з пінскага дваранскага роду ў сваім “Дзённіку падарожжа Копаця праз усю Азію” даў дэтальнае апісанне Камчаткі, якое па аб’ёму фактычнага матэрыялу ўступала толькі працы С.Крашаніннікава; а палачанін Фаўсцін Цяцерскі (1760–1832 гг.) выпусціў “Дзённік”, які захоўваецца ў цэнтральнай бібліятэцы Вільнюса. У ім даў падрабязнае апісанне асаблівасцяў прыроды Забайкалля і Даурыі, быта забайкальскіх эвенкаў.

Будучы высланымі за Урал некаторыя прадстаўнікі беларускага дваранства пачалі займацца навуковай дзейнасцю. Шляхціч Томаш Карлавіч Зан (1796–1855 гг.), які нарадзіўся непадалёку ад Маладзечна (Мясота), пад час вучобы ў Віленскім універсітэце быў адным з кіраўнікоў таварыства філарэтаў, выступаў супраць Расійскай імперыі і быў адпраўлены ў Арэнбургскую ссылку. Там ён паступіў на службу ў Пагранічную камісію. Пад уплывам вядомага географа-натураліста А. Гумбальдта захапіўся геалогіяй і батанікай, адкрыў некалькі радовішчаў медзі і золата, склаў геагнастычную карту Прыуралля і Паволжжа, падрыхтаваў навуковую працу “Геогностические наблюдения”, якая атрымала шмат станоўчых водгукаў навуковага грамадства. Пасля вяртання на радзіму займаўся сельскай гаспадаркай і геалагічнымі даследаваннямі даліны Нёмана.

Падобны лёс чакаў і нясвіжскага шляхціча Адольфа Міхайлавіча Янушкевіча (1803 – 1857 гг.), які таксама ў Табольскай, а потым Омскай ссылцы паступіў у Пагранічную камісію. Шмат падарожнічаў па паўночнаму Казахстану і надрукаваў працу «Дневники и письма из путешествий по киргизским степям», якая стала крыніцай ведаў па геаграфіі і этнаграфіі Казахстана.

Бенядзікт Іванавіч Дыбоўскі (1833-1930 гг.) вядомы прыродазнаўца, географ і заолаг, з Маладзечанскага павета (фальварак Адамарын) ўвайшоў у гісторыю сусветнай навукі перш за ўсё як даследчык фауны Байкала. Пад час бестэрміновай ссылкі ў Іркуцк ён арганізаваў сістэматычныя гідралагічныя і метэаралагічныя назіранні на Байкале. Б.Дыбоўскім былі выяўлены і апісаны больш за 100 відаў бакаплаваў (многія з іх эндэмікі); 2 віды глыбакаводнай жывароднай рыбы – галамянкі. Сумесна з Гадлеўскім ён апісаў прыродныя ўмовы возера Байкал– глыбіні, тэмпературу, ваганні ўзроўня вады і г.д., паклаўшы тым самым пачатак сістэмнаму яго вывучэнню. Пазней удзельнічаў у шматлікіх зоагеаграфічных экспедыцыях на Далёкім Усходзе (Камчатка, Сахалін,басейн Амура), быў ініцыятарам адкрыцця лімналагічнай станцыі ў Ліствянцы. За даследаванні фауны Байкала ўзнагароджаны залатым медалём Рускага геаграфічнага таварыства.

Як адзін з першых даследчыкаў Сахаліна і збіральнік багацейшага гербарыя характэрных раслін Сібіры і Далёкага Усходу ўвайшоў у гісторыю прыродазнаўчых навук адстаўны ваенны медык Томаш Матвеевіч Аўгусціновіч (1809-1891 гг.). Ён нарадзіўся ў в Крывічы Мядзельскага раёна, закончыў медыцынскі факультэт Віленскага ўніверсітэта і паступіў на вайсковую службу. Пасля выхаду ў адстаўку шмат падарожнічаў, вывучаў асаблівасці флоры Сібіры і Далёкага Усхода. Яго калекцыя раслін (40 тыс. раслін) для Батанічнага сада ў Пецярбургу стала асновай вывучэння расліннасці Паўночна-Усходняй Азіі.

“Бацькам айчыннага манголазнаўства” быў прызнаны Юзаф (Осіп) Міхайлавіч Кавалеўскі (1800-1878 гг.) з Вялікай Берастовіцы. Яго імя больш вядома ў гістарычных і філалагічных колах, але ён зрабіў унёсак і ў развіццё геаграфіі. Пры вывучэнні мангольскай мовы ён падарожнічаў па Манголіі, Бураціі і Кітаі, сабраў багатую этнаграфічную калекцыю і апісаў быт мясцовых жыхароў, падрыхтаваў шэраг навуковых прац, за якія атрымаў Дзямідаўскую прэмію.

Падобныя даследаванні ў Якуціі правёў Эдуард Карлавіч Пякарскі (1858-1934 гг.), ураджэнец Ігуменскага павета (зараз Смалявіцкі раён). Ён больш за 20 гадоў правёў у Якуціі, знаёміўся з асаблівасцямі быту якутаў, склаў якуцка-рускі слоўнік, падрыхтаваў шэраг навуковых прац па этнаграфіі якутаў і эвенкаў.

Сярод найбольш вядомых нашых землякоў безумоўна знаходзіцца Ян Дамінікавіч (Іван Дзяменцьевіч) Чэрскі (1845–1892 гг.) – вядомы вучоны-прыродазнаўца сусветнага значэння, адзін з заснавальнікаў такой галіны геаграфічнай навукі як геамарфалогія і палеанталогія. Выхадзец з Дрысенскага павета (зараз Верхнедзвінскі раён) Віцебскай губерні праявіў сябе як адзін з першых даследчыкаў прыроды Сібіры. Ён сістэматызаваў і апісаў астанкі выкапнёвых жывёл, склаў першую геалагічную карту ўзбярэжжаў Байкала і прылягаючых горных тэрыторый, абгрунтаваў ідэю эвалюцыйнага развіцця рэльефа і склаў першую палеатэктанічную схему Сібіры, прыняў удзел у маршрутных геалагічных даследаваннях паштовага тракта ад Іркуцка да Урала пад час абгрунтавання будаўніцтва Транссібірскай чыгуначнай магістралі. Я.Д.Чэрскі напісаў шэраг навуковых прац па геалогіі Сібіры, за якія быў названы “найлепшым знаўцам Сібіры” і тройчы ўзнагароджаны медалямі Рускага геаграфічнага таварыства. Яму належаць геаграфічныя адкрыцці вытокаў Лены, храбтоў Тас-Кыстабыт, Улахан-Чыстай, Томус-Хай, многіх рэк Паўночна-Усходняй Сібіры. Імя Чэрскага зараз прадстаўлена на геаграфічных картах. У яго гонар названы храбты ў Паўночна-Усходняй Сібіры (даўжынёй 1500 км) і ў Забайкаллі, гара каля Іркуцка, горныя вяршыні на Хамар-Дабане і на Байкальскім хрыбце, перавал на р. Халок і даліна ў Саянах, горад у нізоўях Калымы, некалькі выкапнёвых жывёл.

Дзякуючы геалагічным даследаванням у складзе экспедыцый Рускага геаграфічнага таварыства пад кіраўніцтвам Пяўцова і самастойным даследаванням больш позніх часоў увайшоў у гісторыю сусветнай навукі ўраджэнец Віцебскай губерні Карл Іванавіч Багдановіч (1864-1947 гг.). Ён праводзіў геалагічныя даследаванні Капетдага і Персіі, Цэнтральнай Азіі, узбярэжжаў Ахоцкага мора і Камчаткі, выдаў больш за 200 навуковых прац. Пад час Ахоцка-Камчацкай горнай экспедыцыі 1895-98 гадоў былі адкрыты радовішчы золата, праведзена тыпалогія вулканаў Камчаткі.

З імёнамі выхадцаў з Беларусі звязаны і многія геаграфічныя адкрыцці, зробленыя ў Арктыцы. Сярод іх удзельнікі Першай Рускай палярнай экспедыцыі (1900-1902 гг.) пад кіраўніцтвам барона Э.Толля на шхуне “Зара” Аляксей Бялыніцкі-Біруля і Канстанцін Валасовіч.

Аляксей Андрэевіч Бялыніцкі-Біруля (1864-1937 гг.) рускі і савецкі заолаг, член-карэспандэнт АН СССР нарадзіўся ў в. Бабкоў Аршанскага ўезду, прымаў удзел у Шпіцбергенскай экспедыцыі 1899 года, экспедыцыях на Салавецкія астравы. Пад час Палярнай экспедыцыі займаў пасаду заолага, апісаў расліннасць і жывёльны свет пад час зімовак на ўзбярэжжы Таймыра і на Навасібірскіх астравах. Па выніках апрацоўкі матэрыялаў экспедыцый падрыхтаваў больш за 100 навуковых прац. Яго імя носяць заліў і гара на ўзбярэжжы Таймыра.

Канстанцін Адамавіч Валасовіч (1869-1919 гг.) – беларускі геолаг, географ, нарадзіўся ў в. Іодчыцы (па іншых дадзеных Старчыцах) Слуцкага ўезду ў сям’і свяшчэнніка. Пасля заканчэння Варшаўскага ўніверсітэта займаўся навуковай дзейнасцю ў Варшаве і Пецярбургу, але пасля арышту адпраўлены ў Архангельскую ссылку, дзе захапіўся геалогіяй. У Рускай палярнай экспедыцыі узначальваў дапаможны санны атрад і праводзіў геалагічныя і палеанталагічныя даследаванні, склаў геалагічную карту Навасібірскіх астравоў, заклаў асновы палеанталагічных даследаванняў Запаляр’я. Тройчы ўзначальваў геалагічныя экспедыцыі ў міжрэччы Лены і Калымы, на востраве Вялікі Ляхаўскі знайшоў унікальныя рэшткі маманта, якія былі падараваны ў Парыжскі палеанталагічны музей. У гонар К. Валасовіча названы мыс на востраве Бальшавік.

Выхадцы з Беларусі (Барысаўскі ўезд) бацька і сын Вількіцкія з’яўляюцца ініцыятарамі і кіраўнікамі экспедыцыі, якая здзейсніла адно з буйнейшых адкрыццяў ХХ стагоддзя – архіпелага Паўночная Зямля. Андрэй Іпалітавіч Вількіцкі (1858-1913 гг.) працаваў у Галоўным гідраграфічным упраўленні Расіі, кіраваў правядзеннем экспедыцый у Арктыцы, на астравах Новай Зямлі (1887), у Карскім моры (1894-1901), з 1907 г. узначаліў Галоўнае гідраграфічнае ўпраўленне, правёў шмат работы па будаўніцтве спецыяльных ледаколаў для асваення Арктыкі.

Яго сын Барыс Андрэевіч Вількіцкі (1885-1961 гг.) узначаліў экспедыцыю, якая даказала, што Паўночная Зямля з’яўляецца архіпелагам і ўпершыню ажыццявіла скразное плаванне Паўночным марскім шляхам у заходнім накірунку. За гэта ён атрымаў узнагароды многіх геаграфічных таварыстваў. Імёны Вількіцкіх носяць праліў паміж Паўночнай Зямлёй і Таймырам, а таксама востраў у Карскім моры.

Вядомы даследчык Арктыкі, вучоны-геафізік, грамадскі дзеяч Отта Юльевіч Шмідт (1891-1956 гг.) таксама нарадзіўся ў Беларусі – ў Магілёве. Ім распрацаваны актуальныя праблемы геафізікі, прапанавана тэорыя ўтварэння Зямлі, праведзена некалькі высакагорных экспедыцый на Паміры, але найбольш вядомыя даследаванні звязаны з Арктыкай. Пад яго кіраўніцтвам ажыццяўляліся савецкія экспедыцыі на Зямлю Франца-Іосіфа (1929), у Карскім моры (1930). На ледаколе “Сібіракоў” экспедыцыя на чале са Шмідтам упершыню прайшла Паўночным марскім шляхам за адну навігацыю. Наш зямляк узначальваў экспедыцыю на параходзе “Чалюскін”, кіраваў экспедыцыяй па арганізацыі зімовак навуковай станцыі “Паўночны полюс–1”, атрымаў званне Героя Савецкага Саюза, быў абраны віцэ-прэзідэнтам АН СССР. У яго гонар названы востраў у Карскім моры, мыс у Чукоцкім моры, паўвостраў на Новай Зямлі, гара на Паміры.



Такім чынам, беларуская зямля можа ганарыцца сваімі сынамі, якія зрабілі значны ўнёсак у вывучэнне нашай планеты.






База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка