Вучоныя з Пружаншчыны



Дата канвертавання18.01.2017
Памер167.55 Kb.


“Вучоныя з Пружаншчыны”

(Гадзіна краязнаўства для вучняў

старэйшага школьнага ўзросту)

Афармленне: тэматычная паліца “Вучоныя з Пружаншчыны”.



Слайд 1. Фотаздымкі і надпіс: “Вучоныя з Пружаншчыны”.

Пружаншчына падаравала свету нямала таленавітых людзей. Сярод іх вядомыя музыканты, мастакі, пісьменнікі.

Але на Пружаншчыне нарадзіліся або жылі таксама славутыя дзеячы навукі. Такія, як: доктар багаслоўя, магістр філасофіі і філалогіі Міхаіл Кірылавіч Баброўскі, адзін з лепшых расійскіх гісторыкаў пачатку 20 ст. Платон Мікалаевіч Жуковіч, доктар фізіка-матэматычных навук Соф’я Аляксандраўна Яноўская і іншыя. Я раскажу вам пра некаторых з іх.

Слайд 2. Фотаздымак і надпіс: Баброўскі Міхаіл Кірылавіч (1784 – 1848). Зорка навукі еўрапейскай велічыні, славіст, філосаф, доктар багаслоўя, прафесар Віленскага ўніверсітэта.

Баброўскі Міхаіл Кірылавіч (1784 – 1848).

Сярод тых, хто патрабуе нашай удзячнай памяці, зорка навукі еўрапейскай велічыні, беларускі славіст, філосаф, доктар багаслоўя, прафесар Віленскага ўніверсітэта Баброўскі Міхаіл Кірылавіч. Нарадзіўся ў 1784 г. ў в. Вулька (цяпер тэрыторыя Польшчы), у сям’і святара.



Слайд 3. Фотаздымак і надпіс: Віленскі ўніверсітэт.

Ён вырашыў пайсці па слядах свайго бацькі і паступіў у Галоўную духоўную семінарыю пры Віленскім універсітэце. Скончыў яе з вучонымі ступенямі магістра філасофіі і багаслоўя. Пасля быў выкладчыкам Святога пісання ў Віленскім універсітэце. Меў незвычайныя здольнасці да навукі, да вывучэння моў. Як маладога здольнага вучонага, універсітэт пасылае яго у вандроўку па Еўропе для вывучэння славянскіх і іншых моў. Ён ведаў усе славянскія, нямецкую, французскую, англійскую – усяго 17 моў. Вярнуўшыся з навуковай вандроўкі зноў у Вільню, займаўся выкладчыцкай і навуковай дзейнасцю.

У 1824 г. у сувязі са справай філаматаў быў вымушаны з’ехаць у Жыровічскі манастыр пад нагляд мясцовага духоўнага начальства. Там ён яшчэ з большай апантаннасцю паглыбіўся ў навуку. У келлі манастыра з-пад пяра Баброўскага выйшла нямала навуковых прац, пераважна духоўнага зместу і па славянскай філалогіі.

Праз некаторы час М. Баброўскаму было дазволена пераехаць ў Вільню, дзе яму вярнулі пасаду прафесара багаслоўя. З вялікім энтузіязмам ён прыняў прапанову міністра асветы, стаўшы першым у Расіі выкладчыкам славянскіх моў і літаратур. У хуткім часе аўтарытэт нашага земляка становіцца вядомым цару Мікалаю I, які даручае яму скласці кароткі катэхезіс для навучання юнакоў-католікаў. Гэта даручэнне неўзабаве было бліскуча выканана.

Пасля паўстання 1831 года ў Польшчы і Беларусі царскія ўлады зачынілі Віленскі ўніверсітэт. Міхаіл Баброўскі становіцца святаром Прачысценскай царквы ў мястэчку Шарашова і астатнія 15 гадоў свайго жыцця звязвае з Пружаншчынай. У пажыццёвае валоданне ён атрымаў невялікую вёску Абруб з навакольнымі землямі. Прыхаджане Прачысценскай царквы адразу палюбілі свайго новага настаяцеля. У дні богаслужэння царква часта не магла змясціць усіх жадаючых. Прыходзілі людзі і з іншых прыходаў. Усіх прываблівалі прыемныя манеры айца Міхаіла, яго прыгожы, добра пастаўлены голас, веданне напамяць усіх малітваў. Усё гэта дапаўнялася бездакорнымі маральнымі якасцямі і прыроднай сціпласцю. У вольны вячэрні час у хаце Баброўскага часта збіраліся мясцовыя сяляне, інтэлігенцыя, чыноўнікі, каб паслухаць яго цікавыя расказы пра еўрапейскае падарожжа, жыццё народаў розных краін. Тыя, хто ўмеў чытаць, бралі цікавыя кнігі з яго бібліятэкі. Жыццё ў Шарашове не спрыяла навуковым даследванням. Міхаілу Баброўскаму давялося побач з пастырскай дзейнасцю займацца выхаваннем пляменніка Паўла, бацька якога рана памёр.

Галоўная заслуга М. Баброўскага перад беларускай гісторыяй у тым, што ён стварыў асобны накірунак у навуцы – беларусазнаўства. Ён абудзіў цікавасць у еўрапейскіх вучоных да гісторыі беларускага народа, яго мовы і культуры.

3-га кастрычніка 1848 года Міхаіл Баброўскі раптоўна памёр ад халеры, у час самай страшнай за ўсю гісторыю Беларусі яе эпідэміі. Ён так і не змог стварыць сваю сям’ю, цалкам аддаўшы сябе навуковай і пастырскай дзейнасці. З яго багатай творчай спадчыны захаваліся толькі асобныя рукапісы.

Слайд 4. Фотаздымак і надпіс: Шарашова. Памятны знак на магіле М. Баброўскага.

Пахаваны ён на Шарашоўскіх праваслаўных могілках каля царквы. Па ініцыятыве пісьменніка Уладзіміра Ягоўдзіка ў 2000 годзе ва ўрачыстай абстаноўцы на магіле святара быў устаноўлены адмысловы дубовы крыж, выраблены шарашоўскім настаўнікам Іванам Ляшчынскім.



Слайд 5. Фотаздымак і надпіс: Павел Восіпавіч Баброўскі (1832 – 1905). Вывучаў гісторыю летапісаў, уніяцкай царквы, жыццё і навуковую дзейнасць Міхаіла Кірылавіча Баброўскага.

Баброўскі Павел Восіпавіч (1832 – 1905).

Сур’ёзнымі навуковымі даследваннямі ў галіне ўсебаковага вывучэння Беларусі займаўся пляменнік Міхаіла Баброўскага Павел Баброўскі. Яму належаць навуковыя артыкулы па этнаграфіі Беларусі. Дзіцячыя гады Паўла прайшлі ў в. Абруб Пружанскага раёна. Хлопчык часта бываў ў Шарашове і там з дапамогай Міхаіла Баброўскага атрымаў выдатную пачатковую адукацыю. Пасля Павел працягваў вучобу ў Пружанскім дваранскім вучылішчы, якое паспяхова закончыў. На сямейным савеце было вырашана, што для хлопца з небагатай дваранскай сям’і добра падыдзе вайсковая справа. Такім чынам юнак адправіўся набываць прафесію ў Полацкі кадэцкі корпус. У 1857 г. ён закончыў Мікалаеўскую акадэмію генеральнага штаба ў Санкт-Пецярбургу. Па загаду расійскага ўрада Павел Баброўскі ўзначальваў групу афіцэраў, якія правялі падрабязнае апісанне і вывучэнне Гродзенскай губерні. Пасля завяршэння работы групы Баброўскага былі выдадзены “Материалы для географии и статистики Российской империи, собранные офицерами генерального штаба. Гродненская губерния” і дадаткі ў двух тамах. У гэтай працы было шмат цікавых звестак. Дзякуючы даследчыку, да нас дайшлі звесткі аб нашым горадзе і раёне XIX стагоддзя. Так, па ўспамінах нашага земляка, Пружаны ў той час выглядалі не вельмі прывабна. Вось як ён апісвае наш горад: “На галоўнай вуліцы знаходзіцца каменны дом “присутственных мест”, лаўкі, рынак, 2 царквы, турма і лепшыя «заезжие дома”. Астатнія вуліцы кепска пабудаваны і ўтрымліваюцца ў гразі. На працягу 10 год (1848 – 1957г.г.) у гарадскую казну паступіла 11 тысяч 460 рублёў 84 капейкі. Такіх нязначных прыбыткаў не прадстаўляе ні адзін павятовы горад у гродзенскай губерні…”

Павел Восіпавіч Баброўскі вывучаў гісторыю летапісаў, уніяцкай царквы, жыццё і навуковую дзейнасць Міхаіла Кірылавіча Баброўскага. Свайму дзядзьку ён прысвяціў нямала публікацый.

Слайд 6. Фотаздымак і надпіс: Ігнат Рыгоравіч Кулакоўскі (1800 – 1870). Аўтар навуковых прац па гісторыі, педагогіцы.

Кулакоўскі Ігнат Рыгоравіч (1800 – 1870).

Па дарозе з Пружан на г. п. Шарашова ёсць паварот направа: гравійка вядзе да псіханеўралагічнага дома-інтэрната ў невялічкай в. Янаўшчызна. Яшчэ гадоў сто таму на месцы дома-інтэрната быў маёнтак. У канцы васемнаццатага стагоддзя ён належаў незаможнаму шляхціцу Рыгору Кулакоўскаму.

Ігнат Рыгоравіч закончыў прэстыжную ў тыя гады Свіслачскую гімназію, вышэйшую адукацыю атрымаў у Варшаўскім універсітэце. Працаваў у Гродзенскай губернскай адміністрацыі. Займаўся пытаннем народнай адукацыі, адукацыі жанчын, даследваў гісторыю краю.

У 1834 г. Ігнат Кулакоўскі прыцягнуў да сябе ўвагу вышэйшых урадавых і навуковых колаў сваёй вялікай запіскай у Дэпартамент народнай асветы пра выкладанне гісторыі краю ў вучылішчах Беларусі і стварэнне спецыяльных падручнікаў для беларускага юнацтва. Пасля сябе ён пакінуў вялікую колькасць навуковых прац па гістрыі, педагогіцы, матэрыял для будучага падручніка па гісторыі краю. Імя гэтага навукоўца і даследчыка ўваходзіла ў спісы навуковых таварыстваў Даніі, Вільні, Варшавы, Пецярбурга.



Слайд 7. Фотаздымак і надпіс: Член-карэспандэнт Расійскай акадэміі навук. Выдатны гісторык і беларусазнаўца.

Жуковіч Платон Мікалаевіч (1857 – 1919).

Мала хто ведае, што сын першага настаяцеля пружанскага сабора Аляксандра Неўскага Платон Жуковіч быў членам-карэспандэнтам Расійскай акадэміі навук. Выдатны гісторык і беларусазнаўца Платон Мікалаевіч Жуковіч нарадзіўся ў 1857 г. у сям’і пружанскага святара. Рос у шматдзетнай сям’і, у якой было 7 дзяцей. Яго бацька быў родам з м. Дзівін Кобрынскага павета і вызначаўся вялікай адданасцю праваслаўнай царкве. Гэта, безумоўна, паўплывала на будучы прафесійны выбар П. М. Жуковіча і яго навуковуцю дзейнасць.

Ён скончыў Кобрынскае духоўнае вучылішча, потым паступіў ў Літоўскую духоўную семінарыю. У 1891 годзе П. М. Жуковіч пераходзіць на працу у Санкт-Пецярбургскую духоўную акадэмію. Праз некаторы час ён атрымлівае прафесарскую кафедру і працягвае навуковую працу па вывучэнні рэлігійнага пытання на тэрыторыі Беларусі ў часы Рэчы Паспалітай. Самай галоўнай працай, працай усяго яго жыцця, стала манаграфія “Соймавая барацьба праваслаўнага заходнярускага дваранства з царкоўнай уніяй”.

Ён быў прыняты ў імператарскае Рускае гістарычнае таварыства – галоўны інстытут гісторыкаў Расіі. У 1918 годзе ён атрымаў званне члена-карэспандэнта Расійскай акадэміі навук. Прафесар П. М. Жуковіч, безумоўна, адзін з лепшых гісторыкаў Расійскай імперыі пачатку XX стагоддзя, а яго веды па гісторыі ВКЛ сталі асновай беларусазнаўства.



Слайд 8. Фотаздымак і надпіс: Аляксандр Аляксандравіч Дунін-Гаркавіч (1854 – 1927). Галоўны ляснічы Табольскай губерні, аўтар навуковага даследвання “Табольская поўнач. Агульны агляд краіны, яе натуральных багаццяў і прамысловай дзейнасці насельніцтва”.

Дунін-Гаркавіч Аляксандр Аляксандравіч (1854 – 1927).

У Сібіры вельмі вядомым чалавекам з’яўляецца Аляксандр Дунін-Гаркавіч. Нарадзіўся ён у Ружанах у 1854 г. Імя Дуніна-Гаркавіча ёсць у назве адной з вуліц Табольска. Нагадаю, Табольск-першая сталіца Сібіры. У Сібіры ёсць і помнікі нашаму земляку. У апошнія гады перавыдаюцца творы гэтага вядомага даследчыка, якія расказваюць аб цікавых вандроўках па бяскрайніх прасторах Паўночнага Усходу.



Слайд 9. Фотаздымак і надпіс: Гімназіст А. А. Дунін-Гаркавіч.

У такі далекі ад родных мясцін край наш суайчыннік трапіў у 1890 г. Дуніна-Гаркавіча прызначылі галоўным ляснічым Самараўскага лясніцтва Табольскай губерні. Ён меў грунтоўную адукацыю і спецыяльнасць тэхніка-лесавода са званнем ляснога кандуктара, меў вопыт работы ў лясніцтвах на радзіме і на Разаншчыне.

У гісторыі засталася памяць аб гэтым чалавеку ў першую чаргу як аб мірным і нястомным працаўніку, сапраўдным прафесіяналу. Сваю работу Аляксандр Аляксандравіч бачыў не толькі ў непасрэдным кіраванні і вывучэнні лясной гаспадаркі сібірскага краю. Ён спалучаў яе з навуковымі даследаваннямі багатых зямель Усходу Расійскай імперыі.

Найважнейшым для навукоўца стаў 1904 год, калі ў Санкт-Пецярбургу выйшаў першы том яго галоўнага даследавання “Табольская поўнач. Агульны агляд краіны, яе натуральных багаццяў і прамысловай дзейнасці насельніцтва”. Потым яшчэ 2 тамы, якія сталі сапраўднай энцыклапедыяй ведаў пра прыроду, насельніцтва і эканоміку табольшчыны. Можна смела сцвярджаць, што да Дуніна-Гаркавіча Табольскі край выяўляўся на картах як амаль поўная белая пляма. Ён упершыню сістэматызаваў, дэталізаваў і ўдакладніў веды аб гэтых землях. Цяжка сабе ўявіць, але ў экспедыцыях ён прайшоў, праехаў на аленях і конях, праплыў па Югры каля 50 тысяч кіламетраў!

У 1909 г. за вялікія асабістыя заслугі перад навукай ураджэнца нашай зямлі выбралі членам-карэспандэнтам Музея антрапалогіі і этнаграфіі. За доўгія гады дзяржаўнай дзейнасці Аляксандр Аляксандравіч даслужыўся да чыну стацкага саветніка, што раўняецца генеральскаму званню.

9 студзеня 1927 г. ва ўзросце 72 гадоў Дунін-Гаркавіч памёр і быў пахаваны на мясцовых табольскіх могілках.



Слайд 10. Фотаздымак і надпіс: Соф’я Аляксандраўна Яноўская (1896 – 1966). Савецкі філосаф, логік і матэматык, доктар фізіка-матэматычных навук.

Яноўская Соф’я Аляксандраўна (1896 – 1966).

У 1896 годзе ў г. Пружаны ў звычайнай сям’і служачага Аляксандра Нэймарка нарадзілася дзяўчынка, якую шчаслівыя бацькі назвалі імем хрысціянскай дабрадзейнасці - Соф’яй, што значыць “прамудрая”.



Слайд 11. Фотаздымак і надпіс: Магчыма, у адным з гэтых домікаў у г. Пружаны напрыканцы XIX стагоддзя жыла Соф’я Яноўская.

Неўзабаве высвятлілася, што гэта дзяўчынка сапраўды валодае выдатнымі здольнасцямі і аналітычным розумам. Дзяцінства Соф’і прайшло ў Адэсе, куды пераехалі яе бацькі. З залатым медалем яна скончыла гарадскую жаночую гімназію. Далейшую адукацыю яна прадоўжыла на Вышэйшых жаночых курсах, дзе праявіла асаблівую цікавасць да філасофіі матэматыкі і матэматычнай логікі. Аднак сур’ёзныя заняткі матэматыкай прыйшлося адкласці. Успыхнула рэвалюцыя. У гады рэвалюцыі яна была актыўнай удзельніцай бальшавіцкага падполля, з 1919 г. служыла камісарам у арміі.

Пасля некалькіх гадоў актыўнай палітычнай працы Соф’я Яноўская вярнулася да навуковых заняткаў. Яна едзе у Маскву і ўключаецца ў працу навуковых семінараў, у якіх прымаюць удзел вядучыя рускія навукоўцы. Праз год Соф’я Яноўская прыступае да заняткаў у Інстытуце чырвонай прафесуры (ІЧП). Сваю вучобу ў інстытуце Яноўская сумяшчае з працай у Маскоўскім дзяржаўным ўніверсітэце, для студэнтаў выкладае гісторыю і філасофію матэматыкі. Тут яна атрымлівае званне прафесара.

У 30-я гады, не пакідаючы навукова-педагагічнай дзейнасці у Маскве, Соф’я Аляксандраўна працуе ў Акадэміі навук у Ленінградзе, дзе кіруе метадалагічным семінарам для навуковых работнікаў. Ёй без абароны дысертацыі прысуджаецца навуковая ступень доктара фізіка-матэматычных навук. У першыя гады Вялікай Айчыннай вайны Соф’я Яноўская працавала ў эвакуацыі, узначальвала кафедру алгебры і геаметрыі Пермскага ўніверсітэта і, як заўсёды, дапамагала таленавітай моладзі. Яна выявіла вялікую группу адораных студэнтаў, прыцягвала іх да навуковай працы, праводзіла дадатковыя заняткі. Пасля дзевяць з іх сталі дактарамі і кандыдатамі навук.

Дасягненні Яноўскай у матэматычнай логіцы аказалі значны ўплыў на творчасць некалькіх пакаленняў савецкіх логікаў. Яе навуковая дзейнасць атрымала высокую адзнаку ўрада - Яноўская была ўзнагароджана ордэнам Леніна і трыма медалямі.

Слайд 12. Фотаздымак і надпіс: Вуліца Горына(Каляды) ў г. Пружаны.

Горын (Каляда) Павел Восіпавіч (1900 – 1938).

У нашым горадзе Пружаны ёсць вуліца, названая імем Горына (Каляды). А што вы ведаеце пра яго? Хто ён такі?



Слайд 13. Фотаздымак і надпіс: Павел Восіпавіч Горын (Каляда) (1900 – 1938). Вучоны-гісторык. Працаваў загадчыкам кафедры гісторыі СССР Маскоўскага ўніверсітэта.

Нарадзіўся ў студзені 1900 г. у мястэчку Картуз-Бяроза Пружанскага павета Гродзенскай губерніі ў сялянскй сям’і. Пасля заканчэння лектарскага курса Камуністычнага ўніверсітэта імя Свярдлова працаваў у гэтай навучальнай установе навуковым супрацоўнікам, выкладчыкам і адначасова вучыўся ў Інстытуце чырвонай прафесуры на гістарычнам аддзяленні, якое скончыў у 1925 г. Потым ён быў выбраны прэзідэнтам і акадэмікам Акадэміі навук Беларускай ССР. З 1934 г. доктар гістарычных навук. У 1935 г. зацверджаны намеснікам старшыні Камітэта ЦВК СССР па кіраванні вучонымі і навучальнымі ўстановамі. Ён працаваў загадчыкам кафедры гісторыі СССР Маскоўскага ўніверсітэта, рэдактарам аддзела гісторыі Вялікай Савецкай Энцыклапедыі. У 1938 г. быў прыгавораны да пакарання смерцю і ў той жа дзень расстраляны. Пазней справа аб абвінавачванні Паўла Восіпавіча была перагледжана і ён поўнасцю рэабілітаваны.



Слайд 14. Фотаздымак і надпіс: Ілья Савіч Галкін (1898 – 1990). Вучоны, доктар гістарычных навук.

Галкін Ілья Савіч (1898 – 1990).

Савецкі вучоны, доктар гістарычных навук, прафесар, заслужаны дзеяч навукі РСФСР, ганаровы прафесар Сегедскага ўніверсітэта (Венгрыя). Нарадзіўся 1.8.1898 г. у в. Панасюкі Пружанскага р-на. Даследаваў праблемы гістарыяграфіі і метадалогіі гістарычнай навукі. Апублікаваў больш за 200 прац па гісторыі міжнародных адносін, рабочага руху, гістарыяграфіі і метадалогіі, па пытаннях методыкі выкладання ў вышэйшай школе. Быў адным з вядучых спецыялістаў па гісторыі Германіі. Пад яго кіраўніцтвам выдадзена двухтомная праца па гістарыяграфіі краін Еўропы і Амерыкі, удастоеная прэміі імя М.В. Ламаносава. Аўтар манаграфіі неаднаразова ўдзельнічаў у міжнародных канферэнцыях гісторыкаў, быў членам рэдкалегіі часопіса “Новая и новейшая история”. Узнагароджаны двума ордэнамі Леніна, ордэнам Кастрычнічкай Рэвалюцыі, Працоўнага Чырвонага Сцяга, медалямі. Памёр І.С. Галкін у 1990 г.



Слайд 15. Фотаздымак і надпіс: Міхаіл Уладзіміравіч Амельянчук (1924 - 2004). Вучоны-географ, метадыст, педагог.

Амельянчук Міхаіл Уладзіміравіч (1924 - 2004).

Знакавай асобай у гісторыі развіцця і станаўлення геаграфічнай адукацыі на Брэстчыне з’яўляецца вучоны-географ, метадыст, педагог Міхаіл Уладзіміравіч Амельянчук. Маленькая радзіма гэтага чалавека – Пружаншчына, вёска Росахі, а калі ўжо больш дакладна, то безыменны хутар, што прысуседзіўся да маёнтка Багуслаўцы. Абраўшы прафесію настаўніка, ён праз усё жыццё застаўся верным сваёй справе. Міхаіл Уладзіміравіч закончыў Пружанскае педагагічнае вучылішча, потым настаўніцкі інстытут ў Брэсце, пасля геаграфічны факультэт Магілёўскага педінстытута. Быў дырэктарам у розных школах Брэстчыны, загадчыкам Брэсцкага раённага аддзела адукацыі, прафесарам Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А. С. Пушкіна. Міхаіл Уладзіміравіч вывучаў пытанні народанасельніцтва, дэмаграфіі, эканамічнай геаграфіі, краязнаўства. Дзейнасць вучонага ў вобласці развіцця школьнай геаграфічнай адукацыі дала магчымасць настаўнікам-географам мець глыбока распрацаваныя метадычныя дапаможнікі і рэкамендацыі. Ён выдаў рад манаграфій, якія сталі настольнымі кнігамі для настаўнікаў геаграфіі. Па яго практыкуму “Геаграфія насельніцтва” працавалі і вучыліся студэнты геаграфічных факультэтаў многіх ВНУ Савецкага Саюза.



Слайд 16. Фотаздымак і надпіс: Леанід Канстанцінавіч Лукша
(1930 – 2011).
Доктар тэхнічных навук, вучоны ў галіне мостабудавання.

Лукша Леанід Канстанцінавіч (1930 – 2011).

Лукша Леанід Канстанцінавіч – мінскі прафесар, адзіны з беларусаў, хто двойчы атрымліваў ганаровае званне “Чалавек года” (2009, 2010) Амерыканскага біяграфічнага інстытута. Доктар тэхнічных навук, вучоны ў галіне мостабудавання Леанід Лукша нарадзіўся 17 студзеня 1930 года ў в. Хвалава Сухопальскага сельсавета. Ён закончыў 2 класы пачатковай польскай школы. Затым вучыўся ў Сухопальскай і Шарашоўскай школах.

У 1956 годзе закончыў гідратэхнічны факультэт Беларускага палітэхнічнага інстытута. Выкладаў у Мінскім індустрыяльна-педагагічным тэхнікуме. У 1963-м в АН БССР абараніў кандыдацкую дысертацыю, у 1980-м у Маскве — доктарскую.

Леанід Лукша — спецыяліст з сусветным імем па праектаванню мастоў і тэорыі канструкцый. У многім ён быў піянерам – і ў стварэнні полых канструкцый, і ў абслугоўванні чыгуначных мастоў, і нават ў распрацоўцы жалезабетонных карпусоў ядзерных рэактараў. Ён з’яўляецца аўтарам больш за 200 навуковых прац, 27 вынаходніцтваў. Яму прысвоена ганаровае званне “Заслужаны дзеяч навукі БССР”. Мала хто ведае, што доктар тэхнічных навук усё жыццё пісаў вершы. Нямала вершаў прысвечана роднай Пружаншчыне: “Хвалава”, “Сухопаль”, “Ода гораду Пружаны” і іншыя. Леанід Канстанцінавіч Лукша памёр у 2011 годзе ў Мінску.



Слайд 17. Фотаздымак і надпіс: Аляксей Іванавіч Кубарка (1943). Беларускі вучоны-медык ў галіне нармальнай фізіялогіі.

Кубарка Аляксей Іванавіч (1943).

Беларускі вучоны-медык ў галіне нармальнай фізіялогіі. Доктар медыцынскіх навук, прафесар. Нарадзіўся 28 красавіка 1943 г. ў весцы Воля Пружанскага раёна ў мнагадзетнай сям’і. Скончыў сярэднюю школу у г. п. Ружаны. Самастойны шлях пачаў рабочым на лесараспрацоўках, потым на Мінскім інструментальным заводзе. У 1962 г. паступіў на лячэбны факультэт Мінскага медынстытута, дзе адначасова працаваў лабарантам. Прымаў актыўны ўдзел у навуковых даследаваннях і распрацоўках. Яго навуковыя працы былі адзначаны бронзавым медалём ВДНГ СССР і медалём лаўрэата Усесаюзнай выстаўкі навукова-тэхнічнай творчасці моладзі. А. І. Кубарка апублікаваў каля 100 навуковых прац па праблемах рэгуляцыі тэмпературы цела, яе парушэння і механізмах, якія забяспечваюць устойлівасць арганізма да ўздзеяння фізічных і хімічных фактараў. Ён аўтар 7 вынаходніцтваў, сааўтар манаграфій і вучэбных дапаможнікаў.



Слайд 18. Фотаздымак і надпіс: Канстанцін Фёдаравіч Саевіч (1956). Доктар біялагічных навук, кандыдат сельскагаспадарчых навук. Саевіч Канстанцін Фёдаравіч (1956).

Саевіч Канстанцін Фёдаравіч – доктар біялагічных навук; кандыдат сельскагаспадарчых навук. Нарадзіўся ў в. Ясень Пружанскага раёна ў сям’і ляснічага ў 1956 г. Пад апекай бацькі знаходзіліся лясныя кварталы Белавежскай пушчы. Бацька, Фёдар Канстанцінавіч, нават напісаў кнігу пра Белавежскую пушчу і з’яўляецца членам Саюза пісьменнікаў (паказаць кнігу Ф. К. Саевіча “Беловежская пуща”).

Свой жыццёвы шлях Канстанцін Фёдаравіч звязаў з роднай прыродай, з лесам. Ён абараніў дысертацыю па экалагічнай тэматыцы і назаўсёды звязаў сваю навуковую дзейнасць з гэтым накірункам. У цяперашні час Канстанцін Саевіч працуе ў Беларускім дзяржаўным эканамічным універсітэце.

Са школьных гадоў ён захапляўся ігрой на баяне, скончыў музыкальную школу. А ў студэнцкія гады атрымаў спецыяльнасць “кіраўнік эстраднага калектыву”. Затым і сам пачаў пісаць музыку. Ён напісаў такія творы як “Гімн ветэранаў”, “Партызанскі вальс”, “Беларуская страевая” і іншыя. За увекавечанне подзвігу савецкага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны Канстанцін Саевіч удастоены многіх узнагарод.

Ён вельмі добры сем’янін, у яго чацвёра дзяцей, поспехі якіх у школе, студыях і гуртках, а старэйшага сына Фёдара на лесатэхнічным факультэце БДТУ, радуюць бацькоў.

Слайд 19. Фотаздымкі і надпіс: Пачытайце іх! Не пашкадуеце!

Я расказала вам толькі пра некаторых вучоных. Вялікае дзякуй вам за ўвагу. Пра іх ёсць матэрыялы ў кнігах і газетах нашай бібліятэкі. Каб больш ведаць пра вучоных-землякоў, прапаную вам звярнуцца да літаратуры на тэматычнай паліцы “Вучоныя з Пружаншчыны”.



Віктарына

  1. Назавіце прозвішча беларускага філосафа, доктара багаслоўя, які з 1833 г. быў святаром Прачысценскай царквы ў м. Шарашова. (Баброўскі Міхаіл Кірылавіч)

  2. Якая жанчына зрабіла значны ўклад у прапаганду ідэй матэматычнай логікі ў СССР? (Соф’я Аляксандраўна Яноўская)

3. Назавіце прозвішча чалавека з м. Ружаны, які жыў ў Сібіры, працаваў там ляснічым і напісаў даследаванне “Табольская Поўнач”? (Дунін-Гаркавіч Аляксандр Аляксандравіч)

4. Назавіце прозвішча гісторыка і беларусазнаўца, аўтара навуковых прац па вывучэнні рэлігійнага пытання, сына першага настаяцеля Пружанскага сабора Аляксандра Неўскага. (Жуковіч Платон Мікалаевіч).

5. Хто з нашых землякоў у лютым 1931 г. быў выбраны прэзідэнтам і акадэмікам АН СССР? (Горын (Каляда) Павел Восіпавіч).

6. Які вучоны апублікаваў больш 200 прац па гісторыі міжнародных зносін, быў адным з вядучых спецыялістаў па гісторыі Германіі? (Галкін Ілья Савіч).

7. Назавіце вучонага-медыка ў галіне нармальнай фізіялогіі, які нарадзіўся ў в. Воля. (Аляксей Іванавіч Кубарка).

8. Дзе нарадзіўся Леанід Канстанцінавіч Лукша (1930 – 2011), доктар тэхнічных навук, вучоны ў галіне мостабудавання? (Вёска Хвалава Сухопальскага сельсавета).



Літаратура:

Арсяновіч, А. Царкоўны гісторык і грамадскі дзеяч Платон Жуковіч / Андрэй Арсяновіч // Раённыя будні. 2007. 10 кастрычніка.

Барысюк, У. Прафесар з Багуслаўцаў: [Амельянчук М. У.]. / Уладзімір Барысюк // Раённыя будні. 2009. 24 чэрвеня. С. 4.

Здановіч, І. Ю. Рупліўцы беларускага нацыянальнага адраджэння з Пружаншчыны: грамадска-літаратурны даведнік. – Пружаны, 2003. - 144 с.

Зялевіч, А. Філосаф матэматыкі Соф’я Яноўская /Алена Зялевіч // Раённыя будні. 2011. 16 лютага. ( Знакамітыя землякі)

Зялевіч, Ю. Асветнік свайго народа / Юрый Зялевіч // Раённыя будні. 2001. 13 студзеня.

Марціновіч, А. А. Хто мы, адкуль мы…: гіст. эсэ, нарысы. У 3 кн. Кн. 1 /Алесь Марціновіч.- Мінск, 2008. - 431 с.

Памяць: гіст.- дакум. хроніка Пружан. р-на. – Мінск: БелЭ, 1992. – 452 с.

Пракаповіч, Н. Сібірская адысея Аляксандра Дуніна-Гаркавіча / Наталля Пракаповіч // Раённыя будні. 2008. 8 лістапада.

Сядова, І. Паралелі і скрыжаванні: [Баброўскі М. К.]. / Ірына Сядова // Раённыя будні. 2010. 17 лістапада.


Складальнік І. В. Макарэвіч

Слайд 16. Фотаздымак і надпіс: Павел Пятровіч Дронь (1929). Вучоны-географ, метадыст, педагог.

Нямала ў нас ёсць вучоных-землякоў, якія адзначыліся ў гістарычных навуках. Сярод іх



Дронь Павел Пятровіч (1929).

Беларускі гісторык, прафесар, заслужаны работнік вышэйшай школы Беларусі. Нарадзіўся ў 1929 г. у в. Непамацынаўка Пружанскага р-на. Працаваў настаўнікам Боркаўскай пачатковай школы, потым дырэктарам Бакунскай сямігадовай школы, сакратаром Шарашоўскага райкама камсамола Беларусі. Быў сакратаром партыйнай арганізацыі Косаўскай МТС, намеснікам старшыні і старшынёй Івацэвіцкага райвыканкама, лектарам ЦК КПБ, начальнікам аддзела ў Міністэрстве вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі БССР, членам калегіі міністэрства. З 1977 г. загадчык кафедры сацыяльна-палітычнай тэорыі і паліталогіі БДУ імя У. І. Леніна. Аўтар больш за 120 навуковых прац.

Каўганка Мікалай Уладзіміравіч (1958)

У восьмым томе “Беларускай энцыклапедыі” ёсць невялікі артыкул, прысвечаны Каўганку Мікалаю Ўладзіміравічу з в. Арабнікі. Гэта беларускі вучоны ў галіне хіміі прыродных рэчываў, доктар хімічных навук. Ён закончыў 4 класы пачатковай школы ў в. Арабнікі, дзе настаўнік навучыў яго рашаць любыя задачы абавязкова праз правільны аналіз – калі ідуць ад апошняга да першага пытання. Гэта вельмі спатрэбілася М. Каўганку ў далейшай вучобе. Потым, закончыўшы Параслянскую сярэднюю школу, ён паступіў на хімічны факультэт Белдзяржуніверсітэта. Пасля паступіў у аспірантуру. Дзеці вучонага таксама пайшлі па слядах бацькі.




: wp-content -> uploads -> 2017
uploads -> Кроніка грамадскага жыцця Гарадзеншчыны ад грамадскага аб’яднання
uploads -> Кроніка грамадскага жыцця Гарадзеншчыны ад грамадскага аб’яднання
uploads -> Кроніка грамадскага жыцця Гарадзеншчыны ад грамадскага аб’яднання
uploads -> Н о в ы й з а в е т перевод на западнополесский говор
uploads -> І. І. Паўлоўскі беларускае красамоўства
2017 -> Расклад заняткаў студэнтаў 4 курса факультэта журналістыкі бду на 7 семестр 2016-2017 навучальнага года
2017 -> Будучы час дзеяслова
2017 -> Мне баліць …




База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка