Вялікая Айчынная вайна: гістарычны кантэкст Вялікая Айчынная вайна



старонка1/3
Дата канвертавання15.05.2016
Памер444.18 Kb.
  1   2   3
Вялікая Айчынная вайна: гістарычны кантэкст

Вялікая Айчынная вайна (22 чэрвеня 1941 - 9 мая 1945) — вайна Савецкага Саюза супраць нацысцкай Гярманіі і яе еўрапейскіх саюзнікаў — Італіі, Румыніі, Славаччыны, Фінляндыі, Харватыі. Працягвалася 1418 дзён і начэй.

Храналагічныя межы IІ сусветнай вайны: 1 верасня 1939 — 2 верасня 1945. Храналагічныя межы Вялікай Айчыннай вайны: 22 чэрвеня 1941 — 9 траўня 1945.

З сярэдзіны 1930-х гг. свет пачаў уцягвацца ў новую вайну. Грамадзянская вайна ў Іспаніі, агрэсія Італіі супраць Эфіёпіі, Японіі, Кітаю, далучэнне да Трэцяга Рэйху Аўстрыі, затым Мюнхенская змова, у выніку якой Чэхаславакія знікла з мапы Еўропы, — такія трагічныя вехі развязвання другой сусветнай вайны.

Калі ў канцы 1938 г. нацысцкая Гярманія пачала дыпламатычны наступ на Польшчу, рыхтуючыся да вайны, урад СССР у сакавіку 1939 г. пачаў у Маскве перамовы з прадстаўнікамі ўрадаў Англіі і Францыі аб заключэнні дамовы пра узаемную дапамогу. Дэлегацыя СССР прапанавала акрамя заключэння пакту аб узаемнай дапамозе аказаць падтрымку ўсім усходнееўрапейскім краінам, якія мяжуюць з СССР. Такі крок стаў бы эфектыўным пачаткам працэсу стварэння сістэмы міжнароднай бяспекі ў Еўропе і свеце. Польшча адмовілася ад такой прапановы. Падчас перамоў ваенных місій СССР, Англіі і Францыі аб арганізацыі сумеснай абароны супраць агрэсіі ў Еўропе кіраўнік савецкай дэлегацыі К. Варашылаў 14 жніўня 1939 г. пры заключэньні дамовы аб узаемнай дапамозе і ваеннай канвенцыі паставіў умову: прапусціць савецкія войскі праз польскую тэрыторыю, каб яны маглі непасрэдна сутыкнуцца з ворагам, калі ён нападзе на Польшчу, або праз румынскую, калі агрэсар нападзе на Румынію. Гэта прапанова не была прынята. Міністар замежных спраў Польшчы заявіў, што яго ўрад такую дамову заключаць не збіраецца.

Тым часам становішча каля мяжы СССР абвастрылася. 22 сакавіка 1939 г. гітлераўцы занялі Клайпедскую вобласць. Літва заключыла дамову з Гярманіяй. Была заключана дамова аб ненападзе Гярманіі і з Эстоніяй.

У летнія месяцы 1938 і 1939 гг. Чырвонай Арміі давялося адбіваць японскую агрэсію каля возера Хасан, ракі Халхін-Гол. У такіх абставінах І. Сталін і В. Молатаў самастойна прынялі рашэнне аб заключэнні з Гярманіяй дамовы аб ненападзе і спынілі перамовы з Англіяй і Францыяй. 23 жніўня 1939 году ў Маскве В. Молатаў і І. Рыбентроп у прысутнасці І. Сталіна падпісалі акт аб ненападзе тэрмінам на 10 гадоў. Да яго быў прыкладзены сакрэтны пратакол, якім размяжоўваліся сферы ўплыву Нямеччыны і СССР. Паводле тэксту пратакола Літва першапачаткова была ўключана ў сферу ўплыву Нямеччыны, а Вільня аднесена да Літвы. Заходняя Беларусь і частка Польшчы на ўсход ад р. Нараў, Вісла, Сан, а таксама Фінляндыя, Эстонія, Латвія і Бесарабія ўвайшлі ў сферу ўплыву СССР. Лёс Польшчы аўтары сакрэтнага пратакола дамовіліся вырашыць у парадку двухбаковай згоды. Ад дэпутатаў Вярхоўнага Савета СССР гэты сакрэтны пратакол быў скрыты.

На другі дзень пасля ратыфікацыі дамовы Вярхоўным Саветам СССР, 1 верасня 1939 г., нямецкія войскі без абвяшчэння вайны напалі на Польшчу. 3 верасня Францыя і Англія аб’явілі вайну Нямеччыне. Пачалася Другая сусветная вайна. Мужнае супраціўленне польскай арміі каля Вестерплятэ, Гдыні, Модліна, Варшавы не змагло процістаяць арміі гітлераўскага рэйху. Польскі ўрад і камандаванне не змаглі арганізаваць эфэктыўную абарону і на трэці тыдзень пасля пачатку вайны пакінулі краіну. Праз два тыдні нямецкія войскі акупавалі ўсю Польшчу, а 14 верасня – Брэст.

Нямецкае кіраўніцтва падштурхоўвала савецкі бок хутчэй выступіць супраць Польшчы, каб ускласці адказнасць за вайну і на СССР. Але І. Сталін, каб стварыць уражанне нейтралітэту, адцягваў выступленне. Толькі 17 верасня 1939 г., калі польская армія ў цэлым была разбітая, савецкі ўрад аддаў распараджэнне камандаванню Чырвонай Арміі перайсці мяжу і ўзяць пад сваю абарону жыццё і маёмасць насельніцтва Заходняй Украіны і Заходняй Беларусі. Чырвоная Армія прасоўвалася хутка. Месцамі ёй дапамагала насельніцтва, дзейнічалі партызанскія групы. Пераважная большасьць польскіх войскаў здавалася без бою. У час паходу ў Заходнюю Украіну і Заходнюю Беларусь загінула 737 і было паранена 1862 салдат і афіцэраў Чырвонай Арміі. Да 25 верасня Заходняя Беларусь была цалкам занята Чырвонай Арміяй.

У снежні 1939 г. - студзені 1940 г. быў уведзены новы адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел Заходняй Беларусі, створаны Баранавіцкая, Беластоцкая, Брэсцкая, Вялейская і Пінскія вобласці і раёны (101), а ў лютым – сакавіку – сельсаветы, партыйныя і камсамольскія арганізацыі. Мясцовыя органы ўлады ў заходніх абласцях апынуліся ў рэчышчы сталінскай камандна-адміністрацыйнай сістэмы і сталі яе састаўной часткай. Гэта адбілася на метадах работы і ходзе сацыяльна-эканамічных пераўтварэнняў.

Пераход да калектывізацыі выклікаў супраціўленне часткі заможных сялян. Вялася антыкалгасная агітацыя, былі выпадкі падпалу калгасных будынкаў, асобных тэрарыстычных актаў. Але ў цэлым барацьба супраць калгасаў у заходнебеларускай вёсцы не дасягнула значных памераў. У адносінах да кулацтва праводзілася палітыка абмежавання. У красавіку 1941 г. для заходніх абласцей БССР былі ўстаноўлены нормы землекарыстання ў памеры 10, 12, 15 га зямлі ў залежнасці ад мясцовых умоў. У некаторых раёнах органамі НКУС ва ўсходнія раёны была выселена частка заможных сялян, але ў большасьці раёнаў высяленне не праводзілася.

Адначасова з мерапрыемствамі па пашырэнні сацыяльнай базы новай улады рэпрэсіўны апарат сталінскай дыктатуры ўзмоцнена выкарчоўваў «ворагаў народа», «выкараняў» перажыткі і іншадумства сярод насельніцтва. Адразу пасля ўступлення Чырвонай Арміі на тэрыторыі Заходняй Беларусі пачаліся палітычныя рэпрэсіі, якія праяўляліся часцей за ўсё ў выглядзе расстрэлу мясцовага насельніцтва.

Па некаторых звестках з кастрычніка 1939 г. па 20 чэрвеня 1941 г. у заходніх абласцях Беларусі было рэпрэсавана, за выключэннем ваеннапалонных, больш за 125 тысяч чалавек.

Разам з тым, у заходніх абласцях была ўведзена савецкая сістэма сацыяльнага забеспячэння, бясплатнае мэдыцынскае абслугоўванне насельніцтва, адкрыта шмат паліклінік, бальніц, дыспансэраў. У 1940/41 навучальным годзе дзейнічала 5958 агульнаадукацыйных школ, з якіх 4500 вялі навучанне на беларускай мове, 5 інстытутаў, 25 сярэдніх спэцыяльных навучальных установаў. Да канца 1940 г. працавалі 5 драматычных тэатраў, 100 кінатэатраў і 121 літаратурны работнік. Шэрагі літаратараў папоўнілі П. Пестрак, М. Танк, В. Таўлай, М. Машара, М. Васілёк, М. Засім і інш. Былі адкрыты абласныя тэатры ў Брэсце, Беластоку, Баранавічах, Пінску.

22 чэрвеня 1941 г. а 4 гадзіне раніцы Нямеччына напала на Савецкі Саюз. Савецкая разведка задоўга да афіцыйнага пачатку ваенных дзеянняў даносіла І. Сталіну звесткі пра канкрэтную дату вайны, аднак “кемлівы” кіраўнік чамусьці не звяртаў на гэта ўвагі.

Немцы за некалькі месяцаў планавалі захапіць тэрыторыю былога СССР. Фашызм выступіў са сваёй філасофіяй адносін да чалавека. Яшчэ напрыканцы ХІХ ст. узнікла тэорыя няроўнасці рас, якую выкарысталі германскія ідэолагі. «Містычны культ блакітнавокага арыйца, што стаіць па той бок дабра і зла, узыходзіў да тэорыі Ніцшэ». Фашызм узяў за аснову сваёй ідэалогіі сумесь розных тэорый і поглядаў, якія выкарыстаў на карысць асабістых ідэолагаў і выканаўцаў.

Войскі савецкай арміі, пачынаючы з абароны Брэсцкай крэпасці, парушылі планы гітлераўцаў.

Пэўнае ж кола людзей, што пазней атрымала назву “калабаранты”, па шэрагу прычын супрацоўнічала з нямецкімі ўладамі. Сярод прычын супрацоўніцтва трэба назваць:


  • Незадавальненне савецкай ўладай;

  • Рэпрэсійная палітыка савецкай улады ў дачыненні да мірнага насельніцтва (раскулачванне, высылка, адпраўка ў лагеры, забойства і інш.);

  • Абяцанні з боку нямецкіх улад зрабіць Беларусь незалежнай дзяржавай.

Генэральным камісарам Беларусі да верасня 1943 г. з’яўляўся В. фон Кубэ. Ён быў забіты падчас тэрарыстычнай апэрацыі, рэалізаванай беларускімі партызанамі і падпольшчыкамі 22 верасня 1943 г. Забойства Генеральнага камісара Беларусі Вільгельма фон Кубэ 22 верасня 1943 г. ажыццявілі па заданні камандавання партызанскага атраду «Дзімы»: Алена Мазанік, Ніна Траян і Марыя Осіпава. Генеральным камісарам Беларусі пасля верасня 1943 г. стаў К. Готберг.

У час Вялікай Айчыннай вайны на тэрыторыі Беларусі было спалена 209 гарадоў. Быў амаль поўнасцю разбураны Мінск, у якім захавалася толькі 4-5 буйных будынкаў (гэта было прычынай прапаноў аб пераносе сталіцы ў Магілёў). Было разбурана і спалена каля 9200 вёсак (628 - з жыхарамі). Перасталі працаваць 10 338 прамысловых прадпрыемстваў і амаль усе электрастанцыі. Транспарт таксама знаходзіўся ў заняпадзе. Пасля Рэйкавай вайны былі знішчаны амаль усе чыгуначныя шляхі.

Такім чынам, другая сусветная вайна была самай знішчальнай у гісторыі чалавецтва. Яна доўжылася шэсць год, ахапіла 61 дзяржаву і больш за 80% насельніцтва зямнога шара. Гэта быў самы маштабны і самы крывавы канфлікт у гісторыі чалавецтва. Вайна забрала, па некаторых звестках, каля шасцідзесяці мільёнаў чалавечых жыццяў.

Па-сутнасці, з фашызмам змагалася ўся планета. Арміі краін, што ваявалі, налічвалі прыкладна сто дзесяць мільёнаў чалавек. Фашысты былі не проста апалагетамі вайны. Яны вылучылі ідэю вайны татальнай – поўнае знішчэнне пераможанага народа і яго канчатковае знікненне з гістарычнай арэны; выступілі з пэўнай філасофіяй жыцця, галоўным ворагам якой стаў, па словах А. Гітлера, марксізм. Аб’явіўшы бой ўсім прагрэсіўным заваёвам сусветнай цывілізацыі, фашысты пачалі змагацца супраць гуманізму і дэмакратыі. Фашызм падразумяваў поўнае падаўленне асобы. А. Гітлер назваў масы «статкам пустагаловых баранаў», заявіўшы, што немцы павінны забіваць ад трох да чатырох мільёнаў рускіх у год. Зразумела, што пры такіх адносінах да чалавека дадзеная філасофія доўга праіснаваць не змагла.


Літаратура пра Вялікую Айчынную вайну

Ваенная тэматыка і звязаныя з ёй праблемы з’яўляюцца істотнай часткай сусветнай літаратуры сярэдзіны ХХ ст. Сусветная літаратура пра Вялікую Айчынную вайну паказала невычэрпныя магчымасці чалавечай асобы. Гэта літаратура ўцэлым адвяргала вайну як бесчалавечую з’яву, павялічваючы гуманістычны патэнцыял сусветнага мастацтва.

Для Беларусі тры гады акупацыі былі перыядам выпрабавання на мужнасць і сталасць. Больш за 2,5 мільёна насельніцтва было забіта ці звезена ў рабства. Вайна адабрала ў беларусаў звыш паловы іх нацыянальнага багацця. Для беларускай літаратуры вайна стала своеасаблівым этапам развіцця.

Варта падзяляць нацыянальную літаратуру пра вайну на два пласты:



  • Літаратура перыяду Вялікай Айчыннай вайны (1941 – 1945);

  • Пасляваенная літаратура пра Вялікую Айчынную вайну.


Літаратура перыяду Вялікай Айчыннай вайны

(1941  - 1945)

У гады Вялікай Айчыннай вайны многія пісьменнікі знаходзіліся ў войску, супрацоўнічалі ў франтавым друку. Са старонак цэнтральных і рэспубліканскіх газет “Правда”, “Известия”, “Савецкая Беларусь”, “За свабодную Беларусь”) гучалі словы як рускіх (А. Талстога, А. Фадзеева, М. Шолахава, А. Твардоўскага, М. Ісакоўскага), так і беларускіх аўтараў (П. Тычыны, Я. Купалы, Я. Коласа, К. Крапівы, М. Лынькова, П. Броўкі. А. Куляшова, К. Чорнага).

Галоўнымі рысамі ваеннай літаратуры сталі:


  • Патрыятычны пафас;

  • Рамантызацыя подзвігу;

  • Антыфашысцкія настроі.

Газета для аўтараў была своеасаблівай трыбунай. Не толькі вершы і артыкулы, але і буйныя мастацкія творы друкаваліся ўпершыню на старонках газет. Безумоўна, ў гады вайны дамінаваў паэтычны жанр, аднак раманы і аповесці таксама мелі месца: В. Гроссмана “Народ бяссмертны”, А. Карнейчука “Фронт”, В. Васілеўскай “Радуга”, апавяданні К. Чорнага “Маленькая жанчына”, “Вялікае сэрца”, М. Лынькова “Астап”, “Васількі”, “Салют”, П. Броўкі “Ясны кут”, К. Крапівы “Проба агнём”. Усе пералічаныя творы з’явіліся спачатку на старонках газет.

Беларускія франтавыя газеты “За Савецкую Беларусь”, “Савецкая Беларусь”, “За свабодную Беларусь”, “Раздавім фашысцкую гадзіну”, “Партызанская дубінка” засылаліся на часова акупаваную тэрыторыю, адыгрывалі ролю агітатара і прапагандыста. З 1943 года пачаў функцыянаваць часопіс “Беларусь”. Актыўны ўдзел у гэтых выданнях прымалі К. Крапіва, М. Лынькоў, А. Куляшоў, П. Броўка, П. Глебка, М. Танк, П. Панчанка, М. Лужанін, В. Вітка, А. Астрэйка, А. Бялевіч, К. Кірэенка, А. Вялюгін, М. Аўрамчык. Вершы беларускіх паэтаў перакладаліся на рускую мову. Акрамя публікацый у перыёдыцы былі выдадзены асобныя кнігі перакладаў: Я. Купалы "Беларусь в огне" (1943), "Стихи о Родине" (1941); Я. Коласа "Голос земли" (1942); П. Панчанкі "Тебе, Беларусь" (1942).

У 2005г. пабачыла свет кніга “Скрыжалі памяці”. У ёй сабраныя звесткі пра аўтараў, што загінулі на франтах вайны. На мемарыяльнай дошцы ў Доме літаратара таксама ўвекавечаны імёны 26 пісьменнікаў, якія загінулі ў барацьбе супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў: З. Астапенка, Я. Бобрык, Л. Гаўрылаў, А. Гейне, А. Дубровіч, Р. Жалязняк, А. Жаўрук, Э. Каган, А. Коршак, С. Крывец, П. Левановіч, Р. Лынькоў, С. Ляльчук, А. Мілюць, Р. Мурашка, М. Нікановіч, А. Пруднікаў, У. Рагуцкі, Р. Рэйзін, М. Сурначоў, М. Сямашка, Л. Талалай, А. Ушакоў, I. Шапавалаў, Г. Шведзік, X. Шынклер.

У гады вайны пашырыліся сувязі літаратур былога СССР. Многія творы беларускіх аўтараў абмяркоўваліся ў Маскве на Пленуме Саюза пісьменнікаў. У рабоце Пленума Саюза пісьменнікаў БССР у 1942 г. прымаў удзел А. Фадзееў. Абмяркоўваліся творы А. Куляшова “Сцяг брыгады”, К. Крапівы “Проба агнём”, М. Танка “Янук Сяліба”.

Культурна-асветніцкія ўстановы і арганізацыі Беларусі знаходзіліся ў гэты час на тэрыторыі іншых рэспублік: Саюз пісьменнікаў – у Свярдлоўску, выдавецтва і радыёкамітэт – ў Маскве, Акадэмія навук БССР – у Казані, БДУ – на станцыі Сходня пад Масквой.
Беларуская паэзія перыяду Вялікай Айчыннай вайны

Літаратуру ваеннага перыяду стварала тры пакаленні аўтараў:



  • Класікі беларускага слова (Я. Купала, Я. Колас, К. Буйло);

  • Паэты сярэдняга пакалення (П. Броўка, П. Глебка, А. Куляшоў, М. Танк, А. Астрэйка, М. Лужанін, З. Астапенка і інш.);

  • Паэты маладога пакалення (А. Вялюгін, М. Аўрамчык, К. Кірэенка, П. Прануза).

Паэзія ў агульнай сістэме мастацкай літаратуры часоў Вялікай Айчыннай вайны заканамерна займала першае месца. За чатыры гады беларускімі паэтамі было створана шмат твораў, сярод якіх ёсць і сапраўдныя шэдэўры. Паэтычны радок трапна і сцісла заклікаў і абуджаў народ да дзеяння, выконваючы ролю агітатара. Характарызуючы асноўныя ідэйна-тэматычныя напрамкі ваеннай паэзіі, варта выдзеліць агульныя яе рысы:

  • Патрыятычны пафас;

  • Рамантызацыя подзвігу;

  • Антыфашысцкія настроі.

З першых дзён вайны атрымала шырокае гучанне беларуская патрыятычная лірыка. Яна паказвала ўнутраны свет чалавека, яго маральна-псіхалагічны стан, героіку народа, уздымала сацыяльна-філасофскія, этычныя праблемы. Сярод жанравых форм вершаў дамінавалі вершы-звароты, вершы-заклікі, пасланні, заклінанні, песні, дыялогі, сяброўскія гутаркі з чытачом, лірыка-публіцыстычныя маналогі, апавядальныя вершы, вершы-балады. У параўнанні з 1930-мі гадамі паглыбіўся ў ваенны час псіхалагізм грамадзянскай лірыкі, больш умяшчальным стала аўтарскае “Я”.

Дамінуючай тэмай стала тэма Радзімы, а гістарызм – адной з характэрных адзінак паэзіі ваеннага перыяду.

Умовам і запатрабаванням суровай пары адпавядалі вершы-заклікі, пасланні, нават заклінанні. Гэта такія творы, як "Душою і сэрцам мы з вамі, героі", "На абарону", "Народу-барацьбіту", "Байцам-камсамольцам", "Абаронцам роднай зямлі" (1941) Я. Коласа; "Пісьмо землякам", "Дрыжыце, падлюгі-фашысты!", "Помста" (1941) П. Броўкі; "Вастрыце зброю", "Падымайся, Беларусь!" (1941) М. Танка; "Мужайся", "Мы вернемся" (1941) П. Глебкі; "Змагайцеся адважна за Радзіму" (1941) П. Панчанкі).

24 чэрвеня ў "Правде" быў надрукаваны на беларускай мове верш Я. Коласа "Шалёнага пса - на ланцуг". Хрэстаматыйнымі ў шэрагу твораў заклікальна-эмацыянальнай формы з’яўляюцца вершы Я. Купалы "Беларускім партызанам" і "Зноў будзем шчасце мець і волю" (1942).

У вершы "Беларускім партызанам" аўтар пасылаў праклён Гітлеру-вампіру, фашысцкім псам, заклікаў партызан і ўвесь народ да барацьбы з лютым ворагам:

Партызаны, партызаны,

Беларускія сыны!

За няволю, за кайданы

Рэжце гітлерцаў паганых,

Каб не ўскрэслі век яны.

Верш прасякнуты палымяным патрыятызмам, непахіснай верай у перамогу народа-змагара. У вершы "Зноў будзем шчасце мець і волю" Я. Купала не толькі выказваў веру ў хуткую перамогу, але і прадбачыў той час, калі адновяцца зруйнаваныя гарады і сёлы, змоўкне кананада, мірна ўздыхнуць людзі. Гэтым творам уласціва кантрастнае спалучэнне двух пачуццяў - любові і нянавісці, традыцыйныя вобразы-сімвалы, лірычна-песенная інтанацыя, а таксама прыёмы публіцыстычнага выяўлення ідэі.

Народны паэт Беларусі Я. Колас заўсёды выступаў непрымірымым ворагам усялякай пропаведзі вайны. У суровы ваенны час, калі наш народ вымушаны быў узняцца на барацьбу супраць фашыстаў, Я, Колас услаўляў мужнасць і гераізм савецкіх воінаў і народных мсціўцаў, працаўнікоў тылу, мудра павучаў, што кожны павінен не шкадаваць сіл, каб хутчэй наблізіць перамогу.

Творы Я. Коласа той пары можна ўмоўна падзяліць на публіцыстычныя, у якіх гучалі словы паэта-змагара, і лірычныя, прасякнутыя глыбокім роздумам аб беларускай зямлі. Яркім прыкладам можа служыць верш «Голас зямлі».

Вершам Я. Коласа, напісаным у ваенныя гады, уласцівы глыбокі лірызм. Праз лірызм, які складаў важнейшую рысу ўсёй паэзіі перыяду Вялікай Айчыннай вайны, перадавалася любоў чалавека да таго, што разам складае эмацыянальны вобраз радзімы.

У самы цяжкі час адступлення савецкіх войск народны паэт верыў у перамогу над фашызмам, у вызваленне роднага краю. Восенню 1941 года з’явіўся верш “Абаронцам роднай зямлі”, прасякнуты гэтай светлай надзеяй:

Байцы-сыны, сябры, браты!

Няхай сэрца тваё і сумленне

Знаць не будуць ніколі спакою,

Покі сее смерць і разбурэнне

Чорны вораг крывавай рукою.

Запытай ты сябе, чалавеча...

Каб перадаць адчуванне народнай сілы, Я. Колас часта звяртаўся да казачных вобразаў. Родная зямля, родны лес адухаўляюцца, яны становяцца казачнымі волатамі, якія вядуць змаганне з ворагам:

Не, не спіць, не дрэмле

Старажытньі бор:

Ён вартуе землі,

Даўні свой прастор.

У паэмах «Суд у лесе» (1943) і «Адплата» (1944), напісаных пра партызанскую вайну ў Беларусі, таксама ёсць сацыяльнаабагульненыя вобразы роднай прыроды, якая выступав жывой сілай, удзельнічае ў барацьбе з ворагам.

За вершы «Салар», «У майскія дні», «Майму другу», «На захад», «Голас зямлі» і іншыя, напісаныя ў час вайны, Я. Коласу ў 1945 годзе была прысуджана Дзяржаўная прэмія.

Як адзначалася, у пару выпрабаванняў абвастрылася любоў да Радзімы. Мабыць, у гісторыі нашай літаратуры не было перыяду, які пакінуў бы па сабе столькі непасрэдных зваротаў да Беларусі, столькі замілаваных вобразных выказванняў пра родны край. Дастаткова згадаць назвы твораў ("Беларусі" М. Танка, П. Панчанкі, П. Глебкі; "Беларусь" П. Броўкі, М. Танка, К. Кірэенкі, А. Астрэйкі). Любоў да Радзімы выяўлялася не толькі праз заклікі да барацьбы з ворагам, адлюстраванне родных краявідаў, але і ў напамінанні, што самым каштоўным нацыянальным скарбам з’яўляецца мова. Менавіта гэта і падкрэслілі ў сваіх паэтычных шэдэўрах М. Танк ("Родная мова") і Н. Арсеннева ("Жыве Беларусь").

У гады вайны адметныя рысы набыла прыродаапісальная лірыка. Пейзажы дапамагалі больш поўна намаляваць гістарычна-канкрэтны вобраз радзімы. Прырода спрыяла адлюстраванню псіхалагічнага стану чалавека. Кантраст вобразаў стваралі малюнкі ваеннага і былога мірнага жыцця ў вершах П. Броўкі, А. Куляшова, М. Танка, П. Панчанкі.

У беларускай ваеннай паэзіі быў надзвычай шырока распаўсюджаны жанр гераічнай балады з моцным рамантычным пачаткам. Плённа працавалі ў жанры балады А. Куляшоў ("Балада аб чатырох заложніках", 1942; "Маці", 1943; "Камсамольскі білет", 1943; "Балада аб знойдзенай падкове", 1945), М. Танк ("У завею", 1943), П. Панчанка ("Сямёра дачок", 1942; "Песня пра чатыры магілы", 1945), П. Броўка ("Смерць героя", "Кастусь Каліноўскі", "Надзя-Надзейка"), П. Глебка ("Пасланец", 1943), А. Вялюгін ("Балада аб уральскім танку", 1943).

У ваенны перыяд меў месца наступны жанр – верш баладнага тыпу. Літаральна ў самым пачатку вайны, у яе першыя дні, М. Сурначовым быў напісаны славуты верш-балада "Ніколі не ехаць хлапцу маладому...". Сам жа аўтар, прайшоўшы амаль усю вайну, загінуў у ноч з 19 на 20 красавіка 1945 г. пад Берлінам, пакінуўшы разам з вершамі даваеннага часу нізку "акопнага спеву".

Ужо на другім годзе вайны паэзія канцэнтруе ўвагу на галоўным, маральны факце вайны – даследаванні характару чалавека ў яго душэўных каардынатах. Адбываецца пераход верша ад газетна-публіцыстычнай, нарысавай паэтыкі да лірыкі.

Праз суб’ектыўна-лірычную прызму стварае лірычны дзённік – карціну духоўнага свету чалавека і свайго часу – П. Панчанка. Яго пяру належыць першы ў паэзіі высокамастацкі цыкл “Іранскі дзённік” (1944 – 1945), куды ўвайшлі такія вершы, як "Герой", "Сустрэча з бярозай", "Бутэлька Цынандалі", "Рамантыка", "Сон пра апошні залп" і інш.

У прадмове да дзённіка В. Быкаў адзначаў, што яго вельмі ўразіў адзін з вершаў-балад – “Герой”. Ва ўзгаданым вершы П.Панчанкі цесна перапляліся суровы рэалізм, глыбокі псіхалагізм, высокае гераічнае і трагічнае гучанне. Гэты невялічкі твор стаў сапраўдным помнікам простаму салдату, які вынес усе нечалавечыя пакуты вайны, сваім жыццём абараніў Радзіму. Ідзе наступленне, перад воінамі паўстае перашкода - калючы дрот.

На ўвесь рост падняўся салдат

І лёг на змяіныя скруткі дроту.

І дзвесці салдацкіх запыленых ботаў

Прайшлі па яго спіне.

Салдат ахвяруе сваім жыццём, каб даць магчымасць іншым перамагчы ворага, хоць на некалькі хвілін прыблізіць перамогу.

Паэзія перыяду Вялікай Айчыннай вайны характарызуецца высокім і напружаным гучаннем, тонкім сплавам палымянай публіцыстычнасці, грамадзянскай страснасці і спавядальнасці. Увесь свой талент і паэтычныя здольнасці аўтары скіроўвалі на тое, каё паказаць жорсткасць і бесчалавечнасць ворага, натхніць воінаў на гераічную барацьбу, уславіць іх мужнасць, адвагу, самаахвярнасць, упэўніць веру людзей у хуткую перамогу над фашызмам. Галоўнымі ў літаратуры ваенных часоў, як ужо адзначалася, з’яўляліся "аператыўныя" жанры - вершы-заклікі, вершы-звароты, балады, фельетоны, нарысы. У аснове многіх з іх - рэальныя ваенныя факты: звесткі аб падзеях на фронце, прыклады гераізму воінаў, эпізоды партызанскай і падпольнай барацьбы. Воін-франтавік з’яўляецца героем многіх твораў ваенных часоў. Верш П. Броўкі "Спатканне" можна назваць салдацкай біяграфіяй. За плячыма воіна-салдата цяжкія ваенныя дарогі, гора, слёзы родных і блізкіх, смерць сяброў. З баямі ён дайшоў да бацькоўскай зямлі, знаёмых з дзяцінства мясцін, якія з цяжкасцю пазнаў. Пры відовішчы "засмучаных хат", "здратаваных ніў", "зганьбаванай" зямлі сціснулася ад болю сэрца салдата, запалала агнём помсты:

Гляньце ў сэрца маё, —

Я прынёс яго з бою.

На агні яго можна

Мячы гартаваць.

І мы верым, што не супакоіцца воін да таго часу, пакуль не дачакаецца канчатковай перамогі над ворагам, бо гэта яго вялікі абавязак перад народам і Айчынай. Блізкім да "Спаткання" з'яўляецца верш П  Панчанкі "Кожны з нас прыпасае Радзімы куток...". У ім паэт расказвае пра цяжкія падзеі 1941 г. З акружэння на ўсход, за лінію фронту, прабіраюцца нашы воіны, адзін з якіх - беларус. Трапіўшы ў аршанскія лясы, родныя мясціны, баец падпоўз да сяла, расхінуў асцярожна куста і знямеў — каміны... каміны... Многа фашысцкіх здзекаў паспеў пабачыць салдат на спапялёнай і здратаванай ворагам роднай зямлі, але такое... Немагчыма было пазнаць родны куток: з усяго жывога застаўся толькі абгарэлы клён, які пасадзіў калісьці яго бацька. Вакол горкі пыл, жудасная цішыня, ні стуку, ні груку. І салдат упаў на зямлю, якая "прытулілася целам магутным" да яго, нібы просячы абараніць яе ад злых ворагаў-ліхадзеяў. У сэрцы салдата, што зведала горыч адступленняў, нечалавечы боль па ахвярах, па паланёнай:

Радзіме, мацнее нянавісць да ворагаў.

І прамыла раса мае сумныя вочы,

Каб убачыў я ўсё, каб запомніў усё,

Каб я думаў пра помсту і удзень, і ўночы.

У ваеннай лірыцы М. Танка (зборнікі "Вастрыце зброю", "Праз вогненны небасхіл") цэнтральнае месца займае вобраз Беларусі-партызанкі, паланёнай, але няскоранай. Паэт адчуў ніці, што звязваюць вайну на перадавой з бацькоўскім краем, перадаў трывожныя думы маці, якія чакаюць сыноў, жанчын, якія ў думках разам з мужамі і братамі ў баі. У паэзіі ваенных гадоў побач з матывамі пагрозы фашызму выразна адчуваецца вера ў перамогу дабра над сіламі зла. Герой ваеннай лірыкі М. Танка ні на імгненне не забывае, за што, у імя чаго ён змагаецца. Вайна для яго не прызванне, а цяжкі, неабходны абавязак.

У гады Вялікай Айчыннай вайны А. Куляшоў стварыў цэлы баладны цыкл пра подзвіг беларускага народа ў гады ліхалецця, у межах якога вылучаюцца вершы-балады "Млынар", "Над брацкай магілай", "Ліст з палону", "Маці", "Балада аб чатырох заложніках", "Балада аб знойдзенай падкове" і інш. Яны грунтуюцца на пэўных выпадках, эпізодах, здарэннях і з’яўляюцца адбіткам суровай біяграфіі ваеннага пакалення. Пахаванне забітых воінаў-беларусаў каля вёскі Лажыны, што пад Старай Русаю, - такі асноўны змест верша "Над брацкай магілай". Перадаючы момант пахавання, аўтар паказвае нясцерпны душэўны боль і незвычайную стрыманасць, уласцівую людзям, моцным духам. Ад імя ўсіх жывых салдат абаронцы краіны клянуцца здзейсніць запаветную мару загінўўшых - адпомсціць ворагу, вызваліць радзіму ад чужынцаў. Воіны гатовы ісці на любыя выпрабаванні ў імя вызвалення Айчыны:

Беларусь мая родная,

Як жа я рвуся яшчэ раз

Пеша ўсю цябе змераць,

Увесь і чабор твой, і верас!...

Наглытацца хачу туманоў,

Твайго ветру і пылу;

Наглытацца хачу за сябе і за тых,

Што не ўстануць з нябыту;

Вочы просяць нябёсаў тваіх,

Ім твайго не хапае блакіту.

Верш "Ліст з палону" напісаны ад імя паланянкі, якую фашысты вывезлі ў няволю. Дзяўчына прадчувае пакуты і выпрабаванні, што выпадуць на яе долю, і гатова з годнасцю прайсці праз іх. У маналогу, звернутым да каханага, яна просіць адпомсціць за яе і ўсіх бязвінных ахвяр фашызму. Верш "Маці", напісаны паводле народнай балады, прысвечаны самаахвярнасці маці, яе гатоўнасці ў любы момант засланіць сваіх дзяцей ад бяды і небяспекі. У ім расказваецца аб цяжкім чаканні маці свайго сына. На шчасце, каб сын хутчэй вярнуўся з паходу, маці пасеяла зярняткі. Але яны ўпалі на камень і не ўзышлі. Дарэмна чакае маці:

Не ўзыдуць зярняты,

Бо ўпалі на камень шчарбаты.

Не першая ты

Каля камня заходзішся з жалю.

Не раз на ім сеялі, але ні разу не жалі.

І тады маці тройчы пракляла камень. Ад матчыных слёз "стаў камень зямлёю, сама ж яна каменем стала". Толькі тады ўзышлі зярняты і дахаты вярнуўся сын. Вось такая вялікая моц матчынай любові і вернасці.

Творы беларускіх паэтаў перыяду Вялікай Айчыннай вайны вызначаюцца яркай палымянасцю, публіцыстычнасцю, страснасцю. Яны ўслаўляюць гераізм, рашучасць і самаахвярнасць воінаў-змагароў і партызан. У іх гучыць узнёсла-балючы голас чалавека, грамадзяніна, байца, голас нянавісці да ворагаў і ўпэўненасці ў перамозе і вызваленні Радзімы.

Паэзія ваенных гадоў у яе патрыятычным гучанні прадстаўлена не толькі беларускімі савецкімі паэтамі. У часы вайны пісалі вершы і паэмы Н. Арсеннева ("Жыве Беларусь", "Малітва" ("Магутны Божа")), Л. Геніюш ("Як хмарны дзень", "Князь Усяслаў Чарадзей"), Р. Случчанін ("Рагнеда"), А. Салавей ("Гуманізм", "Хрыстосаў лес"), а таксама іншыя аўтары.

У акупаваным Мінску ў 1944 выйшла кніга вершаў Н. Арсенневай «Сягоння», дзе вайна прадстае як агульная трагедыя чалавецтва. Пад нямецкім кантролем выдадзены яшчэ шэраг кніг беларускіх аўтараў. Дамінуючай рысай творчасці Н. Арсенневай, Л. Геніюш, А. Салаўя, Л. Случаніна былі патрыятычныя матывы, а Т. Лебяды, М. Лесуна, Ю. Віцьбіча - асуджэнне антыбеларускіх деянняў савецкай улады.

Паэтычныя творы не толькі пісаліся, але і выдаваліся на акупаванай ворагам тэрыторыі. Так, напрыклад, У 1943 г. супрацоўнікі слуцкай падпольнай газеты "Народны мсцівец" сабралі лепшыя вершы А. Астрэйкі і выдалі асобным зборнікам пад назваю "Слуцкі пояс". Творы з гэтага зборніка карысталіся асаблівай папулярнасцю.

Нягледзячы на тое, што падзеі, пачуцці па гарачых слядах спачатку знаходзілі ўвасабленне ў кароткіх формах як найбольш аператыўных, мабільных, значнае месца ў беларускай паэзіі ваеннай пары належыць паэме ў асноўным як жанру сінтэтычнаму з арганічным спалучэннем эпасу, лірыкі і драмы ("Суд у лесе" (1942), "Адплата" (1944) Я. Коласа; "Прыгоды цымбал" (1944), "Дом № 24" (1944) А. Куляшова; "Ясны кут" (1944) П. Броўкі; "Маладосць у паходзе" (1945) П. Панчанкі; "Мой майстра" (1944) А. Бялевіча; "Поўдзень" (1944) В. Віткі).

Ля вытокаў беларускай паэмы ваенных гадоў стаяць два розныя па стылю творы гэтага жанру, а менавіта - "Сцяг брыгады" А. Куляшова і "Паэма пра Смалячкова" П. Броўкі, напісаныя ў 1942 г. Апошняя ўяўляе сабой дакументальна-рэпартажны твор, якія былі распаўсюджаны ў пачатковы перыяд вайны ("Слова пра 28 гвардзейцаў" М. Ціханава, "За намі Масква" С. Васільева, "Сябры", "Безыменная вышыня" М. Матусоўскага). Пры ўсёй значнасці аўтарскага голасу яны шырока, панарамна адлюстроўвалі сацыяльны свет, стваралі вобразы аб’ектывізаваных герояў. У сваёй паэме П. Броўка дае разгорнуты паэтычны партрэт воіна-героя, абаронцы Ленінграда. Факты біяграфіі не замінаюць аўтару ўзбуйніць вобраз і ў фінале твора паказаць Фядоса Смалячкова ў абліччы быліннага асілка, якому родная зямля дала "арліныя крыллі" і "зоркія вочы".

Паэма А. Куляшова "Сцяг брыгады" напісана ў ліра-эпічным ключы. Сцяганосец артылерыйскай брыгады Алесь Рыбка выратоўвае ваенную святыню і выносіць з поля бою цяжка параненага камісара Заруднага. Сюжэт паэмы даваў магчымасць шырока паказаць драматычныя малюнкі першага ваеннага лета. Форма паэтычнай споведзі, дзённіка садзейнічала паглыбленаму паказу псіхалогіі чалавека на вайне, дзе сярод экстрэмальных умоў абвастраліся ўсе чалавечыя якасці. А. Твардоўскі назваў "Сцяг брыгады" "голасам сэрца, поўнага болю за родную беларускую зямлю, плачам па ёй і гарачай светлай верай у яе сілы, у яе вызваленне". Твор насычаны вобразамі народнай паэзіі: лірычны герой звяртаецца да ляснога ручая, крыніцы як да сваіх паплечнікаў, яго вядуць палявыя сцежкі, сляды замятаюць сваёй лістотай дубравы.

У ліра-эпічнай паэме-маналогу П. Броўкі "Беларусь" (1943), дзякуючы гісторыка-публіцыстычным рэмінісцэнцыям, шырокай хвалі гістарычных успамінаў і асацыяцый, паўстае вобраз Радзімы - прыгожай зямлі са слаўнай мінуўшчынай. Паэт згадвае Скарыну, Каліноўскага, Вашчылу, агульныя перамогі беларусаў, рускіх, украінцаў пад Грунвальдам, на Чудскім возеры, выгнанне Напалеона. Твор арганізаваны па прынцыпе ідэйна-мастацкага сумяшчэння розных часавых плыняў, чаму садзейнічаюць гістарычныя і этнаграфічныя паралелі, параўнанні і метафары, уласцівыя для беларускай народнай паэтыкі.


: bitstream -> 123456789 -> 15213
123456789 -> Гісторыя беларускай літаратуры (ХІХ ст. – 1970-я гады ХХ ст.)
123456789 -> П. С. Лопух гідралогія сушы частка 2 (агульная гідралогія)
123456789 -> П. С. Лопух, А. А. Макарэвіч
123456789 -> Праявы масавай культуры ў дыскурсе смі, альбо да праблемы гуманізацыі медыясферы
123456789 -> Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь
123456789 -> 1. Гістарычныя ўмовы ўзнікнення новай беларускай літаратуры. Асноўныя літаратурныя напрамкі канца ХVІII – пачатку ХІХ стст. І іх выражэнне ў беларускай літаратуры
123456789 -> Гісторыя старажытнай грэцыі І рыма (Фядосік В. А.)


  1   2   3


База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка