Я. А. Гарадніцкі (Мінск)



Дата канвертавання23.06.2016
Памер89.38 Kb.
Я. А. Гарадніцкі (Мінск)

АЎТАР І ІНШЫЯ СУБ’ЕКТЫ СПАРАДЖЭННЯ І РЭЦЭПЦЫІ МАСТАЦКАГА СВЕТУ ЛІТАРАТУРНАГА ТВОРА


На першы погляд вышэй прыведзеная фармулёўка можа падацца супярэчлівай. Ці не лагічней было б, разглядаючы аўтара як стваральніка твора, адмежаваць яго ад сферы ўспрымання, якая традыцыйна замацавана за чытачом? Тады б захавалася стройная і паслядоўная схема: аўтар стварае твор для чытача – чытач яго ўспрымае, засвойвае, інтэрпрэтуе і ацэньвае. Аднак жа не будзем забываць пра тое, што ў адносінах да мастацкай творчасці відавочнае не заўсёды аказваецца самым пераканаўчым.

Аўтар, безумоўна, з’яўляецца адзіным стваральнікам літаратурнага твора. Ва ўсякім выпадку тады, калі яго аўтарства юрыдычна пацверджана, замацавана нормамі аўтарскага права, факталагічна абгрунтавана літаратуразнаўцамі-тэкстолагамі. Калі ж гаворка ідзе пра мастацкі свет, то тут справа ўскладняецца. Таму што літаратурны твор і мастацкі свет гэтага твора – з’явы не тоесныя, хоць і ўзаемазалежныя.

Спецыфіка мастацкага свету заключаецца ў тым, што гэта своеасаблівы духоўна-эстэтычны феномен, які належыць уяўленню чалавека. Рэалізавацца, у той або іншай ступені, ён можа толькі ў свядомасці і ўяўленні пэўнага суб’екта. Праўда, пры гэтым трэба абавязкова ўлічваць адну істотную акалічнасць: тыя ўмовы, пры якіх магчымай становіцца рэалізацыя (актуалізацыя) мастацкага свету. Мастацкі свет прадстаўляе сабой двуадзіны працэс спараджэння / рэцэпцыі літаратурнага твора. Літаратурны твор у гэтым двуадзінстве прадстае і як мэта, на якую скіраваны адпаведныя творчыя намаганні, і як сродак камунікацыі паміж суб’ектамі творчага працэсу, і як аб’ект эстэтычнага ўспрымання і задавальнення.

Катэгорыя мастацкі свет суадносіцца з рознымі па свайму маштабу суб’ектамі і аб’ектамі творчага працэсу. У літаратуразнаўчым дыскурсе яна выкарыстоўваецца ў такіх спалучэннях, як мастацкі свет твора і мастацкі свет аўтара, а таксама і ў самым шырокім значэнні – як мастацкі свет усёй нацыянальнай літаратуры, або асобнага перыяду яе развіцця.

Відавочна, што вышэй прыведзеныя выразы адрозніваюцца не толькі маштабамі азначаемага імі аб’екта, але і сваёй семантыкай. Перш за ўсё ўзнікае пытанне наконт суаднесенасці між сабой паняццяў мастацкі свет аўтара і мастацкі свет твора. Ці можна ставіць знак роўнасці паміж мастацкім светам пісьменніка і створаным ім у літаратурным творы мастацкім светам? Ужо само па сабе азначэнне мастацкі як быццам паказвае на тое, што маецца на ўвазе не ўнутраны, духоўна-ментальны свет аўтара як чалавека, а менавіта той уяўны, віртуальны свет, які разгортваецца і раскрывае свае патэнцыяльныя магчымасці дзякуючы сваім эстэтычным характарыстыкам. Таму ёсць неабходнасць удакладніць: існуе адрозненне паміж мастацкім светам аўтара і яго ўнутраным, духоўна-ментальным светам, яго кругаглядам, светапоглядам як асобы. Мастацкі свет пісьменніка вызначаецца перш за ўсё арыентацыяй усіх яго складнікаў на эстэтычнае ўспрыманне адрасатам. Разам з тым варта падкрэсліць, што гэтыя дзве сферы духоўнага жыцця аўтара – экзістэнцыйная і эстэтычная – актыўна ўзаемадзейнічаюць і дапаўняюць адна адну.

Немагчымасць адназначнага размежавання крэатыўнай і рэцэптыўнай сфер адзінага працэсу ўзнікнення і функцыянавання літаратурнага твора абумоўлена тым, што аўтар з’яўляецца не толькі стваральнікам мастацкага свету свайго твора. Ён адначасова і рэцыпіент гэтага мастацкага свету, пры тым не толькі ў яго завершанай тэкставай увасобленасці, але і пад час самога творчага акту. У працэсе стварэння твора аўтар пастаянна суадносіць свае творчыя інтэнцыі і задумы з тым, што ў гэты час набывае канкрэтыку мастацкай яўленасці. Такім чынам, у творчай працы задзейнічаны не толькі крэатыўны патэнцыял аўтара, але і яго аналітычныя здольнасці па ацэнцы ім ажыццяўляемага.

Безумоўна, мастацкая самарэфлексія выяўляецца ў творах розных аўтараў не ў аднолькавай ступені. Яна залежыць як ад індывідуальнай творчай устаноўкі пісьменніка, так і ад яго прыналежнасці да таго або іншага мастацкага напрамку. Праграмныя ўстаноўкі некаторых мастацкіх плыняў, як, напрыклад, сюррэалізму, наогул адмаўляюць які-небудзь удзел аўтарскага самааналізу пад час творчага акту. Стварэнне літаратурнага твора прадстае ў такім выпадку як працэс спантанны, не кіруемы аўтарскай воляй. Ідэі постструктуралістаў аб дамінаванні пісьма як асаблівым спосабе, па сутнасці, пазаасабовага стварэння літаратурнага твора, таксама знаходзяцца ў гэтым рэчышчы. Аднак наяўнасць падобных тэорый не можа быць дастатковым аргументам на карысць таго, што ў творчым працэсе сапраўды ні ў якой ступені не выяўляюцца здольнасці аўтара да самааналізу.

Гаворка можа весціся хіба што пра розную ступень аналітычнай паглыбленасці аўтара ў працэс сваёй творчасці. Ёсць пісьменнікі, якія ў значнай меры сканцэнтраваны на асэнсаванні ўласнай творчай працы, для якіх мастацкая самарэфлексія з’яўляецца натуральным спосабам рэалізацыі творчага патэнцыялу. Іншыя пісьменнікі не надаюць такога вялікага значэння пытанням, звязаным з ажыццяўленнем творчага акту, мяркуючы, што павінны засяроджвацца выключна на практыцы. Аднак, як нам уяўляецца, аналітычны фактар не можа быць цалкам элімінаваны з мастацкай самасвядомасці аўтара, незалежна ад таго, якіх поглядаў на характар творчага працэсу ён прытрымліваецца. У любым выпадку, няхай сабе на падсвядомым узроўні, захоўваецца, мабыць, пэўны “кантроль” аўтара над працэсам спараджэння тэксту і адпаведнага яму мастацкага свету.

У наш час у даследаваннях творчага працэсу як дыялектычнага адзінства крэатыўных і рэцэптыўных аспектаў усё большая ўвага надаецца адной з ключавых постацей гэтага працэсу – чытачу. Пры гэтым чытач разглядаецца не толькі як рэцыпіент твора, але ў пэўнай ступені і як своеасаблівы “сааўтар” стваральніка твора. Трансфармуючы ўспрымаемы ім тэкст у мастацкі свет, чытач непазбежна выяўляе пры гэтым сваё асабовае стаўленне. Сучаснымі даследчыкамі адзначаецца дваістасць пазіцыі чытача. На думку Е. Фарына, чытач пры засваенні пэўнага літаратурнага твора “часткова кіруецца ўласным вопытам, уласнай жыццёвай практыкай, а часткова становіцца на пункт гледжання ўбачанага або прачытанага свету...” [1, с. 74].

Тэкст літаратурнага твора з’яўляецца тым аб’ектам, які аб’ядноўвае сабой аўтара як яго стваральніка (ён жа ў пэўнай ступені і рэцыпіент ім самім створанага) і чытача, які ўспрымае тэкст як аснову для разгортвання ў сваім уяўленні адпаведнага, але не тоеснага аўтарскай задуме і аўтарскаму бачанню, мастацкага свету. Можна прасачыць наступны ланцужок змен і пераўтварэнняў у творчым працэсе. Тэкст мае сваёй перадумовай мастацкі свет аўтара, які ў сваю чаргу карэлюе з аўтарскім унутраным, духоўным светам, кругаглядам пісьменніка, яго жыццёвым і эстэтычным вопытам. З другога боку, тэкст з’яўляецца своеасаблівым “носьбітам” мастацкага свету твора, уключае ў сябе шматлікія коды для “дэшыфроўкі”, распазнання прыкмет гэтага свету. Успрымаючы адначасова і непасрэдна тэкст твора і той мастацкі свет, які з яго вынікае, чытач стварае ў сваім уяўленні “свой” асаблівы варыянт мастацкага свету твора.

Здольнасць рэцыпіента па-сапраўднаму “ўчытацца” ў тэкст, выявіць у ім скрытыя коды, глыбока пранікнуць у падтэкст мастацкага выказвання у многім залежыць ад яго падрыхтаванасці, ад валодання той “мовай”, на якой напісаны твор. Ю. Лотман у сваёй працы “Унутры светаў, якія мысляць” заўважыў: “Ускладненне семіятычнай структуры атрымальніка тэксту і ператварэнне яго ў асобу з’яўляецца ўмовай замены простай перадачы паведамлення творчым працэсам” [2, с. 208]. Менавіта тады, калі ўспрымальнік тэксту / мастацкага свету выяўляе свае асабовыя якасці, інтэлектуальную і эстэтычную абазнанасць, творчы працэс і набывае сваю паўнату і завершанасць.

Успрымаючы літаратурны твор у выглядзе мастацкага свету, чытач, на думку аднаго з заснавальнікаў рэцэптыўнай эстэтыкі Р. Інгардэна, “выходзіць у нейкай ступені за межы таго, што дадзена ў самім тэксце твора” [3, с. 41]. Даследчык уводзіць паняцце схематызм літаратурнага твора для абазначэння адрозненняў паміж тэкставай асновай твора і спосабамі канкрэтызацыі таго, што выяўляецца ў ім. Гэта паняцце ён тлумачыць наступным чынам: “Схематычнасць кожнага твора мастацкай літаратуры (і літаратуры наогул) можна абгрунтаваць меркаваннямі агульнага характару. Яна вынікае, па-першае, з істотнай дыспрапорцыі паміж моўнымі сродкамі выяўлення і тым, што павінна быць выяўлена ў творы, а па-другое, з умоў эстэтычнага ўспрымання твораў мастацкай літаратуры, якія таксама маюць істотнае значэнне” [3, с. 46; курсіў аўтара цытуемага тэксту].

Паняцце схематызм у такім яго разуменні не змяшчае ў сабе адмоўнага сэнсу. Яно прадстаўляецца даследчыкам як адна з неабходных умоў рэалізацыі працэсу мастацкай камунікацыі. Магчыма, дадзенае слова як тэрмін усё ж такі не зусім удалае. Па ўсёй верагоднасці, пэўныя адмоўныя сэнсавыя канатацыі ўсё ж узнікаюць, чым у пэўнай ступені тлумачыцца тое, што такі тэрмін не атрымаў шырокага распаўсюджання ў літаратуразнаўчым дыскурсе. Аднак неабходнасць абазначэння нейкім чынам адной з фундаментальных уласцівасцей тэксту літаратурнага твора, а менавіта яго здольнасці прадстаўляць у “закадзіраваным” выглядзе, у знакавай форме шматзначныя і па-рознаму інтэрпрэтуемыя моманты мастацкага свету, мае пад сабой рэальны грунт.

Распрацоўваючы методыку аналізу двухмернай структуры літаратурнага твора, Р. Інгардэн звяртаў увагу на “месцы няпоўнай пэўнасці” ў тэксце, якія пакідаюць для чытача прастору для дамыслівання і інтэрпрэтацыі. Аднак, можна сцвярджаць, што, па сутнасці, і кожны элемент або структурны ўзровень тэксту вымагае творчага падыходу з боку рэцыпіента. Усё, што прадстаўлена ў тэксце як фармальны бок літаратурнага твора, так ці інакш удзельнічае ў працэсе ўзнаўлення мастацкага свету. Разам з тым гэты шлях – ад тэксту да мастацкага свету твора – заўсёды індывідуалізаваны, непаўторны, таму што праходзіць яго канкрэтны чытач, для якога характэрны ўласны погляд на жыццё, на свет, у тым ліку і на дадзены твор.

Кожны чытач па-свойму прачытвае літаратурны твор, а гэта азначае, што адзін і той жа тэкст адкрываецца для яго нейкімі новымі змястоўна-фармальнымі гранямі, выяўляе раней не рэалізаваныя магчымасці ўздзеяння на яго творчае ўяўленнне і духоўны свет. Зыходзячы з гэтага, тэкст літаратурнага твора прадстае ў сучаснай гуманітарыстыцы як складанае, шматузроўневае мастацкае адзінства, скіраванае на пазнанне чалавека як творча актыўнай асобы. Сёння таксама змяніліся карэнным чынам адносіны да мастацкага тэксту лінгвістыкі, якая ўсё ў большай ступені звязвае тэкст з асобай і яе ўнутраным светам. Як адзначае М. Трыгук, “антрапацэнтрызм, які стаў асновай для сучаснай лінгвістыкі, сфарміраваў антрапацэнтрычны падыход да аналізу мастацкага тэксту” [4, с. 317].

Сучасная лінгвістыка сапраўды шмат зрабіла ў вывучэнні праблемы тэксту ў яго антрапалагічных вымярэннях. Для літаратуразнаўцаў падобныя даследаванні і методыка іх правядзення з’яўляюцца надзвычай карыснымі. Вынікі мовазнаўчых распрацовак паспяхова выкарыстоўваюцца ў літаратурнай тэорыі пры разглядзе ролі тэксту ў творчым працэсе. Разам з тым неабходна заўважыць, што ў падыходах да аналізу мастацкага тэксту з боку лінгвістыкі і літаратуразнаўства захоўваецца істотная розніца. Як нам уяўляецца, яна перш за ўсё палягае ў тым, што ў літаратуразнаўчых працах катэгорыя тэксту непасрэдна суадносіцца з катэгорыяй мастацкага свету.

Мастацкі свет – гэта тое, што яшчэ або ўжо не з’яўляецца самім тэкстам, не можа быць з ім непасрэдна атаясамлена, але, з аднаго боку, у працэсе крэацыі здольнае спараджаць менавіта тэкст, а, з другога боку, у працэсе рэцэпцыі – з тэксту пераўтварацца зноў жа ў мастацкі свет. Пры гэтым, як мы ўжо адзначалі, гэтыя два мастацкія светы (на “ўваходзе” і “выхадзе” творчага працэсу) належаць розным суб’ектам – аўтару і чытачу, а таму пэўным чынам адрозныя адзін ад аднаго.

Разгляд катэгорыі мастацкі свет у суадносінах з тэкстам, а таксама з творчым працэсам і яго суб’ектамі, дае магчымасць больш выразна асэнсаваць эстэтычную спецыфіку літаратурнай творчасці, прадставіць працэс стварэння і рэцэпцыі літаратурнага твора ў яго адзінстве і камунікатыўнай разгорнутасці. Тэкст і твор – два асноўныя аб’екты даследавання філалогіі. Пры гэтым, калі на першым з іх у большай ступені засяроджана лінгвістыка, то на другім – літаратуразнаўства. Апошнім часам назіраецца даволі актыўнае сумяшчэнне літаратуразнаўчай і мовазнаўчай сфер даследавання гэтых аб’ектаў. Лінгвістыка, пашырыўшы свае даследаванні на тэкст, разглядае яго ў асабовым праламленні. Літаратуразнаўства ж, якое традыцыйна займалася вывучэннем твора ў яго змястоўна-фармальных аспектах, пачынае ўсё больш увагі звяртаць на спосабы структурнай арганізацыі твора як тэксту.

Разам з тым патрэбна адзначыць, што для літаратуразнаўчай навукі і яе адгалінавання – паэтыкі літаратуры тэкст з’яўляецца перш за ўсё эстэтычным аб’ектам, які мае адпаведную мастацкую каштоўнасць. Эстэтычны падыход, сумешчаны з антрапалагічным, прыводзіць да таго, што тэкст і твор успрымаюцца як два бакі адной мастацкай цэласнасці. Літаратурны твор – гэта, па сутнасці, тэкст, які заключае ў сабе патэнцыйную магчымасць разгортвання ў мастацкі свет. Літаратурны твор – дыялектычнае адзінства тэксту і “закадзіраванага” ў ім мастацкага свету. Тэкст не ўяўляе сам па сабе эстэтычнай каштоўнасці без яго праекцыі на мастацкі свет. У сваю чаргу і мастацкі свет – гэта не толькі выяўлены ў творы прадметны свет і духоўна-ментальны свет аўтара і герояў, але і тэкставая фіксацыя гэтых светаў.

Пры даследаванні мастацкага свету літаратурнага твора ў яго крэатыўна-рэптыўнай увасобленасці і тэкставай прадстаўленасці істотнае значэнне набываюць усе суб’екты творчага працэсу. Гэта не толькі аўтар і чытач, але і выяўленыя ў моўнай тканіне тэксту і ў структуры твора суб’екты маўлення, свядомасці, носьбіты адметных пунктаў гледжання. Да ліку іх адносяцца наратар, апавядальнік, лірычны герой і інш.


Літаратура

1. Фарино, Е. Введение в литературоведение / Ежи Фарино. – СПб. : Изд-во РГПУ им. А. И. Герцена, 2004. – 639 с.

2. Лотман, Ю. М. Семиосфера / Ю. М. Лотман. – СПб. : Искусство-СПБ, 2001. – 704 с.

3. Ингарден, Р. Исследования по эстетике / Роман Ингарден. – М. : Изд-во иностранной литературы, 1962. – 572 с.



4. Тригук, М. Понятие «образ повествователя»: трактовка в стилистике художественного текста / Марина Тригук // Славянскія літаратуры ў кантэксце сусветнай: да 900-годдзя Кірыла Тураўскага і 200-годдзя Тараса Шаўчэнкі : матэрыялы ХІ Міжнар. навук. канф., Мінск, 24 – 26 кастр. 2013 г. У 2 ч. Ч. 1 / пад рэд. Т. П. Казаковай. – Мінск : РІВШ, 2013. – 352 с.
: bitstream -> 123456789 -> 109927
123456789 -> Марына Шода «Несучы хвалу красе» (паэзія Уільяма Батлера Ейтса)
123456789 -> Гісторыя беларускай літаратуры (ХІХ ст. – 1970-я гады ХХ ст.)
123456789 -> П. С. Лопух гідралогія сушы частка 2 (агульная гідралогія)
123456789 -> П. С. Лопух, А. А. Макарэвіч
123456789 -> Праявы масавай культуры ў дыскурсе смі, альбо да праблемы гуманізацыі медыясферы
123456789 -> Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь
123456789 -> 1. Гістарычныя ўмовы ўзнікнення новай беларускай літаратуры. Асноўныя літаратурныя напрамкі канца ХVІII – пачатку ХІХ стст. І іх выражэнне ў беларускай літаратуры
123456789 -> Гісторыя старажытнай грэцыі І рыма (Фядосік В. А.)




База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка