Я. Н. Марозава с л о в а ў т в а р э н н е



старонка1/5
Дата канвертавання21.06.2016
Памер1.14 Mb.
  1   2   3   4   5



Я. Н. Марозава



С Л О В А Ў Т В А Р Э Н Н Е


Тэарэтычныя асновы, узоры разбору, тэсты, кантрольная работа
Вучэбна-метадычны комплекс
па сучаснай беларускай мове

УДК 808. 26 - 5

ББК 81.411.3 - 211

М 28
Аўтар: дацэнт кафедры беларускага мовазнаўства УА “ВДУ імя П. М. Машэрава” Я. Н. Марозава



Рэцэнзенты: кандыдат філалагічных навук дацэнт кафедры беларускага мовазнаўства УА “ВДУ імя П. М. Машэрава” Г. А. Арцямёнак,

кандыдат філалагічных навук дацэнт кафедры агульнага і рускага мовазнаўства УА “ВДУ імя П. М. Машэрава” С. М. Якаўлеў

Вучэбна-метадычны комплекс прызначаны для студэнтаў філалагічных спецыяльнасцей і рэкамендуецца як для самастойнай працы, так і для аўдыторных (лабараторных і практычных) заняткаў пад кіраўніцтвам выкладчыкаў. Дапаможнік прысвечаны аднаму з найменш вывучаных раздзелаў курса сучаснай беларускай мовы ― словаўтва­рэнню. У ім разглядаюцца асноўныя паняцці тэорыі дэрывацыі, апісваюцца спосабы сло­ваўтварэння ў беларускай мове, аналізуюцца тыповыя памылкі студэнтаў пры словаўтваральным разборы, падаюцца парадак і ўзоры словаўтваральнага аналізу, неабходныя парады і каментарыі па складаных ці спрэчных пытаннях словаўтварэння, змяшчаюцца трэніровачныя і кантрольныя тэсты і кантрольная работа, якая ўключае і пробны (праверачны) варыянт.

Дапаможнік можа быць выкарыстаны і настаўнікамі, школьнікамі пры падрыхтоўцы да алімпіяд і да экзаменаў, а таксама ўсімі, хто цікавіцца словаўтварэннем.


УДК 808. 26 - 5

ББК 81. 411. 3 - 211




© Марозава Я.Н., 2005

© УА “ВДУ імя П.М. Машэрава”, 2005



УВОДЗİНЫ

Паняцце пра словаўтварэнне, значэнне яго вывучэння

*****************************************************

Марфемны склад слова і словаўтварэнне вывучаюцца ў школе і ў ВНУ не толькі на працягу часу, адведзенага праграмамі па беларускай мове для вывучэння названых раздзелаў. Да гэтых тэм звяртаюцца і пры засваенні іншых раздзелаў навукі аб мове, асабліва лексікалогіі, арфаграфіі, марфалогіі. Па марфеміцы і словаўтварэнні праводзяцца факультатыўныя, гуртковыя, семінарскія заняткі, праблемы марфемнага складу слоў і словаўтварэння даследуюцца ў курсавых, дыпломных работах студэнтаў, у іншых відах навукова-даследчай працы. Такая ўвага да гэтых двух раздзелаў навукі аб мове тлумачыцца важнасцю іх засваення для развіцця маўленчай культуры чалавека, для асэнсаванага валодання мовай. Пастаянная ўвага да значэння і фармальных асаблівасцей марфем, назіранні ў галіне марфемікі і словаўтварэння садзейнічаюць развіццю моўнага чуцця (асабліва гэта важна пры засваенні іншых моў), развіваюць кемлівасць, дапытлівасць, лагічнае мысленне, узбагачаюць слоўнікавы запас і звязнае маўленне, дапамагаюць свядомаму засваенню арфаграфіі і фарміраванню навыкаў пісьменнай мовы, спасціжэнню законаў узнікнення і развіцця слоў, разуменню мовы як складанай цэласнай сістэмы.

Марфемны склад слоў і словаўтварэнне даследаваны дастаткова поўна ў рускім мовазнаўстве і значна менш ― у беларускім. Пры гэтым навуковая і метадычная літаратура па словаўтварэнні ў беларускай мове маецца ў недастатковай колькасці (а то і адсутнічае) у бібліятэках, што значна ўскладняе засваенне названага раздзела студэнтамі завочнай формы навучання. Акрамя таго, патрабуецца крытычны аналіз многіх складаных пытанняў словаўтварэння, супярэчліва асветленых у розных крыніцах. Гэтым тлумачыцца неабходнасць стварэння вучэбна-метадычнага дапа­мож­­ніка для студэнтаў па словаўтварэнні.



З а д а ч ы 2-га, дапрацаванага выдання вучэбнага дапаможніка:

  • даступна растлумачыць асноўныя паняцці беларускага словаўтварэння;

  • разгледзець некаторыя спрэчныя пытанні тэорыі дэрывацыі;

  • даць класіфікацыю і апісанне асноўных спосабаў словаўтварэння ў беларускай мове;

  • папярэдзіць магчымыя тыповыя памылкі пры словаўтваральным аналізе;

  • змясціць парадак і ўзоры словаўтваральнага аналізу;

  • прапанаваць трэніровачныя (з адказамі) і кантрольныя тэставыя заданні, а таксама прыкладную кантрольную работу па словаўтварэнні з пробным (праверачным) варыянтам.


Тэрмін с л о в а ў т в а р э н н е, як і іншыя адпаведныя тэрміны мовазнаўства (фанетыка, фразеалогія, графіка, марфеміка, марфалогія, сінтаксіс, граматыка), таксама ўжываецца ў некалькіх значэннях:

1) абазначае моўную з’яву ― дэрывацыю, г. зн. працэс утварэння (адвядзення) новых слоў ад ужо існуючых у мове 1 ;

2) словаўтварэнне ― гэта і словаўтваральная сістэма мовы;

3) гэта і раздзел навукі аб мове, які вывучае словаўтваральную сістэму мовы ― сукупнасць словаўтваральных тыпаў і словаўтваральных гнёздаў, марфемы і іх ролю ў словаўтварэнні, структуру вытворных слоў і магчымыя шляхі і сродкі, законы ўтварэння новых слоў. Словаўтварэнне як раздзел навукі называюць па-іншаму дэрываталогіяй.

Словаўтварэнне цесна звязана з іншымі раздзеламі мовазнаўства, найперш з марфемікай, лексікалогіяй, марфалогіяй. Не ведаючы марфем, іх значэння і функцыянавання, немагчыма паспяхова займацца вывучэннем словаўтварэння. İ наадварот, не ведаючы законаў словаўтварэння, цяжка высветліць марфемную структуру слоў. Словаўтварэнне звязвае ”ў адзін структурны вузел многія элементы марфалогіі і лексікі ” 2 і з’яўляецца самастойным раздзелам мовазнаўства (гл. даследаванні па словаўтварэнні А.А. Земскай, М.В. Панова, Б.М. Галавіна, У.У. Лапаціна, İ.С. Улуханава, Л. В. Сахарнага, А. С. Кубраковай, Н. А. Янка-Трыніцкай, А. М. Ціханава, В. М. Немчанкі, İ. Р. Міласлаўскага, М. М. Шанскага і інш.).

Новыя словы (новыя лексемы) утвараюцца на базе ўжо існуючых у мове словаўтваральных сродкаў з улікам законаў, правілаў словаўтварэння. Веданне гэтых правілаў дазваляе ”прасачыць шляхі і сродкі папаўнення лексічнага складу мовы, больш глыбока раскрыць значэнне новых ці невядомых слоў.” 3 Так, напрыклад, у беларускую мову перайшло з рускай слова бомж , якое першапачаткова належала да прафесійнай лексікі міліцыянераў. Калі раней лічылася, што « такіх людзей у сацыялістычным грамадстве проста не існуе, яны ліквідаваны як клас залпам ”Аўроры” », то нядаўна гэтае слова атрымала ў нашай мове « права грамадзянства: яго ўклю­чылі ў ”Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы” (1996) . » 4 Назоўнік гэты даўно ўжо выйшаў за межы міліцэйскага лексікону, уключыўся ў словаўтваральную сістэму беларускай мовы і, як вобразна заўважае İ. Я. Лепешаў, ”спарадзіў ладную сямейку” слоў, што ўжываюцца не толькі ў прозе, а і ў паэзіі. Па гатовых словаўтваральных мадэлях створаны назоўнікі, прыметнікі, дзеясловы, прыслоўі, якія аб’ядналіся ў асобнае словаўтваральнае гняздо:


БОМЖ

бамжыха

бомжык

бамжатнік

бамжатня

бамжовы

бамжоўскі

бамжацкі

бамжаваты

бамжаваць


па-бамжоўску

па-бамжацку
забамжаваць

бамжоўства

С л о в а ў т в а р э н н е ― гэта не механічнае папаўненне слоўнікавага складу мовы, а стварэнне слоў, значэнне і граматычныя ўласцівасці якіх ужо п р а д в ы з н а ч а н ы ўтваральнай базай і словаўтва­ральнымі сродкамі.



Выразна праяўляецца семантычная функцыя словаўтварэння ў прадвызначэнні семантыкі, напрыклад, назоўнікаў

  • з дзеяслоўнай базай і суфіксамі -чык, -шчык, -ір, -ар, -ач і іншымі са значэннем ’назвы асоб паводле роду дзейнасці’: выкладчык, набор­шчык, насіль/шчык, камандзір, пісар, слухач;

  • з назоўнікавай базай і суфіксамі -нік, -чык, -ар, -іст і іншымі са значэннем ’назвы асоб па адносінах да прадметаў’: бортнік, булачнік, буфетчык, аптэкар, гарманіст;

  • з прыметнікавай базай і суфіксамі -ан, -ак, -ун, -ыст і іншымі са значэннем ’назвы асоб па характэрнай прымеце, па якасці’: велікан, чужак, слабак, дзікун, весялун, акуратыст;

  • з назоўнікавай базай і суфіксамі -ец (-анец), -чук, -анін, -як, -іт і іншымі са значэннем ’назвы асоб па месцы нараджэння і жыхарства’: албанец, аршанец, градзянчук, парыжанін, туляк, адэсіт.

Гэтак жа прадвызначэнне семантыкі можна назіраць і ва ўтварэнні слоў іншых часцін мовы, напрыклад, дзеясловаў са значэннем станаўлення прыметы ― ’станавіцца такім, як абазначана ўтваральнай базай’ ― з прыметнікавай базай і суфіксам -е-: чарнець, бялець, сінець, зелянець, сівець, чырванець; дзеясловаў са значэннем ’рабіць такім, як абазначана ўтваральнай базай’ ― з прыметнікавай базай і суфіксам -і-: чарніць, бяліць, сініць, зеляніць і г. д.

Пра значэнне вывучэння словаўтварэння і неабходнасць глыбокага разумення яго правілаў трапна сказаў праф. Л. М. Шакун: ”Хоць у параўнанні з правіламі граматыкі (марфалогіі і сінтаксісу) правілы словаўтварэння не так строга акрэслены, аднак яны даволі выразна ўсведамляюцца носьбітамі мовы, бо без ведання гэтых правіл па сутнасці немагчыма дасканалае валоданне ёю. Усведамленне іх дае магчымасць таму, хто гаворыць або слухае (чытае), адрозніць правільнае новаўтва­рэнне ад няправільнага, рэгулярна ўжывальнае ад рэдка ўжывальнага (аказіянальнага), г. зн. супаставіць факты маўлення з агульнапрынятымі моўнымі нормамі. У выніку дасягаецца строгі нарматыўна-стылістычны падыход да самога працэсу ўтварэння новых слоў: з аднаго боку, на яго накладваюцца розныя абмежаванні, а з другога ― шырэй рэалізуюцца патэнцыяльныя магчымасці мовы ва ўзбагачэнні лексікі на базе ўласных сродкаў.” 1
АСНОЎНЫЯ СЛОВАЎТВАРАЛЬНЫЯ іПАНЯЦЦİ ііііііііі

ііі


Словаўтваральная сістэма беларускай мовы апісваецца ў наступных словаўтваральных паняццях:

  1. вытворнае (матываванае) слова;

  2. невытворнае (нематываванае) слова;

  3. утваральнае (матывавальнае) слова;

  4. словаўтваральная (матывавальная) аснова, або база;

  5. вытворнасць (матывацыя);

  6. словаўтваральны сродак (фармант);

  7. словаўтваральнае значэнне;

  8. словаўтваральнае гняздо;

  9. словаўтваральная пара;

10) словаўтваральны ланцужок;

11) спосаб словаўтварэння;

12) словаўтваральны тып;

13) словаўтваральная мадэль;



14) словаўтваральная парадыгма.
ВЫТВОРНАЕ (МАТЫВАВАНАЕ) СЛОВА ― гэта слова, утворанае ад іншага слова ці словазлучэння. Самай асноўнай асаблівасцю вытворных слоў з’яўляецца іх матываванасць іншымі словамі, г. зн. іх значэнне абумоўлена (матывавана) значэннем іншых слоў. Вытворнае слова заўсёды двухкампанентнае: яно складаецца з утваральнай (матывавальнай) часткі і фарманта (словаўтваральнага сродка). Напрыклад: белы белаваты, зарадзіць перазарадзіць. Тут утваральныя часткі ― бел- і -зарадзіць , а фарманты ― суфікс -ават- і прыстаўка пера- . Значэнні вытворных слоў белаваты і перазарадзіць матываваны значэннямі ўтваральных частак ― адпаведна прыметніка белы (белаваты ― гэта ’крыху белы, не поўнасцю белы’) і дзеяслова зарадзіць (перазарадзіць ― значыць ’зарадзіць зноў, паўторна’).
НЕВЫТВОРНАЕ (НЕМАТЫВАВАНАЕ) СЛОВА ― гэта слова з нематываваным значэннем, якое немагчыма растлумачыць праз іншае аднакаранёвае слова: стол, фае, тут, чытаць, сіні, доўгі. Да невы­творных адносяць таксама нематываваныя словы са словаўтва­ральнымі афіксамі і звязаным коранем тыпу аб-у-ць ― раз-у-ць, рас-прэг-чы ― вы-праг-чы, у-ключ-ы-ць ― вы-ключ-ы-ць, з-не-важ-а-ць ― па-важ-а-ць.
УТВАРАЛЬНАЕ (МАТЫВАВАЛЬНАЕ) СЛОВАтое слова, ад якога непасрэдна ўтворана дадзенае вытворнае слова. Напрыклад, для слоў ілжывы, віхлясты, хваравіты, засушлівы ўтваральнымі з’яўля­юцца адпаведныя словы ілгаць, віхляць, хварэць, засуха.
СЛОВАЎТВАРАЛЬНАЯ (МАТЫВАВАЛЬНАЯ) БАЗАгэта нефармантная частка вытворнага слова, агульная з утваральным словам (з улікам магчымых марфаналагічных відазмяненняў).

Для абазначэння паняцця ”матывавальная база(па-руску ”мотивирующая” ― тэрмін У. У. Лапаціна) у лінгвістычнай літаратуры існуюць таксама тэрміны зыходная база(М. А. Цімафееў), базавая аснова(Н. А. Янка-Трыніцкая), утваральная аснова(Л. М. Шакун, ”Беларуская граматыка” – 85, Г. А. Пастушэнкаў, А. А. Земская, Р. В. Ві­накур), словаўтваральная аснова(В. М. Немчанка), аснова зыход­нага слова(А. П. Фаміна), матывуючая аснова (”Грамматика…” – 70 і ”Русская грамматика” – 80). Мэтазгоднасць ужывання тэрміна маты­вавальная базазамест ”матывавальная (утваральная) аснованайбольш лагічна абгрунтоўвае У. У. Лапацін: ”Пры адных спосабах у якасці такой базы выкарыстоўваецца матывавальнае слова цалкам, пры другіх ад яго бярэцца толькі аснова (у шэрагу выпадкаў марфаналагічна відазмененая). Канешне, [] пры словаўтварэнні мы заўсёды маем справу з матывавальным с л о в а м (або словамі). Аднак у дадзеным выпадку гаворка ідзе пра тое, якая матэрыяльная частка матывавальнага слова выкарыстоўваецца пры словаўтварэнні. Прымяненне ў гэтым сэнсе найбольш распаўсюджанага тэрміна ”матывавальная (утваральная) асновабыло б недакладным.” 1
Словаўтваральнай (або матывавальнай) базай можа быць не толькі поўная аснова ( смел ы асмелі)ца, жы ць жыццё ),
але і ўсечаная аснова ( глыбокі паглыбі(ць), высокі высь ,
пераляцець пералёт); базай можа быць цэлае слова [ вучыць вучыцца; сталовая лыжка (прыметнік) пабудавана новая ста­ловая (назоўнік)]; можа быць спалучэнне некалькіх слоў ці асноў
( слаба развіты слабаразвіты, снег і падаць снегапад, лес і стэп лесастэп); спалучэнне графічных частак, літар, гукаў зыходнага словазлучэння ( С аюз п ісьменнікаў СП, сель скі маг азін сельмаг, Бел арускі а ўтамабільны з авод БелАЗ).
МАТЫВАЦЫЯ. Тэрмін матывацыя ўжываецца ў лінгвістыцы ў двух значэннях: 1) семантычныя і фармальныя а д н о с і н ы паміж матываваным (вытворным) словам і матывавальным (утваральным), абумоўленасць значэння вытворнага слова значэннем другога адна­каранёвага слова (базавага); 2) выяўленне, в ы з н а ч э н н е адносін вытворнасці, ”выводимость” аднаго слова з другога. 1

(Падрабязней пра матывацыю чытаць далей у § 4 раздзела ІІV ).
СЛОВАЎТВАРАЛЬНЫ СРОДАК (ФАРМАНТ ) ― гэта сло­ваўтва­ральныя афіксы і іншыя фармальныя паказчыкі (адзіны асноўны націск, замацаваны парадак кампанентаў, сістэма флексій), з дапамогай якіх утворана слова. Напрыклад: аўтар сааўтар (фармант ― пры­стаўка са-), ніжэй памянёны ніжэйпамянёны (фармант ― адзіны асноўны націск і замацаваны парадак кампанентаў).

У склад фарманта ўваходзяць таксама і марфаналагічныя сродкі (чаргаванне гукаў, інтэрфіксацыя, нарашчэнне асновы, змена націску), але яны толькі суправаджаюць афіксацыю, а самастойнага словаўтваральнага значэння не маюць.


СЛОВАЎТВАРАЛЬНАЕ ЗНАЧЭННЕгэта значэнне, выражанае словаўтваральным сродкам ― фармантам. Гэта ”абагульненае значэнне шэрагу матываваных слоў, якое выяўляецца ў межах словаўтваральнага тыпу і адрознівае ўсе матываваныя словы гэтага тыпу ад іх матыва­вальных.” 2

У адрозненне ад лексічнага значэння, якое з’яўляецца індывіду­альным значэннем асобнага слова, словаўтваральнае значэнне характэрна для шэрагу слоў аднаго словаўтваральнага тыпу. Словаўтва­ральнае значэнне адрозніваецца і ад граматычнага значэння тым, што ахоплівае толькі частку слоў якой-небудзь часціны мовы, а граматычнае характэрна для ўсіх слоў пэўнай часціны мовы ці цэлага разраду яе (граматычнае значэнне прадметнасці ў назоўнікаў, прыметы ў прымет­нікаў, працэсуальнасці, трывання, стану і інш. у дзеясловаў і г. д.).

Напрыклад, адназоўнікавыя дзеясловы з суфіксам -ну- маюць агульнае словаўтваральнае значэнне ўтвараць дзеянне, адпаведнае ўтваральнаму слову ― назоўніку’: праг а прагну(ць), пах пахну(ць), смаг а смагну(ць);

адпрыметнікавыя дзеясловы з такім жа фармантам маюць словаўтваральнае значэнне ’набываць прымету, абазначаную ўтва­раль­ным словам ― прыметнікам’: сух і сохну(ць), сляп ы слепну(ць), горк і горкну(ць);



аддзеяслоўныя дзеясловы з суфіксам -ну- маюць значэнне ’аднакратна (аднаразова) утварыць дзеянне, названае ўтваральным словам’: круціць крутнуць, штурхаць штурхнуць, сыпаць сыпнуць, кідаць кінуць.

Да гэтых дзеясловаў блізкія па словаўтваральным значэнні дзеясловы з суфіксам -ану- і значэннем ’аднакратна і інтэнсіўна, рэзка выканаць дзеянне, абазначанае ўтваральнай базай’. Параўнаем з вышэйназванымі:
круціць крутануць, сыпаць сыпануць, штурхаць штурхануць.
СЛОВАЎТВАРАЛЬНАЕ ГНЯЗДО ― гэта ўпарадкаваная адно­сінамі вытворнасці сукупнасць аднакаранёвых слоў. Усе словы аднаго гнязда маюць не толькі агульнасць фармальную (адзін для ўсіх корань), але і сэнсавую (корань выражае агульнае значэнне ўсіх аднакаранёвых слоў у гняздзе). Пачаткам (зыходным словам) гнязда з’яўляецца невы­творнае (нематываванае) слова. У аснове пабудовы гнёздаў ляжыць прынцып паслядоўнага падпарадкавання адных слоў другім, што выражаецца ў ступенным характары словаўтварэння. Напрыклад:


Зыходнае слова

(нулявая ступень)



1-я

ступень


2-я

ступень


3-я ступень


Матэматыка




матэматык
матэматызацыjа
матэматычны


матэматычка


матэматычна
логіка-матэматычны
фізіка-матэматычны

фізмат


Гэтакі парадак лінейнага размяшчэння вытворных слоў у гнёздах прыняты ў ”Школьном словообразовательном словаре русского языка” А. М. Ціханава. У двухтомным жа ”Словообразовательном словаре рус­ского языка” А. М. Ціханава ступені абазначаны пры дапамозе водступу ўправа памерам на 2 літары:


Навела І (невялікае апавяданне)

навелка

навелета

навелістыка

навеліст

навелістычны

навеліст/ычны

кінанавела (гл. кіно)

1 2

сту- сту-

пень пень


Навела ІІ (дадатак да збору законаў) складае новы ― наступны ― слоўнікавы артыкул пад наступным нумарам.
Заўвагі:

1. Вертыкальнымі лініямі з лічбамі ўнізе ці без іх злучаны словы адной ступені, раздзеленыя словамі наступных ступеняў.



2. Множнасць словаўтваральнай структуры абазначаецца араб­скімі лічбамі справа пасля слоў (гл. двайную матывацыю прыметніка навелістычны і , а рымскімі лічбамі пасля слоў справа абазначаюцца словы-амонімы. Кожнае зыходнае слова-амонім, як і ў тлумачальных слоўніках, падаецца асобным слоўнікавым артыку­лам ― асобным гняздом, напрыклад, навела І і навела ІІ .

У кожнае гняздо ўваходзяць толькі словы, якія маюць жывыя семантычныя сувязі. Калі пад уплывам розных лінгвістычных і экстралінгвістычных фактараў слова страчвае сэнсавую сувязь са словамі свайго гнязда, то такое слова выпадае з гнязда і ўтварае новае (сваё) гняздо. Напрыклад, раней былі аднакаранёвымі, а сёння ў розных гнёздах словы даць і прадаць, стол і сталіца, горад і гарадзіць і многія іншыя.

З другога боку, гнёзды могуць папаўняцца новымі словамі. Межы гнёздаў рухомыя.

У гняздзе на гарызантальнай восі вылучаюцца словаўтваральныя пары, якія складваюцца ў словаўтваральны ланцужок.
СЛОВАЎТВАРАЛЬНАЯ ПАРА ― мінімальная ячэйка словаўтва­ральнай сістэмы. Гэта два кампаненты: утваральнае слова ці словы і вытворнае: сум сумны.

  З двух слоў у словаўтваральнай пары вытворным з’яўляецца б о л ь ш с к л а д а н а е п а ф о р м е, з большай колькасцю марфем (пры гэтым улічваюцца і нулявыя марфемы):
пяшчот а пяшчотны, сук сучча.

Калі ж абодва словы маюць аднолькавую колькасць марфем, то часцей за ўсё вытворным з’яўляецца слова, б о л ь ш с к л а д а н а е п а с е м а н т ы ц ы, значэнне якога выводзіцца са значэння другога слова. Утваральнае слова семантычна больш простае, чым вытворнае. Напры­клад, у словах наступнай пары па 4 марфемы, але вытворным з’яўляецца пераход, таму што яго значэнне выводзіцца са значэння дзеяслова, а не наадварот. Гэта ’месца ці працэс ад дзеяння пераходз іць’:
пера-ходз -і-ць пера-ход--□; гэтак жа: хадз -і-ць хад--а.
  Калі два словы ў пары семантычна блізкія і роўныя па колькасці марфем, то вытворным з’яўляецца слова, якое мае д а д а т к о-в а е м а р ф а л а г і ч н а е з н а ч э н н е, нетыповае для гэтай часціны мовы. Напрыклад, дзеясловы абазначаюць дзеянне (у шырокім сэнсе слова), а аддзеяслоўныя назоўнікі ў наступных парах, акрамя значэння дзеяння, маюць і дадатковае марфалагічнае (назоўнікавае) значэнне прадметнасці. Таму ў прыведзеных і падобных прыкладах назоўнікі ўтвораны ад дзеясловаў, а не наадварот:

страл -я-ць страл-янін, ад-нав -і-ць ад-наўл-енн-е. Тут назоўнікі абазначаюць дзеянне і маюць значэнне прадметнасці.
СЛОВАЎТВАРАЛЬНЫ ЛАНЦУЖОК ― гэта рад аднакаранёвых слоў, звязаных адносінамі п а с л я д о ў н а й в ы т в о р н а с ц і. İншымі словамі, словаўтваральны ланцужок звязвае паслядоўна ўтвораныя аднакаранёвыя словы. Зыходнае слова ланцужка невытворнае, яно з’яўляецца і зыходным словам гнязда. У ланцужку пры паслядоўным утварэнні слоў вызначаюцца с т у п е н і с л о в а ў т в а р э н н я:
віць (нулявая ступень) навіць (1-я ст.) навіваць (2-я ст.) навіваль/шчык (3-я ст.) навіваль/шчыца (4-я ст.).

Большасць слоў у беларускай мове ўтворана на 1-й – 4-й ступенях і вельмі мала ― на 5-й і 6-й, напрыклад:




Канстру(яваць) канструкцыjа (1-я ст.) канструктыўны (2-я ст.)

канструктывізм (3-я ст.) канструктывісц/кі (4-я ст.)


канструктывіст (4-я ст.) канструк­ты­вісцкі (5-я ст.)
Каціць

катаць

пракатаць (’разгладзіць катком’)

пракат

рэйкапракат

рэйкапракатны
рэйкапракатка (’рэйкапракатны цэх)
1 2 3 4 5 6 ― ланцужок складаецца з шасці ступеней.

СЛОВАЎТВАРАЛЬНЫ ТЫП ― гэта сукупнасць слоў з агульнымі словаўтваральнымі характарыстыкамі. Гэта фармальна-семантычная схема (формула) утварэння слоў, якая характарызуецца 1) агульнасцю часціны мовы ўтваральнага і ўтворанага слоў; 2) агульнасцю фарманта; 3) агуль­насцю словаўтваральнага значэння ў фарманта.

Напрыклад, словы свіснуць, крыкнуць, гукнуць належаць да аднаго словаўтваральнага тыпу, таму што

1) усе гэтыя дзеясловы ўтвораны на базе адной часціны мовы ― ад дзеясловаў свістаць, крычаць, гукаць;



2) усе яны маюць агульны словаўтваральны сродак ― суфікс -ну- ;

3) гэтыя словы маюць адно і тое ж трыванне, суфікс -ну- ў іх выражае адно і тое ж словаўтваральнае значэнне ― ’аднакратна ўтварыць дзеянне’.

Яшчэ прыклад. Да аднаго словаўтваральнага тыпу належаць словы маляванне, выхаванне, праграмаванне і падобныя да іх, таму што

  1. усе гэтыя назоўнікі ўтварыліся ад адпаведных дзеясловаў;

  2. утварыліся пры дапамозе аднаго і таго ж фарманта н );

  3. маюць адно і тое ж словаўтваральнае значэнне ― ’апрадмечанае дзеянне’.

Трэці прыклад. Слаўгарадзец, петрыковец, нарачан/ец, ялцін/ец, краснадарац, уралец і падобныя назоўнікі адносяцца да аднаго тыпу, бо ўтвораны ад базавых назоўнікаў пры дапамозе суфікса -ец (-ац) і абазначаюць асоб па месцы іх нараджэння і жыхарства. Словы з гэтым жа словаўтваральным значэннем, але з іншымі фармантамі належаць ужо да іншых словаўтваральных тыпаў, напрыклад:

а) мазырчук, гамяльчук, віцябчук, мінчук, пінчук, градзянчук ;

б) мазыранін, палачанін, віцябчанін, мінчанін, кіяўлянін, валжанін;

в) пскавіч, масквіч, кастраміч, вязьміч, вяціч, аміч, таміч і г. д.

Таксама іншы словаўтваральны тып утвараюць словы з такім жа самым фармантам, але з інакшым значэннем фарманта:

а) нырэц, барэц, касец, жнец (’назвы асоб паводле роду дзейнасці’); словаўтваральная база ў іх таксама іншая ― дзеясловы, а не геагра­фічныя назвы;

б) хітрэц, храбрэц, глушэц, мудрэц, палахлівец, руплівец, зласлівец (назвы асоб па ўнутранай якасціз прыметнікавай базай);

в) абадранец, пасланец, вылучэнец, выгнанец, назначэнец (назвы асоб паводле працэсуальнай прыметы; словаўтваральная базадзеепры­мет­нікі).
Некаторыя лінгвісты замест тэрміна т ы п неапраўдана выкарыс­тоў­ваюць тэрмін МАДЭЛЬ СЛОВАЎТВАРЭННЯ. Гэта нятоесныя паняцці, лічыць гэтыя тэрміны ўзаемазамяняльнымі не варта. Мадэль ― гэта паняцце больш вузкае, чым словаўтваральны тып. Напрыклад, словы рапірыст, шпажыст утвораны па адным тыпе, але па дзвюх марфаналагічных мадэлях, таму што перад суфіксам у першым слове няма чаргавання, а ў другім ёсць. Да аднаго тыпу, але да розных мадэляў адносяцца таксама наступныя словаўтварэнні:

1-я мадэль: барысаўскі, петрыкаўскі, кастрамскі, гомельскі;

2-я мадэль: слаўгарадскі, наўгародскі, белгародскі (з дыфузіяй дс [ц] );

3-я мадэль: вілейскі, ямайскі, іспанскі (з усячэннем асновы база­­вага слова);

4-я мадэль: уздзен/скі, дзіснен/скі, зэльвен/скі, лёзнен/скі, езярышчан/скі (з інтэрфіксам -ен- // -ан- );

5-я мадэль: стаўбцоў/скі, веткаў/скі, арлоў/скі, відзаў/скі, жабін­­каў/скі (з інтэрфіксам -оў- // -аў- );

6-я мадэль: аршан/скі, нарачан/скі, нараўлян/скі, руднян/скі (з інтэр­фіксам -ан- // -ян- );

7-я мадэль: ялцін/скі, кубін/скі, чыцін/скі (з інтэрфіксам -ін- );

8-я мадэль: гродзенскі, дубровенскі, маскоўскі, літоўскі (з унутранай флексіяй ― чаргаваннем галоснага з нулём гука ў корані);




9-я мадэль: віцебскі, лагойскі, пінскі, бранскі ( з накладаннем марфем)
і іншыя мадэлі гэтага тыпу ― адтапонімных прыметнікаў з суфіксам -ск- са значэннем ’адносіны да месца ― да геаграфічных назваў ’.
СЛОВАЎТВАРАЛЬНАЯ ПАРАДЫГМА ― гэта сукупнасць усіх слоў, якія непасрэдна ўтварыліся ад аднаго і таго ж слова.

У словаўтваральным слоўніку А. М. Ціханава парадыгмы размешчаны на адной ступені, за адной вертыкальнай рыскай справа. Напрыклад:

Гандбол

гандбаліст

гандбалістка

гандбольны
Тут 2 парадыгмы: 1) гандбол гандбаліст, гандбольны; 2) ганд­баліст гандбалістка.

Словаўтваральная парадыгма выступае ў гняздзе на вертыкальнай восі ў якасці асноўнай адзінкі.
СПОСАБ СЛОВАЎТВАРЭННЯ ― гэта агульны шлях утварэння слоў. Гэта больш шырокая, чым словаўтваральны тып, адзінка класіфікацыі, якая аб’ядноўвае шэраг тыпаў з адным відам фарманта. Напрыклад, адзін спосаб складаюць словаўтварэнні з любымі суфіксамі, другі спосаб ― з любымі прыстаўкамі і г. д. Спосаб словаўтварэння дае самы агульны адказ на пытанне, як утвораны словы. Спосабы ўтварэння вызначаюцца па фармантах.

СПОСАБЫ СЛОВАЎТВАРЭННЯі

іЎ БЕЛАРУСКАЙ МОВЕі




У сучаснай мовазнаўчай літаратуры няма адзінага пункта погляду на выдзяленне спосабаў словаўтварэння. Па-першае, паняцці тып і спосаб словаўтва­рэння часам змешваюцца. Па-другое, ёсць розныя падыходы да лексіка-сінтаксічнага спосабу (тэрмін В.У. Вінаградава), або зрашчэн­ня.1 У даследаваннях апошніх гадоў па словаўтварэнні зрашчэнне вы­водзіцца за межы сінхранічнага словаўтварэння, разглядаецца толькі ў плане дыяхраніі, бо лексіка-сінтаксічным спосабам утвараюцца словы ў выніку працяглага гістарычнага развіцця. Дарэчы, абодва тэрміны ― ”лексіка-сінтаксічны спосаб” і ”зрашчэнне” ― многімі ўжываюцца як узаемазамяняльныя. İншыя ж вучоныя (напр., А. А. Земская, А. М. Ціха­наў, аўтары Грамматики – 70” і РГ– 80”, ”Беларускай граматыкі) да лексіка-сінтаксічнага спосабу адносяць толькі ўтварэнні тыпу нельга, сёння, датла, у якіх лексічнае значэнне састаўных кампанентаў затушавана, невыразна ўсведамляецца без спецыяльных лінгвістычных ведаў. А да зрашчэння яны адносяць толькі ўтварэнні накшталт супрацьпаставіць, вечназялёны, малазнаёмы, вышэйуказаны; разглядаюць такія ўтварэнні як разнавіднасць лексіка-сінтаксічнага спосабу і адносяць толькі гэту разнавіднасць лексіка-сінтаксічнага спосабу да сінхранічнага словаўтварэння.

Па-трэцяе, зрашчэнне ўключаюць і ў словаскладанне (напрыклад, В. М. Немчан­ка). 2

Складанне прынята адносіць да марфемнага словаўтварэння. Праўда, і тут ёсць іншы падыход. Напрыклад, у дапаможніку ”Сучасная беларуская літаратурная мова. Марфалогія” пад рэд. Ф. М. Янкоўскага ўсе разна­віднасці складання, у тым ліку і складана-суфіксальны спосаб, выводзяцца за межы марфемнага (марфалагічнага) словаўтварэння, з чым наўрад ці можна пагадзіцца.

Падсумоўваючы сказанае, прапануем наступную класіфікацыю спосабаў словаўтварэння.

У с і н х р а н і ч н ы м с л о в а ў т в а р э н н і ў сучаснай беларускай мове вылучаюцца два спосабы з іх разнавіднасцямі ― 1) афіксацыя і 2) складанне.

Заўвага. Каб гэтыя 2 спосабы супрацьпаставіць спосабам дыя­хра­­нічнага словаўтварэння, афіксацыю і складанне аб’ядноўваюць часта ў больш шырокую адзінку класіфікацыі ― м а р ф е м н а е (або м а р ф а л а г і ч н а е) с л о в а ў т в а р э н н е.
У д ы я х р а н і ч н ы м с л о в а ў т в а р э н н і вылучаюцца тры спосабы: 1) марфолага-сінтаксічны; 2) лексіка-семантычны; 3) лек­сіка-сінтаксічны. Марфолага-сінтаксічны спосаб аб’ядноўвае з’явы і сінхранічнага словаўтварэння (субстантывацыя прыметнікаў і дзеепры­метнікаў і ад’ектывацыя дзеепрыметнікаў), і дыяхранічнага (іншыя віды пераходу слоў з адной часціны мовы ў другую).

Спынімся падрабязней на сінхранічным словаўтварэнні.



: doc
doc -> Савет камандзіраў гімназіі
doc -> Праверкі алімпіядных работ па беларускай мове і літаратуры, 8 клас
doc -> Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь Установа адукацыі “Гомельскі дзяржаўны універсітэт
doc -> Прадмова 3 р а з д з е л дааліiмпiійская мiіфалогiія
doc -> Установа адукацыі «Гомельскі дзяржаўны універсітэт імя Францыска Скарыны»
doc -> “Гомельскі дзяржаўны універсітэт імя Францыска Скарыны”
doc -> Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь Установа адукацыі “Гомельскі дзяржаўны універсітэт
doc -> Установа адукацыі “Гомельскі дзяржаўны тэхнічны ўніверсітэт
doc -> Установа адукацыі «Гомельскі дзяржаўны універсітэт імя Францыска Скарыны»
doc -> Гданьск пачынаецца ў наваградку пралог як заўсёды, сонца мела


  1   2   3   4   5


База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка