Яечкавіцкая сярэдняя школа Селенный приговоръ крестьян д. Яечковичъ 1905 г октября 16 дня



Дата канвертавання15.05.2016
Памер171.23 Kb.



Яечкавіцкая сярэдняя школа

Селенный приговоръ крестьян д. Яечковичъ

1905 г. октября 16 дня

Мы, нижеподписавшиеся крестьяне Минской губернии, Пинского уезда, Дубойской волости, д.Яечковичъ, собравшись на селенный сходъ, под предъседательствомъ нашего сельского старосты Авакуума Лагодича въ составъ 18 человекъ отъ 20 дворовъ, составляющихъ нашу деревню Яечковичи, - иміъ суждение объ ассигнованіи денегъ на наемъ сторожа, покупку дровъ и керосина для новооткрываемого народного училища въ нашей деревніъ на 1905-1906 учебный годъ.

Посоветовавшись между собой единогласно приговорили: потребную сумму денегъ, на прописанные расходы тридцать рублей ( 30 руб.) ассигновать изъ своих средствъ, каковые взыскать двадцать рублей съ 20 наделовъ земли иміъющимся въ нашей деревніъ по 1 руб. с каждого, а остальныя 10 руб. должны внести тіъ домохозяйства, диъти которыхъ будут учиться въ школиъ, предположив по 50 коп. отъ каждого учащегося

Предположенные настоящимъ приговоромъ деньги взыскать 10 руб. въ ноябріъ міъсяціъ 1905 г., ровное и плата за учениковъ должна быть внесена къ этому же времени, а остальные 10 руб. взыскать въ мартіъ міъсяціъ 1906 года. Собирать и расходовать деньги по сему приговору уполнлмачиваемъ нашего старосту Авакуума Лагодича и крестьянъ односельцевъ своих Симона Яковлева Сереіъвца, Никиту Коваля и Кондратія Иванова Разумца. О чем записать настоящий нашъ приговоръ, который в копіи представить на благоусмотріъние и утверждение Г.Земскому Начальнику 1 участка Пинского уіъзда.

Крестьяне д.Яечковичи Андрей Трепачка, Яковъ Богдановичъ,

Алексей Свирепа, Кириллъ Бондарчукъ, Мина Коваль, Мартин

Величко, … Свирепа, Адамъ Клепачъ, Григорий Шкроба, Авакуумъ Величко, Мартинъ Гордейчукъ, Филиппъ Величко, Герасимъ Бондарчук, а за нихъ неграмотных по личной просьбіъ и за себя на подлинном расписался Потапъ Самлоховецъ и Никифор Лагодич.

Приговора сельских обществ Пинского уезда об открытии школьных начальных училищ за 1905г.

Ф.458, опись 1, ед.хр. 303, лист 14-15.

Народнае вучылішча.
16 кастрычніка 1905 года сялянамі вёскі Яечкавічы падпісаны Сяленны прыгавор аб адкрыцці народнага вучылішча. З 18 удзельнікаў сходу яго падпісалі толькі два – Патап Самахавец і Нікіфар Лагодзіч. Астатнія былі непісьменныя.

У 1905 годзе было адкрыта народнае вучылішча ў вёсцы Яечкавічы.

З 1905 па 1910 гады ў ім выкладаў Ціхан Аляшкевіч. Памёр маладым ад туберкулёзу. Пахаваны на могілках вёскі Яечкавічы.

З 1905 па 1917 гады ў вучылішчы працавалі настаўнікамі Яўгеній і Таццяна Худзяковы.

Многія жыхары вёскі дзяцей у школу не пускалі, асабліва дзяўчынак.

З успамінаў Свірэпы Параскевы Міхееўны. Маці ў школу не пусціла. Сказала, што настаўніцай усё роўна не будзеш. Вучыся прасці, ткаць ад гэтага хоць якая будзе карысць. Сапраўдным святам была нядзеля. Бацька садзіў дзяцей ( а іх у сям’і было 5)

за стол і пачыналася навучанне грамаце. Так Параскева Міхееўна навучылася чытаць, пісаць, лічыць.

Калі і вучыліся дзеці ў вучылішчы, то бацькі не кантралявалі вучобу дзяцей, застаўлялі дапамагаць па гаспадарцы.

Да ўз’яднання Заходняй Беларусі з Усходняй, у перыяд белапольскай акупацыі настаўнікамі ў вёсцы працавалі Мечыслаў Яленек і Ганкус Каладзейскі.

З успамінаў Тарадайка Барыса Яўціхіевіча.

Нарадзіўся Барыс Яўціхіевіч у 1927 годзе. У 1934 гаду пайшоў у першы клас. Хадзілі ў лапцях, адзенне было палатнянае, якое шыла маці. Сшыткі і падручнікі насілі ў палатняных торбачках. Навучанне вялося толькі на польскай мове. Дома размаўлялі на мясцовым дыялекце. Настаўнікам працаваў Ганкус Каладзейскі. Аднойчы Барыс Яўціхіевіч прынёс у школу кніжку на рускай мове. Настаўнік адразу вызваў бацьку ў школу. Пасля гэтага бацька забараніў трымаць у руках рускія кніжкі.



Моладзь в. Яечкавічы каля будынка школы
З успамінаў Шкробы Надзеі Макараўны.

Памятаю гады вучобы. Навучанне было на польскай мове. Два разы ў тыдзень прыязджаў поп. Заняткі наведвала старанна. Імкнулася да ведаў, хацелася самой чытаць і пісаць. Вучылася 6 гадоў. Марыла вучыцца далей, але мара збылася, толькі пасля вызвалення нашай тэрыторыі ад палякаў, у 1940 годзе. Даведаліся, што ў Пінску адкрываюцца шасцімесячныя настаўніцкія курсы.

Паспяхова здалі экзамены і былі залічаны навучэнцамі. Разам са мной вучыліся аднавяскоўцы: Іван Марчук, Васіль Разумец, Скірыч Кузьма.

У 1940 годзе шасцімесячныя настаўніцкія курсы ў горадзе Пінску закончылі жыхары вёскі Яечкавічы: Шкроба Надзея Макараўна, Скірыч Кузьма Сяргеевіч, Разумец Васіль Іванавіч, Марчук Іван Сцяпанавіч.

Шкроба Надзея Макараўна працавала настаўніцай у в.Пяшкова, Скірыч Кузьма Сяргеевіч быў накіраваны настаўнікам пачатковай школы ў вёску Еўлашы.

У час Вялікай Айчыннай вайны школа не працавала. Будынак школы быў спалены.

Пасляваенны перыяд
Пасля вайны патрэбна было вырашаць праблемы навучання, таму што дзеці не маглі атрымаць адпаведную свайму узросту адукацыю, станавіліся пераросткамі.Вучоба дзяцей не адкладвалася

ні на адзін дзень, таму заняткі пачалі ў хатах, якія адпускалі жыхары вёскі. У вёсцы Яечкавічы працавала пачатковая школа. Размяшчалася яна ў хаце Дубіны Адама Кузьміча. Загадчыцай Яечкавіцкай пачатковай школы працавала Шкроба Надзея Макараўна.

З 1944 года настаўнікамі ў Еўлашэўскай пачатковай школе працавалі Паліўка Мікалай Сцяпанаіч і Сцяфанкіна Аляксандра Цітаўна.

Цяжкасці заключаліся ў тым, што не было падручнікаў, але было самае неабходнае – прага ў большасці дзяцей да ведаў, і яны пачалі іх атрымліваць.

Вучні не толькі вучыліся, але і працавалі на прышкольным участку, дапамагалі дарослым.


Настаўнікі –удзельнікі Вялікай Айчыннай вайны Забела Іван Максімавіч

Нарадзіўся Іван Максімавіч у 1926 годзе ў вёсцы Багрынава Аршанскага раёна. Закончыў сямігадовую школу, але пачалася вайна.

Івану Максімавічу яшчэ не было і 18 гадоў, калі ён са зброяй у руках устаў на абарону Радзімы.

У 1944 годзе быў накіраваны ў 40-ы гвардзейскі стралковы полк. Прымаў удзел у вызваленні заходніх раёнаў Беларусі і ў баях ва Ўсходняй Прусіі. На подступах да Кёнігсберга Іван Максімавіч быў цяжка паранены і накіраваны ў госпіталь. Быў прызнаны інвалідам Вялікай Айчыннай вайны.

У 1945 годзе паступае ў Аршанскае педагагічнае вучылішча.







Студэнты Аршанскага педагагічнага вучылішча, 1947 год.

(2 рад:у цэнтры – Забела Іван Максімавіч)

Пасля заканчэння вучылішча быў накіраваны Жабчыцкім РАНА настаўнікам пачатковых класаў Дзіковіцкай сямігадовай школы.

У 1954 годзе Іван Максімавіч быў пераведзены загадчыкам

Яечкавіцкай пачатковай школы.



Іван Максімавіч з вучнямі 3 класа, 1954 год.


Вучылі не толькі падлеткаў, але і пажылых людзей. Вёска была разбіта па дзесяцідворках і за кожным настаўнікам былі замацаваны жыхары вёскі.

У 1959 годзе Іван Максімавіч быў вызвалены ад пасады загадчыка пачатковай школы ў сувязі з рэарганізацыяй школы ў сямігадовую і назначаны настаўнікам пачатковых класаў.

У 1956 годзе Іван Максімавіч паступіў у Беларускі Дзяржаўны універсітэт, а ў 1961 годзе быў назначаны настаўнікам беларускай мовы і літаратуры Яечкавіцкай васьмігадовай школы.

Марчук Іван Сцяпанавіч

Іван Сцяпанавіч да вайны працаваў настаўнікам пачатковых класаў. Калі пачалася вайна ён адразу пайшоў у партызанскі атрад. З 1943 года партызан атрада імя Сталіна, сувязны.

Іван Сцяпанавіч збіраў звесткі аб руху нямецкай тэхнікі па чыгунцы Брэст- Гомель.





Летам 1943 года схоплены немцамі. Усіх палонных везлі ў Германію. Іван Сцяпанавіч правёў агітацыю сярод палонных.

Ноччу ўдалося ўцячы 33 палонным. Усіх іх Іван Сцяпанавіч прывёў у партызанскі атрад імя Сталіна.

У 1944 годзе разам з другімі партызанамі ўлілісь у рады дзеючай Чырвонай Арміі. Ваяваў на тэрыторыі Польшчы. У бітве пад Варшавай быў паранены і адпраўлены ў госпіталь.


Пасля вайны зноў вярнуўся ў школу. З 1949 па 1960 год працаваў настаўнікам пачатковых класаў Яечкавіцкай школы.





Марчук Іван Сцяпанавіч з вучнямі 3 класа, 1953 год

Еўлашэўская сямігадовая школа


З 1948 года Еўлашэўская пачатковая школа становіцца растучай сямігадовай. Дырэктарам школы назначаецца Савіцкі Канстанцін Савіч.





У цэнтры дырэктар школы Савіцкі Канстанцін Савіч. 1951г.

У 1954 годзе пасля заканчэння Пінскага педвучылішча ў Яечкавіцкую школу была накіравана Парфеявец Тамара Якаўлеўна. Так і засталася яна працаваць у Яечкавічах. Многія яе былыя вучні выбралі шлях сваёй любімай настаўніцы. Гэта: Разумец Дамініка, Самахавец Марыя, Гапановіч Ева, Разумец Вольга, Кузьмінчук Людміла.




Выхавальнік Забела Тамара Якаўлеўна ў групе падоўжанага дня

Васьмігадовая школа ў Яечкавічах

У 1959 гаду быў пабудаваны новы будынак школы. З гэтага часу школа размяшчаецца ў вёсцы Яечкавічы. Дырэктарам школы працаваў Пісарэвіч Яўгеній Васільевіч. Школа становіцца растучай васьмігадовай.



Пісарэвіч Яўгеній Васільевіч з настаўнікамі і вучнямі школы

1960 год



Будынак школы, пабудаваны ў 1959 г.

У 1967 годзе дырэктарам Яечкавіцкай васьмігадовай школы назначаецца Кузьміч Іван Яфрэмавіч, былы выпускнік школы. Цікавым і змястоўным было ў гэты час жыццё школы. У школе дзейнічалі піянерская і камсамольская арганізацыі.





Піянерважатая Гапановіч Вольга Рыгораўна з вучнямі 4 класа




Піянерскі касцёр. 1968 год

З 1970 па 1973 год школай кіравала Івашчанка Еўдакія Аверкіеўна.

Адкрыццё сярэдняй школы
Статус растучай сярэдняй школа атрымала 1 верасня 1973 года, калі ўпершыню ў дзевяты клас было прынята 25 вучняў. Гэта было сапраўднай радасцю для жыхароў вёскі, дзецям не патрэбна было дабірацца ў Юхнавіцкую сярэднюю школу.Дырэктарам школы быў назначаны Філін Генадзь Аляксандравіч.

З першых выпускнікоў дзесяцігодкі педагагічныя інстытуты закончылі Разумец Вольга і Разумец Мікалай, Беларускі інстытут механізацыі сельскай гаспадаркі закончыў Багдановіч Мікалай, Гомельскі кааператыўны інстытут – Кароль Тамара, Пінскае медыцынскае вучылішча – Вайтовіч Уладзімір. Многія выпускнікі атрымалі будаўнічыя спецыяльнасці.

Са студзеня 1975 года да 2006 года дырэктарам школы працаваў Мінюк Сцяпан Андрэевіч.




Адкрыццё новага будынка школы. 1978 год
У 1978 годзе пабудавана сучаснае памяшканне школы на 320 месц. За гэтыя гады матэрыяльная база школы значна ўмацавалася. У школе 10 добра абсталяваных класаў-кабінетаў. Створаны і функцыяніруе школьны гісторыка-краязнаўчы музей. Заснавальнікамі якога былі настаўнікі Саханчук Лізавета Сямёнаўна і Зеленяк Сяргей Васільевіч.

З 1975 года атэстаты аб сярэдняй адукацыі атрымалі 748 выпускнікоў.

Выпускнікі школы працуюць у розных галінах народнай гаспадаркі. Сельскагаспадарчую акадэмію закончылі і працавалі ў калгасе “Зара камунізма”: Буюк Валерый Пятровіч, Савенка Валянціна Іванаўна, Гарахоўскі Ананій Ананьевіч, Лагодзіч Уладзімір Уладзіміравіч, Кузьмінчук Таццяна Мікалаеўна.

Беларускі інстытут механізацыі закончылі: Багдановіч Мікалай Піліпавіч, Марчук Петр Пятровіч, Быцко Вячаслаў Іванавіч.

Інстытут народнай гаспадаркі закончылі: Забелла Жанна Іванаўна, Ляўковіч Іна Іванаўна, Шпак Таццяна Васільеўна.

Ёсць сярод нашых выпускнікоў медыцынскія работнікі. Гэта: Харавец Жанна Пятроўна, Навасельцава Святлана Міхайлаўна, Грынько Марыя Аксенцьеўна, Шчарбук Лідзія Васільеўна, Самахавец Святлана Міхайлаўна, Сіманчук Аляксандр Аляксандравіч, Паліўка Алёна Уладзіміраўна.

Многія выпускнікі школы працуюць настаўнікамі. Гэта: Трапачка Наталля Вікенцьеўна, Мінюк Лада Сцяпанаўна, Гарахоўскі Аляксандр Ананьевіч, Кузьмінчук Людміла Андрэеўна, Мельнік Алена Мікалаеўна, Вайтовіч Іван Іванавіч, Лазейка Ганна Іванаўна, Гарбачук Святлана Мікалаеўна, Шкабара Святлана Віктараўна.

З выпускнікоў 1964-65 навучальнага года Яечкавіцкай васьмігадовай школы Кузьміч Уладзімір Пятровіч працуе выкладчыкам Гродзенскага медыцынскага інстытута; Лагодзіч Леанід Рыгоравіч працуе галоўным урачом Ганцавіцкай раённай бальніцы; Трушко Вольга Пятроўна – настаўніца Яечкавіцкай сярэдняй школы; Самахавец Марыя Аляксандраўна – настаўніца Іванаўскай СШ №3.





Агляд строя і песні

З 90-х гадоў школа працавала па напрамку “Беларусазнаўства”. У школе па гэтым напрамку працавалі гурткі: “ Фальклорны”, “Спадчына”, “Роднае слова”, Літаратурна-драматычны, дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.

Гурткавой работай ахоплена 1/3 навучэнцаў школы. 6 гурткоў працуе ў пачатковых класах.



Калеснік Любоў Мікалаеўна з вучнямі 2-га класа. 1989 год
Каля 20 гадоў працуе на калгасным полі пад кіраўніцтвам настаўнікаў вучнёўская вытворчая брыгада. Праз працу фарміруецца чалавек з чулай душою.

На пачатак 2003-2004 навучальнага года ў школе навучалася 382 вучні, у розных гуртках займаліся 172 вучні, у спартыўных секцыях – 55.

У 2003 годзе была распрацавана праграма “Грамадзянін”, якая дапрацоўвалася на працягу апошніх гадоў.

Грамадзянска-патрыятычнае выхаванне ў 2004-2005 навучальным годзе стала прыярытэтным у сувязі са святкаваннем 60-годдзя перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. У школе прайшлі значымыя агульнашкольныя мерапрыемствы: фестываль ваенна-патрыятычнай песні “Нам дарогі тыя нельга забыць”, паэтычнае свята-конкурс на лепшага чытальніка вершаў пра вайну, агляд строя і песні, а таксама агульнашкольнае свята з удзелам вучняў 5-11 класаў “ Паклонімся вялікім тым гадам”.

Школа на сучасным этапе
У нашай школе створаны ўмовы для свабоднага развіцця школьнікаў, іх здольнасцей, запатрабаванняў. У гэтым плане вялікае значэнне мае свабодная ад вучобы субота, пераход школы на пяцідзённы вучэбны тыдзень. Пяцідзёнка трывала ўвайшла ў наша школьнае жыццё. Вучні 5-9 класаў з ахвотай наведваюць школу ў суботу. Асабліва падабаюцца дзецям спартыўныя мерапрыемствы, гульнявыя праграмы, культмасавыя мерапрыемствы.

У школе існуе грамадскае аб’яднанне Беларуская рэспубліканская піянерская арганізацыя, якая налічвае 88 піянераў, 45 вучняў з’яўляюцца членамі ГА БРСМ. У школе распрацавана свая сістэма і структура самакіравння: савет камандзіраў, савет старшакласнікаў, камітэт членаў БРСМ.

У 2006/2007 навучальным годзе была завершана работа па праграме “Грамадзянін”, якая стартавала з 2003 года, дапрацоўвалася і дапаўнялася ў кожным навучальным годзе.

З 2006 года стартавала ў рэспубліцы акцыя “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся!” Гэта акцыя дазволіла кожнаму дзіцяці больш глыбока зразумець гісторыю, культуру, прыродныя асаблівасці, эканоміку свайго населенага пункта, рэгіёна. У рамках акцыі школа прымала ўдзел у раённых конкурсах: ”Увесь гонар свету ад маці”, раённым конкурсе на лепшы турысцкі маршрут “Мой родны кут”. У рамках акцыі былі праведзены мерапрыемствы: літаратурная гасцёўня “Беларусь – мая песня, мая Беларусь!”, агульнашкольны конкурс малюнкаў “ Мой родны кут”, вечар “Я – грамадзянін Рэспублікі Беларусь”, урокі мужнасці “Бацькаўшчыны слаўныя сыны”.

Былі здзейснены экскурсіі ў Брэсцкую крэпасць - герой, Мінск- Курган Славы-Хатынь, у г.Пінск, у Белавежскую пушчу.
У 2006 годзе тры нашы выпускнікі: Варуха Сяргей Анатольевіч, 1998 года выпуска, назначаны на пасаду дырэктара Яечкавіцкай сярэдняй школы, Гарахоўскі Аляксандр Ананьевіч, 1985 года выпуска, назначаны на пасаду дырэктара Патапавіцкай базавай школы і Ількавец Святлана Мікалаеўна, 1988 года выпуска, назначана на пасаду дырэктара Хамічаўскай базавай школы.

У 2007/2008 навучальным годзе ў школе працавала 34 настаўнікі. Усяго вучняў – 231.


Прыярытэтным напрамкам выхаваўчай работы ў ДзУА “Яечкавіцкая сярэдняя агульнаадукацыйная школа” у 2008/2009 навучальным годзе было грамадзянска-патрыятычнае і ідэйна-маральнае выхаванне вучняў.

2008 год быў Годам здароўя. На працягу года ажыццяўлялася мэтанакіраваная прапаганда здаровага ладу жыцця, праводзілася прафілактычная работа супраць шкодных звычак, праводзіліся акцыі, дні здароўя, якія садзейнічалі папулярызацыі здаровага ладу жыцця. Кожную другую суботу на працягу першага паўгоддзя праводзіліся дні здароўя, у якіх прымала ўдзел максімальная колькасць вучняў. Так, у верасні быў праведзены лёгкаатлетычны крос, у кастрычніку – дзень лёгкай атлетыкі, у лістападзе – гульнявыя спартыўныя мерапрыемствы, у снежні – спаборніцтва школы па баскетболу, у студзені – дзень гімнаста. Школа прымала актыўны ўдзел у раённым лёгкаатлетычным кросе. Вучаніца 7-га класа Леанчук Наталля заняла ІІ-е месца ў гэтым спаборніцтве. На працягу першага паўгоддзя школьнікі прымалі ўдзел у сяброўскіх сустрэчах па футболу (Дастоеўская СШ), па валейболу (з гімназіяй г.Іванава) і іншыя. Рэгулярна працавалі спартыўныя секцыі па валейболу, баскетболу, агульнай фізічнай падрыхтоўкі пад кіраўніцтвам настаўніка фізкультуры, якія наведвалі 50 вучняў школы. Найбольш актыўна наведвалі спартыўныя секцыі вучні 5, 6, 8, 9', 11 класаў.

2009-2010 год быў годам падрыхтоўкі да святкавання Вялікай Перамогі. Гэтай вялікай даце былі прысвечаны наступныя мерапрыемствы: ранішнік у пачатковых класах “На шляху да Перамогі” (Шкабара С.В.), літаратурна-музычная кампазіцыя для вучняў сярэдняга звяна “Праз горыч страт- да Перамогі” (Джыг А.А.), агульнашкольнае мерапрыемства “Няхай пакаленні памятаюць”( Гарахоўская В.І.), вусны часопіс “Калі б камяні маглі гаварыць…” (Кузьміч В.К.). Усе класныя кіраўнікі правялі ў сваіх класах тэматычныя класныя гадзіны. Найбольш змястоўна яны прайшлі ў 9 класе “Салдаты Перамогі” (Гарбачук С.М.), 11*А класе – “Памяць сэрца – не змаўкае” (Галякевіч Т.С.), 8 класе – “Дзеці і вайна” (Кароль Л.А.). Былі праведзены музейныя ўрокі “Яны змагаліся за Радзіму”, урокі Памяці, урокі мужнасці. На высокім узроўні 9 Мая прайшоў агляд строю і песні, прысвечаны Вялікай Перамозе, на якім прызавыя месцы занялі вучні 10А класа (Кракун Т.М.) і 5 класа (Іхакас Н.А.).

У школе існуе грамадзянскае аб’яднанне “БРПА”, якое налічвае 53 член БРПА, што складае 83%. Гэта больш чым у прошлым навучальным годзе (81%). 15 вучняў другога класа былі прыняты ў акцябраты. Піянерская дружына школы працуе па 7 асноўных праграмах. Вялікае значэнне надавалася рабоце з іменем героя А.Матросава, імя якога носіць дружына.

ПА ГА “БРСМ” налічвае 49 вучні, што складае 57% ад сярэдняў колькасці, гэта больш чым у прошлым навучальным годзе (54%). Актыўна працаваў камітэт ПА “БРСМ”, які ўзначальвала сакратар Шурхай Наталля. На працягу года ў школе дзейнічаюць органы вучнёўскага самакіравання: савет камандзіраў і савет старшакласнікаў.


Наш гонар
З залатым медалём школу закончылі:
Мінюк Галіна - 1988/ 1989 гг.

Ляўковіч Іна - 1989/1990 гг.

Шпак Таццяна - 1994/1995 гг.

Сіманчук Алёна - 1994/1995 гг.

Паліенка Наталля- 1998/1999 гг.

Хомушка Андрэй – 2000/2001 гг.



З сярэбраным медалём школу закончылі:
Саханчук Святлана - 1985/1986 гг.

Шукала Сяргей - 1985/1986 гг.

Вайтовіч Валерый - 1986/1987 гг.

Вайтовіч Святлана - 1989/1990 гг.

Багдановіч Тамара - 1991/1992 гг.

Дзеканчук Андрэй - 1991/1992 гг.

Цвікевіч Алёна - 1993/1994 гг.

Валько Аляксандр - 1993/1994 гг.

Варуха Сяргей - 1997/1998 гг.

Пісарчук Людміла - 1998/1999 гг.

Камзюк Ніна - 2000/2001 гг.

Лагодзіч Уладзімір - 2000/2001 гг.





Настаўнікі школы:

Царук Марыя Рыгораўна, Брылёва Валянціна Сямёнаўна,

Забела Тамара Якаўлеўна, Забела Іван Максімавіч,

Мазанік Лілія Яўгенаўна. 1957 год




Члены школьнай вытворчай брыгады на экскурсіі ў горадзе Ленінградзе. Кіраўнік брыгады – Зеленяк Сяргей Васільевіч



Экскурсія ў Брэсцкую крэпасць-герой. Вучні шостага класа з класным кіраўніком Зеленяк Л.І. і старэйшай піянерважатай Барташ А.А. 1983 год



Экскурсія ў Хатынь лепшых вучняў школы.

Настаўнікі Мінюк Т.К., Трапачка Н.У.

1976 год




Фальклорнае свята “Вячоркі” у пачатковых класах.

1991 год


Спартландыя “Дужыя, спрытныя, смелыя”.

Настаўнік фізкультуры – Паліўка Генадзь Уладзіміравіч.

1991 год



У гісторыка-краязнаўчым музеі вучні разам з настаўнікам, ветэранам Вялікай Айчыннай вайны Забела І.М.

1985 год

Ветэраны педагагічнай працы




Кузьміч


Валерыя Рыгораўна


Забела Іван Максімавіч






: attachments -> article
article -> Аб некаторых пытаннях аховы гісторыка-культурнай спадчыны
article -> Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь 15. 06. 2006 №762
article -> Інфармацыйны ліст міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь
article -> У першай чвэрці 2014/2015 навучальнага года ў 3-11 класах навучалася 124 вучні
article -> Прыкладнае каляндарна-тэматычнае планаванне па прадметам «Беларуская мова. Літаратурнае чытанне» 10 класа 1-га аддзялення дапаможнай школы з рускай мовай навучання
article -> Праграма V абласнога фестывлю народнага гумару “Спораўскія жарты-2013” 13 ліпеня 13. 00-14. 00
article -> Графік работы аб’яднанняў па інтарэсах у дуа «Яечкавіцкая сярэдняя школа» Іванаўскага раёна




База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка