Якуб Колас на ростанях кніга першая: у палескай глушы



старонка12/12
Дата канвертавання24.12.2016
Памер2.04 Mb.
1   ...   4   5   6   7   8   9   10   11   12

XXXV

«Гэта мой апошні тут вечар, - казала сама сабе Ядвіся. - І я не ўбачу яго!»

Яна задумалася, прыслухоўваючыся да голасу свае думкі. Няўжо ж і не ўбачыць яго? Ніколі не ўбачыць? І нашто яна зманула яго? Яна ж і тады ўжо ведала аб тым, што заўтра, у панядзелак, паедзе, а яму сказала, што не ведае, калі будзе выязджаць. Ядвіся зірнула на вокны кватэры настаўніка. Там цёмна і страшна, бо пуста. Дом толькі тады жывы, калі ў ім жыве гаспадар, бо гаспадар - душа свайго дома. Як смутна і тужліва пазіраюць гэтыя шкляныя вочы пустой і мёртвай кватэры! І дарэмна гэты малады бліскучы месячык стараецца ажывіць пагаслыя вочы: яны свецяцца, а жыцця няма.

Ёй нават страшна. Яна нізавошта цяпер не падыдзе да іх, як падыходзіла калісь, калі гэтыя вокны жылі і так прыветна пазіралі на іх двор светла-зялёным святлом. О, тады ёй было весела, і яна так ціхенька падыходзіла, як начны матылёк, да гэтых вокан, яшчэ цішэй падымалася на плот перад вокнамі і доўга пазірала туды. Шчаслівая ўсмешка прабягала па яе губках, бо ён нічога не ведае, сядзіць якраз насупраць, схіліўшы галаву над кнігай, і толькі зрэдку правядзе рукою па сваіх цёмных, зусім яшчэ маладых вусіках. Смешны ён, калі падымае свае вочы, такія добрыя і ўдумныя, і пазірае ў акно. І гэтыя вочы напэўна шукаюць яе. Яна ж тут, але яго вочы не бачаць яе. І смешна ёй і радасна. Але ён гэтага не ведае...

«Не! Ён многа не ведае чаго - і ніколі ведаць не будзе!»

І чаму салгала яму? Ну, чаму? А можа, заўтра не ехаць? Ад яе залежыць. Татка ж не гоніць яе. Ён цяпер такі добры з ёю! «Пагуляй ты, кажа, Ядвіська: не гарыць жа там у цябе!» Яе татка добры, але чагось яна баіцца яго. Ёй страшна, калі ён прыйдзе дадому, а вочы яго пазіраюць кудысь далёка-далёка, як бы яны сышлі з яго твару, а гэтыя грозныя, жорсткія вусы, як хмары ў навальніцу, апусцяцца ўніз.

Нашто яна салгала яму? Ёй хочацца пабачыць яго. Эх, каб ёй крылле! От бы ўзнялася цяпер і паляцела да яго, проста каб пабачыць яшчэ раз, вось так, як пазірала на яго тут, калі ён і не ведаў аб тым...

Не, гэта апошні яе вечар тут!

Тонкія, доўгія, цёмныя рыскі-бровы Ядвісі крыху насуваюцца і хмурацца, і твар яе робіцца строгім. Так, гэта апошні тут вечар!

Яна зноў пазірае на вокны. А каб пайсці туды? Сесці за сталом, як сядзеў калісь ён і праводзіў рукою па маладых сваіх цёмных вусіках! Там страшна, бо там пуста. Там цяпер прытаіўся нехта другі, няласкавы і варожы. І, напэўна, яна спаткала б нешта там, каб пайшла цяпер туды. Ну, напэўна, пачула б голас, а можа, смех, пусты і жудасны смех. Яна ўпэўнена ў тым, што пачула б той страшны і таемны смех, і гэта забіла б насмерць радасць і шчасце, што знайшлі месца ў яе сэрцы. Яна зноў пазірае туды.

Як жудасна заліваюцца смехам совы каля каплічкі! Чаго смяюцца яны пустым сваім смехам? Чаго? Ці не з яе? А гэтыя цёмныя вокны! Што ў іх? Чаму яны ўбіліся ёй у вочы? Ёй нават робіцца нейк непрыемна ад гэтага. «А я пайду туды! Вазьму ды пайду!.. Няўжо я пайду?»

Яна ціха падымаецца, азіраецца, ідзе. Кухня не замкнёна. Адчыняе дзверы. Яна ў кухні.

- Ты, бабка, тут? - пытае ціха Ядвіся.

Бабка варочаецца на печы.

- Тут, паненачка!

- А чаму ты, бабка, дзвярэй не замкнула?

- От, паненачка, прылегла дый так не прычыніла. Я ж не сплю.

- Заўтра, бабка, паеду.

- Паедзеце, паненачка? - пытае бабка, устае і садзіцца на печы. - І не пачакаеце, покі паніч вернецца? - пытае яна.

- А хіба ж твой паніч са мной паедзе?

- Ну, як жа, паненачка: ён смуціцца будзе, што вы паехалі і не развіталіся з ім.

- А чаго ён будзе смуціцца? - пытае Ядвіся.

Ёй прыемна чуць ад бабкі, што ён будзе смуціцца.

- Чаму ж не будзе, паненачка? Я ж бачыла, якімі вочкамі пазірае ён на вас.

- Ну, якімі ж? Скажы, бабка!

- Добрымі вочкамі, успагаднымі вочкамі, паненачка, такім позіркам, што ад сэрца ідзе, каб другому сэрцу штось сказаць.

- А што сказаць другому сэрцу?

- Я ўжо забылася, паненачка. Куды ж я? - старая. Забылася, - хітра адказвае бабка.

- А каго ты, бабка, больш любіш: мяне ці паніча?

- Я і вас люблю і паніча люблю... От, паненачка, пабраліся б вы з панічом, далібог! - з жарам і зусім іншым тонам прамовіла бабка, і ў ёй адразу абудзілася жанчына-свацця.

- Мне ж, бабка, толькі шаснаццаты год, мне і замуж няможна яшчэ.

- О, паненачка, шаснаццаты год! Дык не сёння ж і замуж ісці.

- А твой паніч не хоча мяне.

- Ой, паненачка, што вы кажаце! Чаму ж ён ні на кога іншага не хоча глядзець? Чаму ж ён ніколі не пойдзе да панны каморнічанкі? Усе туды ходзяць, а ён не. Мусібыць, каля вас яму мілей.

- Проста гультай твой паніч і болей нічога.

- Не, не гультай ён: ён вас, паненачка, пакахаў.

- А хіба ён табе казаў?

- А што ён будзе казаць мне? Ён вам пра гэта казаў.

- Не, бабка, ніколі не казаў ён гэтага мне.

- Казаў, паненачка, казаў! І яшчэ скажа.

- Нічога ты, бабка, не ведаеш!

- Ведаю, паненачка, ведаю!.. А куды вы, паненачка, ехацімеце?

- Далёка, бабка, у маёнтак, на службу.

- А паніч ведае?

- Нічога не ведае і не будзе ведаць.

- Вы напішаце яму, паненачка?

- Нічога я не буду пісаць яму.

Ядвіся падышла да дзвярэй пакойчыка Лабановіча, адчыніла і ўвайшла. Ціха. Цёмна і пуста.

Ядвіся прыслухалася.

Між сцяною і адстаўшымі ад яе абоямі прашуршэў кусочак пабелу. Чаго ён так доўга каціўся? Гэты шолах здаўся ёй невыпадковым. Але ёй не страшна. Ёй проста чагось шкада. Яна чуе нейкі смутак. Вочы яе прывыклі да цемры. Са змроку выступаюць няясныя абрысы стала. Вось і крэсла. На тым самым месцы, дзе ён звычайна сядзеў.

Ядвіся зноў чутка прыслухоўваецца. Не, гэта ёй проста так нешта здалося. Яна ціхенька адстаўляе крэсла і садзіцца. Садзіцца так, як сядзеў і ён, і праводзіць рукою па сваёй губцы. Гэта вось ён тут сядзіць, а яе тут няма. Яна там, за акном, пазірае на яго. Яна ўся ўздрыгвае і боязна глядзіць у куток: там нешта заварушылася ціха, без шуму. Не, гэта там, на палічках, ляжаць яго кнігі. Яна ўстае, кладзе ў кнігу кавалак паперачкі, азірае цёмныя сцены - яны непрыветныя і маўклівыя. Яны мёртвыя, бо душа выйшла з гэтага дома. Ёй страшна і жудасна - і разам з гэтым прыемна і смутна.

Што думае аб гэтым бабка? Ну, усё роўна: сягоння яе апошні вечар тут.

Ядвіся яшчэ раз азіраецца. Яе забірае нейкі страх. Ёй хочацца заплакаць. Яна ціхенька ўваходзіць зноў у кухню.

- Ну, бабка, дабранач!

- Дабранач, паненачка! - адклікаецца бабка з печы.

Бабка не спіць. Яна проста думае свае старэчыя думкі, сухія, як і сама старасць, простыя, як і ўсё жыццё яе, нецікавыя, як і яе доля. Яна ўстае, накідае зашчапку, глядзіць проста па прывычцы ў акно, пазяхае ды зноў лезе на печ і чагось уздыхае, кладучыся ў цесны, цёмны куток, адведзены ёй жыццём. Але бабка любіць свой гэты куточак. Тут ціха, тут цёмна, і толькі прусакі шалпочуцца ў шчылінах, але бабка не чуе іх, хоць і ведае аб тым, што яны тут жывуць і жывяцца ад яе жыцця. Ну, што ж? Няхай.

Ядвіся зноў на двары. Яна падышла да дзікае грушкі. Пазірае на яе, штось разважаючы. Яна аглядаецца, бярэцца за дрэўца. Але грушка моцна бароніць сябе і коле Ядвісі руку.

«Гэта ж я такая калючая, - думае Ядвіся, - бо я - дзікая!»

Яна зноў падымае руку, асцярожненька бярэ за самы вяршок і ломіць яго. Нашто яна гэта зрабіла? Яна проста хоча сказаць гэтым, што яна злая і нядобрая. Няхай ён ведае гэта.

Яна ідзе на свой двор. Зноў пазірае на гэтыя цёмныя вокны. І месячык адышоўся ад іх, бо яны мёртвыя і іх не ажывіш. Не ажывіш, бо душа выйшла з гэтага дома. Ядвіся глядзіць на іх і не верыць, што была там. Гэта проста ёй прыснілася... Няхай бы ён ужо і не прыязджаў сюды і не даваў бы жыцця гэтым вокнам. А яны ажывуць. Яны зноў ажывуць! Але жыцця яна ўжо не ўбачыць, бо гэта апошні яе вечар тут: яна сама так захацела. Чаму? Яна проста спыніла сваё шчасце і сказала: «Даволі!» Але хто ж вырве з яе сэрца гэта шчасце цяпер? Ніхто. Яна будзе з ім жыць, будзе жыць і з тым, хто сядзеў унь там і праводзіў рукою па сваіх цёмных, маладых вусіках.

Але сэрца ёй кажа: «Я хачу яшчэ болей гэтага шчасця! Я хачу выпіць яго ўсё, усё, да самага дна!» «Не, няхай яно будзе лепш недапітым, бо, можа, на дне яго наліта атрута. Так лепей!» - гаворыць Ядвіся да свайго сэрца, ды яно ніяк не згаджаецца з ёю. Яна хоча думаць аб іншым: аб дарозе, аб тым невядомым, што на гэтай дарозе яе напаткае. А ўдумныя, добрыя вочы пазіраюць на яе, як бы просяць, каб аб іх, толькі аб іх думала яна. І сэрца ёй зноў кажа: «Нашто ты лгала яму?..»

Малады месячык схіліўся над ветракамі. Яго ўжо не цікавіць гэта дзяўчына і гэтыя вокны, якія імкнуўся ён ажывіць. Ён яшчэ не акрэп. Яго цягне край зямлі, няясны і мілы. Ідзе ён туды адпачыць, каб набрацца новых сіл на заўтрашнюю ноч. І ён ажывіць гэтыя вокны.

Нявідная рука поўначы ціха праводзіць граніцы між ноччу і днём, і ў вечнасць адходзіць гэты вечар Ядвісі.

XXXVI

Ціхая ноч ляжала над Палессем.

Аднатонную песню вялі колы вагонаў. Бясконцы рой залатых іскраў выпускаў паравоз, агністаю паласою вызначаючы сабе дарогу. Ціха гулі і судрыгаліся балоты побач чыгункі, дзе бегла машына. Раскаціста і гучна грымелі салаўі: звону іх песень не маглі заглушыць грук і шум вагонных колаў. Месцамі ўзнімаўся белаваты туман і нерухома звісаў над маладымі асокамі і цёмнымі абрысамі разложыстых купчастых лазнякоў. І калі спынялася машына на станцыях і паўстанках і заціхаў шум поезда, з балот даносіліся хвалі незвычайна мяккіх зыкаў крахтання жаб. Нейкі невыразна маркотны і разам з тым прыемны гоман стаяў над балотамі, як бы яны апавядалі гэтай ціхай ночцы і гэтым людзям, што не спалі, адвечную скаргу сваю і смутак свой...

Ізноў шуміць машына, ізноў заліваюцца салаўі.

Вось і станцыя. Дарога скончана. Далей у свет пабяжыць машына.

Лабановіч выйшаў з вагона, крыху пастаяў, падумаў і, не заходзячы на станцыю, пайшоў па палатне дарогі. У галаве яшчэ стаіць шум вагонных колаў, а экзамены, гэтыя новыя ўражанні ўсё блёкнуць і блёкнуць. Пачынае развіднівацца, разам з гэтым абуджаецца Палессе. Далёка ў лесе такуе цецярук, як бы нехта багамольны чытае там малітвы. Яшчэ больш гучна, яшчэ з большым натхненнем правяць салаўі раннія літанні. Як падзяку небу, як дым пахучай смалы, узносяць угару балоты свае туманы, і, здавалася, адпраўляюць набажэнства гэтыя лясы, ахінуўшыся тонкімі тканкамі пары. Усход святлее, ціха грае і пераліваецца гэта ясната, залатая багра - шчаслівы ўсмех дня, - каб дыяментамі разбіцца на свежых маладых лісціках, на чысцюткіх кроплях расы і запаліць іх бляскам найдарожшых каменняў.

Дзесь уперадзе пагруквае, як бы пасмейваецца і перамаўляецца з рэйкамі дрызіна, і гэты вясёлы смех адбіваюць сцены лесу, што стаіць побач чыгункі. Едуць рабочыя, палешукі-хлопцы. Яны вясёлыя, перакідаюцца жартамі і крэпка налягаюць на тоўстыя палкі, падганяючы дрызіну. Збоку дзесь голасна і музычна выводзіць трэлі пастухова труба; балоты падхватваюць голас трубы, нясуць яго далёка па краях лесу і кідаюць невядома дзе. Залаты пажар сонца залівае верхавіны лесу.

Настаўнік падыходзіць да пераезда, паварочвае ўправа ў лес і выходзіць на дарогу, што ідзе на станцыю з яго вёскі. Колькі часу ідзе ён між маладых хвойнікаў, выходзіць на круглую палянку, дзе калісь спаткаўся з паннаю Людмілаю. Адгэтуль ужо блізка вёска. Але раніца такая слаўная, у лесе так добра, што ён садзіцца на пень і слухае, як спяваюць дразды, як дзесь на ўзлессі кукуе зязюлька. Ён думае, чым зоймецца цяпер, калі так многа вольнага часу, колькі пабудзе яшчэ ў школе. Напэўна, яшчэ досыць доўга і, ва ўсякім разе, не будзе спяшацца, пакуль тут яшчэ застаецца і панна Ядвіся. Чым бліжэй ён да яе, тым з большаю сілаю ажываюць у ім пачуцці, тым жывей устае прад ім гэта слаўная дзяўчына. Ён падымаецца, ідзе далей.

Дарога выходзіць з лесу на грэблю. За грэбляю відаць Сяльцо, карчма старога Абрама, капліца, высокія дзікія грушы, а за сялом, нерухома падняўшы крыллі, стаяць два ветракі, захоўваючы ўсё той жа выраз здзіўлення. Ён праходзіць грэблю, мінае карчму і хвілін праз пяць адчыняе дзверы і ўваходзіць у кухню.

Каля печы стаіць з вілкамі ў руках старожка, прыстаўляе гаршчочак.

- Дзень добры, бабка!

- Дзень добры, панічок! - прыветна адказвае бабка. - Хіба ж, панічыку, вы пяхотам прыйшлі?

- Так, бабка, на пары сваіх прыехаў.

- Любіце вы хадзіць, панічыку. Няхай бы таварнага пачакалі ды да раз'езда ехалі б.

Бабка чымся заклапочана і як бы нават засмучана.

- А як жа вам, панічок, там Бог паводзіў? - пытае яна.

- Добра, бабка. Хлопцы выдатна паздавалі экзамены. Можна сказаць - лепш ад усіх школ.

Бабка весялее. Відаць, і ёй прыемна гэта навіна, і яна сапраўды рада ёй. Але зноў чагось засмучаецца і ціха ўздыхае.

- Што ты, бабка, як бы нечага зажурылася?

- Не, нічога, панічыку, - кажа яна.

Лабановіч ідзе ў свой пакойчык, раздзяваецца. Следам за ім туды ўваходзіць і бабка.

- Можа, вам чаю, панічыку, паставіць? - пытае яна.

- Хіба пастаў, - згаджаецца ён.

- Паехала ж, панічыку, наша паненка, - ужо зусім смутна прамовіла бабка.

Лабановіч пачуў, як сціснулася яго сэрца. Колькі моманту пазірае на бабку. Яму робіцца цяжка-цяжка на душы.

- Паехала, панічок, паехала! Учора і паехала. Яшчэ сюды забягала. «Кланяйся, кажа, бабка, свайму панічу!» Паехала, панічок, - у засмучэнні кажа бабка,

- Ну, што ж, - стараючыся быць спакойным, гаворыць Лабановіч. - Можа, ёй там лепш будзе.

- Я ж пайду самавар ставіць.

Бабка выходзіць. Настаўнік застаецца адзін, садзіцца каля стала, сціскае галаву і моцна-моцна задумваецца.

Паехала!..

Ён колькі хвілін думае над гэтым словам. Звычайнае, простае слова. А колькі гора і смутку для яго сэрца ў гэтым слове!

Паехала!.. Нават і не развіталася з ім. А як многа хацеў ён сказаць ёй у гэтыя апошнія дні! Чаму так здарылася?

Ён устае і ідзе ў другі свой пакойчык, глядзіць праз акно на дом, на палісаднічак пана падлоўчага, на ганак, абсаджаны дзікім вінаградам. На гэтым ганачку ён бачыў яе апошні раз. А цяпер ні там, ні ў гэтым доме яе няма. Там цяпер пуста, і ўсюды стала пуста.

Вуліца жыве сваім звычайным жыццём. Дзве кабеціны-паляшучкі, убраныя па-святочнаму, аб чымся гутараць, спаткаўшыся на сярэдзіне вуліцы. На прызбе каля старасты сядзяць мужчыны з люлькамі, па вуліцы перабягаюць свінні і пужаюць вясёлыя гурткі верабейчыкаў. Усё гэта так нецікава, усё гэта так далёка ад яго і так чужое яму.

Ён чуе страшэнную адзіноту. Штось перахватвае яму горла. Цяжка, невыказна цяжка.

Ён падыходзіць да стала, бярэ паперу, чарніла, садзіцца, нахіляецца над лістком паперы і думае. Трэба напісаць ёй, трэба выліць з сэрца ўвесь гэты жаль. Ён думае, як звярнуцца, як назваць яе, але не знаходзіць адпаведнага слова і піша:

«Вас ужо няма тут. Вы паехалі, разам з сабою забралі ўсё, што звязвала мяне з гэтым месцам, з гэтым кутком Палесся. Цяпер ён не жыве для мяне, бо ўсё тое, што прыдавала яму прыгоства і нейкую чароўнасць, забралі вы. Я тут адзін, усё тут стала няміла для мяне, як бы тое, што раней гарнула і вабіла мяне, памерла і знікла. І толькі цяпер я адчуў сваю вялікую страту. Мне так хацелася пабачыць вас, пачуць ваш голас, ваш смех, глыбока зазірнуць у вашу душу і даведацца, якое гора ляжала ў ёй. Цяпер жа, пішучы вам, я толькі хачу прынесці вам падзяку за тое, што вы аздобілі маё жыццё тут, што вы былі тою яснаю, чыстаю зоркаю, якая свяціла мне ў гэтай цемры жыцця, радавала мяне і ўхіляла ад рознага бруду, і калі ў мяне захавалася жывая іскра, то толькі дзякуючы вам...»

Настаўнік перачытаў напісанае і падумаў: «Усё гэта выходзіць не так, як бы хацелася». Ён задумаўся. «А куды пасылаць?» - спытаў ён сябе самога і не мог даць адказу.

Бабка прынесла самавар.

- Гатоў, панічыку, чай: выпіце ды спачывайце сабе, бо вы ж з дарогі.

- Добра, бабка, я зараз буду піць.

Ён выйшаў на двор.

Бабка, пазіраючы на яго, паківала галавою. «Па паненцы нудзіцца», - зазначыла яна сабе.

Зірнуўшы на маладую грушку, Лабановіч заўважыў, што вяршок яе быў зломан і гаротна нахілен да зямлі.

- Гэта яна зламала, - прамовіў сам сабе настаўнік, - нашто яна зрабіла так? Няўжо яна хоча, каб я выкінуў яе з сэрца?

Яшчэ большы жаль ахапіў яго. Ён хацеў зрэзаць адломаны вяршок.

- Э, усё роўна! - сказаў ён і адышоўся.

Спаць у гэты дзень ён не лажыўся. Ён пачаў перабіраць кнігі, складваць паперы, прыводзіць іх у парадак. У адной кнізе знайшоў невялічкі лісцік паперы, напісаны рукою Ядвісі. Яна пісала:

«Бывайце здаровы. Я сумыслу пастаралася, каб вы мяне тут не засталі, хоць мне і хацелася яшчэ хоць раз, апошні раз, пабачыцца з вамі. Але я падумала сабе: усё роўна, ехаць мне трэба, ехаць жа тады, калі вы былі б тут, мне было б яшчэ цяжэй... Панна Людміла чакае вас - зайдзіце да яе».

І больш нічога не напісала.

Лабановіч доўга пазіраў на гэту паперку. Нават не напісала, куды едзе, і сама не падпісалася...

І чаму ўсё гэта так скончылася? Чаму?.. І няўжо гэта канец?

Ён яшчэ доўга сядзеў і разважаў. На вочы набягалі слёзы.

Ён згарнуў запісачку разам са сваёю і палажыў у кішэню.

Пад вечар прыйшоў стараста прыняць школу. Лабановіч тлумачыў яму, дзе якія дакументы і што ён здае. Стараста нічога не цяміў, але выгляд меў такі, як бы для яго ўсе гэтыя справы былі добра знаёмы.

Назаўтра напісаў Лабановіч прашэнне аб перамяшчэнні і стаў збірацца ў дарогу. Бабка часта ўваходзіла ў пакойчык і, як родная матка, падбірала за ім розныя рэчы.

- Разлятаюцца мае галубкі, - тужліва прамовіла бабка, - не вернецеся вы, панічыку, сюды! - І яна ў вялікім засмучэнні падперла рукою шчаку.

Вечарам, праводзячы настаўніка, бабка заплакала.

Садзячыся на фурманку з двума чамаданчыкамі, настаўнік сказаў у сваіх думках:

«Адзін раздзел кнігі прачытан і загортваецца!.. Ну, што ж? Гайда далей!»



Менск, 1921-1922
1   ...   4   5   6   7   8   9   10   11   12


База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка